Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. 2 страница




У выніку Лівонскай вайны аказалася спустошанай і зруйнаванай паўночна-ўсходняя частка Беларусі, загінула шмат насельніцтва, знішчаны культурныя каштоўнасці.

На мяжы XVІ – ХVІІ стст. да актыўнай рускай палітыкі польскіх і літоўскіх феадалаў падштурхнула “смута” ў Расіі – барацьба працоўных мас супраць феадалаў. “Смутны час” быў выкліканы рэзкім абвастрэннем сацыяльных супярэчнасцей і пагаршэннем эканамічнага становішча ў выніку войнаў і апрычніны. Становішча ўскладнілася дынастычным крызісам, які быў звязаны са смерцю апошняга прадстаўніка дынастыі Рурыкавічаў Фёдара Іванавіча (1584 – 1598 гг.) і ўступленнем на трон Барыса Гадунова. (1598 – 1605 гг.). Незадоўга да смерці Фёдара Іванавіча 15 мая 1591 г. памёр яго брат – васьмігадовы царэвіч Дзмітрый – фактычны спадчыннік рускага прастола. Гэты факт быў выкарыстаны палітычнымі коламі Рэчы Паспалітай, якія качалі падтрымліваць сваіх стаўленнікаў на рускі прастол, якія выдавалі сябе за Дзмітрыя – забітага сына Івана ІV. У 1600 г. пачалі распаўсюджвацца чуткі, быццам царэвіч Дзмітрый выратаваўся. У ролі самазванца выступіў Грыгорый Атрэп’еў, беглы манах, які перабраўся пасля блуканняў па Расіі ў Рэч Паспалітую.

Арганізатарам пахода Лжэдзмітрыя І у Расію стаў сенатар Юрый Мнішак. Абяцанне Лжэдзмітрыя перадаць частку рускіх зямель каралю Жыгімонту Вазе (1587 – 1632) і Мнішаку прымусіла караля, магнатаў і касцёл фінансаваць паход. Войска самазванца несла паражэнні, але Лжэдзмітрый І заўсёды знаходзіў падтрымку насельніцтва, якое верыла ў “сапраўднасць” цара. 20 чэрвеня 1605 г. самазванец уступіў у Маскву і ў ліпені 1605 г. вянчаўся на царства. Праз год падман пачаў выкрывацца і масквічы зверглі Лжэдзмітрыя І з прастолу і забілі.

Праз некаторы час з’віўся новы Лжэдзмітрый, які нібыта ў другі раз цудам выратаваўся ад смерці. Гэта быў паплечнік першага самазванца – дваранін Міхаіл Малчанаў. На дапамогу яму прыйшлі атрады польскіх магнатаў Лісоўскага і Ражынскага, а таксама Льва Сапегі. Але ж і ён пацярпеў паражэнне.

У 1609 г. польскі кароль Жыгімонт Ваза распачаў адкрытую інтэрвенцыю супраць Расіі. Рускае войска пацярпела паражэнне і рускім царом у жніўні 1610 г. быў абраны польскі каралевіч Уладзіслаў, сын Жыгімонта Вазы. Сам кароль узначаліў армію і, размясціўшыся на Дняпры, узяў Смаленск у аблогу. 3 чэрвеня 1611 г. горад капітуліраваў.

Аднак уваход у Маскву войска Рэчы Паспалітай у верасні 1610 г. выклікаў шырокае незадавальненне расійскага грамадства. У 1611 г. было арганізавана першае народнае апалчэнне на чале з П. Ляпуновым, а ў 1612 г. – другое пад кіраўніцтвам К. Мініна і Дз. Пажарскага. Пасля працяглай асады Масквы войска Рэчы Паспалітай пакінула горад. У 1613 г. на расійскі прастол быў абраны 16-гадовы Міхаіл Раманаў, сын патрыярха Філарэта, які быў сваяком Івана Грознага па жаночай лініі.

У снежні 1618 г. было заключана перамір’е на 14,5 гадоў у в. Дэуліна, паводле якога да Рэчы Паспалітай адышлі Ноўгарад-Северская, Чарнігаўская і Смаленская землі.

У 1632 – 1634 гг. Расія зрабіла спробу вярнуць сабе Смаленск. Гэта вайна ўвайшла ў гісторыю пад назвай Смаленскай. Яна была паспяховай для Рэчы Паспалітай і закончылася Паляноўскім мірным дагаворам, падпісаным у в. Семлеве на р. Паляноўцы. Рэч Паспалітая захавала за сабой усе землі, атрыманыя па Дэулінскаму дагавору, акрамя г. Сярпейска з невялікім пагранічным раёнам Севершчыны, якія адышлі да Расіі. Акрамя таго Уладзіслаў канчаткова адмаўляўся ад тытула маскоўскага цара.

