Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Усходнеславянскія плямёны на тэрыторыі Беларусі і зараджэнне дзяржаўнасці ў Усходняй Еўропе. Кіеўская Русь. Асаблівасці развіцця Полацкага і Тураўскага княстваў




Паўночнае Прыдзвінне, дзе ў VІІІ – Х стст. сфарміравалася ядро Полацкай зямлі, мае шэраг геаграфічных асаблівасцяў Як вядома, сучасны рэльеф Беларусі фарміраваўся пераважна пад уплывам ледавікоу, цякучых расталых вод, асадкаадлажэння прыледавіковых азёр. Месца, дзе ўзнікла сталіца дзяржавы Полацк, знаходзіцца ў цэнтры Заходне-Дзвінскага гідралагічнага раёна, які мае шэраг адрозненняў ад суседніх тэрыторый. Гідралагічны раён вылучаецца павышанай канцэнтрацыяй азёраў. У асобных раёнах (Ушацкі і Браслаўскі) азёры займаюць 10% тэрыторыі; супольна ж у басейне Дзвіны і Нёмана больш за 35 тысяч азёр. Не менш важнымі з’яўляюцца кліматычныя ўмовы для ўтварэння на Полаччыне самастойнай дзяржаўнай адзінкі. Справа ў тым, што гэтая кліматычная вобласць Беларусі супадае з Беларуска-Валдайскай фізіка-геаграфічнай правінцыяй. У адрозненне ад іншых абласцей тут на працягу года захоўваецца больш нізкая тэмпература паветра. Гэтая вобласць падзяляецца на дзве падвобласці, мяжа паміж якімі праходзіць па ўсходняй ускраіне Полацкай нізіны. У падвобласці, куды трапляе Полацк, цяплей і больш вільготна, устойлівае снегавае покрыва ўсталёўваецца пазней, снег сыходзіць на 15 – 20 дзён раней і на 7 – 12 дзён раней пачынаюцца сельскагаспадарчыя работы. Відавочна, што падобныя кліматычныя ўмовы з’яўляюцца даволі спрыяльнымі для развіцця натуральнай гаспадаркі менавіта ў Полацкім раёне.

Да гэтага трэба дадаць, што на VIII – ХIII ст.ст. прыпадае так званы малы кліматычны оптымум – пацяпленне. Фактарам, які ўплываў на змены клімата, была сонечная актыўнасць, унутрыатмасферныя працэсы і перамяшчэнні геамагнітных палюсоў Зямлі (апошні раз паміж 600 і 1000 гг. ён перамясціўся з раёна Паўночнай Аляскі бліжэй да Еўропы, дзе назіралася пацяпленне).

Менавіта ў гэты час пачалася так званая "эпоха вікінгаў", якая пакінула значны след у гісторыі ўсёй Еўропы і яе культуры. I, нарэшце, менавіта на гэты час і на гэтай прасторы праходзіць працэс узнікнення і фарміравання многіх еўрапейскіх дзяржаваў і актыўнае, у тым ліку на дзяржаўным узроўні, распаўсюджванне і прыняцце хрысціянства.

Такім чынам, не перабольшваючы ролю прыродных і кліматычных фактараў у дзяржавастваральных і геапалітычных працэсах, трэба адзначыць, што сувязь паміж імі, несумненна, існавала. Да гэтай высновы прыводзіць цэлы шэраг храналагічных супадзенняў, якія нельга лічыць выпадковымі.

Як адзначае Г. Штыхаў, у найстаражытных культурных напласта-ваннях Полацкага гарадзішча знойдзены ляпны посуд, які належаў балцкай днепра-дзвінскай культуры. Змена дадзенай культуры носьбітамі культуры Банцэраўскага тыпу на гарадзішчах Паўночнай Беларусі адбывалася ў ІV – V стст. н. э. Гэта прыпадае на пахаладанне ў межах І ст. да н. э. – І ст. н. э., якое цягнулася да V ст. н. э. На змену банцэраўцам у VШ – ІX стст. прыходзіць, безумоўна, славянская культура, што ў сваю чаргу супадае з малым кліматычным оптымумам VШ – ХШ стст. Апошні перыяд звязаны непасрэдна з узнікненнем на полацкім гарадзішчы і побач з ім протагарадской структуры ў класічна прынятай форме: замак – пасад і фактычным пачаткам полацкай дзяржаўнасці.

Аналагічнае супадзенне мы назіраем і ў Еўропе. Былі франкі, готы, славяне і г. д.; потым — княствы-дзяржавы, якія падзяляліся найперш па этнічным, а затым – тэрытарыяльным прынцыпе. Еўропа прайшла тры стадыі на шляху стварэння дзяржаўна-палітычных структур. Франкі яшчэ ў
III ст. н. э. на землях Галіі ўтварылі першыя племянныя саюзы, а ў
V – VI стст. пры Хлодвіку і Піпіне Кароткім мелі сваю дзяржаву –каралеўства. У VІ ст. існавалі каралеўствы бургундаў і вестготаў, якія пазней трапілі пад уладу франкаў. У гэты час утварыліся і першыя брытанскія каралеўствы.

