Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Тэма 10. Методыка навучання пунктуацыі

Пунктуацыя ў школьным курсе беларускай мовы вывучаецца ў асноўным ва ўзаемасувязі з сінтаксісам і на яго аснове. Але паколькі пунктуацыя вывучаецца на розных этапах навучання ў школе, складае частку графікі, выконвае сваю адметную ролю, мае сваю гісторыю, то яна патрабуе і сваёй методыкі. Усё гэта разам абумовіла выдзяленне методыкі навучання пунктуацыі ў асобны раздзел падручніка.

Тэрмін пунктуацыя паходзіць ад лац. punctum – укол (параўн. аднакаранёвы яму медыцынскі тэрмін пункцыя – пракол для таго, каб узяць пробу крыві), а слова punctum ужываецца для абазначэння кропкі ў сучаснай нямецкай мове – Punct, французскай – point (чытаецца пуэн) (Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. – Мінск.: Вышэйшая школа, 1966. – С. 6).

З гісторыі пунктуацыі. Пачатак пунктуацыі адзначаецца значна пазней вынаходства пісьма, паколькі спачатку пісьмо было беспрабельным, г. зн. словы не аддзяляліся адно ад другога. Старажытныя грэкі, а потым рымляне былі пачынальнікамі ў стварэнні пунктуацыі. І першым знакам прыпынку стала кропка, якую грэкі называлі стыгмай (stigma – “метка ад уколу”), рымляне – пунктам, славяне – точкай (ад дзеяслова ткнуць). У грэка-рымлянскай пунктуацыі больш ці менш паслядоўна ўжываліся толькі тры знакі: кропка, коска і пытальнік (апошні меў форму сучаснай кропкі з коскай). Аднак, як адзначае Г.Н. Клюсаў, “асновы антычнай пунктуацыі застаюцца неакрэсленымі” (Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі. – Гродна: ГрДУ, 1993. – С. 7).

Развіццё пунктуацыі найбольш выразна акрэсліваецца з вынаходствам кнігадрукавання ў пачатку ХV стагоддзя, калі тэксты ў кнігах афармляліся з прабельным размяшчэннем слоў, пунктуацыйным расчляненнем сказаў, выдзяленнем абзацаў, раздзелаў. Найбольшыя заслугі ў гэтай справе належаць выдатным італьянскім вучоным-гуманістам і выдаўцам Альду Мануцыю, яго сыну Паўлу і ўнуку Альду Малодшаму (выдавецтва Мануцыяў існавала з 1494 па 1597 год). Менавіта пунктуацыя, устаноўленая Мануцыямі, лічыцца першакрыніцай пунктуацыйных сістэм у розных еўрапейскіх мовах нашага часу.

Развіццё знакаў прыпынку ішло паступова. Яшчэ павольней вызначаліся правілы. Да ліку першых спробаў апісання функцый знакаў прыпынку адносіцца раздзел “О точкахъ” у “Граматыцы славенскай” (1596 г.) Лаўрэнція Зізанія (точкамі называліся ўсе пунктуацыйныя знакі, а іх было шэсць: запятая; срока – кропка, якая ставілася не ўнізе, а пасярэдзіне радка; двосрочіе; подстолія – аналаг сучаснага пытальніка; съединителная – аналаг працяжніка і ўласна точка), аднак правіл у нашым разуменні не было да ХХ ст. І нават у 20 – 30-я гады ХХ ст. уласна правілаў беларускай пунктуацыі не было, але не таму што “пастаноўка знакаў прыпынку, відаць, не лічылася прынцыповай” (Гапоненка Ірына. Беларуская пунктуацыя // Роднае слова. – 2004. – № 3. – С. 72), і не таму што яны “шырока не абмяркоўваліся навуковай і культурнай грамадскасцю, нягледзячы на актыўную тагачасную дзейнасць па нармалізацыі беларускай мовы”, а таму што развіццё пунктуацыі цесна звязана з развіццём навукі аб мове і ў прыватнасці беларускага сінтаксісу. Беларуская пунктуацыя развівалася паводле ўзораў рускай пунктуацыі. Кадыфікацыя пунктуацыйных правіл адбылася толькі ў 50-я гг. ХХ ст. Яны былі сфармуляваны і замацаваны ў “Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1959 г.), якія да апошняга часу з’яўляюцца асноўным нарматыўным дакументам.

У нацыянальных еўрапейскіх мовах вызначыліся два напрамкі ў далейшым развіцці пунктуацыі: 1) у раманскіх мовах (французскай, італьянскай, іспанскай і да іх прымыкае англійская) арыентацыя знакаў прыпынку была скіравана на інтанацыйныя і сэнсава-стылістычныя асаблівасці сказа, а граматычная роля знакаў прыпынку тут не з’яўляецца істотнай; 2) у нямецкай мове роля знакаў прыпынку ў пераважнай большасці абумоўлена граматычнай структурай сказа, а інтанацыйныя і сэнсава-стылістычныя асаблівасці лічацца другараднымі (Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі. – Гродна: ГрДУ, 1993. – С. 9).

Да другога напрамку далучаюцца беларуская, руская і ўкраінская мовы, а польская і чэшская пунктуацыі ў пэўнай ступені характарызуюцца рысамі другога і спалучаюць рысы першага, французскага, напрамку. Кожная мова тым не менш вызначаецца сваімі адметнасцямі. Напрыклад, у англійскай мове ўжываюцца тры віды працяжніка, у іспанскай мове пытальнік і клічнік у сказе ставіцца двойчы: перавернуты ўжываецца перад сказам, сігналізуючы аб патрэбнай інтанацыі, і звычайны – у канцы сказа.

Адрозніваюцца і назвы знакаў прыпынку. Беларускія назвы знакаў прыпынку фарміраваліся пад уздзеяннем пунктуацыйнай тэрміналогіі рускай, польскай і ўкраінскай моў. Карусь Каганец у кнізе “Беларускі лемэнтар, або першая навука чытання” (1906 г.) даў першыя назвы знакам прыпынку: кропка, закавыка, кропка з закавыкай, двукропе, працяжка, пытаннік, клічнік, недаказ, чужаслоў. У “Беларускай граматыцы для школ” (1918 г.) Б.А. Тарашкевіча знакі ўжо называліся так: пункт, коска, пункт з коскай, два пункты, працяжнік, пытальнік, клічнік, недаказ (або мнагакроп’е), дужкі, чужаслоў (або двукоссе). У перакладных слоўніках і школьнай граматыцы 20-х гг. (М. Гарэцкі, М. Байкоў, С. Некрашэвіч, Я. Лёсік) ужываецца настойліва тэрмін кропка, але яшчэ не знікае недаказ і чужаслоў. І толькі ў “Руска-беларускім слоўніку” АН БССР (1937 г.) канчаткова замацаваліся сучасныя назвы знакаў прыпынку: кропка, коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, пытальнік, клічнік, шматкроп’е, дужкі, двукоссе.

Тыпы знакаў прыпынку. Дзесяць знакаў прыпынку – кропка, коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, пытальнік, клічнік, шматкроп’е, дужкі, двукоссе – характарызуюцца “з розных пунктаў погляду” (Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі. – Гродна: ГрДУ, 1993. – С. 14), што і дазваляе выдзеліць розныя іх тыпы.

1. Паводле знешніх графічных прыкмет знакі прыпынку Г.Н. Клюсаў падзяляе на: 1) к р о п к а в ы я знакі (кропка, коска, двукроп’е, кропка з коскай), л і н е й н ы я (працяжнік) і п у н к ц і р н а–л і н е й н ы я (шматкроп’е), ф і г у р н ы я (пытальнік, клічнік, дужкі, двукоссе); 2) а д н а э л е м е н т н ы я (кропка, коска, працяжнік), д в у х э л е м е н т н ы я (пытальнік, клічнік, двукроп’е, кропка з коскай як адзін знак і коска з працяжнікам як адзін знак) і т р о х э л е м е н т н ы я (шматкроп’е); 3) н я п а р н ы я (кропка, пытальнік, клічнік, кропка з коскай і двукроп’е, а коска і працяжнік могуць быць няпарнымі і парнымі) і п а р н ы я, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на дзве разнавіднасці: сіметрычна-парныя, парныя па сваё прыродзе (дужкі і двукоссе) і дублетна-парныя (дзве коскі, два працяжнікі, дзве коскі з працяжнікам) (Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. – Мн.: Вышэйшая школа, 1966. – С. 14 – 15).

2. Паводле ролі, функцыі, якія выконваюць знакі прыпынку, яны падзяляюцца на дзве групы: 1) раздзяляльныя і 2) выдзяляльныя.

Р а з д з я л я л ь н ы я знакі – гэта кропка, якая абазначае канец самастойнага закончанага сказа; пытальнік і клічнік, якія ўжываюцца на мяжы сказаў; шматкроп’е, калі яно азначае незакончанасць папярэдняга сказа, раптоўны пераход да новай думкі.

Кропка, пытальнік, клічнік, шматкроп’е як раздзяляльныя знакі ўжываюцца на мяжы сказаў як абазначэнне канца самастойнага, закончанага сказа. Не з’яўляецца раздзяляльным знакам кропка, калі яна ўжываецца пры скарачэнні слоў тыпу П. Панчанка, Ф.М. Янкоўскі, г. Гомель, ст. Наваельня, г. зн. – гэта значыць, і г. д. – і гэтак далей і інш.

Коска, кропка з коскай, двукроп’е і працяжнік як раздзяляльныя знакі ўжываюцца ў межах сказа: коска раздзяляе аднародныя члены сказа, часткі складаных сказаў, паўторы слоў і выразаў; кропка з коскай раздзяляе больш складаныя па граматычнай будове або адносна больш самастойныя па значэнні часткі сказа (часткі складанага сказа, аднародныя члены сказа); двукроп’е раздзяляе абагульняльнае слова і пералічэнне аднародных членаў, часткі бяззлучнікавага складанага сказа, аўтарскія словы і простую мову; працяжнік раздзяляе дзейнік і выказнік, калі прапушчаны дзеяслоў-звязка, і часткі бяззлучнікавага складанага сказа.

