Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. 4 страница




У ваенна-стратэгічных планах расійскага камандавання беларускія землі адыгрывалі значную ролю ў бягучым забеспячэнні палявых рэгулярных войск, якія тут дыслацыраваліся, стварэнні харчова-фуражных запасаў, пастаўцы для арміі коней, транспартных сродкаў і іншых неабходных для арміі рэчаў. Ішло таксама камплектаванне расійскай арміі. Толькі за 1811 г. з пяці беларускіх губерняў у расійскія войскі паступіла 14 750 рэкрутаў, а разам з наборам 1808 – 1810 гг. агульная колькасць рэкрутаў з Беларусі складала некалькі дзесяткаў тысяч чалавек.

Падрыхтоўка да вайны ўскладнялася супярэчнасцямі ў палітычным настроі беларуска-літоўскага грамадства, у першую чаргу ў асяроддзі шляхецкага саслоўя. Дэмакратычныя шляхецкія, мяшчанскія, інтэлігенцкія колы арыентаваліся на Напалеона. Вялікая колькасць шляхецкай моладзі яшчэ з часоў вайны 1809 г. эмігравала ў Герцагства Варшаўскае і паступала служыць у польскае войска. Прынятыя ў гэтай сувязі расійскімі ўладамі захады (секвестр і канфіскацыя маёмасці, судовыя прыгаворы) асаблівага поспеху не мелі.

Аднак пераважная большасць шляхты з асцярогай глядзела на сацыяльныя рэформы ў герцагстве, асабліва на адмену прыгоннага права. Для многіх шляхціцаў імя Напалеона было непарыўна звязана з Французскай рэвалюцыяй, якая знішчыла ўсе феадальныя інстытуты. Частка арыстакратаў і буйных землеўладальнікаў звязвала свае надзеі на аднаўленне элементаў “літоўскай” дзяржаўнасці (ВКЛ) у саюзе з Расіяй і на чале з Аляксандрам І.

У сваю чаргу, для забеспячэння падтрымкі з боку дваранства Літвы і Беларусі напярэдадні вайны з Францыяй імператар Аляксандр І істотна знізіў падаткі, якія паступалі ў казну з тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, а таксама выказаў жаданне аднавіць цэласнасць краю пад уладай Расіі. У 1811 г. магнаты М. Агінскі, К. Любецкі, К. Плятэр, К. Любамірскі, С. Грабоўскі па даручэнні імператара склалі праект Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім. У склад апошняга планавалася ўключыць усе тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, якія адышлі да Расіі. Першым крокам на шляху да аўтаноміі павінна было стаць абвяшчэнне Маніфеста Вялікага княства Літоўскага. Паступова, на працягу 10 гадоў, прадугледжвалася асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак у вышэйшым расійскім кіраўніцтве гэты праект разглядалі як спробу раздзялення і аслаблення імперыі, таму яго ажыццяўленне адкладвалася.

Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1812 г. Расійскае войска на заходняй мяжы імперыі складалася з трох армій і трох асобных карпусоў. Першая Заходняя армія на чале з ваенным міністрам М.Б. Барклаем дэ Толі (120,2 тыс. чалавек і 580 гармат) дыслацыравалася ў Віленскай губерні, па лініі Расоны – Ліда і прыкрывала пецярбургскі кірунак. Другая Заходняя армія пад камандаваннем генерала ад інфантэрыі П.І. Баграціёна (49,4 тыс. чалавек і 180 гармат) знаходзілася ў Гродзенскай губерні, паміж Нёманам і Бугам і засланяла маскоўскі напрамак. Трэцяя Заходняя армія на чале з генералам ад кавалерыі А.П. Тармасавым (44,2 тыс. чалавек і 168 гармат) была размешчана каля г. Луцка ў Валынскай губерні і закрывала кіеўскі напрамак. Акрамя таго, пад Рыгай знаходзіўся асобны корпус генерал-лейтэнанта І. Эсена (38,1 тыс. чалавек), каля Тарапца – рэзервовы корпус генерал-ад’ютанта Я. Мелера-Закамельскага (27,5 тыс. чалавек) і войскі генерал-лейтэнанта Ф. Эртэля (37,5 тыс. чалавек). Рускія арміі былі размешчаны на фронце ў 600 км і аказаліся адарванымі адна ад другой на 100 – 200 км. (план дыслакацыі распрацоўваў саветнік Аляксандра І прускі генерал К. Фуль). Такі план мог прывесці да разгрому рускіх армій паасобку, на што і разлічваў Напалеон.

