Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Магістральны шлях развіцця Рэспублікі Беларусь – пабудова грамадства сацыяльнай справядлівасці. 1 страница




Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Падзеі 19 – 21 жніўня 1991 г. паскорылі працэс распаду СССР. 25 – 26 жніўня 1991 г. нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, пастанову аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР. 19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў закон аб назве Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца “Рэспубліка Беларусь”, а ў скарочаных назвах “Беларусь”. Герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь.

23 жніўня 1991 г. некаторыя дэпутаты Вярхоўнага Савета РСФСР у рэзкай форме запатрабавалі ад М.С. Гарбачова распусціць КПСС. М.С. Гарбачоў добраахвотна капітуляваў, пакінуў пасаду Генеральнага сакратара ЦК КПСС і распусціў Цэнтральны Камітэт партыі. Указамі Б.М. Ельцына ў жніўні 1991 г. дзейнасць КПСС і КП РСФСР прыпынялася, а ў лістападзе гэтага года – наогул забаранялася, іх маёмасць падвяргалася канфіскацыі. У жніўні 1991 г. Вярхоўны Савет Беларусі часова прыпыніў дзейнасць КПБ на тэрыторыі рэспублікі. Яе маёмасць была перададзена ва ўласнасць дзяржавы. Была знішчана палітычная сіла, якая супрацьдзейнічала новым уладам у ажыццяўленні палітыкі капіталістычнай рэстаўрацыі і на адзінстве якой трымалася адзінства і непадзельнасць СССР.

Ліквідацыя СССР. 8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы (у Віскулях Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) кіраўнікі Расіі, Беларусі і Украіны (Б. Ельцын, С. Шушкевіч, Л. Краўчук), ігнаруючы волю сваіх народаў, якая была выказана на агульнасаюзным рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г., дэнансавалі дагавор 1922 г. аб утварэнні СССР і тым самым канчаткова знішчылі вялікую і магутную дзяржаву. І гэты дзяржаўны пераварот быў здзейснены са згоды прэзідэнта СССР М. Гарбачова. Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне. На руінах СССР была створана аморфная, нежыццяздольная Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Дакументы сустрэчы ў Віскулях былі адобраны Вярхоўнымі Саветамі Расіі, Беларусі і Украіны, большасць дэпутатаў якіх складалі былыя камуністы.

21 снежня 1991 г. на сустрэчы ў Алма-Аце кіраўнікі 11 рэспублік былога СССР падпісалі Дэкларацыю ў падтрымку Белавежскага пагаднення. Членамі СНД сталі ўсе былыя саюзныя рэспублікі, акрамя Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Сцвярджэнні некаторых вучоных і палітыкаў аб тым, быццам Савецкі Саюз развальваўся сам, дажываў апошнія дні, а тыя, хто сабраўся ў Белавежскай пушчы, толькі зрабілі надпіс на магільнай пліце СССР, як і сцвярджэнне аб тым, быццам СССР быў імперыяй, з’яўляюцца міфамі, якія запушчаны ў народ для дыскрэдытацыі шматнацыянальнай краіны і апраўдання дзеянняў тагачасных кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Украіны. На рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г. народ выказаўся за захаванне СССР, а воля народа – гэта самы важны аргумент на карысць існавання краіны, у якой былі, безумоўна, праблемы і цяжкасці. Больш за тое, у 1922 г. абвяшчалі СССР не толькі БССР, РСФСР і УССР, але і Закаўказская Федэрацыя. Прадстаўнікоў Арменіі, Азербайджана і Грузіі, як і іншых саюзных рэспублік, у Белавежскую пушчу не запрасілі.

Большасць вучоных і палітыкаў ацэньваюць Белавежскія пагадненні аб канчатковым знішчэнні СССР і стварэнні СНД як дзяржаўны пераварот і параўноўваюць яго са жнівеньскім путчам 1991 г. На беларускай зямлі было здзейснена злачынства, акт здрады ў адносінах да СССР і яго народаў. Гэту калектыўную здраду ажыццявілі перш-наперш вышэйшыя кіраўнікі краін, работнікі партыйнага апарату, ідэалагічныя правадыры і прадстаўнікі інтэлектуальнай эліты. А каб апраўдаць здраду, быў прыдуманы “ідэалагічны камуфляж”, які прымусіў значную частку насельніцтва ўспрымаць яе як памылкі савецкага кіраўніцтва і асабіста М.С. Гарбачова.

