Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Такім чынам, на працягу ХІХ – пачатку ХХ ст. тэрмін “Белая Русь” пашырыўся на ўсю беларускую этнічную тэрыторыю і набыў сучаснае гучанне – “Беларусь”. 3 страница




У ХVІ – ХVІІ стст. назва “Белая Русь” пасля некаторых блуканняў па прасторах славянскага свету паступова замацоўваецца за Падзвіннем і Падняпроўем. Амаль кожны іншаземец, які наведваў упершыню ўсходнюю частку сённяшняй Беларусі (Падзвінне і Падняпроўе), звяртаў увагу на пануючы тут паўсюдна белы колер адзення – ад світак і кажушкоў да мужчынскіх нагавіц і шапак-магерак.

Аднак у ХVІ – ХVІІ стст. у розных гістарычных крыніцах назва “Белая Русь” сустракаецца не толькі ў дачыненні да Усходняй Беларусі, але і ў дачыненні да Ноўгарадскай і Пскоўскай зямель, а таксама да ўсходняй Украіны. Напрыклад, у “Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі”, напісанай італьянцам А. Гваньіні ў 1578 г., які быў на вайсковай службе ў Віцебску, сказана: “А ёсць Русь траякая: адна Белая, другая Чорная, трэцяя Чырвоная. Белая – каля Кіева, Мазыра, Мсціслаўля, Віцебска, Оршы, Полацка, Смаленска і зямлі Северскай… Чорная – у Маскоўскай зямлі каля Белага возера і далей усюды да Азіі. Чырвоная – каля гор, якія называюцца Бескідамі… Пад тымі гарамі паветы Галіцкі, Перамышльскі, Саноцкі, а ў сярэдзіне вядомы горад Львоў”. Гэта адпавядае той усходняй традыцыі, калі зямля, размешчаная на Захадзе, называецца Белай, на поўначы – Чорнай, на поўдні – Чырвонай.

Разам з тым у прадмовах і пасляслоўях да кніг Ф. Скарыны (пачатак ХVІ ст.) тэрмін “Белая Русь” не сустракаецца. Землі сваёй радзімы Ф. Скарына называў тэрмінам “Русь” (“братия моя Русь”), які на працягу некалькіх стагоддзяў існаваў побач з назвай “Белая Русь” і даволі часта атаясамліваўся з ёй.

З сярэдзіны ХVІ ст. тэрмінам “Белая Русь” сталі абазначаць не толькі землі падзвінска-падняпроўскага рэгіёна (традыцыйная “Белая Русь”), але і цэнтральнага, папрыпяцка-палескага рэгіёнаў, ці землі сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Беларусі. Беларусцамі называлі цяпер не толькі жыхароў падзвінска-падняпроўскага рэгіёна, але і людзей, якія пражывалі на ўсёй тэрыторыі ад Заходняй Дзвіны да Прыпяці. Побач з формай “беларусцы” у дакументах сустракаецца і сучасная форма этноніма беларускага народа – “беларусы”.

Польскі пісьменнік, гісторык і публіцыст С. Старавольскі ў кнізе “Польшча ці апісанне становішча каралеўства Польскага” (1632 г.) адносіў да Белай Русі 6 ваяводстваў: Навагрудскае, Мсціслаўскае, Віцебскае, Мінскае, Полацкае і Смаленскае. Урад Рускай дзяржавы ў ХVІІ ст. Белай Руссю лічыў Полацкую, Віцебскую, Мсціслаўскую і Смаленскую землі. Астатнія беларускія землі ён называў літоўскімі.

Адначасова ішоў працэс фарміравання мовы Белай Русі, г. зн. беларускай мовы. Яе ўзнікненне было вынікам змяшэння, перапляцення паўночных (падзвінска-дняпроўскіх) і паўднёвых (папрыпяцкіх) элементаў гутарковай мовы ўсходнеславянскага насельніцтва. Гэта мова многімі асаблівасцямі фанетычнай сістэмы, граматычнага ладу і слоўнікавага складу адрозніваецца ад рускай і ўкраінскай. Да гэтых асаблівасцей належыць спалучэнне такіх элементаў, як цвёрдае “р” і “ч”, мяккае “д” (дзеканне), аканне. З’явіліся т. зв. сярэднебеларускія гаворкі, якія ўвабралі ў сябе паўночныя і паўднёвыя элементы. Што датычыцца мовы паўночнай зоны падзвінска-дняпроўскага рэгіёна (Пскоўшчына, Цвярскі край, Смаленшчына), дык яна ў значнай ступені склалася пад уплывам суседніх паўночных і ўсходніх гаворак, распаўсюджаных у межах Маскоўскай дзяржавы. Тут пачалі фарміравацца гаворкі велікарускай мовы. Ва ўсходніх раёнах Беларусі разам з мяккім “д”, з’явілася і цвёрдае “д”, а дзе-нідзе і “оканне”. У паўднёвай зоне вялікі ўплыў на беларускую мову зрабіла ўкраінская мова.