Вясной 1654 г. пачалася чарговая вайна Рэчы Паспалітай з Рускай дзяржавай, якая працякала адначасова з пачаўшайся ў 1655 г. вайной Рэчы паспалітай са Швецыяй. Амаль адразу рускімі войскамі былі заняты 33 гарады. Шэраг з іх здаваліся без бою, бо сярод праваслаўнага насельніцтва ВКЛ былі моцныя прарасійскія настроі, а сярод мясцовай шляхты і духавенства вялася прапаганда, што за імі будуць захаваны іх правы і прывілеі, а тым, хто пяройдзе на царскую службу, гарантаваліся новыя ўладанні. Летам 1655 г. амаль уся Беларусь была занята рускімі войскамі. 31 ліпеня была захоплена Вільня.

Цяжкае становішча для Рэчы Паспалітай вырашыла выкарыстаць Швецыя. Летам 1655 г. шведскія войскі напалі на Польшчу і даволі хутка занялі большую частку Польшчы і Жамойць. У жніўні 1655 г. частка магнатаў ВКЛ на чале з гетманам Янушам Радзівілам падпісалі ў Кейданах унію са Швецыяй, якая разрывала унію з Польшчай. У гэты час рускі цар Аляксей Міхайлавіч заключыў з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е (24 кастрычніка 1656 г.), у адпаведнасці з якім Польшча і Расія спынялі ваенныя дзеянні паміж сабою і аб’ядноўваліся для барацбы са шведамі. У маі 1657 г. супраць Швецыі выступілі Аўстрыя і Расія, у чэрвені – Данія. Шведы паступова выціскаліся з захопленых зямель.

Віленскае перамір’е прыпыніла рух расійскіх войск на яшчэ не занятыя тэрыторыі Беларусі. Разам з гэтым на акупіраваных землях расла незадаволенасць царскай адміністрацыяй. Узмацніліся антымаскоўскія тэндэнцыі і сярод дзеючых у Беларусі казакоў. На гэта паўплывала смерць Б. Хмяльніцкага ў 1657 г., на замену якому прыйшлі гетманы, што прытрымліваліся прапольскай палітыкі.

У 1658 г. баявыя дзеянні паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй узнавіліся. Адначасова працягваліся ваенныя дзеянні супраць Швецыі. У 1660 г. паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй быў падпісаны Оліўскі мірны дагавор. Амаль уся Лівонія адыходзіла да Швецыі. Толькі невялікая яе частка – Латгалія – засталася за Рэччу Паспалітай.

Пасля гэтага ўсё польскае войска было накіравана на Беларусь, дзе яно атрымала шэраг перамог. Ужо ў 1661 г. рускія войскі пакідаюць Мінск, Барысаў, Магілёў.

У далейшым вайна вялася з пераменным поспехам і пасля працяглых перамоў скончылася падпісаннем у 1667 г. Андрусаўскага перамір’я тэрмінам на 13,5 гадоў. У адпаведнасці з яго ўмовамі да Расіі адыходзілі Смаленскае ваяводства з усімі паветамі і гарадамі, Старадубскі павет, Чарнігаўскае ваяводства і Левабярэжная Украіна. Кіеў з акругай у адну мілю быў перададзены Расіі на два гады. У 1686 г. у Маскве быў падпісаны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай “вечны мір”, у адпаведнасці з якім Польшча канчаткова адмовілася ад Кіева, атрымаўшы грашовую кампенсацыю.

Не абмінула Беларусь і Паўночная вайна (1700–1721). Данія, Расія, Саксонія і Рэч Паспалітая (саксонскі курфюрст Аўгуст II быў адначасова і каралём Рэчы Паспалітай – з 1697 г.) заключылі саюз супраць Швецыі. Кожная з саюзных дзяржаў мела свой уласны тэрытарыяльны інтарэс. Аўгуст II быў зацікаўлены ў тым, каб далучыць да Саксоніі ці да Рэчы Паспалітай тэрыторыю Ліфляндыі і Эстляндыі, стаць цвёрдай нагой на берагах Фінскага заліва.

Ваенныя дзеянні распачаў Аўгуст II. Праз некаторы час Данія пацярпела паражэнне ад Карла XII у Гальштыніі і выйшла з вайны. Засталіся Аўгуст II і Пётр I. У 1702 г. Карл ХІІ перанёс асноўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, спадзеючыся бліскучай перамогай хутка скончыць усю вайну. Удала выкарыстаўшы сепаратысцкія настроі шляхты на чале з вялікім гетманам літоўскім Казімірам Янам Сапегам, усяго за некалькі месяцаў Карл ХІІ здолеў захапіць Вільню, Гродна і Варшаву. У 1704 г. шведы дамагліся ад Варшаўскай канфедэрацыі абрання новага караля, якім стаў познанскі ваявода Станіслаў Ляшчынскі. У сваю чаргу Аўгуст ІІ звярнуўся за дапамогай да Расіі і восенню 1704 г. у ВКЛ увайшла буйная армія Пятра І, да якой далучыліся атрады Радзівілаў, Агінскіх і Вішнявецкіх, што надало баявым дзеянням характар грамадзянскай вайны.

