Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 8. Грамадска-палітычнае жыццё




 

Сялянскі рух і народніцкія арганізацыі ў Беларусі. Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. у Беларусі адбыўся рэзкі спад сялянскіх выступленняў і на працягу наступных 40 год сялянскі рух ніколі не дасягаў таго ўзроўню, які назіраўся на рубяжы 50–60 гг., у час падрыхтоўкі і правядзення рэформы 1861 г. Калі ў 1861 г. было зарэгістравана 379 сялянскіх хваляванняў, то ў 1864–1880 гг. іх рэгістравалася ў сярэднім толькі 8–10 штогод. Хваляванні сялян былі паасобныя і неарганізаваныя.

Арганізаваны рэвалюцыйны рух у Беларусі пачаў адраджацца толькі ў сярэдзіне 70-х гг. У той час самым радыкальным напрамкам апазіцыйнай грамадскай думкі ў Расіі было народніцтва. Ідэалагічна яно грунтавалася на тэорыі сялянскага сацыялізму, заснавальнікамі якой былі А. Герцэн і М. Чарнышэўскі. Народнікі лічылі, што Расія мае магчымасць пазбегнуць капіталістычнай стадыі развіцця і, абапіраючыся на сялянскую абшчыну, перайсці адразу да сацыялізму. Сваіх прыхільнікаў народніцтва знайшло перш за ўсе сярод разначыннай інтэлігенцыі.

З самага пачатку ў народніцтве існавалі дзве плыні – рэвалюцыйная і рэфарматарская. Прадстаўнікі першай асноўным сродкам дасягнення сваіх мэтаў лічылі сялянскую рэвалюцыю і рабілі ўсё магчымае, каб падштурхнуць сялян да рашучай барацьбы супраць самадзяржаўя і перажыткаў прыгонніцтва. Памяркоўныя народнікі хацелі перайсці да сацыялізму шляхам паступовага рэфармавання існуючага ладу Расіі.

Народніцкі рух у Беларусі быў ідэйна і арганізацыйна звязаны з агульнарасійскім. Сярод вядомых расійскіх народнікаў 70-х гадоў былі ўраджэнцы Беларусі М. Судзілоўскі, С. Кавалік, І. Грынявіцкі, Р. Ісаеў, К. Брэшка-Брэшкоўская, А. Бонч-Асмалоўскі. У другой палове 70 – пачатку 80-х гадоў у Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску, Оршы, Слуцку і іншых гарадах Беларусі дзейнічалі народніцкія гурткі. Іх наведвалі ў першую чаргу навучэнцы, якія пад выглядам самаадукацыі вывучалі забароненую літаратуру. Меліся спробы весці агітацыю сярод сялян. Магчымасці гэтых гурткоў былі вельмі абмежаваныя. Удзельнікі іх не бачылі асаблівасцей гістарычнага, сацыяльна-эканамічнага і нацыянальнага развіцця краю, іх дзейнасць цалкам залежала ад тых працэсаў, што адбываліся ў народніцкіх арганізацыях цэнтра Расіі.

Калі летам 1879 г. пецярбургская арганізацыя “Зямля і воля” раскалолася на “Народную волю” і “Чорны перадзел”, большасць народнікаў у Беларусі падтрымала апошнюю, якая кіравалася старой прапагандысцкай тактыкай. У 1879 і 1880 гг. на Беларусь двойчы прыязджаў лідэр “Чорнага перадзелу” Г.В. Пляханаў. У Мінску была арганізавана падпольная друкарня “Чорнага перадзелу”, якая ў пачатку 1881 г. выпусціла тры нумары цэнтральнага органа арганізацыі – газеты “Чёрный передел”, столькі ж нумароў газеты для рабочых “Зерно” і дзве пракламацыі. Між тым “Чорны перадзел” праіснаваў нядоўга. У 1882 г. арганізацыя распалася, яе кіраўнікі, у тым ліку і Г. Пляханаў, выехалі за мяжу. Былыя прыхільнікі “Чорнага перадзелу”, што засталіся ў Расіі, пачалі пераходзіць на пазіцыі “Народнай волі”.

У сваёй дзейнасці нарадавольцы рабілі стаўку на індывідуальны палітычны тэрор супраць прадстаўнікоў улады. 1 сакавіка 1881 г., пасля некалькіх няўдалых спроб, яны забілі Аляксандра ІІ. Бомбу ў цара кінуў ураджэнец Мінскай губерні І. Грынявіцкі. Кіраўнікі “Народнай волі” спадзяваліся, што забойства цара з’явіцца сігналам да народнага паўстання ў Расіі. Аднак ніякага паўстання не адбылося, а рэпрэсіі супраць рэвалюцыянераў у хуткім часе прывялі да знішчэння цэнтральных і многіх правінцыяльных арганізацый “Народнай волі”.