Такім чынам, у другой палове ХVІ – ХVІІ ст. сфарміравалася агульная назва ўсходняй і цэнтральнай часткі беларускай этнічнай тэрыторыі – “Белая Русь” і агульная назва (этнонім) яе жыхароў – беларусы. Прыкладна ў гэты ж час уся этнічная тэрыторыя ўсходнеславянскага насельніцтва Маскоўскай дзяржавы (у тым ліку Пскоўшчына, Цвярскі край, Смаленшчына) стала называцца Вялікай Руссю ці Расіяй.

Заходнюю частку беларускай этнічнай тэрыторыі доўгі час называлі “Чорная Русь”. Паводле звестак В.М. Тацішчава, граніца Чорнай Русі на поўначы даходзіла да р. Віллі, на ўсходзе – прыкладна да Бярэзіны, на поўдні – да Прыпяці, на захадзе – да Буга. Назва “Чорная Русь” у айчынных крыніцах упамінаецца не раней апошняй чвэрці ХІІІ ст. (1284). Першапачаткова гэта назва не адносілася да заходняй часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі. Так называлася частка тэрыторыі сучаснай Украіны, тагачасная Галіцкая зямля. У заходнееўрапейскіх пісьмовых помніках назва “Чорная Русь” сустракаецца не раней ХІV – ХV стст. і ўжываецца для абазначэння самых заходніх зямель Русі, якія гранічылі з Лівоніяй, Літвой і Польшчай.

Як назва заходняй часткі беларускай этнічнай тэрыторыі (у прыватнасці, Беларускага Панямоння) тэрмін “Чорная Русь” пачынае замацоўвацца ў канцы ХVІ – ХVІІ ст. Як сцвярджае В.М. Тацішчаў, назва “Чорная Русь” для абазначэння заходняй часткі сучаснай Беларусі сустракаецца ў граматах цара Аляксея Міхайлавіча пасля таго, як ён авалодаў часткай Рэчы Паспалітай. У граматах Аляксей Міхайлавіч называецца “гасударам усёй Вялікай, Малой, Белай, Чорнай і Чырвонай Русі”.

Назва заходняй беларускай этнічнай тэрыторыі “Чорная Русь” тлумачыцца па‑рознаму. Часцей за ўсё яе разглядалі як супрацьпастаўленне назве “Белая Русь”. Некаторыя вучоныя (С. Салаўёў) лічылі, што першапачаткова назва “Чорная Русь” абазначала залежную тэрыторыю. Чорны колер разглядаецца прыхільнікамі гэтай канцэпцыі як сімвал залежнасці, белы – як сімвал самастойнасці. У адносінах да Беларускага Панямоння такое тлумачэнне нельга прызнаць абгрунтаваным. Назва гэтага краю “Чорная Русь” замацавалася тады, калі ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі ўжо знаходзілася ў складзе Вялікага княства Літоўскага, а затым і Рэчы Паспалітай, і з палітычнага пункту погляду значнай розніцы паміж заходняй і ўсходняй часткамі гэтых тэрыторый не было.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што з’яўленне назвы “Чорная Русь” выклікана тым, што для Верхняга Панямоння было характэрна язычніцтва, а для Падняпроўя – хрысціянства. Але і з такім пунктам погляду нельга поўнасцю пагадзіцца таму, што ў перыяд замацавання гэтага тэрміна амаль ўсё насельніцтва, як усходнеславянскае, так і балцкае было ўжо хрысціянскім. Хрысціянскія цэрквы ў гарадах Верхняга Панямоння былі пабудаваны не пазней, чым у гарадах сучаснага Беларускага Падняпроўя. Што датычыцца некаторых груп нехрысціянскага, язычніцкага балцкага насельніцтва, якое пражывала ў Верхнім Панямонні, то Руссю яно не называлася. Для іх наймення ўжываўся іншы тэрмін – “Літва”.

Нельга пагадзіцца з думкай польскага этнолага Яна Быстраня аб тым, што назву “Чорная Русь” Верхняе Панямонне атрымала ад цёмнага (чорнага) колеру скураных лапцей, якія насілі тутэйшыя жыхары. Наўрад ці такая незначная акалічнасць магла стаць падставай для вызначэння назвы цэлага рэгіёна.

Заслугоўвае ўвагі наступнае тлумачэнне гэтай назвы. Назва “Чорная Русь” была дадзена балтамі. Згодна з балцкай традыцыяй, чорны колер сімвалізуе Захад, а белы – Усход. У сувязі з гэтай традыцыяй самую заходнюю частку Русі, г. зн. Верхняе Панямонне, сталі называць Чорнай Руссю, а ўсходнюю, г. зн. Падняпроўе, – Белай Руссю. Першапачаткова гэтыя назвы абазначалі геаграфічныя напрамкі. З цягам часу яны сталі азначаць два арэалы беларускай этнічнай тэрыторыі і сімвалізаваць этнаграфічныя асаблівасці паміж яе заходняй і ўсходняй часткамі.