На працягу 1705 – 1706 гг. шведская армія заваявала большую частку Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. У 1707 – 1708 гг. баявыя дзеянні перанесліся на ўсходнебеларускія землі. Расійскія войскі вымушаны былі паступова адыходзіць на поўдзень. Менавіта на ўсходзе Беларусі адбылося і першае значнае паражэнне шведскай арміі – 28 верасня (9 кастрычніка) 1708 г. пад в. Лясная (Слаўгарадскі раён) быў разбіты 16-тысячны корпус генерала А. Левенгаўпта і захоплены вялікі абоз. Гэта перамога шмат у чым паспрыяла разгрому войска Карла ХІІ 27 чэрвеня (8 ліпеня) 1709 г. у час славутай Палтаўскай бітвы.

У далейшым Рэч Паспалітая практычна не прымала ўдзелу ў ходзе Паўночнай вайны, якая і так паглыбіла яе гаспадарчы заняпад. На Беларусі за яе гады на трэць скарацілася колькасць насельніцтва.

Такім чынам, амаль бесперапынныя войны, якія вяла Рэч Паспалітая ў другой палове ХVІ – XVIII ст. прывялі да страты ёю ранейшага становішча на міжнароднай арэне. Яны спрычыніліся і да эканамічнага крызісу дзяржавы, а таксама прывялі да велізарных дэмаграфічных страт.

 

§ 6. Паглыбленне палітычнага крызісу. Тры падзелы Рэчы Паспалітай. Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі

У канцы ХVІІІ ст. у Рэчы Паспалітай назіраўся ўнутрыпалітычны крызіс, які быў вынікам дзеяння шэрагу ўзаемазвязаных фактараў.

Першым вытокам крызісу была Люблінская унія, якая заклала аснову нераўнапраўнага становішча ВКЛ у складзе дзяржавы і паклала пачатак унутранага антаганізму паміж дзвюма складовымі часткамі краіны.

Другім вытокам крызісу стаў палітычны лад Рэчы Паспалітай, які заканамерна падрываў самыя асновы дзяржаўнасці. Існаванне “залатых шляхецкіх вольнасцей” (выбранне караля, Pacta conventa, liberum veto, канфедэрацыі, рокашы) прывяло да аслаблення цэнтральнай улады, да фактычнага паралічу дзяржаўнага кіравання, магчымасці зрыву любога памкнення да змены існуючага ладу. “Залатая вольнасць” абарочвалася самавольствам, беспарадкамі, анархіяй, асабліва ў перыяды бескаралеўя. А запрашэнне манарха з суседніх краін адчыняла шлях для знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, вяло да распаўсюджвання карупцыі і заняпаду духоўнасці і грамадзянскага сумлення шляхты.

Крызісныя з’явы ў Рэчы Паспалітай абвастрала і невырашанасць рэлігійнага пытання (трэці выток). Ні адно з існаваўшых веравызнанняў тут не было забаронена. Але на практыцы толькі прадстаўнікі каталіцкай шляхты і святарства маглі займаць дзяржаўныя пасады, удзельнічаць у працы сеймаў. У другой палове ХVІІІ ст. негатыўнымі вынікамі такой недальнабачнай палітыкі стала ўмяшанне суседніх дзяржаў (Расіі, Прусіі) ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай пад выглядам абароны адзінаверцаў.

Чацвёртым вытокам было спалучэнне нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту з феадальным. Распаўсюджанне аграрнай рэформы Жыгімонта Аўгуста на Усходнюю Беларусь выклікала супраціўленне народных мас: уцёкі ад гаспадароў, падпальванне маёнткаў, узброеныя паўстанні. Адным з буйнейшых сялянскіх рухаў у XVIII ст. было паўстанне пад кіраўніцтвам В. Вашчылы ў Крычаўскім старостве, уладанні князя Г. Радзівіла, у 1740 – 1744 гг. Паўстанне было жорстка падаўлена: 74 паўстанцы былі закатаваны (адны павешаны, іншыя – жывымі пасаджаны на кол).