Сярод славянскіх плямёнаў першымі да дзяржаўных аб’яднанняў прыйшлі плямёны, якія ў сярэдзіне VП ст. засялялі Балканскі паўвостраў, даліны Альпійскіх гор і паўночныя раёны сучаснай Аўстрыі. Гэта быў першы славянскі этап утварэння дзяржаў, але другі агульнаеўрапейскі.

Трэцяя стадыя падзелу Еўропы як раз і прыпадае на апагей малога кліматычнага оптымума і ахоплівае храналагічны адрэзак ад VШ да канца X стст. Геапалітычным пікам было, безумоўна, ІХ ст., пачынаючы з 814 года – смерці Карла Вялікага і пачатку распада яго імперыі. Распад імперыі франкаў даў штуршок для самастойнага развіцця меншых этнасаў, якія назапасілі ўнутраныя рэсурсы для самаразвіцця. Да гэтага дадалося тое, што агрэсіўная палітыка нашчадкаў Карла Вялікага выклікала натуральнае супраціўленне тых народаў, пратэктарат над якімі гэтыя нашчадкі імкнуліся захаваць. Два стагоддзі Еўропы прайшлі пад сцягам барацьбы славянаў супраць нямецкіх і французскіх каралёў. Славяне за гэты час зрабілі вялікі крок наперад: яны імкнуліся да сваёй лакальнай геаэтнічнай прасторы, да саюзаў паміж плямёнамі і саюзамі плямёнаў.

Паміж Сярэднім Дунаем і вярхоўямі Лабы і Одры ў першай палове
IX ст. утварылася Вялікамараўскае княства на чале з Маймірам (818 г.) і Расціславам (846 – 880 гг.). Адначасова ўтвараецца аб’яднаная дзяржава харватаў і славенцаў на чале з князем Трымірам (845 – 864 гг.), сербскіх зямель – княстваў пры князі Пётры Гайніковічы (892 – 917 гг.). У 877 годзе таксама ўтвараецца і першае княства віслян — правобраз будучай польскай дзяржавы. За межамі славянскага этнасу ў тым жа стагоддзі адбываецца першае аб’яднанне англа-саксонскіх каралеўстваў пры каралі Экберце (829 г.), Нарвегіі пры Гаральдзе Прыгожавалосым (872 г.). У 862 г. з’яўляецца ў Ноўгарадзе Рурык, які раздае гарады сваім васалам: "... овому Полтескь, овому Ростовть, другому Бьлоозеро".

Такім чынам, узнікненне і пачатак Полацкай зямлі цалкам адпавядае кантэксту агульнаеўрапейскай геапалітыкі з той толькі асаблівасцю, што этнічным ядром дзяржавы стала славянскае племя крывічоў-палачан. У выніку другой хвалі славянскай каланізацыі Беларускага Падзвіння ў VШ – ІХ стст. і працэсаў узаемаасіміляцыі славянаў і балтаў утварылася новая этнічная супольнасць, якая, дзякуючы дамініруючай мове, была славянскаю.

У працэсе ўтварэння славянамі сваёй дзяржаўнасці адбываліся значныя змены іх грамадска-гаспадарчага ладу. У IX – XI стст., як лічыць Г. Штыхаў, ва ўсходніх славян суіснавалі тры сацыяльна-эканамічныя ўклады: першабытна-абшчынны, рабаўладальніцкі і феадальны. Яны цесна перапляталіся, але паступова ўсё болей і болей пачынаў панаваць феадальны лад, які вызначаўся частковай уласнасцю феадалаў на зямлю і рэнтай у выглядзе натуральнага аброка, якую ён збіраў з залежных сялян. Адначасова ў грамадстве адбываўся пераход ад ваеннай дэмакратыі да феадальнай дзяржавы. Ён вызначаўся тым, што вышэйшая вайсковая арганізацыя племянной ўлады, якая на пачатковым этапе выконвала ролю абароны племені і саюзаў плямён ад знешняй навалы, а таксама забяспечвала пашырэнне тэрытарыяльна-абшчынных уладанняў, паступова прысвойвала сабе права на гэта ўладанне. Такім чынам з вайсковага асяроддзя і старэйшых радоў утварылася феадальнае княжацка-баярскае саслоўе. Узнікненне буйных племянных саюзаў паскарала працэс класаўтварэння, адпаведна, і станаўленне дзяржаўнасці.

Адным з буйных плямёнаў былі крывічы, да іх адносіліся і палачане.