Для захавання СССР як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік патрабавалася ў першую чаргу палітычная воля расійскага кіраўніцтва на чале з Б.М. Ельцыным. Аднак сваімі дзеяннямі кіраўніцтва Расіі наносіла моцныя ўдары па СССР, стымулюючы ўзмацненне цэнтрабежных сіл, распад і хаос. Таму, лічаць даследчыкі, адказнасць за развал СССР нясуць у аднолькавай ступені М.С. Гарбачоў і Б.М. Ельцын, а таксама іх паплечнікі. Кожны з іх з улікам абставін і часу рабіў адну і тую ж справу. Палітыка перабудовы аслабіла СССР да такой ступені, што далейшае яго існаванне станавілася праблематычным. Нова-агароўскія “пасядзелкі” як тактычны манёўр адцягвалі ўвагу і заспакойвалі народ, прытуплялі ў ім адчуванне бяды, насустрач якой ішла краіна. У той жа час сепаратысцкія настроі нацыянальных эліт узмацняліся. Пасля жнівеньскага (1991 г.) путчу ініцыятыва ў развале СССР перайшла да Б.М. Ельцына, які завяршыў тое, што пачаў М.С. Гарбачоў.

У сувязі з прыпыненнем існавання СССР 25 снежня 1991 г. прэзідэнт СССР М.С. Гарбачоў склаў свае паўнамоцтвы. Над Крамлём чырвоны сцяг СССР быў заменены трохкаляровым расійскім. Перабудова, якую М.С. Гарбачоў і яго “каманда” пачыналі “за здравие социализма”, закончылася “за упокой его души”.

Прычыны краху савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу. Крах савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу быў абумоўлены, па-першае, сур’ёзнымі памылкамі і пралікамі КПСС, якія былі дапушчаны ў распрацоўцы і правядзенні палітыкі перабудовы. Адсутнічала канкрэтная, навукова абгрунтаваная праграма абнаўлення савецкага грамадства, не былі дакладна вызначаны мэты і задачы, канчатковыя вынікі. Гэта дазволіла на практыцы лозунг “Больш дэмакратыі, больш сацыялізму” незаўважна для народа падмяніць лозунгам “Больш капіталізму, больш разбуральнай дэмагогіі”. У грамадстве з’явіліся капіталістычныя тэндэнцыі – узбагачэнне любымі сродкамі. Бачачы гэтыя негатыўныя працэсы, значная частка народа стала абвінавачваць КПСС, партыйную эліту і ўсіх тых, па чыёй ініцыятыве пачалася перабудова. Сацыялістычныя ідэалы ў вачах мільёнаў абясцэньваліся, аўтарытэт КПСС катастрафічна зніжаўся.

Па-другое, негатыўныя працэсы і з’явы ў грамадскім жыцці суправаджаліся моцнай прапагандысцкай кампаніяй па дыскрэдытацыі КПСС, Савецкай дзяржавы, савецкага ладу жыцця, дасягненняў краіны. Гэта кампанія ажыццяўлялася пры патуранні і дапамозе, а іншы раз і пры асабістым удзеле вышэйшых партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў краіны – М. Гарбачова, Б. Ельцына, А. Якаўлева, Э. Шэварднадзе, І. Сілаева, В. Бакаціна і інш.

Па-трэцяе, шмат папрацавала на карысць распальвання антысавецкай і антыкамуністычнай істэрыі частка навуковай, творчай і тэхнічнай інтэлігенцыі. Ідэолагам “амерыканізацыі” краіны ўдалося метадам сацыяльнай дэмагогіі раз’яднаць працоўных, выклікаць схільнасць да хістанняў і крайніх дзеянняў. Людзей прымусілі паверыць, што тыя, хто не здрадзіў сваім поглядам, – гэта рэакцыянеры, кансерватары, якія заслугоўваюць пагарды, а тыя, хто за адзін дзень змяніў погляды, перафарбаваўся, – гэта сапраўдныя героі, новыя барацьбіты за “светлую будучыню народа”. Прапагандысцкія намаганні апазіцыі і рэнегатаў-камуністаў давалі ім значныя палітычныя дывідэнды.