Пятым вытокам паглыблення палітычнага крызісу была барацьба паміж магнатамі за ўладу. Аслабленне цэнтральнай улады ў другой палове XVII ст. суправаджалася ўзмацненнем магутнасці буйнейшых магнатаў, якія ператварыліся па сутнасці ва ўдзельных князёў. У ВКЛ у гэты час некаторыя магнацкія роды дасягалі пэўнай гегемоніі, дзякуючы канцэнтрацыі ў сваіх руках важнейшых дзяржаўных пасад. Так, у сярэдзіне XVII ст. назіралася дамінаванне рода Радзівілаў. У процілегласць ім кароль Ян Казімір Ваза падтрымліваў прадстаўнікоў родаў Гансеўскіх, Сапегаў і Пацаў. У 60-х – першай палове 70-х гг. XVII ст. найбольшага ўплыву ў ВКЛ дамагліся Пацы – кіраўнікі шляхецкай прааўстрыйскай групоўкі.

Пасля выбрання каралём Яна Сабескага (1674 г.), аднаго з лідэраў прафранцузскай партыі, Пацы ўзначалілі апазіцыю каралю ў ВКЛ. Таму кароль падтрымаў сем’і Сапегаў і Агінскіх, якія выступалі супраць Паца. Гэта саперніцтва закончылася перамогай Сапегаў, якія атрымалі ад караля высокія пасады ў дзяржаве. Умацаваўшы сваё становішча, Сапегі павялі курс на аддзяленне ВКЛ ад каралеўства Польскага, маючы намер захапіць велікакняжацкую ўладу. Большая частка ліцвінскай шляхты, на чале з Агінскімі і Вішнявецкімі, незадаволеная ўсеўладдзем і злоўжываннямі Сапегаў, у 1696 г. пачала адкрытую барацьбу супраць апошніх. У гэтым жа годзе памёр Ян ІІІ Сабескі, і яго пераемнік саксонскі курфюрст Фрыдрых Аўгуст, які стаў каралём Аўгустам ІІ (1697 – 1733), паспрабаваў прымірыць варожыя бакі. Тым не менш, у канцы XVII – пачатку XVIIІ ст. амбіцыі магнацкіх родаў у ВКЛ дайшлі да ўзброенага саперніцтва, перараслі ў грамадзянскую вайну. Але гэта бала ўжо не проста барацьба магнацкіх груповак, паколькі Сапегі намагаліся разарваць унію з Польшчай і дамагчыся незалежнасці ВКЛ. Супрацьстаянне дасягнула апагею ў 1700 г., калі ў бітве пад Алькенікамі атрады Сапегаў былі разбіты іх праціўнікамі. У час Паўночнай вайны Сапегі перайшлі на бок Карла XII і разам з ім пачалі граміць маёнткі сваіх праціўнікаў, якія занялі прарасійскую пазіцыю.

У часы кіравання Аўгуста III (1733 – 1763, сын Аўгуста II) у палітычным жыцці з’явілася новая рыса – зварот шляхты за дапамогай да суседніх краін дзеля вырашэння ўнутраных спраў.

У 1764 г. група прыхільнікаў рэформ на чале з князямі Чартарыйскімі ажыццявіла спробу іх рэалізацыі, хоць і ў значна абмежаваным выглядзе. На канвакацыйным сейме былі ўхвалены прапановы абмежаваць liberum veto, аслабіць залежнасць дэпутатаў ад інструкцый мясцовых сеймікаў, упарадкаваць суд, фінансы, павялічыць войска.

Гэта прывяло да стварэння Торуньскай (пратэстанцкай) і Слуцкай (праваслаўнай) канфедэрацый, пад уціскам якіх (ім на дапамогу прайшла 40-тысячная руская армія) сейм 1767 – 1768 гг. быў вымушаны не толькі прызнаць роўнасць усіх веравызнанняў, але і адмяніць большасць прынятых раней рэформаў.

У адказ на гэта частка кансерватыўнай эліты Рэчы Паспалітай ўзняла сапраўднае паўстанне супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764 – 1795), якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай Барская канфедэрацыя, бо была створана ў лютым 1768 г. у мястэчку Бар на Украіне. Аднак канфедэратыўны рух быў задушаны з дапамогай рускай арміі. Вынікам гэтага паражэння стаў першы падзел Рэчы Паспалітай у 1772 г.

Па прапанове прускага караля Фрыдрыха II 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Прусія атрымала паўночна-заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя – паўднёвую Польшчу і частку Заходняй Украіны са Львовам. Да Расіі адышлі Інфлянты, большая частка Полацкага ваяводства, амаль усё Віцебскае, амаль усё Мсціслаўскае ваяводства і ўсходняя частка Рэчыцкага павета, Магілёўскае ваяводства.