Ёсць шмат тлумачэнняў адначасовага ўжывання тэрміна "крывічы" і "палачане". Апошнім часам дамінуе думка, што "крывічы" – гэта абагульненая назва вялікага саюза плямёнаў, куды, акрамя полацкіх, уваходзілі крывічы смаленскія і ізборскія. А "палачане" – гэта назва жыхароў Полацкага княства, гэта значыць, палітычны тэрмін. Лагічна меркаваць, што княжанне палачан узнікла не шляхам інтэграцыі дробных плямёнаў, а праз іх вылучэнне з буйнага племяннога аб’яднання крывічоў. У гэтае аб’яднанне, вельмі верагодна, што, акрамя ўласна крывічоў (полацкіх, ізборскіх і смаленскіх), уваходзілі таксама вяцічы, радзімічы і севяране. Гэта пацвярджаюць данные археалогіі і тапанімікі. Разам з тым, трэба звярнуць увагу на тое, што назвы славянскіх плямён, згодна з раннямі летапісамі, ў асноўным падзяляюцца на дзве групы: з суфіксам "ан-ян" (паляне, драўляне, севяране, бужане, валыняне, мазаўшане, памаране, славені-славяне) і з суфіксам "іч" (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, вяцічы, улічы, люцічы). Летапіс прама паказвае, што назва радзімічаў, вяцічаў паходзіць ад уласных імёнаў іх князёў – Радзіма і Вяткі. Дрыгавічы, магчыма, таксама маюць у аснове патранім "Другувіт" ці "Драгавіт", як люцічы "Люта" або "Лота", а назва крывічы утварылася ад імя родапачынальніка Крыва.

Лагічна, што пад час міграцыі – "вялікага перасялення" – гэтыя этнасы рухаліся разам. Па суседству яны і рассяліліся: крывічы, дрыгавічы, радзімічы, вяцічы. Але кіруючае племя і род заўсёды заставаліся ў цэнтры. Мабыць, менавіта гэты асноўны род і выбраў месцам свайго сталага жыцця Полацк.

Крывічы згадваюцца ў летапісах пад 856, 862, 907, 944 і 980 гг. Іпацьеўскі летапіс адзначае крывічоў нават пазней – 1128 г. і называе полацкіх князёў крывіцкімі ў 1140 і 1162 гг. Тэрмін "палачане" або "палатчаны" неаднаразова сустракаецца ў пісьмовых крыніцах ХІ – ХП ст.ст. Безумоуна, ён паходзіць ад назвы Полацка, а дакладней – ракі Палаты. Гэта гідронім балцкага паходжання паходзіць ад асновы "РАL" альбо "раlіе" – балота, лужына з наступнай славянскай асіміліяцыяй. У сваім пачатковым балцкім гучанні горад вядомы па васьмі скандынаўскім крыніцам. Часцей ён называецца Раliеsкіа.

Дарэвалюцыйны расійскі гісторык А. Нікіцкі адзначаў, што ў часы Кіеускай Русі паняцці "горад" і "дзяржава" былі непадзельны і змешваліся. У Еўропе, дзе узнікала дзяржава – там і ўзнікаў горад-сталіца; ці наадварот, дзе ўзнікаў горад – там закладаўся пачатак для дзяржавы. Пачыналі этрускі ў 1 тыс. да н.э.: яны стварылі ў Цэнтральнай Італіі вольную канфедэрацыю гарадоў: Папулонія, Ветулонія, Тарквінія і інш. А скончылі славяне: Вялікая Крэслава (УШ – ІХ ст.ст.) – сталіца першага Балгарскага царства, Бранібор (X ст.) – сталіца гаволян, Рэтра – сталіца люцічаў, Мікелін – абадрытаў, Прага – чэхаў, Познань, Гнёзна і Кракаў – палякаў, Елінга – датчанаў, Упсала – шведаў.

Скандынаўскія сагі фіксіруюць у паўночнай частцы Усходняй Еуропы – на тэрыторыі "Гардарыкі" – 11 гарадоў (12-ты Кіеў). 3 іх традыцыйна 7 звязваюцца з Ноўгарадам, Ладагай, Полацкам, Смаленскам, Суздалем, Мурамам і Растовам, Белавозерам, Ізборскам і інш. Усе гэтыя гарады належаць да трох буйных этна-культурных і геаграфічных арэалаў: фіна-вугорска-славенская Поўнач, скіфа-сармацка-палянскае Падняпроўе і балта-крывіцка-дрыгавіцкае Днепра-Дзвінне.

Самым старажытным горадам Полацкай зямлі быў, безумоўна, Полацк. Аднак у X ст. ужо згадваюцца Віцебск і Заслаўе, а ў ХІ ст. – Усвяты, Лукамль, Друцк, Браслаў, Мінск, Лагойск, Капысь, Ворша, Галацічаск. Археалагічныя доследы таксама паказваюць, што большасць беларускіх гарадоў узніклі менавіта ў XІ ст.

Шляхі паўставання гарадоў былі рознымі: этнічныя, гандлёвыя, вайсковыя і г.д. Але ў межах адной дзяржаўнай прасторы яны захоўвалі строгае іерархічнае падпарадкаванне. Былі "старэйшыя" і "малодшыя" гарады. Паколькі старэйшым горадам заусёды была сталіца дзяржаўнага ўтварэння, то па тым, як яна абрастала "малодшымі" гарадамі, у пэўнай ступені можна меркаваць пра складванне тэрытарыяльна-адміністрацыйнай сістэмы. 3 гэтага выцякае, што пачаткова межы Полацкай зямлі ў IX ст. ахоплівалі толькі землі непасрэдна вакол горада. У X ст. у сферу ўплыва Полацка ўваходзяць Віцебск і Заслаўе, што, хутчэй за ўсё, звязана не з каланізацыйнымі працэсамі, а з гандлёва-палітычнымі. Віцебск – вузлавы горад да днепра-дзвінскіх волакаў шляху "з варагаў у грэкі", Заслаўе – дрыгавіцкі гарад на крывіцкім памежжы. У ХІ ст. шляхам пабудовы новых гарадоў ідзе працэс умацавання дзяржаўнай тэрыторыі ва ужо вызначаных межах, адначасова з паступовым пашырэннем дзяржауных граніц.

