Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Каб высветліць, аб чым ідзе размова ва ўказе ад 18 ліпеня 1840 г., прывядзём яго цалкам. 1 страница




“1840. 18 июля. Сенатский, по Высочайшему повелению.

Об именовании губерний Белорусских и Литовских, каждою отдельно: Витебскою, Могилевскою, Виленскою и Гродненскою.

Правительствующий Сенат слушали предложение управляющего Министерством Юстиции, что управляющий делами Комитета Министров, по поручению оного, отношением от 26 минувшего июня сообщил ему, что по случаю внесения по высочайшему предписанию проекта указа, в котором упоминались губернии Белорусския и Литовския под сими наименованиями, государь император, зачеркнув название Белорусских и Литовских, изволил приказать переписать указ с поименованием губерний, каждой отдельно, Витебскою, Могилевскою, Виленскою и Гродненскою; при чем последовало собственноручное высочайшее повеление: “Правила сего держаться и впредь, никогда иначе не прописывая как поименно губернии”. О таковом высочайшем повелении он, управляющий Министерством Юстиции, предлагает Правительствующему Сенату. Приказали: (послать куда следует указы)” (гл.: Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет, с 1652 по 1892 год. Составитель С.Ф. Рубинштейн. Вильна, 1894. С. 495).

Па-першае, у гэтым указе не названа Мінская губерня. I гэта невыпадкова. Як відаць з імператарскіх указаў і ўрадавых распараджэнняў, да ліку беларускіх губерняў адносіліся Магілёўская і Віцебская губерні, а да літоўскіх – Віленская і Гродзенская. Мінская губерня ні да беларускіх, ні да літоўскіх губерняў не адносілася. Так, 11 кастрычніка 1821 г. былі “высочайше” зацверджаны правілы “О взыскании недоимок в губерниях Белорусских, Литовских, Минской, Киевской, Волынской, Подольской и Белостокской области”.

Па-другое, у гэтым указе няма ні слова аб забароне ўжываць назвы “Беларусь” і “Літва”. Размова ў ім ідзе толькі аб упарадкаванні дзяржаўнага справаводства, што бачна з далейшых імператарскіх загадаў і ўрадавых распараджэнняў. Так, 3 снежня 1840 г., праз 4 месяцы пасля так званай “забароны”, з’явіўся “именный, объявленный обер-прокурором Святейшего Синода” указ “О введении Белоруско-Литовской духовной коллегии в один разряд с конторами Синода по предмету определения на службу молодых людей дворянского происхождения или приобревших право на классные чины”. 28 лютага 1856 г. было абнародавана “Высочайше утвержденное положение комитета министров о выдаче безденежных паспартов жителям некоторых Западных и Белорусских губерний для отлучек на заработки”, 19 лютага 1861 г. – “Высочайше утвержденное местное положение об устройстве крестьян, водворенных на помещичьих землях в губерниях Великороссийских, Новороссийских и Белорусских” і г. д. Можна назваць больш за 10 урадавых распараджэнняў, выдадзеных у 40 – 80‑я гады XIX ст., у якіх ужываецца назва “беларускія і літоўскія губерні”.

Па-трэцяе, тэрміны “Беларусь” і “Літва”, “беларускія і літоўскія губерні” ўжывалі ў сваіх запісках, справаздачах і іншых дакументах расійскія чыноўнікі. Так, віленскі генерал-губернатар У.І. Назімаў пісаў 14 лютага 1862 г. аб тым, што “вслед за высоч. Манифестом (19 лютага 1861 г. аб адмене прыгоннага права. – Я.Н.) в пределах Царства Польского, Литовских, Белорусских и некоторых других западных губерниях возникли беспорядки…”.

Па-чацвёртае, у тыя гады, калі быццам бы дзейнічаў указ аб забароне тэрмінаў “Беларусь”, “беларускія”, існавала Беларуская навучальная акруга. Яна была створана ў 1829 г. для арганізацыі і кіравання навучальнымі ўстановамі Віцебскай і Магілёўскай губерняў, кіраўніцтва якімі да гэтага часу ажыццяўляла Пецярбургская навучальная акруга. З закрыццём Віленскага універсітэта ўсе падначаленыя яму вучылішчы былі далучаны да Беларускай навучальнай акругі. 20 мая 1850 г. была адноўлена Віленская навучальная акруга. Віцебская і Магілёўская губерні спачатку былі далучаны да Пецярбургскай навучальнай акругі, а 7 кастрычніка 1864 г. – да Віленскай навучальнай акругі.

