Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Літаратура і мастацтва 2 страница




Рэарганізацыя ўрада БНР. Каб падняць аўтарытэт беларускага ўрада, у кастрычніку Народны сакратарыят БНР пераймяноўваецца ў Раду народных міністраў. На чале яе ставіцца вельмі аўтарытэтны палітык Антон Луцкевіч. У новы чацвёрты кабінет БНР увайшлі эсэры і сацыял-дэмакраты (між іншым, і Вацлаў Іваноўскі). Сацыялістычны ўрад адразу ж пахінуўся да сацыялістычнай Расіі.

Перамовы з Масквой. Антон Луцкевіч робіць спробу дамовіцца з бальшавікамі. З гэтай мэтай ён едзе ў Кіеў і вядзе там перамовы з вядомым дзеячам бальшавіцкай партыі Х.Ракоўскім, а ў пачатку лістапада робіць візіт у Маскву, дзе, відаць, сустракаецца з Уладзімірам Леніным. Антон Луцкевіч згаджаўся на федэратыўны саюз БНР з бальшавіцкай Расіяй, на ўвядзенне ў Беларусі савецкай канстытуцыі, настойваў толькі на прызнанні ленінскім урадамнезалежнасці беларускай рэспублікі.Але савецкі ўрад яшчэ не бачыў у тыя дні неабходнасці для сябе надзяляць Беларусь дзяржаўнай самастойнасцю. Па некаторых дадзеных, удалося дамовіцца толькі аб тым, што ў Мінску пасля адступлення немцаў застанецца частка беларускіх дзеячоў, якія разам з бальшавікамі ўтвораць савецкі беларускі ўрад. Не далі вынікаў і перамовы з “белай” Расіяй (Антонам Дзянікіным), а таксама Польшчай. Украіна сама апынулася ў такім жа цяжкім становішчы.

Пазіцыя Берліна. Яшчэ ў верасні-кастрычніку 1918 г. немцы пакінулі Сененскі, Лепельскі, Аршанскі і Магілёўскі паветы, якія падпадалі пад уладу савецкай Расіі. Рэвалюцыя ў Германіі і яе капітуляцыя на Заходнім фронце (11 лістапада 1918 г.) паскорылі адступленне германскага войска. Дэлегацыя Рады БНР безвынікова хадайнічала ў Берліне аб перадачы ёй улады ў Беларусі пасля адступлення немцаў. Такімі ж безвыніковымі былі і перамовы Рады з Салдацкім саветам 10 нямецкай арміі, які ўзнік у ходзе Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі. Дарэчы, таго ж спрабавалі дабіцца ад Салдацкага савета і аб’яднаныя палітычныя сілы рускіх і яўрэйскіх палітычных партый і арганізацый. Немцы да апошняга стрымлівалі фарміраванне беларускіх вайсковых злучэнняў, бо асцерагаліся, што яны будуць скіраваны супраць выпеставанага імі бальшавіцкага рэжыму ў Расіі. Не скарысталіся акупанты і магчымасцю стварэння адзінага антыбальшавіцкага фронта з вайсковых фарміраванняў Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі. А самі гэтыя дзяржавы такі і не змаглі дамовіцца паміж сабой.

Надзеі на незалежную Літву. Адзінай дзяржавай, якая згадзілася падтрымліваць адносіны з кіраўніцтвам БНР, была Літва. Цікава, што ідэю дзяржаўнага саюза з Літвой спачатку падтрымалі і клерыкальна-памешчыцкія колы Міншчыны. У кіраўніцтве БНР іх прадстаўляў урад Рамана Скірмунта. З пачаткам германскага адступлення (кастрычнік 1918) яны абралі дэлегацыю на чале з Ежы Чапскім і перадалі ад яе імя мемарандум шэфу штаба 10 арміі, дзе прасілі імператара Вільгельма ІІ стварыць пад апекай Германіі Вялікае Княства Літоўска-Беларускае. У лістападзе 1918 г. з літоўскім урадам пачала супрацоўнічаць Віленская беларуская рада, якая накіравала ў Тарыбу Літоўскай Рэспублікі шэсць сваіх прадстаўнікоў (Вацлава Ластоўскі, Дамініка Сямашка, К.Фалькевіч, Уладзіслаў Талочка, Янка Станкевіч, Антон Луцкевіч). Беларускі генерал Кіпрыян Кандратовіч стаў намеснікам міністра абароныЛітвы. Пачалося фарміраванне беларускіх вайсковых аддзелаў. Былы першы прэм’ер БНР Язэп Варонка быў запрошаны ў склад літоўскага ўрада на пасаду міністра беларускіх спраў. Ён згаджаўся на нацыянальна-культурную аўтаномію ў рамках літоўскай дзяржавы -- абы толькі не расійская залежнасць. Лідэр віленскіх беларусаў Антон Луцкевіч быў незадаволены памяркоўнасцю Язэпа Варонкі і яго варожасцю да беларусаў-католікаў. Але не толькі Язэп Варонка спадзяваўся тады, што міністэрства беларускіх спраў стане асновай для далейшай дзяржаўнай федэралізацыі двух суседніх народаў. 1-3 снежня 1918 г. Беларускі нацыянальны кангрэс Гродзеншчыны вынес рэзалюцыю аб далучэнні гродзенскай часткі БНР да Літвы дзеля абароны ад Польшчы. Большасць беларускіх дзеячаў ішла на супрацоўніцтва з літоўцамі з надзеяй захаваць беларускую дзяржаўнасць хоць бы ў форме канфедэрацыі Беларусі і Літвы.