З канца ХVІІІ ст. са знікненнем Вялікага княства Літоўскага і далучэннем беларускіх зямель да Расійскай імперыі назва “Чорная Русь” паступова выходзіла з ужытку, а назва “Белая Русь” распаўсюджвалася на ўсю беларускую этнічную тэрыторыю. Прычым гэта назва набывала ў рускай мове сваю заходнееўрапейскую форму – “Белоруссия”. У беларускай мове захоўвалася старая ўсходнеславянская форма гэтай назвы. Яна стала вымаўляцца і пісацца разам – “Беларусь”.

Разам з тым за заходняй часткай сучаснай Беларусі доўгі час захоўвалася яшчэ адна назва – “Літва”, а за яе жыхарамі – назва “ліцвіны”. Вядома, што ў XI – XIII стст. усходняя частка сучаснай Літвы, дзе сёння знаходзіцца Вільнюс, называлася Аўкштайціяй, а заходняя, дзе сёння размяшчаецца Каўнас, – Жэмайціяй. Літва ў XI – XIII стст., як лічаць некаторыя даследчыкі, знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі – паміж Мінскам і Новагародкам. Пазней у сувязі з перанясеннем сталіцы дзяржавы з Новагародка ў Вільню (каля 1323 – 1326 гг.) назва “Літва” з Верхняга Панямоння пачала паступова распаўсюджвацца на тэрыторыю Аўкшайціі і Жэмайціі і замацоўвацца за імі. Працэс замацавання назвы “Літва” за тэрыторыяй сучаснай Літвы завяршыўся прыкладна ў XVI ст.

Адначасова яшчэ цэлыя стагоддзі “Літвой” працягваў называцца заходні рэгіён сучаснай Беларусі. У Магілёўскай хроніцы пад 1695 г. гаворыцца аб тым, што літоўскае пагранічча праходзіла недалёка ад Мінска і Слуцка. Дзекабрыст А. Бястужаў, жывучы ў 1821 г. на тэрыторыі сучаснага Валожынскага раёна, даў у Пецярбург такі свой адрас: “Литва, д. Выганичи, в 40 верстах от Минска”. А. Міцкевіч (1798 – 1855), які нарадзіўся каля Навагрудка, сваю айчыну называў Літвой (“Litwo! Ojczyzno moja!”). Ураджэнец Гродзеншчыны К. Каліноўскі, рэвалюцыйная дзейнасць якога прыпадае на 60‑я гады ХІХ ст., як правіла, называў родны край Літвой.

У ХІХ ст. яшчэ афіцыйна захоўваўся падзел беларускай этнічнай тэрыторыі на Беларусь і Літву, беларускія і літоўскія губерні. Аўтары “Жывапіснай Расіі” (1882 г.) да беларускіх губерняў адносілі Віцебскую, Магілёўскую, Мінскую і Смаленскую губерні, да літоўскіх губерняў – Гродзенскую, Віленскую і Ковенскую губерні. Яшчэ ў сакавіку 1918 г., калі падпісваўся дагавор паміж Савецкай Расіяй і Германіяй, сучасны Брэст меў назву “Брэст-Літоўскі”. І толькі ў першай палове ХХ ст. назва “Беларусь” распаўсюдзілася на ўсю беларускую этнічную тэрыторыю, а ранейшая назва “Літва” канчаткова замацавалася за тэрыторыяй літоўскіх правінцый Аўкштайціі і Жэмайціі і выйшла з ужытку ў дачыненні да беларускай этнічнай тэрыторыі.

 

§ 5. Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) – агульная раннефеадальная дзяржава-манархія ўсходніх славян

Утварэнне Старажытнарускай дзяржавы было падрыхтавана ўсім ходам сацыяльна-гістарычнага развіцця ўсходнеславянскіх зямель у VІ – ІХ стст. Існуе тры групы ўнутраных і знешніх прычын утварэння гэтай дзяржавы. Першая з іх – сацыяльна-эканамічныя прычыны, звязаныя з развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, рамяства і гандлю.

Старажытнай формай земляробства ў лясных раёнах была вогневая падсечная сістэма. На пэўным участку высякалі лес, калі дрэвы падсыхалі, іх спальвалі, угноеную попелам зямлю апрацоўвалі і засявалі. Праз два – тры гады ўчастак пакідалі і выпальвалі (асвойвалі) новы. Апрацоўвалі зямлю з дапамогай сахі і рала з жалезным наканечнікам. У далейшым з’яўляюцца рала з полазам, саха з прысашніком (лапаткай для пераварочвання зямлі). У якасці цяглавай сілы пачынаюць выкарыстоўвацца коні. Усё гэта сведчыць аб перамозе ворыўнага земляробства.

