Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Тэма 8. Рэлігія і царква на Беларусі




План.

1. Дахрысціянскія вераванні нашых продкаў. Язычніцтва.

2. Хрысціянства, яго сутнасць і прычыны ўзнікнення.

Далучэнне да хрысціянства беларускіх зямель.

3. Асноўныя плыні хрысціянства і іх асаблівасці ва ўмовах Беларусі.

4. Дзейнасць іншых канфесій на Беларусі: іўдаізм, іслам, рэлігійнае сектанцтва.

 

Роля рэлігіі ў духоўным жыцці кожнага народа мае вельмі вялікае значэнне. Яна можа стаць важным фактарам у яднанні народа вакол нацыянальнай ідэі, фарміраванні яго палітычнага і культурнага адзінства. (Такую ролю, напрыклад, адыграла руская праваслаўная царква ў барацьбе супраць татара-мангольскага іга, ва ўзнікненні аб’яднанай Маскоўскай дзяржавы, ва ўмацаванні самадзяржаўя і палітычнага адзінства Расіі. Альбо каталіцкая царква адыграла такую ж значную ролю ў станаўленні Польскай дзяржавы).

І наадварот: адсутнасць такога аб’ядноўваючага цэнтра, як царква, можа мець негатыўныя наступствы для кансалідацыі нацыі, для аб’яднання ў адзінае дзяржаўнае ўтварэнне.

Сказанае вышэй мае важнае значэнне для Беларусі, дзе з даўніх часоў склалася рэлігійная стракатасць, шматканфесійнасць. Часта непрыязныя адносіны паміж духавенствам розных рэлігійных плыняў давалі магчымасць беларускім уладам, а таксама суседніх краін выкарыстоўваць сітуацыю ў сваіх карысных мэтах.

На жаль, на працягу значнага часу рэлігійным праблемам на Беларусі не ўдзялялася дастатковай увагі, асабліва ў ХХ-м стагоддзі, калі панаваў ваяўнічы атэізм, разбураліся культавыя будынкі і інш.

Гэтую памылку неабходна выпраўляць. Нельга ігнараваць рэлігію, як кансалідуючы фактар, а таксама, як значны пласт культуры ў выхаванні моладзі, фарміраванні яе светапогляду, маральнага і этычнага ўзроўню.

І. Задоўга да прыняцця хрысціянства продкі беларусаў прытрымліваліся язычніцкіх вераванняў, прынесеных сюды індаеўрапейцамі на рубяжы ІІІ – ІІ тысячагоддзяў да н.э., а ў тубыльцаў, існаваўшых яшчэ раней.

Язычніцтва(паганства) паходзіць ад стараславянскага “языцы”, што азначае “іншаземцы”. Для яго характэрна шматбожжа. Язычніцкія багі ўвасаблялі розныя з’явы прыроды, стыхіі, магічнае ўздзеянне на іх. Адсюль ішло пакланенне небу і сонцу, грому і маланцы, рэкам і азёрам, дрэвам і камяням, а таксама родапачынальнікам (татэмам).

Першапачатковымі вераваннямі людзей былі наступныя.

Фетышызм(ад франц. fetisch – амулет) – вера ў звышнатуральныя ўласцівасці прыродных (камяні, дрэвы) альбо зробленых чалавекам неадушаўлёных прадметаў (фетышаў), пакланенне ім. Фетышызм з’яўляецца састаўным элементам усіх язычніцкіх вераванняў, а таксама ўсіх монатэістычных сусветных рэлігій (крыж, абразы ў хрысціян, чорны камень у мусульман і інш.).

Татэмізм (татэм – у паўночна-амерыканскіх індзейцаў літаральна азначае “яго род”) – прыродны аб’ект у першабытных вераваннях: жывёлы, расліны, неадушаўлёныя прадметы, якія з’яўляюцца суродзічамі і абаронцамі якойсьці групы людзей: роду, племені.

Татэмізм – комплекс вераванняў, міфаў, абрадаў і звычаяў, звязаных з уяўленнямі аб звышнатуральнай роднасці паміж асобнымі групамі людзей і так званымі татэмамі, абагаўленне іх, пакланенне ім (вуж у балцкіх плямёнаў, карова ў індусаў, кошка ў егіпцян і інш.).

Фетышызм і татэмізм папярэднічалі анімізму.

Анімізм (ад лац. аnimus- душа, дух) – вера ў існаванне душ і духаў – фантастычных істот, надзеленых свядомасцю, воляй і іншымі ўласцівасцямі чалавека і дзейнічаюць ва ўсёй жывой і нежывой прыродзе (духі прыроды, хатнія духі і інш.). Анімістычныя ўяўленні з’яўляюцца прыкметнымі элементамі хрысціянства, але аб гэтым размова пойдзе ніжэй.

Язычніцтва таксама звязана з пакланеннем людзей прыродзе і яе розным з’явам, родапачынальнікам.

Якім язычніцкім багам пакланяліся нашы далёкія продкі?

1. Вярхоўным бажаствам славян, у тым ліку і беларусаў, быў Род–бог Неба, прабацька ўсяго – і свету, і багоў, і людзей. Яго пануючая роля засталася і ў беларускай лексіцы: родны, парода, радзіма, ураджай, радзіць, прырода. Бог Род першапачаткова называўся Дзіў, Дый.

Такімі ж якасцямі, што і Род, надзяляліся Сварог (ад санскрыцкага svarga – неба), Стрыбог, Святавіт. Гэта таксма назвы вобраза бога Неба, толькі ва ўяўленнях розных славянскіх плямёнаў, розных прафесій (так, кавалі пакланяліся Сварогу, мараходы – Стрыбогу).

2. Далей ідуць пад рознымі назвамі багі Сонца, народжаныя вярхоўным бажаством Родам – Дажбог, Каляда, Сотвар, Сура, Ярыла, Вялес. Так, Ярыла быў богам вясновай урадлівасці і плоднасці. Нашы продкі ўяўлялі яго прыгожым юнаком у белым адзенні, на белым кані, з пучком каласоў у руцэ. Вясной Ярыла адчыняў вароты ад неба, спускаўся на зямлю, аб’язджаў палеткі, нівы, апладняў зямлю. Яго клопат – даваць жыццё не толькі хлебу, ураджаю, але і чалавеку – прыносіць дзяцей. У беларускіх міфах Ярыла згадваецца як апякун пачуццёвага кахання, распаляе цялесны запал. (Таму не лічылася злачынствам пад яго покрывам і саграшыць у каханні). Легенды згадваюць, што вершнік на старажытным беларускім гербе “Пагоня” – гэта язычніцкі бог Ярыла.

Бажаством сонца ў беларусаў выступала таксама Каляда. Гэтае свята прыходзілася на зімні сонцаварот. Святкуюць яго і сёння: з цікавымі абрадамі, каляднымі песнямі.

Вялікае свяціла Сонца з’яўлялася пад рознымі імёнамі, што адлюстроўвалі яго разнастайныя функцыі ў розную пару года: узімку – Каляда, вясной – Ярыла, у летні сонцаварот – Купала, бог дастатку і ўраджаю.

Цанілі на Беларусі і ўшаноўвалі бога Вялеса – апякуна абрадавай паэзіі і язычніцкіх святароў – вяшчуноў (волхвов), бога жывёлагадоўлі і багацця, а таксама мастацтва і паэзіі. “Слова пра паход Ігаравы” называе паэта Баяна ўнукам Вялеса.