Захоп БНР расійскімі бальшавікамі. Адразу ж пасля таго, як у Германіі выбухнула рэвалюцыя, Уладзімір Ленін дэнансаваў Брэсцкі мірны дагавор і 17 лістапада Чырвоная Армія пачала наступ на Беларусь. Савецкая Расія не прызнала незалежнасці Беларусі. Актывізавалася бальшавіцкае падполле. 10 снежня чырвонаармейцы захапілі Мінск, а 5 студзеня 1919 г. -- Вільню. Услед за немцамі Палессе пакінулі і ўкраінцы. Створаны намаганнямі мясцовых левацэнтрысцкіх партый «Дэмакратычны краёвы цэнтр» спрабаваў супрацьстаць бальшавіцкай агрэсіі, але безвынікова. Захоп тэрыторыі Беларусі чырвонымі часцямі і ўзнаўленне ці ўстанаўленне тут савецкай улады суправаджалася рабункамі, канфіскацыямі маёмасці, арыштамі і расстрэламі ворагаў савецкай улады і ўвогуле ўсіх падазроных. Беларускія эсэры абвясцілі савецкую Расію другім пасля Германіі акупантам беларускай зямлі. 3-га снежня 1918 г. Рада і ўрад БНР перабраліся ў Вільню. Тарыба да гэтага часу ўжо ўстанавіла кантроль над беларускімі землямі Віленскай губерні, а таму знаходжанне ў Вільні беларускага ўрада, які пратэставаў супраць гэтага, было для літоўскага кіраўніцтва непажаданым. 27 снежня кабінет Антона Луцкевіча пераехаў у Гродна і знаходзіўся там пакуль нямецкія войскі не пакінулі горад у красавіку 1919 г. З набліжэннем чырвонаармейцаў і кіраўніцтва Літвы ў пачатку студзеня 1919 г. перабралася з Вільні ў Коўну. Міністэрства беларускіх спраў спрабавала замацавацца ў Гродне, але ў сакавіку вымушана было ехаць услед за літоўскімі апекунамі. Частка беларускіх дзеячаў БНР (у іх ліку Вацлаў Іваноўскі, Язэп Лёсік) засталіся ў Мінску з надзеяй паразумецца з беларускімі бальшавікамі і пад апекай Масквы стварыць кааліцыйны ўрад. Аднак марна.

Чаму БНР не змагла абараніць сябе. БНР не змагла абаперціся на дзеяздольнае беларускае войска. Яго стварэнню перашкаджалі і Часовы ўрад, і бальшавіцкі рэжым, і нямецкія акупанты. Не было дастатковай падтрымкі беларускага насельніцтва, якое заставалася халодным да беларускага руху. Не хапала афіцэрскіх кадраў за-за малалікасці беларускай інтэлігенцыі. Не ўдалося аб’яднаць пад штандарты беларускай арміі мабілізаваных на вайну мужчын Беларусі, расцярушаных па франтах па-за межамі роднага краю. На беларускіх землях знаходзілася, як мяркуе Алег Латышонак, удвая болей расійскіх і нямецкіх салдат, чым мужчын-беларусаў, здольных насіць зброю. Не хапала сродкаў. Іх маглі даць памешчыкі, але яны звязвалі свае надзеі з адраджэннем Рэчы Паспалітай. Іх маглі даць яўрэйскія прадпрымальнікі, але яны былі раўнадушнымі да беларускага руху і, як беларускія сяляне, больш спадзяваліся на Расію і нармалізацыю расійскага жыцця. Супраціў Беларусі аслаблялі экспансіянісцкія памкненні рускіх, палякаў, літоўцаў, украінцаў. І нягледзячы на ўсё гэта, беларускім патрыётам усё ж удаецца стварыць – і не проста беларускі ўрад, а Беларускую Народную Рэспубліку, якая на доўгія гады становіцца ўзорам і сімвалам нацыянальнай дзяржаўнасці.