Сярод іншых гарадоу, якія ўзніклі на Полаччыне ў ХІ ст., найбольшую цікавасць з пункту гледжання тэрытарыяльнага размяшчэння маюць Браслау, Копысь, Ворша, Усвяты. Усе яны былі памежнымі. Браслаў – на памежжы з літоўскімі пляменамі, Ворша,Копысь, Усвяты – з Смаленскай зямлёй, прыгаданые раней Заслаўе і Мінск – на памежжы з той жа Літвой і Тураўскай зямлёй.

Калі мы звернемся да палітычнай гісторыі, то заўважым, што згадкі аб крывічах пад 882 і 907 гадамі звязаны з паходамі князя Алега на Кіеў і Канстантынопаль, пад 944 годам – з паходам Ігара на Візантыю. У ранніх летапісных паведамленнях крывічы выступаюць як-бы пасіўна: ідуць у паходы з чужымі князямі, атрымліваюць кантрыбуцыю, плацяць даніну. Выключэннем з’яўляецца толькі 862 год, калі крывічы разам з іншымі плямёнамі запрасілі варагаў. Калі прыгледзецца ўважліва, то можна заўважыць, што вектар усходнееўрапейскай палітыкі ІХ – Х ст.ст. цалкам праходзіў па паўночна-паўднёваму мерыдыяну. Запрашэнне варагаў, іх заваёвы земляў аж да Кіева, паходы на Канстантынопаль – усё гэта нішто іншае, як паступовае палітычнае пранікненне па гандлёва-геаграфічнаму шляху " з варагаў у грэкі". Полацкая зямля на гэтым шляху займала адно з цэнтральных месцаў і ранняя палітыка Полацкай дзяржавы была падначалена менавіта здабычы большага прыбытку, карысці са свайго геапалітычнага становішча. Удзелы ў паходах на Канстантынопаль з’явіліся адлюстраваннем правядзення той жа палітыкі ў яе паўднёвым накірунку. Менавіта ў такім кантэксце трэба разглядаць палітычную актыўнасць палачанаў у Х – ХІ стст.

У "Аповесці мінулых часоў" пад 980 годам, Цвярскім і Густынскім летапісах пад 988 годам, Лаўрэнцьеўскім спісу пад 1128 годам апавядаецца пра сватанне да полацкай князёуны Рагнеды кіеўскага князя Яраполка Святаславіча і ноўгарадскага князя Уладзіміра Святаславіча. Абражаны адказам Рагнеды, Уладзімір сабраў войска з варагаў, славен, чудзі і ізборскіх крывічоў і рушыў на Полацк. Пасля аблогі горад быў узяты. Рагвалод, яго жонка і два сыны былі забітыя, а Рагнеда прымусам стала жонкаю пераможцы.

У дадзеным аповедзе ёсць вельмі важкая для разумення полацкай гісторыі рэмарка – характарыстыка самога князя Рагвалода: "Рагвалод жа прыйшоў з-за мора і меў уладу сваю ў Полацку. А Тур у Тураве; ад яго і тураўцы празваліся". У Лаўрэнцьеўскім летапісу характарыстыка князя дапаўняецца яшчэ і наступнымі словамі: "Рагвалод трымаў, валадарыў і княжыў на Полацкай Зямлі, а Уладзімір быў у Ноўгарадзе". Гэтыя радкі летапісаў характарызуюць не толькі асобу першага вядомага полацкага князя які быў скандынавам – хутчэй за ўсё, выхадцам з Паўночной Нарвегіі, але і характар знешняй палітыкі Полацкай дзяржавы. Калі ўлічыць, што, па звестках Іаакімаўскага летапісу, нападу на Полацк папярэднічаў напад самога Рагвалода на ноўгарадскія воласці (Татишев В.), то становіцца зразумелым, што спрэчка наміж Полацкам і Ноўгарадам ішла за кантроль над паўночнымі землямі Усходняй Еўропы, дакладней, над паўночным адрэзкам гандлёвага шляху "з варагаў у грэкі". Першапачаткова гэта была толькі барацьба за прыарытэт у транзітным гандлі, кантроль над днепра-дзвінскімі волакамі. У палітычным трохкутніку, які стварылі Полацк, Ноўгарад і Кіеў, безумоўны аўтарытэт быў у Кіева, як апошняй і адзінай кропкі на Дняпры непасрэдна перад "грэкамі". У той жа час Полацк і Ноўгарад стваралі два амаль роўнавартасныя пачаткі гэтага шляху. Паміж сабою ім даводзілася спрачацца за прыарытэт.