У ночна 12 чэрвеня 1812 г. пачалася пераправа арміі Напалеона праз Нёман. Адразу быў заняты г. Коўна. Напалеон спадзяваўся разбіць рускія войскі ў прыгранічных раёнах і прымусіць Расію заключыць мір. Расійскае камандаванне на нарадзе ў Дрысенскім лагеры прыняло рашэнне не ўступаць у рашаючую бітву да аб’яднання 1-й і 2-й армій у Віцебску. Армія М.Б. Барклая дэ Толі адыходзіла на Віцебск праз Вільню – Свянцяны – Дрысу – Полацк. Каб прыкрыць пецярбургскі напрамак у Дрысенскім лагеры быў пакінуты корпус П.Х. Вітгенштэйна. У асабліва цяжкім становішчы апынулася 2‑я армія П.І. Баграціёна, якая адступала ў напрамку Ваўкавыск – Слонім – Навагрудак – Нясвіж – Магілёў. Яна страціла сувязі з асноўнымі рускімі войскамі і праследавалася французскай арміяй.

16 чэрвеня 1812 г. французская армія заняла Вільню. У той жа дзень сюды прыехаў Напалеон. У чэрвені – ліпені адбыліся жорсткія баі каля вёсак Вароны, Закрэўшчына, Гудзявічы Гродзенскай губерні, пад мястэчкамі Вішнева, Карэлічы Віленскай губерні; паблізу мястэчкаў Мір і Раманава Мінскай губерні, каля мястэчка Астроўна Магілёўскай губерні і вёскі Кукавячыны Віцебскай губерні, пад Клясціцамі каля Полацка. 15 ліпеня А.П. Тармасаў разбіў пад Кобрынам саксонскі корпус Ж. Рэнье і знішчыў больш за 2 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Аднак у ліпені 1812 г. расійскім арміям не давялося злучыцца ў раёне Віцебска. Рускую армію апярэдзіў корпус Даву, які заняў Магілёў і перагарадзіў шлях каля вёскі Салтанаўка. Рускія войскі спрабавалі тут пераправіцца праз Днепр, але няўдала. Тады П.І Баграціён арганізаваў пераправу каля Нова-Быхава і выратаваў яе ад разгрому. Сустрэча рускіх армій была прызначана ў Смаленску.

Акупацыйны рэжым французскіх улад. Амаль уся тэрыторыя Беларусі, за выключэннем паўднёвых паветаў, кантралявалася французскім ваенным камандаваннем. Але ўжо на пачатку вайны напалеонаўская армія страціла да 150 тыс. чалавек (разам з хворымі і дэзерцірамі), у ёй пагоршылася дысцыпліна, шырока распаўсюдзілася марадзёрства. Напалеон вымушаны быў пакідаць значныя сілы ў гарнізонах, асабліва ў Вільні, Мінску, Віцебску.

Напалеон улічваў, што значная частка літоўска-беларускай шляхты спадзявалася на аднаўленне пры яго дапамозе Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Каб яшчэ больш схіліць шляхту на свой бок, Напалеон распарадзіўся стварыць у захопленай Вільні Часовы ўрад – Камісію Вялікага княства Літоўскага. Паўнамоцтвы Камісіі распаўсюджваліся на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць, якія былі ў хуткім часе ператвораны ў дэпартаменты з двайной (мясцовай і французскай) адміністрацыяй. Галоўныя пасады ў іх занялі французскія военачальнікі – інтэнданты. 8 ліпеня 1812 г. генерал-губернатарам Літвы быў прызначаны граф Дзірк ван Гогендорп, а ў кожным дэпартаменце дзейнічаў ваенны губернатар.

У склад Камісіі ВКЛ ўвайшлі мясцовыя землеўладальнікі і палітычныя дзеячы: С. Солтан (старшыня), К. Прозар, Ю. Серакоўскі, А. Сапега, Ф. Ельскі, А. Патоцкі, Я. Снядзецкі. Камісія павінна была вырашаць фінансавыя пытанні (збіраць падаткі і размяркоўваць бюджэтныя сродкі), арганізоўваць узброеныя сілы, сфарміраваць жандармерыю і судовыя органы. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае, “польскае праўленне”. Расійскі герб быў заменены на польскага белага арла.