Багіняй летняй і асенняй урадлівасці з’яўлялася Цёця, ці Цётка. Па ўяўленню беларусаў, гэта мажная, поўная, пажылая жанчына, якая з’яўлялася на палетках, прыбраная ў спелыя каласы, з вянком на галаве і спелымі пладамі ў руках. (З тых даўніх часоў захавалася прымаўка, звязаная з гэтай “багіняй”: Голад – не цётка: піражок не падсуне”, “Голад – не Цётка: падапрэ - і лыка з’ясі”).

Адным з галоўных багоў пад час хрышчэння ўсходніх славян, у тым ліку і беларусаў, лічыўся Пярун. Гэта не хлебны бог: хлеб, жывёла – не яго клопат. Пярун – грозны бог грому і маланкі (бліскавіцы), караючы бог агню і мячу, апякун ваеннага майстэрства. Звесткі пра яго найлепш захаваліся ў народнай памяці: у беларускай вёсцы састарэлыя людзі дагэтуль маланку называюць Перуном. Яго ўяўлялі сівавалосым волатам, які панаваў над зямлёй з вясны да восені, усё падпарадкоўваючы сваёй магутнай сіле.

Продкі лічылі, што пад час навальніцы Пярун на сваёй вогненнай калясніцы раз’язджаў па небу, удараў камянямі жорнаў адзін аб другі, тым самым выклікаў бліскавіцу і гром. Знойдзеныя на Беларусі каменныя сякеры называлі перуновымі стрэламі. Нацёртым з іх парашком лячыліся ад розных хвароб, жадаючы набыць моц і сілу Перуна.

Людзі не маглі зразумець прычыны навальніцы, грому, удараў маланкі, лічылі, што гэта злуецца бог Пярун – і таму стараліся яго ўлагодзіць, прыносілі ахвяры да капішчаў, пабудаваных у яго гонар, стваралі ідалаў.

3. Шмат іншых багоў, менш значных, чым багі Неба і Сонца, шанавалі нашы першабытныя продкі: Вярба – багіня вясны і абуджэння прыроды; Лёля (Ляля) – багіня вясны, дзявочай прыгажосці і кахання; Пераплут- бог весялосці; Тур – бажаство дзікіх звяроў; Жыжаль – бог агню і апякун кавальскай справы і інш.

4. Бліжэй да рэальнага жыцця чалавека існавала мноства духаў ніжэйшага рангу, духаў дабра і зла: дамавікі, хлеўнікі, гуменнікі, лесавікі, вадзянікі, свіцязянкі, ваўкалакі і іншыя істоты. Іх таксама трэба было ўлагоджваць, шанаваць, каб дапамагалі ў гаспадарцы, спрыялі яе дабрабыту, а не шкодзілі ва ўсім.

5. Апошнімі значыліся духі (бажаствы) смерці і замагільнага існавання: Баба-Яга – багіня смерці; Зніч – бог пахавальнага агню ў беларусаў; Велямос (Велес) – бог замагільнага свету і інш.

Чаму нашы продкі шанавалі гэтых шматлікіх багоў?

Узровень жыцця старажытнага чалавека, яго ведаў аб навакольным асяроддзі быў вельмі нізкі: ён не мог растлумачыць тыя ці іншыя з’явы прыроды і таму прыпісваў іх волі багоў. А значыць – ім пакланяліся, стараліся задобрыць запрашэннем на трапезу, ахвярапрынашэннямі, схіліць да сябе малітвай, заклінаннямі. У гонар багоў рабілі ідалаў-куміраў: спачатку з дрэва, потым з камянёў, будавалі ідальскія свяцілішчы (капішчы). Часта іх акружалі валам ці рвом, запальвалі рытуальны агонь. Культы звычайна адпраўлялі жрацы, але маглі гэта рабіць і старэйшыны радоў і плямёнаў, князі. Пасля прыняцця хрысціянства ўсе язычніцкія культы пачалі знішчаць, ганьбіць.

ІІ.Хрысціянства (ад грэч. Christos–памазаннік) – адна з самых распаўсюджаных і развітых рэлігій свету, паслядоўнікі якой пакланяюцца Ісусу Хрысту.

Рэлігія (ад лац. religio – набожнасць, святыня, прадмет культа) – гэта светапогляд, заснаваны на веры ў існаванне Бога, звышнатуральных сіл, кіруючых усім светам. (Бог – санскрыцкае Бхога).

Царква [aд греч. kуriake (oikia) – божы дом] – мае два значэнні: 1) тып арганізацыі духавенства і вернікаў якой-небудзь рэлігіі; 2) культавая пабудова, храм, у якім адбываюцца хрысціянскія набажэнствы. Асноўны элемент царквы – алтар: у праваслаўных арыентаваны на Усход, у католікаў – на Захад. Назвы маюць розныя: у праваслаўных – царква, у католікаў – касцёл, у лютэран – кірха, у кальвіністаў – збор.

Хрысціянства з’яўляецца монатэістычнай рэлігіяй, якая прызнае адзінага Бога, як вышэйшы абсалют, што стварыў свет і чалавека “па вобразу і падабенству свайму”. (у адрозненне ад язычніцкага шматбожжа).

Дзе і калі ўзнікла хрысціянства?

Хрысціянства ўзнікла ў першай палове І веку нашай эры ва ўсходніх правінцыях Рымскай імперыі сярод іўдзейскага сектанцтва, яго ніжэйшых слаёў. Пазней пачало распаўсюджвацца сярод іншых этнічных і сацыяльных груп.

На працягу доўгага часу хрысціянства падвяргалася ганенням з боку рымскіх уладаў, ішла жорсткая барацьба з язычніцтвам. І толькі ў ІV-м стагоддзі, распазнаўшы сутнасць хрысціянскай ідэалогіі, рымскія імператары для забеспячэння пакорнасці народных мас, сталі абапірацца на хрысціянскую арганізацыю. Былі закрыты ўсе язычніцкія храмы, а хрысціянства з пераследуемай рэлігіі ператварылася ў дзяржаўную і хутка набыло сусветны характар. (Каталіцызм – ад лац. сусветны, універсальны, касмапалітычны).

З VI стагоддзя хрысціянства пачынае распаўсюджвацца па ўсёй заходняй Еўропе, а з канца Х ст. яго прымаюць усходнія славяне – Кіеўская зямля, Наўгародская, Полацкая.

Якія прычыны садзейнічалі хрысціянізацыі Еўропы?

1. Хрысціянская ідэалогія звярталася да ўсіх людзей свету без уліку іх этнічнай, нацыянальнай прыналежнасці.

2. Яна адпавядала інтарэсам усіх сацыяльных слаёў (і бедных, і багатых), без уліку сацыяльнай прыналежнасці.

3. Язычніцкая рэлігія ўжо не задавальняла патрэбы грамадства: яна стала тормазам у станаўленні новага феадальнага ладу, яго палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця. Бо не магла забяспечыць новых адносін панавання і падпарадкавання, прыводзіла да дарэмнага знішчэння матэрыяльных і людскіх рэсурсаў.

4. Язычніцтва не спрыяла развіццю нацыянальнай культуры, бо тармазіла міжнародныя сувязі з хрысціянскімі краінамі і ўскладняла азнаямленне з дасягненнямі замежнай цывілізацыі.

