КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Тэма 6. Методыка навучання марфемнаму складу і словаўтварэнню
Роля і месца раздзела ў курсе беларускай мовы і лінгвістычныя асновы яго вывучэння ў школе. Лексічны склад мовы няспынна папаўняецца за кошт новых слоў, узнікненне якіх выклікана зменамі ў грамадстве, развіццём вытворчасці, культуры, навукі і інш. Новыя словы прыходзяць у літаратурную мову з жывых народных гаворак Беларусі, з прафесійнай і тэрміналагічнай лексікі, з іншых моў (запазычваюцца), а таксама ўтвараюцца паводле пэўных законаў на аснове існуючага як свайго ўласнага, так і запазычанага матэрыялу ў мове. Найбольшая колькасць слоў прыходзіць у нашу мову з народна-дыялектнай мовы, значна менш з прафесійнай і тэрміналагічнай лексікі, запазычанні таксама складаюць параўнальна нязначную частку лексікі беларускай літаратурнай мовы. Асноўным жа сродкам папаўнення і развіцця слоўнікавага складу беларускай літаратурнай мовы заўсёды было і застаецца словаўтварэнне. Мова мае багаты арсенал словаўтваральных сродкаў, шматлікіх і разнастайных спосабаў словаўтварэння. Менавіта вывучэннем спосабаў утварэння новых слоў, устанаўленнем іх структуры і ўзаемаадносін з роднаснымі і займаецца словаўтварэнне як раздзел мовазнаўства. У мове параўнальна невялікая колькасць невытворных слоў, значна больш вытворных, г. зн. утвораных ад іншых, параўн.: лес – лясны, ляснік, леснічоўка, леснічыха, узлессе, Палессе, прылессе, лясок, лясочак, лясніцтва, ляснічы, лесаводства, лесавод, лясгас і інш. Цяжка нават уявіць, колькі спатрэбілася б камбінацый гукаў, калі называць кожнае паняцце новым словам, але яшчэ цяжэй было б запомніць гэтыя словы. І зусім іншая справа ведаць законы словаўтварэння, умець падбіраць роднасныя словы, выяўляючы ў іх агульнае і адметнае. Вывучаючы спосабы словаўтварэння, вучні ўяўляюць малюнак развіцця і станаўлення лексічных запасаў мовы. Паколькі аб’ектам словаўтварэння з’яўляецца слова і пры гэтым асаблівая ўвага надаецца вытворнаму слову, то пры вывучэнні словаўтварэння ствараецца база для ўспрымання і вывучэння часцін мовы. Так, пры вывучэнні структуры слова, спосабаў утварэння акцэнтуецца ўвага на прыналежнасці пэўных афіксаў, напрыклад, суфікса -чык /-шчык, назоўнікам, а суфікса -ск- – толькі прыметнікам, выяўляецца іх значэнне. Вельмі важную ролю адыгрываюць веды па марфемным складзе і словаўтварэнні для авалодвання арфаграфіяй. Так, напрыклад, паспрабуйце растлумачыць правапіс слоў суседскі, казахскі, парыжскі, выбаргскі, добрушскі без выдзялення марфем у словах, без устанаўлення часціны мовы, лексічнага значэння. Сапраўды, там, дзе напісанне заснавана на марфемным прынцыпе, нельга абысціся без марфемнага аналізу слова, які ў многім папярэджвае арфаграфічныя памылкі, напрыклад, на рэч-цы /рэч-ачка/, лёт-чык /лят-аць/, на клад-цы /клад-ачка/, ад-казаць, з-жаць, вуч ыш ся і інш. Такім чынам, роля словаўтварэння ў школьным курсе беларускай мовы не толькі практычная, але і агульнаразвіццёвая. Тым не менш самастойным раздзелам школьнага курса словаўтварэнне стала толькі з 1970 г., хаця пытанні марфемікі ўключаліся ў праграму школьнага курса беларускай мовы амаль заўсёды. У сучаснай школе марфемны склад і словаўтварэнне вывучаюцца ў некалькі этапаў: п а ч а т к о в ы, калі элементарныя звесткі аб будове слова вучні атрымліваюць ужо ў пачатковых класах (1 – 