Французскай арміі патрэбны былі салдаты і афіцэры, харчаванне, коні і фураж. Марыянетачны Часовы ўрад ВКЛ павінен быў перш за ўсе забяспечваць усім гэтым войскі Напалеона. Напрыклад, паводле ўказа Часовага ўрада ад 13 ліпеня Віленскі і Мінскі дэпартаменты павіненны былі прадставіць па 3 тыс. рэкрутаў, Гродзенскі – 2,5 тыс., Беластоцкі – 1,5 тыс. Было абвешчана аб рэквізіцыях, неабходных для папаўнення запасаў фуражу і харчавання для французскай арміі. З беларуска-літоўскіх губерняў загадана было сабраць 3 млн. пудоў жыта, 1,5 млн. чвэрцяў аўса, па 2,5 млн. пудоў сена і саломы, 160 тыс. галоў рагатай жывёлы. Такія аб’ёмы паставак былі непасільныя для насельніцтва.

Пытанне аб палітычнай будучыні ВКЛ засталося нявырашаным. Палякі заклікалі аднавіць Польскае каралеўства ў старых межах. Аднак Напалеон не спяшаўся з адказам, ён спадзяваўся на заключэнне міру з Аляксандрам І і не жадаў лішняй перашкоды. Да таго ж літоўска-беларуская шляхта марыла аб стварэнні самастойнай дзяржавы і не жадала аб’яднання з Польшчай. Менавіта таму Напалеон не далучыў тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага да герцагства Варшаўскага, праігнараваўшы просьбы польскага сейма.

Адносіны розных слаёў насельніцтва Беларусі да падзей вайны 1812 г. Прыход французскай арміі насельніцтва Беларусі сустрэла неадназначна. Гараджане арганізоўвалі ўрачыстыя сустрэчы французам. Амаль уся шляхта ўспрымала Напалеона як вызваліцеля ад расійскіх захопнікаў. Каталіцкая царква таксама падтрымлівала Напалеона. Аднак па меры прасоўвання французскіх войск на ўсход Беларусі шляхта, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, пачынае выказваць свае пачуцці ўсё больш стрымана. Масавыя рэквізіцыі, недастаткова паважлівыя адносіны французаў да мясцовых органаў улады, ваенныя няўдачы прывялі да ахаладжэння ў адносінах шляхты да французаў. Захапленне змянілася трывожным чаканнем.

Асноўны цяжар вайны лёг на плечы сялян. Новая ўлада не толькі захавала прыгоннае праване, але і павялічыла паборы з сялян, чым выклікала ўзмоцненае супрацьдзеянне і варожасць апошніх. Жыхары многіх беларускіх вёсак пакідалі хаты, забіралі маёмасць і ўцякалі ў лясы, стваралі ў тыле акупантаў партызанскія атрады. Актыўна дзейнічалі партызанскія атрады вёсак Стараселле, Мажаны, Есьманы і Кляўкі ў Барысаўскім, Варанкі ў Дрысенскім, Жарцы ў Полацкім паветах і інш. Улічваючы адносіны сялян да акупантаў, 18 ліпеня ў Полацку Аляксандр І падпісаў маніфест аб скліканні народнага апалчэння. Трэба адзначыць, што ў чэрвені – ліпені 1812 г. разам з выступленнямі сялян супраць французскай арміі шырока распаўсюдзіліся выступленні сялян супраць памешчыкаў.

Ваенныя дзеянні ў Беларусі восенню 1812 г. 22 ліпеня 1812 г. 1-я і 2-я рускія арміі злучыліся ў Смаленску. 4 – 5 жніўня адбылася Смаленская бітва, у якой Напалеон страціў больш за 14 тыс. чалавек, аднак рускія вымушаны былі пакінуць горад. З 8 жніўня рускую армію ўзначаліў М.І. Кутузаў. Генеральная бітваадбылася 26 жніўня каля в.Барадзіно. На Барадзінскім полі супраць французаў актыўна змагаліся ўраджэнцы Беларусі. Так, вядомыя Баграціёнавы флешы абаранялі чатыры палкі 3-й пяхотнай дывізіі, сфарміраваныя на Віцебшчыне, а 24-я пяхотная дывізія, складзеная з ураджэнцаў Мінскай губерні, гераічна змагалася каля батарэі Раеўскага.

Барадзінская бітва не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. Дзеля захавання арміі М.І. Кутузаў прыняў рашэнне пакінуць Маскву, якую хутка занялі французы. Напалеон прапанаваў Аляксандру І заключыць мір, але расійскі імператар не даў адказу. У пачатку кастрычніка 1812 г. французская армія пачала адступленне з Масквы, прычым па спустошанай Смаленскай дарозе. Пачалося вызваленне Беларусі. 7 кастрычніка 1812 г. ад французаў быў вызвалены Полацк, 26 кастрычніка – Віцебск, 4 лістапада – Мінск, 9 лістапада – Барысаў, 12 лістапада – Магілёў.