Няспраўджаны саюз Полацка з Кіевам праз шлюб Рагнеды і Яраполка, далейшая смерць Яраполка і пачатак княжання ў Кіеве Уладзіміра нанеслі моцны ўдар па самастойнасці Полацкай дзяржавы, але не здолелі знішчыць яе цалкам. Пасля захопу Уладзімірам Кіева, паступова Кіеў і падначалены яму Ноўгарад сталі галоўнымі ворагамі Полацкай дзяржавы. XI ст. прайшло пад знакам барацьбы Полацка з Кіевам.

Рагнеда нарадзіла ад Уладзіміра сына Ізяслава. Пасля яе замаху на жыццё Уладзіміра Ізяслаў разам з маці быў высланы на Полаччыну і паселены ў горадзе Ізяславе (сучаснае Заслаўе). Ад Ізяслава і пачала развівацца далей дынастыя полацкіх князёў. Верагодна, што зацікаўленасць Кіева ў захаванні апанента Ноўгараду прымусіла не толькі не забіць Рагнеду з сынам, але і аднавіць самастойнасць іх родавай вотчыны.

Па смерці ў 1000 годзе Рагнеды, якая прыняла манашаскі пастрыг пад іменем Анастасія, а у 1001 годзе і Ізяслава, у Полацку пачаў княжыць Брачыслаў Ізяслававіч. Ён быў у пэўным сэнсе прадаўжальнікам і адраджэнцам былой моцы Полацкай зямлі. Пасля смерці Уладзіміра Святаслававіча ў 1015 годзе ўся "шматковая і нетрывалая імперыя Рурыкавічаў" была падзелена паміж яго нашчадкамі. Сярод іх найбольш магутнымі былі Яраслаў Ноўгарадскі, Мсціслаў Тмутараканскі і Брачыслаў Полацкі. Есць падставы меркаваць, што гэты трыўмвірат, а пасля смерці Мсціслава – дуумвірат, праз сваіх намеснікаў кіраваў і ў Кіеве.

Уласна знешнепалітычным падзеям на Полаччыне першай паловы XI ст. прысвечаны адзін абзац "Аповесці мінулых часоў" і "Эймундава сага". "Прыйшоў Брачыслаў, сын Ізяслава, унук Уладзіміра на Ноўгарад і захапіў Ноугарад, і узяўшы ў палон ноўгарадцаў, і дабро іх, пайшоў да Полацка зноў. І прыйшоў ён да Судоміры ракі, і Яраслаў з Кіева здагнаў яго тут у сёмы дзень. І перамог Яраслаў Брачыслава, і ноўгародцаў вярнуў Ноўгараду. Брачыслаў жа збег да Полацка.” Сафійскі і Уваскрасенскі летапісы дадаюць, што Яраслаў паклікаў да сябе Брачыслава і, аддаўшы яму два гарады, Усвяты і Віцебск, сказаў: "Будзь са мною за адзін". І не ваяваў Брачыслаў з Яраславам усе дні да канца свайго жыцця".

Эйдмундава сага дапаўніла гэтыя падзеі згадкамі аб актыўным удзелу ў гэтай барацьбе скандынаваў: канунга Эйдмунда і княгіні Інгігерд – жонкі Яраслава. Эйдмунд выступіў спачатку на баку Яраслава, потым Брачыслава. У выніку менавіта Інгігерд прапанавала валадарам падзяліць землі: Яраславу аддаць Ноўгарад /Хольмград/, Брачыславу – Кіеў /Кенугард/, Эймунду – Полацк /Палтэскью/. Пры ўсёй няпэўнасці і некаторай фантастычнасці "Сагі" варта адзначыць, што з"яўленне Брачыслава ў Кіеве ў якасці вялікага князя магло мець месца. 3 гэтым часам звязваецца, у прыватнасці, заснаванне у Кіеве "Брачыславава двара", які згадваецца летапісам пад час падзей 1068 г.

Прычыны полацка-кіеўскага канфлікту маглі быць рознымі: аб’яднанне ўсіх крывіцкіх земляў пад уладаю Полацка, захоп палону і засяленне вольных полацкіх земляў, імкненне Кіева падначаліць сабе Полацк, нарэшце, пачуццё крыўды першых Рагвалодавічаў - Ізяславічаў з прычыны выключэння іх з кіеускай дынастыі і за даўнюю абразу Рагнеды, верагодней за ўсё, барацьба за кантроль над шляхам “з варагаў у грэкі". Менавіта уступка Полацку Усвятаў і Віцебска падцвярджае гэтую думку. Полацк не толькі пашырыў сваю тэрыторыю, але і атрымаў непасрэдны выхад праз волакі ад Віцебска на Дняпро. Менавіта ў гэтыя часы на берагах Дзвіны былі заснаваны гарады Кукейнас і Герцыка – цэнтры невялікіх васальных княстваў. Гэта спрыяла ўмацаванню кантроля над гандлёвым шляхам на поўнач ад Полацка – да Варажскага мора, пашырэнню сферы ўплыву на прыдзвінскае балцкае насельніцтва. Гэтым жа мэтам, трэба меркаваць, была падпаракавана ідэя заснавання ў Паазер’і горада Брачыслаўля – сучаснага Браслава.

Усё гэта не магло не спрыяць узвышэнню эканамічнай магутнасці Полацкай зямлі. Сталіца дзяржавы – Полацк у першай палове ХІ ст. ужо ў тры разы перавышаў па памерах і колькасці насельніцтва горад часоў Рагвалода.