Па-пятае, малавядомым фактам гісторыі з’яўляецца існаванне ў расійскай арміі 7‑га гусарскага Беларускага палка імя імператара Аляксандра I. Полк удзельнічаў у руска-турэцкіх войнах 1806 – 1812, 1828 – 1829, 1877 – 1878 гг., Айчыннай вайне 1812 г., Крымскай вайне 1853 – 1856 гг., у падаўленні паўстання 1830 – 1831 гг.

Па-шостае, у друкарнях Пецярбурга, Масквы, Мінска, Вільні і іншых гарадоў Расійскай імперыі выдаваліся кніжкі, брашуры, артыкулы з назвамі “Беларусь”, “беларускі”. Паводле няпоўных падлікаў доктара гістарычных навук А.П. Ігнаценкі, з 1841 па 1917 г. было выдадзена каля 190 такіх кніг і брашур. Гэта сведчыць аб тым, што ніякай афіцыйнай забароны тэрмінаў “Беларусь”, “беларускі” не існавала.

Па-сёмае, многія навукоўцы і пісьменнікі сцвярджаюць, што пасля забароны тэрмінаў “Беларусь” і “Літва” было ўведзена “невыразнае штучнае найменне” “Паўночна-Заходні край”, “Заходні край”. Але гэта яўная недарэчнасць або свядомая фальсіфікацыя гісторыі. Заходнія губерні, Заходні край, Заходняя паласа Расіі – гэта тэрыторыя Украіны, Беларусі і Літвы (Кіеўская, Валынская, Падольская, Магілёўская, Віцебская, Мінская, Віленская, Гродзенская губерні і Беластоцкая вобласць). Паўднёва-Заходні край – гэта тэрыторыя Украіны, Паўночна-Заходні край – тэрыторыя тагачаснай Літвы, як яе тады разумелі (сучасная Літва і Заходняя Беларусь). Указ ад 18 снежня 1842 г. “О преобразовании Северо-Западных губерний” сведчыць аб тым, што Паўночна-Заходні край – гэта тэрыторыі Мінскай, Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў. Але 22 снежня 1870 г. быў абвешчаны новы ўказ “Об изъятии Минской губернии из ведения главного управления Северо-Западным краем”. Гэта дае падставу лічыць, што Мінская губерня была аднесена да беларускіх губерняў Беларускага краю (разам з Віцебскай і Магілёўскай губернямі).

Можна прывесці шмат іншых дакументаў, у якіх размяжоўваюцца паняцці “Беларускія губерні”, “Беларускі край” і “Паўночна-Заходнія губерні”, “Паўночна-Заходні край”. Напрыклад, 12 чэрвеня 1893 г. з’явілася “Распоряжение, объявленное Правительствующему Сенату министром внутренних дел. Об утверждении формы выкупного акта на участки земли, выкупаемые русскими арендаторами православного исповедания, водворенными на владельческих землях в губерниях Северо-Западных и Белорусских до 19 февраля 1861 г.”. З цягам часу тэрмін “Паўночна-Заходні край” пачаў распаўсюджвацца на ўсе 6 беларуска-літоўскіх губерняў. Аднак тэрміны “Беларусь” і “беларускі” ніколі не забараняліся і не выключаліся з дзяржаўнага і афіцыйнага ўжывання, бо яны разам з назвамі “Велікаросія”, “велікароскі”, “Маларосія”, “малароскі”, маючы адзіны корань “рос”, служылі для самадзяржаўя пацвярджэннем яго тэорыі “о трёх племенах единого русского народа”.

Па-восьмае, гістарычнай навуцы невядомы імператарскі ўказ ці ўрадавае распараджэнне аб забароне беларускай мовы і беларускага друкаванага слова. Наадварот, кнігі на беларускай мове выдаваліся ў друкарнях Расійскай імперыі, асабліва ў другой палове XIX – пачатку XX ст.

 

§ 5. Крызіс прыгоннага ладу. Эканамічныя рэформы 1830 – 1850-х гг.