5. Хрысціянскі Бог станавіўся тайнай для людзей, язычніцкія ж (і грэчаскія, і рымскія, і славянскія) такімі не былі – жылі побач з людзьмі, займаліся часта распустай, здрадай. Ім больш не верылі людзі.

І таму колькасць паслядоўнікаў хрысціян павялічвалася даволі хутка.

Зараз у свеце налічваецца звыш 2 млрд. хрысціян – найбольш іх у Еўропе, Амерыцы, а таксама ёсць у Афрыцы, Азіі, Аўстраліі.

Якія ж асноўныя дагматы хрысціянскай рэлігіі?

Зменены вобраз Бога – у хрысціянстве ён – глыбокая тайна, любоў да чалавека; бог – творца ўсяго свету, і людзей таксама; трыадзінства Бога – Бог адзіны, але ў трох асобах: Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы; вера ў Месію, божага выратавальніка, другое прышэсце Хрыста; сын Божы – ёсць сапраўдны Бог, народжаны ад Бога Айца праз Духа Святога; сын Божы народжаны (ад звычайнай жанчыны), а не створаны (праз беззаганнае зачацце дзевы Марыі); з’яднанне ў Хрысце двух пачаткаў – божага і чалавечага; падзел на два пачаткі ў чалавеку: духоўнае і цялеснае (у хрысціян – перавага духа над целам, у старажытных язычнікаў-грэкаў: перавага цялеснага – моцныя фізічна атлеты); роўнасць усіх людзей перад Богам (Хрыстос – абаронца бедных, негатыўныя адносіны да багатых у раннім хрысціянстве); сусветная грахоўнасць людзей, пачынаючы з першароднага грэху; існаванне дабра і зла ў свеце. Пачатак злу ідзе ад Адама і Евы; смяротнасць чалавека, бессмяротнасць душы, яе выратаванне шляхам бесперапыннага духоўнага ўдасканалення; вера ў страшны суд, выратаванне.

Галоўная каштоўнасць хрысціянства – маральна–этычная праблематыка. (Ад іўдзеяў – 10 запаведзяў Майсея. І яе вяршыня – Нагорная пропаведзь Хрыста (гл. Евангелле ад Матфея, гл. У). Хрысціянства паклала пачатак новай культуры, прызнала ў чалавеку асобу. Чалавек – зямное ўвасабленне Бога, створанае па вобразу і падабенству свайму.

Сувязь хрысціянства з язычніцтвам, запазычанні з яго.

Асноўныя дагматы змешчаны ў Свяшчэннай кнізе хрысціян – Бібліі, якая складаецца з двух частак – Ветхага запавету (іўдзейская Тора) і выключна хрысціянскай – Новага запавету (з 4-х Евангелляў).

Далучэнне да хрысціянства ў Беларусі ў канцы Х ст. мела свае асаблівасці:

1. У адрозненне ад Рымскай імперыі, дзе яно ўзнікла і перамагала знутры, да нас прыйшло ў гатовым выглядзе з адшліфаванымі дагматамі, з Ветхім і Новым запаветамі, з культамі Хрыста, Багародзіцы, святых.

2. Калі ў Рымскай імперыі яно ўзнікла і развівалася ў напрамку ад народа да вярхоў, эліты, улады, то ў беларусаў хрысціянская вера ўкаранялася зверху – ад эліты да нізоў.

Адкуль і калі прыйшло хрысціянства на Беларусь, як ішла барацьба з язычніцтвам,– адназначнага адказу гістарычныя крыніцы не даюць, бо, як вядома, Полацкі летапіс быў згублены, а ў іншых – звестак няма.

Вядома толькі, як язычнік Уладзімір у 988 годзе хрысціў Кіеўскую зямлю, Ноўгарад і іншыя: дубінамі, крывёю, мячом. Загнаўшы ўсіх у Днепр – прымусам ахрысціў. Перад хрышчэннем князь абвясціў: хто не прыйдзе да Дняпра, той вораг яму. І кіяне прыйшлі.

Гістарычныя крыніцы сцвярджаюць, што полацкая епархія існавала ўжо ў 992 годзе. У пачатку ХІ ст. хрысціянства прынялі жыхары Тураўскага і Смаленскага княстваў. Першымі хрысціянамі былі Рагнеда, яе сын Ізяслаў і інш. Але прыняўшых новую рэлігію было яшчэ няшмат. Так, Усяслаў Чарадзей, хоць і пабудававў Сафійскі сабор у Полацку ў сярэдзіне ХІ ст., але сам заставаўся язычнікам, як і большасць жыхароў яго дзяржавы. Храмы будаваліся толькі ў некаторых гарадах, а вёска была язычніцкай. Першае, вядомае з летапісу біскупства на Полаччыне з’явілася толькі ў 1105 годзе, а Тураўскае – у 1114 годзе.

Працэс хрысціянізацыі тут зацягнуўся на некалькі стагоддзяў, бо сутыкнуўся з моцнымі язычніцкімі традыцыямі і завяршыўся ў канцы ХІІІ стагоддзя.

Барацьба хрысціянства з язычніцтвам ішла па двух напрамках: а) па-першае, пачалі ганьбіць язычнікаў, знішчаць месцы адпраўлення іх культаў, а замест іх будаваць хрысціянскія храмы, спальваць драўляных ідалаў, каменных – скідваць у рэкі і інш.;

б) па-другое, ішло прыстасаванне язычніцтва да хрысціянства: многія язычніцкія абрады і святы перайшлі ў хрысціянскія (Дзяды, Радуніца, Каляды, Купалле і інш.); культ агню (лампады, свечкі), культ вады (хрышчэнне); пакланенне ідалам, амулетам замянялі крыжамі, абразамі, скульптурамі, мошчамі святых.

Пад час прыходу хрысціянства на Беларусь яно яшчэ было адзіным: падзел на заходні і ўсходні абрады адбыўся ў 1054 г., канчаткова аформіўся ў 1204 годзе, калі ўся Еўропа была ўжо хрысціянскай. Рымскім епіскапам (з У ст. –папам) супрацьстаялі канстанцінопальскія патрыярхі.

Як сведчаць некаторыя гісторыкі, хрысціянства ўсходняга абраду (пазней – праваслаўе) у Полацкім княстве было перанята непасрэдна з Візантыі, улічваючы яго знаходжанне на шляху “з варагаў у грэкі”, а таксама сваяцкія адносіны полацкіх князёў з візантыйскімі імператарамі (дачка Усяслава Чарадзея – жонка візантыйскага імператара Аляксея Комніна, маці Еўфрасінні Полацкай таксама была з таго ж роду).

Даследчыкі лічаць, што першымі епіскапамі на Беларусі былі грэкі і балгары, а запрошаныя святары з Кіева, таксама – выхадцы з Візантыі.

Але хрысціянства да нас ішло не толькі з Усходу (Візантыі), але і з Захаду (з Рыма). Аб гэтым сведчаць летапісы і дадзеныя раскопак. Вядома, што адзін з першых лацінскіх прапаведнікаў св. Баніфацый быў забіты язычнікамі на Беларусі ў 1009 г. Каля 1010 г. тураўскі князь Святаполк разам са сваімі падданымі прыняў хрост паводле заходняга абраду (пазней каталіцызм). Пад кіраўніцтвам Тураўскага біскупства на пачатку ХІІ ст. знаходзіліся гарады Пінск, Наваградак, Гародня, Бярэсце, Ваўкавыск, Слуцк і інш. (Гэтыя землі Заходняй Беларусі, як вядома, у ХІІІ ст. стануць асновай ВКЛ. Знойдзена таксама шмат лацінскіх (заходніх) бажніц у ХІІ ст. у Полацку і Смаленску.