Развіваліся таксама рамяство і гандаль. З вылітай сталі кавалі рабілі мячы, нажы, кінжалы, шаблі, коп’і, а таксама напільнікі, пілы, ножніцы, стамескі, зброю. Цэнтрамі мясцовага гандлю былі гарадзішчы – пагосты і племянныя “грады”. Важную ролю ў развіцці знешняга гандлю іграў так званы шлях “з вараг у грэкі”. Ён пачынаўся на паўночным беразе Фінскага заліва, ішоў Невой, Ладажскім возерам, Волхавам, Ільмень-возерам з яго ракой Ловаццю, потым волакам на Заходнюю Дзвіну, з яе волакам на Днепр, далей Дняпром і Чорным морам да Канстанцінопаля. Сталі з’яўляцца гарады як цэнтры рамяства і гандлю.

Развіццё земляробства і жывёлагадоўлі, а таксама гарадоў, рамяства і гандлю патрабавала еднасці славянскіх зямель. Удасканальваць вытворчую гаспадарку, паглыбляць эканамічныя сувязі, фарміраваць міжгаспадарчыя адносіны на аснове прынцыпа “куплі-продажу”, авалодваць унутраным і знешнім рынкам і атрымліваць прыбыткі можна было больш паспяхова ў рамках адзінай дзяржавы.

Другая група прычын звязана з унутрыпалітычным развіццём усходнеславянскіх зямель. Працэсы славянізацыі краю і неабходнасць падпарадкавання мясцовага балцкага, фіна-угорскага і цюркскага насельніцтва, з’яўленне мясцовых князёў (“княжанняў”) і сацыяльнай няроўнасці, захоп мясцовай знаццю зямель сваіх супляменнікаў і стварэнне зямельных уладанняў – вотчын (іменняў феадалаў), збор даніны з насельніцтва, прымус залежных сялян працаваць у гаспадарках землеўладальнікаў – усё гэта патрабавала фарміравання інстытута феадальнага права і сістэмы феадальных адносін, узмацнення палітычнай улады і вайсковай сілы феадалаў, іх яднання. Унутрыпалітычная сітуацыя ўзмацняла зацікаўленасць феадалаў і падштурхоўвала іх да стварэння адзінай дзяржавы.

Трэцяя група прычын звязана са знешнепалітычнымі абставінамі. Неабходнасць абароны славянскіх зямель ад нападзення з боку суседніх дзяржаў і ад набегаў з боку авараў, печанегаў, полаўцаў і іншых ваяўнічых вандроўнікаў, пераадолення спусташальных міжкняжацкіх усобіц выклікала ўнутраны пратэст і фарміравала грамадскасцю думку на карысць яднання. Урэшце-рэшт гэта прывяло да аб’яднання ваенных, эканамічных і людскіх рэсурсаў і стварэння вялікай і магутнай дзяржавы – Кіеўскай Русі.

Складальнік “Аповесці мінулых гадоў” расказвае аб існаванні ў усходніх славян да ўтварэння Старажытнарускай дзяржавы шэрагу самастойных мясцовых княстваў. Паляне мелі сваё княства на чале з Кіем, “а в древлях (у древлян) свое, в дреговичи свое, а словени свое в Новгороде, а другое на Полоте иже полочане”. Мясцовыя княжанні ўяўлялі сабой пачатковую форму дзяржаўнасці на Русі ці протадзяржавы. Славене, крывічы і мера плацілі даніну нарманам (варагам) [2], якія рабілі частыя спусташальныя набегі на іх землі, а вяцічы, радзімічы, севяране і нейкі час – паляне плацілі даніну хазарам, якія стварылі моцнае цюркскае дзяржаўнае ўтварэнне з цэнтрам у нізоўі Волгі.

У сучаснай гістарыяграфіі тэрмінам “Кіеўская Русь” абазначаецца раннефеадальная дзяржава – манархія ўсходніх славян на чале з вялікім князем кіеўскім. Яна ўзнікла ў выніку аб’яднання двух усходнеславянскіх дзяржаўных утварэнняў – “Куявы” (палітычны саюз палян, северан і вяцічаў, цэнтр – Кіеў) і “Славіі” (чудзь, славене, мера, крывічы, цэнтр – Ноўгарад) і якая існавала ў ІХ – ХІІ стст. на тэрыторыі, блізкай да шляху “з вараг у грэкі”.

Гісторыя Старажытнарускай дзяржавы пачынаецца з 862 г., калі, як сведчыць летапіс, чудзь, славене і весь накіравалі сваіх паслоў за мора – да варагаў, каб аб’явіць ім сваё рашэнне. “Зямля наша вялікая і багатая, а парадку ў ёй няма. Прыходзьце княжыць і валодаць намі”. “І абраліся трое братоў са сваімі родамі, і ўзялі з сабою ўсю русь, і прыйшлі да славян, і сеў старэйшы Рурык у Ноўгарадзе, … Сінеус – на Белавозеры, … Трувар – у Ізборску”. Адсюль і пачынаецца дынастыя Рурыкавічаў у рускай гісторыі.