В ы д з я л я л ь н ы я знакі прыпынку – дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі – выдзяляюць “з агульнай будовы сказа якую-небудзь спецыфічную частку яго з дадатковым, паясняльным ці ўдакладняльным, значэннем, больш ці менш “аўтаномную” па свайму зместу і г. д.” (Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. – Мн.: Вышэйшая школа, 1966. – С. 10).

Дужкі і двукоссе як выдзяляльныя знакі прыпынку заўсёды парныя: дужкі (часцей за ўсё круглыя (), радзей квадратныя [ ] і вуглавыя < >) служаць для выдзялення пабочных выразаў і сказаў, устаўных слоў і сказаў, спасылак на крыніцы пры цытаванні і інш.; двукоссе афармляе чужое маўленне, перададзенае без змен, і мае дзве формы – лапкі (“ ”) і елачкі («»). Двукоссе не з’яўляецца пунктуацыйным знакам пры ўжыванні для абазначэння іранічнага або непрамога сэнсу слова.

Коскі і працяжнікі як выдзяляльныя знакі прыпынку могуць быць парнымі, калі выдзеленыя часткі сказа (адасобленыя члены сказа, звароткі, прыдаткі, выклічнікі) знаходзяцца ўнутры сказа, і адзіночнымі, калі выдзеленыя часткі знаходзяцца ў пачатку ці ў канцы сказа, у выніку чаго адзін з парных знакаў “паглынаецца” пэўным знакам канца сказа. Параўн.: Грай, мая жалейка, Пей, як салавейка! (Янка Купала), дзе зваротак выдзелены парнымі коскамі, а параўнальны зварот – адзіночнай коскай, паколькі другая “з’едзена” клічнікам.

3. Па суаднесенасці са структурай, сэнсам ці інтанацыяй знакі прыпынку, паводле тэрміналогіі Н.С. Валгінай, падзяляюцца на “граматычныя”, “сэнсавыя” і “інтанацыйныя” (Валгина Н.С. Русская пунктуация: Принципы и назначение: Пособие для учителей. – М.: Просвещение, 1979. – С. 15 – 28].

“Г р а м а т ы ч н ы я” знакі прыпынку абумоўлены найперш будовай сказа, яго сінтаксісам. Яны з'яўляюцца абавязковымі і не могуць быць аўтарскімі. Да “граматычных” можна аднесці кропку ў канцы сказа; знакі прыпынку на стыку частак складанага сказа; знакі для выдзялення разнастайных канструкцый у складзе простага сказа, якія не з’яўляюцца яго членамі; знакі прыпынку пры аднародных членах сказа; знакі, якія выдзяляюць прыдаткі, азначэнні, выражаныя дзеепрыметным зваротам, і азначэнні, выражаныя прыметнікам з залежнымі словамі, якія стаяць пасля азначальнага слова ці адарваны ад яго іншымі членамі сказа.

“С э н с а в ы я” знакі выдзяляюцца тады, калі сэнсавае чляненне маўлення падпарадкоўвае сабе структурнае, калі канкрэтны сэнс дыктуе і адзіна магчымую структуру. Напрыклад: Два-тры дразды на цэлы лес – /Пераклікаюцца, нібыта /На анямелым полі бітвы /З байцом паранены баец. (Н. Гілевіч). Ужыванне працяжніка мяняе сінтаксіс сказа: дзве часткі, два выказнікі – на цэлы лес і пераклікаюцца, а дзейнік у другой не паўтараецца. Такія знакі прыпынку памагаюць таму, хто піша, выразіць тонкія сэнсавыя выдзяленні, завастрыць увагу чытача на важным, паказаць значнасць і выразнасць.

“І н т а н а ц ы й н ы я” знакі – гэта знакі, якія выражаюць інтанацыю. Да такіх можна аднесці кропку на мяжы значнага паніжэння голасу і працяглай паўзы, клічнік і пытальнік, інтанацыйны працяжнік, у многіх выпадках шматкроп’е і інш.

Інтанацыя пры расстаноўцы знакаў прыпынку, зразумела, улічваецца, але сама яна выступае як нешта залежнае, а не асноўнае. Калі ж інтанацыя выступае як эмацыянальны бок маўлення, то пісьмовае яе афармленне адбываецца з дапамогай аўтарскіх знакаў. Так, для паэзіі Н. Гілевіча характэрным эмацыянальным знакам з’яўляецца працяжнік, напрыклад: Толькі зоркі – як вочкі Купаліны. Не складайце ж рук – сабе назло. Самае вялікае – наперадзе.

Калі класіфікацыя знакаў прыпынку паводле фармальна-графічных прыкмет і нават паводле ролі і функцыі не адыгрывае істотнай ролі для методыкі выкладання, то апошняя – паводле суаднесенасці са структурай, сэнсам ці інтанацыяй – надзвычай важная, паколькі на яе аснове грунтуецца адно важнае палажэнне: сучасная беларуская пунктуацыя заснавана на трох прынцыпах – граматычным, сэнсавым і інтанацыйным, што складае спецыфіку методыкі навучання пунктуацыі ў школе.

Падзел знакаў на граматычныя, сэнсавыя і інтанацыйныя важны для размежавання знакаў прыпынку ў сказе і тэксце. У асобных сказах знакі прыпынку абавязковыя і дыктуюцца граматычнай будовай, маюць пад сабой граматычны грунт. А знакі, якія вымагаюцца адценнямі значэнняў і інтанацыяй, можна прызнаць факультатыўнымі. Калі ж аналізаваць знакі прыпынку ў тэксце, то праблема факультатыўнасці, як правіла, не ўзнікае, так як сэнсавыя адценні і інтанацыйныя асаблівасці сказаў у тэксце ўзаемаабумоўлены і дастаткова выразныя. Н.С. Валгіна піша: “Відавочна, што “граматычныя” знакі прыпынку ў ізаляваным сказе і ў сказе, уключаным у тэкст, супадаюць. Што ж датычыць знакаў, якія фіксуюць сэнсавыя адценні і інтанацыйныя нюансы, то тут усё поўнасцю залежыць ад кантэксту і канкрэтнага аўтарскага задання” (Валгина Н.С. Русская пунктуация: Принципы и назначение: Пособие для учителей. – М.: Просвещение, 1979. – С. 75).

Роля і месца пунктуацыі ў школьным курсе беларускай мовы. Знакі прыпынку з’яўляюцца часткай графічнай сістэмы мовы. У.І. Даль лічыў знакі прыпынку такімі ж паўнацэннымі моўнымі знакамі, як і літары, у сувязі з чым узгадаем факт з перапіскі французскага пісьменніка Віктора Гюго, які, закончыўшы раман “Адрынутыя”, паслаў выдаўцу рукапіс і пісьмо з аднаго знака: “?“. Выдавец праз некаторы час даў адказ таксама адным знакам: “!“. Такая перапіска сведчыць пра гумар, але і перадае многа думак і пачуццяў.

Знакі прыпынку маюць сваё значэнне, а пісьмо з іх дапамогай можа выразіць пэўны сэнс, выказаць адносіны да таго, пра што ці каго і каму вы пішаце, дазволіць чытачу правільна зразумець, адпаведна інтанацыйна і сэнсава ўспрыняць.

Пунктуацыя служыць для абазначэння такога раздзялення пісьмовай формы маўлення, якое не можа быць перададзена ні марфалагічнымі, ні сінтаксічнымі сродкамі мовы. Знакі прыпынку ўказваюць на сэнсавае, структурнае і інтанацыйнае раздзяленне і ўспрыманне маўлення. К. Паўстоўскі пра знакі прыпынку пісаў: “Яны цвёрда трымаюць тэкст і не даюць яму рассыпацца”.

Пісьмовае маўленне без знакаў прыпынку не дае магчымасці правільна зразумець напісанае (узгадаем знакамітае “Пакараць нельга памілаваць”), а няправільна, няпоўна, недакладна пастаўленыя знакі прыпынку зацямняюць сэнс напісанага, абцяжарваюць яго ўспрыманне.

Не менш важная роля знакаў прыпынку для выразнага чытання як эфектыўнага сродку эстэтычнай ацэнкі і ўспрымання мастацкага твора на слых, для перадачы ідэйна-сэнсавай сутнасці твора ў вусным маўленні. Чытанне тэкстаў без уліку знакаў прыпынку змяняе сэнс тэксту, прыводзіць да паспешлівасці, “глытання” канчаткаў слоў ці, наадварот, расцягвання, “экання” і інш. Гэта дазволіла А.А. Калядзе вызначыць “гукавое выражэнне знакаў прыпынку” (Каляда А.А. Гукавое выражэнне знакаў прыпынку // Каляда А.А. Выразнае чытанне: ІV – VІІ кл. – Мн.: Народная асвета, 1982. – С. 28 – 42).

У выніку можна адзначыць не толькі практычную ролю пунктуацыі, але і сацыяльную яе значымасць.

Пунктуацыя вывучаецца ў школе ў некалькі этапаў:

п а ч а т к о в ы (1 – 4 класа), калі вучні знаёмяцца са знакамі прыпынку ў канцы сказа і коскай пры аднародных членах сказа;

п р а п е д э ў т ы ч н ы (5 клас), калі замацоўваюцца набытыя веды ў пачатковых класах і адбываецца пачатковае знаёмства з коскай паміж часткамі складанага сказа, знакамі прыпынку ў сказах са звароткам, з простай мовай;

с п а д а р о ж н ы (5 – 10 класы), які ў сваю чаргу можна падзяліць на 1) пасіўны, калі вывучэнне ўсіх раздзелаў курса немагчыма ўявіць без працы над знакамі прыпынку, і 2) актыўны, калі спачатку ў 7 класе (пры вывучэнні дзеепрыметніка і дзеепрыслоўя спецыяльна засяроджваецца ўвага на знаках прыпынку ў сказах з дзеепрыметнымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі і даецца пачатковае паняцце пра адасабленне), а затым у 9 і 10 класах вывучаецца сінтаксіс і асноўныя правілы расстаноўкі знакаў прыпынку, абумоўленыя будовай сказа;

з а к л ю ч н ы (11 – 12 класы), калі абагульняюцца і сістэматызуюцца веды пра найбольш значныя правілы пунктуацыі, устанаўліваецца прызначэнне знакаў прыпынку, вызначаецца іх роля для інтанацыйнага афармлення маўлення, для культуры маўлення ўвогуле.