4 кл.); с і с т э м а т ы ч н ы (5 кл. для школ з беларускай мовай навучання, 6 кл. – з рускай мовай навучання), калі ўсе пытанні раздзела вывучаюцца ў адпаведнасці з лінейным прынцыпам праграмы курса (раней згодна з лінейна-ступеньчатым прынцыпам размяшчэння матэрыялу ў 5 класе вывучалі пытанні марфемнай будовы слова, а ў 6 кл. – вывучалі пытанні словаўтварэння); с п а д а р о ж н ы (7 – 10 кл.), калі пытанні раздзела спалучаюцца з вывучэннем усіх раздзелаў курса і асабліва словаўтварэнне часцін мовы; з а к л ю ч н ы (11 – 12 кл.), калі работа па вывучэнні марфемікі і словаўтварэння прадаўжаецца ў выглядзе паўтарэння і абагульнення, работы над стылістычнай афарбоўкай слова, афіксаў у яго складзе (параўн., напрыклад, нейтральнае найважнейшы і кніжнае архіважны, высокі і размоўнае высозны), вызначэння паходжання слова і інш. У школьным курсе мовы словаўтварэнне вывучаецца як сучасны, жывы працэс, таму звесткі з гістарычнага словаўтварэння з’яўляюцца дадатковымі, напрыклад, аб зменах у структуры слова беларус (гіст. бел-а-рус), снеданне (гіст. сн-ед-а-нн-е) настаўнік паведамляе сам ці вучні атрымліваюць звесткі з дадатковай літаратуры, матэрыялаў падручніка і інш. Як вядома, у марфеміцы выдзяляюць каранёвыя і афіксальныя, ці службовыя, марфемы. Афіксальныя марфемы ў сваю чаргу падзяляюцца на прэфіксы, ці прыстаўкі, суфіксы, постфіксы, інтэрфіксы, флексіі, ці канчаткі. У школе вывучаюцца корань, прыстаўка, суфікс, канчатак (як правіла, толькі гэтыя тэрміны), постфікс і як разнавіднасць інтэрфіксаў (не выкарыстоўваючы гэты тэрмін), ці адзін з яго відаў, – злучальныя галосныя. К а н ч а т а к – зменная частка слова, вызначаць якую лепш за ўсё на прыкладзе параўнання формаў аднаго слова, калі вучні выяўляюць адну і тую ж частку слова і зменную, устанаўліваюць ролю канчаткаў – сродак спалучэння слоў у сказе. Акрамя таго, неабходна давесці вучням і іншыя функцыі канчатка: 1) у дзеясловах, што спрагаюцца, канчатак указвае адначасова на асобу і лік (ляч-у, лята-еш, лята-е, лята-ем, лята-еце, лята-юць), 2) у дзеясловах прошлага часу канчатак указвае на род і лік (прыйшоў, прыйшл-а, прыйшл-о, прыйшл-і), 3) у скланяльных словах канчатак указвае на склон і лік (сцян-а, сцян-ы, сцен-ы, сцен). К о р а н ь – асноўная частва слова і агульная частка роднасных слоў (сад, садовы, садоўнік, прысады, пасадка, пасадзіць). Засвойваючы паняцце “корань”, вучні вучацца выдзяляць корань у аднакаранёвых словах (светлы, пасвятлецъ, святло, свяціць), выдзяляць аднакаранёвыя сярод прыведзеных і групаваць словы па агульным корані (казаць, указ, паказчык, казка, паказваць, казачнік, наказаць, паказаны, сказаць, указка, казачны, паказальны, паказванне, указчык), падбіраць аднакаранёвыя словы да прыведзеных і інш. Практыкаванні дазваляюць назіраць аманімію кораняў (горы і гора), чаргаванні галосных і зычных у корані (вёсны – вясна, дзень – дзянёк; суха – высыхаць, церці – выціраць; дарога – дарожны – у дарозе, страха – стрэшка – на страсе), вызначаць месца кораня ў слове (сцяна, прысценак, прыгарад). Менавіта на гэтых асаблівасцях акцэнтуецца ўвага вучняў для ўяўлення паняцця аб корані. С у ф і к с і п р ы с т а ў к а – значымыя часткі слова, якія займаюць рознае месца ў адносінах да кораня (прыбярэжны), але выконваюць агульную ролю: служаць сродкам утварэння новых слоў (лятаць – лётчык, хадзіць – прыходзіць). Як