Але абсалютнай палітычнай стабільнасці ў часы Брачыслава не было. Паходы Яраслава на яцвягаў ў 1038 годзе і літву ў 1040 годзе сведчаць пра імкненне Кіева і надалей пашыраць свой уплыў нават у далёкіх ад Кіева землях, таму былі небяспечнымі для самой Полаччыны.

У 1044 годзе памёр Брачыслаў і ў Полацку пачаў княжыць Усяслаў Брачыславіч. Па звестках В. Тацішчава, адразу пасля смерці Брачыслава Яраслаў робіць свой другі паход на літву, у выніку якога засноўвае Навагародак. Гэта быу прамы выклік Полацку, улічваючы тое, што малады князь Усяслаў, якому было 16-17 гадоў, не мог супрацьстаяць Кіеву.

Пасля смерці Яраслава Мудрага ў 1054 годзе яго сыны Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад усталявалі поўную ўладу і кантроль над Кіеўскімі землямі. Адносны спакой сярэдзіны XI ст. быў падманлівым.

Пасля смерці смаленскага князя Вячаслава Яраславіча і ўладзімірскага Ігара Яраславіча ў 1060 годзе трыумвіры: Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад падзялілі іх удзелы, у тым ліку і Смаленск, паміж сабою. Але згодна з запаветам Яраслава Мудрага, іх бацькі, рабіць гэтага яны не мелі права. Пасля смерці Вячаслава смаленскага застаўся яго сын Барыс. Але ён не атрымаў законнай бацькавай вотчыны, якую заняў адзін з сыноў Яраслава Мудрага – Ігар. Тым часам у трыумвіраў таксама раслі дзеці, якім трэба было даваць удзелы. Зрабіць гэта яны вырашылі за кошт пляменнікаў-сірот. Гэтым тлумачыцца падзел Смаленска і тое, што ў 1064 годзе мусіў бегчы з Ноўгарада князь Расціслаў. Усе незадаволеныя Кіевам князі збіраліся ў Тмутаракані.

Усяслаў Брачыславіч па мерках таго часу стаяў у адным шэрагу з усімі сынамі Яраслава і, адпаведна, меў роўнае права на ў межах былой дзяржавы Уладзіміра Святаславіча. I калі Яраславічы пакрыўдзілі сваіх пляменнікаў, то акрамя Усяслава, ім не было да каго звярнуцца.

Вось чаму, калі ў 1064 годзе Яраславічы прымусілі бегчы з Ноўгарада Расціслава, на наступны год Усяслаў "поча рать держаті".

Першы паход полацкага князя быу накіраваны на Пскоў. На рацэ Чарэсе ён разбіў войска Мсціслава – сына кіеўскага Ізяслава, які выйшаў супраць яго з Ноўгарада. Пасля бітвы Мсціслаў збег у Кіеў. Ноўгарад быў адкрыты для полацкага князя, а дакладней, гатовы назад прыняць свайго законнага ўладальніка – Расціслава, які хавауся ў Тмутаракані, але ў 1066 годзе падчас намеснік візантыйскага імператара падсыпаў у кубак Расціславу атруту. Можна не сумнявацца, што гэта адбылося не без удзелу Яраславічаў-дзядзькаў, тым больш, што тут жа Святаслаў-трыўмвір пасадзіў у Тмутаракань свайго сына Глеба. Відаць, тое самае збіраўся зрабіць для свайго сына і другі трыўмвір Ізяслаў: пасадзіць сына Мсціслава ў Ноўгарадзе. Апярэджваючы ворагаў, Усяслаў рушыў на Ноўгарад. Але там ужо знаходзіўся Мсціслаў. Тым не менш, у 1067 годзе Ноўгарад быў захоплены палачанамі.

У адказ тры Яраславічы аб’яднаным войскам рушылі ў бок Полацка праз Мінск. Мінск імі быу абрабаваны і спалены, а 3-га сакавіка 1067 года на рацэ Нямізе адбылася крывавая бойка паміж кіеўскімі і полацкімі дружынамі, якая знайшла адлюстраванне на старонках "Слова пра паход Ігара". Нягледзячы на паведамленне летапісау, што "Усяслау збег", вынікі бітвы былі няпэўнымі. Яраславічы не адважыліся ісці на Полацк, наадварот, запрасілі полацкага князя на перамовы пад Воршу. Усяслаў Брачыславіч пайшоў на іх, паверыўшы крыжацалаванню, але падманам быу схоплены і пасаджаны ў кіеўскую турму-поруб. Тут яму давялося прасядзець 14 месяцаў і 5 дзён. У выніку першага ў гісторыі Усходняй Еўропы паўстання гарадскіх нізоў 15 верасня 1068 года ён не толькі быў вызвалены, але і пастаўлены вялікім князем кіеўскім. У Кіеве полацкі князь валадарыў толькі сем месяцау, пасля чаго вярнуўся ў Полацк. Аднак у красавіку 1069 года Ізяслаў кіеўскі прымусіў яго збегчы з Полацка. Полацкім князем стаў сын Ізяслава Мсціслаў. Апошні вельмі хутка і нечакана памёр.