Бальшавіцкі ўрад савецкай Расіі, руйнуючы БНР, прапаноўваў сваю мадэль савецкай дзяржаўнасці. У жыхароў Беларусі быў выбар.

Дзейнасць беларускіх камуністаў. Ленінскі ўрад меў справу з беларускім рухам, які разгортваўся на тэрыторыі савецкай Расіі сіламі бежанцаў і беларускіх камуністаў. Беларуская праца гуртавалася вакол Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама), які быў створаны бальшавіцкім урадам у Петраградзе 31 студзеня 1918 г. пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей. “Камісарам беларусаў” прызначылі Аляксандра Чарвякова, яго таварышам -- Уладзіслава Скарынку, сакратаром -- Зміцера Жылуновіча. Ініцыятарам стварэння Белнацкама выступіла Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (БСДРП), якая ўзнікла восенню 1917 г. на базе петраградскіх арганізацый БСГ, а ў красавіку 1918 г. ператварылася ў звычайную беларускую секцыю Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) -- РКП (б). Такія секцыі ўзнікалі сярод бежанцаў і ў іншых гарадах Расіі. У сакавіку 1918 г. Белнацкам пераехаў у Маскву і працаваў там на працягу года. У Петраградзе, Віцебску і Смаленску былі створаны яго аддзелы. А ў расійскія губерні, дзе пражывалі беларусы, пасылаліся эмісары. Апарат Белнацкама вельмі варожа ставіўся да БНР і заклікаў беларусаў да пакорлівасці бальшавікам. Яго незалежніцкія памкненні не выходзілі за межы стварэння Беларускай вобласці на правах аўтаноміі ў складзе савецкай Расіі.

Фота 50. Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны). (З архіва БелЭн).

Пазіцыя абласнікоў. Аднак нават такую вельмі сціплую праграму кіраўнікі Аблвыкамзаха і Паўночна-заходняга абкама РКП (б), якія перабраліся з Мінска ў Смаленск, не падтрымлівалі. У красавіку 1918 г. неакупіраваныя немцамі часткі Магілёўскай і Віцебскай губерняў разам з губерняй Смаленскай былі аб’яднаны ў Заходнюю вобласць. У верасні 1918 г. дэлегаты ІІІ з’езда саветаў гэтай вобласці, назвалі сваю падапечную тэрыторыю Заходняй камунай. Прапанаваная Белнацкамамназва«Беларуска-Літоўская вобласць» для абласнікоў не падыходзіла. На ўсходнебеларускіх землях стаўленнікі Масквы не адчынілі ніводнай беларускай школы, не выдалі ніводнага беларускага падручніка.

Нацыянальная актыўнасць бежанцаў. Больш радыкальна была настроена беларуская бежанская грамадскасць. Яна выказвалася за асобную савецкую беларускую рэспубліку ў складзе Расіі. І гэта было вынікам таго нацыянальнага самасцвярджэння, якое не маглі прыпыніць і бальшавікі. У 1918 г. у Петраградзе працавалі вышэйшыя курсы па беларусазнаўству, у Маскве -- Беларускі народны ўніверсітэт, дзе выкладалася беларусазнаўства. Культурна-асветныя гурткі беларусаў дзенічалі у Архангельску, Арэнбургу, Калузе, Арле -- практычна ўсюды, дзе пражывалі бежанцы з Беларусі.

Гродзенскі фарпост БНР. У сярэдзіне лютага 1919 г. Чырвоная Армія замацавалася на лініі Вільня--Ліда--Слонім--р.Шчара--Агінскі канал--Сарны. Большая частка БНР апынулася пад уладай савецкай Расіі. Па меры прасоўвання на захад бальшавікі сутыкаліся з ўсё большай папулярнасцю ідэі беларускай дзяржаўнасці, якую пакінула пасля сябе БНР. Да таго ж яе ўлада яшчэ трымалася на Гродзеншчыне. Нягледзячы на супрацьдзеянне палякаў, яна аж да адыходу немцаў (красавік 1919)заставалася жыццядзейным кавалкам беларускай рэспублікі. Стараннямі каменданта Гродны Мікалая Дземідава ўдалося стварыць І-ы Беларускі полк пяхоты. Функцыяніравалі беларускія культурныя ўстановы (“Беларуская хатка”, “Лучына”, “Бацькаўшчына”), працавалі беларускія школы, выходзілі беларускія газеты, на дамах віселі бела-чырвона-белыя сцягі. Дзейнічалі беларускіякамісары і павятовыя рады, якія вясной збіраліся дзяліць памешчыцкія землі. Раслі беларускія гурткі, развіваўся нацыянальны тэатр. Для маскоўскіх камісараў станавілася відавочным, што без дэкларавання беларускай дзяржаўнасці на беларускіх землях не ўтрымацца.