і корані, прыстаўкі і суфіксы могуць мець гука-літарнае адрозненне, напрыклад, раз даваць і рас класці, аб бегчы і аба бегчы, лёт чык і бетон шчык, гарош ын а і лічб ін а. Звяртаецца ўвага і на формаўтваральную функцыю асобных суфіксаў і прыставак (хутч-эй, весял-ейш-ы, пайшо-ў, пайш-л-а, най-хутчэй), на наяўнасць у адным слове некалькіх суфіксаў (падрыхт-ав-а-н-асць, паказ-а-льн-ік) ці прыставак (па-раз-важаць, пера-а-цаніць), на аманімію суфіксаў (гар-ыст-ы – гітар-ыст, Саш-ын-а – жамчуж-ын-а), на здольнасць суфікса далучацца да цэлага слова, асновы і пры гэтым захоўваць ці змяняць часціну мовы (футбол – футбаліст, хата – хатні, гара – гарысты) і здольнасць прыстаўкі далучацца да цэлага слова i, як правіла, не змяняць прыналежнасці слова да часцін мовы (ехаць – прыехаць, радасны – нярадасны, хто – ніхто, загаловак – падзагаловак, але: верх – наверх). З л у ч а л ь н ы м і галоснымі ў беларускай мове выступаюць а, е, о, я, яны з’яўляюцца словаўтваральным сродкам i паказчыкам складаных слоў (параход, полезварот, куродым, землямер). Са шматлікіх спосабаў словаўтварэння беларускай мовы для школьнага курса выбраны суфіксальны, прыставачны, прыставачна-суфіксальны, бяссуфіксны, асноваскладанне, словаскладанне i пераход слоў з адной часціны мовы ў іншую. Пры іх вывучэнні важна выпрацаваць разуменне дзеяння законаў словаўтварэння i паняцце нарматыўнасці адносна ўтварэння новых слоў у беларускай мове. Прыёмы выкладання марфемнага складу і словаўтварэння. Асноўнымі метадычнымі прыёмамі вывучэння марфемнага складу слова i яго словаўтваральнай структуры з’яўляюцца марфемны і словаўтваральны аналізы слова. М а р ф е м н ы аналіз слова – расчляненне яго на мінімальна значымыя часткі, выдзяленне ўсіx марфем (на-рыхт-оў-к-а). Для вычлянення марфем неабходна супастаўляць аналізаванае слова з роднаснымi ці аднаструктурнымі, каб устанавіць толькі тыя марфемы, якія ёсць. Напрыклад, у слове народ указаць каранёвую марфему i нулявы канчатак, падабраўшы аднакаранёвыя яму народны, народнасцъ, народнік, народніцтва; звязваць слова народ з этымалагічна роднасным род, а значыць дзяліць яго на каранёвую марфему род, прыстаўку на- i нулявы канчатак няправільна, гэта задача этымалагічнага аналізу. Супастаўленне слоў з агульнымі марфемамі, што маюць аднолькавае значэнне, прыводзіць да выдзялення гукавога астатку, які кваліфікуецца як марфема, напрыклад, у слове фанатык выдзяляем каранёвую марфему фанат i суфіксальную -ык, таму што супастаўляльнае роднаснае слова фанатызм мае ў сваім складзе марфему фанат з тым жа гукавым складам i значэннем. У многіх выпадках, асабліва пры вызначэнні службовых марфем, характэрна супастаўленне аналізаванага слова з іншымі словамі, якія маюць такі ж афікс, на аснове аб’яднання ix агульным значэннем, напрыклад, атамшчык, кранаўшчык, зваршчык – назва асобы па дзеянні, прафесіі. У школьнай практыцы марфемны аналіз называюць часам разборам слова па саставе, часам марфалагічным аналізам. Другі тэрмін – марфалагічны аналіз – недакладны, паколькі назіраецца аманімія тэрмінаў: марфалагічны аналіз — характарыстыка марфалагічных уласцівасцей слова як пэўнай часціны мовы. Найбольш дакладна, коратка i пашырана ў апошні час выкарыстанне тэрміна марфемны разбор, ці аналіз. Марфемны аналіз, яго шырокае выкарыстанне ў школе паказвае, што вучні нядрэнна спраўляюцца з ім, разумеюць марфемную будову слова, тым больш што аналізуюцца звычайна словы з выразнай марфемнай будовай. У метадычнай літаратуры ёсць нямала прапаноў адносна парадку і схемы правядзення марфемнага аналізу. Спынімся толькі на схеме падручніка: Парадак марфемнага разбору: 1. Вызначыць часціну мовы. 2. Адзначыць, зменнае або нязменнае слова. 