Лінгвадыдактычныя асновы навучання пунктуацыі. Лінгвістычнай асновай пунктуацыі з’яўляюцца тры найважнейшыя прынцыпы – граматычны, сэнсавы, інтанацыйны, якія не супрацьпастаўляюцца, а ўказваюць на розныя бакі адной і той жа граматычнай з’явы, бо “толькі ў сваёй сукупнасці яны з’яўляюцца той асновай, на якой грунтуецца сучасная пунктуацыя” (Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. – Мн.: Народная асвета, 1982. – С. 8).

Дыдактычную аснову навучання пунктуацыі складаюць прынцыпы (агульнадыдактычныя, агульнаметадычныя і прыватнаметадычныя, ці спецыфічныя), метады і прыёмы.

З агульнадыдактычныхпрынцыпаў найбольшай увагі заслугоўваюць прынцыпы пераемнасці і паслядоўнасці, што звязана з шматэтапнасцю вывучэння пунктуацыі ў школе. Так, знакі прыпынку ў канцы сказа вучні пачынаюць вывучаць у пачатковых класах (адзін сказ ад другога аддзяляецца кропкай; падзел на апавядальныя, пытальныя і клічныя сказы патрабуе ведання правілаў расстаноўкі кропкі, пытальніка і клічніка), прадаўжаюць на прапедэўтычным этапе (з класіфікацыяй сказаў па мэце выказвання і эмацыянальнай афарбоўцы ўдакладняюцца правілы ўжывання знакаў прыпынку), паглыбляюць пры спадарожным вывучэнні ва ўзаемасувязі з сінтаксісам, калі вывучаюцца простыя і складаныя сказы і іх тыпы.

Варта заўважыць, што пры вывучэнні пунктуацыі такім чынам адсутнічае сістэма, на кожным этапе тэма нярэдка прад’яўляецца вучням як новая замест лагічнага пашырэння ведаў і выпрацоўкі навыкаў. Гэта не спрыяе актывізацыі ўвагі вучняў, не выклікае іх цікавасці, а як вынік – нізкі ўзровень пунктуацыйнай пісьменнасці. Вось чаму прынцып пераемнасці павінен стаць адным з галоўных у вызначэнні дзейнасці настаўніка. Напрыклад, пры вывучэнні простага сказа варта ўвесці звесткі аб ужыванні ў канцы сказа шматкроп’я, а пры вывучэнні структуры і тыпаў простага сказаў большай увагі патрабуе праца над інтанацыйным афармленнем сказаў у межах тэксту.

Паэтапная праца павінна ствараць умовы для выпрацоўкі ўстойлівых пунктуацыйных навыкаў, а кожны папярэдні этап павінен служыць асновай для новага. Пры такой арганізацыі навучання належнае месца зойме агульнадыдактычны прынцып паступовага нарастання цяжкасці.

Агульнаметадычныя прынцыпы пры навучанні пунктуацыі выяўляюцца праз сувязі пунктуацыі з сінтаксісам, з развіццём маўлення і мыслення, з выпрацоўкай навыкаў выразнага чытання.

П р ы н ц ы п с у в я з і п у н к т у а ц ы і з с і н т а к с і с а м абумоўлены прыродай пунктуацыі: “Большасць правіл нашай пунктуацыі мае граматычнае (сінтаксічнае) тлумачэнне і апісваецца з дапамогай сінтаксічных тэрмінаў і азначэнняў” (Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі. – Гродна: ГрДУ, 1993. – С. 40). Вось чаму так важна пры навучанні пунктуацыі, пры выпрацоўцы пунктуацыйнай пісьменнасці працаваць па схеме трыяды “правіла – дзеянні па яго прымяненню – практыкаванні для трэніроўкі”. Напрыклад, для вызначэння знакаў прыпынку ў сказе Каласы хінуцца /Перад ёй паклонна, /Дзівіцца ігруша /На мяжы зялёнай (Янка Купала) неабходна выдзеліць граматычныя асновы (каласы хінуцца і дзівіцца ігруша) і адпаведна ім два блокі ў сказе, якія раздзяляюцца на аснове правіла коскай пры звычайнай інтанацыі паміж спалучальнымі часткамі ў складаным бяззлучнікавым сказе.

Толькі на аснове сінтаксісу ў вучняў выпрацоўваюцца навыкі расстаноўкі знакаў прыпынку ў час пісьма, калі аналізуецца будова сказа, аргументуецца выдзяленне, напрыклад, у складаным сказе закончаных частак, наяўнасць у іх граматычнай асновы. Толькі шляхам сінтаксічнага аналізу забяспечваецца асэнсаванне расстаноўкі знакаў прыпынку, выпрацоўка пунктуацыйных навыкаў не пасля вывучэння правіла, а ў працэсе яго вывучэння, на што і арыентуе праграма, паводле якой сінтаксіс і пунктуацыя падаюцца ў адным раздзеле.

Расстаноўка знакаў прыпынку цесна звязана з асэнсаваннем зместу сказаў, тэксту, устанаўленнем сэнсавых адносін паміж сказамі ў тэксце, паміж часткамі ў сказе, што найбольш выразна ілюструе п р ы н ц ы п с у в я з і п у н к т у а ц ы і з р а з в і ц ц ё м м а ў л е н н я і м ы с л е н н я. Вывучаючы правілы расстаноўкі знакаў прыпынку, выпрацоўваючы навыкі іх прымянення, праводзячы сінтаксічны аналіз, найперш развіваюцца здольнасці лагічнага мыслення, афармлення тых ці іншых думкі на пісьме з дапамогай знакаў прыпынку, уменне ствараць тэксты. Разам з тым дзякуючы знакам прыпынку вучні разумеюць тэксты пры ўспрыманні ў іх вуснай і пісьмовай формах.

Вывучэнне сінтаксісу ва ўзаемасувязі з пунктуацыяй і ўвогуле граматыкі ў школе адбываецца як для таго, каб будаваць, ствараць тэксты, так і для таго, каб іх успрымаць. Менавіта мова забяспечвае магчымасці бязмежнага пашырэння ведаў, пазнання. Менавіта пры навучанні мове выяўляецца яе пазнавальная роля. У выніку пазнання чалавек пашырае веды, акумулюе іх, мова ж з’яўляецца пасрэднікам паміж асобай, якая пазнае новае, і светам, які яна пазнае, але “без моўнага фармулявання мысліцельнага зместу няма і пазнання”, а “любая інтэлектуальная дзейнасць чалавека ажыццяўляецца пры дапамозе мовы і прадвызначае адну з яе асноўных функцый – быць сродкам мыслення” (Міхневіч А.Я. Функцыі мовы і маўлення і праблемы беларуска-рускага двухмоўя // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. – Мінск.: Навука і тэхніка, 1982. – С. 60]. А ўсё разам, у сукупнасці, развівае маўленчую асобу вучня. Вось чаму навучанне пунктуацыі, выпрацоўка пунктуацыйных навыкаў можна разглядаць як навучанне выкарыстанню сінтаксічных адзінак, канструкцый у працэсе фарміравання думак.

Уся праца па навучанні пунктуацыі падпарадкавана давядзенню да свядомасці вучня правіла расстаноўкі знакаў прыпынку, выпрацоўкі навыкаў асэнсаванага яго прымянення як пры аналізе гатовых тэкстаў, так і пры пабудове і афармленні ўласных тэкстаў. Даўно заўважана, што вучань, які не ведае, як пабудаваць і асабліва як пунктуацыйна правільна аформіць, напрыклад, складаны бяззлучнікавы сказ, пазбягае яго ўжывання; не ведаючы правіл пунктуацыі і прымянення іх пры адасабленні пэўных членаў сказа, будуе сказы максімальна простымі – без адасобленых членаў сказа і пад. У выніку створаныя тэксты аднастайныя паводле тыпаў сказаў (у асноўным простыя) і паводле іх структуры (як правіла, двухсастаўныя, развітыя адным-двума даданымі членамі сказа).

Уменне правільна паставіць знак прыпынку – гэта інтэлектуальна-мысліцельнае дзеянне, якое адлюстроўвае маўленча-мысліцельную дзейнасць таго, хто піша. Вучань, які авалодвае пунктуацыйнымі ўменнямі, тым самым выяўляе веды адносна структуры сказа, яго зместу, сувязі з папярэднім сказам і наступным, ці месца пэўнай сінтаксічнай структуры ў сказе, а сказа ў тэксце. Верагодна, што сінтэз маўленча-мысліцельнай працы, сінтэз сінтаксісу ва ўзаемадзеянні з пунктуацыяй і складае цяжкасці ў працэсе фарміравання пунктуацыйных уменняў.

П р ы н ц ы п с у в я з і п у н к т у а ц ыі з в ы р а з н ы м і л а г і ч н ы м ч ы т а н н е м абумоўлены самой прыродай пунктуацыі. Кожны знак прыпынку ў пэўным выпадку служыць указаннем правільнай перадачы інтанавання пры чытанні. Так, выдзеленыя коскамі ці працяжнікамі на пісьме пабочныя сказы вымаўляюцца асаблівым, хуткім тэмпам, і толькі пры такім выразным чытанні іх можна правільна успрыняць на слых; а кропка сведчыць пра закончанасць думкі, перад кропкай голас амаль заўсёды паніжаецца. Праўда, неабходна ўлічваць, што адпаведнае інтанаванне абумоўлена ўлікам фактараў, што матывуюцца адпаведнымі ўмовамі пастаноўкі пэўнага знака прыпынку, пра што адносна інтанавання, абумоўленага кропкай, А.А. Каляда піша: “Але значнасць паніжэння голасу і працягласць паўзы ў канцы сказа, абзаца, усяго твора розная” (Каляда А.А. Гукавое выражэнне знакаў прыпынку // Каляда А.А. Выразнае чытанне: ІV – VІІ кл. – Мінск.: Народная асвета, 1982. – С. 29).