Летапіснае паданне аб прызванні на Русь варагаў стала падставай для нарманскай тэорыі, згодна з якой нарманы (варагі) з’яўляліся заснавальнікамі Старажытнарускай дзяржавы. Гэта тэорыя была сфармулявана яшчэ ў 2‑й чвэрці ХVІІІ ст. Г.З. Байерам, Г.Ф. Мілерам і інш. Яе адвяргалі М.В. Ламаносаў, Д.І. Ілавайскі, С.А. Гедзеонаў і іншыя расійскія вучоныя.

У сучаснай гістарыяграфіі даказана, што ўтварэнне Кіеўскай Русі было падрыхтавана ўсім папярэднім ходам сацыяльна-гістарычнага развіцця ўсходніх славянскіх зямель. Беларускі гісторык і археолаг Э.М. Загарульскі пераканаўча даказвае, што мясцовыя княжанні былі ў славян яшчэ да прызвання варагаў, а таму пачатак дзяржаўнасці на Русі заклалі зусім не нарманы. На аснове археалагічных матэрыялаў ён таксама сцвярджае, што да другой паловы ІХ ст. усходнія славяне яшчэ не паспелі рассяліцца да Ільменя і Белавозера, а летапісныя крывічы – гэта балцкія плямёны. Атрымліваецца, што варагаў маглі запрасіць на Русь неславянскія народы поўначы Усходняй Еўропы. Больш таго запрашэнні на княжанне былі звычайнай практыкай у эпоху сярэднявечча і не яны вызначалі характар дзяржаўных утварэнняў.

У 882 г. Алег (па летапісу – сваяк Рурыка, які правіў пасля яго Ноўгарадам за малалетняга сына Ігара Рурыкавіча) разам з воінамі-варагамі і дружынамі славен, крывічоў, чудзі, меры, весі зрабіў паход на поўдзень, узяў Смаленск, Любеч і прыйшоў да Кіева, дзе правілі Аскольд і Дзір. Выдаўшы сябе за купца, які ідзе з таварам у Візантыю, Алег забіў іх і зрабіў Кіеў сталіцай аб’яднанай дзяржавы (“мати градом руских”). Значыць, Аскольд і Дзір былі прадстаўнікамі мясцовай дынастыі. А калі б яны былі варагамі, тады навошта з імі ваяваць, тым больш іх забіваць?

Сеўшы на прастол у Кіеве, Алег пачаў будаваць крэпасці як апорныя пункты для ўпраўлення і збора даніны, а таксама абароны рубяжоў Русі ад ворагаў. Ільменскія славене і крывічы былі абкладзены пастаяннай данінай. Алег падпарадкаваў і абклаў данінай драўлян, северан і радзімічаў, якія да гэтага плацілі даніну хазарам. Значыць, ёсць падставы гаварыць аб руска-хазарскай вайне пры Алегу.

У 907 г. ён зрабіў паспяховы паход на Візантыю. Высадзіўшыся з караблёў на бераг, русы спусташылі наваколле Канстанцінопаля. Візантыйскі імператар вымушаны быў заплаціць кантрыбуцыю і даць купцам русаў гандлёвыя прывілеі.

Пасля смерці Алега кіеўскім князем стаў Ігар. Ён падавіў паўстанне супраць Кіева ў зямлі драўлян, завяршыў пачатае пры Алегу падпарадкаванне і ўключэнне ў склад Старажытнарускай дзяржавы ўлічаў (жылі на Дняпры, на поўдзень ад палян) і ціверцаў (жылі па Днястру да ніжняга цячэння Дуная). У 941 і 944 гадах Ігар зрабіў паходы на Візантыю. Здзяйсняліся таксама марскія паходы ў Закаўказзе, у багатыя краіны Паўднёвага і Заходняга Прыкаспія.

Апошнім актам у дзейнасці Ігара быў яго паход у зямлю драўлян за данінай. Даніна ў той час з’яўлялася асноўнай крыніцай існавання князя і яго дружыны. Сабраўшы вялікую даніну з драўлян, Ігар, падбухтораны сваімі дружыннікамі, вырашыў, што гэтага мала. Ён адпусціў дружыну і з невялікай яе часткай вярнуўся, “желая больша именья”. Гэта выклікала абурэнне ў драўлян. Яны схапілі Ігара каля горада Іскарасцень і казнілі яго, прывязаўшы нагамі да двух сагнутых бяроз, якія, выпраміўшыся, разадралі цела Ігара на дзве часткі.

Княгіня Вольга адпомсціла драўлянам за смерць свайго мужа. Яе дружыны разбурылі і спалілі многія гарады драўлян, у тым ліку цэнтр “деревской земли” Іскарасцень, знішчылі мясцовую знаць і князя драўлян Мала. Вольга ліквідавала мясцовыя княжанні і стварыла ўсюды сваю адміністрацыю. Пры ёй збор даніны быў уладкаваны. Замест палюддзя, калі князь разам з дружынай аб’язджаў падначаленыя яму землі і збіраў з іх у неабмежаваных памерах даніну, былі ўстаноўлены нормы даніны – “урокі” і створаны цэнтры, дзе знаходзіліся княжацкія мужы, ведаўшыя яе зборам. Сюды прывозілася даніна насельніцтвам прылеглай акругі. Даніна бралася з “дыма” (гаспадаркі) ці “рала” (плуга).