Але значную перавагу тут мела хрысціянства ўсходняга абраду – праваслаўе.

Далучэнне да хрысціянства беларускіх зямель стала знакавай падзеяй у нашай гісторыі. Яно станоўча паўплывала на ўсе бакі жыцця беларусаў, змяніла іх быт, мараль, светаадчуванне, узровень цывілізацыі.

1. Паскорылася замена першабытнаабшчыннага ладу феадальным, у выніку чаго ўзмацнілася княжацкая ўлада, умацавалася дзяржаўная самастойнасць.

2. Хрысціянства стварыла новы светапогляд, які змяніў сямейна-шлюбныя адносіны: замест язычніцкай палігаміі ўмацоўвалася манагамная сям’я. Гэта спрыяла, у сваю чаргу, развіццю вытворчасці. Спынілася практыка забойства шматлікіх жонак і слуг і пахаванне іх разам з памерлым гаспадаром, а таксама значных матэрыяльных каштоўнасцей.

3. Новая рэлігія садзейнічала ўмацаванню міжнародных сувязей з дзяржавамі больш высокай культуры, найперш з Візантыяй, антычныя традыцыі якой аж да ХІІ ст. былі на больш высокім узроўні, чым у іншых еўрапейскіх краінах.

4. З прыняццем хрысціянства высокімі тэмпамі пачала развівацца беларуская культура: паскорыўся працэс распаўсюджвання пісьменства, адукацыі, кніжнай асветы, літаратуры, жывапісу і інш.

 

ІІІ. Як вядома з гісторыі, на Беларусі спрадвеку суіснавалі розныя рэлігіі і вераванні. З прычыны свайго геапалітычнага становішча яна апынулася на скрыжаванні дзвюх сусветных культур, дзвюх сусветных цывілізацый, дзвюх асноўных хрысціянскіх канфесій:

1. Усходняй(праваслаўна-візантыйскай).

2. Заходняй(каталіцка-раманскай).

Гэтае, шмат у чым унікальнае, становішча нашай зямлі наклала свой адбітак на культуру і менталітэт беларускага народа на ўсе наступныя стагоддзі.

Таму ўсе асноўныя плыні хрысціянства з пачатку свайго ўзнікнення распаўсюджваліся на Беларусі:

1. Усходні абрад (пазней праваслаўе).

2. Заходні абрад (пазней каталіцызм).

3. Пратэстантызм (з сярэдзіны ХVІ ст.).

4. Уніяцтва (з канца ХVІ ст.).

Як згадвалася вышэй, падзел на ўсходні і заходні абрады ў хрысціянстве адбыўся ў 1054 г., канчаткова – ў 1204 г. Гэты раскол патрэбен быў не прыхажанам – вернікам, а палітыкам – для абароны дзяржаўных і асабістых інтарэсаў. (Калі з Рымскай імперыі выдзелілася яе ўсходняя правінцыя, пазней названая Візантыяй, - ёй патрэбна была свая рэлігія).

Калі паставіць пытанне: чаго больш у праваслаўі і каталіцызме – агульнага ці адрозненняў, адказ будзе адназначны: агульнага (дагматы, святы, таямніцы і інш.).

Але ёсць і адрозненні:

1. Рымска-каталіцкая царква мае адзіны цэнтр кіравання (Ватыкан, рымскі папа). Праваслаўная царква не стварыла адзінай рэлігійнай арганізацыі. Спачатку ролю аб’ядноўваючага цэнтра выконваў Канстанцінопаль, але яго патрыярхі былі першымі сярод роўных. З ХVІІ ст. Масква пачала прэтэндаваць на месца “трэцяга Рыма”, але беспаспяхова. Зараз у праваслаўным свеце існуе 15 аўтакефальных цэркваў (беларуская не з’яўляецца аўтакефальнай).

2. Каталіцкая царква прызнае сімвал веры аб зыходжанні Святога Духа не толькі ад Бога Айца, але і ад Бога Сына, праваслаўе адмаўляе апошняе.

3. Каталіцтва прызнае кананічным увесь тэкст Бібліі, дзе ёсць вучэнне аб чысцілішчы, куды трапляюць душы памерлых. Адтуль яны могуць трапіць у рай ці ў пекла. (“Боская камедыя” Дантэ). Праваслаўе адвяргае вучэнне аб чысцілішчы.

4. Спосаб прыгатавання хлеба для прычашчэння розны: у католікаў – праснакі (аблаткі), у праваслаўных – квасны. Касцёл прычашчае вернікаў толькі хлебам, царква – і хлебам, і віном.

5. У каталіцызме існуе цэлібат(бясшлюбнасць) святароў, у праваслаўі – адсутнічае (акрамя вышэйшых узроўняў).

6. Крыж 8-мі і 6-ці – канцовы ў праваслаўных і чатырохканцовы – у католікаў і інш.

Існаванне на Беларусі двух напрамкаў хрысціянства да пэўнага часу не супярэчыла нацыянальнай кансалідацыі, а наадварот – спрыяла яе далейшаму развіццю. Суадносіны паміж гэтымі напрамкамі ў розныя гістарычныя эпохі мяняліся.

1. На пачатку хрысціянізацыі ў ХІ-ХІІІ ст.ст. тут у асноўным пераважала праваслаўе, бо нацыянальна-культурнае жыццё беларускага народа развівалася пад уплывам Візантыі. Тут утварыўся беларускі варыянт грэка-візантыйскага праваслаўя.

2. З ХІV ст., асабліва пасля Крэўскай уніі, пашырыўся ўплыў каталіцкай царквы на беларусаў. У 1387 г. было ўтворана Віленскае біскупства і 7 каталіцкіх прыходаў. Тым не менш, праваслаўная царква да сярэдзіны ХVІ ст. утрымлівала ў ВКЛ моцныя пазіцыі ў дзяржаўным і грамадскім жыцці: захоўвала маёмасныя прывілеі, мела свой епіскапскі суд і інш.

Такім чынам, можна адзначыць, што з пачатку ўтварэння ВКЛ тут склаўся своеасаблівы нацыянальна-рэлігійны дуалізм: праваслаўе і каталіцызм як бы ўраўнаважвалі адзін другога. Першы князь ВКЛ Міндоўг прыняў праваслаўе, потым – каталіцызм, нарэшце вярнуўся ў язычніцтва. Войшалк і яго наступнікі былі праваслаўнымі. У 1317 г. была заснавана Літоўская праваслаўная мітраполія, якая падпарадкоўвалася Канстанцінопальскаму патрыярху. Кіраўніцтва праваслаўнай царквы ў ХІV –ХV ст.ст. у ВКЛ складалася з грэкаў і балгар, прысланых з Канстанцінопаля.

Тут трэба заўважыць, што дзяржаўныя і культурныя дзеячы беларускай зямлі, пайшоўшы ў свой час на збліжэнне з Візантыяй, не маглі прадбачыць наступстваў такога кроку. Нягледзячы на заняпад Візантыі з ХІV ст., праваслаўная царква па-ранейшаму моцна трымалася за яе і аддалялася ад Заходняй Еўропы, у якой пачынаўся эканамічны і культурны ўздым. І сваёй перавагі заходнееўрапейцы ўжо не саступалі ніколі.