Сельская гаспадарка. Сацыяльныя супярэчнасці. Характэрнай асаблівасцю развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі ў першай палове ХІХ ст. было панаванне буйнога дваранскага землеўладання. Да канца другой трэці стагоддзя па адносных памерах дваранскай зямельнай уласнасці Беларусь займала першае месца ў еўрапейскай частцы Расіі. Асновай гаспадаркі памешчыкаў з’яўлялася земляробства, ад якога землеўладальнікі атрымлівалі галоўную частку сваіх даходаў. У структуры пасеваў першае месца займала азімае жыта – галоўная харчовая і рыначная культура. Сярод яравых пераважалі авёс і ячмень. З канца 20-х гг. ХІХ ст. папулярнай культурай становіцца бульба. У многіх памешчыцкіх маёнтках пашыраецца вытворчасць ільну. Найбольш важным напрамкам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на Гродзеншчыне, з’яўляецца танкарунная авечкагадоўля. Хаця асновай вытворчай базы маёнтка памешчыка заставалася сялянская гаспадарка, важнае месца пачынае займаць вотчыннае прадпрымальніцтва. Памешчыкі стваралі ў сваіх маёнтках прамысловыя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны: суконныя, вінакурныя, цукраварныя, смалакурныя, жалезаапрацоўчыя. Вельмі важнай галіной прыбытку быў продаж лесу.

З 40-х гг. ХІХ ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы на Беларусі, як і ва ўсёй Расіі, перарастае ў крызіс. У сельскай гаспадарцы ён выявіўся ў рэзкім зніжэнні прыбытковасці памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, у абеззямельванні і збядненні сялянства, у росце сацыяльных канфліктаў. Адным з паказчыкаў крызісу прыгонніцтва быў сялянскі рух. Калі ў першай трэці ХІХ ст. адбылося 46 буйных сялянскіх хваляванняў, то ў другой трэці – больш за 90. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцей у Беларусі з’яўлялася іх перапляценне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і памешчыкамі. Самай пашыранай формай пратэсту беларускіх сялян з’яўлялася адмова ад выканання павіннасцей. Значна распаўсюдзіліся ўцёкі сялян з родных месцаў у пошуках “вольных зямель”. Барацьба дзяржаўных і памешчыцкіх сялян за паляпшэнне свайго становішча прымусіла расійскі ўрад змяніць сялянскую палітыку ў Беларусі. Былі праведзены рэформы якія мелі на мэце захаваць сістэму феадальнага землеўладання, падняць прыбытковасць памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, ураўнаваць гаспадарчы ўзровень сялян. Аўтарам адной з рэформ быў граф П.Дз. Кісялёў – кіраўнік Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, прыхільнік абмежавання прыгоннага права.

Рэформа дзяржаўнай вёскі. Рэформа ў сістэме феадальнага землеўладання пачалася з дзяржаўнай вёскі, становішча якой у Расіі і Беларусі было розным. У Расіі інстытут “дзяржаўнага феадалізму” выступаў як сістэма эксплуатацыі, пад якую непасрэдна падпадалі дзяржаўныя сяляне з боку казённага ведамства. Нормы эксплуатацыі дзяржаўных сялян тут абмяжоўваліся інвентарамі, ніхто не меў права іх перавышаць. У Беларусі ж дзейнічала сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя маёнткі здаваліся ў арэнду мясцовым памешчыкам.

Розным было і прававое становішча дзяржаўных сялян Расіі і Беларусі. У Расіі з паскарэннем тэмпаў развіцця капіталізму значна пашырыліся саслоўныя правы дзяржаўных сялян. Яны лічыліся вольнымі грамадзянамі, маглі мяняць месца жыхарства, пераходзіць у іншыя саслоўі, звяртацца са скаргамі ў судовыя інстанцыі. У Беларусі прававы статус дзяржаўных сялян нічым не адрозніваўся ад памешчыцкіх. Арандатар быў надзелены адміністрацыйнай, судовай і эканамічнай уладай над сялянамі. Аднак галоўнае адрозненне двух рэгіёнаў было ў сістэме збору феадальнай рэнты: у Расіі дзяржаўныя маёнткі знаходзіліся на падушным аброку, а ў Беларусі дзяржаўныя сяляне выконвалі паншчыну.

Першай часткай рэформы дзяржаўнай вёскі стала перабудова яе апарату кіравання. З 1 студзеня 1836 г. агульнае кіраванне дзяржаўнай вёскай было сканцэнтравана ў новым Міністэрстве дзяржаўных маёмасцей. П.Дз. Кісялёў стаў першым яго міністрам. У снежні 1839 г. пачалося рэфармаванне адміністрацыйна-гаспадарчага кіравання дзяржаўнай вёскай у Беларусі. Тут устанаўліваліся тры адміністрацыйныя ярусы: губерняакругасельская ўправа (у расійскіх губернях існавала чатырох’ярусная сістэма). У выніку рэформы сялянская абшчына ў Беларусі была максімальна набліжана да агульнарасійскага ўзору, павысіўся статус сельскай абшчыны, было ўпарадкавана кіраванне дзяржаўнымі маёнткамі, уведзены жорсткі адміністрацыйны кантроль за часовымі ўладальнікамі.