Па-чацвёртае, не садзейнічалі павышэнню аўтарытэту і ўзмацненню палітычнага ўплыву КПСС адарванасць яе вярхоў ад народа і шматмільённай арміі радавых камуністаў, пратэкцыянізм, хабарніцтва, карупцыя, замкнутасць партыйнай іерархіі, шырокае распаўсюджанне бюракратызму ў рабоце, недэмакратычнасць кадравай палітыкі, грубае задушэнне іншадумства. Памылкі ў кіраўніцтве выдаваліся за ўсеагульную некампетэнтнасць і бяздарнасць партакратаў, а недахопы ў развіцці сацыяльна-эканамічнай і духоўна-маральнай сфер – за трагедыю і катастрофу краіны. Часткай насельніцтва гэта ўспрымалася за праўду.

І нарэшце, патрэбна адзначыць, што ў час суровых выпрабаванняў генсек, Палітбюро і Сакратарыят ЦК КПСС здрадзілі сваёй партыі. Яны не звярнуліся да КПСС і народа, не зрабілі нават спробы склікаць з’езд партыі ці пленум ЦК КПСС, ніяк не супрацьдзейнічалі антыканстытуцыйным акцыям прэзідэнтаў СССР і Расіі і іх акружэння. Вяршыняй ідэйнай і палітычнай здрады (наўмыснай ці ненаўмыснай), не маючай аналагаў у гісторыі, з’явіліся адмова у той трагічнай для КПСС сітуацыі М. Гарбачова ад паўнамоцтваў Генеральнага сакратара ЦК КПСС і падпісанне супрацьпраўнага ўказа аб прыпыненні дзейнасці КПСС. Нічога не рабілі мясцовыя партыйныя камітэты і паслухмяныя члены партыі: капітуляцыя была масавай.

 

§ 2. Грамадска-палітычнае жыццё Рэспублікі Беларусь на мяжы XX – XXI стст.

Рэспубліка Беларусь – прэзідэнцкая рэспубліка. 1992 – 1994 гг. – гады жорсткай палітычнай барацьбы ў Вярхоўным Савеце рэспублікі па пытаннях эканамічнага жыцця, дзяржаўнага будаўніцтва, будучага саюза з Расіяй. Ішлі спрэчкі аб тым, якой рэспублікай павінна быць Беларусь: прэзідэнцкай ці парламенцкай. У гэтай дыскусіі ўзрастаў палітычны аўтарытэт старшыні парламенцкай камісіі па барацьбе з карупцыяй А.Р. Лукашэнкі.

15 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў новую Канстытуцыю – Асноўны закон Рэспублікі Беларусь. Згодна з ёю, Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. Канстытуцыяй уведзена ў рэспубліцы прэзідэнцкая форма кіравання.

Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10 ліпеня 1994 г. быў выбраны А.Р. Лукашэнка. Для забеспячэння эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі была створана падпарадкаваная ўсенародна выбранаму Прэзідэнту скразная вертыкальная структура, якая ўключае выканаўчыя і распарадчыя органы як у цэнтры, так і на месцах.

У мэтах вырашэння некаторых спрэчных пытанняў, якія ставіла палітычная апазіцыя і якія мелі прынцыповае значэнне для забеспячэння згоды ў грамадстве, па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з яго перадвыбарнай платформай (забеспячэнне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, эканамічнай і палітычнай стабільнасці, барацьба з карупцыяй і злачыннасцю, паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту народа) 14 мая 1995 г. быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум. Беларускі народ падтрымаў прапановы кіраўніка дзяржавы аб наданні рускай мове роўнага статусу з беларускай, развіцці эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй, устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг на рэферэндуме народам не былі прызнаны нацыянальнымі дзяржаўнымі сімваламі.

Па-першае, як сведчаць першакрыніцы, герб “Пагоня” быў вядомы як герб Вялікага княства Літоўскага ўжо ў ХІІІ ст. Але гэта не дае падстаў сцвярджаць, што ён з’яўляецца беларускім нацыянальным і дзяржаўным сімвалам, бо Вялікае княства Літоўскае не было толькі беларускай дзяржавай, як пішуць некаторыя гісторыкі, а з’яўлялася поліэтнічнай дзяржавай чатырох асноўных народаў – беларускага, літоўскага, рускага і ўкраінскага, таму і герб “Пагоню” можна лічыць гістарычным сімвалам усіх гэтых чатырох народаў.

