Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Аматарскай мастацкай творчасці ў Беларусі




Стан і асноўныя кірункі развіцця

Аматарская мастацкая творчасць у Беларусі – сапраўдная з’ява беларускай мастацкай культуры, сваеасаблівы пласт народнай творчасці, форма праяўлення сацыяльна-культурнай актыўнасці насельніцтва ў сферы мастацтва. Мастацкая калектыўная творчая дзейнасць народаў Беларусі ўключае ў сябе розныя віды і жанры аматарскай мастацкай дзейнасці, дзіцячую і сямейную мастацкую творчасць, студэнцкую самадзейнасць, мастацкую творчасць аматарскіх калектываў і асобных выканаўцаў, практыку функцыянавання аматарскіх мастацкіх аб’яднанняў і гуркоў па захапленнях, сацыяльна-культурныя ініцыятывы ў галіне мастацкай культуры і інш.

Звяртаючы ўвагу на тое, што аматарская мастацкая творчасць – гэта неад’емная частка духоўнай культуры грамадства, сучасныя культуролагі падкрэсліваюць, што сацыяльна – культурная актыўнасць розных груп насельніцтва ў сферы мастацтва з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай культурнай палітыкі. Так, вядомы беларускі культуролаг А.І.Смолік, разглядаючы аматарскую мастацкую творчасць з пазіцый тэорыі культуры, сцвярджае, што «яна з’яўляецца састаўной часткай духоўнай культуры грамадства, якая спрыяе яе ўзбагачэнню і дэмакратызацыі, а таксама фарміраванню сістэмы вытворчасці і распаўсюджванню эстэтычных каштоўнасцей» [6, с.130-131].

Нельга не пагадзіцца з думкай, што «народная мастацкая творчасць—гэта найважнейшы пласт нацыянальнай культуры, яе аснова, без якой немагчымы фарміраванне нацыянальнай свядомасці і развіццё прафесійнага мастацтва». Аналіз сацыякультурных працэсаў у сучаснай народнай мастацкай творчасці дае беларускім даследчыкам В.П.Скараходаву і І.В.Пыж падставы для вываду, што «масавасць, уласцівая аматарскай творчасці, дазваляе ёй быць глебай мастацкага жыцця беларускага грамадства, носьбітам і паказчыкам яго патэнцыяльных магчымасцей у культурастваральнай дзейнасці» [7, с.91].

Як спецыяльна арганізаваная дзейнасць па засваенні, стварэнні і распаўсюджванні культурна-эстэтычных каштоўнасцей ва ўмовах вольнага часу аматарская мастацкая творчасць не губляе сваёй надзённасці і актуальнасці.

Нягледзячы на існуючыя ў грамадстве сацыяльна­-эканамічныя праблемы, ажыццяўленне істотных пераўтварэнняў у дзейнасці ўстаноў культуры і недахоп фінансавых сродкаў на іх утрыманне, “аматарскія мастацкія калектывы, як грамадска-культурныя аб’яднанні аматараў музычнага, харэаграфічнага, тэатральнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і іншых відаў мастацтва” [5,с.7-11], карыстаюцца ўстойлівым попытам у насельніцтва і актыўна садзейнічаюць дачыненню да беларускай традыцыйнай і сусветнай мастацкай культуры значнай часткі грамадзян нашай краіны.

Практыка сведчыць, што аматарская мастацкая творчасць была і застаецца адной з найбольш актыўных формаў мастацкага асэнсавання рэчаіснасці. Як кожная з’ява культуры, аматарскае мастацтва – вельмі мнагамерны, шматузроўневы сацыяльны арганізм. Пры ўстановах культуры у нашай краіне сёння працуе больш за 25 тысяч клубных фарміраванняў, у якіх займаецца амаль 300 тысяч аматараў мастацкай творчасці. Каля 70 працэнтаў ад агульнай колькасці розных клубных фарміраванняў — калектывы мастацкай творчасці.

Штогод у рэспубліцы з іх удзелам праводзіцца больш за 80 тысяч канцэртаў і спектакляў, каля 25 тысяч тэатралізаваных святаў, 20 тысяч выставак твораў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Значная колькасць калектываў аматарскай мастацкай творчасці належыць клубным установам сістэмы Міністэрства культуры Беларусі (на пачатку 2008 г. колькасць калектываў складала каля 18000 адз.); установам культуры клубнага тыпу іншых ведамстваў, якія з'яўляюцца сапраўднымі цэнтрамі развіцця аматарскай творчасці і сацыяльна-культурных ініцыятыў, надаюць арганізаваны характар розным відам і формам мастацкай творчасці аматараў. Каля 1500 мастацкіх калектываў працуе ва ўстановах культуры сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Шырока прадстаўлена аматарская творчасць у навучальных установах краіны.

Рух аматарскай творчасці ў Беларусі мае даволі складаную дынаміку развіцця, пры наяўнасці агульных тэндэнцый стан розных відаў і жанраў аматарскай мастацкай творчасці ў рэгіянальным плане (гарадская і вясковая культура) адбываецца неаднолькава. На яго развіццё ўплывае сплаў гістарычных, этнарэгіянальных, эстэтычных, сацыяльна-псіхалагічных, эканамічных і іншых фактараў.

Дзяржаўнае заканадаўства забяспечвае дастаткова высокую ступень свабоды культурна–творчай дзейнасці аматарскім калектывам, дае магчымасць новаўвядзенняў і сацыяльна-арганізацыйнага эксперыментавання ў галіне аматарскай творчасці, праяўлення творчай ініцыятывы, сапраўднай самадзейнасці насельніцтва. Так, дзейнасць аматарскіх калектываў рэгулюецца Законам “Аб культуры ў Беларускай ССР”, Палажэннем аб народным (узорным) непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, у якіх вызначана сутнасць дзяржаўнай палітыкі ў галіне аматарскай мастацкай творчасці.

Аналіз практыкі функцыяніравання шматлікіх калектываў, аматарскіх мастацкіх аб’яднанняў, асобных выканаўцаў сведчыць, што аматарская мастацкая творчасць ў Беларусі гэта асаблівая і вельмі цікавая з’ява беларускай культуры. Яна адчувае на сабе ўплывы сацыяльна-гістарычных падзей, якія перажываў беларускі народ на розных этапах сваёй гісторыі. З’яўляючыся працягам масавай аматарскай самадзейнасці савецкага часу, сучасная аматарская творчасць працягвае дэманстраваць уласцівую нашаму народу таленавітасць і жыццялюбства.

У розных рэгіёнах краіны існуе значная колькасць такіх мастацкіх фарміраванняў, якія сваёй творчай працай уносяць значны ўклад у нацыянальную культурную скарбонку, садзейнічыюць фарміраванню нацыянальнай культуры праз прапаганду каштоўнасцей гэтай скарбонкі усімі даступнымі ёй формамі і метадамі.

Абагульненне вопыту арганізацыі аматарскіх калектываў дазваляе вылучыць асноўных напрамкі іх творчай дзейнасці: тэатральныя калектывы (драматычны, музычны, лялечны тэатры, тэатры паэзіі, пантамімы, мініяцюр і інш.); вакальна-харавыя (хор, ансамбль з акадэмічнай, народнай і эстраднай манерай выканання і інш.); харэаграфічныя (народны, класічны, бальны, эстрадны танец і інш.); музычна-інструментальныя (аркестры, ансамблі народных інструментаў, духавой, эстраднай, джазавай музыкі і інш.); дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва (студыі жывапісу, лоза – і саломапляцення, керамікі, вышыўкі і ткацтва, фларыстыкі, апрацоўкі дрэва і скуры і інш.); цыркавы, фота –, слайд –, кіна –, відэастудыі і інш.

Аматарская творчасць характарызуецца багатай жанрава – відавой разнастайнасцю як мастацкіх калектываў, так і аб'яднанняў аматараў мастацтва (клубы аматарскай песні, класічнай музыкі, народнай песні, тэатра, жывапісу, джаз–клубы, клубы самадзейных кампазітараў і паэтаў, артклубы і інш.).

Нельга не адзначыць, што ўзнаўляючы каштоўнасці традыцыйнай беларускай культуры ў сучасных сацыякультурных умовах, аматарская мастацкая творчасць выступае ў якасці самастойнай падсістэмы сацыялізацыі асобы, сацыяльнага выхавання і адукацыі. З’яўляецца актыўным сродкам самарэалізацыі творчых здольнасцей асобы, яе самапраяўлення і самавызначэння; выступае дзейсныммеханізмам эстэтычнага развіцця асобы, забяспечвае змястоўную арганізацыю вольнага часу аматараў мастацтва.

Трэба падкрэсліць, што ў галіне аматарскай мастацкай творчасці ажыццяўляецца пэўная навукова–даследчая дзейнасць, прысвечаная праблемам бытавання самых розных відаў і жанраў аматарскай творчасці, яе ўнутрыжанравай праблематыкі, пытанням арганізацыі канцэртна–творчай дзейнасці,падрыхтоўкі кадраў і інфармацыйна–метадычнай падтрымкі аматарскай мастацкай творчасці, распрацоўкі фестывальных тэхналогій, репертуару і інш.

З мэтай падтрымкі і стымулявання аматарскай мастацкай творчасці, павышэння яе ўплыву на працэсы развіцця грамадскай актыўнасці насельніцтва ў сферы мастацтва, яе сацыяльнай ролі і ідэйна–мастацкага ўзроўню выканальніцкага майстэрства і далучэння да мастацка–эстэтычных каштоўнасцей розных груп насельніцтва ў Беларусі праводзяцца шматлікія святы, канцэрты, конкурсы, агляды і іншыя сацыяльна-культурныя акцыі.

Пералічаныя формы арганізацыйна–творчай і навукова–метадычнай падтрымкі аматарскай творчасці з’яўляюцца найважнейшым кірункам дзейнасці дзяржаўных органаў кіравання і дзейсным спосабам ўплыву на працэсы яе развіцця.

Важным кірункам у стымуляванні і развіцці аматарскай творчасці з’яўляюцца міжнародныя, рэспубліканскія і рэгіянальныя фестывалі. Штогод іх праводзіцца каля 50, некаторыя з іх сталі ўжо традыцыйнымі: міжнародны фестываль аматарскай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы» у Дуброўна, міжнародны фестываль юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі», рэспубліканскі фестываль народнага танца “Беларуская полька”, тэатральнага «Тэатральныя скрыжаванні», народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», фальклорнага мастацтва «Берагіня» і інш.

Аматарскую мастацкую творчасць эфектыўна падтрымліваюць традыцыйныя фестывалі: харэаграфіі “Сожскі карагод” у Гомелі, народнага гумару “Аўцюкі” ў Калінкавіцкім раёне, духавой музыкі “Беларускія фанфары” ў Баранавічах, народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік “ у Паставах, творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны” ў Мінску, народнай творчасці “Вянок дружбы” ў Бабруйску, маладых эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд” у Жодзіне, народнай творчасці “Напеў зямлі маёй” у Мар’інай Горцы, народных тэатраў “Бярэзінская рампа” ў Беразіно, песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Сярод дзіцячых і маладзёжных — Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў Клімавічах, Міжнародны фестываль юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі” ў Мазыры.

Традыцыйным стаў Усебеларускі фестываль нацыянальных культур, у якім прымаюць удзел лепшыя мастацкія калектывы і выканаўцы самых розных жанраў аматарскай творчасці.

Важным творчым стымулам для аматарскіх мастацкіх калектываў і эфектыўнай формай прапаганды беларускага мастацтва сталі таксама традыцыйныя фестывалі, якія з’яўляюцца сапраўднай візітоўкай культуры Беларусі: “Славянскі базар” у Віцебску, “Залаты шлягер”.

Галоўным аглядам стану аматарскай мастатцкай творчасці краіны з’яўляецца фестываль народнага мастацтва “Беларусь – мая песня” (1997-1998 гг., 2004-2005 гг.).

Працэс фарміравання фестывальных традыцый аматарскай мастацкай творчасці ідзе актыўна як на рэспубліканскім, так і мясцовым узроўнях. Традыцыйнымі ў Мінскай вобласці сталі фестывалі духовой музыкі «Майскі вальс», народнай музыкі «Іграй, гарамонік!» харавога мастацтва «Пеўчае поле», дзіцячай тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак». У Магілёўскай вобласці традыцыйна праводзіцца конкурс ваенна–патрыятычнай і маладзёжнай песні памяці Л.Лорчанкі; у Брэсцкай вобласці – эстраднага мастацтва «Рытмы маладосці», тэатральнай творчасці «Тэатральнае Палессе», рэгіянальнага танца «Палескі карагод» і інш. Даволі пастаянна ў Гродзенскай вобласці праходзяць фестывалі сямейнай творчасці, бардаўскай песні, свята танца, фестывалі беларуска—польскага сяброўства. У Віцебскай і Гомельскай абласцях таксама праводзіцца значная колькасць фестывальных мерапрыемстваў.

Адным з найбольш эфектыўных спосабаў уплыву на развіццё аматарскай мастацкай творчасці з’яўляецца прысваенне ганаровых званняў – «народны (узорны) самадзейны калектыў мастацкай творчасці», як формы праяўлення грамадскага прызнання значнасці ўкладу аматарскага калектыву ў развіццё мастацкай культуры і культурнае абслугоўванне насельніцтва. Аб высокім узроўні развіцця аматарскай мастацкай творчасці сведчыць колькасць “народных” і “ўзорных” калектываў, што працуюць пад “дахам” устаноў культуры розных ведамстваў. Па рэспубліцы іх налічваецца больш за 1600. У дзяржаўных клубных установах працуюць 936 «узорных» і «народных» аматарскіх калектываў, 260 мастацкіх калектываў сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, і 230 аматарскіх фарміраванняў сістэмы Міністэрства адукацыі таксама маюць гэтыя ганаровыя званні.

Толькі ў горадзе Мінску функцыяніруе каля 4500 калектываў мастацкай творчасці, з іх 220 фарміраванняў розных жанраў і кірункаў дзейнасці маюць ганаровыя званні “народны” і “узорны”.

Як з’ява беларускай нацыянальнай культуры, сучасная аматарская мастацкая творчасць праз зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў беларускага, а таксама і іншых народаў Беларусі набывае новы якасны ўзровень і эстэтычную значнасць.

Разам з тым у сваім развіцці аматарская мастацкая творчасць пастаянна абапіраецца на здабыткі акадэмічных відаў і жанраў мастацтва; самыя разнастайныя мастацкія стылі і гістарычныя эпохі знаходзяць сваё увасабленне ў практыцы функцыянавання аматарскіх калектываў. Пад уздзеяннем сродкаў масавай інфармацыі, у першую чаргу тэлебачання, усё большае развіццё атрымліваюць віды аматарскай дзейнасці, звязаныя з сучаснай тэхнікай, камп’ютэрам (рок-музыка, дыскаклубы, камп’ютэрная графіка); адчуваецца значны ўплыў на аматарскую творчасць з боку сучаснага шоу-бізнесу і індустрыі музычных забаў.

Калектывы аматарскай мастацкай творчасці даволі актыўна ажыццяўляюць сёння сваю дзейнасць на базе дзяржаўных, прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спецыяльных, сярэдніх навучальных устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайсковых часцей, прадпрыемстаў розных формаў уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш.

Пазітыўныя зрухі, што можна назіраць у апошнія гады ў аматарскай творчасці, непасрэдна звязаны з актывізацыяй канцэртнай дзейнасці ў рэгіёнах. Увогуле, культурнае жыццё рэгіёнаў Беларусі сёння ў значнай ступені вызначаецца культурна-­творчай і канцэртна-­відовішчнай дзейнасцю, якую ажыццяўляюць менавіта калектывы аматарскай мастацкай творчасці.

Значная колькасць калектываў аматарскай творчасці належыць менавіта ўстановам культуры клубнага тыпу розных ведамстваў (4700), у першую чаргу дзяржаўным клубным установам (4260), якія з'яўляюцца сапраўднымі цэнтрамі развіцця аматарскай творчасці і сацыяльна-культурных ініцыятыў, надаюць арганізаваны характар розным відам і формам мастацкай дзейнасці насельніцтва беларускай правінцыі [8, с.61].

Для падтрымкі найбольш самабытных і яркіх у мастацкіх адносінах аматарскіх калектываў, якія спрыяюць развіццю аматарскай творчасці, далучэнню насельніцтва да каштоўнасцей мастацкай культуры і ўяўляюць сабой мастацкую каштоўнасць для краіны, уведзена званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» (Пастанова Савета Міністраў і Палажэнне аб парадку надання гэтага звання былі зацверджаны 2 лістапада 2001 г.).

За творчыя дасягненні, высокае выканальніцкае майстэрства, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць, уклад у развіццё і папулярызацыю нацыяльнальнага мастацтва званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” прысвоена народнаму ансамблю танца “Радасць” Брэсцкага гарадскога Дома культуры; народнаму вакальна-харэагра-фічнаму ансамблю “Гомій” Гомельскага гародскога цэнтра культуры; народнаму фальклорнаму гурту “Журавінка” Слабадскога сельскага Дома культуры Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці; народнаму фальклорнаму ансамблю “Крупіцкія музыкі” Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага раёна; народнаму ансамблю беларускай песні “Церніца” Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў; народнаму фальклорнаму ансамблю “Паазерье” выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай музычнай школы Віцебскай вобласці; народнаму ансаблю беларускай песні “Медуніца” Палаца культуры і тэхнікі рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Магілёўскае вытворчае аб’яднанне “Хімвалакно”; народнай харавой капэле Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў; народнаму ансамблю народнай музыкі “Выцінанка” Столінскага гарадскога Дома культуры; сімфанічнаму аркестру Маладзечненскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага; ансамблю танца “Равеснік” рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў і інш.

Даследаванні, праведзеныя намі ў складзе навукова–творчай групы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ў розных абласцях і этнарэгіёнах Беларусі на працягу 1993–2007 гг., дазваляюць вызначыць асноўныя тэндэнцыі развіцця аматарскай мастацкай творчасці:

· адбываецца пэўная стабілізацыя аўдыторыі мастацкай аматарскай творчасці;

· застаецца адносна пастаяннай на працягу апошніх дзесяці годоў агульная колькасць прыхільнікаў (наведвальнікаў) канцэртна-відовішчных праграм аматарскіх калектываў;

· адчуваецца актуалізацыя патрэбнасці насельніцтва рэгіёнаў краіны ў кантактах з мастацтвам праз аматарскую мастацкую творчасць;

· паступова расце эфектыўнасць уплыву аматарскай творчасці на сацыякультурнае жыццё рэгіёнаў краіны;

· актывізуюцца грамадскія інтарэсы да відаў аматарскай мастацкай творчасці, заснаваных на гістарычна-культурных традыцыях;

· набывае асаблівы сэнс і культуралагічную каштоўнасць зварот да вытокаў нацыянальнай культуры і адраджэнне ў сучасным культурным жыцці традыцыйных узораў аматарскай творчасці;

· актывізуецца дзейнасці мастацкіх калектываў, створаных пры нацыянальна-культурных аб’яднаннях;

· адбываееца спроба стварэння раёных філарманічных арганізацый на базе існуючых клубных структур у Слуцку, Маладзечне, Стоўбцах, Глыбокім і інш.;

· паступова расце ўзровень выканальніцкага майстэрства аматарскіх калектываў, бо падтрымка нормаў канцэртна-філарманічнага жыцця ў раёнах патрабуе як жанравай разнастайнасці мастацкіх аб'яднанняў, так і дастаткова высокага выканаўчага майстэрства

· назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя развіцця асобных жанраў аматарскай творчасці з апорай на здабыткі акадэмічных відаў і жанраў мастацтва;

· узрастае роля індывідуальнага фактара пры выбары відаў аматарскай дзейнасці, формаў арганізацыі вольнага часу, зместу яго запаўнення; устаноўка на самапраяўленне і самавызначэнне, не столькі на сумесную калектыўную творчасць, сколькі на асабісты кантакт з мастацтвам праз аматарства: выяўленчае мастацтва, народныя промыслы, дызайн, бардаўскую песню, сольныя эстрадныя спевы;

· пашыраецца працэс стандартызацыі і тыражавання тыповых відаў і формаў аматарскай дзейнасці, мадэлей сацыяльна-культурнай актыўнасці ў сферы мастацкай творчасці;

· адбываецца значны ўплыў на аматарскую творчасць з боку сучаснага шоў-бізнесу і музычнай індустрыі;

· ідзе актыўны працэс фарміравання фестывальных традыцый аматарскай мастацкай творчасці як на рэспубліканскім, так і мясцовым узроўнях;

· развіццё розных відаў і жанраў аматарскай творчасці ў рэгіянальным плане адбываецца неаднолькава, а рэгіяналізацыя выступае ў якасці адной з найбольш відавочных тэндэнцый у аматарскай дзейнасці; пры наяўнасці агульных тэндэнцый у аматарскай мастацкай творчасці

· канцэртна-творчая дзейнасць аматарскіх мастацкіх аб'яднанняў дазваляе ў некаторай ступені вырашаць пытанні самафінансавання ўстаноў культуры;

· пакуль што не знаходзяць дастатковага развіцця ў межах клубнай практыкі сучасныя формы мастацка-творчай актыўнасці моладзі (поп-, рок-музыка, джаз, бардаўская песня, дызайн і інш.) [3,4].

Вяртанне да культурна-гістарычных традыцый – адзін з найбольш актыўных сацыяльна-культурных працэсаў, што адбываецца зараз у аматарскай творчасці паўсюдна ў рэгіёнах Беларусі. У працэсе гістарычнага развіцця “беларускі этнас набыў свае асаблівасці, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і існуюць у такіх адносна ўстойлівых формах, як мова, традыцыі, абрады, народная творчасць, этнічная самасвядомасць, тапаніміка, культура, лад паўсядзённага жыцця і г.д.» [1].

Звяртаючы увагу на ўзнаўленне фальклорных традыцый у аматарскай творчасці, неабходна падкрэсліць, што аўтэнтычны фальклор, як «першасны від традыцыйнай мастацкай культуры ў яго спрадвечным выглядзе існуе ў натуральным вясковым асяроддзі, мае старажытныя карані, перадаецца з пакалення ў пакаленне вусным шляхам, выяўляецца праз носьбітаў фальклору (спевакоў, музыкаў, танцораў, казачнікаў, майстроў, знаўцаў мясцовай традыцыі і звычаяў)» [1].

У сучасны перыяд жыцця нашага грамадства, які характарызуецца складаным сацыяльна-эканамічным становішчам, роля дзяржавы як гаранта культурнай палітыкі значна ўзрастае. Безумоўна, такой складанай і шматузроўневай сістэме, якой з’яўляецца сучасная аматарская творчасць у Беларусі, нельга навязваць шляхі развіцця з боку дзяржаўных органаў кіравання, не абапіраючыся на ўласныя законы кожнай з яе падсістэм. Трэба садзейнічаць унутраным тэндэнцыям развіцця гэтай сістэмы, вызначаючы пры гэтым змены ў характары кіравання культурнымі працэсамі на аснове іх выбарачнага эканамічнага стымулявання і забяспечываючы неабходнай заканадаўча-прававой абаронай.

Даследаванні, праведзеныя намі ў галіне аматарскай мастацкай творчасці дазваляюць канстатаваць, што практыка яе развіцця пайшла далёка наперад ад навукова-тэарэтычнага асэнсавання [8, 9].

Становішча з навукова-тэарэтычнай распрацоўкай праблем аматарскага мастацтва ў нашай краіне застаецца вельмі складаным, адчуваецца недахоп інтэлектуальнага забеспячэння сучасных працэсаў і пераўтварэнняў у галіне аматарскай творчасці і сацыяльна-культурнай дзейнасці. Патрабаваннем часу з’яўляецца таксама абагульненне перадавога міжнароднага і айчыннага вопыту фестывальнай дзейнасці, якаснае інфармацыйна-метадычнае забеспячэнне галіны народнай мастацкай творчасці, укараненне ў практыку перадавых сацыяльна-культурных тэхналогій.

Выклікае заклапочанасць той факт, што практыка развицця аматарскай мастацкай творчасці, якая апераджальна развіваецца ў апошнія дзесяцігоддзі, недастаткова актыўна асэнсоўваецца з боку гісторыкаў, культуролагаў, сацыёлагаў, эканамістаў. Да найбольш актуальных задач сённяшняга дня неабходна аднесці даследаванне законаў функцыяніравання сацыякультурнай сферы, асэнсаванне навуковага і практычнага вопыту папярэдніх гістарычных перыядаў.

Належыць канстатаваць, што пакуль не атрымалі належнай распрацоўкі навукова-тэарэтычны, культуралагічны, эканамічны, тэхналагічны аспекты дадзенай грамадска-культурнай з’явы. У шэрагу надзённых праблем своечасовае тэарэтыка-метадалагічнае асэнсаванне пазначанага пласта сацыяльна-культурнай практыкі.

Неабходнай умовай сацыяльна-культурнага прагрэсу з’яўляецца далейшае ўдасканальванне тэорыі кіравання сацыяльна-культурнымі працэсамі. Назіранне за станам развіцця народнай мастацкай творчасці, улік сацыяльна-эканамічных, псіхолага-педагагічных, этна-канфесіянальных і іншых фактараў, якія ўздзейнічаюць на фарміраванне культурных ініцыятыў, навуковы аналіз гэтых працэсаў з’яўляецца сёння актуальнай задачай і неабходным этапам працэса дзяржаўнага рэгулявання. Яго мэта — прывядзенне культурных запатрабаванняў насельніцтва ў адпаведнасць з аб’ектыўнымі арганізацыйнымі магчымасцямі галіны культуры.

Спецыялісты галіны аматарскай творчасці, работнікі культуры ў рэгіёнах не атрымліваюць неабходнай навуковай падтрымкі і падпіткі сваёй дзейнасці, што вядзе да значных і часам небяспечных хібаў у практыцы кіравання мастацка-творчай дзейнасцю аматарскіх калектываў, да зніжэння сацыяльнай эфектыўнасці культурна-творчай работы з насельніцтвам.

Патрабуецца больш разгорнутае навукова­-тэарэтычнае асэнсаванне тых з'яў, што адбываюцца ў аматарскай мастацкай творчасці ў розных рэгіёнах краіны. Неабходна правядзенне спецыяльных сацыялагічных даследаванняў, прысвечаных праблемам бытавання самых розных відаў і жанраў аматарскай творчасці.

Трэба пашыраць кола навуковых тэм і даследаванняў, прысвечаных сацыякультурнаму жыццю розных рэгіёнаў краіны і выяўленню дынамікі развіцця аматарскай мастацкай творчасці, якая актыўна спрыяе развіццю мастацка-эстэтычнай дзейнасці насельніцтва, росту культурнага набытку нацыі, забяспечвае захаванне культурнай спадчыны народа, садзейнічае рэгуляцыі сацыяльна-культурных працэсаў у рэгіёнах Беларусі.

Зразумела, што культурная палітыка ў галіне аматарскай мастацкай творчасці таксама павінна абапірацца на навукова абгрунтаваныя вывады. Для гэтага неабходна прыцягненне шырокага кола спецыялістаў з ліку культуролагаў, мастацтвазнаўцаў, сацыёлагаў, эканамістаў і інш.

Крыніцы:

1. Варфаламеева Г.Б. Гэты яўны патаемны свет фальклору //Інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы.—Мн.: БелІПК, 1997. – С. 38–43.

2. Даведнік калектываў аматарскай творчасці Рэспублікі Беларусь, якія маюць званні “народны” і “узорны / Уклад. А.А.Скарына і інш. – Мн.: БелІПК, 1998. – 122 с.

3. Макарава А., Сівурава Л. Аб шляхах фарміравання фестывальных традыцый ў аматарскай мастацкай творчасці// Веснік БелІПК: Навук.-метад. зб. – Мн.: БелІПК, 1999. – С.107. – 112.

4. Макарава А.А. Сацыяльна-культурныя пераўтварэнні ў дзейнасці сучасных клубных устаноў // Інфармацыйныя матэрыялы да Рэспубліканскага семінара «Новыя падыходы да праблем сельскай культуры» (Мінск, 14– 15 снеж. 2000 г.). – Мн.: БелІПК, 2001. – С.29– 51.

5. Палажэнне аб самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь //Нарматыўна-прававыя дакументы па праблемах арганізацыі аматарскай творчасці/ Уклад.Т.І.Стружэцкі. – Мн.: БелІПК, 1999. – Вып.4. – С.7– 11.

6. Смолік А.І. Сацыяльна-культурная дзейнасць у постчарнобыльскім соцыуме: Вучэб. дапам. для выш. і сярэд. спец. навуч. устаноў. – Мн.: Бел. ун-т культуры, 1999. – С.130– 131.

7. Скараходаў У.П., Пыж І.В. Сацыякультурныя працэсы ў народнай мастацкай творчасці // Беларуская культура сёння. – Мн.: БелДІПК, 2003. – С.91–104.

8. Статыстычны партрэт культуры Беларусі: Агляд тэатр. –відовішч. і культ–асвет. устаноў сістэмы М–ва культуры РБ / БелДІПК. – Мінск, 2003. – С. 66–68.

9. Палажэнне аб народным (узорным) самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь //Нарматыўна–прававыя дакументы па праблемах арганізацыі аматарскай творчасці/ Уклад.Т.І. Стружэцкі. – Мн.: БелІПК, 1999. – Вып.4. – С.14–17.

М.І.Аксюцік, Л.В. Каралькова




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-12-25; Просмотров: 1330; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.059 сек.