Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Установы культуры Беларускай ССР 1 страница




Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення. ХХVІІ з’езд КПСС (25 лютага – 6 сакавіка 1986 г.) і ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС (28 чэрвеня – 1 ліпеня 1988 г.) удакладнілі палітычны курс і вызначылі палітыку перабудовы, абнаўлення ўсіх сфер жыцця савецкага грамадства.

Перабудову прадугледжвалася праводзіць у рамках сацыялістычнага выбару, сацыялістычных ідэалаў і каштоўнасцей пад лозунгам: “Больш дэмакратыі, больш сацыялізму”. Яе мэтамі былі пераадоленне дэфармацый сацыялізму, больш поўнае раскрыццё яго патэнцыяльных магчымасцей, дэмакратызацыя ўсіх бакоў жыцця савецкага грамадства, рэфармаванне палітычных інстытутаў дзяржавы. Прадугледжвалася правядзенне выбараў у Саветы ўсіх узроўняў з удзелам некалькіх кандыдатаў.

Для таго каб народ сапраўды паверыў ў безальтэрнатыўнасць перабудовы, яе ініцыятары стваралі міфы і праз сродкі масавай інфармацыі ўносілі ў грамадскую свядомасць. Сярод міфаў, створаных ініцыятарамі перабудовы, – міфы аб крызісных, застойных з’явах у савецкай эканоміцы, аб “цывілізаваным Захадзе” і “нецывілізаваным СССР”, “райскім жыцці” на Захадзе і “пякельным жыцці” у нас (хаця ўзровень жыцця вышэйшы, чым у СССР быў толькі ў 15 % насельніцтва Зямлі, а ў 80 % насельніцтва ён быў ніжэйшы, чым у СССР), “сапраўднай дэмакратыі” ў іх і “тыраніі, таталітарызме” у нас і інш. Некаторыя паверылі ў гэтыя міфы і разам з апазіцыяй удзельнічалі ў разбурэнні савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу.

У ходзе ажыццяўлення палітыкі перабудовы значна пашырылася самастойнасць прадпрыемстваў і аб’яднанняў у выніку іх пераходу на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне. Працоўныя калектывы атрымалі права выбіраць кіраўнікоў, рэгуляваць заработную плату і адлічэнні на сацыяльныя патрэбы. Укараняліся прагрэсіўныя формы арганізацыі працы – арэндныя калектывы, гаспадарчыя разліковыя брыгады.

Больш дэмакратычнай станавілася выбарчая сістэма, развіваліся галоснасць і плюралізм думкі, фарміравалася шматпартыйная сістэма. Больш магчымасцей стала для ажыццяўлення дэмакратычных правоў і свабод грамадзян, для творчай дзейнасці.

Разам з тым ў грамадстве з’явіліся капіталістычныя тэндэнцыі, прапагандавалася ўзбагачэнне любымі сродкамі. Многія дырэктары прадпрыемстваў здавалі ў арэнду з правам выкупу частку дзяржаўнай маёмасці, а затым за сімвалічную плату пераводзілі яе ў прыватную ўласнасць. Становішча яшчэ больш ускладнілася, калі ў 1988 г. быў апублікаваны Закон СССР аб кааперацыі.

Пад назвай кааператываў былі ўзаконены тыповыя капіталістычныя прадпрыемствы з правам найму работнікаў, якія не з’яўляліся іх членамі, з правам купляць сыравіну і паўфабрыкаты па стабільных дзяржаўных цэнах, а прадаваць прадукцыю па свабодных рыначных цэнах. Кааператывы пачалі стварацца ўсюды, у тым ліку і на базе дзяржаўных прадпрыемстваў. Рэсурсы і грошы з дзяржаўнай казны пачалі пераводзіцца ў прыватныя кішэні. Вытворчая дзейнасць кааператараў амаль не цікавіла. Яны працавалі пераважна ў гандлёва-пасрэдніцкай сферы, куплялі тавары па танных, а прадавалі па вельмі высокіх цэнах. Кааператыўная дзейнасць станавілася эфектыўным сродкам для “адмывання брудных грошай” і стварэння вялікіх капіталаў. Сацыяльнае напружанне ў грамадстве ўзмацнялася, маёмасная дыферэнцыяцыя павялічвалася.

З адменай дзяржаўнай манаполіі на знешні гандаль і з дазволам прадпрыемствам і прыватным асобам прадаваць за рубеж тавары сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне ў 1987 – 1990 гг. значна пагоршылася. Пусцелі прылаўкі магазінаў, падскочылі рознічныя цэны, прадукты харчавання адпускаліся па “картках спажыўцоў”, якія выдаваліся па месцы жыхарства. Пачалася маштабная міжнародная спекуляцыя, якая прывяла да вывазу буйных капіталаў за мяжу і стварэння магутных крымінальных структур. Эканоміка СССР і яе грашова-фінансавая сістэма ляжалі ў руінах.