Гэтыя і многія іншыя правілы павінны складаць аснову выразнага чытання найперш самога настаўніка на ўроку, характарызаваць яго індывідуальны вучэбны стыль маўлення, які будзе служыць узорам для вучняў. Нярэдка заўважаецца імітацыя вучнямі інтанавання настаўніка, асабліва ў малодшых класах, якая перадае і станоўчае і адмоўнае ў маўленні настаўніка.

У працы з вучнямі мала выпрацаваць навыкі правільна афармляць сказы і тэкст пры іх агучванні ў адпаведнасці з пунктуацыйнай іх аформленасцю, важна навучыць бачыць і вызначаць прыкметы сэнсава-пунктуацыйных адрэзкаў. Разам з тым навучанне выразнаму чытанню мае і адваротны станоўчы аспект: увага вучняў пры чытанні да знакаў прыпынку спрыяе развіццю ўвагі да зместу таго, пра што яны чытаюць, да ролі знакаў прыпынку ў разуменні сэнсавых адносін паміж словамі, словазлучэннямі і сказамі, да значэння іх пры перадачы сэнсавых адценняў. Вось чаму так важна ажыццяўляць прынцып сувязі пунктуацыі з выразным лагічным чытаннем ў практыцы навучання пунктуацыі.

Прыватнаметадычныя, ці спецыфічныя, прынцыпы навучання пунктуацыі ў школе – назіранне над значэннем, будовай і гучаннем сказа (Баранов М.Т. и др. Методика преподавания русского языка / Под ред. М.Т. Баранова. – М.: Просвещение, 1990. – С. 197).

Скарыстанне названых прынцыпаў на практыцы адбываецца, як правіла, ва ўзаемасувязі іх, калі адзін істотна дапаўняе другія, а кожны спрыяе раскрыццю пэўнага боку адной з’явы. Парадак ці паслядоўнасць іх выкарыстання таксама не з’яўляецца нечым абавязковым, паколькі вызначаецца характарам пунктуацыйнай нормы. Разам з тым кожны прынцып мае свае адметныя характарыстыкі, якія істотна ўплываюць на арганізацыю працэсу навучання пунктуацыі.

П р ы н ц ы п н а з і р а н н я н а д с э н с а м сказаў у тэксце мяркуе такую арганізацыю працы вучняў, калі найперш ідзе ўсведамленне інфармацыі, якую нясе кожны сказ, з падзелам яе на асноўную і дадатковую. Так, у сказе з адасабленнем галоўную інфармацыю нясе граматычная аснова сказа, а дадатковую – адасоблены член сказа. Напрыклад, у сказе Пакінуўшы далёкі вырай, вярнуўся ўвесь птушыны рой (П. Броўка) адасобленая акалічнасць, выражаная дзеепрыслоўным зваротам, называе дадатковае дзеянне да асноўнага, з’яўляецца дадатковай інфармацыяй да галоўнай і дае семантычнае паясненне ў складзе сказа. Такі семантычны аналіз важны не сам па сабе, а як выпрацоўка ўменняў вызначаць прыкметы тых ці іншых пабудоў. У нашым выпадку да чатырох прыкмет – 1) акалічнасць, 2) выражаная дзеепрыслоўем з залежнымі словамі – дзеепрыслоўны зварот, 3) суфікс -ўшы як паказчык дзеепрыслоўя, 4) месца ў сказе, 5) адносіцца да саставу выказніка – дадаюцца яшчэ два: 6) дадатковая інфармацыя, якая 7) паясняе выказнік.

Правядзенне такой працы сістэматычна пры знаёмстве з усімі правіламі пунктуацыі фарміруе ў вучняў уменне вызначаць пунктуацыйна-сэнсавыя адрэзкі, тлумачыць расстаноўку знакаў прыпынку пры іх і ўжываць такія сэнсава-пунктуацыйныя адрэзкі пры афармленні ўласнай маўленчай дзейнасці і расстаўляць знакі прыпынку пры яе пісьмовым афармленні.

П р ы н ц ы п н а з і р а н н я н а д б у д о в а й с к а з а скіроўвае настаўніка да арганізацыі яшчэ аднаго аналізу сказаў у тэксце – аналізу структуры сказа, які ў школьнай практыцы займае асноўнае месца пры навучанні сінтаксісу і, на жаль, ізаляваны ад назірання над сэнсам і нярэдка ад назірання над гучаннем, інтанацыйным афармленнем сказа ці скарыстоўваецца сам па сабе пры навучанні пунктуацыі.

Кіруючыся гэтым прынцыпам, настаўнік разумее неабходнасць прымянення сінтаксічнага аналізу, які складаецца з трох асноўных элементаў: вызначэнне граматычнай асновы (або асноў) сказа; вызначэнне сэнсавых адрэзкаў, якія ўскладняюць сказ (аднародныя члены сказа, адасобленыя словы ці словазлучэнні, словы, якія не з’яўляюцца членамі сказа); вызначэнне разнавіднасці сэнсава-пунктуацыйнага адрэзка – аднароднасць, адасобленасць, нячленства ў сказе.

І трэці накірунак у навучанні пунктуацыі і авалодванні нормамі пунктуацыі вызначае п р ы н ц ы п н а з і р а н н я н а д і н т а н а ц ы й н ы м а ф а р м л е н н е м с к а з а, калі абавязковай умовай знаёмства з пунктуацыйным правілам, яго прымяненнем, тлумачэннем і абгрунтаваннем расстаноўкі знакаў прыпынку з’яўляецца арганізацыя настаўнікам працы вучняў па інтанаванні, аналізу інтанавання сказа, успрынятага на слых, узнаўленні, імітацыі ва ўласным маўленні. У выніку такой сістэматычнай працы ў вучняў фарміруюцца навыкі вуснага маўлення ў адпаведнасці з пунктуацыяй, пашыраюцца веды пра розныя віды інтанацыі, выпрацоўваюцца ўменні прымяняць веды ў маўленчай дзейнасці.

Прынцып назірання над інтанацыйным афармленнем знаходзіць рэалізацыю ў наступных дзеяннях вучняў: 1) вызначэнне віду інтанацыі (інтанацыя сказа, інтанацыя аб’яднання сказаў ці інтанацыя ўключэння); 2) вызначэнне характару выяўленага віду інтанацыі (клічная, пытальная, апавядальная ў простым сказе; пералічальная пры аднародных членах сказа; супрацьпастаўляльная ці выніковая пры аб’яднанні простых сказаў у складаным; пабуджальная ў простым і інш.).

Усе тры прынцыпы дапамагаюць арганізаваць працу вучняў на ўроку з мэтай вызначэння месца знакаў прыпынку і выбару пэўнага з іх.

Метады і прыёмы навучання пунктуацыі. Пры навучанні пунктуацыі скарыстоўваюцца самыя розныя метады і прыёмы, якія ў асноўным з’яўляюцца агульнымі з навучаннем іншых раздзелаў. І ўсё ж каментарыі і тлумачэнні паводле іх выбару і прымянення лічым неабходнымі, таму што навучанне пунктуацыі на ўроках беларускай мовы мае некалькі асаблівасцей.

Першая асаблівасць звязана з улікам умоў вывучэння пунктуацыі беларускай мовы ў школах з рускай мовай навучання, дзе беларуская мова, па-першае, з’яўляецца толькі асобным прадметам вывучэння ў адрозненне ад рускай мовы як прадмета вывучэння і сродку навучання іншым прадметам; па-другое, колькасць гадзін на вывучэнне рускай мовы перавышае колькасць гадзін, адведзеную на вывучэнне беларускай мовы. Вынікам гэтага з’яўляецца апярэжвальнае вывучэнне пытанняў сінтаксісу і пунктуацыі рускай мовы ў параўнанні з беларускай, а таму на ўроках беларускай мовы няма неабходнасці многія тэмы сінтаксісу і пунктуацыі аб’яўляць новымі, і гэта вымушае шукаць адпаведных метадаў тлумачэння новага матэрыялу і арганізацыі дзейнасці вучняў: з аднаго боку, абмяжоўваць выкарыстанне метаду паведамлення ведаў у гатовым выглядзе, метаду слова настаўніка пры тлумачэнні, а з другога – павышаць ролю самастойнай працы вучняў, арганізацыі іх на вырашэнне задач часткова-пошукавага характару.

У сувязі з адзначаным у настаўніка большыя магчымасці скіраваць працу вучняў на развіццё маўленчай дзейнасці, на выяўленне стылістычных прыкмет, асаблівасцей ужывання сінтаксічных канструкцый пры вывучэнні сінтаксісу і выпрацоўцы пунктуацыйных навыкаў і ўменняў. Так, на ўроках беларускай мовы пры вывучэнні знакаў прыпынку пры аднародных членах сказа важна паказаць вучням, дзе, калі і як выкарыстоўваюцца такія сінтаксічныя адзінкі, давесці да іх ведама, што сказы, ускладненыя аднароднымі членамі, выконваюць самыя розныя стылістычныя функцыі: дэталёвае апісанне, дакладная замалёўка чаго-небудзь, узмацненне экспрэсіўнасці і эмацыянальнасці, стварэнне рытмічнай прозы і інш. А з прычыны вялікай ролі ў навучальным працэсе навуковай інфармацыі і неабходнасці выпрацоўкі ўменняў такую інфармацыю перадаваць, выражаць ва ўласным маўленні (вучыць мове, каб карыстацца ёю), варта засяродзіць увагу вучняў на адметнасцях будовы сказаў з аднароднымі членамі сказа ў навуковых тэкстах. І пачынаць патрэбна з вызначэння ролі, функцыі аднародных членаў сказа, якія ў навуковых тэкстах ужываюцца для класіфікацыі або сістэматызацыі з’яў, прадметаў, прыкмет, напрыклад: Да самастойных часцін мовы адносяцца назоўнік, дзеяслоў, прыметнік, займеннік, лічэбнік і прыслоўе.