У лістападзе 1812 г. каля в.Студзёнка непадалёку ад Барысава французам быў нанесены завяршальны ўдар. Пры пераправе праз Бярэзіну загінула 20 тыс. іншаземных захопнікаў, 50 тыс. трапілі ў палон. “Вялікая армія” фактычна перастала існаваць. Пасля гэтага змерзлыя салдаты кідалі зброю і натоўпамі рухаліся да Вільні. Даручыўшы 23 лістапада ў Смаргоні камандаванне Мюрату, Напалеон кінуў армію і паехаў у Парыж.

Вынікі вайны для Беларусі. Вайна прынесла Беларусі велізарныя людскія, матэрыяльныя і культурныя страты. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. Гарадское насельніцтва зменшылася ў 2 – 3 разы. У Мінску, напрыклад з 11 200 чалавек да 3 480. Прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка – амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. Паводле няпоўных звестак, страты Беларусі ад вайны складалі каля 52 млн. руб. серабром. Пацярпелі ад французаў помнікі царкоўнага дойлідства: Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская царква ў Віцебску, Кацярынінскі храм у Мінску. Так, Свята-Духаў храм у Вільні быў ператвораны захопнікамі ў звычайную канюшню. Негатыўныя наступствы вайны 1812 г. адчуваліся ў Беларусі некалькі дзесяцігоддзяў.

Нягледзячы на ваенныя бедствы, у 1813 – 1814 гг. беларскія губерні не былі вызвалены ад рэкруцкіх набораў і паставак на патрэбы расійскай арміі, амаль не зменшыліся падаткі. Спадзяванні сялян на адмену прыгоннага права не здзейсніліся. У той жа час мясцовая шляхта, нават скампраметаваная супрацоўніцтвам з Напалеонам, у большасці захавала свае правы і прывілеі. Маніфестам Аляксандра І ад 12 снежня 1812 г. калабарацыяністам абвяшчалася “уселітасцівейшае дараванне” і “вечнае забыццё” мінулага. Пачатыя да маніфеста канфіскацыі былі адменены і памешчыкам былі вернуты іх маёнткі.

У гонар перамогі расійскіх войск над арміяй Напалеона на тэрыторыі Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Студзёнка і інш.

 

§ 3. Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у першай палове ХІХ ст.

Польскія і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры ў Беларусі. Вынікі Венскага кангрэса 1815 г., наданне аўтаноміі і канстытуцыі Каралеўству (Царству) Польскаму выклікалі ў адукаваных колах Літвы і Беларусі спадзяванні на далучэнне беларуска-літоўскіх зямель да Царства Польскага. Гэтыя надзеі падмацавала стварэнне ў 1817 г. асобнага Літоўскага корпуса з ураджэнцаў беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх губерняў. Яго ўзначаліў галоўнакамандуючы польскім войскам, вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. Штандарам Літоўскага корпуса была зацверджана “Пагоня” Вялікага княства Літоўскага, змешчаная на двухгаловым срэбным арле.

Але існаванне куртатага польскага нацыянальнага дзяржаўнага ўтварэння не задавальняла жаданні найбольш радыкальнай і актыўнай часткі шляхты былой Рэчы Паспалітай. Тайныя антырасійскія арганізацыі пачалі ўзнікаць адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Так, першае тайнае антырасійскае таварыства пад назвай Віленская асацыяцыя было заснавана ў Вільні яшчэ ў 1796 г. Яно мела на мэце барацьбу за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Члены таварыства нават склалі “Акт паўстання”, але ў 1797 г. арганізацыя была выкрыта ўладамі.

Значны ўплыў на распаўсюджванне тайных арганізацый аказала адраджэнне ў 1815 г. ў Каралеўстве Польскім дзейнасці легальнага масонства. У 1819 г. было заснавана тайнае таварыства “ Нацыянальнае масонства ”, якое паставіла сабе за мэту аднавіць незалежную Польшчу. Для канспіратыўнай дзейнасці выкарыстоўваліся легальныя масонскія ложы. Планавалася стварыць аддзяленні таварыства ў кожнай правінцыі былой Рэчы Паспалітай. У маі 1821 г. на аснове “Нацыянальнага масонства” была створана тайная арганізацыя пад назвай Патрыятычнае таварыства ”. Для стварэння мясцовых аддзелаў Цэнтральны Камітэт арганізацыі накіраваў эмісараў у Літву, Кракаў, Падолле. Галоўная ўвага надавалася асобнаму Літоўскаму корпусу. У 1826 г. “Патрыятычнае таварыства” было выкрыта па справе дзекабрыстаў.