Сын Ігара Святаслаў правіў да 972 г. Выдатны палкаводзец і буйны палітычны дзеяч свайго часу, Святаслаў усё жыццё правёў на баявым кані і амаль не ведаў паражэнняў. Пад яго кіраўніцтвам дружыны русаў ваявалі на вялікіх прасторах ад Акі да Каўказа і ад Волгі да Адрыянопаля. Ён, як правіла, не нападаў на ворага знянацку, а папярэджваў яго: “Хочю на вы ити”. Такімі, па словах летапісу, былі і яго воіны.

У выніку паходаў Святаслава на Усход Кіеў падпарадкаваў сабе вяцічаў, Волжскую Балгарыю, разграміў хазарскі каганат, пашырыў і ўмацаваў свае ўладанні на Паўночным Каўказе і ў Крыму. Ажыццяўляў паходы супраць Дунайскай Балгарыі і Візантыі, меў намер стварыць руса-балгарскую дзяржаву і перанесці сваю сталіцу на бераг Дуная. Вяртаючыся з паходу, Святаслаў быў забіты на дняпроўскіх парогах печанегамі.

Уладзімір І (“Красное Солнышко”) завяршыў падпарадкаванне Кіевам усходнеславянскіх зямель, пасадзіў сваіх 12 сыноў у гарадах усходніх славян, увёў хрысціянства на Русі, пачаў умацаванне паўднёвых граніц краіны для абароны ад вандроўнікаў. Гэта садзейнічала ўмацаванню адзінства Кіеўскай Русі. У Х ст. яна прасціралася ад Карпат на захадзе да Акі і верхняй Волгі на ўсходзе і ад Балтыйскага мора на поўначы да Чорнага мора на поўдні.

Разам з тым пастаянна адбываліся войны князёў-сваякоў за кіеўскі прастол. Спроба князёў уладкаваць свае адносіны на з’ездзе ў Любечы ў 1097 г. прывяла да фактычнага раздраблення Кіеўскай Русі. У першай палове ХІІ ст., пасля непрацяглага ўзмацнення цэнтральнай улады кіеўскага князя Уладзіміра ІІ (Манамаха), Кіеў паступова губляе сваё дамінуючае становішча. У 30‑я гады ХІІ ст. Кіеўская Русь як адносна адзіная дзяржава прыпыніла сваё існаванне.

У апошні час некаторымі беларускімі гісторыкамі адмаўляецца факт існавання Старажытнарускай дзяржавы, сцвярджаецца, што ў гэтай дзяржаве не было адзінства ўсходніх славян, агульнай пісьмовай мовы, культуры, агульных дасягненняў у гаспадарчай дзейнасці, горадабудаўніцтве, духоўным жыцці. Пры гэтым спасылаюцца на незалежнасць Полацкага княства ад Кіева. Кіеўская Русь – выдумка гісторыкаў.

З гэтым нельга пагадзіцца па наступных абставінах:

а) Любое феадальнае княства, у тым ліку і Полацкае, з’яўлялася свайго роду дзяржавай, бо мела ўсе атрыбуты заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Толькі на беларускай зямлі княстваў можна налічыць больш дзесяці і кожнае з іх у пэўным сэнсе было незалежным. Міжкняжацкая барацьба з’яўлялася агульнай заканамернасцю развіцця дзяржаў Еўропы ранняга сярэднявечча. Аднак, нягледзячы на гэта, усе княствы Кіеўскай Русі як унутры яе, так і яе суседзямі ўспрымаліся як адзіная Русь. Насельніцтва гэтай Русі ў суседніх краінах называлі русамі, русінамі, русічамі, а самі русіны зваліся людзьмі рускай веры ці мясцовымі назвамі-этнонімамі – кіеўлянін, палачанін, туравец, пінянін, наўгародзец і г. д. Значыць, усходнеславянскае адзінства, адзіная дзяржава існавалі.

б) Аналіз гістарычных крыніц паказвае, што Полацкая зямля ніколі не выпадала з палітычнага жыцця Русі, была часткай Старажытнарускай дзяржавы. Разам з іншымі рускімі князямі полацкія князі ўдзельнічалі ў паходах супраць Літвы, чудзі, стэпавых вандроўнікаў, а пазней – крыжакоў. Полацкі князь Брачыслаў Ізяслававіч усё жыццё ваяваў сумесна са сваім дзядзькам Яраславам Мудрым. Сумесна з паўднёварускімі князямі ваяваў з вандроўнікамі і Усяслаў Чарадзей. Дорага абышлося палачанам іх адмаўленне ў 1129 г. ад такой акцыі. Полацкіх князёў пазбавілі княжацкіх прастолаў і выслалі ў Візантыю.