Палітыка “галоснасці”, абвешчаная М.С. Гарбачовым, пасеяла сумненні наконт сацыялізму як дасканалай сістэмы. Пачаўся працэс паступовай падмены сацыялізму іншымі ідэаламі і каштоўнасцямі. Ідэя сацыяльнай справядлівасці абвяшчалася шкоднай і недасягальнай, пепсі, снікерс і жвачка – сімваламі далучэння да заходняга ладу жыцця, эканоміка гандлёва-базарнага тыпу – вяршыняй эканамічнай практыкі. Пачалі прапагандавацца культ нажывы, асабістай выгады па прынцыпе “хочаш жыць – умей круціцца”, а таксама тое (насілле, парнаграфія, прастытуцыя, аднаполыя шлюбы, бамжаванне і г. д.), што ў савецкі час лічылася зневажальным для чалавека і грамадства. Людзей заклікалі не працаваць, а піць, гуляць, весяліцца. Рэальныя праблемы, якія стаялі перад краінай, патанулі ў балбатні, кабінетным пражэкцёрстве. Усё часцей і часцей у сродках масавай інфармацыі, на мітынгах і ў чыноўніцкіх кабінетах стала гучаць фраза вядомага літаратурнага героя Астапа Бендэра “Захад нам дапаможа”. Быў зроблены антынавуковы і шкодны вывад аб тым, што савецкая сістэма не рэфарміруемая, а таму павінна быць разбурана, знішчана.

Як бачна, антысаветызм стаў ідэалагічнай зброяй курсу М.С. Гарбачова, а галоснасць фактычна ператварылася ў ідэалагічную вайну, накіраваную на змену дзяржаўнага і грамадскага ладу СССР.

Фарміраванне палітычнай апазіцыі ў Беларусі. Працэс фарміравання палітычнай апазіцыі ў Беларусі пачынаўся з амаль непрыкметнай з’явы – значнага павелічэння ліку аматарскіх нефармальных аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. У 1986 – 1987 гг. у рэспубліцы ўзнікла 7 тыс. такіх аматарскіх аб’яднанняў і клубаў, якія налічвалі каля 1 млн. чалавек. Спачатку палітычныя пытанні ў праграмы клубаў і аб’яднанняў не ўключаліся. Напрыклад, мінская “Талака” ў сваёй праграме заяўляла, што будзе займацца выключна праблемамі нацыянальнай самабытнасці, захоўваннем помнікаў гісторыі і культуры.

Аднак прыкладна з другой паловы 1987 г. у дзейнасці клубаў і арганізацый усё больш і больш пачынаюць праяўляцца цэнтралізацыя і палітызацыя. У выніку перагавораў з уладамі ў снежні 1987 г. было дазволена правесці пад Мінскам вальны сойм беларускіх суполак. Удзельнікі яго гаварылі аб дэфармацыях сацыялізму, неабходнасці пабудовы сапраўднага сацыялізму, адраджэння беларускай нацыянальнай культуры. Спасылаючыся на У.І. Леніна, яны рабілі спробы крытыкаваць кіраўніцтва Беларусі. Гэта быў ужо, безумоўна, не культурна-асветны, а палітычны рух. Ішла самая звычайная палітычная барацьба пад прыкрыццём лозунга адраджэння нацыянальнай культуры. Пачыналася канфрантацыя маладзёжных суполак з ЦК КПБ, партыйнымі і камсамольскімі органамі.

У 1989 г. у БССР ствараецца штаб палітычнай апазіцыі – Беларускі народны фронт “Адраджэнне”. Яго праграма, статут і іншыя дакументы мелі адкрыта антысавецкую і антыкамуністычную накіраванасць. На заклікі апазіцыі да знішчэння савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу адэкватнае прававое рэагаванне адсутнічала. Больш за тое, узмацнілася яе канфрантацыя з праваахоўнымі органамі, партыйнымі і дзяржаўнымі структурамі. Не было і адпаведнага палітыка-арганізацыйнага рэагавання на дзеянні некаторых камуністаў і кіраўнікоў розных узроўняў, якія сталі на шлях неабгрунтаванай крытыкі савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу.

У 1988 – 1989 гг. у СССР была сфарміравана новая структура вышэйшых органаў улады – З’езд народных дэпутатаў СССР і Вярхоўны Савет СССР, які ствараўся на з’ездзе з ліку дэпутатаў і працаваў пастаянна. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у маі – чэрвені 1989 г. старшынёй Вярхоўнага Савета СССР быў выбраны М.С. Гарбачоў.