Менавіта гэта функцыя ўплывае і на афармленне сказаў з аднароднымі членамі, спалучэнне якіх у сказах навуковых тэкстаў павінна адпавядаць наступным граматыка-стылістычным патрабаванням:

1) аднародныя члены сказа часцей за ўсё аб’яднаны інтанацыяй пералічэння з далучэннем апошняга ці злучэннем двух аднародных членаў злучнікам і, калі рад пералічэння закончаны ці калі маецца поўны іх пералік, і без злучніка і перад апошнім аднародным членам, калі пералік прыкмет, з’яў і інш. не закрыты;

2) з шэрагу злучнікаў але, а, ды для навуковых тэкстаў характэрна ўжыванне злучніка але для выражэння супраціўных сэнсавых адносін паміж аднароднымі членамі сказа, а для выражэння супрацьпастаўлення – парны злучнік не толькі – але і;

3) выкарыстанне абагульняльнага слова пры аднародных членах сказа носіць у навуковых тэкстах чыста лагічную функцыю;

4) аднародныя члены павінны афармляцца так, як аформлена абагульняльнае слова пры іх, г.зн. мець аднолькавую форму;

5) у якасці аднародных членаў сказа могуць быць словы і не могуць быць слова(ы) і сказ(ы), напрыклад, у сказе Аграному важна ведаць прыкметы, удласцівасці і дзе вырошчваюцца зернавыя культуры патрэбна праўка, паколькі ў радзе аднародных членаў ужыты словы (прыкметы, уласцівасці) і сінтаксічная канструкцыя як частка сказа (дзе вырошчваюцца зернавыя культуры).

Важным фактарам павышэння камунікатыўнай накіраванасці навучання сінтаксісу і пунктуацыі будзе давядзенне да ведама вучняў інфармацыі пра правілы логікі пры пабудове тэкстаў навуковага стылю з аднароднымі членамі сказа, напрыклад, наступнымі:

1) пры пабудове сказаў з аднароднымі членамі важна памятаць, што пералічваюцца прыкметы, з’явы, прадметы аднаго тыпу, напрыклад, пры пераліку колераў грушы – жоўты, ружовы, чырвоны, зялёны – нельга ўключыць назвы гатунку тыпу Залатая, Лошыцкая, мускатная, народная, паўночная і інш. і наадварот;

2) члены пералічэння павінны ўзаемна выключацца, напрыклад, правільна будзе ўжыць дзеці і дарослыя, старыя і малыя, але нельга маладыя і юныя, дарослыя і старыя і інш.;

3) калі абагульняльнае слова абазначае родавае паняцце, то аднародныя члены сказа пры ім павінны выступаць у якасці відавых, напрыклад: Дамы, палацы, цэрквы, касцёлы – усе будынкі ўлічаны на тэрыторыі горада.

Арганізацыя такой працы дазволіць паглыбіць веды вучняў у параўнанні з тымі, што яны атрымалі ў 5 класе, выявіць новае ў параўнанні з урокамі рускай мовы, будзе служыць папярэджанню тыповых памылак у выкарыстанні аднародных членаў і расстаноўцы знакаў пры іх ва ўласным маўленні.

А пры вывучэнні, напрыклад, правілаў расстаноўкі знакаў прыпынку ў складаназалежных сказах з рознымі тыпамі даданых увагу вучняў варта скіраваць найперш на адметнасць тэрмінаў беларускай мовы ў параўнанні з рускай (выкарыстоўваюцца метады слова настаўніка, паведамленне гатовых ведаў шляхам параўнання эквівалентных тэрмінаў, адпаведных правілаў) і выпрацоўку практычных пунктуацыйных навыкаў і ўменняў (аналіз тэкстаў розных стыляў, супастаўленне, параўнанне сінтаксічных канструкцый у іх).

Метад п р а б л е м н а г а в ы к л а д у будзе найбольш эфектыўным пры арганізацыі аналізу навуковых тэкстаў, паколькі ў настаўніка ёсць большыя магчымасці для вызначэння сэнсавай значымасці даданых сказаў і перавазе выкарыстання складаназалежных сказаў у навуковых тэкстах як адной з характэрных прыкмет сінтаксісу навуковага стылю. Выбар складанага сказа ў навуковых тэкстах характарызуецца логікай, зместам выкладу ў іх інфармацыі, у сувязі з чым з трох тыпаў – складаназалежных, складаназлучаных і складаных бяззлучнікавых – тут найбольш ужывальнымі з’яўляюцца складаназалежныя. Гэты выбар адпавядае патрабаванням доказна-лагічнага выкладу навуковых тэкстаў, у іх падпарадкавальная сувязь, злучнікі ці злучальныя словы дазваляюць больш дакладна выразіць адносіны паміж часткамі складанага сказа, выявіць і ўдакладніць гэтыя адносіны – адносіны часу, умовы, прычыны, месца і інш.

Такія звесткі і арганізацыя такой працы паказвае, што, з аднаго боку, на ўроках патрэбна аналізаваць тэксты з мэтай выяўлення структуры сказа і расстаноўкі адпаведных знакаў прыпынку; з другога – вучыць школьнікаў, як, калі і з якой мэтай ужываць, напрыклад, складаназалежныя сказы, у сваёй маўленчай дзейнасці: пры пабудове адказаў на ўроку, пры выступленні перад класам з дакладам і інш. Толькі ў такім выпадку назіраецца спалучэнне р э п р а д у к т ы ў н ы х (поўнае і частковае ўзнаўленне моўных сродкаў паводле ўзораў) і п р а д у к т ы ў н ы х метадаў, калі вучні, авалодваючы ведамі стылістыкі, стылістычнымі патрабаваннямі да афармлення і ўжывання сінтаксічных канструкцый і знакаў прыпынку пры іх, выпрацоўваюць навыкі маўлення з улікам пэўных умоў (дзе гавару ці пішу, з кім ці каму, з якой мэтай). Наданне ўсёй працы камунікатыўнай накіраванасці, падключыўшы дадзеныя функцыянальнай стылістыкі, дапаможа вучням не толькі вывучыць, але і асэнсаваць моўныя факты, ролю іх вывучэння, месца іх ужывання, будзе служыць выпрацоўцы правіл, як лепш аформіць сваю маўленчую дзейнасць.

Метад э ў р ы с т ы ч н а й г у т а р к і – адзін з пашыраных пры навучанні пунктуацыі, калі вучні шляхам аналізу, назірання, параўнання прыходзяць да атрымання новых ведаў. Так, ужо ў 5 класе вучні сустракаліся са сказамі, у якіх паміж дзейнікам і выказнікам ставіцца працяжнік, у 8 класе на ўроках рускай мовы яны вывучаюць асноўныя выпадкі ўжывання працяжніка. Вось чаму на ўроку беларускай мовы лепш прапанаваць вучням тэкст, запісаны на дошцы:

Нёман – вялікая беларуская рака. Яе пачатак – невялічкая рака Неманец на Стаўбцоўскай раўніне. Выток Нёмана – забалочаны лясны масіў. Шлях Нёмана – дзевяцьсот шэсцьдзесят два кіламетры.

Даецца заданне вызначыць граматычныя асновы ў кожным сказе і прапануюцца пытанні:

Што агульнага ў структуры ўсіх сказаў у тэксце?

Якімі часцінамі мовы выражаны дзейнік і выказнік?

Які знак прыпынку ставіцца на месцы пропуску звязкі?

У выніку аналізу вучні адказваюць на пытанні (прапушчана звязка ёсць, дзейнік і выказнік выражаны назоўнікам у назоўным склоне, а ў адным выпадку выказнік выражаны лічэбнікам), робяць самастойны вывад аб тым, што пры нулявой звязцы працяжнік ставіцца паміж дзейнікам і выказнікам у выпадку, калі дзейнік і выказнік выражаны назоўнікам ці лічэбнікам.

Далей зноў прапануецца тэкст, які запісваецца:

Любіць Нёман – любіць радзіму. Любіць Нёман – ганарыцца Беларуссю. Наш абавязак – берагчы раку.

Вучням прапануецца вызначыць граматычныя асновы ў кожным сказе і адказаць на наступныя пытанні:

Што агульнага ў гэтых сказах з папярэднімі?

Што іх адрознівае?

Звяртаецца ўвага на тое, якімі часцінамі мовы выражаны дзейнік і выказнік і робіцца вывад: пры адсутнасці звязкі ёсць паміж дзейнікам і выказнікам ставіцца працяжнік, калі абодва галоўныя члены сказа ці адзін з іх (другі ў такім выпадку выражаны назоўнікам) выражаны неазначальнай формай дзеяслова.

Трэцяя прапанова прааналізаваць прыклады:

Быць беларусам – гэта значыць любіць Беларусь. Галоўны абавязак кожнага беларуса – гэта берагчы мову. Мова – гэта асноўнае багацце кожнага народа.

У выніку аналізу сказаў вучні зноў вызначаюць усе ўмовы пастаноўкі працяжніка паміж дзейнікам і выказнікам (адсутнасць звязкі ёсць, выражэнне дзейніка і выказніка, наяўнасць указальнай часціцы гэта і яе месца ў сказах).

Працягам эўрыстычнай гутаркі з’явіцца аналіз, параўнанне і супастаўленне дзвюх груп сказаў:

1. Мы беларусы. Я беларус.

2. Мы – беларусы! Я – грамадзянін Беларусі.

У абедзвюх групах сказаў вызначаецца агульнае: адсутнасць звязкі ёсць, дзейнік выражаны займеннікам, выказнік – назоўнікам у назоўным склоне; адметнае: наяўнасць працяжніка ў другім выпадку, што абумоўлена асаблівым яго значэннем, паколькі ў сказах укладваецца асаблівы сэнс, выражаны лагічным націскам.

Так, адказваючы на пастаўленыя пытанні, аналізуючы канкрэтныя прыклады, вучні часткова-пошукавай працай прыходзяць да атрымання ведаў.