У канцы 1817 г. студэнты Віленскага універсітэта А. Міцкевіч, Я. Чачот, Ю. Яжоўскі і іншыя заснавалі тайнае патрыятычнае таварыства філаматаў (прыхільнікаў ведаў), члены якога першапачаткова ставілі культурна-асветніцкія мэты. Пазней у праграме філаматаў з’явіліся больш радыкальныя ідэі – ліквідацыя прыгоннага права, увядзенне канстытуцыйнага кіравання, права народаў на незалежнасць. Вакол сябе філаматы ствараюць некалькі легальных і паўлегальных студэнцкіх гурткоў. Сярод іх – “ Таварыства прамяністых ” і “ Саюз літаратараў ”. У Свіслацкай гімназіі ў 1819 г. узнікла “ Таварыства аматараў навук ”, якое прапагандавала ідэі волі і роўнасці. Увогуле на працягу 1817 – 1823 гг. у Каралеўстве Польскім і заходніх губернях Расіі існавала каля 50 тайных згуртаванняў студэнцкай моладзі.

У канцы 1820 г. у піярскім вучылішчы Полацка філаматы заснавалі тайную арганізацыю філарэтаў (аматараў дабрачыннасці). Галоўнай мэтай філарэтаў было аднаўленне Рэчы Паспалітай і адмена прыгоннага права. Члены таварыства займаліся вывучэннем беларуска-літоўскага краю, яго гісторыі, фальклору, побыту насельніцтва. Аднак уладам стала вядома аб існаванні тайных студэнцкіх арганізацый. Дзевяць філарэтаў і адзінаццаць філаматаў, у тым ліку А. Міцкевіч, Т. Зан, І. Дамейка, былі высланы ва ўнутраныя губерні Расіі. Ад працы ў Віленскім універсітэце былі адхілены выкладчыкі І. Лялевель, І. Даніловіч, М. Баброўскі. Рэктар універсітэта Ю. Твардоўскі і папячыцель Віленскай навучальнай акругі А. Чартарыйскі звольнены са сваіх пасад.

Улічваючы, што цэнтрамі большасці тайных таварыстваў былі навучальныя ўстановы, у 1824 – 1825 гг. урад прымае меры па наглядзе за навучэнцамі. Чыноўнікі павінны былі даваць падпіску аб непрыналежнасці студэнтаў і настаўнікаў да тайных суполак. Указ Аляксандра І забараняў жыхарам Беларусі і Літвы адпраўляць дзяцей на вучобу ў Гейдэльбергскі, Іенскі, Гесенскі і Вюртэмбергскі універсітэты.

У пачатку 20-х гг. XIX ст. у Беларусі атрымалі распаўсюджанне ідэі рускіх дваранскіх рэвалюцыянераў-дзекабрыстаў. Гэтаму паспрыяў перавод у Беларусь гвардзейскіх часцей пасля паўстання Сямёнаўскага палка ў Пецярбургу ў 1820 г., дзе праходзілі службу будучыя дзекабрысты А.А. Бястужаў, М.С. Лунін, А.І. Адоеўскі, К.Ф. Рылееў і інш. Адзін з кіpaўнікоў “Паўночнага таварыства” М.М. Mypaўёў, знаходзячыся ў Мінску, напісаў у 1821 г. першы варыянт сваёй “Канстытуцыі”. У Віцебску жыў і вучыўся вядомы дзекабрыст І.І. Гарбачэўскі, сябра “Таварыства з’яднаных славян”,. Шмат афіцэраў-дзекабрыстаў служыла ў Бабруйскай крэпасці (сярод іх былі С.І. Мураўёў-Апостал і М.П. Бястужаў-Румін). З іх удзелам распрацоўваўся план арышту Аляксандра І у Бабруйску падчас агляду войск у 1823 г. Гэта павінна было даць штуршок дзяржаўнаму перавароту ў Расіі. Але план не ажыццявіўся.

Дзекабрысты падтрымлівалі сувязь з польскім “Патрыятычным таварыствам”. У 1824 – 1825 гг. паміж “Патрыятычным таварыствам” і “Паўднёвым таварыствам” дзекабрыстаў адбыліся перамовы аб будучыні Польшчы. Абавязковай умовай саюза с рускімі рэвалюцыянерамі “Патрыятычнае таварыства” лічыла прызнанне незалежнасці Польшчы і ўключэнне ў яе склад беларускіх, літоўскіх і часткі ўкраінскіх зямель. Кіраўнік “Паўднёвага таварыства” П.І. Песцель згаджаўся перадаць палякам заходнюю частку беларускіх зямель, аднак лідэры “Паўночнага таварыства” М.М. Mypaўёў і К.Ф. Рылееў былі супраць. Пытанне аб самастойным развіцці Беларусі не ўздымалася.