Па-другое, герб “Пагоня” – гэта рыцарскі сімвал воінскай славы, воінскай магутнасці, выява народнай традыцыі пагоні, якая была характэрнай не толькі для беларусаў ці літоўцаў, а для ўсіх тых, хто ваяваў, падвяргаўся нападу і рабіў пагоню за пераможаным ворагам ці ворагам, адступіўшым без бітвы. А калі ў той час (ХІІ – ХІV стст.) ваявалі амаль усе – і народы Захаду і народы Усходу (а не толькі беларусы ці літоўцы), то і традыцыя народнай пагоні была традыцыяй і ўсходнеславянскіх народаў і заходнееўрапейцаў, і выява пагоні сустракаецца і на Усходзе і на Захадзе.

Па-трэцяе, герб “Пагоня” не меў усебеларускага распаўсюджання, аб чым сведчыць наступнае. Сярод 47 гербаў губерняў і гарадоў Беларусі, якія прыведзены ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, толькі 11 мелі выяву “Пагоні”. У ХVІ – ХVІІІ стст. з 70 гербаў гарадоў Беларусі знак “Пагоні” быў толькі ў 5 – Магілёва, Лепеля, Дрысы, Чэрыкава і Ліпнішак.

Па-чацвёртае, герб “Пагоня” ўзнік гістарычна, ён цалкам належыць сівой феадальнай даўніне. Як факт нашай гісторыі герб “Пагоня” можа выкарыстоўвацца ў прозе, вершах, кінастужках, тэатры, музыцы, архітэктуры, наогул, у жыцці беларускага народа, як і іншых народаў. Як культурна-гістарычны знак герб “Пагоня” – чысты, як дзяржаўна-палітычны сімвал – заплямлены, бо ў 1941 – 1944 гг. знаходзіўся ў руках здраднікаў, катаў і ворагаў беларускага народа. А што можа як дзяржаўны герб сімвалізаваць сёння гэты феадальны знак “Пагоня”? Агрэсіўнасць, ваяўнічасць, помслівасць, пагоню, тэакратычнасць дзяржавы? Не, гэта не ўваходзіць у менталітэт беларускага народа.

Яшчэ менш даследаванай з’яўляецца праблема паходжання бела-чырвона-белага сцяга. Дакументаў амаль ніякіх няма. Ёсць толькі публікацыі тых, хто пад гэтым сцягам змагаўся за буржуазную будучыню Беларусі. Сярод іх прафесар-здраднік Р. Астроўскі (у гады Вялікай Айчыннай вайны служыў акупантам, узначальваў Беларускую цэнтральную раду). Ён у замежным часопісе “Беларуская думка” (1965, № 7) сцвярджаў, што “упершыню пытанне аб гербе і сцягу абмяркоўвалася на пасяджэнні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Мінску ў сакавіку 1917 г. Менавіта ў гэты час вырашылі карыстацца “Пагоняй” і вядомым сцягам, узор якога быў прыняты тады ж. На сцягу зрабілі надпіс “Няхай жыве вольная Беларусь”. Як сведчыць інфармацыя часопіса, бела-чырвона-белага сцяга да таго часу ў беларусаў не існавала.

Яшчэ больш дакладная даведка ёсць ў артыкуле Г. Альгердзіча (беларускі калабарацыяніст перыяду Вялікай Айчыннай вайны А. Адамовіч) у газеце “Раніца” (месца выдання Берлін) за 26 лістапада 1944 г. У ім напісана: “Паходжанне нашага сённяшняга бела-чырвона-белага сцягу параўнальна нядаўняе і звязана з часам рэвалюцыі 1917 г. таму, што пытанне аб агульнанацыянальным ці дзяржаўным сцягу ў мінуўшчыне было недаследаваным. А нашым нацыянальным дзеячам 1917 г. і зусім невядомым. Давялося ім выступіць у гэтай галіне вольнымі тварцамі. У выніку гэтай творчасці адразу з’явіўся быў у якасці нацыянальнага сцягу аднаколерны белы штандар. Відаць, у прызнанні яго за нацыянальны сцяг кіраваліся расшыфраваннем самога назову “Беларусь”. Аднак хутка выявілася неадпаведнасць такога аднаколернага белага сцягу: ён занадта біў у вочы на фоне рэвалюцыйнага разумення сымболікі колераў (чырвонае – колер рэвалюцыі, белае – колер контррэвалюцыі). Да таго ж, аддаўна меў міжнароднае значэнне знаку паддачы, капітуляцыі на вайне. Таму неўзабаве пасярод белае палатніны сцягу была праведзена чырвоная, “рэвалюцыйная” паласа. Гэтак і з’явіўся наш сённяшні сцяг”.