Больш таго, праваслаўная царква прынесла ў культурна-рэлігійнае жыццё беларусаў, украінцаў і маскоўцаў палітыку ізаляцыі. Створаны ёю ідэалагічны бар’ер на некалькі стагоддзяў аддзяліў усходніх славян ад Заходняй Еўропы. У выніку гэтага адбылося іх эканамічнае і культурнае адставанне.

3. Усё вышэйсказанае у далейшым стымулявала перадавых дзеячоў ВКЛ аддаваць прыярытэт развіццю кантактаў з заходнееўрапейскімі краінамі. З сярэдзіны ХVІ ст., асабліва пасля Люблінскай уніі, нацыянальна-рэлігійны дуалізм змяняецца на карысцькаталіцызму. Каталіцкі касцёл прыўносіў у ВКЛ элементы польскай і пераважна заходнееўрапейскай культуры. Гэты ўплыў адыграў значную ролю ў развіцці грамадска-палітычнай думкі, культавага і абарончага дойлідства, пашырэнні асветы на беларускіх землях. Многія выхадцы з Беларусі вучыліся ў еўрапейскіх ВНУ і, вяртаючыся на радзіму, неслі сюды іх культуру.

Аднак, прыкладна з канца ХV – пачатку ХVІ ст.ст., суседнія дзяржавы – Польша і Масковія – пачалі на сваю карысць выкарыстоўваць нашу шматканфесійнасць, існаванне двух плыняў хрысціянства.

1. Маскоўскія князі імкнуліся захапіць, падпарадкаваць сабе нашы землі пад відам далучэння праваслаўных адзінаверцаў.

2. Польскія палітыкі беларускі каталіцкі касцёл хацелі ператварыць у сродак сваёй экспансіі.

На жаль, і першым, і другім, гэта часта ўдавалася. Царква на Беларусі не стала адзіным, аб’ядноўваючым цэнтрам.

Трэцяя канфесія хрысціянства – пратэстантызм – з’явілася ў Заходняй Еўропе ў першай палове ХVІ ст. пад час рэфармацыйнага руху. (Першымі пратэстантамі былі названы германскія князі, якія падпісалі “пратэстацыю” – пратэст супраць рашэння Шпейерскага сейма 1529 г. аб абмежаванні распаўсюджвання лютэранства). Рэфармацыя – шырокі грамадска-палітычны і ідэалагічны рух, які насіў антыфеадальны характар і прыняў рэлігійную форму барацьбы супраць каталіцызму, як аплоту, апоры феадалізма.

Новаму буржуазнаму ладу патрэбна была новая царква для яго абароны, для яго прапаганды. І такая царква была створана. Пратэстантызм аб’яднаў шэраг самастойных цэркваў і сектаў – кальвінізм, лютэранства, цвінгліянства, англіканства, антытрынітарызм і інш. Яны некалькі адрозніваліся культам і арганізацыяй, але звязаны агульнасцю паходжання і дагматаў.

Асноўныя прынцыпы пратэстантызму:

1. Вучэнне аб непасрэднай сувязі Бога з чалавекам без пасрэдніцтва царквы і святароў (як у першых двух канфесіях). Спрошчаны адносіны чалавека да Бога і царквы.

2. Адмаўленне ад царкоўнай іерархіі, духоўнага сану, манаства, рэлігійнай адукацыі. Святаром у пратэстантызме можа стаць звычайны прыхажанін (але уплывовы, адукаваны).

3. Кожны вернік можа па-свойму тлумачыць Слова Божае.

4. Адмаўленне ад пышнасці, багацця ў малітоўным доме, убранства, адпакланення абразам і мошчам святых.

5. Скарочана колькасць рэлігійных святаў, пакінуты ўсяго 2 з 7-мі хрысціянскіх таямніц (хрышчэнне і прычашчэнне).

6. Адсутнасць чысцілішча, цэлібату.

7. Богаслужэнне складаецца толькі з пропаведзяў, сумесных малітваў і спявання псалмоў.

8. Збаўленне чалавека дасягаецца толькі праз яго асабістую веру ў выратавальніцкую місію Хрыста.

Пратэстантызм адкрываў шлях патрабаванням буржуазна-дэмакратычных свабод і садзейнічаў стварэнню нацыянальнай царквы.

На Беларусі рэфармацыйны рух пачаўся з другой паловы ХVІ ст. Гэта быў час, калі ўсё больш актуальнай станавілася праблема суверэнітэту, дзяржаўнай незалежнасці ВКЛ, на якую з Захаду – ціснула каталіцкая Польшча, а з Усходу – праваслаўная Масковія. Таму праблема царкоўнай незалежнасці выступала ў якасці аднаго з важнейшых фактараў барацьбы за незалежнасць палітычную.

І найбольш адукаваныя, палітычна вопытныя беларускія магнаты Радзівілы, Валовічы, Сапегі, Хадкевічы, Глябовічы, Кішкі і іншыя – прымаюць “саламонава рашэнне”. Каб ідэалагічна замацаваць сваю палітычную незалежнасць ад каталіцкай Польшчы і ад праваслаўнай Масквы, яны робяць стаўку на пратэстантызм, які ў гэты час актыўна распаўсюджваўся па краіне. Першыя пратэстанцкія абшчыны (кальвінісцкія, антытрынітарскія) былі створаны ў Нясвіжы, Клецку, Іўі, Вільні, Воршы і многіх іншых гарадах. Вакол іх аб’ядноўваліся выдатныя вучоныя, кнігавыдаўцы – С.Будны, В.Цяпінскі, А.Волан і інш.

На пачатку 60-х гадоў ХVІ ст. большасць беларускіх магнатаў і значная частка шляхты становяцца пратэстантамі. Толькі ў Наваградскім ваяводстве з 600 праваслаўных шляхецкіх фамілій 564 перайшлі ў кальвінізм. Некаторыя шляхцічы прымалі арыянства.

З другой паловы ХVІ – да сярэдзіныХVІІ ст. на Беларусі дзейнічала прыкладна 90 кальвінісцкіх і 8 арыянскіх збораў. Большасць з іх размяшчалася ў заходніх і цэнтральных паветах, дзе існавалі буйныя феадальныя землеўладанні.

Хоць пратэстантызм і не стаў нацыянальнай рэлігіяй (на што былі свае прычыны), аднак ён аказаў моцны ўплыў на сацыяльна-палітычнае жыццё беларускага грамадства. Пратэстанты першымі звярнуліся да беларускага народа з рэлігійнай пропаведдзю на роднай мове, а потым увялі яе ў лік школьных прадметаў. Але галоўная іх заслуга ў тым, што яны прапанавалі грамадству плюралістычную мадэль рэлігійна-культурнага жыцця. Пратэстантызм дамогся рэлігійнай верацярпімасці ў ВКЛ і Польшчы. У 1573 г. ў Рэчы Паспалітай быў прыняты акт, які абвяшчаў рэлігійны мір ў дзяржаве. У 1588 г. гэты акт быў уключаны ў трэці Статут ВКЛ, як норма закона.

Але ў хуткім часе каталіцкая царква распачала контррэфармацыю, накіраваную на адраджэнне духоўнай манаполіі каталіцызму ў Еўропе, у тым ліку і на Беларусі. Адбыўся масавы пераход прадстаўнікоў пануючага класа ў каталіцтва ў сувязі з узрастаючай пагрозай з Усходу, звужалася сацыяльная база рэфармацыйнага руху, набліжалася царкоўная ўнія. Тым не менш, пратэстанцкая царква працягвала існаваць, хоць уплыў яе на духоўнае і грамадска-палітычнае жыццё Беларусі XVII ст. быў ужо нязначным.