Палітычныя гульні з беларускай суверэннасцю. Спачатку ў Маскве планавалася стварэнне савецкай Літвы, да якой павінны былі адыйсці большасць беларускіх земляў. 23 снежня 1918 г. бальшавіцкі Усерасійскі цэнтральны выканаўчы камітэт (пастаянны вышэйшы орган савецкай улады) прыняў рашэнне аб захаванні для беларусаў усяго толькі Заходняй камуны. Аднак ўжо 25 снежня з Масквы ў Смаленск, дзе знаходзілася кіраўніцтва Заходняй камуны, прыйшла тэлеграма ЦК РКП(б) з дазволам на фарміраванне беларускага савецкага ўрада. Часткова гэта было звязана з адраджэннем Польшчы, дзе пэўнымі палітычнымі коламі ставілася пытанне аб адбудаванні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У бальшавікоў не было ўпэненасці, што яны замацуюцца ў Вільні. Таму фактар польскай пагрозы стаў для іх апошнім доказам неабходнасці стварыць беларускую савецкую рэспубліку, якой адводзілася роля буфера паміж Расіяй і Польшчай. Паўплывала на рашэнне РКП(б) і канферэнцыя беларускіх камуністычных секцый, якая прайшла ў Маскве 21-23 снежня і выказалася за дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі. Беларускае пытанне абмяркоўвалася на пасяджэннях Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў, які ўзначальвася Іосіфам Сталіным. І гэты бальшавіцкі камісар выказаў тады патрабаванне, каб правы будучага цэнтральнага бюро Кампартыі Беларусі і аддзелаў будучага ўрада савецкай Беларусі заставаліся такімі ж, як былога Аблвыканкама партыі і аддзелаў Аблвыкамзаха. Іосіф Сталін раіў Аляксандру Мяснікову правесці толькі некаторыя змены структуры Аблвыкамзаха. Вось такая рыхтавалася беларусам «суверэннасць».

Смаленская канферэнцыя. Узброеныя «каштоўнымі ўказаннямі» таварыша Сталіна, група Аляксандра Мяснікова правяла 30-31 снежня ў Смаленску YІ Паўночна-заходнюю абласную канферэнцыю бальшавікоў, абвясціўшы яе І з’ездам КП(б)Б як непадзельнай часткі РКП(б). Аляксандр Мяснікоў прапанаваў выказацца за абвяшчэнне беларускай савецкай рэспублікі. Ён тлумачыў неабходнасць гэтага выключна знешнепалітычнымі абставінамі. З’езд прыняў прапанову Мяснікова аб стварэнні савецкай Беларусі ў межах Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў з часткамі сумежных з імі суседніх губерняў (Віленскай і Чарнігаўскай), дзе пераважала беларускае насельніцтва. Памеры будучай рэспублікі прыкладна супадалі з тэрыторыяй рассялення беларускага этнасу, якую вызначыў акадэмік Яўхім Карскі. Старшынёй Цэнтральнага бюро Кампартыі Беларусі стаў Аляксандр Мяснікоў. Ад беларускіх камуністычных секцый у склад пятнаццаціасабовага кіруючага органа партыі ўвайшло толькі двое, ды і то Зміцер Жылуновіч хутка пакінуў мяснікоўцаў. Там жа, на з’здзе, бальшавікі сфарміравалі склад беларускага ўрада, хоць не мелі на тое ніякіх паўнамоцтваў ад беларускага народа. Спіс камісараў-міністраў ўжо загадзя прадыктавала Масква. Яна дапусціла да кіравання Беларуссю тых жа мяснікоўцаў, пераважна не беларусаў, і прадстаўнікоў камуністычных беларускіх секцый, якія супрацоўнічалі з бальшавікамі, бо верылі ў іх добрыя намеры і не бачачылі іншага шляху дабіцца хоць нейкай дзяржаўнасці для сваёй Айчыны. Старшынёй беларускага ўрада стаў Зміцер Жылуновіч. Сярод народных камісараў было дзесяць прадстаўнікоў Заходняй камуны і сем прадстаўнікоў беларускіх секцый Расійскай кампартыі (бальшавікоў). Беларускія камуністы, народныя камісары Зміцкр Жылуновіч, Усевалад Фальскі, Язэп Дыла, Аляксандр Чарвякоў і інш.) патрабавалі выключэння з урада Аляксандра Мяснікова, Майсея Калмановіча і Рычарда Пікеля, якія раней актыўна выступалі супраць стварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці. Напужаны Аляксандр Мяснікоў 1 студзеня 1919 г. накіраваў тэлеграму-скаргу Іосіфу Сталіну, і той катэгарычна патрабаваў ад Зміцера Жылуновіча падпарадкавацца рашэнням ЦК партыі. Такім чынам кучка партыйцаў выдала сваю канферэнцыю за Устаноўчы сход і вырашыла лёс цэлага народа.