Другой часткай рэформы П.Дз. Кісялёва з’яўлялася палітыка “апякунства” над дзяржаўнымі сялянамі. На выпадак неўраджаяў, эпідэмій, падзяжу жывёлы і іншых бедстваў прадугледжвалася арганізацыя дапамогі сялянам. Акрамя гэтага, ставіліся пытанні аб арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзяржаўных сялян, аказанні медыцынскай дапамогі, правядзенні розных агранамічных мерапрыемстваў, актывізацыі гандлю, развіцці сістэмы страхавання, барацьбе з п’янствам. Аднак з-за недахопу дзяржаўных сродкаў усе гэтыя мерапрыемствы планавалася ажыццяўляць за кошт сялян, таму асаблівага поспеху яны не мелі.

Трэцяя і галоўная частка рэформы П.Дз. Кісялёва – люстрацыя дзяржаўных маёмасцей. Гэта мерапрыемства мела тры мэты: дакладны ўлік дзяржаўных маёмасцей, выраўноўванне гаспадарчага ўзроўню сялян шляхам скасавання малазямелля і рэгламентацыі павіннасцей, павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўных сялян. У дзяржаўных маёнтках Беларусі былі ліквідаваны фальваркова-паншчынная сістэма і сістэма часовага ўладання. З фальварковых зямель дзяржаўныя сяляне атрымалі прырэзкі да сваіх надзелаў і з 1844 г. пачалі пераводзіцца з паншчыны на пазямельны аброк.

Такім чынам, галоўнымі вынікамі рэформы П.Дз. Кісялёва, якія вызначылі яе буржуазна-прагрэсіўны характар, з’явіліся адмова ад фальваркова-паншчыннай сістэмы і перавод дзяржаўных сялян на аброк. У ходзе рэформы становішча дзяржаўных сялян было некалькі ўраўнавана, зменшыліся памеры павіннасцей. Аднак праблема забяспечанасці сялян зямлёй не была вырашана. Гэта тлумачыцца тым, што хаця агульная плошча сялянскага надзельнага фонду хоць і павялічылася за гады рэформы на 10,73 %, колькасць рэвізскіх душ таксама ўзрасла на 38,5 %. Больш значныя перамены назіраліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. Яны атрымалі грамадзянскую свабоду: права ўступаць ў шлюб, бацькоўскія і апякунскія правы, правы на спадчыну і ўласнасць, на заняткі гандлем, промысламі і інш. Усё гэта выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх сялян.

Інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы. У 1840 г. адначасова з рэформай дзяржаўнай вёскі П.Дз. Кісялёў пачаў падрыхтоўку інвентарнай рэформы памешчыцкіх маёнткаў. У 1844 г. Мікалай І зацвердзіў Палажэнне, згодна з якім ва ўсіх заходніх губернях ствараліся губернскія дваранскія камітэты для складання абавязковых інвентароў памешчыцкіх маёнткаў. Галоўнай мэтай інвентарнай рэформы ў памешчыцкай вёсцы было рэгуляванне памераў надзелаў і павіннасцей памешчыцкіх сялян шляхам складання абавязковых інвентароў (спіс сялянскіх павіннасцей) па адзіных правілах.

З-за супраціўлення памешчыкаў інвентарная рэформа была значна менш радыкальнай, чым рэформа дзяржаўнай вёскі. Па сутнасці, ў становішчы сялян мала што змянілася. Значнага скарачэння павіннасцей не адбылося, рэформа іх толькі ўніфікавала. Агульны памер сялянскіх павіннасцей складаў 1/3 частку валавога даходу з надзелу. У адрозненне ад дзяржаўных сялян, пераведзеных на аброк, памешчыцкія працягвалі выконваць многія ранейшыя павіннасці: паншчыну (штодзённую), згоны, шарваркі, жаночую працу, старажоўства, даніну.

У цэлым люстрацыя дзяржаўных маёнткаў і інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы прынцыпова не змянілі становішча сялян, бо мелі дваранскую скіраванасць і не закранілі асноў прыгонніцкай сістэмы. Феадальная ўласнасць на зямлю засталася.