Артыкул А. Адамовіча быў надрукаваны ў 1944 г., калі яшчэ былі жывымі многія беларускія дзеячы 1917 – 1920 гг., дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, якія б маглі не пагадзіцца, паправіць аўтара, калі б была надрукавана няпраўда.

Такім чынам, герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг з’яўляюцца не нацыянальнымі сімваламі, а сімваламі барацьбы за ўладу пэўных палітычных сіл, не падтрыманых большасцю беларускага народа. Герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг – сімвалы буржуазнай Беларусі, чырвона-зялёны сцяг з белым арнаментам і герб з серпам і молатам – сімвалы Савецкай Сацыялістычнай Беларусі.

Выбіраючы сімвалы новай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь, большасць народа зыходзіла з таго, што дзяржаўныя герб і сцяг павінны быць незаплямленымі, чыстымі, не звязанымі ў думках беларусаў са злачынствамі і генацыдам перыяду Вялікай Айчыннай вайны. На рэферэндуме 1995 г. большасць народа выказалася за новую сімволіку, якая ўяўляе сабой крыху змененую дзяржаўную сімволіку Савецкай Беларусі.

Палітычная апазіцыя, у тым ліку частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета і членаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, выступіла супраць курсу, абранага А.Р. Лукашэнкам і большасцю беларускага народа. Палітычная напружанасць у грамадстве ўзмацнілася.

19 – 20 кастрычніка 1996 г. у Мінску адбыўся Усебеларускі народны сход, на якім з дакладам “Толькі народ мае права вырашаць своё лёс” выступіў А.Р. Лукашэнка. Дэлегаты схода, якія прадстаўлялі народ Беларусі, адобрылі ўнутраную і знешнюю палітыку, што праводзіла кіраўніцтва дзяржавы.

24 лістапада 1996 г. адбыўся ініцыіраваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам рэспубліканскі рэферэндум. Беларускі народ прагаласаваў за прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі А.Р. Лукашэнкам, выказаўся супраць свабоднай, без абмежаванняў куплі і продажу зямлі, супраць адмены смяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь.

На рэспубліканскім рэферэндуме была падтрымана прапанова А.Р. Лукашэнкі аб перанясенні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня рэспублікі) з 27 ліпеня на 3 ліпеня – дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. Дзень 27 ліпеня ў памяці людзей звязваецца з некаторымі змрочнымі падзеямі ў айчыннай гісторыі. 27 ліпеня 1942 г. кат беларускага народа, гаўляйтэр В. Кубэ, падтрымаў беларускіх здраднікаў і выдаў распараджэнне, якім дазволіў “пры розных урачыстасцях і для распазнавання нацыянальнасці беларускай побач з нямецкімі адзнакамі на дамах вывешваць і насіць “бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоню”. Менавіта ў гэты дзень (выпадкова ці наўмысна), 27 ліпеня 1990 г. была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. З гэтым днём і з гэтым дакументам большасць народа звязвае не толькі крок да незалежнасці Беларусі, але і да развалу вялікай і магутнай дзяржавы – Савецкага Саюза. Беларускі народ адмовіўся ад таго, каб дзень 27 ліпеня і далей лічыць сваім галоўным дзяржаўным святам – Днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Днём рэспублікі).

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета быў сфарміраваны двухпалатны Нацыянальны сход. Ён складаецца з Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Кіраўніком выканаўчай улады з’яўляецца прэм’ер-міністр урада, пашыраны правы і паўнамоцтвы Савета Міністраў.