У 1775 г., нягледзячы на правал першага этапа рэформ, была зроблена новая спроба ўдасканалення палітычнага і эканамічнага становішча дзяржавы. Па рашэнню сейма пры каралю быў створаны орган выканаўчай улады – Пастаянная Рада, якая складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў Пастаяннай Рады выбіраліся на сейме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзілі перавыбары 1/3 яе складу. Старшынстваваў у Радзе кароль (пры яго адсутнасці - прымас), які меў права заканадаўчай ініцыятывы і рашаючага голасу пры нязгодзе членаў. Пастаянная Рада падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці. У выніку дзейнасці Пастаяннай Рады пачаў складвацца цэнтральны апарат кіравання дзяржавай.

Вяршыняй рэфарматарскіх працэсаў, якія разгарнуліся ў Рэчы Паспалітай у другой палове XVIIІ ст., стала дзейнасці Чатырохгадовага (Вялікага) сейма (1788 – 1792), кульмінацыяй якой стала прыняцце Канстытуцыі, што адбылося 3 мая 1791 г. Да найбольш значных змен у дзяржаўным ладзе, якія выклікала яе прыняцце, можна аднесці адмену права liberum veto і выбарнасці караля і вялікага князя. Пры гэтым манарх па Канстытуцыі захоўваў за сабою дастаткова вялікія паўнамоцтвы: ён з’яўляўся галоўнакамандуючым, прызначаў вышэйшых свецкіх ураднікаў, генералаў і афіцэраў, епіскапаў. Канстытуцыя 3 мая 1791 г. – першы ў Еўропе і другі ў свеце асноўны дзяржаўны закон. Яна прымалася ў абставінах вострай палітычнай барацьбы і з’явілася вынікам пэўнага кампрамісу паміж аджываючымі феадальна-прыгонніцкімі і новымі буржуазнымі адносінамі.

Канстытуцыя 3 мая 1791 г. ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на Карону і ВКЛ. Аднак гэта не азначала поўную ліквідацыю аўтаноміі ВКЛ у складзе краіны. Статус беларуска-літоўскіх зямель пасля прыняцця Канстытуцыі быў акрэслены ў сваоеасаблівым дакуменце, пад назвай “Узаемная Гарантыя двух народаў”, прынятым 20 кастрычніка 1792 г. “Узаемная гарантыя” прадугледжвала аб’яднанне войска і скарбу, а таксама агульных для ВКЛ і Польшчы магістратур. Пры гэтым у іх павінна была засядаць аднолькавая колькасць ліцвінаў і палякаў. Старшынства ў галоўных дзяржаўных камісіях, вайсковай і скарбовай, павінна было гарантавацца. ВКЛ забяспечвала па гэтай “Гарантыі” свой скарб і суд, а таксама права “мець такую ж самую лічбу міністраў і дзяржаўных устаноў і з тымі ж тытуламі і абавязкамі, якія Карона калі-небудзь мець будзе”. Гародня і надалей заставалася адной з дзвюх сеймавых сталіц Рэчы Паспалітай. Станіслаў Аўгуст ухваліў гэта пагадненне і прызнаў яго ў якасці аднаго з артыкулаў Pacta conventa. Такім чынам, быў дасягнуты няпросты кампраміс, які акрэсліваў характар узаемаадносін паміж ВКЛ і Польшчай пасля прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Аўтаномія ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай была значна зменшана, але да канца так і не скасавана.

14 мая 1792 г. праціўнікі канстытуцыі пад пакравіцельствам Расіі ў мястэчку Таргавіцы (на Украіне) створылі канфедэрацыю і абвясцілі акт аб абароне ранейшага парадку кіравання краінай. Зноў пачалася грамадзянская вайна, кароль далучыўся да канфедэратаў.

У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Да Прусіі адышлі Данцыг і Вялікая Польшча, а да Расіі – частка Полацкага ваяводства, рэшткі Віцебскага і Мсціслаўскага, Мінскае і ўсходнія часткі Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў, а таксама частка Правабярэжнай Украіны.

Гэты падзел выклікаў пратэст розных пластоў шляхецтва. 24 сакавіка 1794 г. у Кракаве пачалося паўстанне на чале з генерал-лейтэнантам Тадэвушам Касцюшкам. Мэтай паўстання было адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

З 22 па 23 красавіка 1794 г. паўстанцы захапілі Вільню і ўтварылі найвышэйшую раду літоўскага народа на чале з віленскім камендантам палкоўнікам Якубам Ясінскім. Але абаронцы Айчыны не здолелі згуртавацца. Адсутнічала дысцыпліна, паміж імі працягваліся сваркі і спрэчкі. Хутка ўся Беларусь і Літва былі ахоплены паўстаннем, да якога далучылася частка сялян, што паверылі абяцанням Касцюшкі вызваліць іх ад феадальнага прыгнёту. Аднак выкананне абяцання затрымлівалася, сяляне пачалі адыходзіць ад паўстання.