Другой адметнасцю выкарыстання метадаў і прыёмаў арганізацыі працы вучняў пры навучанні пунктуацыі з’яўляецца адсутнасць асобнага раздзела пунктуацыі, ці вывучэнне пунктуацыі разам з пытаннямі сінтаксісу, таму што аснову пунктуацыі складае сінтаксічная будова.

Гэта накладвае абавязак вывучаць правілы пунктуацыі, выпрацоўваць пунктуацыйныя навыкі і ўменні пастаянна з выкарыстаннем с і н т а к с і ч н а г а аналізу як аднаго з асноўных прыёмаў навучання пунктуацыі. Напрыклад, каб правільна расстаўляць знакі прыпынку пры пабочных словах, важна асэнсаваць, што яны 1) не з’яўляюцца членамі сказа (разбор сказа па членах сказа), 2) выражаюць розныя адценні, што выражае асоба, якая гаворыць, да выказанай думкі (вызначае лагічную ацэнку верагоднасці, пэўнасці або няпэўнасці таго, аб чым гаворыцца ў сказе; дае эмацыянальную ацэнку або рэакцыю на факты, аб якіх гаворыцца; указвае спасылку на крыніцы паведамлення, на прыналежнасць думкі; выяўляе стылістычную матывіроўку спосабу выражэння думкі; паслядоўнасць думак, іх сувязі і адносін паміж сабой; уздзеянне на слухача з мэтай запэўніць, выклікаць увагу, прыхільнасць, прадбачлівасць і г. д.), 3) характарызуюцца хуткім тэмпам вымаўлення і асаблівай інтанацыяй, значнымі паўзамі і нізкім тонам голасу.

А каб правільна расставіць знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі сказа, патрэбна спачатку выявіць аднародныя члены сказа. Выдзяленне іх у сказе патрабуе больш складанага разбору, чым разбор іх па членах сказа, паколькі мала вызначыць члены сказа, патрэбна вызначыць з іх аднародныя. Для гэтага ў вучняў выпрацоўваюцца навыкі выдзялення аднародных членаў сказа па наступных прыкметах: 1) сувязь з адным і тым жа членам сказа, 2) аднолькавая функцыя ў сказе, 3) вымаўленне з інтанацыяй пералічэння, 4) аднолькавы спосаб выражэння, 5) адказваюць на адно і тое ж пытанне. Акрамя таго, звяртаецца ўвага вучняў на небходнасць адрознення аднародных і неаднародных азначэнняў, для чаго прапануюцца наступныя прыкметы: 1) сувязь з азначальным словам: азначэнні аднародныя, калі кожнае з іх паясняе назоўнік, і неаднародныя, калі да азначальнага слова адносіцца толькі бліжэйшае да яго азначэнне, а іншыя паясняюць спалучэнне азначэння з азначальным словам; 2) па інтанацыі: аднародныя азначэнні вымаўляюцца з пералічальнай інтанацыяй, а неаднародныя – без яе; 3) па значэнні: аднародныя азначэнні пералічваюць адметныя прыкметы розных прадметаў ці розныя прыкметы аднаго і таго ж прадмета.

І трэцяй адметнасцю методыкі навучання пунктуацыі трэба лічыць абмежаванне пошукавай дзейнасці вучняў, што тлумачыцца “складанасцю пунктуацыйных з’яў, абумоўленых сінтаксічнымі заканамернасцямі” (Напольнова Т.В. Активизация мыслительной деятельности учащихся на уроках русского языка: Пособие для учителя. – Просвещение, 1983. – С. 103), а таму на ўроках па навучанні пунктуацыі найбольшае месца займае такі спецыфічны прыём, як п у н к т у а ц ы й н ы р а з б о р, які можа быць поўным і частковым ці выбарачным.

Методыка правядзення поўнага пунктуацыйнага разбору, на жаль, традыцыйна праводзіцца па наступнай схеме: “1. Абазначыць парадкавымі лічбамі (у дужках) знакі прыпынку, пры гэтым каля выдзяляльнага (парнага) знака ставіцца адна і тая лічба. 2. Растлумачыць знакі прыпынку, даючы іх характарыстыку паводле ўжывання (адзіночны, паўтаральны, парны) і функцыі (выдзяляльны, аддзяляльны)” (Лепешаў І.Я. і інш. Практыкум па беларускай мове / Пад рэд. Ф.М. Янкоўскага. – Мн.: Вышэйшая школа, 1980. – С. 274). Ад гэтай традыцыі неабходна адмовіцца, таму што такая схема правядзення пунктуацыйнага разбору сказа парушае асновы пунктуацыі – выдзяленне сказа як асноўнай сінтаксічнай адзінкі з інтанацыйнай і сэнсавай закончанасцю, улік граматычнай будовы сказа.

Для правільнага правядзення пунктуацыйнага разбору важна адрозніваць два ўзроўні знакаў прыпынку: вышэйшага (знакі прыпынку ў канцы сказа – кропка, клічнік, пытальнік, шматкроп’е, якія вызначаюць межы сказа; знакі прыпынку паміж часткамі складанага сказа – коска, працяжнік, двукроп’е, кропка з коскай, якія вызначаюць межы частак сказаў у складзе складанага) і ніжэйшага (знакі прыпынку ў межах простага сказа ці асобнай часткі (частак) у межах складанага). У выніку такога падзелу знакаў прыпынку змяняецца парадак правядзення пунктуацыйнага разбору: выдзяленне знакаў прыпынку ідзе не па парадку іх расстаноўкі ў сказе, а паводле ступені іх значнасці ў сказе, калі спачатку выдзяляюцца і аргументуюцца знакі прыпынку вышэйшага ўзроўню, а затым знакі прыпынку ніжэйшага ўзроўню. З улікам гэтага пунктуацыйны разбор сказа праводзіцца па наступнай схеме:

1) вызначаецца тып сказа паводле мэты паведамлення – апавядальны, пытальны, пабуджальны ці клічны, а ў адпаведнасці з гэтым знак прыпынку ў канцы сказа;

2) вызначаецца граматычная аснова (асновы) і тып сказа – просты ці складаны;

3) у складаным сказе вызначаюцца межы частак сказа, віды сувязі і сэнсавыя адносіны паміж імі, а ў выніку гэтага – знакі прыпынку паміж часткамі складанага сказа;

4) вызначаецца структура простага сказа (ці структура часткі складанага сказа), яго сінтаксічнае чляненне і адпаведна гэтаму ўжыванне знакаў прыпынку.

Напрыклад: Кожны з нас прыпасае Радзімы куток, каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны: дым над хатай, снапамі прыціснуты ток, матчын спеў і гароды, прапахлыя кмінам. (Максім Танк). Сказ апавядальны, таму ставіцца ў канцы сказа кропка; сказ складаны, таму што ў ім дзве граматычныя асновы, складаназалежны, таму што другая частка злучана падпарадкавальным злучнікам каб і сэнсава залежыць ад першай, з’яўляецца даданай часткай акалічнасці мэты (да яго ставіцца пытанне для чаго? з якой мэтай?), таму паміж часткамі ставім коску; першая частка сказа не мае адасобленых і аднародных членаў, слоў, якія не з’яўляюцца членамі сказа, таму ў ім няма знакаў прыпынку; другая частка сказа ўключае: 1) аднародныя члены (дым, ток, спеў і гароды) з абагульняльным словам (успаміны) перад імі, таму аднародныя члены гэтай часткі раздзяляюцца коскамі, а пасля абагульняльнага слова ставіцца двукроп’е, 2) дзеепрыметныя звароты (снапамі прыціснуты і прапахлыя кмінам), з якіх першы не адасабляецца, таму што стаіць перад азначальным словам ток – назоўнік, а другі адасабляецца, таму што стаіць пасля азначальнага слова гароды.

Зразумела, што ў дадатак да гэтага праводзіцца разбор па членах кожнай часткі сказа. Як відаць, пунктуацыйны разбор праводзіцца ў спалучэнні з сінтаксічным разборам сказа і на яго аснове.

Практыкаванні па пунктуацыі. Сістэма практыкаванняў для выпрацоўкі ўменняў і навыкаў расстаноўкі знакаў прыпынку, разумення іх ролі і назначэння пры ўспрыманні тэкстаў з’яўляецца найбольш важным элементам на ўроках і дома.

Усе практыкаванні можна падзяліць на тры групы: вусныя, пісьмовыя і графічныя. Да вусных практыкаванняў адносяцца чытанне, аналіз сказаў (сэнсавы, граматычны і інтанацыйны, пунктуацыйны), прагаворванне прымянення правіла ці ўзору тлумачэння і пад., праслухоўванне грамзапісаў і іх аналіз, інтанаванне сказаў, пераклад, сінтаксічны аналіз, рэдагаванне, канструяванне сказаў па схемах ці па апорных словах і інш.; да пісьмовых – перапісванне, дыктант, пераказ, сачыненне, пераклад, творчыя практыкаванні на разгортванне сказаў, перастаноўку частак, падстаноўку членаў сказа і інш.; да графічных – складанне схем сказаў, складанне сказаў паводле схем, суаднясенне схем і сказаў, падбор сказаў пэўнай будовы з тэкстаў мастацкай літаратуры, якія вывучаюцца на ўроках беларускай літаратуры, ці з іншых крыніц, асабліва карысна з падручнікаў па іншых прадметах у школах з беларускай мовай навучання, графічныя дыктанты і інш.

На практыцы ўсе тры віды практыкаванняў нярэдка перасякаюцца, адзін від дапаўняе другі, выступае то ў вуснай, то ў пісьмовай форме, ад адной формы пераходзяць да другой. Так, чытанне, як правіла, з’яўляецца першым этапам усіх пісьмовых і графічных практыкаванняў (гл., напрыклад, умовы да заданняў у падручніку). І ўсё ж чытанне як асаблівы від практыкавання мяркуе выпрацоўку навыкаў інтанавання асобнага сказа і сказаў у тэксце. У такім выпадку чытанне можа быць арганізавана паводле узораў чытання настаўнікам, тэхнічных запісаў маўлення майстроў мастацкага слова, а таксама з дапамогай спецыяльных схем-партытур. Напрыклад:

1. Прачытайце сказы, выдзяляючы лагічным націскам словы, якія выражаюць параўнанне.