У 1986 – 1990 гг. адбыліся крывавыя канфлікты на нацыянальнай глебе ў Якуцку, Алма‑Аце, Нагорным Карабаху, Тбілісі, Фергане, Ошскай вобласці Кіргізіі, Сумгаіце, Баку, Душанбе і іншых гарадах. Няўменне і нежаданне цэнтра знаходзіць рашэнне нацыянальных канфліктаў канчаткова дыскрэдытавалі ў вачах мясцовага насельніцтва КПСС і звязаныя з ёю ўладныя структуры. Палітычны прэстыж апазіцыі ў нацыянальных рэспубліках СССР, яе аўтарытэт і ўплыў узрасталі. Канчатковая палітычная развязка набліжалася.

 

§ 3. Адукацыя і навука

Важнай прадумовай развіцця культуры з’яўляецца неабходны адукацыйны ўзровень насельніцтва. У пасляваенны перыяд адбылося аднаўленне і далейшае развіццё сістэмы адукацыі. Павялічваліся асігнаванні на яе патрэбы. За 1946–1950 гг. на аднаўленне і развіццё агульнаадукацыйнай школы было адпушчана 3598,7 млн. рублёў. Гэта дазволіла толькі за кошт дзяржаўных сродкаў пабудаваць 205 школ на 62,4 тысячы вучнёўскіх месц. У канцы 1950 г. у БССР у асноўным была адноўлена даваенная сетка агульнаадукацыйных школ. У 1951–1955 гг. адбылося далейшае пашырэнне сярэдняй адукацыі, якое ішло шляхам арганізацыі новых і пераўтварэння сямігодак у сярэднія школы. Іх колькасць за гэтыя гады вырасла амаль у 2 разы. Палепшыўся і склад настаўніцкіх кадраў: калі ў 1944/45 навучальным годзе працавала 19,7% настаўнікаў з вышэйшай і няпоўнай вышэйшай адукацыяй, то ў 1950/51 – 30,2%, а ў 1955/56 – каля 50%.

У снежні 1958 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон “Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР”. Адпаведны Закон у БССР быў прыняты ў 1959 г. Ён прадугледжваў увядзенне ўсеагульнага 8-гадовага навучання.

У 70-я гады была ўведзена ўсеагульная сярэдняя адукацыя моладзі. Была пабудавана дастаткова дэмакратычная сістэма народнай адукацыі, якая давала рэальную магчымасць моладзі атрымаць сярэднюю адукацыю. Ужо ў 1977 г. 98% закончыўшых восем класаў працягвалі вучобу ў школе з мэтай атрымання сярэдняй адукацыі. Усё гэта патрабавала адпаведнай перабудовы адукацыі, яе змест (праграмы, вучэбныя планы, падручнікі) прыводзіліся ў адпаведнасць з дасягненнямі навукі і культуры, навукова-тэхнічнага прагрэсу. Увядзенне ўсеагульнай сярэдняй адукацыі з’явілася адным з буйных дасягненняў сацыялістычнага ладу. Колькасць асоб, атрымаўшых сярэднюю (агульную і спецыяльную) адукацыю, узрасла з 70 тыс. чалавек у 1946–1950 гг. да 779 тыс. у 1971–1975 гг.

Новай спробай рэформы школы было прыняцце ў 1984 г. дакумента “Асноўныя напрамкі рэформы агульнаадукацыйнай і прафесійнай школы”. У сярэдзіне 80-х гадоў сістэма адукацыі ў БССР налічвала 6223 агульнаадукацыйныя школы з 1468 тыс. вучняў; 139 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, звыш 160 тыс. навучэнцаў.

Перабудоўвалася сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Шматлікія навучальныя ўстановы сістэмы працоўных рэзерваў у канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў былі пераўтвораны ў адзіны тып навучальных устаноў – гарадскія і вясковыя прафесійна-тэхнічныя вучылішчы. Іх колькасць у БССР вырасла з 103 у 1961 г. да 233 у 1985 г.

Паспяхова развівалася вышэйшая адукацыя. У 1944/45 навучальным годзе працавалі 22 вышэйшыя навучальныя установы (з 25 існаваўшых да вайны). У 1945 г. у Мінску аднавіў работу Беларускі лесатэхнічны інстытут, які з 1930 г. працаваў у Гомелі. У 1961 г. ён быў пераўтвораны ў Беларускі тэхналагічны інстытут. Адкрыліся новыя вышэйшыя навучальныя ўстановы: у 1945 г. Беларускі тэатральны інстытут (з 1953 г. – тэатральна-мастацкі), у 1948 г. – Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, у 1950 г. – Брэсцкі педагагічны інстытут (створаны на базе настаўніцкага інстытута).