Чацвёртая канфесія хрысціянства уніяцтва – узнікла ў выніку Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года. Але наша гісторыя сведчыць, што праблема аб’яднання праваслаўя з каталіцызмам існавала з часоў стварэння ВКЛ, у якім аб’ядналіся прадстаўнікі розных вераванняў і рэлігій – продкі сённяшніх беларусаў, украінцаў, рускіх, літоўцаў, латышоў і інш.

Пастаяннае балансаванне Беларусі паміж праваслаўным Усходам і каталіцкім Захадам вымушала ісці на пошукі кампрамісаў і зрабіла жывучай ідэю царкоўнай уніі. Духоўныя і рэлігійныя яе карані месціліся ў геапалітычным становішчы Беларусі, якой прыходзілася весці шматвяковую барацьбу за дзяржаўны і культурна-канфесійны суверэнітэт.

Падзел хрысціянскай царквы на два напрамкі ў 1054 годзе, як лічаць многія вучоныя, быў адной з найвялікшых недарэчнасцей сусветнай гісторыі, негатыўныя наступствы якой на працягу многіх стагоддзяў адчувае ўвесь хрысціянскі свет. Таму ідэя ўніі амаль ніколі не знікала на беларускіх землях. Спроба яе рэалізацыі была зроблена ў Фларэнцыі ў 1439 г. паміж двума сусветнымі рэлігійнымі цэнтрамі – Канстанцінопалем і Рымам, але на тэрыторыі ВКЛ не распаўсюдзілася.

Няўдалася спроба вышэйшых слаёў грамадства, дзяржаўных дзеячаў ВКЛ з другой паловы XVI ст. зрабіць стаўку на пратэстантызм дзеля ўмацавання дзяржаўнага і рэлігійнага суверэнітэту – была адноўлена ў канцы XVI ст., але ўжо з надзеяй на ўніяцтва.

Жыхары ВКЛ былі адносна падрыхтаваны да рэалізацыі ўніі, як католікі, так і праваслаўныя. Менталітэт беларускага праваслаўя фарміраваўся 200–гадовым суіснаваннем побач з каталіцызмам, ва ўмовах рэлігійнай верацярпімасці, дэмакратычных працэдур прызначэння мітрапалітаў (з другой паловы XV ст.). Мелі месца масавыя міжканфесійныя шлюбы.

Асноўныя прычыны заключэння Берасцейскай уніі.

1. Жаданне беларускай праваслаўнай царквы канчаткова выйсці з-падулады Канстанцінопаля (які ўжо сам залежаў ад турэцкага султана).

2. Незадаволенасць паборамі ўсходніх патрыярхаў (Александрыйскага, Іерусалімскага, Канстанцінопальскага), якія самі плацілі “даніну” султану, а з Беларусі бралі па-ранейшаму).

3. Нежаданне падпарадкоўвацца Маскоўскаму патрыярхату, які ўжо поўнасцю залежаў ад свецкай улады. Маскоўскі князь аднаасобна зацвярджаў у сане мітрапаліта, ці пазбаўляў яго.

4. Вышэйшыя праваслаўныя святары Беларусі таксама разлічвалі атрымаць месцы ў сенаце Рэчы Паспалітай разам з каталіцкімі біскупамі.

5. Неабходнасць захавання ў шматканфесійнай дзяржаве рэлігійнай згоды, мірнага суіснавання праваслаўя, каталіцызму і пратэстантызму.

6. Важнай была праблема захавання духоўна-культурнай ідэнтычнасці, абароны нацыянальнай беларускай культуры ад пагрозы яе растварэння ў польскай, а потым і ў рускай. Адным са сродкаў захавання дзяржаўнай і духоўна-культурнай самастойнасці з’яўлялася імкненне да стварэння незалежнай царквы, якою магло стаць уніяцтва. Менавіта праз незалежную царкву ўмацоўваецца суверэнітэт дзяржавы.

7. Шэраг дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў разглядалі ўнію як сродак інтэграцыі Беларусі ў Заходнюю Еўропу.

8. Ватыкан і рымска-каталіцкая царква таксама мелі свае інтарэсы: уніяцтва яны разглядалі як пераходную ступень у рыма-каталіцызм.

Падрыхтоўка ўніі вялася на працягу некалькіх гадоў на саборах, нарадах, перамовах з Ватыканам. Абгаворваліся ўмовы ўніі. Пазіцыя Ватыкана і Польшчы аб уніяцтве як пераходнай ступені да каталіцызму на тых перамовах была разбіта.

Ініцыятарамі ўніі былі вярхі праваслаўнай царквы. Выканаўцы задумы –уладзімірскі і брэсцкі епіскап Іпацій Пацей і луцкі епіскап Кірыла Тарлецкі. Іх падтрымалі Вялікі князь і кароль Польскі Жыгімонт Ваза і канцлер ВКЛ Леў Сапега.

Дэкларацыя аб рашэнні заключыць саюз з каталіцкай царквой была прынята на саборы праваслаўных епіскапаў у Бярэсці ў 1595 г.. Яе падпісалі кіеўскі мітрапаліт Рагоза і ўсе епіскапы ВКЛ, акрамя двух: львоўскага і перамышльскага. Сабор упаўнаважыў Пацея і Тарлецкага на перамовы з каралём і Рымскім папай, а пры дасягненні згоды – на правядзенне акта ўніі.

Уніяцтва(грэка-каталіцызм) было аформлена на Берасцейскім саборы ў кастрычніку 1596 г. Праваслаўная апазіцыя правяла тады ў Бярэсці свой Сабор, адлучыла ўніяцкіх святароў ад царквы і выраклася царкоўнай еднасці.

Уніяцтва – гэта ўнікальны і неадназначны па сваіх выніках феномен у беларускай гісторыі і культуры. Створана яно было на аснове ўзаемных уступак шляхам трансфармацыі праваслаўя, але з захаваннем дастаткова жорсткай пераемнасці. Яно аддалілася ад праваслаўя, але і не злілося з каталіцызмам.

Ва ўніяцкай царкве захаваліся амаль усе візантыйска-праваслаўныя абрады, богаслужэнні і казанні – спачатку на царкоўна-славянскай, пазней – на беларускай мове, захавалася права шлюбу для святароў, як у праваслаўі. А падпарадкоўвалася ўніяцтва рымскаму папе.

На першых парах супраціўленне ўніяцтву было даволі актыўным. Так, у Віцебску ў 1623 г. вернікамі-праваслаўнымі быў забіты ўніяцкі архіепіскап Язафат Кунцэвіч. Рэлігійныя канфлікты адбываліся і ў іншых гарадах Беларусі. Яшчэ больш жорсткай была барацьба на Ўкраіне.

Але з цягам часу ўніяцкая царква набыла папулярнасць, ахапіла сваёй дзейнасцю шырокія масы, асабліва сялян. У хуткім часе яна заваявала давер народу гэтага краю.

Якія дасягненні мела ўніяцтва на Беларусі?