Прамысловасць. На працягу першай паловы ХІХ ст. прамысловасць у Беларусі знаходзілася пераважна на дробнатаварнай і мануфактурнай ступенях развіцця. Большасць мануфактур знаходзілася ў сельскай мясцовасці, а іх гаспадарамі з’яўляліся памешчыкі. Працавалі на вотчынных мануфактурах прыгонныя сяляне. Акрамя вотчынных мануфактур былі ў Беларусі і прадпрыемствы, дзе выкарыстоўвалася праца вольнанаёмных рабочых. Аднак большую частку такіх рабочых складалі прыгонныя сяляне, адпушчаныя сваімі панамі на заробкі. Дробнатаварная вытворчасць была сканцэнтравана ў гарадах і мястэчках Беларусі, дзе мелася шмат розных дробных (з 1 – 3 рабочымі) прадпрыемстваў і майстэрань, якія належалі купцам і мяшчанам.

У Беларусі найбольш распаўсюджанымі былі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны – вінакурныя, суконныя, палатняныя, цукровыя, мукамольныя. Вядучай галіной прамысловасці ў першай палове ХІХ ст. заставалася суконная. Гэта было звязана з распаўсюджаннем тут танкаруннай авечкагадоўлі. На стварэнне новых суконных мануфактур прадпрымальнікам нават даваліся дзяржаўныя пазыкі. Цэнтрам суконнай прамысловасці была Гродзенская губерня (55 прадпрыемстваў). Увогуле на пачатку 1860-х гг. у Беларусі налічвалася 64 суконныя прадпрыемствы, з 51 тыс. працуючых.

Другое месца ў прамысловасці Беларусі займала вытворчасць ваўняных тканін. У 1857 г. налічвалася 7 прадпрыемстваў гэтай галіны, на якіх працавала 1 444 рабочых. Усе яны знаходзіліся ў Гродзенскай губерні. Працавалі таксама папяровыя, шкляныя, чыгунныя, медзеплавільныя, жалезаапрацоўчыя, цагельныя і іншыя прадпрыемствы.

Новай з’явай у прамысловым развіцці Беларусі стала выкарыстанне на асобных прадпрыемствах паравых рухавікоў і іншых машын. Фабрыкі тут пачалі ўзнікаць з 20-х гг. ХІХ ст. Першымі былі суконныя фабрыкі ў мястэчках Хомску Кобрынскага павета і Косаве Слонімскага павета. На Старынкаўскім (Чэрыкаўскі павет) чыгунаплавільным і машынабудаўнічым заводзе Бенкендорфа працавала каля 900 рабочых.

Нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці прамысловасці Беларусі ў першай палове ХІХ ст., яе памеры ў параўнанні з агульнарасійскімі былі нязначнымі, а тэмпы развіцця – маруднымі. Адчуваўся востры недахоп працоўнай сілы і асабліва спецыялістаў, якія валодалі тэхнічнымі ведамі.

Гарады. У першай палове ХІХ ст. у Беларусі назіраўся рост гарадскога насельніцтва. Колькасць насельніцтва ў гарадах расла як за кошт натуральнага прыросту, так і ў выніку прымусовага перасялення яўрэяў з сельскай мясцовасці, якія неўзабаве склалі большасць гарадскога насельніцтва і засяродзілі ў сваіх руках рамяство і гандаль. Мяшчане (рамеснікі і дробныя гандляры) складалі 70 – 90 % гарадскога насельніцтва, дваране і духавенства – 6 – 7 %, купцы – 2 – 2,5 %. У сярэдзіне ХІХ ст. у Беларусі налічвалася 40 гарадоў і больш за 300 мястэчак. Найбольш буйнымі гарадамі былі Віцебск, Мінск, Магілёў, Гродна. Аднак гарадская прамысловасць у першай палове ХІХ ст. яшчэ не адыгрывала колькі-небудзь значнай ролі і не вытрымлівала канкурэнцыі з прамысловасцю, якая базіравалася ў сельскай мясцовасці і была набліжана да таннай сыравіны, працоўных рэсурсаў і развівалася за кошт эканамічнай ініцыятывы дваран. У гарадах Беларусі працягвалі панаваць рамяство і гандаль.