У 1959 г. было створана Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР.

За пасляваенныя гады колькасць сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў павялічылася з 94 у 1946 г. да 139 у 1985 г., вышэйшых навучальных устаноў – з 24 да 33 (колькасць студэнтаў адпаведна з 13 тыс. да 182 тыс.).

Некаторыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі дазволілі паступова павялічыць узровень задавальнення духоўных патрабаванняў насельніцтва. Высокімі тэмпамі развівалася сетка культурных устаноў – бібліятэк, клубаў, музеяў, тэатраў і кінатэатраў. Аб гэтай сферы жыцця грамадства можна меркаваць па даных табліцы:

Культурныя ўстановы Год
           
Бібліятэкі:            
Кнігі, часопісы, млн экз. 6,6 31,5 60,2 76,9 87,1 100,9
Клубы            
Тэатры            
Музеі            

Лічбы ў асноўным унушальныя, калі ўлічваць, з чаго пачыналі ў 1944/45 гг. Між тым, нельга не звярнуць увагу на некаторыя негатыўныя тэндэнцыі – змяншэнне колькасці тэатраў або падзенне тыражоў беларускамоўных кніг.

Паспяхова развівалася навука. У 1944 г. у Мінску зноў пачала сваю дзейнасць Акадэмія навук БССР. У першыя пасляваенныя гады яе калектыў працаваў у цяжкіх умовах. Не хапала памяшканняў, лабараторнага абсталявання, кваліфікаваных кадраў.

Аднаўляліся навукова-даследчыя інстытуты меліярацыі, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці, лясной гаспадаркі. К канцу 1950 г. у БССР дзейнічала 77 навуковых устаноў, а ў 1958 г. гэтая лічба ўзрасла да 83.

Цэнтрам навуковай працы ў рэспубліцы становіцца Акадэмія навук БССР. У пасляваенныя гады тут праводзіліся работы па стварэнні новых сплаваў, вывучэнні фэрамагнетызму, тэхналогіі апрацоўкі металаў. Паспяхова распрацоўваліся пытанні калоіднай хіміі, рацыянальнага выкарыстання торфу, праводзіліся даследаванні, накіраваныя на павышэнне ўрадлівасці глебы, культуры земляробства, жывёлагадоўлі ў калгасах і саўгасах рэспублікі.

У 1955 г. у сістэме АН БССР быў створаны Інстытут фізікі і матэматыкі, у якім пачалі развівацца новыя навуковыя напрамкі – спектраскапія, люмінесцэнцыя, тэорыя дыферэнцыяльных ураўненняў і вылічальная матэматыка. У 1955 г. ствараецца Інстытут матэматыкі з вылічальным цэнтрам, адкрываецца Аддзел фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, які хутка рэарганізуецца ў Інстытут таго ж профілю. На базе энергетычнага сектара ў 1952 г. ствараецца Інстытут энергетыкі, пераўтвораны ў 1963 г. у Інстытут цяпла – і масаабмену. Арганізаваны ў 1957 г. Інстытут машыназнаўства і аўтаматызацыі перайменаваны пазней у Інстытут праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын.

Вучоныя ВНУ прымалі ўдзел у распрацоўцы актуальных тэарэтычных і прыкладных праблем. Так, значныя навуковыя даследаванні праводзіліся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Выконваліся навуковыя даследаванні ў політэхнічным і лесатэхнічным інстытутах. Аднаўлялася навуковая дзейнасць сельскагаспадарчых ВНУ. Напрыклад, у Беларускім політэхнічным інстытуце ў 1957 г. арганізаваны дзве навукова-даследчыя праблемныя лабараторыі – аўтамабіляў, сілікатаў і шкла.

Беларускія вучоныя праводзілі таксама даследаванні ў галіне біялогіі, хіміі, генетыкі і інш.

Пашыралася сетка навуковых устаноў, умацавалася іх матэрыяльная і даследча-эксперыментальная база. Толькі за гады ІХ, Х, ХІ пяцігодак у рэспубліцы створана звыш 30 навуковых устаноў. У 1985 г. навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў шмат якіх галінах ведаў у БССР праводзілі каля двухсот акадэмічных і галіновых інстытутаў, ВНУ і праектна-канструктарскіх арганізацый.

Калі ў 1960 г. у Беларусі было 6840 навуковых работнікаў (уключаючы навукова-педагагічныя кадры ВНУ), у 1970 г. – 21863, то ў 1985 – 42452.