Супраць Рэчы Паспалітай выступілі Прусія, Аўстрыя і Расія. У бітве пад Мацяёвіцамі (ля Варшавы) Касцюшка трапіў у палон, а ў Варшаву былі ўведзены рускія, прускія і аўстрыйскія войскі. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст IV (Станіслаў Панятоўскі) адрокся ад прастола.

У 1795 г. адбыўся апошні падзел Рэчы Паспалітай. Расія атрымала Заходнюю Беларусь і Усходнюю Літву, а таксама Украіну да Заходняга Буга. Аўстрыя і Прусія захапілі карэнныя польскія землі, частку ўкраінскіх і літоўскіх зямель.

Такім чынам палітычны крызіс, які ўжо даўно раздзіраў Рэч Паспалітую, у сярэдзіне ХVІІІ ст. перарос у агонію і прывёў дзяржаву да канчатковай гібелі.

§ 7. Культура Беларусі ў другой палове XVI – канцы XVIII ст.

У гісторыі культуры Беларусі сярэдзіны XVI – XVIII стст. можна выдзеліць тры перыяды:

1) другая палова XVI ст. – рэфармацыйна-гуманістычны рух;

2) канец XVI – першая палова XVII ст. – эпоха Контррэфармацыі і ўсталявання барока;

3) другая палова XVII – XVIII ст. – панаванне ў мастацтве стылю барока і пачатак стылю класіцызму.

Асвета і кнігадрукаванне. У XVI ст. разам з развіццём традыцый Старажытнай Русі на асвету пашырыўся ўплыў рэнесансавага гуманізму. На тэрыторыі Беларусі з’явіліся найбольш перадавыя для свайго часу пратэстанцкія і брацкія школы. У 70 – я гг. XVI ст. на Беларусі існавалі кальвінісцкія школы ў Брэсце, Нясвіжы, Мінску і г.д. У школах вывучаліся гуманітарныя навукі – лацінская, грэчаская, польская, нямецкая мовы, рыторыка, гісторыя, правазнаўства, матэматыка, фізіка. Таксама існавалі і арыянскія школы.

У канцы XVI – першай палове XVII ст. на Беларусі адчыняліся брацкія школы, спачатку ў Вільні, а затым і ў іншых гарадах. У школах вывучаліся пяць моў (беларуская, славянская, грэчаская, лацінская, польская), арыфметыка, геаграфія і іншыя дысцыпліны. Індывідуальнае навучанне ў іх замянялася класна-ўрочным, якое дажыло да нашага часу. Навучальны год пачынаўся 1 верасня. Брацкія школы з’яўляліся і цэнтрамі кнігадрукавання. Брацкія друкарні ў Вільні, Куцейне і Магілёве выдавалі большасць кніг богаслужэбнага зместу.

Адметную ролю ў кірылічным кнігадрукаванні адыграў беларускі друкар магіляўчанін Спірыдон Собаль, які на тэрыторыі Беларусі адчыніў дзве друкарні. Адну – у Куцейне (ля Оршы) у 1630 г. і выдаў тут на беларускай мове “Малітвы паўсядзённыя”, “Буквар”, “Часаслоў”. У 1635 г. ён адчыніў друкарню і ў Буйнічах (пад Магілёвам), дзе выдаў “Псалтыр”. У літаратуры апісаны 18 яго выданняў.

У XVIII ст. на беларускіх землях пашырылася свецкая адукацыя. Гэтаму садзейнічала рэформа школ, якая праводзілася пад кіраўніцтвам С. Канарскага. Рэформа пахіснула манаполію езуітаў у галіне асветы, значную ўвагу надала прыродазнаўчым навукам. Створаная ў 1773 г. Адукацыйная камісія адмяніла выкладанне ў рамках школьных праграм рэлігіі.

Бібліятэчная і архіўная справа. Багацейшай у Рэчы Паспалітай з’яўлялася Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў, заснаваная ў 1600 г. У бібліятэцы налічвалася больш за 20 тыс. тамоў кніг амаль на ўсіх еўрапейскіх мовах. У 1772 г. бібліятэка была канфіскавана і перавезена ў Пецярбург. У бібліятэцы захоўваліся таксама рэдкія рукапісы. Сярод іх – Радзівілаўскі летапіс, упрыгожаны 617 каляровымі малюнкамі.

Больш за 6 тыс. рэдкіх кніг, старажытных рукапісаў, геаграфічных карт Беларусі, Літвы і Польшчы знаходзіліся ў Шчорсах, у маёнтку магната Храптовіча.

У Нясвіжскім замку знаходзіўся і архіў, у якім налічвалася больш за 500 тыс. гістарычных актаў, грамат, лістоў і іншых дакументаў. Гэтыя матэрыялы былі сабраны з 1551 г., калі Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў права захоўвання ў Нясвіжы т. зв., “Літоўскай метрыкі” – дзяржаўнага архіва ВКЛ.