3. Абазначыць канчатак, назваць яго граматычнае значэнне. 4. Назваць і абазначыць аснову слова (вытворная, невытворная). 5. Знайсці корань у слове, падабраўшы роднасныя словы 6. Абазначыць суфікс і прыстаўку. С л о в а ў т в а р а л ь н ы аналіз слова мае на мэце ўстанавіць вытворную i ўтваральную асновы, той словаўтваральны сродак/кi/, пры дапамозе якога ўтворана аналізаванае слова, i спосаб утварэння, напрыклад: утваральная аснова начлег + суфікс нік- → вытворная аснова начлежнік, суфіксальны спосаб утварэння; гнілы → гніль (бяссуфіксны спосаб); першы + злучальная галосная а + друкар → першадрукар (асноваскладанне); БАМ → Байкала-Амурская магістраль (абрэвіяцыя з пачатковых гукаў yсix слоў). Пры словаўтваральным аналізе найбольш важным з’яўляецца правільна вызначыць утваральную аснову (слова), для чаго аналізаванае слова супастаўляецца з аднакаранёвымі, роднаснымі словамi, якія суадносяцца з ім па форме i сэнсе. Усё астатняе (вычляненне словаўтваральнага сродку, спосабу ўтварэння) будзе другасным і поўнасцю залежаць ад першага. Увогуле важна навучыць карыстацца схемай словаўтваральнага аналізу: 1. Вызначэнне часціны мовы. 2. Устанаўленне лексічнага значэння слова. 3. Падбор утваральнай асновы (слова). 4. Структурная i семантычная суаднесенасць слова, якое аналізуецца, і слова (слоў), якое падабрана як матывальнае. 5. Вызначэнне словаўтваральнага сродку(-аў). 6. Характарыстыка спосабу ўтварэння. Напрыклад: абміранне – назоўнік, мае значэнне ‘дзеянне i стан паводле дзеяслова абміраць ’; суадносным словам яму з’яўляецца дзеяслоў абміраць (утваральная аснова абміра -); абстрактны назоўнік абміранне па будове i семантыцы суадносіцца з дзеясловам абміраць ‘нямець ад нечаканага i моцнага ўзрушэння’, паколькі абазначае вынік дзеяння, названага дзеясловам; словаўтваральным сродкам з’яўляецца суфікс - нн -; слова ўтворана суфіксальным спосабам. Прапанаваны парадак правядзення словаўтваральнага аналізу слова грунтуецца на структурна-семантычным прынцыпе, бо вучням неабходна паказаць не толькі i нават не столькі спосаб утварэння таго ці іншага слова, колькі свядома падвесці іх да разумення сутнасці гэтага спосабу на аснова структурнай і семантычнай блізкасці слоў. Назіраюцца выпадкі, калі да аналізаванага слова можна падабраць не адну, а дзве i больш утваральных aсноў, напрыклад: назоўнік дашкольнік можна супаставіць i суаднесці па форме i семантыцы як з прыметнікам дашкольны ‘які адносіцца да часу, што папярэднічае паступленню дзіцяці ў школу’, так i з назоўнікам школьнік ‘вучань’, у залежнасці ад чаго вылучаецца розны словаўтваральны сродак i адпаведна ўстанаўліваецца розны спосаб словаўтварэння: дашкольны + - ік = дашкольнік (суфіксальны), да - + школьнік = дашкольнік (прыставачны). У такіх выпадках настаўнік не павінен катэгарычна сцвярджаць цi патрабаваць ад вучня падбору такога слова, якое правільным лічыць ён, настаўнік. Галоўнае, каб вучань мог устанавіць i абгрунтаваць семантычную i структурную суаднесенасць утворанага i ўтваральнага