Па шэрагу напрамкаў у БССР узніклі навуковыя школы, вынікі даследаванняў якіх былі прызнаны як у краіне, так і за мяжой. Вядома беларуская школа акадэміка М.П. Яругіна ў галіне звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў; навуковая школа ў галіне алгебры, алгебраічнай геаметрыі і тэорыі лічбаў, якую ўзначальваў акадэмік У.П. Платонаў; буйная школа фізікаў-лазершчыкаў акадэміка Б.І. Сцяпанава. Вялікі аўтарытэт у колах навуковай грамадскасці маюць школы акадэмікаў М.А. Барысевіча, Ф.І. Фёдарава, В.І. Крылова, В.А. Белага, М.С. Казлова, А.С. Махнача, М.А. Дарожкіна. Значны ўклад унеслі беларускія вучоныя ў распрацоўку фізікі элементарных часціц, атамнага ядра, квантавай электронікі, радыёфізікі, фізікі плазмы, паўправаднікоў і дыэлектрыкаў.

Паспяхова распрацоўвалі праблемы хіміі І.Н. Ярмоленка, Н.Ф. Ярмоленка, Б.В. Ерафеева, П.І. Бялькевіч, І.І. Ліштван і інш.; спектраскапіі – В.У. Грузінскі і С.Н. Талкачоў. Былі вырашаны важныя задачы ў матэрыялазнаўстве, прыборабудаванні, фізіялогіі. Высокага ўзроўню дасягнулі геалагічная, біялагічная, сельскагаспадарчая, геаграфічная галіны навукі.

Дасягненні сусветнага ўзроўню навука Беларусі мае ў матэматыцы, оптыцы і спектраскапіі.

Беларускія вучоныя ўдзельнічалі ў навуковых распрацоўках, звязаных з развіццём абароннага комплексу і асваеннем космасу. І, безумоўна, гонарам рэспублікі з’яўляюцца нашы землякі, касманаўты Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, якія неаднаразова пабывалі ў космасе.

Дасягненні беларускіх вучоных высока ацэньваліся ў былым СССР. 9 вучоных Беларусі сталі лаўрэатамі Ленінскай прэміі; вучоныя рэспублікі атрымалі 26 Дзяржаўных прэмій СССР і 57 Дзяржаўных прэмій БССР. У мовазнаўстве была падрыхтавана вялікая праца “Граматыка беларускай мовы” (1962, 1966), выдадзены “Русско-белорусский словарь” (1953) і “Беларуска-рускі слоўнік” (1962). У беларускім літаратуразнаўстве вывучаўся вопыт беларускай літаратуры, выдадзены працы “Гісторыя дакастрычніцкай літаратуры” (Т.1., 1968–1969), “Гісторыя беларускай савецкай літаратуры” (Т.1–2, 1964–1966). У гістарычнай навуцы – у 50–60-я гады была выдадзена першая абагульняючая праца “История Белорусской ССР” у 4-х тамах (1984–1987), трохтомнік “Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны” (1967–1982). Друкаваліся працы па філасофіі, эканамічных і іншых навуках. Былі падрыхтаваны і выдадзены “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” у 12-ці тамах (1969–1975), “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі” (1984–1987) і інш.

Аднак гуманітарныя навукі ў найбольшай ступені залежалі ад грамадска-палітычнага жыцця, былі вельмі палітызаваны і ідэалагізаваны. Асабліва яскрава гэта праявілася ў грамадскіх навуках, у тым ліку ў гістарычнай. Пад лозунгамі барацьбы супраць “праяўленняў безыдэйнасці і апалітычнасці”, “за чысціню марксісцка-ленінскага светапогляду”, за няўхільнае кіраванне “ленінскімі прынцыпамі класавасці і партыйнасці” знішчаліся навуковыя галіны і школы, укараняўся дагматызм, падаўляліся праяўленні іншадумства. У канцы 40-х – пачатку 50-х гадоў партыйна-дзяржаўнымі органамі была створана і падтрымлівалася атмасфера, паставіўшая гістарычную і іншыя грамадскія навукі ў абмежаваныя рамкі.

 

§ 4. Літаратура і мастацтва

Духоўны стан грамадства ў значнай ступені знаходзіць адлюстраванне ў літаратуры. Для беларускай пасляваеннай літаратуры характэрна тое, што ў ёй адбываецца прыкметны рост прозы малых і асабліва буйных жанравых форм. Гераічная эпапея барацьбы народа з фашызмам прыцягвала пільную ўвагу беларускіх пісьменнікаў. Ідэйна-эстэтычнае асэнсаванне ваенных падзей проза пачала па гарачых слядах. У першых творах аб мірным жыцці пісьменнікі імкнуліся па магчымасці ярчэй перадаць аптымістычны настрой свайго сучасніка.