Гандаль і шляхі зносін. Рост гарадскога насельніцтва і развіццё прамысловасці стымулявалі пашырэнне ўнутранага рынку. У першай палове ХІХ ст. ва ўнутраным гандлі Беларусі пераважную ролю адыгрывалі кірмашы. Штогод тут праходзіла больш за 200 кірмашоў, большасць з іх былі аднадзённымі і толькі асобныя працягваліся тыдзень і болей. Гандлёвы абарот больш за 100 тыс. рублёў мелі кірмашы Зэльвенскі ў Гродзенскай губерні (гадавы абарот перавышаў 1 млн. руб.), Бешанковіцкі ў Віцебскай, Любавіцкі ў Магілёўскай, кантрактавы ў Мінску і Троіцкі ў Гомелі. Сельскагаспадарчыя і прамысловыя тавары сюды прывозілі не толькі з Беларусі, але і з губерняў Расіі (Маскоўскай, Уладзімірскай, Ніжагародскай), а таксама з Украіны, Польшчы, Прусіі і іншых месц.

Паступова павялічваўся замежны гандаль. Беларусь экспартавала збожжа, лён, пяньку, каноплі, лес і лесаматэрыялы, гарэлку, спірт, смалу, дзёгаць, паташ і г. д. У Беларусь увозілі соль, цукар, воўну, металы, тытунь, рыбу, чай, каву, сельскагаспадарчую і прамысловую тэхніку, галантарэю, прадметы раскошы: фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі і г. д. У 1830 – 1840-я гг. назіралася паступовае перамяшчэнне знешнегандлёвых сувязей Беларусі з захаду на ўсход. Калі ў пачатку стагоддзя на кірмашы ў Беларусь прыязджалі ў асноўным купцы з Варшавы, Данцыга і іншых заходніх гарадоў, то ў 1840-я гг. іх выцеснілі купцы з гарадоў Расіі.

Пашырэнню гандлю ў Беларусі спрыяла развіццё сістэмы шляхоў зносін. У 1804 – 1805 гг. завершылася будаўніцтва Агінскага і Бярэзінскага каналаў, якія звязалі Днепр з Заходняй Дзвіной, Нёманам і Віслай. У першай палове ХІХ ст. амаль усе буйныя рэкі Беларусі былі злучаны з балтыйскімі і чарнаморскімі портамі. На беларускіх рэках і каналах знаходзілася каля 85 прыстаней. Буйныя баржы з таварамі з Беларусі адпраўляліся за мяжу праз Рыгу, Гданьск, Кёнігсберг.

На працягу першай паловы ХІХ ст. былі пашыраны ўжо існуючыя і пабудаваны новыя грунтовыя шасэйныя дарогі, якія злучалі Маскву і Пецярбург з заходнімі і паўднёвымі рэгіёнамі імперыі, напрыклад, Пецярбургска-Кіеўская, Маскоўска-Рыжская. Праз тры беларускія губерні – Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую – прайшла Маскоўска-Варшаўская шаша. Агульная працягласць шасэйных дарог у 1860 г. у Беларусі дасягнула 1 100 км.

 

§ 6. Культура Беларусі канца XVIII – першай паловы ХІХ ст.

Тэндэнцыі развіцця культуры Беларусі. Перыяд з канца ХVІІІ па 10-я гг. ХІХ ст. адносіцца да эпохі Асветніцтва ў Беларусі. Ідэйнай асновай эпохі сталі працы філосафаў-асветнікаў, якія заклікалі да пераўтварэння грамадскага ладу на рацыянальных, гэта значыць разумных, пачатках. Яны лічылі, што прычына ўсіх пакут народа – невуцтва, таму дасягнуць “царства розуму” на Зямлі магчыма толькі шляхам развіцця навукі і шырокай асветы народных мас. Менавіта адсюль і ўтварылася сама назва эпохі.

У эпоху Асветніцтва ў Беларусі набыў распаўсюджанне своеасаблівы мастацкі стыль – класіцызм (ад лац. classіcus – узорны). Рацыяналізму асветніцкай філасофіі найбольш адпавядала антычная спадчына. Яна разглядалася ў рамках класіцызму як ідэальны ўзор. Творчая перапрацоўка набыткаў антычнага мастацтва прывяла да ўзнікнення непаўторных помнікаў літаратуры, выяўленчага мастацтва, архітэктуры.

Прыкладна з 10-х гг. ХІХ ст. у культуры Беларусі ўзнікаюць парасткі новага ідэйнага і мастацкага напрамку – рамантызму. У Заходняй Еўропе рамантызм узнік раней. Ён адлюстраваў расчараванне вынікамі французскай буржуазнай рэвалюцыі канца ХVІІІ ст. У процівагу асветніцкаму рацыяналізму светапогляд эпохі рамантызму прасякнуты сцвярджэннем перавагі духоўнага пачатку над розумам. Рамантызм не з’яўляўся акрэсленым мастацкім стылем, але ў некаторых сферах мастацкай культуры ён выступаў як альтэрнатыва класіцызму (у літаратуры, жывапісе). Расчараваныя ў рэчаіснасці рамантыкі звярнуліся да гістарычнага мінулага. Гэта выклікала шырокае распаўсюджанне ў выяўленчым мастацтве і літаратуры гістарычнага жанру. Рамантызм прыўнёс у мастацтва ідэі народнасці, каштоўнасці нацыянальных традыцый і побыту.