1. Галоўныя здабыткі – у галіне культуры, адукацыі, кнігадрукавання, архіўна-бібліятэчнай справе. У шматлікіх уніяцкіх школах вывучаліся латынь, грэчаская, царкоўнаславянская, польская і беларуская мовы. На іх друкаваліся рэлігійныя кнігі. Пры ўніяцкіх манастырах ствараліся багатыя кнігасховішчы, бібліятэкі, дзе мелася літаратура па розных галінах ведаў.

2. Уніяцкая царква стварыла багатае мастацтва, дэмакратычнае па сутнасці (кнігапіс, скульптуру, прыкладное мастацтва, кніжную графіку, архітэктуру), з якім звязана ўзнікненне арыгінальнага стылю - “віленскага барока”.

3. Найбольш значны ўклад унесла ўніяцтва ў развіццё беларускай мовы. Выкарыстоўвала яе ў царкоўных казаннях, школьным навучанні, у папулярнай і рэлігійнай літаратуры.

4. Уніяцтва дало беларускай культуры і літаратуры шэраг таленавітых пісьменнікаў. Сярод іх – Іпацій Пацей, творы якога былі напісаны на бліскучай і сакавітай беларускай мове.

5. Уніяцтву належыць пэўная заслуга ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці, станаўленні ідэі беларускага Адраджэння.

Кастусь Каліноўскі, як вядома, лічыў уніяцтва “верай нашых дзядоў і прадзедаў”, а ўніяцкую царкву – нацыянальнай беларускай царквой (гл. “Мужыцкая праўда”, № 6).

У канцы ХVІІ–90-я гг. ХVІІІ ст. уніяцтва становіцца масавым веравызнаннем, якое ахоплівае 75% жыхароў беларускіх зямель, а сярод сялян – 80%.

Пад час вайны з Расіяй у 1654-1667 гг. уніяцтва было спынена рускімі войскамі, а пасля іх выгнання – адноўлена.

Цэнтрам рэлігійнага жыцця быў уніяцкі манастыр у Жыровічах і інш.

Дзейнасць уніяцкай царквы была забаронена расійскімі ўладамі у 1839 г. Усе вернікі-уніяты былі прымусова далучаны да рускага праваслаўя, уніяцкія храмы перададзены праваслаўнай царкве. Бо гэта была нацыянальная царква беларусаў. Адноўлена ўніяцтва на пачатку 90-х гг. ХХ стагоддзя.

Паводле праграмы міністра асветы Расіі, зацверджанай царом, Расія павінна была ідэалагічна супроцьстаяць Еўропе, яе рэвалюцыйным ідэям, яе рэлігійнаму і культурнаму “упадку”. Дактрына Уварава заснавана на трох прынцыпах: праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць. Усе астатнія рэлігіі цярпелі значны ўціск.

Не палепшылася становішча многіх канфесій пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, пры бальшавіках. У 1922 г. спроба стварыць нацыянальную праваслаўную царкву ў Беларусі закончылася няўдала. Яе лідэр мінскі епіскап Мельхіседэк (Паеўскі) загінуў у сталінскім ГУЛАГу. З 1924 да 1934 гадоў рабіліся спробы стварыць аўтакефальную царкву, але беспаспяхова. На жаль, і зараз, на пачатку ХХІ ст., Беларусь не мае самастойнай царквы, а ўваходзіць у Маскоўскую патрыярхію, хоць ужо звыш дзесяці гадоў з’яўляецца суверэннай дзяржавай.

Тым не менш адносіны да рэлігіі істотна змяніліся ў пачатку 90-х гг. ХХ ст. У 1993 г. прыняты закон “Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацый РБ”, у якім абвешчана зноў рэлігійная верацярпімасць, усе канфесіі раўнапраўны. Быў створаны Савет па справах рэлігіі пры Савеце Міністраў РБ.

31 кастрычніка 2002 г. прыняты новы закон РБ “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон РБ “Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях”. У адпаведнасці з новым законам, прэзідэнтам РБ створаны “Орган дзяржаўнага кіравання па справах рэлігіі”, прызнана вызначальная роля праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа; рэлігійныя абшчыны ўтвараюцца па ініцыятыве не менш, чым 20 грамадзян РБ (раней 10) і інш.

У студзені 2002 г. у РБ зарэгістравана 2773 рэлігійныя абшчыны, аб’яднаныя ў 26 канфесій, (дэ – факта больш за 40 канфесій). За 10 год іх колькасць павялічылася ў 2 разы.

Самымі распаўсюджанымі канфесіямі на Беларусі з’яўляюцца хрысціянскія:

- праваслаўныя – 1224;

- пратэстанцкія – 987;

- каталіцкія – 434;

- стараверы – 35;

- грэка-католікі- 14.

Самыя высокія тэмпы прыроста за апошнія 10 год маюць пратэстанты: колькасць іх абшчын павялічылася ў 2,9 раза, праваслаўных і католікаў – у 1,7 раза. Сярод пратэстантаў найбольш значныя: хрысціяне веры евангельскай – 491 абшчына, евангельскія хрысціяне-баптысты – 270. Ёсць 17 лютэранскіх суполак, 2 кальвінсцкія.

У структуры канфесій

праваслаўе складае – 44%;

пратэстантызм – 35,6%;

каталіцызм – 15,7%;

уніяцтва – 0,5%.

Шматканфесійнасць на Беларусі, на жаль, і сёння не спрыяе нацыянальнаму адраджэнню.

ІУ. Іўдаізм на Беларусі з’явіўся разам з міграцыяй яўрэйскага насельніцтва з еўрапейскіх краін у канцы ХІV ст. Там яны цярпелі ганенні і пераследаванні з-за сваёй веры.

Вялікія князі літоўскія прыхільна ставіліся да перасяленцаў, даравалі ім прывілеі. Таму іх колькасць на беларускіх землях павялічвалася, асабліва пасля яўрэйскіх пагромаў у сярэдзіне ХVІІ–ХVІІІ ст.ст. на Украіне (падчас т.зв. “гайдамацкага руху”).

У канцы ХVІІІ ст. (пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі) іх колькасць складала тут прыкладна ад 200 да 250 тыс. чалавек, а ў канцы ХІХ ст. – ужо 890 тыс. Гэта было абумоўлена ўвядзеннем расійскімі ўладамі так званай “рысы аседласці”.

Іўдаізм, які спавядаюць яўрэі, з’яўляецца адной з самых старажытных рэлігій свету. Практычна ён даў пачатак двум другім сусветным рэлігіям – хрысціянству і ісламу. Свой пачатак бярэ прыкладна з канца ХІІІ ст. да н.э.

Асноўныя прынцыпы іўдаізма.

1. Цар Сусвету – адзіны Бог Яхвэ, уладар прыроды і гісторыі.

2. Значная падзея, з якой бярэ пачатак іўдаізм – зыход яўрэяў з егіпецкага рабства (каля 1280 г. да н.э.) і Божы Запавет Майсею на гары Сінай (10 запаведзяў – аснова іўдаізма).

3. Богавыбранасць яўрэйскага народу. Бог выбраў гэты народ сваім, адзіным. Абяцаў ім шчасце, калі яны будуць слухаць і паважаць Бога. Яны павінны несці сваю веру па ўсім свеце. (Іншыя рэлігіі такой перавагі над другімі народамі не маюць).

4. Ідэя саюза (запавета) паміж Богам і яўрэйскім народам. Яўрэі павінны жыць па законах Торы (“не рабі другім тое, што ненавісна табе”).