Прыкладна з 1953 г. у беларускай літаратуры, як і ва ўсесаюзнай, намеціліся новыя тэндэнцыі, звязаныя з актывізацыяй грамадскага жыцця. Пачаўся працэс пераадолення апісальнасці, заглыблення ва ўнутраны свет герояў, у сутнасць канфліктаў пасляваеннай эпохі. У пісьменніцкім асяроддзі разгарнулася дыскусія аб месцы пісьменніка ў жыцці грамадства, аб неабходнасці перагляду ўсталяваных у літаратуры канцэпцый бесканфліктнасці. На першы план паступова вылучаюцца агульначалавечыя маральна-этычныя каштоўнасці, барацьба за маральную чысціню і светлае ў чалавеку. Яскрава гэта праявілася ў аповесці Я. Брыля “На Быстранцы” і асабліва ў рамане І. Шамякіна “Крыніцы”.

У першай палове 60-х гг. у выніку ўнутранага ідэйна-мастацкага ўзбагачэння беларуская проза прыйшла да значных здабыткаў. З’яўляюцца раманы: “Людзі на балоце” І. Мележа, “Птушкі і гнёзды” Я. Брыля, “Сэрца на далоні” І. Шамякіна, “Сасна пры дарозе” І. Навуменкі, “На парозе будучыні” М. Лобана, “Засценак Малінаўка” А. Чарнышэвіча. У. Караткевіч адкрыў чытачу паэзію і філасофію гісторыі (“Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”), а В. Быкаў – з пазіцый гуманізму і антымілітарызму аналізуе і асэнсоўвае чалавека на вайне (“Жураўліны крык”, “Сотнікаў”, “Воўчая зграя” і іншыя аповесці).

Пільная ўвага да маральна-этычных праблем сучаснасці, да вобраза сучасніка, да ўзаемаадносін навукова-тэхнічнай рэвалюцыі і лёсу чалавека асабліва характэрна для І. Шамякіна – яго раманы “Атланты і карыятыды” (1974), “Вазьму твой боль” (1978), І. Пташнікава – “Мсціжы” (1972), В. Адамчыка “Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы” (1983).

Вельмі плённымі для беларускай драматургіі былі канец 60-х – 70-я гады, калі быў створаны шэраг п’ес, якім было суджана стаць літаратурнай класікай. Менавіта ў гэты час тэатральная грамадскасць нашай рэспублікі і іншых рэспублік былога СССР пазнаёмілася з арыгінальнымі п’есамі “Брама неўміручасці” К. Крапівы, “Трыбунал”, “Зацюканы апостал”, “Таблетку пад язык”, “Кашмар” (“Святая прастата”) А. Макаёнка, “Вечар”, “Парог” А. Дударава”, “Соль”, “Трывога” А. Петрашкевіча, з новымі творамі М. Матукоўскага, К. Губарэвіча, У. Караткевіча, А. Дзялендзіка і многіх іншых.

Вялікі ўклад у развіццё беларускага тэатра зрабілі рэжысёры Б. Луцэнка, В. Мазынскі, В. Раеўскі, акцёры З. Браварская, А. Клімава, Г. Макарава, С. Станюта, З. Стома, В. Тарасаў, Ф. Шмакаў, Г. Глебаў, Р. Ржэцкая, У. Дзядзюшка, Н. Радзялоўская, Р. Янкоўскі, М. Яроменка. Кадры акцёраў, рэжысёраў, сцэнографаў, тэатразнаўцаў рыхтаваў усе гэтыя гады Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

З існаваўшых да 1985 г. 17 тэатраў 9 былі драматычных, 6 лялечных, 2 музычныя. Велізарную ролю ў культурным жыцці рэспублікі іграў Вялікі тэатр оперы і балету. Тут працавалі таленавітыя артысты Л. Александроўская, З. Бабій, І. Сарокін, Н. Ткачэнка, Т. Ніжнікава, Т. Шымко, В. Чарнабаеў, А. Карзянкова, Н. Давідзенка, Р. Красоўская, Л. Бржазоўская, Ю. Траян, В. Саркісьян і іншыя.

У музычнай культуры ў пасляваенныя гады інтэнсіўна развіваюцца жанры сімфоніі і інструментальнай музчыкі. Аб гэтым сведчаць творчасць М. Аладава, Я. Цікоцкага, А. Багатырова, У. Алоўнікава, П. Падкавырава. Напісана значная колькасць музычна-сцэнічных твораў пераважна гераічнай і гераічна-легендарнай тэматыкі (оперы “Машэка” і “Марынка” Р. Пукста, “Андрэй Касценя” М. Аладава, “Кастусь Каліноўскі” Дз. Лукаса і інш., балет “Князь-возера” В. Залатарова).