Адукацыя. З пункту гледжання асветнікаў стварыць ідэальнае грамадства можна перш за ўсё з дапамогай правільнага выхавання і адукацыі. Пад уплывам асветніцкіх ідэй адукацыя паступова пазбаўлялася царкоўнага ўплыву, пераходзіла ў падпарадкаванне да дзяржавы і набывала свецкі характар. Гэта абумовіла правядзенне ў апошняй трэці ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. шэрагу рэформ у галіне адукацыі Расійскай імперыі. Да гэтага часу ў Беларусі склалася даволі заблытаная сетка навучальных устаноў, пазбаўленых адзінага кіраўніцтва і не звязаных паміж сабой.

У 1802 г. было ўтворана Міністэрства народнай асветы. Еўрапейская частка Расіі дзялілася на 6 навучальных акруг, кожную з якіх узначальваў прызначаны царом папячыцель. Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, якую ўзначаліў магнат А. Чартарыйскі. Навуковым і адміністрацыйным цэнтрам акругі быў Віленскі універсітэт, створаны ў 1803 г. на базе рэарганізаванай Галоўнай Віленскай школы. Ва універсітэце меліся 4 факультэты: маральных і палітычных навук, фізіка-матэматычны, медыцынскі, літаратурны і вольных мастацтваў, працавалі такія вядомыя вучоныя, як І. Страйноўскі, Я. Снядэцкі, І. Даніловіч, М. Баброўскі, І. Лялевель і інш. Пры універсітэце дзейнічалі медыцынскі, ветэрынарны, агранамічны інстытуты, астранамічная абсерваторыя, першы ў Расіі заалагічны музей, тры клінікі, аптэка, бібліятэка, быў разбіты адзін з самых багатых у Еўропе батанічных садоў. З’яўляючыся цэнтрам Віленскай навучальнай акругі, універсітэт распрацоўваў праграмы і падручнікі для падначаленых школ. Адукацыя, атрыманая ў Віленскім універсітэце, не саступала адукацыі ў лепшых заходнееўрапейскіх інстытутах.

Віленскаму універсітэту падпарадкоўваліся прыходскія вучылішчы (пачатковыя школы), павятовыя вучылішчы і гімназіі. У выніку рэформ павялічылася сетка школ, трывалае месца ў вучэбных планах занялі прыродазнаўчыя дысцыпліны. Станоўчымі вынікамі з’яўляліся адносная даступнасць пачатковых навучальных устаноў, адсутнасць абмежаванняў нацыянальнага, веравызнальнага і ўзроставага характару, забеспячэнне дзяўчынкам права наведваць школу. Аднак трэба адзначыць, што адукацыя па‑ранейшаму заставалася прывілеяй дзяцей шляхты, духавенства, заможных гараджан, а сялянскія дзеці амаль не мелі магчымасці наведваць школы. Такое становішча тлумачылася адсутнасцю ў пераважнай большасці насельніцтва сродкаў на адукацыю і нязначнай колькасцю навучальных устаноў.

Важную ролю ў сістэме школьнай адукацыі працягвалі адыгрываць каталіцкія навучальныя ўстановы, якія належалі розным каталіцкім ордэнам. Значная частка гэтых навучальных устаноў падпарадкоўвалася ордэну езуітаў. У 1818 – 1820 гг. дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія, якая мела правы вышэйшай навучальнай установы і была цэнтрам асобай езуіцкай навучальнай акругі. Каталіцкія навучальныя ўстановы імкнуліся выхаваць у навучэнцаў прапольскі настрой. Мовай навучання была польская. Прапольскай арыентацыі прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскага універсітэта. Усё гэта спрыяла паланізацыі пераважнай часткі адукаванага насельніцтва Беларусі.

Расійскі ўрад добра разумеў небяспечнасць такой сітуацыі ў галіне адукацыі, асабліва пасля паўстання 1830 – 1831 гг. У шэрагу мерапрыемстваў, накіраваных на пашырэнне рускага ўплыву ў краі, было закрыццё ў 1832 г. Віленскага універсітэта і часовая ліквідацыя Віленскай навучальнай акругі (да 1850 г.). У школах у абавязковым парадку ўводзілася навучанне на рускай мове. Аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай паскорыла закрыццё каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў.