Войны ж з Кіевам нярэдка былі справакаваны самімі полацкімі князямі і не былі такімі “частымі і спрадвечнымі”, як пішуць некаторыя гісторыкі. Сярод такіх войн – разгром у 1021 г. войск Брачыслава Полацкага кіеўскім князем Яраславам Мудрым за нападзенне і спусташэнне ім Ноўгарада; пакаранне ў 1067 г. трыма Яраслававічамі князя Усяслава Чарадзея за руйнаванне ім Пскова і Ноўгарада; асада ў 1116 г. кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам Мінска за спаленне мінскім князем Глебам Слуцка. Больш таго, наследнікі Усяслава Чарадзея ваявалі адзін з адным больш, чым з Кіевам. У выніку полацкія князі страцілі ўсе заваяванні ў Прыбалтыцы, а па полацкіх вуліцах пазней прайшліся нямецкія крыжакі.

в) Пасля ўвядзення хрысціянства ў Х ст. у Кіеўскай Русі функцыяніравала адзіная праваслаўная вера, якая і сёння часткай беларусаў завецца як руская. Царква садзейнічала ўмацаванню ідэі адзінства Русі, адзіных асноў у духоўнай і палітычнай сферах, усведамленню насельніцтвам сваёй прыналежнасці да адзінага народа, сваіх адзіных каранёў і агульнага гістарычнага лёсу.

г) Практычна адзіным быў агульны тып горада, яго планіроўка, знешні і ўнутраны выгляд, лад жыцця. Адзінай для ўсіх княстваў была старажытнаруская пісьмовая мова. Дастаткова параўнаць пісьмовыя помнікі Кіева, Полацка, Турава, Ноўгарада часоў Ефрасінні Полацкай, каб упэўніцца, што не існавала мовы крывічоў і дрыгавічоў, палачан і тураўцаў, а існавала адзіная старажытнаруская мова. А хіба тры храмы Сафіі ў Кіеве, Полацку і Ноўгарадзе не сведчаць пра ўсходнеславянскае адзінства? Пералік агульнасцей можна прадоўжыць.

Разам з тым Кіеўская Русь з’яўлялася спецыфічнай раннефеадальнай дзяржавай. Яна не была адзіным, цэнтралізаваным, маналітна злітым дзяржаўным утварэннем. Кіеўская Русь сфарміравалася як федэрацыя феадальных княстваў, кожнае з якіх захоўвала адносную самастойнасць і самабытнасць. У землях драўлян, вяцічаў, крывічоў і радзімічаў дзейнічалі мясцовыя княжацкія дынастыі. Кіеўскую Русь можна назваць феадальнай федэратыўнай дзяржавай-манархіяй з моцнай ваеннай арганізацыяй, што дазваляла абараняць яе ад спакусаў суседніх дзяржаў і набегаў з боку ваяўнічых вандроўнікаў, рабіць заваявальныя паходы ў суседнія багатыя краіны і трымаць пэўны часу падпарадкаванні мясцовых князёў і баяр, схільных да сепаратызму. Эканамічныя і этнічныя сувязі ў гэтай дзяржаве наўрад ці можна лічыць трывалымі.

 

§ 6. Полацкае і Тураўскае княствы – першыя раннефеадальныя дзяржавы-манархіі на тэрыторыі Беларусі

Самым буйным і магутным княствам на тэрыторыі Беларусі ў раннім сярэднявеччы з’яўлялася Полацкае княства. Яно ўтварылася ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны ў ІХ – Х стст., займала ўсю Паўночную Беларусь і межавала на поўначы з Ноўгарадскай зямлёй, на ўсходзе – са Смаленскай, на поўдні – з Турава-Пінскай, на захадзе і паўночным захадзе – з землямі літоўска-латышскіх плямён. Полацкае княства займала звыш трэці тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Прыблізна ў той час, калі на Русь былі запрошаны варагі, у Полацку існавала мясцовая княжацкая дынастыя, правы якой захоўваліся на працягу многіх пакаленняў. Пры Алегу ў ліку падданых Кіева пісьмовыя крыніцы называюць і крывічоў, на якіх ён наклаў даніну. Паход на Візантыю ў 907 г. Алег здзейсніў з удзелам крывічоў і радзімічаў. У дагаворы Алега з Візантыяй сярод іншых гарадоў, якія мелі права на даніну, упамінаецца і Полацк. Як саюзнікі Кіева, полацкая знаць і мясцовыя князі абапіраліся на вялікага кіеўскага князя.

Пры пераемніках Алега – Ігары, Вользе і Святаславе – залежнасць Полацка ад Кіева паступоава слабела. У апошняй чвэрці Х ст. княжыў Рагвалод, які “трымаў Полацкую зямлю і правіў ёй”. Гэта сведчанне адноснай самастойнасці Полацка.