З другой паловы 1950-х гадоў у развіцці беларускай музыкі пачаўся новы этап, характэрны больш глыбокім засваеннем рэчаіснасці і адыходам ад ілюстрацыйнасці. У сімфанічным жанры паспяхова працуюць М. Аладаў, Л. Абеліёвіч, Р. Бутвілоўскі, Я. Глебаў, А. Мдывані, Дз. Смольскі, Г. Вагнер, у творах канцэртнага жанру – С. Картэс, Г. Вагнер, Дз. Смольскі, В. Раінчык. З’явамі культурнага жыцця сталі балеты “Выбранніца”, “Курган”, “Альпійская балада”, “Тыль Уленшпігель”, “Маленькі прынц” Я. Глебава (апошні быў пастаўлены ў Вялікім тэатры СССР у 1983 г.), “Пасля балю” Г. Вагнера, оперы “Новая зямля” Ю. Семянякі, “Сцежкаю жыцця” Г. Вагнера, “Сівая легенда” Дз. Смольскага, “Матухна Кураж” С. Картэса.

Развівалася выяўленчае мастацтва. У першыя пасляваенныя гады мастакі знаходзіліся пад яркім уражаннем гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху.

У 50-я гады гістарычны жанр як бы зліваўся ў адзіны акорд з тэматыкай Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху. Аднак мастакі працавалі і над беларускай гісторыяй (А. Гугель, Я. Кудрэвіч “Кастусь Каліноўскі”, 1958; П. Сергіевіч “Скарына ў друкарні”, 1957; А. Кроль “Я. Купала і Цётка ў Пецярбургу ў 1913 годзе”, 1954; Я. Ціхановіч, І. Давідовіч “Янка Купала з калгаснікамі”, 1961).

У 60-я гады пачала сваю творчую дзейнасць плеяда таленавітых беларускіх мастакоў – Л. Шчамялёў, У. Стэльмашонак, А. Кішчанка, М. Данцыг, Г. Вашчанка, М. Савіцкі. Асабліва яскрава беларускае мастацтва заявіла пра сябе ў 1967 г., у час Усесаюзнай выстаўкі ў Маскве.

Сярод тых, чый творчы лёс адбыўся – выдатны беларускі жывапісец М. Савіцкі. Яго творчасць – шматпланавая. Пачуццём гісторыі, роздумам пра лёс роднай зямлі прасякнута большасць яго палотнаў. Але карціны М. Савіцкага пра партызан Беларусі – значная з’ява ў беларускім нацыянальным жывапісе. Гэта – “Партызанская мадонна”, “Партызаны. Блакада”, “Аршанскія партызаны”, “Клятва” і іншыя творы.

Цэнтральнай фігурай у беларускай пасляваеннай пластыцы, безумоўна, з’яўляецца З. Азгур. Працуючы многа і плённа, ён працягвае пачатую яшчэ ў гады вайны серыю партрэтаў рускіх палкаводцаў, пачынае новыя цыклы: на гісторыка-рэвалюцыйную тэму (партрэты У. Леніна, Ф. Дзяржынскага, Я. Свярдлова, М. Калініна), цыкл партрэтаў Герояў Сацыялістычнай працы, потым – партрэтаў кіраўнікоў камуністычных і рабочых партый, галерэю партрэтаў вядомых герояў (маршала К.К. Ракасоўскага, К. Заслонава і інш.). Ён працуе і над адной з самых вялікіх серый, якая налічвае дзесяткі партрэтаў прадстаўнікоў культуры мінулага і дзеячаў культуры і мастацтва савецкай Беларусі (Ф. Скарыны (1947), А. Пашкевіч (1947), Я. Колас (1949).

Ярка і важка праявілася творчасць А. Бембеля, А. Глебава, С. Селіханава і іншых скульптараў.

У манументальным мастацтве важнейшай тэмай сталі бяспрыкладны гераізм і ўздым народнага духу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта помнікі, курганы Славы, якія стаяць амаль ва ўсіх населеных пунктах. А самым значным дасягненнем беларускіх архітэктараў і скульптараў гэтага перыяду стаў ансамбль Плошчы Перамогі ў Мінску з абеліскам-помнікам воінам Савецкай Арміі і партызанам, загінуўшым у баях з фашызмам (1954, скульптары – З. Азгур, А. Бембель, А. Глебаў, С. Селіханаў, архітэктары У. Кароль, Г. Заборскі).