слоў. Поўная схема правядзення словаўтваральнага аналізу слова асабліва прынясе карысць пры вывучэнні словаўтварэння на факультатыўных занятках, пры дадатковай рабоце з вучнямі цi ў спрэчных i складаных выпадках. Звычайна ж у паўсядзённай рабоце падрабязны аналіз можа быць заменены спрошчаным, які зводзіцца да 1) указання часціны мовы i значэння слова, 2) вызначэння слова, ад якога ўтворана, пры дапамозе чаго, 3) якім спосабам. Напрыклад: назоўнік кацельшчык ‘майстар цi спецыяліст па вырабу цi абслугоўванню паравых катлоў’ утвораны ад назоўніка кацёл пры дапамозе суфікса - шчык суфіксальным спосабам. У пісьмовай рабоце словаўтваральны разбор мае наступны выгляд: кацельшчык ← кацёл (суф. спосаб). Пры словаўтваральным аналізе абрэвіятур перш за ўсё неабходна ix расшыфраваць, а затым ужо ўказаць, ад чаго, як i якім спосабам утворана тая цi іншая абрэвіятура, напрыклад: юннат ← юн ы нат уралiст – утворана з пачатковых частак двух слоў (звярнуць увагу на правапіс двух - нн - у слове, паколькі толькі словаўтваральны аналіз дазваляе абгрунтаваць такое напісанне); ЦУМ ← Ц энтральны у ніверсальны м агазін – утворана з пачатковых гукаў трох слоў. Добра пазнаёміць вучняў i сa словаўтваральным ланцужком, не называючы i не ўводзячы адпаведную тэрміналогію, напрыклад, падслухванн е ← падслухва ць ← падслухаць ← слухаць. Ступеньчаты характар правядзення словаўтваральнага аналізу як нельга лепш ілюструе сувязь марфемнага складу i словаўтваральнай будовы слова i разам з тым іх адрозненне. Як бачым, задачы марфемнага i словаўтваралънага аналізаў розныя. Розныя для iх i вынікі: у выніку марфемнага аналізу адшукваецца марфема, у выніку словаўтваральнага – утваральная аснова, словаўтваральны сродак і спосаб словаўтварэння. Для марфемнага аналізу асноўным паняццем з’яўляецца члянімасць слова (асновы), для словаўтваральнага – вытворнасць. Заўважым, што вытворнасць асновы i вытворнасць слова не адно i тое ж. У першым выпадку маецца на ўвазе, з якіх марфем складаецца аснова, напрыклад, аснова назоўніка падслухванне вытворная, паколькі складаецца з каранёвай марфемы слух -, прыстаўкі пад - i суфіксаў - ва -, - нн -; у другім – з якіх частак складаецца слова, што з’яўляецца яго базай, якім словам яно матывуецца, напрыклад, назоўнік падслухванне з’яўляецца вытворным, паколькі яно матывуецца дзеясловам падслухваць, ад асновы гэтага дзеяслова яно i ўтворана з дапамогай суфікса - нн -. Больш за тое, назіраецца i такая асаблівасць, як неадпаведнасць невытворнай асновы i невытворнасці слова, напрыклад, назоўнік сінь – слова з невытворнай асновай (аснова раўняецца кораню), але вытворнае з пункту гледжання словаўтварэння: сiн i → сінь (бяссуфіксны спосаб утварэння). Гэтыя два прыёмы выкладання марфемікі i словаўтварэння з’яўляюцца асноўнымі і разам з тым прыватнымі, ці спецыфічнымі, прыёмамі ў школе. Вось чаму настаўніку так неабходна ведаць правілы i прыёмы іх правядзення, прадбачыць i папярэдзіць магчымыя памылкі. Правілы правядзення марфемнага і словаўтваральнага аналізаў слова. Нярэдка пры правядзенні марфемнага i словаўтваральнага аналізаў слова дапускаюцца памылкі. Так, пры марфемным аналізе дапускаюцца памылкі, якія часцей за ўсё выкліканы: 1) неадрозненнем сучаснай i гістарычнай будовы слова, напрыклад: сучасная будова слова абед – каранёвая марфема абед і нулявы канчатак, гэта слова з невытворнай асновай, таму дзяліць слова на каранёвую марфему - ед -, прыставачную аб - i нулявы канчатак няправільна, так як гэта гістарычная будова слова, будова слова ў мінулым; 2) няправільным устанаўленнем сувязей аналізаванага слова, няправільным падборам аднакаранёвых слоў, якія з пункту гледжання сучаснай беларускай мовы такімі не з’яўляюцца, напрыклад: назоўнік народ не з’яўляецца аднакаранёвым да назоўнікаў род, прырода ў сучаснай беларускай мове, у адваротным выпадку мы няправільна вызначым сучасную будову слова народ; 3) няправільным надборам слоў для ўстанаўлення марфемнай будовы слова з народна-дыялектнай мовы, напрыклад, хвіліна – хвіля, што дазваляе выдзеліць каранёвую марфему хвіл - i суфікс - ін -, канчатак - а, але лексема хвіля не зафіксавана як літаратурная; 4) падборам аднакаранёвых слоў толькі на аснове ix блізкага ці аднолькавага гучання, афармлення, без уліку семантыкі, напрыклад: качан i качаня ніяк не роднасныя, бо значэнне ix рознае, а таму, нягледзячы на аднолькавае напісанне i блізкае гукавое афармленне /качан/ – /качан’/, марфемны склад іх розны: качан, кач-ан-я; 5) парушэннем парадку, паслядоўнасці правядзення марфемнага аналізу слова. Дапускаюцца шматлікія недакладнасці i нават памылкі і пры правядзенні словаўтваральнага аналізу слова. Гэта можна растлумачыць тым, што, нягледзячы на досыць багатую літаратуру, прысвечаную словаўтварэнню наогул, словаўтваральнаму аналізу ў прыватнасці, раздзел гэты досыць малады, параўнальна нядаўна ўведзены ў школьную праграму, ды i досыць складаны. Да таго ж словаўтваральны аналіз у школьнай практыцы хоць і выкарыстоўваецца, але пакуль што недастаткова i, як правіла, на ўроках, прысвечаных толькі вывучэнню словаўтварэння. Каб пазбегнуць найбольш пашыраных, паводле нашых назіранняў, памылак, дапамагчы практычна папярэдзіць памылкі пры правядзенні словаўтваральнага аналізу будучаму настаўніку, прапануем выпрацаваныя і сфармуляваныя намі правілы і прыёмы арганізацыі аналізу. 1. Перш чым прыступіць да словаўтваральнага аналізу, тым больш прапанаваць вучням канкрэтнае слова для аналізу, неабходна ўстанавіць, ці можна гэтае слова разглядаць з пункту гледжання словаўтваральнага аналізу, ці з’яўляецца яно аб’ектам гэтага аналізу. Справа ў тым, што ў нашай мове не ўсе словы з’яўляюцца вытворнымі, а значыць, не любое слова можна прапанаваць для словаўтваральнага аналізу. Так, словы дом, дым, стол, ток, фасоля, хата, тры, пяць не маюць сваix утваральных асноў, не маюць суадносных слоў, ад якіх яны ўтвораны. Як вынік – словы з невытворнай асновай (аснова раўняецца кораню) не з’яўляюцца аб’ектам словаўтваральнага аналізу. Праўда, гэта вельмі агульны вывад, які патрабуе ўдакладнення, паколькі маецца некалькі прыватных выпадкаў. Вось накаторыя: а) у беларускай мове выдзяляецца група слоў, аснова якіх невытворная, раўняецца кораню, напрыклад: сінь, гніль, бель, чырвань, ціш, бег, рух, хворы, любы, залаты, свіны i інш., але яны паводле свайго ўтварэння матывуюцца іншымі словамі, г. зн. з’яўляюцца вытворнымі словамі i, зразумела, з’яўляюцца аб’ектам словаўтваральнага аналізу: сінь ← сiнi, гніль ← гнілы, бель ← белы, чырвань ← чырвоны, ціш ← ціхі, шыр ← шырокі, рух ← рухаць, бег ← бегаць, хворы ← хвароба, любы ← любіць, залаты ← золата, свіны ← свіння; б) не ўсе словы, аснова якіх дзеліцца на марфемы, з’яўляюцца вытворнымі, могуць быць