Народнікі ў Беларусі спрабавалі аб’яднацца ў адзіную арганізацыю. У пачатку 1882 г. у Вільні была створана Паўночна-заходняя арганізацыя “Народнай волі”. Праўда, праіснавала яна нядоўга. Ужо ў канцы года паліцыі ўдалося раскрыць і арыштаваць членаў цэнтральнай групы. У Беларусі працягвалі дзейнічаць толькі асобныя гурткі.

У першай палове 80-х гадоў у Пецярбургу існавалі студэнцкія гурткі нарадавольніцкага і ліберальна-асветніцкага накірункаў, удзельнікамі якіх былі выхадцы з Беларусі. Падпольна яны выдалі некалькі публіцыстычных твораў, напісаных на рускай мове. У 1884 г. члены групы “ Гоман ” (А. Марчанка, Х. Ратнер і інш.) выступілі з ініцыятывай аб’яднання ўсіх народніцкіх гурткоў Беларусі. Імі было выдадзена два нумары гектаграфічнага часопіса “Гоман” (на рускай мове). Гоманаўцы аб’явілі сябе “Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групай”. Іх ідэалам была вольная ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту Расія, пабудаваная на аснове федэрацыі самаўпраўляемых абласцей. Яны мелі сувязі з народніцкімі гурткамі Мінска, Віцебска, Магілёва, але аб’яднаць усіх рэвалюцыйных народнікаў Беларусі ў той час не былі здольны.

У другой палове 80-х – 90-я гады пануючым накірункам у народніцтве з’яўляўся ліберальны. Ліберальныя народнікі адмовіліся ад рэвалюцыйных метадаў барацьбы і галоўную ўвагу звярнулі на рэфармаванне зямельнага заканадаўства з мэтай павялічыць сялянскае землеўладанне і захаваць абшчыну ў вёсцы. Гэтым яны спадзяваліся вырашыць аграрную праблему. Разам з тым беларускія ліберальныя народнікі цікавіліся гісторыяй і культурай свайго краю, спрыялі развіццю нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

Рабочы рух і стварэнне сацыял-дэмакратычных арганізацый у Беларусі. Пасля рэформы 1861 г. у Беларусі значна паскорыўся працэс фарміравання класа наёмных рабочых. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх губерняў: адсутнасць буйных і перавага дробных рамесных прадпрыемстваў з невялікай колькасцю працуючых на іх рабочых, сялянскае малазямелле і мноства яўрэйскай беднаты ў горадзе – стваралі лішак рабочай сілы і пашыралі магчымасці эксплуатацыі пралетарыяту. Заработная плата беларускіх рабочых у параўнанні з агульнарасійскім паказчыкам у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. была амаль на 1/3 ніжэй. У першыя два дзесяцігоддзі пасля адмены прыгонніцтва ўмовы працы рабочых ніяк не рэгламентаваліся, адсутнічала ўсялякая сацыяльная абарона. Тым не менш выступленняў рабочых у Беларусі было няшмат. У 70-я гады іх зарэгістравана 7, у 80-я – 10. Толькі ў 90-х гадах пачаўся ўздым стачачнай барацьбы (адбылося 59 выступленняў, прычым 53 з іх у другой палове). Паступова рабочы рух стаў больш арганізаваным і ў канцы ХІХ ст. вылучыўся ў самастойную плынь.

У гэты ж час ідэалогія народніцтва пачынае саступаць месца марксізму. Першае знаёмства з марксісцкай літаратурай адбылося яшчэ ў гуртках народнікаў. Узнікненне самастойнага сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі звязана з дзейнасцю польскай партыі “Пралетарыят ” (утварылася ў 1882 г.) і пляханаўскай групы “Вызваленне працы” (утворана ў 1883 г. у Швейцарыі). У другой палове 80 – пачатку 90-х гадоў у некаторых гарадах Беларусі былі арганізаваны гурткі, у якіх вывучалі працы К. Маркса, Ф. Энгельса і іх паслядоўнікаў. У Мінску такімі гурткамі кіравалі Э. Абрамовіч, І. Гурвіч, С. Трусевіч; у Гомелі – А. Поляк і І. Захарын; у Гродне – М. Дзем’яновіч і С. Галюн; у Віцебску – А. Амстэрдам, М. Заслаўскі, П. Дубінская і Х.Усышкін. Першыя марксісцкія гурткі ў Беларусі былі нешматлікія і амаль не звязаныя з масавым рабочым рухам.

Аднак ужо з сярэдзіны 90-х гадоў у сацыял-дэмакратычным руху Расіі адбываюцца значныя змены. Пачынаецца пераход ад вузкай гуртковай прапаганды марксізму да масавай эканамічнай і палітычнай агітацыі. У Беларусі гэтаму пераходу шмат садзейнічала рукапісная брашура А. Крэмера “Аб агітацыі” (1893). У той час сацыял-дэмакратычныя арганізацыі ўжо існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Пінску, Смаргоні, Брэст-Літоўску, Гродне, Ашмянах.