5. Святасць Ерусаліма. Прывітанне яўрэяў ва ўсім свеце: ”У наступным годзе – у Ерусаліме.” Моляцца, павярнуўшыся тварам у бок Іерусаліма.

6. Ахвярапрынашэнні Богу, як ежу і пітво (быкоў, ягнят, валоў, для бедных– галубоў і інш.) Гэты абрад зараз амаль забыты.

7. Вера ў выратавальніцкую ролю Месіі, суд над грэшнымі. Але іўдзеі не вераць у першае прышэсце Хрыста, як выратавальніка ад грахоў у хрысціянстве.

Іўдзеі свята берагуць сваю веру. Калі грэчаскі цар Анціох забараніў іўдаізм, Тору чыталі тайна, хоць маглі быць пакараны смерцю.

Яўрэйская Біблія Танах (Тора) – Ветхі завет. Складаецца з трох раздзелаў: пяцікніжжа Майсея, кніга Прарокаў і Пісанні.

Іўдаізм падзяляецца на артадаксальны і прагрэсіўны. Колькасць іўдзейскіх абшчын на Беларусі павялічылася за 10 год у 3,6 раза (з 10 у 1992 г. – 36 у 2002 г.: 25 абшчын – артадаксальныя іўдзеі і 11 – рэфарматары). Ад агульнай колькасці вернікаў складаюць 1,3%. У свеце іўдзеяў прыкладна 15 млн.

Іслам, як веравызнанне, на Беларусь прыйшоў разам з татарамі, як лічаць некаторыя даследчыкі, у канцы ХІІІ – пачатку XIV ст.ст. Татары служылі ў войску вялікіх князёў Літоўскіх Гедыміна і Вітаўта. Іх бралі ў палон пад час ваенных паходаў на Залатую Арду, а таксама дабраахвотна перасяляліся ў ВКЛ.

Найбольшая іх колькасць з’явілася ў канцы XIV ст. пры Вітаўце, які дазволіў ім свабоду веравызнання, надзяляў зямлёй. За ваенныя заслугі воінам – татарам прысвайвалі нават шляхецкія званні.

Іслам ( ад араб. – пакорнасць Богу-Алаху) у свеце спавядаюць звыш 1 млрд. вернікаў. На Беларусі ў XIV ст., спавядаючых іслам, пражывала каля 200 тысяч. Зараз існуе 27 мусульманскіх абшчын – гэта прыкладна 1% ад усіх вернікаў Беларусі. Дзесяць год назад было ўсяго 3 абшчыны.

Іслам бярэ пачатак з VІІ стагоддзя н.э. Прарок Мухамед (рэальная асоба) нарадзіўся ў 570 г., у 610 годзе ў сне бачыў прывіды, што ён веснік Алаха.

Асноўныя дагматы іслама (у Каране, з 114 сур):

1. Вера ў адзінага Бога Алаха.

2. Вера ў анёлаў, у т.л. і Джабрыэля (Гаўрыіла).

3. Вера ва ўсе святыя Божыя кнігі (Тора, Евангелля, Куран).

4. Вера ва ўсіх прарокаў – пасланнікаў Алаха (Майсея-Мусу, Хрыста і, вядома ж, – Мухамеда).

5. Вера ў прадвызначэнне, канец свету, судны дзень, уваскрашэнне мёртвых, нават у чысцілішча.

Акрамя дагматаў, іслам трымаецца на пяці стаўпах веры:

1. Паўтараць асноўнае спавяданне веры:”Няма Бога, акрамя Алаха і Мухамед – яго прарок” – “Ла ілаха – Ілалах”. Гэта крэда носіць назву Шахады.

2. Абавязковая малітва – 5 разоў у дзень.

3. Адзін раз у год прытрымлівацца посту на працягу аднаго месяца (рамадана) – з усходу да заходу сонца.

4. Пілігрымка (паломніцтва, хадж) у Мекку да Чорнага каменя – хоць адзін раз у жыцці.

5. Прытрымлівацца закона “закят” – кожны мусульманін павінен аддаваць бедным 2% сваіх даходаў або матэрыяльную ўласнасць.

Мусульмане падзяляюцца на дзве плыні: 1) суніты (2/3 ад усіх) – паслядоўнікі Алі, зяця Мухамеда, і яго сыноў; 2) шыіты (1/3 – прызнаюць законасць усіх чатырох дынастый, у тым ліку і вучняў Мухамеда. Есць вахабіты ад імя рэфарматара ісламу XVIII ст. Вахаба – з мэтай адбудовы артадаксальнага ісламу.

Зараз на Беларусі пражывае прыблізна 35 тыс. мусульман (азербайджанцы, башкіры, казахі, татары, узбекі і інш.).

Акрамя іўдаізма і ісламу на Беларусі зарэгістраваны і дзейнічаюць: 6 абшчын – бахаі, 7 – крышнаіты, 3 – мармоны, оамота – 1 абшчына. У 1992 г. створана 1 абшчына будыстаў, але ў 1997 г. распушчана, бо была незарэгістраванай.

З дэмакратызацыяй беларускага грамадства і абвяшчэннем рэлігійнай свабоды на пачатку 90х гг., узніклі новыя праблемы, звязаныя са з’яўленнем розных нетрадыцыйных канфесій, дэструктыўных арганізацый (Белае брацтва, Аум Сінрыкё і інш.), якія акрамя шкоды, нічога не нясуць грамадству.

У канцы ХХ ст. было адмоўлена ў рэгістрацыі пяці рэлігійным арганізацыям: Царкве вучняў Іісуса Хрыста, Ахмадыйскай рэлігійнай абшчыне, Беларускай народнай праваслаўнай царкве, Царкве апошняга Запавету (Вісарыёна) і Царкве аб’яднання Муна.

Акрамя таго, была праведзена экспертыза 27 статутаў розных рэлігійных арганізацый, у выніку якой было выяўлена 17 дэструктыўных сект 11-ці накірункаў, што дзейнічаюць у пяці гарадах: Мінску (10), Брэсце (2), Гродне (2), Гомелі (2) і Светлагорску (1). Некаторыя дэструктыўныя арганізацыі перайшлі на нелегальнае становішча, у тым ліку Ліга духоўнага адраджэння Санатана Дхарма. У гарадах Мінску, Брэсце, Гомелі, Зельве і іншых узніклі аб’яднанні сатаністаў. Культ пакланення сатане звязаны з ахвярапрынашэннямі птушак, жывёл і нават людзей. Такія выпадкі вядомы ў Расіі.

Пры ўсёй разнастайнасці поглядаў дэструктыўных сект і арганізацый, іх аб’ядноўвае скрытая канфрантацыя ў адносінах да асноўных напрамкаў хрысціянства, наяўнасць містыкі ў рэлігійнай практыцы, адпраўленні культаў.

Такім чынам, можна прыйсці да высновы, што РБ, як і на працягу сваёй шматвяковай гісторыі, застаецца шматканфесійнай, верацярпімай дзяржавай. За апошнія дзесяць год незалежнасці змяніліся адносіны паміж царквой і дзяржавай, значна ўзрасла колькасць рэлігійных арганізацый, што прывяло да ўзнікнення новых праблем.

Беларускае грамадства, установы адукацыі і культуры павінны выкарыстоўваць станоўчую ролю традыцыйных рэлігій у выхаванні людзей, асабліва дзяцей і моладзі і, вядома ж, выкрываць шкодныя, дэструктыўныя культы.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 1721; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.184 сек.