Адбывалася зараджэнне прафесіяйнай адукацыі ў Беларусі. У 1840 г. пачала дзейнічаць Горы-Горацкая земляробчая школа. У 1848 г. на яе базе адкрыўся Горы-Горацкі земляробчы інстытут – першая ў Расіі і адна з першых у Еўропе вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў. Тэрмін навучання ў інстытуце працягваўся чатыры гады. Тут выкладаліся агульнаадукацыйныя і спецыяльныя сельскагаспадарчыя дысцыпліны. Пры інстытуце дзейнічаў завод па вырабе цэглы і дрэнажных труб, майстэрня сельскагаспадарчых машын, сыраварня, вучэбны пчальнік, музеі, батанічны сад, бібліятэка. Студэнты і выкладчыкі займаліся навукова-даследчай дзейнасцю, удзельнічалі ў сельскагаспадарчых з’ездах і выставах. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863 – 1864 гг. інстытут быў пераведзены ў Пецярбург. Вышэйшая сельскагаспадарчая навучальная ўстанова аднавіла сваю дзейнасць у Горках толькі ў 1919 г. Зараз тут – Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.

Літаратура. Літаратура Беларусі першай паловы ХІХ ст. адлюстравала перапляценне ідэй Асветніцтва і рамантызму, хаця вызначальнымі былі рамантычныя прынцыпы. Менавіта рамантычны светапогляд з яго ўвагай да нацыянальнай культуры спрыяў развіццю фалькларыстыкі, выкарыстанню ў мастацкай творчасці народных песень, казак, паданняў, што і прывяло да ўзнікнення першых твораў на беларускай мове.

Варта адзначыць, што частка ўраджэнцаў Беларусі працавала на карысць польскай культуры. Найбольш вядомай постаццю сярод іх з’яўляецца Адам Міцкевіч. Свае творы ён пісаў на польскай мове, выкарыстоўваючы сюжэты беларускай гісторыі і фальклору. Як прадстаўнік рамантызму ў польскай літаратуры, Адам Міцкевіч паўплываў на творчую дзейнасць пачынальнікаў беларускай літаратуры.

У першай палове ХІХ ст. з асяроддзя апалячанай беларускай шляхты з’яўляюцца паэты і празаікі, якія ствараюць беларускамоўныя творы. Так, паэт і фалькларыст Ян Чачот выдаў 6 фальклорных зборнікаў, дзе змясціў беларускія песні ў польскім перакладзе і арыгінале. На іх узор ён і сам пісаў вершы на беларускай мове, у якіх заклікаў гуманна адносіцца да прыгонных сялян. Ян Баршчэўскі амаль усё сваё жыццё прысвяціў збіранню народнай творчасці. Ён стварыў некалькі вершаў на беларускай мове і паэму “Рабункі мужыкоў”. У сваім галоўным творы “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, напісаным на польскай мове, аўтар літаратурна перапрацаваў фальклорны матэрыял. Сюжэты і вобразы беларускага фальклору шырока выкарыстоўваў Уладзіслаў Сыракомля. Большасць яго твораў напісана на польскай мове, аднак захаваліся і некаторыя беларускамоўныя вершы паэта. Менавіта Сыракомля падтрымаў імкненне Дуніна-Марцінкевіча пісаць па‑беларуску.

Паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ажыццявіў пераход ад польскай літаратурнай традыцыі да ўласна беларускай. Пры стварэнні беларускамоўных твораў перад аўтарам паўставала пытанне, для каго ён піша па‑беларуску. Ва ўмовах, калі шляхта грэбавала “мужыцкай” мовай, а асноўная маса насельніцтва была непісьменнай, ён мог разлічваць толькі на невялікую групу патрыятычна настроеных інтэлігентаў. Аднак паэт усё ж стаў на шлях выкарыстання беларускага слова як мастацкага сродку.

Выяўленчае мастацтва. У выяўленчым мастацтве Беларусі канца ХVІІІ – першай паловы ХІХ ст. наглядалася ўзаемадзеянне дзвюх плыняў – класіцызму і рамантызму. Класіцызм быў афіцыйным стылем, якога прытрымлівалася Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Аднак у выяўленчае мастацтва пранікаюць і элементы рамантызму.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 746; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.034 сек.