У Магілёве ў 1825 – 1826 гг. існавала ўправа Паўночнага таварыства, якую арганізавалі ад’ютанты галоўнакамандуючага 1-й арміі У.А. Мусін-Пушкін і П.П. Цітов па ініцыятыве М.М. Нарышкіна. У Гродзенскай губерні дзейнічалі дзве тайныя арганізацыі дзекабрыстаў – “Таварыства сяброў” (1822 – 1826 гг.) і “Таварыства ваенных сяброў” (1825 – 1826 гг.). Апошняя 24 снежня 1825 г. пад кіраўніцтвам К.Г. Ігельстрома і А.І. Вягеліна падняла паўстанне Літоўскага піянернага (сапёрнага) батальёна. У пачатку лютага 1826 г. спрабаваў падняць паўстанне ў Бабруйскай крэпасці С.П. Трусаў.

Дзекабрысцкі рух быў разгромлены. Следства і суд над дзекабрыстамі ажыццяўляліся таксама і на тэрыторыі Беларусі – у Магілёве і Беластоку. Бабруйская крэпасць стала “турмой на Бярэзіне” для 20 дзекабрыстаў (сярод іх – І.Р. Бурцоў, В.С. Нораў, С.П. Трусаў).

Разгром дзекабрыстаў у Расіі прывёў да росту апазіцыйнага руху ў Каралеўстве Польскім. Ідэі ўзброенага паўстання супраць самадзяржаўя, якія існавалі ў польскіх тайных таварыствах, знаходзілі водгук і сярод студэнцкай моладзі Віленскага універсітэта.

Паўстанне 1830 – 1831 гг. Набліжэнне паўстання ў Каралеўстве Польскім паскорылі рэвалюцыя ў Францыі, нацыянальна-вызваленчыя рухі ў Бельгіі і Італіі. У ноч на 29 лістапада 1830 г. пачалося паўстанне ў Варшаве. Галоўнымі прычынамі паўстання сталі незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай і парушэнне расійскім урадам польскай Канстытуцыі 1815 г. За кіраўніцтва паўстаннем разгарнулася барацьба паміж рэвалюцыйна-дэмакратычным (адноўленае “Патрыятычнае таварыства”) і арыстакратычным (узначальваў князь А. Чартарыйскі) лагерамі. Улада апынулася ў руках польскіх арыстакратаў. Абапіраючыся на армію Каралеўства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін, яны імкнуліся дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Праблему нацыянальнага вызначэння беларускага народа не ўздымалі ні правыя, ні левыя – Беларусь разглядалася як частка незалежнай Польшчы.

Расійскі ўрад імкнуўся не дапусціць пашырэння паўстання на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны. Тут у снежні 1830 г. было ўведзена ваеннае становішча. На гэтых тэрыторыях павялічвалася колькасць войска. На маёнткі памешчыкаў, якія з’ехалі ў Каралеўства Польскае, быў накладзены арышт, звольнены многія з мясцовых чыноўнікаў. Тым не менш у пачатку красавіка 1831 г. паўстанне дасягнула Літвы і Паўночна-Заходняй Беларусі, ахапіўшы Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісненскі і Вілейскі паветы. У Літве і Беларусі паўстанне вызначалася стыхійнасцю, нягледзячы на тое, што ў студзені 1831 г. пры падтрымцы эмісараў з Варшавы і быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Камітэт распрацаваў план паўстання, згодна з якім для падрыхтоўкі паўстання на месцах было вырашана стварыць тайныя павятовыя паўстанцкія камітэты. У лютым 1831 г. Цэнтральны камітэт сабраў у Вільні прадстаўнікоў павятовых камітэтаў. Пачаць паўстанне было вырашана з Віленскай губерні, дзе знаходзілася невялікая колькасць расійскіх войск.

У канцы сакавіка 1831 г. пачалося паўстанне ў Літве і Заходняй Беларусі. Віленскі цэнтральны камітэт не здолеў кантраляваць ход гэтага паўстання. У кожным павеце быў створаны свой павятовы ўрад, які ўзначальвалі мясцовыя памешчыкі. Урад кожнага павета пры дапамозе каталіцкага духавенства прыводзіў насельніцтва да прысягі, аб’яўляў рэкруцкі набор у войска, выдаваў розныя звароты да насельніцтва. З-за вузкіх палітычных мэтаў паўстанне не атрымала значнай падтрымкі насельніцтва. Большасць удзельнікаў паўстання складалі шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі, каталіцкае і ўніяцкае духавенства. Сялян і мяшчан мабілізоўваліся ў паўстанцкія атрады пад прымусам, таму што ваяваць без вырашэння сваіх сацыяльных праблем яны не былі зацікаўлены. Увогуле ў Беларусі і Літве ў паўстанні прымалі ўдзел каля 10 тыс. чалавек.