Паступова манументальнае мастацтва пачынае адыгрываць усё больш важную ролю ў стварэнні горадабудаўнічых структур. Найбольш удалымі прыкладамі кампазіцыйнай сувязі з прасторавым асяроддзем могуць служыць помнікі Я. Купалу (1972, скульптары А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. Заспіцкі), комплекс “Мінск – горад-герой”, Курган Славы Савецкай Арміі – вызваліцельніцы Беларусі, помнікі Я. Коласу ў Мінску (1972, скульптар З. Азгур), Ф. Скарыне ў Полацку (1974, скульптары А. і І. Глебавы), мемарыяльныя комплексы “Хатынь” (скульптар С. Селіханаў, архітэктары Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін), “Брэсцкая крэпасць-герой” (скульптары А. Кібальнікаў, А. Бембель, У. Бабыль, архітэктары У. Кароль, В. Волчак, В. Занковіч, Ю. Казакоў, А. Стаховіч, Г. Сысоеў), Манумент у гонар савецкай маці-патрыёткі ў Жодзіне (скульптары А. Заспіцкі, Г. Міско, М. Рыжанкоў, архітэктар А. Трафімчук).

Такім чынам, нават невялікі аналіз таго, што было створана ў сферы культуры, дае падставы гаварыць пра рознабаковае духоўнае жыццё беларускага народа. Беларуская культура мінулых дзесяцігоддзяў духоўная, глыбокая і таму атрымала прызнанне за межамі рэспублікі.

 

ГЛАВА 3. БЕЛАРУСЬ НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ

§ 1. Удзел БССР у барацьбе міжнароднага супольніцтва за вырашэнне глабальных сацыяльна-палітычных праблем, за мір і бяспеку

1 лютага 1944 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў закон, па якому ўсе саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца консульскімі і дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі.

У сакавіку 1944 г. быў створаны Народны камісарыят (з 1946 г. – Міністэрства) замежных спраў Беларусі. Першым міністрам стаў К. Кісялёў.

Беларусь увайшла ў лік першапачатковых членаў ААН. Уключэнне БССР у склад краін-стваральніц ААН было абумоўлена прызнаннем вялікага ўкладу яе ў разгром агульнага ворага – фашысцкай Германіі, а таксама вялікіх і цяжкіх людскіх і матэрыяльных страт у час вайны.

Палітычныя, эканамічныя, культурныя адносіны звязвалі Беларусь з краінамі свету. Ужо 9 верасня 1944 г. было заключана першае пагадненне паміж урадам БССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення аб эвакуацыі беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы і польскіх грамадзян з тэрыторыі Беларусі. Пазней, 25 лістапада 1945 г., быў падпісаны дадатковы пратакол гэтага пагаднення.

Прадстаўнікі беларускай грамадскасці прымалі ўдзел у стварэнні і дзейнасці такіх міжнародных дэмакратычных арганізацый як Сусветная арганізацыя прафсаюзаў (1945), Міжнародная дэмакратычная арганізацыя жанчын (1945), Сусветная арганізацыя дэмакратычнай моладзі (1945), Сусветны Савет Міру (1948) і інш.

БССР настойліва і паслядоўна выступала за пакаранне ваенных злачынцаў. Яе прапановы былі вынесены на разгляд першай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1946). У выніку 13 лютага 1946 г. ААН прыняла рэзалюцыю “Аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў”. Усе краіны міжнароднага супольніцтва павінны былі зрабіць захады па затрыманні ваенных злачынцаў і неадкладнай высылцы іх у тыя месцы, дзе імі былі ўчынены забойствы. Аднак гэта рашэнне ААН не было выканана поўнасцю. Шмат ваенных злачынцаў збеглі з Еўропы і знайшлі надзейны прытулак у ЗША, Канадзе, Лацінскай Амерыцы, Аўстраліі.

Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, разам з СССР падтрымала ідэю стварэння дзяржавы Ізраіль.

З другой паловы 40-х гадоў пачалася т. зв. “халодная вайна”. І ў 50-я гады міжнароднае становішча заставалася напружаным.

У 1954 г. Беларусь стала пастаянным членам ЮНЭСКА і Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), а ў 1956 г. уступіла ў камітэт ААН па сельскай гаспадарцы і жыллёваму будаўніцтву. Рэспубліка ўдзельнічала ў вырашэнні рознабаковых праблем жыцця міжнароднага супольніцтва. З 1951 па 1958 г. яе прадстаўнікі працавалі ў 8 чарговых і 3 надзвычайных Генеральных Асамблеях ААН, больш за 100 міжнародных канферэнцыях і нарадах.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 602; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.007 сек.