23 кастрычніка 1069 года над Ноўгарадам з’явілася водскае войска на чале з Усяславам Брачыславічам. Бітва з наўгародцамі была не на карысць Усяслава. Полацкі князь быў разбіты і нават трапіў у палон. Але яго тут жа адпусцілі "дзеля Бога". Два гады яго імя не сустракаецца на старонках летапісау. У 1071 годзе ён зноў з’явіўся пад Полацкам з войскам, якое складалася з літоўцаў, эстаў, ліваў, лептаў і семігалаў, выгнаў з горада кіеўскага стаўленіка Святаполка.

У 1077 – 1078 гг. Усяслаў полацкі зноў прыняў удзел у спрэчках Яраславічаў на баку малодшых князёў. У 1071 годзе ён напаў на Ноўгарад, а ў 1078 годзе – на Смаленск, які належыў сыну кіеўскага князя Усевалада – Уладзіміру Манамаху. Але вестка аб жорсткай бітве на Няжацінай ніве 3 кастрычніка 1078 г. і паражэнне малодшых князёў – Барыса і Алега, значна знізілі палітычную актыўнасць Усяслава полацкага. Разам з тым і праз многія гады Манамах не мог дараваць Усяславу падзеі 1077 – 1078 гг. У 1084 годзе ён знянацку напаў на Мінск. Захапіўшы горад, пераможцы не пакінулі у ім "ні чэлядзіна, ні скаціны".

Аж да самай смерці ў 1101 годзе імя Усяслава не ўпамінаецца болей на старонках летапісаў. Нават на княжацкіх з’ездах 1097 – 1103 гг. ні Усяслаў, ні яго сыны не прысутнічалі. Пасля смерці Усяслава Брачыслававіча Полацкае княтсва было падзелена паміж яго сынамі на 6 удзелаў.

Тураўскае княства знаходзілася ў паўднёвай Беларусі ў басейне р. Прыпяці. Яно ў асноўным адпавядае тэрыторыі рассялення дрыгавічоў. Тураў стаў галоўным горадам сваёй воласці. Тэрыторыя зямель і валасцей вызначалася галоўным чынам там, дзе прадстаўнікі дзяржаўнай улады збіралі даніну і тварылі суд. У XI – XII ст.ст. слова “зямля” звычайна замянялі тапанімічнай назвай горада. Зямля не ўяўлялася без свайго галоўнага «старэйшага» горада. Назва жыхароў галоўнага горада пераносілася на насельніцтва ўсёй зямлі, напрыклад, Полацк – палачане, Тураў – тураўцы.

Тураў упершыню згадваецца ў летапісу пад 980 годам у аповесці аб прыходзе на беларускія землі на княжанне двух варагаў, Рагвалода і Тура. З гэтага часу горад і зямля былі падпарадкаваныя Кіеву. Тураўскія князі паводле дзейнічаючага права атрымання спадчыны траплялі на вялікакняжацкі трон у Кіеве.

Ужо ў 988 г. кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч аддаў Тураў свайму сыну Святаполку. Пасля смерці бацькі (1015 г.) Святаполк пераходзіць на вялікае княжанне ў Кіеў, застаўшыся тураўскім князем.

Калі на чале Кіеўскай Русі стаў Яраслаў Мудры, ён аддаў Тураў у валоданне свайму сыну Ізяславу, які пасля смерці бацькі апынуўся таксама на троне ў Кіеве.

Пазней у Тураве княжылі яго сыны: Яраполк і Святаполк. Атрымаўшы ў 1093 годзе кіеўскі трон, Святаполк Ізяславіч пакінуў Тураў за сабой.

Уладзімір Манамах, знаходзячыся ў Кіеве з 1113 да 1125 гг., трымаў Тураў у залежнасці ад сябе і вёў барацьбу з Менскім князем Глебам. Князь Мсціслаў, сын Уладзіміра Манамаха, накіраваў у Тураў на княжанне свайго малодшага брата Вячаслава. Вячаслаў Уладзіміравіч прымаў удзел у паходзе на полацкіх князёў у 1127 годзе. Ён двойчы пераходзіў княжыць з Турава ў Пераяслаўль і Кіеў, але ў 1142 годзе вярнуўся ў Тураў і пачаў вяртаць у склад зямлі раздадзеныя папярэднікамі ўдзелы Рагачоў, Клецк, Чартарыйск, Драгічын над Бугам і Бярэсце. У 1146 годзе войскі кіеўскага князя Мсціслава захапілі Тураў. Епіскап і пасаднік з бліжэйшага акружэння Вячаслава былі ўзяты ў палон. Вячаслаў вымушаны быў пакінуць Тураў, які зноў апынуўся ў сферы ўплыву кіеўскага князя. Разам з Кіевам Тураўская неаднарозова пераходзіла да суздальскіх і валынскіх князёў. Юрый Даўгарукі, знаходзячыся на троне ў Кіеве, у 1155 годзе перадаў Тураў сыну Барысу, а Мазыр – северскаму князю Святаславу Ольгавічу.