1. Як тая рабіна, І цвіла ў гэтае лета Ганна. (І. Мележ). 2. Знячэўку спалоханы заяц падскочыў, І кінуўся ўбок І і стралой паляцеў па гурбах. (Я. Брыль). 3. Прадыслава бачыла, як змяніўся твар у незнаёмага. У п а л і, як крылы ў падстрэленай птушкі, І ягоныя рукі. (В. Іпатава).

У м о ў н ы я з н а к і: І – лагічная паўза; І – невялікая паўза; – націскныя словы; – больш значныя паводле сэнсу словы; _ _ _ – словы, звязаныя сэнсам з націскнымі (Каляда А.А. Гукавое выражэнне знакаў прыпынку // Каляда А.А. Выразнае чытанне: ІV – VІІ кл. – Мн.: Народная асвета, 1982. – С. 19).

2. Прачытайце тэкст, выдзяляйце лагічным націскам аднародныя члены сказа.

Лагоднымі вечарамі спакваля ў ці х а л а ўсё: І каровы, І коні, І свінні. Спакваля ўціхалі людзі І – спачатку старэйшыя, І жанатыя, І потым і моладзь. Маладыя, праўда, д о ў г а яшчэ бадзяліся па вуліцы, І галёкалі, І рагаталі на прызбах, І але цішыня нарэшце брала і іх. (Іван Мележ).

Асобную групу складаюць і н т а н а ц ы й н а - с э н с а в ы я практыкаванні, мэта якіх развіваць навыкі выразнага чытання пэўных сінтаксічных канструкцый. Яны дапамагаюць разуменню ўзаемаадносін інтанацыі і пунктуацыі, засваенню пунктуацыйных норм і з’яўляюцца абавязковымі пры вывучэнні ўсіх пунктуацыйна-сінтаксічных тэм. Напрыклад, вывучэнне адасобленых азначэнняў павінна пачынацца з назірання над інтанацыяй іх у сказе: вымаўленне адасобленага азначэння не хуткае, як, напрыклад, пабочных сказаў, а павольнае і падкрэслена выразнае (Бяроза, ахутаная ранішнім сонцам, здалёк кідалася ў вочы).

Пры навучанні пунктуацыі асаблівае значэнне маюць практыкаванні на спалучэнне інтанавання і сінтаксічнага аналізу, на вызначэнне прыкмет адасаблення і выпадкаў несупадзення інтанавання і пастаноўкі знакаў прыпынку, каб вучні не карысталіся толькі прыёмам інтанавання як падказкай, крытэрыем пры расстаноўцы знакаў прыпынку, асабліва пры выразным чытанні тэксту ці асобных сказаў для запісу настаўнікам. Параўн.: Ахутаная ранішнім сонцам бяроза здалёк кідалася ў вочы, дзе паўза пры вымаўленні сказа ёсць пры азначэнні, выражаным дзеепрыметным зваротам, але адасаблення і выдзялення яго знакам прыпынку няма.

П е р а п і с в а н н е, як правіла, ускладняецца дадатковым заданнем – расставіць знакі прыпынку, растлумачыць знакі прыпынку, выдзеліць ці падзяліць сказы з пэўнымі знакамі прыпынку, змяніць знакі прыпынку, дапоўніць сказы, пабудаваць схемы і інш. Напрыклад:

1. Прачытайце тэкст. Запішыце яго два разы, прадставіўшы розныя варыянты пунктуацыі. Растлумачце, як ад змены знакаў прыпынку, мяняецца сэнс, інтанаванне.

Ціха бывае часамі на гэтай дарозе! Рэдка праедзе тут панская брычка, запрэжаная параю або тройкаю добрых, сытых коней (;) калі-нікалі празвініць тут паштовы званок. Часцей сустрэнецца простая мужыцкая каламажка, каторую дробным трушком пранясе худзенькі мужыцкі конік, падымаючы пыл і пясок, насохшы на сонцы, доўгім слупам (;) пратарахцяць драбіны сваімі рассохшыміся лёсткамі і з скрыпучымі, даўно не еўшымі дзёгцю, калёсамі. Цэлы абоз фурманак праедзе ціхім крокам з бочкамі са смалою ці вугалем. (Якуб Колас).

Д ы к т а н т як від практыкавання павінен заняць сваё належнае месца на ўроках па вывучэнні сінтаксісу і пунктуацыі ў сваіх шматлікіх разнавіднасцях, а не толькі як кантрольны. Пры гэтым матэрыялам для навучальных дыктантаў рознага віду павінен стаць тэкст. У адваротным выпадку назіраецца адна з адметных дыспрапорцый, калі навучанне пунктуацыі адбываецца на матэрыяле сказаў, а праверка пунктуацыйнай пісьменнасці – на матэрыяле тэксту, калі знакі прыпынку ў сказе, як правіла, “граматычныя”, а ў тэксце – нярэдка сэнсава-граматычныя.

Практыкуюцца разнастайныя тыпы навучальных дыктантаў. Так, для замацавання вывучанага правіла могуць быць выкарыстаны наступныя дыктанты:

п а п е р а д ж а л ь н ы, калі пры замацаванні знакаў прыпынку для адасаблення акалічнасці, выражанай дзеепрыслоўем ці дзеепрыслоўным зваротам, настаўнік спачатку чытае тэкст, пасля кожны асобны сказ, вучні тлумачаць знакі прыпынку ў ім, называюць дзеепрыслоўі і дзеепрыслоўныя звароты, звяртаюць увагу на іх вымаўленне і затым толькі запісваюць, напрыклад:

Зрабіўшы вялікі абход, прабіраючыся глухімі мясцінамі, Палаазок падкраўся да ўзгорка з тылу. Схаваўшыся за куст, ён спыніўся, углядаючыся ў размяшчэнне агнявой нямецкай пазіцыі. Немцы мітусіліся, захапіўшыся стралянінай, і не думалі аб небяспецы. Палазок, агледзеўшыся, падрыхтаваў гранаты. Але адлегласць была занадта вялікай. Падпоўзшы бліжэй да ўзгорка, спыніўся. Падрыхтаваўшы гранаты, хутка вырашыў, як яму дзейнічаць: кінуць спачатку адну гранату ў групу мінамётчыкаў, а потым – у кулямётнае гняздо. Палазок, рашуча ўзняўшыся, з вялікай сілай шпурнуў спачатку адну, потым другую гранаты, а сам хутка лёг на зямлю, шчыльна прыціскаючыся да яе. Пачуўся моцны выбух, за ім другі. Выканаўшы баявое заданне, Палазок папоўз да сваіх. (Паводле Якуба Коласа);

в ы б а р а ч н ы, калі з тэксту патрэбна выбраць толькі складаназлучаныя сказы, напрыклад:

Стаяла ноч, і я стаяў пад высокай ноччу на вясновай зямлі.

О, ляціце, журавы, ляціце сваёй млечнай дарогай, вясёлай і шумнай, бы карагод! І вясновую радасць трубіце над цёмнай вясновай зямлёй. Не пытаюся, у якім краі вы пакінулі мае леты, не ведаю, колькі было іх, і не пытаюся, колькі іх будзе.

Цякуць рэкі ў моры, і вырастаюць у неба дрэвы. Цякуць, як рэкі, дарогі па зямлі, і на сініх лугах маленства вырастаюць надзеі. І вырастае радасць, і Млечны Шлях сплывае ў вечнасць, і ляцяць, ляцяць сваёй млечнай дарогай над вясновай зямлёй журавы. (Паводле Міхася Стральцова);

р а з м е р к а в а л ь н ы, калі вучні, выслухаўшы прачытаны настаўнікам кожны сказ з тэксту, запісваюць яго ў адпаведны слупок (можна падзяліць на групы для кожнага рада і інш.) у залежнасці ад наяўнасці адасобленых і неадасобленых азначэнняў, напрыклад:

Паветра, напоенае пахамі хвоі, навісла шызаватай смугой. Пахла зямля, ахопленая расою. Прыхаванае воблачкам сонца доўга не лье сваё святло і цяпло. Застылыя за ноч дробныя істоты пачынаюць падаваць прыкметы жыцця;

т в о р ч ы дыктант, які пры выпрацоўцы навыкаў расстаноўкі знакаў прыпынку можа быць выкарыстаны яшчэ ў сваіх разнавіднасцях:

а) вучні запісваюць пад дыктоўку настаўніка частку сказаў, а другую пішуць самастойна ў адпаведнасці з умовай задання, напрыклад, пры замацаванні знакаў прыпынку ў складаназалежным сказе: Нарэшце празвінеў званок... Калі выйшлі з класа... Каб не спазніцца на наступны ўрок... Усё закончылася...;

б) вучні перабудоўваюць тэкст, у якім патрэбна бяззлучнікавыя складаныя сказы замяніць простымі сказамі, напрыклад:

Толькі што адшумела навальніца, і па вуліцы вёскі бягуць вясёлыя мутныя раўчукі.

Я стаю каля варот бацькоўскага двара, і мне вельмі хочацца зняць свае модныя туфлі, прайсціся па быстрай дажджлівай вадзе, памясіць нагамі цёплую, пухкую гразь.

Сонца прасвечвае цераз мокрае, бліскучае лісце бяроз, і на мелкай гразі, на гаманлівай вадзе і на шэрых штакетах за раўчуком ляжыць рухавая сетка ценю. (Я. Брыль);

в) дыктант з графічным запісам таго, што дыктуюць, ці запіс таго, што дыктуюць, у суправаджэнні графічнага адлюстравання, напрыклад, пры замацаванні ведаў і выпрацоўцы навыкаў і ўменняў расстаўляць знакі прыпынку ў складаназалежных сказах з рознымі відамі даданых можна праводзіць ці як папераджальны, ці як тлумачальны графічны навучальны дыктант, напрыклад:

Два браты, Алесь і Пятрусь, папрасілі сваю маці, каб заўтра пабудзіла іх рана-рана. Хлопцы надумаліся пайсці ў грыбы, таму з вечара падрыхтавалі сабе кошыкі і нажы.