Літаратура. У разглядаемы перыяд агульнадзяржаўныя летапісы і хронікі паступова саступаюць месца новым літаратурным відам і жанрам: публіцыстыцы, гісторыка-мемуарнай літаратуры, палітычнай сатыры, паэзіі.

Сымон Будны (1530 – 1593) упершыню ў сусветнай літаратуры выдаў Евангелле (1574) з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, у якіх спрабаваў даць радыкальную рацыяналістычную крытыку кніг Новага Запавету. У творы “Аб найгалоўнейшых палажэннях хрысціянскай веры” (1576 г., Лоск) ён адстойваў чалавечую прыроду Хрыста, выступаў супраць замагільнага жыцця, Боскай Троіцы. Грамадска-палітычныя погляды яго былі памяркоўна гуманістычнымі. Крытыкаваў феадальнае самавольства, захопніцкія войны, быў абаронцам верацярпімасці і інтэлектуальнай свабоды.

Васіль Цяпінскі (1540 – 1600) у прадмове да Евангелля, якое ён выдаў на беларускай мове, крытыкаваў палітыку акаталічвання беларускага народа, выступаў за развіццё беларускай мовы, быў прыхільнікам збліжэння славянскіх народаў. Выступаў за набліжэнне асветы да простага народа.

Лявонцій Карповіч (1580 – 1620) – змагар за веру продкаў і нацыянальныя традыцыі – быў вядомым прадстаўніком аратарскай прозы. Яго асноўныя творы – “Казанні” – аказвалі вялікае ўздзеянне на слухача і чытача.

Афанасій Філіповіч – выступаў абаронцам інтарэсаў сацыяльных нізоў беларускага і ўкраінскага народаў. Праз свой “Дыяруш”, які з’яўляўся зборам твораў, ён крытыкаваў знешнюю і ўнутраную палітыку, а таксама духоўных і свецкіх феадалаў за іх імкненне да раскошы.

Адной з зорак старажытнай беларускай літаратуры быў аўтар “Граматыкі” Мялецій Сматрыцкі (1572 – 1630). Асобае месца сярод яго твораў займае “Фрынас” (1610), у якім Сматрыцкі звяртаецца да народа з заклікам еднасці ўсіх сіл у барацьбе з наступаючым каталіцызмам.

Новай з’явай у беларускай літаратуры была палітычная сатыра –“Прамова Мялешкі”, “Ліст да Абуховіча”. Аўтары высмейвалі самавольства шляхты, прадажнасць, ваенна-палітычную бяздарнасць.

Ананімная лірычная паэма “Лямант на смерць Лявона Карповіча” ўслаўляла чалавека як носьбіта высокіх маральных якасцей, мужнага змагара за веру продкаў, узнімала яго да ўзроўню хрысціянскага святога.

Сімяон Полацкі (1629 – 1680) – паэт і драматург, кнігавыдавец і грамадскі дзеяч. Ён лічыў, што пашырэнне асветы ўсталюе поўную гармонію і мір, асуджаў багацце, апяваў беларускія землі. асабліва Полацк і Віцебск, пісаў п’есы на біблейскія тэмы. Адна з іх мела назву “Комедия притчи о блудном сыне”. Найбольш значнымі зборнікамі яго паэтычных твораў з’яўляюцца “Вертоград многоцветный” і “Рифмологион”.

Тэатр і музыка. Развіццё драматургіі выклікала да жыцця тэатр. Спачатку з’явіўся школьны тэатр. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі ў XVI ст. атрымаў тэатр лялек – батлейка. Сюжэты батлейкі былі заснаваны на біблейскай і евангельскай тэматыцы, а таксама бытавых матывах.

Важнай з’явай жыцця другой паловы XVIII ст. стаў прыгонны тэатр. Многія беларускія магнаты: Радзівілы, Сапегі, Тызенгаўзы і іншыя, – утрымлівалі ў сваіх маёнтках капэлы, аркестры, тэатры, а нярэдка і самі станавіліся кампазітарамі і музыкантамі, як Міхал Клеафас Агінскі, аўтар паланеза “Развітанне з Радзімай”.

У свецкай музыцы ХVІ–ХVIII стст. найболын характэрным жанрам быў кант – шматгалосая песня свецкага зместу.

У Нясвіжскай друкарні быў надрукаваны “Канцыянал” – адзін з першых на Беларусі нотных зборнікаў. У Нясвіжы была створана адна з першых на Беларусі майстэрань па вырабу музычных інструментаў. Аркестры беларускіх магнатаў часам былі буйнейшыя за вядомыя заходнееўрапейскія. Напрыклад, аркестр М. Агінскага налічваў 106 інструментаў, а аркестр Гайдна толькі 14.