Бальшавіцкі Маніфест. У ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г.так званы Часовы рабоча-сялянскі ўрад,які ўзначаліў Зміцер Жылуновіч, прыняў Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). У ім паўтаралася ідэя беларускай дзяржаўнасці, якая ўжо была абвешчана Другой устаўной граматай БНР. Маніфест, як іГрамата, дэклараваў сацыяльныя правы працоўных, але адкідаў дэмакратычныя свабоды, бо яны супярэчылі партыйнай дыктатуры бальшавікоў. І гэта адзінае новае, што прапаноўвалі стаўленнікі Масквы жыхарам Беларусі ў параўнанні з урадам БНР. Тым не менш, дзеячы БНР характарызаваліся як ворагі народа. Маніфест аб утварэнні БССР быў абвешчаны на рускай мове. На ім стаяла месца выдання Мінск, хаця ўсё адбывалася ў Смаленску. Бальшавікі не звярталі ўвагі на такія «дробязі». У той момант ім тэрмінова была патрэбна марыянетачная беларуская дзяржава. 5 студзеня кіраўнікі БССР пераехалі ў Мінск.

Першы вопыт беларускай «суверэннасці». Але спатрэбілася зусім нямнога часу, каб зразумець, што дзяржаўнасць Беларусі была для бальшавіцкага кіраўніцтва Расіі часовай дыпламатычнай мерай. Высунутае некаторымі беларускімі камуністамі пытанне аб асігнаванні сродкаў на выданне газеты на беларускай мове было адхілена на той падставе, што народныя масы, маўляў, амаль не ўмеюць чытаць па-беларуску. Усе беларускія навучальныя ўстановы, якія ўзніклі ў часы нямецкай акупацыі, былі зачынены. Не паспеў яшчэ свет і ўгледзець -- дзе ж тая савецкая Беларусь, як 16 студзеня ЦК РКП(б) выдаў новы загад -- вылучыць са складу БССР Смаленскую, Магілёўскую і Віцебскую губерні і далучыць іх да РСФСР у сувязі са змяненнем «знешніх абставін». У адказ на такое рашэнне Язэп Дыла, Усевалад Фальскі і Фабіян Шантыр выйшлі са складу ўрада БССР. Яшчэ праз некалькі дзён выкліканыя ў Маскву кіраўнікі беларускай кампартыі даведаліся ад Уладзіміра Леніна аб плане аб’яднання куртатай БССР з Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, стварэннем якой бальшавікі “ашчаслівілі” літоўцаў яшчэ раней за беларусаў -- 16 снежня 1918 г.

Антыбеларускі з’езд Саветаў. Масква прызнала БССР толькі праз месяц пасля яе абвяшчэння. Тады стала магчымым сабраць 2-3 лютага 1919 г. у Мінску і Ўсебеларускі з’езд саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Каб выключыць якія б там ні было нечаканасці, дэлегаты не выбіраліся насельніцтвам, а назначаліся адпаведнымі інстанцыямі. З’езд завяршыў юрыдычнае аформленне БССР (у бальшавіцкім яго разуменні), устанавіў федэратыўны саюз з савецкай Расіяй і прыняў канстытуцыю, спісаную з расійскай. З’езд абраў таксама Цэнтральны выканаўчы камітэт Беларусі з 50 чалавек і яго Прэзідыум, якому надавалася функцыя ўрада. Але туды не быў выбраны ні адзін з савецкіх беларускіх дзеячаў. Новым бальшавіцкім прэм’ерам Беларусі замест Зміцера Жылуновіча стаў Аляксандр Мяснікоў. Ён сфарміраваў кабінет з абласнікоў, а былых савецкіх народных камісараў, беларусаў па нацыянальнасці, адправіў у турму. «Ад імя працоўнага народа Беларусі» дэлегаты не прамінулі зноў абвясціць Раду БНР па-за законам. Тым самым выключалася мажлівасць пашырэння прадстаўніцтва новых органаў улады коштам кааптацыі дзеячоў БНР. Фактычна ЦВК і яго Прэзідыум выконвалі ролю часовай акупацыйнай адміністрацыі савецкай Расіі і мелі яшчэ менш рэальнай улады ў краі, чым урад і Рада БНР у часы нямецкай акупацыі. Пра гэта сведчаць і рашэнні ўжо згаданага Ўсебеларускага з’езду. Адной пастановай ён юрыдычна афарміў БССР, а другой фактычна ліквідаваў яе, бо згадзіўся на зліццё савецкай Беларусі з савецкай Літвой. Рабілася гэта, быццам бы, дзеля лепшай абароны ад знешніх ворагаў, а дакладней Польшчы. Але беларускіх патрыётаў абражала, што бальшавікі проста ігнаруюць незалежнасць іх народа. Такое аб’яднанне не задавальняла і літоўскіх камуністаў.