У красавіку паўстанне ахапіла ўсю Віленскую губерню, але сувязь паміж паветамі была перарвана. У Беларусі і Літве было арганізавана каля трыццаці партызанскіх атрадаў, якія налічвалі 12 тыс. чалавек. Найбольш буйнымі былі атрады пад кіраўніцтвам С. Радзішэўскага ў Вілейскім павеце (3,3 тыс. чалавек), В. Брахоцкага ў Дзісненскім павеце (3 тыс. чалавек), К. Пшаздзецкага ў Ашмяскім павеце (2,5 тыс. чалавек), Ю. Кашыца і М. Мяржэўскага ў Навагрудскім (1 тыс. чалавек). Віленскі Цэнтральны камітэт вырашыў пачаць падрыхтоўку да захопу Вільні і стварыць аб’яднанае войска. Бітва за Вільню19 чэрвеня 1831 г. стала кульмінацыяй паўстання. Аб’яднаныя паўстанцкія сілы краю разам з прысланым на дапамогу польскім корпусам (12 тыс. чалавек) не змаглі дасягнуць перамогі над расійскім войскам.

На пачатку жніўня1831 г. у Беларусі і Літве паўстанне было падаўлена, баі ў Польшчы працягваліся да кастрычніка 1831 г.. Указам ад6 мая 1831 г. былі выдзелены тры разрады “злачынцаў”: да першага адносілі кіраўнікоў, да другога – тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, да трэцяга – усіх іншых. Сялянам, якія вярталіся да свайго памешчыка, давалася дараванне. Маёнткі абвінавачаных падлягалі секвестру і пераходзілі ў дзяржаўны фонд. Сваіх маёнткаў пазбавіліся буйныя магнаты – Агінскія, Плятэры, Радзівілы, Сапегі, Чартарыйскія і інш. Ад секвестру пазбаўляліся тыя, хто сам з’явіўся на працягу месяца пасля публікацыі ўказа і пакаяўся або даказаў, што яго прымусілі далучыцца да паўстання. Увогуле да следства за ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2 878 чалавек.

Але і пасля падзей 1830 – 1831 гг. рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі і Літве не спыніўся. У 1835 – 1838 гг. польскі рэвалюцыянер-дэмакрат Ш. Канарскі паспрабаваў аб’яднаць апазіцыйныя сілы Беларусі, Літвы і Украіны ў адну арганізацыю “ Садружнасць польскага народа ”. Да яе пачалі далучацца ўсе тайныя таварыствы, якія існавалі на гэтых землях. Найбольш радыкальнай у Беларусі і Літве тайнай суполкай было Дэмакратычнае таварыства, створанае Ф. Савічам у 1836 г. пры Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. Статут арганізацыі – “Прынцыпы дэмакратызму”, напісаны Ф. Савічам, абвяшчаў ідэю сацыяльнай справядлівасці, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць, патрабаваў вызвалення сялян з зямлёй ад прыгону. У 1838 г. нелегальныя арганізацыі былі выкрыты, Ш. Канарскі і Ф. Савіч арыштаваны. Па прыгавору суда Ш. Канарскага расстралялі, а Ф. Савіча выслалі ў салдаты на Каўказ.

У 1846 – 1849 гг. у шэрагу гарадоў Беларусі і Літвы дзейнічалі суполкі тайнай арганізацыі разначыннай рэвалюцыйна-дэмакратычнай моладзі “ Саюз свабодных братоў ”. Сваімі задачамі “Саюз” ставіў звяржэнне самадзяржаўя, ажыццяўленне дэмакратычных пераўтварэнняў у Расіі і Польшчы, стварэнне незалежнай Польскай дэмакратычнай рэспублікі.

 

§ 4. Змены ва ўрадавай палітыцы ў Беларусі ў 1830 – 1850-я гг.