Барыс быў выгнаны з Турава ўнукам тураўскага і кіеўскага вялікага князя Святаполка Ізяславіча Юрыем Яраславічам, які вярнуў горад сваёй дынастыі. У 1158 годзе шэсць рускіх князёў на чале з кіеўскім князем Ізяславам, у тым ліку дружыны з Полацка, зрабілі паход на Тураў з намерам адняць яго ў Юрыя Яраславіча. Дзесяць тыдняў цягнулася няўдалая асада горада. Юрый, відаць, карыстаўся моцнай падтрымкай гараджан, а горад меў добрыя ўмацаванні.

Юрый Яраславіч у 1160 годзе паспяхова вытрымаў аблогу Турава валынскімі князямі. Іх войска, прастаяўшы каля горада тры тыдні, вярнулася ні з чым назад. Пераемнікамі Юрыя на троне ў Тураве былі яго сыны. 3 летапісаў вядомы князі тураўскія: Іван (1170 г.), Святаполк (1162, 1190 гг.), Глеб (1196 г.), пінскія — Яраслаў (1183 г.), Яраполк (1190 г.).

Тураў у 50-ыя гады XII ст. выйшаў з падпарадкавання Кіеву і ў ім усталявалася самастойная княжацкая дынастыя. Гарады Мазыр і Брагін заставаліся за Кіевам. Пазней тураўская зямля сама падзялілася на ўдзельныя княствы – Тураўскае, Пінскае, Клецкае, Слуцкае і іншыя. Дробныя княствы трапілі ў залежнасць ад галіцка-валынскіх князёў.

Такім чынам, Тураўская зямля-княства ўтварылася ў канцы X ст. Яна доўгі час не мела палітычнай самастойнасці, аднак у складзе Кіеўскай зямлі заставалася цэльным княствам. Пасля смерці Яраслава Мудрага (1054 г.) княства каля 40 год існавала самастойна, затым 60 гадоў было ў падпарадкаванні Кіева. З канца 50-ых гадоў XII ст. яно канчаткова вылучылася і ў ім зацвердзілася пастаянная дынастыя князёў. У гістарычнай літаратуры часам ужываецца тэрмін «Турава-Пінская зямля». Пінск у XII – XIII стст. меў вялікае эканамічнае значэнне для ўсёй старажытнай вобласці. Аднак Пінск згадваецца ў летапісах пазней Турава.

Пра грамадска-палітычны лад у Тураўскім княстве і яго гарадах звестак мала і яны надта важныя. Вельмі верагодна, што ў Тураве актыўна дзейнічала веча. Паводле паведамлення «Жыція Кірылы Тураўскага», ён стаў епіскапам па просьбе князя «і людзей таго горада». 3 гэтага вынікае, што гараджане ў Тураве мелі права голасу, калі вырашалася пытанне пра выбранне епіскапа. Факт цікавы яшчэ і таму. што звычайна епіскап назначаўся кіеўскім мітрапалітам.

У Тураве існавала пасада тысяцкага. Тысяцкі ўзначальваў гарадскі полк (апалчэнне). Знаходжанне ў горадзе адначасова князя і пасадніка, акрамя Ноўгарада Вялікага, з'ява незвычайная для іншых гарадоў. Аб існаванні пасадніка ў Полацку звестак няма. Такое параўнанне сведчыць аб асаблівасцях грамадска-палітычнага ладу ў Тураўскім княстве.

У цеснай сувязі з Туравам і Кіевам быў старажытны горад Бярэсце. 3 пачатку свайго ўзнікнення Бярэсце было важным цэнтрам Сярэдняга Пабужжа. Тут існавалі гарады Кобрын, Камянец, Драгічын, Бельск, Мельнік. Гэтая тэрыторыя, аб'яднаная вакол свайго галоўнага горада Бярэсця, складала даволі адзіную ў сацыяльна-палітычных адносінах вобласць. У другой палове XII – XIII ст.ст. яна ўваходзіла ў склад Уладзіміра-Валынскага княства. Бярэсце карысталася значнай самастойнасцю. Фактычна ўлада ў горадзе належала мясцоваму вечу, з сілай якога былі вымушаны лічыцца як валынскія, так і польскія князі. Аб самастойных дзеяннях «берасцян» неаднаразова паведамляе Іпацьеўскі летапіс. Бярэсце адыгрывала ролю фарпоста ў абароне старажытных зямель усходніх славян. Калі ў 1229 годзе пад горадам з'явіўся атрад літоўцаў, «берасцяне» сумесна з пінскім князем Уладзімірам разбілі яго. У 1282 годзе дружыны польскага князя Баляслава занялі каля Бярэсця 10 сёл. Жыхары горада на чале з ваяводам Цітам далі адпор прышэльцам і шмат воінаў узялі ў палон.

У 1287 годзе князь Юрый Львовіч у выніку тайных перамоў з баярамі атрымаў абяцанне, што пасля смерці князя Уладзіміра ён будзе запрошаны ў Бярэсце. Юрый пачаў княжыць у горадзе, але хутка быў вымушаны пакінуць яго з-за прэтэнзій Мсціслава Васількавіча на гэта княжанне.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-01-03; Просмотров: 1147; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.052 сек.