Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Беларускія землі ў VI-ІХ стст




1. Сумеснае жыццё балтаў і славян на тэрыторыі Беларусі ў VI-VIІІ стст.

2. Фарміраванне ўсходнеславянскіх супольнасцей.

3. Асноўныя канцэпцыі паходжання беларусаў.

1. Славяне – гэта адна з галін індаеўрапейцаў. Рымскія аўтары І-ІІ стст. называлі славян венедамі. Гісторыкі VI ст. называлі славянскія плямёны антамі і склавінамі. Пра месцазнаходжанне славян вучоныя выказвалі мноства супярэчлівых гіпотэз. Адны даследчыкі сцвярджалі аб лакалізацыі славян у Прыпяцка-Сярэднедняпроўскім рэгіёне, другія вучоныя змяшчалі іх прарадзіму ў Вісла-Одэрскім міжрэччы (што больш верагодна!), трэція – на шырокіх прасторах ад Одэра да Дняпра.

У пачатку VI ст. н.э. пачалося “Вялікае перасяленне народаў”, у выніку якога на працягу VI-VIІ стст. славяне падзяліліся на тры вялікія групы: заходніх славян (Вісла-Одэрскае міжрэчча), паўднёвых славян (Балканскі паўвостраў) і ўсходніх славян. Усходнія славяне каланізавалі абшары Усходняй Еўропы. Каланізацыя – гэта працэс засялення і асваення незанятых або новых зямель перасяленцамі. Пісьмовых звестак пра рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі амаль не захавалася. Толькі ў “Аповесці мінулых часоў” вельмі коратка гаворыцца пра рассяленне славян ва Усходняй Еўропе з Дуная.

Шырокая славянская каланізацыя беларускіх зямель адбываецца ў VI-VIІІ стст. н.э. Археолагі паведамляюць, што ў гэты час на поўдні Беларусі з’яўляюцца помнікі тыпова славянскай пражскайкультуры. Спачатку насельніцтва жыло на неўмацаваных пасяленнях – селішчах. Селішчы былі невялікіх памераў і размяшчаліся “гнёздамі”. Жытлы славян – паўзямлянкі з печамі-каменкамі. З VIІ ст. узнікаюць умацаваныя равамі і валамі славянскія гарадзішчы. Гарадзішча было не толькі месцам сховішча падчас небяспекі для навакольнага насельніцтва, але і з’яўлялася ўмацаванай сядзібай знаці. Адным з самых вывучаных з’яўляецца гарадзішча Хатомель (Столінскі раён), якое належала славянам-дулебам. Асновай гаспадаркі ў славян былі ворыўнае земляробства і жывёлагадоўля. Славяне былі добрымі рамеснікамі, займаліся гандлем.



Поўнач і цэнтр Беларусі ў VI-VIІІ стст. засялялі плямёны банцараўскайкультуры, якія жылі на неўмацаваных пасяленнях і невялікіх гарадзішчах-сховішчах. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках або наземных жытлах слупавой канструкцыі. Найбольш даследаваным гарадзішчам з’яўляецца Нікадзімава(Горацкі раён). Тут знаходзілася сядзіба ваеннага правадыра і яго дружыны. У Беларускім Падняпроўі сфарміравалася калочынская культура. Насельніцтва жыло на селішчах, гарадзішчаў у іх амаль не было. Банцараўскую і калочынскую культуры пераважная большасць даследчыкаў адносяць да балта-славянскіх супольнасцей. У матэрыяльнай культуры гэтых народаў прысутнічалі прыкметы як культуры славян (паўзямлянкавыя жытлы з печамі-каменкамі, крэмацыя, асноўны тып пасялення – селішча, гаршкі з выпуклымі бакамі), так і балтаў (наземныя пабудовы слупавой канструкцыі, размяшчэнне побач з пасяленнем гарадзішча-сховішча, інгумацыя, наяўнасць ляпных слоікападобных пасудзін).

Паўночнымі суседзямі банцараўскіх плямён была культура доўгіх курганоў. Назва культуры звязана з пахавальнымі пабудовамі ў выглядзе невысокіх валападобных насыпаў (курганоў), унутры якіх змяшчаліся гаршкі з чалавечымі касцямі, што засталіся пасля спалення нябожчыка. Асобныя курганы дасягаюць у даўжыню 100 і больш метраў. Частка даследчыкаў адносяць культуру да балта-славянскай, некаторыя сцвярджаюць, што гэта былі балты.

