КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Культурнае і духоўнае жыццё Рэспублікі Беларусь
Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця, абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці рэспублікі вызначылі накірунак развіцця культуры Беларусі. У змяніўшыхся ўмовах праявіліся яе новыя рысы: паступовае пераадоленне ідэалагічнага і дзяржаўнага кантролю ў культуры, пашырэнне недзяржаўных, альтэрнатыўных формаў і жанраў развіцця культуры, здзяйсненне пэўных крокаў на шляху да нацыянальна-культурнага адраджэння. З мэтай узнаўлення беларускай культуры, стварэння спрыяльных умоў для захавання яе самастойнасці і далейшага развіцця 26 лютага 1990 г. быў прыняты закон аб мовах, у якім беларуская мова станавілася дзяржаўнай. Пры падрыхтоўцы і папулярызацыі палажэння закона вялікую ролю адыграла Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, якое ў 1989 г. узначальваў народны паэт Беларусі Н. Гілевіч. Намаганнямі актывістаў ТБМ выдадзена шмат твораў беларускай гістарычнай спадчыны. 4 верасня 1991 г. быў прыняты закон аб культуры, які гарантаваў свабоду творчай дзейнасці, плюралізм напрамкаў і стыляў, абарону інтэлектуальнай уласнасці, гуманістычную накіраванасць і г.д. Паступова ствараецца нацыянальная сістэма адукацыі, якая рэгулюецца законам аб адукацыі, прынятым 29 кастрычніка 1991 г. Гэты закон грунтуецца на прынцыпах навуковасці з арыентацыяй на сусветны ўзровень адукацыі, дэмакратызм, экалагічную накіраванасць, пераемнасць і бесперапыннасць. У перыяд правядзення рэформ здолела захаваць свой магутны інтэлектуальны патэнцыял беларуская навука. У пачатку 1993 г. у Беларусі налічвалася 137 навукова-даследчых, 57 канструктарскіх і 23 праектныя арганізацыі. Развіваліся фундаментальныя і прыкладныя даследаванні. Аднак на працягу 90-х гг. ва ўмовах эканамічнага крызісу значна скараціліся выдаткі дзяржавы на навуку. Гэта прывяло да адтоку вучоных за мяжу і ў іншыя сферы грамадскай дзейнасці. Дэмакратызацыя грамадскага жыцця спрыяла развіццю гуманітарнай навукі і адукацыі. Найбольш значныя поспехі зроблены ў беларусістыцы. Выйшлі ў свет і праведзены даследаванні па гісторыі і куль-туры Беларусі. Сярод іх працы У. Ігнатоўскага, М. Доўнар-Запол-скага, М. Шчакаціхіна, А. Мальдзіса, А. Ліса, М. Ермаловіча, У. Конана, Г. Каханоўскага, А. Лойкі, Г. Штыхава і інш. Ля вытокаў сучаснага нацыянальна-культурнага адраджэння знаходзілася дзейнасць грамадскіх арганізацый гісторыка-культурнага і краязнаўчага напрамку “Талака” у Мінску, “Паходня” у Гродне і інш. Прыкметнай з’явай стала правядзенне ІХ (1986 г.) і Х (1990 г.) з’ездаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Літаратурная творчасць Я. Брыля, В. Быкава, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, Н. Гілевіча, А. Дударава, вылучаецца высокай грамадзянскай пазіцыяй. Шырокую вядомасць атрымала згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, намаганнямі якога стала правядзенне з’ездаў беларусаў свету. Увагу беларускім дзеячам культуры надае і міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА, якая ў 1990 г. шырока адзначала 500-годдзе з дня нараджэння Ф. Скарыны. Далёка за межамі Беларусі святкаваліся 110-гадовыя юбілеі беларускіх песняроў – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Упершыню рэспубліка стала месцам правядзення свята славянскай пісьменнасці і культуры. Вяртанню гістарычнай памяці народа садзейнічала выданне часопісаў “Спадчына”, “Беларускі гістарычны часопіс”, “Беларуская мінуўшчына” і інш. Вялікая праца праводзіцца па перавыданні твораў рэпрэсіраваных навукоўцаў, пісьменнікаў, а таксама дзеячоў беларускай эміграцыі. Адной з важных задач палітыкі дзяржавы ў галіне культуры з’яўляецца захаванне помнікаў айчыннай гісторыі і культуры. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гаворыцца аб тым, што дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. Сёння на тэрыторыі Беларусі налічваецца больш за 15 тыс. помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння. У 1992 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”. Мэтанакіраваная работа праводзіцца не толькі па вяртанню гісторыка-культурнай спадчыны, але і па рэстаўрацыі помнікаў. Вялікія рэстаўрацыйныя работы ў канцы 80–90-х гг. праводзіліся, напрыклад, у Мірскім замку – помніку архітэктуры XVI ст. Пастановай Савета Міністраў Нясвіжу быў нададзены статус Нацыянальнага запаведніка, а для адраджэння яго гісторыка-культурнай спадчыны быў створаны міжнародны фонд “Нясвіж”. Праводзяцца работы па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры на Навагрудчыне, Лідскага замка, Барысаглебаўскай царквы, гістарычнай забудовы Мінска, Брэста, Гродна. Надзвычайную каштоўнасць для Беларусі мае Полацкі гісторыка-культурны запавед-нік, які ўключае 18 помнікаў гісторыі, археалогіі і культуры. Першымі, хто ўзняў пытанне аб выхаванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, былі пісьменнікі. З’явілася шмат публіцыстычных выданняў, літаратары актыўна ўключыліся ў палітычнае жыццё. Выходзяць у свет цікавыя творы, з’яўляюцца новыя імёны. Адкрыццём сталі творы Р. Баравіковай, Л. Урублеўскай, Т. Бондар, А. Наварыча, А. Казловіча, братоў Дэбішаў і інш. У гэты час працягвалі плённа працаваць старэйшыя беларускія пісьменнікі: І. Чыгрынаў, І. Шамякін, І. Навуменка, В. Быкаў, якімі былі напісаны творы высокага літаратурнага ўзроўню. У развіццё беларускага тэатральнага мастацтва ўнеслі значны ўклад рэжысёры В. Раеўскі і Б. Луцэнка, акцёры С. Станюта, М. Яроменка, Р. Янкоўскі, А. Клімава, М. Захарэвіч, Л. Бржазоўская, Ю. Траян і інш. У сучасным выяўленчым мастацтве выразна пашырыліся нефармальныя тэндэнцыі. У складзе неафіцыйнага творчага аб’яд-нання працуюць прызнаныя майстры А. Марачкін, Я. Кулік, К. Харашэвіч, В. Шаранговіч, М. Купава і інш. Увогуле, сучасны стан выяўленчага мастацтва рэспублікі характарызуецца значнасцю падзей і ажыўленнем, што звязана з актывізацыяй дзейнасці і пашырэннем мастацкага рынку. Далейшае развіццё атрымала музычнае мастацтва. Створаны Дзяржаўны камерны хор, Мінскі аркестр духавых інструментаў “Няміга”, калектыў па адраджэнню музычнай спадчыны “Беларуская капэла” пад кіраўніцтвам М. Фінберга. Традыцыйным стала правядзенне шэрагу музычных фестываляў, сярод якіх “Славянскі базар” у Віцебску, “Магутны Божа” у Полацку і “Залаты шлягер” у Магілёве, фестываль маладых выканаўцаў у Маладзечне. У 90-я гг. адбыліся змены ў адносінах да суайчыннікаў за межамі Беларусі. Зроблены першыя крокі па азнаямленню грамадскасці з культурнымі набыткамі Н. Арсеневай, М. Сяднёва, К. Акулы, Ю. Віцьбіча і інш. Наладзілася дзейнасць беларускіх культурна-асветніцкіх аб'яднанняў і таварыстваў у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Рызе. У Вільнюсе адноўлена выданне газеты “Наша ніва”. Такім чынам, з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь шмат зроблена для развіцця адукацыі, навукі, друку, літаратуры, мастацтва, архітэктуры. Павышаецца ўзровень самасвядомасці беларусаў, іх цікавасць да гісторыі і культуры Бацькаўшчыны. * * * Гістарычны вопыт – багацце народа. Яго няведанне, тым больш ігнараванне, з’яўляецца памылкай, якую нельга зразумець ці апраўдаць. Адметна бяднейшым становіцца і народ, калі слаба ведае сваю мінуўшчыну, гісторыю сваіх далёкіх і блізкіх прашчураў, якія так шмат вынеслі і так многа зрабілі, каб цяпер сучасныя пакаленні сталі тымі, якімі яны ёсць. Вывучэнне гісторыі Беларусі дае магчымасць з набытымі ведамі жыць у новым тысячагоддзі, а шырока прызнаная талерантнасць беларускага народа неад’емна будзе ўключаць і гістарычную памяць як адну са сваіх адметных якасцей. Храналогія падзей Ліпень 1991 г. – міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску, які стаў традыцыйным. Ліпень 1993 г. – І-ы з’езд беларусаў свету. Верасень 1993 г. – першае святкаванне Дня беларускай пісьменнасці ў Полацку. Май 1993 г. – адкрыты помнік Кірылу Тураўскаму ў г.п. Тураве (скульптар М. Інькоў). Красавік 1996 г. – выхад у свет І тома “Беларускай энцыклапедыі”. Студзень 1996 г. – руская мова набыла статус дзяржаўнай. Верасень 1997 г. – хрысціянская святыня – крыж Ефрасінні Полацкай адноўлены майстрам М. Кузьмічом. Верасень 1998 г. – міжнароднае свята паэзіі ў Навагрудку, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча. Снежань 1999 г. – адкрыццё помніка Ефрасінні Полацкай (скульптар І. Голубеў, архітэктар В. Ягадніцкі). Пытанні для самаправеркі 1. Якія законы вызначаюць сённяшнюю дзяржаўную палітыку Беларусі ў сферы культуры? 2. Ці можна сказаць, што сучаснае Адраджэнне з’яўляецца працягам працэсу Адраджэння пачатку ХХ ст.? Адказ пацвердзіце гістарычнымі фактамі. 3. Ахарактарызуйце новыя з’явы ў развіцці беларускай культуры на сучасным этапе. Спіс літаратуры
Дата добавления: 2014-01-03; Просмотров: 1397; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |