Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Полацкае княства ў другой палове XII ст




У 80–90-я гады XII ст. аднаўляецца адноснае адзінства Полацкай зямлі. Барацьба са знешнімі ворагамі, а таксама далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё стварылі аснову для яе палітычнай і тэрытарыяльнай кансалідацыі, якая адбывалася ў канцы XII – першай палове XIII ст.

Пры ўсіх негатыўных адносінах Полацка і іншых беларускіх зямляў з Кіевам і суседнімі княствамі ў ХІІ ст., гэта эпоха была пераломнай амаль для ўсіх народаў Усходняй Еўропы.

Не варта абсалютызаваць аслабленне Полацкай зямлі ў выніку феадальнай раздробленасці. Складаныя працэсы, што адбываліся на беларускіх землях у гэты перыяд, нярэдка ставяць гісторыкаў у тупік. З аднаго боку, выступаюць на першы план моманты: сваркі князёў за ўдзелы і ўладу, міжусобныя войны, няспынныя паходы, усё большае драбленне і аслабленне княства. Гэта стрымлівала сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё, аслабляла ваенны патэнцыял дзяржавы. З другога боку, пачатковая фаза феадальнай раздробленасці (XII – пачатак XIII ст.) да таго часу, як у нармальнае развіццё ўмяшаўся ваенны фактар, характарызуецца буйным ростам і ўзмацненнем гарадоў, а таксама і росквітам культуры.

Перыяд феадальнай раздробленасці нельга разглядаць як час поўнай эканамічнай і палітычнай ізаляцыі княстваў і зямляў, бо побач з імкненнямі да адасаблення нарадзіліся тэндэнцыі да аб'яднання. Этнічная супольнасць, у прыватнасці, агульнасць мовы і культуры, адзінства заканадаўчых і юрыдычных нормаў, сумесная барацьба са знешняй бяспекай і, нарэшце, адзіная рэлігія садзейнічалі збліжэнню беларускіх зямляў паміж сабой. Працягвалася эканамічнае развіццё, умацоўваліся сацыяльныя адносіны, больш разнастайным рабілася палітычнае жыццё, пэўныя дасягненні мела культура.

 

 

2. УЗВЫШЭННЕ МЕНСКА Ў ЧАСЫ КНЯЗЯ ГЛЕБА. БАРАЦЬБА ПОЛАЦКІХ І КІЕЎСКІХ КНЯЗЁЎ.

 

Пасля смерці Усяслава ў 1101 г. на полацкі пасад сеў яго сын Давыд. Глеб стаў першым менскім князем. Барыс валодаў Друцкім удзелам. Каму дастаўся Віцебск – невядома. Пра іншых сыноў Усяслава, апроч іх імёнаў, ніякіх звестак не захавалася. Факт з'яўлення ўдзельных князёў – знак не толькі росту княжацкай сям'і, але і ўзросшай магутнасці гарадоў. Размеркаванне валасцей Полацкага княства паміж Усяслававічамі не магло не прывесці да іх узаемнай барацьбы за пераразмеркаванне зямляў і дамінаванне ў дзяржаве. З братоў найбольшай актыўнасцю вылучаўся Глеб. Ён скіраваў усю сваю энергію на ўмацаванне, пашырэнне і ўзвышэнне Менскага княства. Менавіта ён вёў рэй палітычнага жыцця на Полаччыне ў першай чвэрці ХІІ ст.

Новыя павевы ў полацкай гісторыі адразу выяўляюцца ў саперніцтве Давыда і Глеба. Не маючы дастаткова сіл, каб трымаць у падпарадкаванні братоў, Давыд Полацкі ўжо праз два гады пасля смерці бацькі ўвайшоў у кааліцыю паўднёварускіх князёў. Разам з імі ўдзельнічаў у паходзе на полаўцаў (1103 г.), а ў 1104 г. напаў на свайго брата, князя менскага. Давыд, відаць, не мог скарыць Глеба і быў ініцыятарам уварвання кіеўскага і чарнігаўскага войскаў на Менск – цвярдыню Полацкай зямлі на яе паўднёвых рубяжах. Але перамагчы Глеба кааліцыя не змагла, яе дружына пацярпела няўдачу і была вымушана вярнуцца ні з чым.

Галоўную прычыну гэтага трэба бачыць у моцы Менска, які меў добрыя ўмацаванні і патрэбную колькасць вайсковай сілы для абароны, у адсутнасці адзінства членаў кааліцыі і іх пасіўнасці у ваенных дзеяннях. Такі вынік, бясспрэчна, яшчэ больш умацаваў становішча Глеба і ў значнай ступені акрэсліў яго далейшую палітыку.

Першыя ж падзеі XII ст. раскрываюць першачарговую задачу Полацкага княства ў той час – каланізацыя балцкіх зямляў. Паводле Тацішчава, у 1102 г. князь Барыс хадзіў на яцвягаў і, перамогшы іх, вярнуўся назад і паставіў горад, якому даў сваё імя, Барысаў. М. І. Ермаловіч мяркуе, што гэта быў паход на яцвягаў Верхняга Панямоння, якія жылі тут уперамежку з літвой. Пранікненне Полацка ў глыб балцкіх зямляў пацвярджае няўдалы паход на земгалаў у 1106 г.

Яшчэ раней земгалы, якіх пакарыў Полацк, выйшлі з яго падначалення і перасталі плаціць даніну. Іх непакорнасць пагражала Полацку стратай кантролю над астатнімі падзвінскімі плямёнамі. Гэта акалічнасць асабліва ўстрывожыла Усяславічаў. У паходзе на земгалаў удзельнічалі ўсе браты. А гэта сведчыць, што ўдзелы, якія з'явіліся на Полаччыне, і іх князі, нягледзячы на часовую варожасць і барацьбу паміж сабой, не страцілі разумення агульных інтарэсаў усёй зямлі. Праўда, у адрозненне ад паходу на яцвягаў у 1102 г., гэта акцыя была выключна няўдалай. Крыніцы нічога не гавораць пра аднаўленне полацкай улады над земгаламі. А што гэта было так – не падлягае сумненню, бо ў пачатку XIII стагоддзя, паводле нямецкіх хронік, ніжняе Падзвінне належала Полацку.

З часу земгальскага паражэння і да 1119 г. на першы план полацкай гісторыі выступае Глеб, а яго менскі ўдзел, размешчаны ў басейне Бярэзіны і Свіслачы, адыгрывае найбольш важную ролю ў дзяржаве. Пісьмовыя крыніцы захавалі звыш дзесятка звестак пра Глеба, значна больш, чым пра любога іншага нашчадка Усяслава. Відаць, яго энергічная асоба не заставалася па-за ўвагай сучаснікаў. На самай справе, гэта была выдатная гістарычная постаць.

Геаграфічнае становішча княства, яго этнічная своеасаблівасць (дрыгавіцка-крывіцкае-балцкае насельніцтва) вызначылі для Глеба кірункі пашырэння межаў сваёй зямлі ад Нёмана і Дзвіны да берагоў Дняпра і Прыпяцкага левабярэжжа. Яго экспансіўная палітыка найперш была абумоўлена эканамічнымі прычынамі, бо толькі выхад на гэтыя рэкі мог вывесці Менск з ізаляцыі, забяспечыць яго ўплыў на важнейшыя шляхі зносін і панаванне над імі. Энергічныя дзеянні Манамаха не дазволілі прывесці гэтыя грандыёзныя планы у жыццё.

Урыўкавыя летапісныя паведамленні не даюць магчымасці аднавіць усе звенні палітыкі Глеба Менскага аднолькава поўна. У сваім руху на ўсход ён авалодаў Оршай і Копыссю, у залежнасць ад Глеба трапіў Друцк. Выхад да Дняпра намнога павялічыў сілы Менска, што дала магчымасць пераключыць увагу на прыпяцкі кірунак.

Аднак змяніліся палітычныя абставіны. У 1113 г. памёр кіеўскі князь Святаполк, яго пераемнікам стаў па запрашэнню гараджан Уладзімір Манамах – даўні непрыяцель Полацкай зямлі. З гэтага часу зноў пачынаецца абвастрэнне адносін паміж Менскам і Кіевам. Кіеўскія крыніцы ўсю віну за гэта ўскладаюць на Глеба, які кінуў выклік вялікаму князю: у 1116 г. Глеб " воевал дреговичи и Случеск пожег, и не каяшеться о сем, ни покаряшеться, но более противу Володимеру глаголюще, укаряя и ". Манамах, якому падпарадкоўвалася Тураўская зямля і, значыць, Слуцк, прымае крутыя меры. Ён выступіў у кааліцыі з іншымі князямі – чарнігаўскім, смаленскім, пераяслаўскім – на менскага свавольніка. Былі разрабаваны Друцк, захоплены і перададзены Смаленску Орша, Копысь. Навісла небяспека над Менскам. Апынуўшыся пад пагрозай працяглай аблогі і голаду, Глеб выйшаў з горада з жонкай, дзецьмі і папрасіў у Манамаха літасці. " Омирев (усмирив) Глеба и наказав его", Манамах пакінуў яму Менск на правах васальнага валодання, а сам вярнуўся ў Кіеў. Так спроба Менска завалодаць прыпяцкімі і дрыгавіцкімі землямі каштавала страты важнейшага ўчастка Падняпроўя, які забяспечваў паўнакроўнае эканамічнае і палітычнае жыццё. У адчаі менскі князь пачынае неадкладна весці барацьбу за іх вяртанне.

У 1117 г., як паведамляе Тацішчаў, які абапіраўся на Полацкі летапіс, Глеб разам з палачанамі " начал воевать область Владимировых детей: Новгородскую (Наваградскую) и Смоленскую ". Гэта перапоўніла чашу цярпення Манамаха: " Хотя беспокойство сего князя смирить, послал Мстислава, сына, с братиею и воеводы с довольным войском и велел, как возможно, Глеба самого, поймав, привести. Мстислав же, пришел вскоре, Менск оступа, взял, где Глеба, не прияв его просьбы о мире, пленил и в Киев привез, где он в заточении преставился ". Гэта адбылося ў 1119 г. Пахаваны Глеб быў у Кіева-Пячорскай лаўры. Ёсць думка, што яго атруцілі. Што ж, Глеб Менскі быў моцнай палітычнай постаццю, як і ў свой час яго бацька Усяслаў, і прыносіў шмат клопатаў Кіеву. Вялікія князі кіеўскія на прыкладзе падзей 1068 г. добра ведалі, як небяспечна трымаць у сябе палоннага полацкага князя.

Захоплены войскамі Мсціслава, Менскі ўдзел недзе на 1,5 дзесяцігоддзя пераходзіць да Кіева.

Трагічны фінал дзейнасці ніколькі не змяншае ролі Глеба Менскага ў нашай гісторыі. Гэты нашчадак Усяслава поўнасцю аддаўся справе пашырэння і ўзвышэння свайго княства, але ніколі не губляў здольнасці бачыць агульныя інтарэсы ўсёй Полацкай зямлі. У грандыёзных планах Глеба па далучэнні нёманскіх, дняпроўскіх і прыпяцкіх зямляў акрэсліваюцца контуры будучай Беларусі са сталічным статусам у ёй Менска. У гэтым выключная палітычная роля першага менскага князя.

Пасля Глеба засталіся тры сыны: Валадар, Расціслаў і Усяслаў. Першы з іх стаў найбольш паслядоўным прадаўжальнікам справы бацькі.

Паражэнне Менска з'явілася пралогам яшчэ большай трагедыі, якая напаткала Полацкую зямлю ў канцы 20-х гадоў. Завалодаўшы часткай паўднёвай тэрыторыі Манамах, які расправіўся з Глебам і завалодаў часткай паўднёвай тэрыторыі разам з Менскам, у 1121 г. разам са сваімі сынамі ідзе ў Смаленск " для рассмотрения несогласий и усмирения полоцких князей ". Гэта быў унікальны з'езд, бо на ім прысутнічалі полацкія князі, чаго не назіралася на папярэдніх з'ездах. Яны былі выкліканы Манамахам у Смаленск як васалы для ўціхамірвання. Полацка-кіеўскую нязгоду жывіла анексія Менскай зямлі, з чым не маглі змірыцца полацкія князі і таму выказвалі свой пратэст, а то і пагрозу вярнуць назад заваяванае. Напэўна, з боку Манамаха была выказана пагроза, што калі Усяславічы не ўціхамірацца, дык будуць мець справу са злучанымі сіламі ўсёй Русі. Вось для чаго разам з Манамахам прыехалі яго "дзеці"– каб палачане наглядна ўбачылі, наколькі супраць іх салідарныя паміж сабою ўсе рускія князі.

Тады ў паслушэнстве Кіева Усяславічы былі нядоўга. Яны захоўвалі бачнасць спакою да смерці Манамаха (1125 г.). Непадпарадкаванне яго наступніку Мсціславу (1125–1132 гг.) выклікала праз тры гады буйнейшы кааліцыйны паход на непакорнае княства. Па колькасці ўдзельнікаў і велічыні іх войска гэта быў беспрэцэдэнтны паход у гісторыі Полацкай зямлі – сапраўдная феадальная вайна. Мсціслаў паслаў сюды шматлікія дружыны з Турава, Уладзіміра Валынскага, Гародні, Клецка, Чарнігава, Смаленска, Курска, Ноўгарада, а таксама атрады цюркскіх качэўнікаў. Усім ім былі даведзены дакладныя маршруты і вызначаны дзень уварвання ў межы Полацкага княства. "Четырьмя путьми" войскі саюзнікаў накіроўваюцца ў 1128 г. супраць яго важнейшых абарончых аб'ектаў: Ізяслаўля, Лагожска, Барысава і Друцка. Полаччыне быў нанесены сакрушальны ўдар. Некалькі гарадоў захоплена і разрабавана, многія жыхары ўзяты ў палон.

Націск кіеўскіх васалаў быў прыпынены, відаць, дзякуючы дыпламатычным перамовам, распачатым Полацкам. У гэты крытычны для дзяржавы момант на першы план выступае веча. Яно ўсклала ўсю віну за трагедыю на князя Давыда, выдаліла яго з сынамі з Полацка і з ухвалення Мсціслава запрасілі на гэта месца Рагвалода-Барыса. Задаволены прызнаннем палачанамі сваёй улады, Мсціслаў і ўсе ўдзельнікі кааліцыі спынілі далейшае прасоўванне. Хоць войскі адышлі ад Ізяслаўля, Лагожска, Барысава, Друцка, аднак, Менск не быў вернуты, што пакідала падставы для аднаўлення барацьбы.

Рагвалод-Барыс княжыў нядоўга. У 1129 г. ён памёр, і ў Полацк зноў вярнуўся Давыд.

У гэтым жа годзе адбываюцца яшчэ дзве падзеі: Мсціслаў Кіеўскі ідзе паходам на землі літвы, якія плацілі Полацку даніну, а Полацк адмаўляецца браць удзел у супольным паходзе рускіх князёў на полаўцаў. (Відаць, адной з умоў міру 1128 г. быў абавязак палачан удзельнічаць у вайсковых мерапрыемствах Кіева). Такім чынам, зноў абвастраюцца полацка-кіеўскія супярэчнасці.

Кульмінацыяй сталі драматычныя падзеі 1129 г. Кіеўскі князь прымае кардынальнае рашэнне: ён паланіў і выслаў у Візантыю полацкіх князёў разам з іх сем'ямі: Расціслава, Святаслава-Георгія (бацьку будучага полацкага князя Васількі і Ефрасінні Полацкай), сыноў Рагвалода-Барыса – Васіля і Івана, а таксама Давыда. Там яны служылі ў войску. Гэта высылка садзейнічала ўмацаванню прамых культурных і рэлігійных сувязяў старажытнай Беларусі з Візантыяй. Толькі два выгнаннікі – браты Рагвалодавічы – праз 10 гадоў вярнуліся на радзіму. Астатнія, відаць, закончылі свой жыццёвы шлях у Візантыі. Так у трэці раз у гісторыі была зроблена спроба паставіць крыж на полацкай дынастыі. Усё гэта было ў духу трывалай кіеўскай палітыкі, якая імкнулася знішчыць яе як увасабленне суверэнітэту Полацкай дзяржавы яшчэ ў 980 г. (забойства Уладзімірам Рагвалода і яго сыноў) і ў 1067 г.(захоп у палон кіеўскім трыумвіратам Усяслава Чарадзея с сынамі).

Спроба ў 1129 г. рэпрэсіўнымі мерамі ў адносінах да мясцовай княжацкай дынастыі пакараць вольны Полацк за непаслушэнства, за адстойванне палітычнай незалежнасці сведчыла пра ўжо слабую эфектыўнасць і бесперспектыўнасць вялікадзяржаўнай палітыкі з пазіцыі сілы.

Выслаўшы князёў у Візантыю, Мсціслаў цалкам авалодаў Полацкай зямлёй і " мужи свои посади по городам их ", а ў Полацку – спачатку свайго сына Ізяслава, потым – Святаполка.

Стаўленікі Кіева рабавалі краіну, душылі насельніцтва паборамі. Ды і сам Мсціслаў прыклаў руку да таго, каб падарваць эканамічную базу княства, здзяйсняючы паходы на землі, што плацілі Полацку даніну. У 1132 г. Мсціслаў у саюзе з чарнігаўскімі князямі і Усеваладам Гарадзеньскім хадзіў на літву "и пожгоша я". Гісторык Л. В. Аляксееў звярнуў увагу на тое, што паходы на літву і яцвягаў у X, XI і пачатку XII ст. арганізоўваюцца паўднёварускімі князямі толькі ў тых выпадках, калі Полацкае княства ці непасрэдна ім падпарадкоўвалася (983, 1120, 1132 гг.), ці знаходзілася з імі ў сяброўскіх адносінах (1038, 1040, 1112 гг.).

Паходы Мсціслава на Полацк і літву былі фактычна апошнія акцыі Кіева па падначаленню іншых зямляў. У 1132 г. Мсціслаў памёр і гэта падзея чыста суб'ектыўнага характару адразу выявіла ўсю далейшую нежыццяздольнасць "шматковай імперыі Рурыкавічаў". Яна распалася на шматлікія ўдзелы, паміж якімі разгарэлася яшчэ з большай сілай міжусобная барацьба.

У гэтым жа 1132 годзе полацкае веча пазбавіла прастола Святаполка, сказаўшы: " Лишается нас ". Даследчыкі заўважылі, што немясцовыя князі ў Полацку не затрымліваліся. Выгнанне Святаполка пацвердзіла, што палачане не цярпелі ў сябе прадстаўнікоў іншых дынастый. Яны абралі сабе князем Васільку – унука Усяслава, сына Святаслава-Георгія, высланага разам з іншымі ў Візантыю, брата князёўны Прадславы, якая ўвойдзе ў гісторыю як святая Ефрасіння. Полацкая зямля, за выключэннем Оршы і Копысі, якія адышлі да Смаленска, і Менска (ён некаторы час заставаўся за кіеўскім князем), зноў апынулася пад уладай мясцовай дынастыі нашчадкаў Усяслава. Васільку ўдалося аб'яднаць значную частку Полацкай зямлі і кіраваць ёю 8 гадоў. У 1139 г. два Рагвалодавічы – Васіль і Іван – былі адпушчаны візантыйскім імператарам. З іх вяртаннем адбыліся змены ў замяшчэнні княжацкіх сталоў і пераразмеркаванне ўдзелаў дзяржавы.

Пісьмовыя звесткі па гісторыі Полацкай зямлі 30–40 гг. XII ст. вельмі скупыя. Невядома, хто правіў з 1144 па 1146 год. У 1146–1151 гг. князем полацкім быў Рагвалод Барысавіч з Друцка. У 1136 (1146) г. аднаўляе сваю самастойнасць Менскае княства. Там пасад займае ўнук Усяслава Чарадзея і сын першага менскага князя Расціслаў Глебавіч. Расціслаў і яго брат Валадар працягвалі бацькаўскую палітыку ў дачыненні да Полацка. Тым больш, што Рагвалод быў саюзнікам Манамашычаў, якія княжылі ў Суздалі, Смаленску і часцей за іншых сядзелі ў Кіеве і Ноўгарадзе, якім падпарадкоўваліся Тураўская (да 1158 г.) і Берасцейская землі. Незадаволеныя палітыкай свайго князя былі і палачане.

 

Новае дзесяцігоддзе полацкай гісторыі пачалося вельмі бурліва. У 1151 г. палачане схапілі свайго князя Рагвалода і выдалі ў Менск, дзе яго трымалі "у велице нужи" (патрэбе), а Расціслава Глебавіча, які да гэтага правіў у Менску, пасадзілі на полацкі стол. Праз 7 гадоў гэтым Усяслававым унукам зноў давялося сутыкнуцца ў барацьбе за княжацкі пасад.

Дадзеная расстаноўка сіл на Полаччыне не задавальняла вялікага кіеўскага князя Юрыя Даўгарукага і ноўгарад-северскага князя Святаслава Ольгавіча, якому Даўгарукі ў 1149 г. аддаў Слуцк, Клецк і " вси дреговичи ". Даведаўшыся пра цяжкі лёс Рагвалода ў руках Глебавічаў, Юрый Даўгарукі запатрабаваў пад пагрозай вайны вызваліць вязня, што і было зроблена. Аднак, атрымаўшы вестку аб смерці кіеўскага валадара (1157 г.), Глебавічы не вярнулі Рагвалоду яго ўладанняў і пажыткаў. Тады Святаслаў Ольгавіч даў князю-ізгою полк, і той, выкарыстаўшы спрыяльную для сябе палітычную атмасферу ў Полацку і Друцку, дзе меў прыхільнікаў, пачынае барацьбу за княжацкі пасад.

У сваім імкненні ўмацавацца ў Полацку Рагвалод абапіраўся на падтрымку насельніцтва Друцка. Яно запрасіла яго княжыць да сабе. І калі Рагвалод з палком аказаўся ля Друцка, гараджане наладзілі яму ўрачыстую сустрэчу і з вялікай пашанай ўзвялі на друцкі прастол.

Гэта сведчыла пра значную самастойнасць горада. Дручане без ведама Полацка адчынілі свае вароты Рагвалоду, а свайго князя Глеба Расціславіча "выгнаша", пры гэтым разрабавалі Глебаў двор і пабілі яго дружыннікаў, прадэманстраваўшы такім чынам перавагу ў сіле над гэтымі прафесійнымі ваеннымі.

Здарэнне ў Друцку ўскалыхнула масы палачан: " И мятеж бысть велик в городе в Полчанех, мнози бо хотяху Рогъволода ". Сямігадовае праўленне ў Полацкай зямлі Глебавічаў выклікала незадавальненне, і яны вырашылі зноў вярнуць Рагвалода. Падобная перамена сімпатый была ў духу таго часу.

Ледзьве супакоіў людзей, Расціслаў адарыў многіх падарункамі, прыводзіў іх да цалавання крыжа. Лёгка пераканацца, наколькі нетрывалым было становішча князя ў Полацку, калі ён залежаў ад настрою гараджан, да якіх яму даводзілася паддобрывацца і ўсяляк улагоджваць, каб схіліць іх на свой бок.

Полацкі князь, аднавіў адносіны з гараджанамі і накіраваўся ў паход на Рагвалода, які сядзеў у Друцку. Пры падтрымцы дручан той выстаяў у баі. Варагуючыя князі прымірыліся. Аднак мір паміж імі быў надзвычай нетрывалым. Расціслаў нядоўга заставаўся ў Полацку. У хуткім часе супраць яго распачаўся рух. Гараджане і баярства задумалі "совет зол" супраць свайго князя. Яны вялі перагаворы з Рагвалодам, які знаходзіўся ў Друцку, а Расціслава хацелі заманіць на пір – "братчыну" і забіць, але прадбачлівы князь надзеў пад адзенне кальчугу " и не смеша на ня дерзнути ". На наступны дзень пачалося паўстанне супраць Расціслава. Палачане збівалі княжацкую дружыну. Расціслаў вымушаны быў уцякаць у Менск да брата Валадара і на сваім шляху " много зла створи волости Полотъскои воюя ".

А палачане паслалі ў Друцк па Рагвалода. І прыйшоў ён у стольны горад княства " и седе на столе деда своего и отца своего с честью великою, и тако быша ради полчане ". Веча "пакаялася" – прасіла Рагвалода забыцца пра тое зло, якое яму прычынілі ў 1151 г., а менавіта, што без усялякай віны паўсталі на яго, разрабавалі ўсю маёмасць яго і дружыны, а самога выдалі Глебавічам.

З 1158 па 1162 гг. полацкі прастол зноў займае Рагвалод Барысавіч. Выгнанага Расціслава зноў прытуліў Менск. Каб утоймаваць менскіх Глебавічаў, Рагвалод амаль штогод здзяйсняе на іх паходы. Па-за сваёй краінай, ён, звязаны абавязацельствамі з іншымі князямі, вымушаны падтрымліваць іх ў драпежніцкіх паходах, што не магло не паўплываць на яго ўнутраную палітыку і аслабляла яго.

Полацк спрабаваў вярнуць страчаныя пазіцыі старшынства. У 1158 г. ў саюзе са смалянамі, наўгародцамі і пскавічамі Рагвалод ідзе на Менск. Супраць Менскага княства ўтварылася цэлая кааліцыя. Дапамога саюзнікаў не была бескарыслівай. Полацка-менскі канфлікт быў зручным выпадкам для Смаленска пашырыць і ўмацаваць свой уплыў у Полацкай зямлі. Эканамічна развітае і палітычна моцнае Смаленскае княства праводзіць экспансіянісцкую палітыку ў адносінах да суседніх зямляў, якія вылучаліся сваёй унутранай палітычнай нестабільнасцю. Адчуваючы сваю сілу, Смаленск пачаў прэтэндаваць на вядучае месца сярод крывіцкіх зямель, што і рабіла яго канкурэнтам Полацка.

Беспаспяхова прастаяўшы 10 дзён пад Менскам, Рагвалод заключыў мір з Расціславам, на чым і цалавалі крыж. У гэтым жа годзе Рагвалод прыняў удзел у паходзе кіеўскага князя Ізяслава на Тураў.

Рагвалод робіць яшчэ не адну беспаспяховую спробу заваяваць Менск. У 1161 г. ён ідзе на Валадара Глебавіча. Той зачыняецца ў Гарадцы, а ўначы разам з дружынай літвы разбівае полацкае войска. Ведаючы, што давядзецца адказаць перад полацкім вечам за нядбайнасць, вялікія страты, Рагвалод адмаўляецца ад полацкага пасада і вяртаецца княжыць у Друцк.

Пасля бясслаўнага заканчэння полацкага княжання Рагвалода на прастол з Віцебска быў пакліканы звязаны са Смаленскам Усяслаў, сын Васількі Святаславіча. Князю Усяславу (1162–1186 гг.) таксама давялося змагацца з Глебавічамі і быць саюзнікам Манамахавічаў. Абранне Усяслава прывяло да павелічэння смаленскага ўплыву на Полаччыне. Але гэты саюз вымагаў ахвяр.

У 1167 г. менскі князь Валадар у барацьбе за гегемонію ў дзяржаве рушыў на Полацк, прымусіў Усяслава ўцякаць, а сам узышоў на княжацкі пасад, заключыўшы з гараджанамі дамову. Як бачым, полацкае веча цаніла сілу і схілялася перад ёй, праўда, не забываючыся пра свае інтарэсы. Факт усталявання ў Полацку Валадара яшчэ раз засведчыў тое, што ў 50–60-я гг. XII ст. у дзяржаве ішла не сепаратысцкая барацьба за выдзяленне паасобных удзелаў з-пад улады Полацка, а барацьба за іх дамінуючае становішча на зямлі. Усяслаў мусіў шукаць ратунку ў Давыда, а за гэта – ахвяраваць яму Віцебск.

Валадар не быў упэўнены ў трываласці свайго становішча і таму адразу рушыў да Віцебска. Але тут вайсковае шчасце здрадзіла яму. Віцебскае паражэнне, па сутнасці, паклала канец гістарычнай дзейнасці Валадара Глебавіча, які ўсё сваё жыццё прысвяціў прадаўжэнню справы бацькі і старэйшага брата Расціслава – ўмацаванню і росквіту вотчыннага Менска. Паход Валадара на Полацк і Віцебск быў бліскучым, але апошнім усплёскам сілы і славы Менска, бо пасля гэтага ён надоўга знік з нашай гісторыі.

Толькі пад 1326 г. зноў згадваецца ў летапісе Менская зямля, калі яна ўжо ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. А тэрыторыя Менскага павета ў XVI ст. амаль цалкам супадала з тэрыторыяй Менскага княства.

Полацк, які зламаў найбольш моцнага і небяспечнага праціўніка, мог прыступіць да вырашэння другой важнай задачы – вызвалення з-пад смаленскага ўплыву. Але шлях да гэтага быў яшчэ больш цяжкі і пакручасты. Ён ішоў праз удзел Полацка ў розных міжкняжацкіх кааліцыях.

Самым важным фактарам у рускай гісторыі сярэдзіны XII ст. было ўзвышэнне Растова-Суздальскай зямлі. З мэтай умацавання сваёй зямлі князь Андрэй Багалюбскі пачаў барацьбу за падначаленне Суздалю Кіева і Ноўгарада – старажытных палітычных цэнтраў Русі. У гэту справу ён здолеў уцягнуць іншыя землі, у тым ліку Смаленскую і Полацкую.

У 1167 г. палачане дапамагалі смалянам і А. Багалюбскаму ў барацьбе з Ноўгарадам, адкуль выгналі князя са смаленскай дынастыі. Не паспелі вярнуць выгнанніка на яго пасад, як Ноўгарад, Пскоў і Кіеў наладзілі паход на Полацк (1168 г.) і " пожгоша волость ". Зноў на дапамогу прыйшлі смаляне. У падзяку за гэта Усяслаў Васількавіч у 1168 г. падтрымаў князёў смаленскага і суздальскага ў іх няўдалым паходзе на Кіеў, а ў 1169 г. – на Ноўгарад. Палачане ўдзельнічалі і ў паходзе А. Багалюбскага на Кіеў у 1174 г. Летапіснае сведчанне, што Багалюбскі " полотъским князем пойти повеле всем ", паказвае, што яны вымушаны былі лічыцца з сілаю суздальскага дыктатара. Летапіс пад 1175 г. занатаваў факт заключэння шлюбу паміж дачкой Усяслава і адным з суздальскіх князёў. Мы бачым імкненне Полацка паглыбіць сувязі з суздальскай зямлёй як важнейшым фактарам тагачаснай рускай гісторыі і такім чынам палепшыць сваё палітычнае становішча.

У другой палове 70-х гадоў карэнным чынам мяняецца палітычная сітуацыя. У 1175 г. баяры забіваюць А. Багалюбскага. Ужо гэта, відаць, унесла карэкціроўку ў суадносіны сіл. У 1179 г. памірае былы вораг палачан – наўгародскі князь Мсціслаў, яшчэ праз год (1180 г.) – іх асноўны саюзнік і абаронца Раман Смаленскі. Мяняюцца арыенціры. Трэба адзначыць, што Полацк не хаатычна, не па чужой волі кідаўся паміж рознымі княжацкімі кааліцыямі, а выкарыстоўваў удзел у іх найперш у сваіх інтарэсах. Гэта вынік дзейнасці полацкай дыпламатыі, якая не раз выратоўвала зямлю ад небяспекі трапіць у палітычныя тупікі. У палітычнай сітуацыі 60–70-х гадоў саюз са Смаленскам быў карысны для Полацка. Аднак калі абставіны змяніліся, ён парваў гэты саюз.

У 1180 г. Усяслаў вяртае пад сваю руку Віцебск і садзіць там свайго брата Брачыслава. У тым жа годзе браты разам з лагожскім, ізяслаўскім і іншымі полацкімі князямі пры дапамозе літвы і ліваў спрабуюць падпарадкаваць сабе Друцкае княства. У паходзе ўдзельнічаў ноўгарад-северскі князь Ігар Святаславіч, герой паэмы "Слова пра паход Ігаравы". На дапамогу ім прыйшоў вялікі кіеўскі князь Святаслаў, але ён спазніўся, і гэта выкарыстаў Давыд Смаленскі, былы віцебскі князь, якога выгнаў Усяслаў. Ён узяў князя друцкага Глеба пад сваю абарону. Але, убачыўшы супраць сябе такую сілу, Давыд не адважыўся ўступаць у бітву і ноччу ўцёк у Смаленск. Гнацца за ім саюзнікі не сталі. Яны папалілі перадавыя ўмацаванні і разышліся. Перамога дасталася лёгка. Полацк вярнуў сабе Друцкі ўдзел, які быў апорай смаленскага ўплыву на Полаччыну.

Паход на Друцк выклікаў такое адзінства полацкіх князёў таму, што справа тычылася абароны эканамічна-гандлёвых інтарэсаў усёй зямлі. М. Ермаловіч бачыць у гэтым яднанні пачатак аднаўлення палітычнага адзінства Полацкай зямлі, якая з пачатку 80-х гадоў XII ст. стала выходзіць са стану міжусобнай барацьбы. Працэс феадальнай раздробленасці, які пачаўся на Полаччыне раней за іншыя землі, тут пачаў і раней вычэрпвацца.

Смаленск не хацеў мірыцца са стратай свайго ўплыву на Полацк і рабіў усялякія захады, каб аднавіць свае ранейшыя пазіцыі. Князь Давыд імкнецца ўнесці разлад у яго жыццё, падарваць знутры. Ён распальвае міжусобіцу, у якой робіць стаўку на мясцовых князёў, што былі незадаволены сваім статусам – перш за ўсё на менскіх Глебавічаў. У 1186 г. Давыд Смаленскі разам з наўгародскім, лагожскім і друцкім князямі арганізаваў паход на Полацк. Полацкае веча вырашыла дамагацца мірнага ўрэгулявання канфлікту. Палачане прыйшлі на памежжа і сустрэлі сваіх праціўнікаў " з паклонам і з пашанаю і далі ім многія дары ". Давыд пералічыў нанесеныя яму крыўды, але, атрымаўшы ўзнагароду, згадзіўся на мір. Наўрад ці змог Полацк абысціся толькі шчодрымі дарамі, але пра гэта крыніцы маўчаць.

У 1186 г. у бітве з літвой загінуў полацкі князь Усяслаў Васількавіч з віцебскай галіны Усяславічаў. Гэты год стаў пераломным у гісторыі Полацка. Горад атрымаў тады першае прадвесце вялікай пагрозы, якая насоўвалася з захаду. Палачане не зразумелі ўсёй сур'ёзнасці, на першы погляд, нязначнага факта – пачатку місіянерскай дзейнасці сярод падуладных Полацку ліваў каталіцкага манаха Мейнарда.

Полацкая гісторыя канца XII і пачатку XIII ст. вядома мала. Усходнеславянскія летапісцы амаль змаўкаюць, і толькі некалькі звестак мільгае ў ноўгарадскім летапісанні. Асноўнай крыніцай ведаў пра той час становіцца крыжацкая "Хроніка Лівоніі" Генрыха Латвійскага – удзельніка нямецкай агрэсіі ў Прыбалтыцы ў XIII ст. Але якімі бы беднымі ні былі пісьмовыя звесткі, яны даюць магчымасць зрабіць вывад аб умацаванні і адзінстве Полаччыны як галоўнай тэндэнцыі яе гістарычнага развіцця ў канцы XII ст.

Пытанне, які княжацкі род умацаваўся ў Полацку ў 1186 г., застаецца пакуль што праблематычным. Летапісец апошні раз згадвае Усяслава Васількавіча пад 1186 г. Епіскап Мейнард пытаў дазволу на хрышчэнне ліваў у тым жа 1186 г. ў "караля Вальдэмара", які княжыў у Полацку, мяркуючы па гэтай крыніцы, 30 гадоў (памёр у 1216 г.). Магчыма, гэта сын Усяслава Васількавіча, які атрымаў Полацк пасля бацькі ў 1186 г. Пад яго кіраўніцтвам Полацкае княства першае з усходнеславянскіх зямляў прыняла на сябе цяжар барацьбы з крыжакамі.

Такім чынам, закладзеныя ў Х–ХІ стст. падмуркі самастойнасці Полацкай зямлі сталі перадумовай таго, што ў ХІІ ст. яна паспяхова адстойвае свае межы, дасягае небывалага культурнага ўздыму, у пачатку ХІІІ ст. становіцца на абарону ўсходнееўрапейскіх інтарэсаў, уступіўшы ў няроўную барацьбу з мечаносцамі, а ў другой палове ХІІІ – пачатку XIV ст. прыносіць лепшыя здабыткі гістарычнага развіцця, палітычны вопыт, высокі культурны ўзровень у Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

 

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-06; Просмотров: 2189; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.04 сек.