Прыблізна з сярэдзіны 90-х гадоў сацыял-дэмакраты пачынаюць наладжваць прапаганду ідэй сацыялізму ў рабочым асяроддзі. Так, у Мінску ў гэты час аформіліся дзве сацыял-дэмакратычныя групы. Адну ўзначальвалі Я. Гурвіч і П. Берман. Яны разгарнулі агітацыю сярод яўрэйскіх рабочых дробнакапіталістычнай вытворчасці. Другая група пад кіраўніцтвам С. Трусевіча вяла прапаганду на буйных прадпрыемствах Мінска. У красавіку 1896 г. С. Трусевіч удзельнічаў у рабоце ўстаноўчага з’езда Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі (ЛСДП) у Вільні, але не пагадзіўся з яе сепаратызмам і ў маі 1896 г. стварыў Рабочы саюз Літвы (РСЛ), які аб’яднаў інтэрнацыянальныя рабочыя арганізацыі Вільні, Мінска і Смаргоні.

У другой палове 90-х гг. сярод сацыял-дэмакратаў шматнацыянальных заходніх губерняў пераважала тэндэнцыя да стварэння рабочых арганізацый па нацыянальнай прыкмеце. Такую пазіцыю заняла ЛСДП. Узаемадзеянне з расійскім пралетарыятам адмаўляла Польская сацыялістычная партыя (ППС). У верасні 1897 г. на з’ездзе яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый, што праходзіў у Вільні, утварыўся БундУсеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Яго лідэрам стаў А. Крэмер. Бунд лічыў, што абараніць інтарэсы яўрэйскіх рабочых можа толькі іх нацыянальная арганізацыя. Аднак з пазіцыяй Бунда пагадзіліся не ўсе рабочыя яўрэйскія арганізацыі. Праціўнікі Бунда стварылі ў Мінску Рабочую партыю палітычнага вызвалення Расіі (РППВР). Яе кіраўнікамі сталі Л. Радзівонава-Клячко, Р. Гершуні, К. Брэшка-Брэшкоўская, А. Бонч-Асмалоўскі. Гэтая група стаяла на інтэрнацыянальных пазіцыях і схілялася да тэрарыстычных метадаў барацьбы з самадзяржаўем.

На аснове масавай сацыялістычнай агітацыі ў другой палове 90-х гг. назіраецца значны ўздым стачачнай барацьбы рабочых, у Расіі ствараюцца буйныя гарадскія і рэгіянальныя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі. Усё гэта выклікала неабходнасць аб’яднання сацыял-дэмакратаў у адзіную партыю. Ініцыятарам аб’яднальнага працэсу стаў створаны У.І. Леніным у 1895 г. пецярбургскі “ Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа ”.

1–3 сакавіка 1898 г. у Мінску прайшоў з’езд прадстаўнікоў пецярбургскага, маскоўскага, кіеўскага і екацярынаслаўскага “Саюзаў барацьбы”, кіеўскай “Рабочай газеты” і Бунда. З’езд прыняў рашэнне аб аб’яднанні прадстаўленых на ім арганізацый у Расійскую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю (РСДРП) і выбраў ЦК партыі. Бунд увайшоў у РСДРП на правах аўтаноміі ў вырашэнні мясцовых спраў.

Хутка пасля першага з’езда РСДРП яе ЦК быў арыштаваны. Сярод сацыял-дэмакратаў абвастрылася барацьба паміж прыхільнікамі рэвалюцыйнага і рэфармісцкага накірункаў. Цэнтрам згуртавання рэвалюцыйных сацыял-дэмакратаў стала газета “Искра”, якая пачала ідэйную барацьбу з эканамізмам. Прыхільнікі эканамізму адмаўлялі палітычную барацьбу пралетарыяту і лічылі, што змагацца трэба толькі за паляпшэнне эканамічных умоў жыцця працоўных.

На тэрыторыі Беларусі ў пачатку ХХ ст. дзейнічалі невялікія групы Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), створанай у 1900 г. на з’ездзе прадстаўнікоў РСЛ і сацыял-дэмакратаў Польшчы. Яе кіраўнікамі былі Ф. Дзяржынскі і С. Трусевіч. СДКПіЛ падзяляла ідэі рэвалюцыйнай палітычнай барацьбы пралетарыяту і імкнулася да аб’яднання з РСДРП. У 1902 г. была ўтворана ППС у Літве. Яна склалася з груп ППС, якія дзейнічалі на тэрыторыі Літвы і Заходняй Беларусі. Гэта партыя грунтавалася на леванародніцкіх ідэалах аб сацыялізме, выступала за незалежнасць Беларусі і Літвы.

Такім чынам, у канцы ХІХ ст. былі закладзены ідэйныя і арганізацыйныя асновы далейшай барацьбы розных апазіцыйных самадзяржаўю сіл, якія пачалі афармляцца ў палітычныя партыі.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-13; Просмотров: 529; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.023 сек.