Пасля гібелі вялікага князя кіеўскага Святаслава Ігаравіча паміж яго сынамі Яраполкам і Уладзімірам успыхнула барацьба за кіеўскі прастол. Першы сядзеў у Кіеве, другі – у Ноўгарадзе. Магчыма, з мэтай набыць сабе магутнага саюзніка, абодва браты – Яраполк і Уладзімір – дамагаліся рукі дачкі Рагвалода Рагнеды. Маладыя князі паслалі сватоў да полацкай княжны. Летапіс паведамляе: Рагнеда, даведаўшыся, што Уладзімір быў сынам Святаслава і нявольніцы, не захацела стаць жонкай рабыніча і з пагардай адказала так: “Не хочу разути рабынича, я за Ярополка иду”. Калі Уладзіміру перадалі адказ Рагнеды, ён у 980 г. пайшоў паходам на Полацк, разбіў полацкае войска, горад зруйнаваў, забіў Рагвалода і яго двух сыноў, а Рагнеду гвалтоўна забраў у Кіеў і прымусіў стаць яго жонкай.

Паданне гаворыць пра тое, што Рагнеда спрабавала адпомсціць Уладзіміру за сваю знявагу, смерць бацькі і братоў. Яна вырашыла забіць Уладзіміра, калі той спаў, але спроба не ўдалася. Ён раптам прачнуўся і схапіў яе за руку. Калі Уладзімір узяў меч, каб засекчы гордую палачанку, на абарону маці таксама з мячом у руках стаў іх малалетні сын Ізяслаў. Гэты маленькі абаронца так уразіў Уладзіміра, што ён пабудаваў новы горад Ізяслаў (цяпер – Заслаўе бліз Мінска) і паслаў туды Рагнеду і Ізяслава на жыхарства.

Але гэта не была толькі ссылка. Уступаючы полацкаму баярству, Уладзімір вымушаны быў аддаць Рагнедзе яе “отчину” – Полоцкую зямлю і пасадзіць там на княжанне свайго малалетку Ізяслава. Менавіта ў гэты час, пасля хрышчэння Русі кіеўскі князь накіроўваў другіх сваіх сыноў у буйныя гарады ў якасці намеснікаў. Ізяслаў стаў не толькі полацкім князем, але і заснавальнікам новай дынастыі Ізяславічаў. Разам з тым полацкіх князёў летапісы часта звалі Рагвалодавымі ўнукамі.

У ХІ ст. Кіеўская Русь падзялілася на тры часткі на чале з Кіевам, Полацкам і Ноўгарадам, якія сапернічалі паміж сабой. Фактычна ж захаваліся на Русі толькі дзве княжацкія галіны: сын Уладзіміра – Яраслаў Мудры ў Кіеве і праўнук Рагвалода – Брачыслаў Ізяслававіч у Полацку.

У той час, калі іншыя рускія землі пераходзілі паводле старшынства да нашчадкаў Яраслава Мудрага, Полацк устойліва знаходзіўся ў руках мясцовага княжацкага роду і не ўдзельнічаў у барацьбе за кіеўскі прастол. Чаму? Таму што нашчадкі Ізяслава Уладзіміравіча юрыдычна страцілі права на гэты прастол. Вядома, што ў аснове старажытнага права спадчыннасці на Русі ляжаў прынцып старэйшынства, згодна з якім княства мог наследаваць любы з Рурыкавічаў у парадку старшынства. Гэта значыць, што не сын наследаваў бацьку, а наступны па ўзросту брат бацькі. Пры гэтым старэйшы ў родзе мог заняць толькі той прастол, на якім сядзеў яго бацька. Ізяслаў памёр раней за свайго бацьку – кіеўскага князя Уладзіміра. Дзеці і ўнукі Ізяслава ўжо ніколі не маглі быць кіеўскімі князямі.

З імем Брачыслава звязана вайна з Ноўгарадам і кіеўскім князем Яраславам. У 1021 г. Брачыслаў раптоўна напаў на Ноўгарад, заняў горад, захапіў маёмасць жыхароў і палонных. Аднак на рацэ Судаміры яго чакаў з войскам Яраслаў. У бітве на рацэ Судаміры Брачыслаў пацярпеў паражэнне і збег у Полацк. Далей падзеі развіваліся даволі дзіўна. Яраслаў не пайшоў на Полацк, а запрасіў да сябе на перагаворы Брачыслава і прапанаваў яму: “Будзе же со мною за один”. Брачыслаў згадзіўся і атрымаў за гэта два гарады – Віцебск і Усвят. Кіеўскі князь, як мяркуюць даследчыкі, выступіў у ролі арбітра ў спрэчцы Полацка і Ноўгарада, носьбіта вярхоўнай улады на Русі, дзе Полацк і Ноўгарад з’яўляюцца састаўнымі часткамі адной дзяржавы і падпарадкоўваюцца яму. Магчыма, Яраславу патрэбнай была ваенная дапамога Брачыслава ў яго паходах супраць Літвы, але гэтага летапісец не ўдакладняе.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 613; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.01 сек.