18 мая 2001 г. у Мінску адбыўся другі Усебеларускі народны сход. На ім з дакладам “За моцную, квітнеючую Беларусь” выступіў А.Р. Лукашэнка. Сход падвёў вынікі выканання “Асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 1996 – 2000 гг.”, прынятых першым Усебеларускім народным сходам у 1996 г. Была абмеркавана і адобрана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001 – 2005 гг.

У 2000 г. адбыліся свабодныя дэмакратычныя выбары дэпутатаў двухпалатнага Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 9 верасня 2001 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на новы 5-гадовы тэрмін выбраны А.Р. Лукашэнка.

У 2002 г. былі зацверджаны музыка і словы Гімна Рэспублікі Беларусь. Аўтарам музыкі з’яўляецца кампазітар Нестар Сакалоўскі, аўтарамі слоў – паэты Міхась Клімковіч і Уладзімір Карызна.

17 кастрычніка 2004 г. адбыўся ініцыіраваны Прэзідэнтам рэспубліканскі рэферэндум і свабодныя дэмакратычныя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Сфарміраваны таксама новы склад Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. На аснове галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме з артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь выключана яго другая частка: “Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш двух тэрмінаў”. Тым самым пераважная большасць беларускага народа пагадзілася з тым, каб А.Р. Лукашэнка нараўне з іншымі кандыдатамі мог балаціравацца ў час выбараў 2006 г. на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

2 – 3 сакавіка 2006 г. у Мінску адбыўся трэці Усебеларускі народны сход, на якім з дакладам “Дзяржава для народа” выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. Сход падвёў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2001 – 2005 гг. і зацвердзіў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2006 – 2010 гг.

19 сакавіка 2006 г. у выніку свабодных дэмакратычных выбараў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на новы 5-гадовы тэрмін быў выбраны А.Р. Лукашэнка.

6-7 снежня 2010 г. у Мінску адбыўся чацвёрты Усебеларускі народны сход. Ён падвёў вынікі выканання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гг. і адзначыў, што працоўны энтузіязм народа і своечасова прынятыя меры па процідзеянні негатыўнаму ўплыву сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу забяспечылі рост нацыянальнай эканомікі, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей. Усебеларускі народны сход адобрыў асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гг.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй краіны 19 снежня 2010 г. адбыліся свабодныя дэмакратычныя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За ходам выбараў ажыццяўлялі назіранне прадстаўнікі краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўрапейскага Саюза, іншых краін свету, а таксама прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў Рэспублікі Беларусь. Абсалютная большасць назіральнікаў адзначылі празрыстасць, адкрытасць і дэмакратычнасць выбараў. Выключэнне склалі водгукі афіцыйных чыноўнікаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), якія назіралі за ходам выбараў. За дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прагаласавала амаль 80 % выбаршчыкаў, яго канкурэнты (іх было 9) сабралі разам толькі каля 12 % галасоў.

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі азмрочаны несанкцыянаваным уладамі шэсцем беларускай апазіцыі на чале з некаторымі кандыдатамі ў прэзідэнты і іх спробай арганізацыі антыканстытуцыйнага дзяржаўнага перавароту. Масавыя беспарадкі ў Мінску былі арганізаваны ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 г. Антыканстытуцыйныя дзеянні беларускай апазіцыі і яе кіраўнікоў па зразумелых прычынах (беларускі народ выбраў сваім прэзідэнтам не празаходняга палітыка) атрымалі падтрымку з боку Еўрапейскага Саюза і ЗША, што з’яўляецца грубым умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы суверэннай Рэспублікі Беларусь.

 

§ 3. Канфесійная палітыка. Адраджэнне царкоўнага жыцця

У 80-я гады ХХ ст. у СССР і БССР пачынаюць змяняцца адносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі канфесіямі. Традыцыйнае супрацьстаянне і канфрантацыя паступова саступаюць месца талерантнасці і ўзаемнай павазе, супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Пачынаецца працэс адраджэння царкоўнага жыцця. З рэлігіяй вернікі звязваюць гарантыю палітычнай і этнаканфесійнай стабільнасці ў грамадстве, непарушнасць яго духоўнасці і маралі, аднаўленне нацыянальных звычаяў і традыцый народа.