Пашырэнне расійскага ўплыву на беларускіх землях. Паўстанне 1830 – 1831 гг. выклікала рэзкую перамену палітычнага курса расійскага ўрада ў Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне. Пераканаўшыся ў палітычнай нядобранадзейнасці мясцовага дваранства, урад Мікалая І зрабіў стаўку на поўную уніфікацыю 9 заходніх губерняў з Цэнтральнай Расіяй як адзіную надзейную гарантыю ўтрымання гэтай тэрыторыі ў складзе Расійскай імперыі. У верасні 1831 г. у Пецярбургу быў створаны Камітэт па справах заходніх губерняў, які распрацоўваў палітыку ўрада ў 9 заходніх губернях адносна сістэмы кіравання, суда, асветы, культуры, шляхецкага саслоўя і інш. У кастрычніку 1831 г выдаецца чарговы закон аб “ разборы шляхты ”.

Указам ад1 студзеня 1831 г. ў Магілёўскай і Віцебскай губернях адмянялася дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. і ўводзілася расійскае заканадаўства. На тэрыторыі Беларусі ўводзілася новае заканадаўчае ўлажэнне – “Установа аб губернях”, усім дзяржаўным установам і пасадам даваліся расійскія назвы. У мясцовыя адміністрацыйныя органы заходніх губерняў сталі прызначаць пераважна расійскіх чыноўнікаў, якіх матэрыяльна заахвочвалі да пераезду. У судаводстве польская мова замянялася на рускую.

У 1840 г. было поўнасцю адменена дзеянне Літoўскага Статута. Расійскае заканадаўства распаўсюдзілася на ўсю тэрыторыю Беларусі. Быў уніфікаваны і адміністрацыйны падзел Беларусі і Літвы: указ ад18 ліпеня 1840 г. прадпісаў замест агульнага наймення беларускіх і літоўскіх губерняў выкарыстоўваць іх назвы: Віцебская, Магілёўская, Віленская і Гродзенская.

Полацкі царкоўны сабор і яго вынікі. Ужо ў 1827 – 1830 гг. прымаюцца захады каб рэфармаваць уніяцкую царкву і наблізіць яе да праваслаўнай. Была заснавана асобная ад каталіцкай грэка-уніяцкая духоўная калегія, чатыры уніяцкія епархій рэарганізаваны ў дзве – Беларускую і Літоўскую. Прадугледжвалася выключыць польскую мову з богаслужэння і карыстацца мясцовымі гаворкамі. У аснову адукацыі дзяцей уніятаў была пакладзена праваслаўная сістэма навучання. Забаранялася накіроўваць юнакоў-уніятаў у Віленскую каталіцкую семінарыю. Для іх у 1828 г. была створана асобная семінарыя ў Жыровічах (каля Слоніма).

Лёс уніяцкай царквы канчатковы вызначыла польскае паўстанне 1830 – 1831 гг. У 1835 г. ствараецца Сакрэтны камітэт па уніяцкіх справах. Кіраванне уніяцкай царквой у студзені 1837 г. пераходзіць да Свяцейшага Сінода. У лютым 1838 г. памёр уніяцкі мітрапаліт І. Булгак, які быў апошняй перашкодай у справе скасавання уніі. Грэка-уніяцкую калегію ўзначаліў літоўскі епіскап І. Сямашка, які разам з епіскапамі В. Лужынскім і А. Зубко падтрымлівалі ідэю ліквідацыі уніяцтва. 12 лютага 1839 г. ў Полацку ў прысутнасці вышэйшага уніяцкага духавенства быў падпісаныСаборны акт з просьбай на вышэйшае імя аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. Да прашэння быў прыкладзены спіс 1 305 свяшчэннікаў, якія падтрымалі аб’яднанне. “ Сінадальны ўчынак ” зацвердзіў Мікалай І. Усяго ў 1839 г. да праваслаўнай царквы далучылася каля 1,5 млн. вернікаў.

Змяненні палітыкі ў галіне асветы. У другой чвэрці ХІХ ст. у Расіі пачалося рэфармаванне сістэмы асветы. Статут навучальных устаноў, выдадзены ў 1828 г., уводзіў у народную адукацыю прынцып строгай саслоўнасці і ліквідаваў пераемнасць паміж ступенямі навучання. Узровень адукацыі павінен быў адпавядаць сацыяльнай прыналежнасці вучня. Пачатковая і сярэдняя адукацыя былі падзелены на тры катэгорыі. Аднакласныя прыходскія вучылішчы з элементарнай праграмай навучання прызначаліся для дзяцей ніжэйшага саслоўя (сялян); трохкласныя павятовыя вучылішчы з больш шырокай праграмай пачатковага навучання – для дзяцей мяшчан, купцоў і рамеснікаў; сямікласныя гімназіі, заканчэнне якіх давала права для паступлення ва універсітэты, – для дзяцей дваран і чыноўнікаў.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 633; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.045 сек.