Ноччу хлопцам не спалася, бо чорныя баравікі так і стаялі ў вачах. А назаўтра, калі толькі пабялелі на небе зоркі, браты выйшлі з дому.

Калі хлопцы ўвайшлі ў лес, верхавіны высокіх хвой ужо залаціліся першымі праменнямі сонца, а лясныя птушкі шчабяталі на ўсе лады. Грыбы спачатку пачалі пападацца ўсякія: казлякі, лісічкі, сыраежкі. Але хлопцы і не глядзелі на іх, таму што ім не цярпелася знайсці баравікоў. (Паводле Якуба Коласа).

Пры гэтым можна 1) запісаць спачатку сказ, а потым пабудаваць схему, 2) спачатку скласці схему, а пасля запісаць сказ, 3) спачатку скласці схему праслуханага сказа з тэксту дыктанта, а пасля паводле складзенай схемы скласці свой сказ на вызначаную тэму. У залежнасці ад таго, простыя ці складаныя сказы ўспрымаюцца на слых, парадак запісу рэкамендуецца наступны: калі просты сказ – лепш парадак “схема – сказ”, калі складаны сказ – лепш парадак “сказ – схема”.

Для развіцця зрокавай памяці і з улікам індывідуальных відаў памяці можна праводзіць з р о к а в ы навучальны дыктант, калі вучням прапануецца 1) прагледзець тэкст, вызначыць пунктаграмы і ўзгадаць правілы аб расстаноўцы пэўных знакаў прыпынку, а пасля запісаць пад дыктоўку настаўніка; 2) зрокава ўспрыняць тэкст, запомніць, папярэдне прааналізаваўшы знакі прыпынку, і запісаць па памяці.

Для выпрацоўкі інтанацыйных навыкаў можна прапанаваць с л ы х а в ы дыктант, калі пры чытанні сказа настаўнік выразна выдзяляе пэўныя яго адрэзкі, а вучні пры ўспрыманні на слых павінны правільна, у адпаведнасці з інтанацыяй, расставіць знакі прыпынку – выдзеліць ці аддзяліць на пісьме, а пры праверцы растлумачыць, прывёўшы ўсе крытэрыі і аргументы пастаноўкі пэўных знакаў прыпынку.

Пры спалучэнні зрокавага ўспрымання тэксту вучнямі, а затым слыхавога пры запісе пад дыктоўку настаўніка – з р о к а в а - с л ы х а в ы дыктант, а калі зрокавае ці слыхавое ўспрыманне, але праверка вучнямі самастойна з выкарыстаннем тэксту – с а м а д ы к т а н т.

Карыснымі і шырока ўжывальнымі з’яўляюцца практыкаванні на с к л а д а н н е с к а з а ў і т э к с т а ў па карціне, малюнку; п і с ь м о п а п а м я ц і, для чаго падбіраюцца тэксты з вялікай колькасцю пунктуацыйных знакаў для завучвання.

На ўроках сінтаксісу і пунктуацыі выкарыстоўваюцца разнастайныя практыкаванні па развіцці звязнага маўлення, якімі могуць быць практыкаванні-п е р а к а з ы і практыкаванні-с а ч ы н е н н і. Гэтыя віды практыкаванняў істотна адрозніваюцца ад аднайменных відаў творчай працы наступнымі асаблівасцямі: па-першае, практыкаванні па пераказу ці сачыненні на пэўную тэму ўскладняюцца дадатковым заданнем, напрыклад, падкрэсліць пабочныя словы ў складзеным тэксце, ужыць пэўныя сінтаксічныя канструкцыі, выбраць сказы з пэўнай сінтаксічнай будовай і скласці іх схемы, растлумачыць знакі прыпынку ў пэўных сказах, замяніць адзін тып сказаў на другі пры пераказе і інш.; па-другое, важна правесці падбор тэксту для пераказу ці тэмы для сачынення, якія змяшчаюць ці даюць магчымасць ужываць пэўныя сінтаксічныя канструкцыі, напрыклад: ужыць, вызначыць знакамі прыпынку звароткі на пісьме будзе магчымым, калі прапанаваць тэмы сачыненняў тыпу “Пісьмо сябру”, “Сустрэча з незнаёмым” і інш.

Тыпы і прычыны пунктуацыйных памылак. Усе памылкі па расстаноўцы знакаў прыпынку можна падзяліць на чатыры найбольш значныя групы: 1) адсутнасць патрэбнага знака ці знакаў; 2) лішні знак ці знакі; 3) ужыванне не таго знака прыпынку, які патрэбны ў дадзеным выпадку; 4) ужыванне знака прыпынку не на тым месцы, дзе патрабуецца. Прычыны ўсіх чатырох груп пунктуацыйных памылак самыя розныя, але ўсе яны зводзяцца да няўмення бачыць і знаходзіць пунктаграму, пад якой разумеюць “правільнае, адпаведнае правілам ці традыцыі ўжыванне знака прыпынку (ці яго адсутнасць), канкрэтны выпадак прымянення пунктуацыйнага правіла” (Львов М.Р. Словарь-справочник по методике русского языка. – М.: Просвещение, 1988. – С. 162), і сведчаць аб слабай арыентацыі вучняў найперш у сінтаксічнай структуры, аб недастатковым разуменні значэння і логікі выказвання і яго інтанацыйнага афармлення.

Улік усіх пунктуацыйных памылак у пісьмовых працах вучняў важна весці настаўніку з мэтай выдзялення агульных, найбольш тыповых і індывідуальных. Гэта дае яшчэ магчымасць характарызаваць вынікі сваёй працы з вучнямі, унесці магчымыя змены ў методыку правядзення ўрокаў па пунктуацыі ў будучым, скарэкціраваць працу на бліжэйшых уроках, спланаваць дадатковыя заданні ці падабраць дадатковы матэрыял для арганізацыі працы з класам ці з асобным вучнем, дыферэнцыраваць заданні і інш., а вучням ацаніць сваю працу, бачыць недахопы. Улік пунктуацыйных памылак праводзіцца самы розны: паводле пэўных груп правілаў – знакі прыпынку пры зваротках, знакі прыпынку пры пабочных словах, сказах, знакі прыпынку ў складаназалежных сказах, знакі прыпынку ў складаных бяззлучнікавых сказах і інш.; паводле знакаў прыпынку: ужыванне коскі, ужыванне працяжніка, ужыванне двукроп’я і інш.

Пунктуацыйныя памылкі бываюць грубыя і нягрубыя. Такі падзел з’яўляецца метадычным ключом да вызначэння ўзроўню пунктуацыйнай пісьменнасці вучняў. Крытэрыяў для вызначэння грубых і нягрубых пунктуацыйных памылак некалькі, асноўнымі з якіх з’яўляюцца:

1) улік асноў пунктуацыі і парушэнне іх пры расстаноўцы знакаў прыпынку. Вядома, што знакі прыпынку з’яўляюцца паказчыкамі граматычнага, сэнсавага і інтанацыйнага афармлення пісьмовага маўлення, аднак важнейшым паказчыкам усё ж з’яўляецца граматычная будова, сінтаксічнае чляненне сказа. Таму, пунктуацыйная памылка, якая парушае сінтаксічнае чляненне, напрыклад, адсутнасць знака прыпынку ў складаназалежным сказе паміж галоўнай і даданай часткамі – Трэба выцерпець шмат за айчыну (,) каб яе навучыцца любіць (А. Звонак), з’яўляецца грубай. Калі ж знак прыпынку пры раздзяленні, напрыклад, частак у складаным бяззлучнікавым сказе не той, але маецца – Каса не косіць, (–) каса брые. (Якуб Колас), Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому, (:) кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому (Якуб Колас), то гэта нягрубая памылка, таму што вучань правільна паказвае сінтаксічнае чляненне сказа, але памыляецца ў вызначэнні сэнсавых адносін паміж часткамі складанага сказа;

2) улік ступені абагульненасці ў правіле пунктуацыйнага матэрыялу. Так, правіла “Пабочныя словы і спалучэнні слоў пры вымаўленні выдзяляюцца кароткімі паўзамі, паніжаным тонам, а на пісьме – коскамі” (Тамашэвіч Т.І. Беларуская мова: Падручнік для 8 класа агульнаадукацыйнай школы з рускай мовай навучання. – Мінск: НМЦэнтр, 2001. – С. 120) вызначаецца высокай ступенню абагульненасці, паколькі яно пашырана на ўсе выпадкі ўжывання пабочных слоў. А ў правіле, якое вызначае, калі слова аднак з’яўляецца пабочным і калі яно такім не з’яўляецца, ступень абагульненасці невысокая. У выніку чаго памылкі першага тыпу – грубыя, памылкі другога – нягрубыя;

3) ступень частотнасці ўжывання матэрыялу з тым ці іншым пунктуацыйным афармленнем. Так, частотным ужываннем характарызуецца правіла аб пунктуацыйным раздзяленні аднародных членаў сказа коскай, а раздзяленне ўскладненых аднародных членаў з дапамогай кропкі з коскай як аднаго знака прыпынку не з’яўляецца частотным паводле ўжывання. Таму парушэнне нормы ў першым выпадку з’яўляецца грубай памылкай – Лес маўчыць глуха, зацята (,) знямела (Якуб Колас), а ў другім – замена кропкі з коскай на коску – нягрубай – Азалаціла восень поле іржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі, (;) абвеяла хаты жытнім пылам, (;) вострым пахам кастрыцы напоўніла вуліцу. (К. Чорны). Замену кропкі з коскай на коску пры аднародных членах сказа з метадычнага боку наогул не патрэбна прымаць да ўвагі пры ацэнцы працы вучня.

Галоўнае на ўроках па навучанні пунктуацыі – папярэдзіць пунктуацыйныя памылкі ці свое

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Тэма 8. Методыка навучання лексіцы і фразеалогіі | Тэма 11. Методыка арганізацыі працы па развіцці маўлення вучняў
Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-04; Просмотров: 3714; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.185 сек.