На тэрыторыі Беларусі аднаўляюцца і будуюцца новыя храмы, адкрываюцца новыя прыходы, павялічваецца колькасць вернікаў. У 2004 г. у Рэспубліцы Беларусь было зарэгістравана 26 рэлігійных накірункаў. Каля 80 % вернікаў атаясамліваюць сябе з праваслаўем, каля 10 % – з каталіцызмам, каля 2 % – з пратэстантызмам, 0,3 % – з іудаізмам.

Спецыфіка рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі вызначаецца перш-наперш яе геапалітычным становішчам на мяжы паміж заходняй і ўсходняй цывілізацыямі, суіснаваннем і пачарговым дамінаваннем праваслаўя і каталіцызму. Дзяржавы, у склад якіх у розныя гістарычныя перыяды ўваходзіла тэрыторыя Беларусі, заўсёды характарызаваліся поліканфесійнасцю. У Заходняй Беларусі захоўваецца традыцыйна больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70 – 80 % насельніцтва вернікі) і адпаведна значна больш рэлігійных абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Затое ў 80 – 90-я гг. найбольш высокі колькасны рост рэлігійных абшчын адбываўся ў Цэнтральнай і Усходняй Беларусі.

Рэлігійныя арганізацыі Беларусі маюць значныя магчымасці для распаўсюджання сваіх веравучэнняў. У апошнія 10 гадоў на тэрыторыі Беларусі выдавалася больш за 100 найменняў перыядычных выданняў, з якіх 17 належаць праваслаўнай царкве, 8 – каталіцкай, 4 – іудзеям, 1 – мусульманам, 73 выданні выпускаюцца новымі рэлігійнымі рухамі. Акрамя таго, на тэрыторыю рэспублікі з‑за мяжы завозілася 256 найменняў рэлігійнай літаратуры.

Праваслаўная царква. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод іншых рэлігійных аб’яднанняў Беларуская праваслаўная царква займае першае месца. У 2004 г. яна аб’ядноўвала 1 245 абшчын, 10 епархій, 19 манастыроў. З канца 80 – пачатку 90‑х гг. колькасць праваслаўных прыходаў у Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы. У 1985 г. у Мінску быў здадзены ў эксплуатацыю будынак, у якім памясціўся архірэйскі дом з дамавой царквой у гонар Сабора беларускіх святых.

У 1989 г. праваслаўнай царкве былі перададзены жаночыя манастыры Спаса‑Ефрасіннеўскі ў Полацку і Нараджэння Багародзіцы ў Гродне. 1 верасня 1989 г. аднавіліся заняткі ў Мінскай духоўнай семінарыі, якая, як і раней, памясцілася ў жыровіцкім Успенскім манастыры. У гэтым жа годзе ў Мінску пачало работу духоўнае вучылішча для падрыхтоўкі псаломшчыкаў і рэгентаў царкоўных хораў.

У кастрычніку 1989 г. у межах БССР быў утвораны Беларускі Экзархат. Мінска-Беларуская епархія, кіраўніком якой з 1978 г. быў мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), прыпыніла сваё існаванне. Мітрапаліт Філарэт стаў мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам Усяе Беларусі. Беларуская праваслаўная царква арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 1992 г. у Мінску, Заслаўі і Полацку адбыліся ўрачыстасці з нагоды 1000‑годдзя ўстанаўлення Полацкай кафедры, а ў 1993 г. святкавалася 200‑годдзе Мінскай епархіі.

У 1993 г. Сінод Беларускага Экзархата прыняў рашэнне аб адкрыцці Мінскай духоўнай акадэміі. Сістэму духоўных навучальных устаноў дапоўнілі створаныя на мяжы ХХ – ХХІ стст. духоўныя вучылішчы ў Віцебску і Слоніме, факультэт тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Мінску (пасля яго закрыцця – Беларускага дзяржаўнага універсітэта), школа катэхізатараў у Мінску, рэгенцкая школа пры Мінскім духоўным вучылішчы і школа царкоўных званароў пры Мінскім епархіяльным упраўленні. У 1996 г. на мінскім прадпрыемстве “Выдатнае ліццё” пачалі адліваць званы, якія паступаюць у прыходы і манастыры Беларускага Экзархата.