Літ-Бел. Злучэнне адбылося 27 лютага 1919 г. паводле пастаноў ЦВК абедзвюх савецкіх марыянетачных рэспублік. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (Літ - Бел) са сталіцай у Вільні ахоплівала Віленскую, Мінскую і Гродзенскую губерні. У складзе яе ўрада на чале з Вікенціям Міцкявічусам-Капсукасам не было ніводнаго беларуса. У Літоўска-Беларускай арміі пераважалі рускія салдаты. Усё беларускае, нават мова, лічылася контррэвалюцыйным. У Мінску не з’явілася ніводнай беларускай кнігі, брашуры, газеты. Літаратура выдавалася толькі на літоўскай, польскай і рускай мовах. Літбелаўцы старанна праводзілі антыбеларускую палітыку. На тэрыторыі Літ-Бел амаль усё сялянства, за выключэннем беднаты, пазбаўлялася нават фіктыўнавга права выбараў у саветы. У гарадах выбіраць у саветы маглі толькі рабочыя і рамеснікі. У сакавіку 1919 г. ліквідуецца і Белнацкам. Бальшавіцкі новатвор стаў на шляху да дзяржаўнай незалежнасці не толькі беларусаў, але і літоўцаў. Затое польскія бальшавікі разглядалі Літ-Бел як плацдарм для нападзення на Польшчу.

Што несла з сабою савецкая ўлада. Жыхары Смаленскай і ўсходніх паветаў Магілёўскайі Віцебскай губерняў яшчэ ў 1918 г.добра зведалі, што такое савецкая ўлада. КабвыплаціцьГерманіі кантрыбуцыю збожжам, сялян душылі харчовай развёрсткай.Для рабавання вёскі ствараліся камітэты беднаты і харчовыя атрады.Летам 1918 г. на беларускіх землях у Чырвоную Армію было забрана больш 100 тыс. чалавек. Тых, хто адмаўляўся -- расстрэльвалі. Беззямельныя зганяліся ў працоўныя камуны, дзе галеча дзялілася строга пароўну. Закрываліся і рабаваліся цэрквы. У чэрвені 1918 г. узнавіліся пакаранні смерцю, з 5 верасня ўводзіўся чырвоны тэрор. Усерасійская надзвычайная камісія на чале з ураджэнцам Беларусі Феліксам Дзяржынскім і яе органы на месцых атрымлівалі неабмежаваныя паўнамоцтвы і тапілі ў крыві любыя выступленні супраць дыктатуры бальшавікоў. Памешчыкі ўцякалі пераважна ў Польшчу. Мясцовыя сяляне абураліся: бальшавікі заместабяцанага дзеляжу памешчыцкіх земляў стваралі на іх аснове саўгасы і толькі перашкаджалі свабоднаму гаспадаранню.

Выступленні чырвонаармейцаў. 5 жніўня падняўся бунт у дыслацыраванай у Оршы Магілёўскай дывізіі. Салдаты адмаўляліся адпраўляцца на Ўсходні фронт. Гарнізонны сход, скліканы па ініцыятыве эсэраў, прыняў рэзалюцыю аб ліквідацыі мясцовага савета і замене яго рэвалюцыйным камітэтам. Карная экспедыцыя з Віцебска была адбіта. І толькі на другі дзень бунт удалося задушыць сіламі бальшавіцкіх аддзелаў, прысланых з Віцебска і Смаленска. Не ведаючы гэтага, 2-і Смаленскі полк пакінуў 8 жніўня свае пазіцыі на дэмаркацыйнай лініі і скіраваўся ў г.Сянно, каб адтуль рушыць на дапамогу паўстаўшым у Оршы. Пасля двух дзён барацьбы за Сянно з карным атрадам з Оршы і няўдалага дэмаршу на тэрыторыю, занятую немцамі, паўстанцы 2-га Смаленскага палка вымушаны былі здацца. Частка іх аднак не злажыла зброі і перайшла да партызанскай барацьбы.