Асабліва цікавым быў Слонімскі тэатр Міхала Казіміра Агінскага. Рэпертуар тэатра складаўся з опер і балетаў італьянскіх кампазітараў, а таксама твораў М.К. Агінскага. Сцэна тэатра дазваляла ставіць спектаклі барочнага тыпу з выхадам вялікай колькасці спевакоў, з паказам водных феерый. Частка сцэны затаплялася вадой і па ёй плавалі лодкі.

Не менш вядомы быў Нясвіжскі тэатр Францішкі Уршулі Радзівіл. Для свайго тэатра яна напісала 16 драматычных і оперных лібрэта. Спачатку тэатр з’яўляўся аматарскім: на сцэне выступалі члены княжацкай сям’і, госці, сваякі. У другой палове XVIII ст. выступалі ўжо іншаземныя майстры і артысты з прыгонных сялян.

Для падрыхтоўкі акцёраў оперы і балета на Беларусі існавалі некалькі школ (у Слуцку, Нясвіжы, Слоніме). Прыгонныя і прыватныя тэатры таксама працавалі ў Слуцку, Шклове, Магілёве, Чачэрску, Свіслачы.

Выяўленчае мастацтва. Ідэі Адраджэння, а затым і барока, праніклі ў майстэрні мастакоў. У беларускім жывапісе акрэсліліся два напрамкі. Першы – мастацтва, заснаванае на старажытнарускіх традыцыях; другі – жывапіс, які знаходзіўся пад уплывам заходнееўрапейскай мастацкай школы. Адбывалася перапляценне візантыйскага і заходнееўрапейскага стыляў з мясцовай беларускай школай.

У выніку сінтэзу розных школ і напрамкаў склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой уласціва вернасць канону, шырокае выкарыстанне этнаграфічных элементаў. На Беларусі існавалі некалькі іканапісных школ: магілёўская, полацка-віцебская, палеская, гродзенская, слуцка-мінская.

Другім важным напрамкам быў манументальны жывапіс. Сапраўдным творам мастацтва ў манументальным жывапісе з’яўляецца роспіс Мікалаеўскай царквы ў Магілёве – “Новазапаветная Троіца.

У пачатку XVIII ст. у манументальным жывапісе распаўсюдзіўся стыль барока, якому была характэрна маляўнічасць, багацце ўзору, прасторавасць.

Папулярным відам станкавага жывапісу ў ХVІ – ХVПІ стст. стаў партрэт. Ствараліся родавыя галерэі (партрэтныя галерэі Тышкевічаў, Радзівілаў і інш.).

Таленавітым мастаком і гравёрам XVI – пачатку XVII ст. з’яўляўся Тамаш Макоўскі. У 1613 г. у Амстэрдаме ён надрукаваў карту Вялікага княства Літоўскага. У дадатку да яе давалася падрабязнае апісанне Беларусі і Літвы: прыродныя багацці, народныя звычаі, гандлёвыя шляхі, навучальныя ўстановы Полацка і Нясвіжа, рэкі, азёры, гарады, рэзідэнцыі епіскапаў і мітрапалітаў. Тамаш Макоўскі з’яўляецца аўтарам гравюр з краявідамі Вільні, Клецка, Смаленска і іншых старажытных гарадоў.

У канцы XVIII ст. барока саступае месца новаму стылю ў выяўленчым мастацтве – класіцызму.

Архітэктура. У XVI – першай палове XVII ст. працягвалася стварэнне абарончых і культавых збудаванняў у стылі барока. Беларускі феадальны горад, як і раней, меў тыповую забудову: умацаваны замак – рэзідэнцыя феадала і размешчаны вакол замка гандлёва – рамесны пасад пад аховай замкавых сцен.

У XVI – першай палове XVII ст. былі пабудаваны: Нясвіжскі замак, Нясвіжскі фарны касцел – першы помнік барока на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Таксама замкі і касцелы хутка будаваліся і ў іншых гарадах Беларусі. Позняму беларускаму барока ўласцівы стромкасць і лёгкасць, хвалістыя абрысы вежаў і франтонаў. Яно атрымала назву “віленскае барока”.

У гэты час пачынаюць будаваць ратушы, будынкі навучальных устаноў, палацы. Найбольш знакамітыя палацавыя ансамблі той эпохі: палац Тызенгаўза ў Гродне і палацава-паркавы ансамбль Радзівілаў у Нясвіжы.

У пачатку XVIII ст. была заснавана ў Слуцку мануфактура па вытворчасці паясоў. Паясы ткаліся з залатых, шаўковых і сярэбраных нітак. Усяго было выраблена каля 10 тыс. слуцкіх паясоў.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 838; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.048 сек.