Сведчаннем непарыўнай сувязі Беларускага Экзархату з Рускай праваслаўнай царквой з’явіліся візіты ў Беларусь Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Алексія ІІ. У час першага візіту ў 1991 г. ён наведаў раёны, якія пацярпелі ад ядзернай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Алексій ІІ наведаў Беларусь і ў сувязі са святкаваннем 50‑годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў сувязі з 60‑годдзем яе пачатку. У час свайго візіту ў 2002 г. Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі прыняў удзел у святкаванні Жыровіцкай іконы Божай Мацеры ва Успенскім мужчынскім манастыры і ў цырымоніі адкрыцця будынка Дома міласэрнасці ў Мінску.

Адраджэнне царкоўнага жыцця ў іншых канфесіях. Да ліку традыцыйных рэлігій у Беларусі адносіцца другая па колькасці вернікаў каталіцкая царква. Ва ўмовах дэмакратызацыі грамадства ёй дзяржава перадала больш за 25 раней закрытых касцёлаў. Цяпер у 4 каталіцкіх епархіях Беларусі, якія ўзначальвае мітрапаліт кардынал Казімір Свёнтак, аб’яднаны 427 абшчын, дзейнічаюць 359 каталіцкіх храмаў. Падрыхтоўка каталіцкіх святароў ажыццяўляецца ў семінарыях у Гродне і Пінску.

З пачатку 90-х гг. у Беларусі рабіліся спробы адраджэння уніяцкай царквы. Гэты працэс звязаны з пошукамі часткай беларускамоўнай інтэлігенцыі нацыянальнай царквы, у якой богаслужэнне і культ павінны быць звязаны з нацыянальнай сімволікай, мовай і традыцыямі. У 2004 г. на тэрыторыі Беларусі было зарэгістравана 13 уніяцкіх абшчын, у кожнай з якіх па 5 – 7 чалавек. Для падрыхтоўкі прафесійных святароў уніяцкія абшчыны накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў у духоўныя навучальныя ўстановы Ватыкана і Польшчы. У 1996 г. беларускія уніяты ўрачыста адзначалі 400‑гадовы юбілей Брэсцкай царкоўнай уніі. Адраджэнне уніяцкай царквы ў Беларусі большасцю насельніцтва ўспрымаецца як спроба расколу беларускага грамадства, экспарту чужой культурнай традыцыі і арганізацыйнай структуры, хоць прымусовага насаджэння уніяцтва не адбываецца.

У 90-я гады ХХ ст. з 3 да 15 павялічылася колькасць пратэстанцкіх плыняў у Беларусі, а колькасць абшчын – з 288 да 862. Найбольш дынамічна развіваюцца хрысціяне веры евангельскай, евангельскія хрысціяне-баптысты і адвентысты. Усе пратэстанцкія плыні аб’ядноўваюць у Беларусі каля 70 тыс. актыўных веруючых. Прэсвітэраў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць у двух вышэйшых і двух сярэдніх навучальных установах евангельскіх хрысціян-баптыстаў і хрысціян веры евангельскай. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічаюць 307 малітоўных дамоў і 12 дабрачынных місій. Вядучыя пратэстанцкія арганізацыі карыстаюцца магутнай замежнай фінансавай падтрымкай.

З ХІV ст. на беларускіх землях існуе этнаканфесійная група яўрэяў-іудзеяў. У 90-я гады ХХ ст. пачало аднаўляцца рэлігійнае жыццё іудзеяў у Рэспубліцы Беларусь. Сёння тут зарэгістравана 27 іудзейскіх абшчын, якія ў 1993 г. арганізавалі Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь. Дзейнічае ў Мінску духоўнае вучылішча (ешыбот), больш за 15 нядзельных школ, яўрэйскія класы ў сярэдніх школах. Пытанні рэлігійнага жыцця асвятляюцца ў 4 яўрэйскіх газетах. З‑за адсутнасці мясцовых равінаў абшчыны запрашаюць прапаведнікаў з ЗША і Ізраіля. Значнай падзеяй ў жыцці беларускіх яўрэяў стала стварэнне ў 1998 г. Цэнтра яўрэйскай культуры, які ўспрымаецца як цэнтр адраджэння нацыянальнай культуры з адпаведнымі атрыбутамі (рэстаран нацыянальнай кухні, магазіны кашэрных прадуктаў і прадметаў рэлігійнага культу, курсы па вывучэнні іўрыта, гісторыі і традыцый яўрэйскага народа).




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 679; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.052 сек.