Веліжскае паўстанне сялян. Самае буйнае выступленне сялян супраць бальшавіцкай улады адбылося ў Веліжскім павеце Віцебскай губерні, населеным пераважна беларусамі. 10 лістапада 1918 г. у Веліжы мабілізаваныя ў Чырвоную Армію маладыя сяляне адмовіліся ісці на фронт і амаль усе пакінулі горад. А веліжскія бальшавікі пачалі кідаць у турму тых, хто застаўся, а таксама гараджан, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыі і падпале дома-камуны, дзе жылі адказныя працаўнікі партыі. Дызерціры расстрэльваліся. Напружанне нарастала. Праз два дні гімназіст Зміцер Лаймінг забіў начальніка мясцовай Надзвычайнай камісіі Мусаева. Пачуўшы пра зверствы бальшавікоў, мабілізаваныя разам са сваякамі і знаёмымі рушылі на горад, каб канчаткова вынішчыць савецкую ўладу, якая перашкаджала жыць. У рух прыйшло, можа, 50 тыс. чалавек. Праваслаўныя і стараверы ішлі разам. Святары бласлаўлялі людзей на збройны чын. 18 лістапада ў баі пад Веліжам, у Сямічоўскім Бары паўстанцы з косамі і віламі кідаліся на бальшавіцкія кулямёты. Бой доўжыўся цэлы дзень. Але перамагчы не ўдалося. Падабраўшы забітых і параненых, паўстанцы рассыпаліся па лясах, каб працягваць змаганне. У Веліж прарваўся толькі конны аддзел, напалову складзены з салдат і афіцэраў Станіслава Булак-Балаховіча, які ваяваў тады ў складзе Паўночна-заходняй арміі Мікалая Юдзеніча. Але і гэтыя сілы ў горадзе пры спробе вызваліць вязняў з турмы былі амаль знішчаны. Да Сямічоўскага Бору дайшло каля трох тысяч паўстанцаў. Іншыя былі перахоплены і рассеяны бальшавіцкімі вайсковымі аддзеламі, меўшымі добрую практыку расправы са сваімі ворагамі.

Антысавецкі рух расце. Ад 11 да 17 лістапада 1918 г. амаль уся Віцебская губерня была ахоплена паўстаннямі. Больш таго, яны разгараліся ў беларускіх паветах Смаленскай губерні (Парэцкім, Бельскім) і нават ў аддаленай Магілёскай губерні. У Вазнясенскай воласці Віцебскага павета бальшавікі канфіскавалі 1500 вінтовак. Паўстанцы Вязьменскай воласці Полацкага павета 13 лістапада захапілі станцыю Расоны. У Парэцкім павеце на чале паўстанцаў стаялі браты Жыгалавы, тры сыны мясцовага святара, былыя афіцэры царскай арміі. Кіруемыя імі паўстанцы змаглі захапіць г. Парэчча і пратрымацца суткі. Паўстанні былі стыхійнымі, слаба арганізаванымі. На думку Юркі Віцьбіча (сапр. Шчарбакоў), пэўную кіруючую ролю мелі Віцебскі саюз беларускага народу і Віцебскі саюз праваслаўных парафій. Але калі ім і ўдалося ўзняць людзей на паўстанне, дык не хапіла вопыту паспяхова кіраваць барацьбой. Не было адзінай мэты. Адны змагаліся за незалежную Беларусь, іншыя -- за дэмакратычную, але непадзельную Расію. Тым не менш, бальшасць беларускага народа не прымала савецкай ўлады. БССР стваралася гвалтам, на народнай крыві.

 

4. Паваеннае ўладкаванне ў Еўропе і ва ўсім свеце.

У пачатку 1919 г. тэрыторыя Беларускай Народнай Рэспублікі апынулася паміж чатырма ўладамі: нямецкай, якая згортвалася, польскай, савецкай і літоўска-беларускай з цэнтрам у Вільні.

Прадстаўніцтва БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі. 18 студзеня 1919 г. у Парыжы (Версальскі палац) пачалася міжнародная канферэнцыя па выпрацоўцы мірных умоў з Германіяй і яе саюзнікамі. Кіраўніцтва БНР чакала ад міжнароднай сустрэчы справядлівага вырашэння будучыні сваёй Айчыны, бо якраз у пачатку 1919 г. выспявала савецка-польская вайна за панаванне на Беларусі і Ўкраіне. У Парыж на грошы, пазычаныя ўрадам Украінскай Народнай Рэспублікі, скіраваўся старшыня ўрада БНР і міністр замежных спраў рэспублікі Антон Луцкевіч. Спецыяльна для ўдзельнікаў Парыжскай канферэнцыі ён падрыхтаваў мемарандум з апісаннем гісторыі Беларусі. Да мемарандума прыкладалася і карта БНР. Спадзяванні перш за ўсё звязваліся з прэзідэнтам ЗША Вудро Вільсанам. Яшчэ ў пачатку 1918 г. ён прапанаваў праграму ўладкавання пасляваеннай Еўропы з 14 пунктаў, у якой прадугледжвалася магчымасць стварэння на руінах былых імперый новых вольных дзяржаў. У адным з пунктаў адзначалася, што ў незалежную Польшчу павінны ўвайсці тэрыторыі з бяспрэчна польскім насельніцтвам. Аднак польскія палітыкі такую рэкамендацыю рашуча адмаўлялі.

Расійскае пытанне на канферэнцыі ў Версалі. Прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Азербайджана патрабавалі прызнання незалежнасці і дапамогі ў барацьбе з бальшавікамі. У супрацьвагу ім прадстаўнікі белага руху ў Расіі («Рускай Палітычнай Нарады») даводзілі, што незалежніцкі рух такі ж небяспечны для Расіі, як і бальшавіцкі. Яны настойвалі на прызнанні толькі культурна-аўтаномных правоў народаў у складзе дэмакратычнай расійскай рэспублікі. Вялікія дзяржавы вырашылі падтрымаць урад Аляксандра Калчака. У барацьбе з Саветамі ім было зручней абапірацца на агульнарасійскага дыктатара, чым на шэраг нацыянальных дзяржаў, якія не маглі памірыцца і між сабой. Урад Аляксандра Калчака стаў правапераемнікам Часовага ўрада, а тыя дзяржавы, што ўзніклі на месцы былой Расійскай імперыі, прызнаваліся толькі фактычна. Аляксандр Калчак абяцаў новаўтвораным дзяржавам аўтаномію. Дзеячы Беларусі, Украіны, Азербайджана, Эстоніі, Грузіі, Латвіі, Паўночнага Каўказа не пагадзіліся з такім рашэннем канферэнцыі і 18 чэрвеня выказалі пратэст.

Версальскі мір. 28 чэрвеня 1919 г.пераможаная Германія падпісала Версальскі мір. Брэсцкі трактат 1918 г., паводле якога была падзелена Беларусь, касаваўся. Парыжская канферэнцыя завяршыла сваю працу ў студзені 1920 г. Яе рашэнні садзейнічалі захаванню Расійскай імперыі, якая, насуперак намерам версальцаў, стала бальшавіцкай. Вялікія дзяржавы, найперш Францыя, патуралі палітычным амбіцыям Польшчы з надзеяй, што гэтая краіна можа супрацьстаяць і Германіі, і савецкай Расіі. Адкінуўшы ідэю стварэння на месцы былой царскай Расіі садружнасці незалежных дзяржаў, «вялікая пяцёрка» падрыхтавала глебу для непазбежнай польска-савецкай вайны за Беларусь. Беларускае прадстаўніцтва на канферэнцыі не змагло прадухіліць неспрыяльныя для свайго народа рашэнні.

Выспяванне агрэсіі з захаду. Польская дзяржава канчаткова адрадзілася пасля капітуляцыі Германіі, у лістападзе 1918 г. 5-га лютага 1919 г. яе кіраўніцтва падпісала з Нямеччынай ў Беластоку пагадненне аб замене ў заходняй Беларусі нямецкай улады на польскую. Маладая Польшча прэтэндавала на ўсходнія межы старадаўняй Рэчы Паспалітай, імкнулася як мага болей тэрытарыяльна ўзрасці, каб выстаяць перад пагрозай з боку Расіі і Германіі. Польскае камандаванне спяшалася адарваць ад савецкай Расіі найперш Беларусь, бо праз беларускія землі Чырвоная Армія найбліжэй падыходзіла да Варшавы.

Экспансіянізм бальшавіцкай імперыі. Беларусь вельмі неабходна была і савецкай Расіі як крыніца сыравіны і харчавання, а галоўнае, як заходні калідор для экспарту сацыялістычнай рэвалюцыі ў краіны Еўропы. У сакавіку 1919 г. І Устаноўчы кангрэс Камінтэрна абвясціў праграму барацьбы за сусветную пралетарскую дыктатуру, за сусветны камунізм.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-20; Просмотров: 615; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.009 сек.