Да сярэдзіны І тыс. н.э. на Беларусі склалася асобая палітычная сістэма – ваенная дэмакратыя. Кіраўніком племені з’яўляўся правадыр, які здзяйсняў ваенныя паходы, абараняў тэрыторыю племені ад ворагаў. Ён абапіраўся на дружыну. Абмяжоўвалі ўладу правадыра савет старэйшын племені і народны сход. Народны сход складаўся з усіх свабодных мужчын, здольных насіць зброю.

У VI-VIІІ стст. на Беларусі актывізаваўся працэс разлажэння першабытнага ладу. Вярхоўным уладальнікам зямлі з’яўлялася суседская (сельская) абшчына. У абшчыне існавала калектыўнае землекарыстанне – валоданне раллёй, пашай, лясамі і вадаёмамі. Прылады працы знаходзіліся ў асабістай уласнасці кожнай сям’і. Сям’я атрымлівала права карыстацца зямельным надзелам, але спачатку яна ім распараджацца не магла.

Паміж членамі абшчыны ўзнікала расслаенне. Канчаткова вылучылася ў асобную групу рода-племянная знаць. З асяроддзя збяднелых людзей утваралася залежнае сялянства, якое яшчэ не страціла сваёй свабоды, але ўжо стаяла на сацыяльнай лесвіцы ніжэй, чым свабодныя абшчыннікі. У жывёлагадоўлі і земляробстве прымянялася праца рабоў (існавала хатняе рабства).

 

2.У верхнім Падняпроўі і Падзвінні на тэрыторыі Беларусі ў выніку славяна-балцкага сінтэзу ў VIІІ-ІХ стст. сфарміравалася некалькі аб’яднанняў усходніх славян. Яны ўяўлялі сабой даволі ўстойлівыя супольнасці дрыгавічоў, крывічоў-палачан і радзімічаў. Нестар называў усходнеславянскія супольнасці “княжаннямі”, а сучасныя гісторыкі называюць іх саюзамі плямён ці протанароднасцямі.

Крывічы-палачане займалі басейн Заходняй Дзвіны і з’яўляліся побач з крывічамі пскоўскімі і смаленскімі адной з трох галін крыўскага племені. Найбольш старажытнымі гарадамі крывічоў-палачан з’яўляліся Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў. Першае датаванае ўпамінанне пра крывічоў змяшчаецца ў “Аповесці мінулых часоў” і адносіцца да 859 г., дзе гаворыцца, што варагі бралі з іх даніну. Па-рознаму выводзяць гісторыкі назву “крывічы”: ад прозвішча старэйшага роду Крыў, ад слоў “кроўныя” (блізкія па крыві), ад крывізны мясцовасці (шмат пагоркаў), ад імя язычніцкага святара Крыва-Крывейтэ. Этнавызначальнай прыкметай крывічанак з’яўляецца драцяное скроневае бранзалетападобнае кальцо з завязанымі канцамі дыяметрам 5-11 см.

Дрыгавічы займалі значную частку Паўднёвай і Цэнтральнай Беларусі. Важнымі дрыгавіцкімі гарадамі з’яўляліся Тураў, Пінск, Менск, Слуцк. У “Аповесці мінулых часоў” дрыгавічы ўзгаданы ў яе ранняй, недатаванай частцы: “... а друзии седоша межи Припетью и Двиною и нарекошася дреговичи…”. Назва “дрыгавічы” паходзіць ад імя правадыра Драгавіта (Драга) ці ад слова “дрыгва” (балоцістая мясцовасць). Этнавызначальнай прыкметай дрыгавічанак з’яўляюцца вялікія металічныя пацеркі авальнай формы, упрыгожаныя напаянымі шарыкамі металічнай (срэбранай) зерні.

Радзімічы размясціліся ў Пасожжы. Найбольш значнымі горадамі ў іх землях былі Гомель, Чачэрск, Прапойск. У летапісу пра радзімічаў гаворыцца, што “яны прыйшлі ад ляхаў (палякаў)”. Першыя летапісныя звесткі пра радзімічаў адносяцца да 885 г. Пад гэтым годам паведамляецца, што кіеўскі князь Алег абавязаў радзімічаў плаціць даніну яму, а не хазарам, як было раней. Назва “радзімічы” паходзіць ад імя правадыра Радзіма ці ад слова “радзімыя” (родныя). Летапісец даў адмоўную характарыстыку жыцця радзімічаў: “... жылі яны ў лясах, нібы дзікуны, спажывалі брудную ежу, было ў іх брыдкаслоўе перад бацькамі і нявесткамі, на бясоўскіх ігрышчах выкрадалі сабе жонак, якіх мелі па дзве-тры”. Аснову галаўнога ўбору радзімічанкі складалі сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, якія насілі ад аднаго да васьмі.

 

3.Адзінага погляду на пытанне аб продках беларусаў няма. Існуе мноства канцэпцый, якія ўзаемавыключаюць адна адну. У ХІХ ст. з’явіліся польская (А.Рыпінскі) і вялікаруская (А.Сабалеўскі) канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ніколі не існавала беларускай мовы, гэта быў дыялект польскай ці рускай мовы. Памылковасць гэтых канцэпцый выяўлена даследаваннямі Я.Карскага, які ў фундаментальнай працы “Беларусы” пераканаўча даказаў, што беларуская мова з’яўляецца самастойнай славянскай мовай.

У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя (В.Ластоўскі). Яна заснавана на ўяўленні аб тым, што продкамі беларусаў з’яўляюцца крывічы. Аўтар канцэпцыі атаясамліваў беларусаў і крывічоў і прапаноўваў называць Беларусь Крывіяй. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі поўнач Беларусі, да таго ж крывічы зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., а беларусы як этнас да гэтага часу яшчэ не сфарміраваліся. Аднабаковасць крывіцкай канцэпцыі спрабавалі пераадолець Я.Карскі і У.Пічэта. Яны ўключылі ў склад продкаў беларусаў крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Адсюль і назва канцэпцыі – крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая. Аднак, і гэта канцэпцыя не ўлічвала таго, што вызначаныя этнічныя супольнасці зніклі да ХІІ ст., калі агульнабеларускі этнічны комплекс яшчэ не сфарміраваўся.

Асаблівую папулярнасць набыла балцкая тэорыя этнагенезу беларусаў (В.Сядоў). Паводле гэтай тэорыі змяшэнне славян з балтамі прывяло да фарміравання беларусаў. Аднак, балты з’яўляліся субстратам не непасрэдна беларусаў, а ўсходнеславянскіх супольнасцей – крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў.

Існуе і фінская канцэпцыя (І.Ласкоў). На падставе таго, што на тэрыторыі Беларусі ёсць фінскія гідронімы, аўтар зрабіў вывад, што продкамі беларусаў з’яўляюцца фіны. Аднак, фіны на тэрыторыі Беларусі з’явіліся субстратам для балтаў, а не беларусаў.

У 1950-я гады савецкі этнограф С.Токараў абгрунтаваў так званую “новую” канцэпцыю паходжання беларусаў. Ён палічыў, што ў працэсе фарміравання Кіеўскай Русі сфарміравалася адзіная старажытнаруская народнасць. Затым у выніку палітычнага раз’яднання гэтая народнасць распалася. У выніку ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларускі і ўкраінскі.

Сучасны беларускі даследчык М.Піліпенка адмовіўся ад уяўлення аб беларускім этнагенезе як спрошчанай эвалюцыі. Ён палічыў, што ў выніку шырокага рассялення славян і змешвання іх з балтамі сфарміраваліся крывічы, дрыгавічы і радзімічы. Гэта адбылося ў ІХ-Х стст. Затым у канцы Х-пачатку ХІ ст. гэтыя этнічныя супольнасці ўцягнуліся ў працэс фарміравання старажытнарускай народнасці, для якой былі характэрны агульная мова, матэрыяльная і духоўная культура. Менавіта з гэтага часу да тэрыторыі Беларусі і да суседніх усходнеславянскіх зямель пачала ўжывацца назва Русь, а насельніцтва стала называцца русамі, русічамі, русінамі. З часу свайго фарміравання этнічная тэрыторыя “Русь” не была аднастайнай. Яна падзялялася на рэгіёны, якія не супадалі з этнічнымі тэрыторыямі ўсходнеславянскіх супольнасцей крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Тэрыторыя сучаснай Беларусі ўваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны – палескую і падзвінска-дняпроўскую. Акрамя агульнай назвы “Русь” за паўднёвай часткай Беларусі замацавалася назва “Палессе”, за цэнтральнай і паўночнай – “Белая Русь”. Старажытныя палешукі і беларусы сталі продкамі сучасных беларусаў.

 





Дата добавления: 2014-01-03; Просмотров: 1367; Нарушение авторских прав?;


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



ПОИСК ПО САЙТУ:


Читайте также:
studopedia.su - Студопедия (2013 - 2022) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление
Генерация страницы за: 0.041 сек.