прапанаваны для словаўтваральнага аналізу, напрыклад: у дзеясловах абуць, разуць выдзяляем агульную каранёвую марфему - у - i адпаведна прыстаўкі аб - і раз -, суфікс - ць. Тым не менш нельга сказаць, што ад чаго ўтворана, пры дапамазе чаго i якім спосабам. Цi яшчэ: словы воін, вайна, войска, у якіх згодна марфемнаму аналізу выдзяляем агульны корань вой- / вай -/ i адпаведна суфіксы - ін -, - ск -, - н - і канчаткі – нулявы і - а, але для ўсix гэтых слоў нельга ўстанавіць утваральныя асновы, словы, ад якіх яны ўтвораны, а гэта азначае немагчымасць выкарыстання ix для словаўтваральнага аналізу. Для ўстанаўлення магчымасці ці немагчымасці правядзення словаўтваральнага аналізу таго ці іншага слова неабходна карыстацца прыёмам супастаўлення: патрэбна падбіраць да ўзятага слова блізкія па сэнсе і будове. Вядома, што любая вытворная аснова звязана з невытворнай i iснуе як вытворная толькі тады, калі ў мове ёсць невытворная, якая суадносіцца з ёй структурна i семантычна. Пры страце невытворнай асновы ці семантычнай сувязі паміж імі вытворная аснова становіцца невытворнай, напрыклад: назоўнік крыўда раней суадносіўся па структуры i семантыцы з прыметнікам крывы, першы быў з вытворнай асновай (крыў-д-а), другі – з невытворнай (крыв-ы), у выніку змен у марфалагічнай будове (у дадзеным выпадку апрошчванне) слова крыўда стала невытворным, страцілася i сэнсавая сувязь паміж імі, затое ў мове з’явілася новае невытворнае слова – аснова, база для ўтварэння новых слоў (крыўда – крыўдаваць, крыўдзіцель i інш.). 2. Пры словаўтваральным аналізе, асабліва пры вызначэнні словаўтваральных сродкаў, а ў выніку i спосабу словаўтварэння нельга арыентавацца на марфемны склад слова, на яго вынікі. Так, даволі часта пры вызначэнні спосабу ўтварэння слова адбываецца перанясенне вынікаў марфемнага аналізу на вынікі словаўтваральнага, чаго ні ў якім разе рабіць нельга, напрыклад: у слове прыгарадны пры марфемным аналізе выдзяляюцца корань - гарад -, прыстаўка пры -, суфікс - н - і канчатак - ы, але гэта не можа служыць асновай таго, што дадзенае слова ўтворана прыставачна-суфіксальным спосабам, паколькі яно суадносіцца фармальна i семантычна са словам прыгарад ‘населены пункт, размешчаны паблізу вялікага горада, побач з горадам’ і матывуецца ім: прыгарадны ‘які мае адноciны да прыгарада; знаходзіцца ў прыгарадзе; які знаходзіцца паблізу горада; які мае адносіны да транспартных зносін паміж горадам i прыгарадам’, а значыць утвораны пры дапамозе суфікса - н - (прыгарад + -н- = прыгарадны) суфіксальным спосабам. Часцей за ўсё такое памылковае перанясенне вынікаў марфемнага аналізу на словаўтваральны назіраецца пры вызначэнні і аналізе слоў афіксальнага ўтварэння ці аснова-, словаўтварэння i складана-суфіксальнага спосабу. Так, назоўнікі мнагазначнасць і шматпланавасць – складаныя па сваёй марфемнай будове, але нельга сказаць, што яны ўтвораны шляхам асноваскладання ці словаскладання, бо матывуюцца яны адпаведна прыметнікамі мнагазначны i шматпланавы, з якімі фармальна і семантычна суадносяцца (мнагазначны ’які складаецца з многіх лічбавых знакаў; які мае некалькі значэнняў; які нібы скрывае за сабой што-н. важнае, намякае на што-н. важнае’ + - асць - = мнагазначнасць ’уласцівасць мнагазначнага’), а ў выніку гэтыя словы ўтвораны суфіксальным спосабам. Каб пазбегнуць такой памылкі пры словаўтваральным аналізе, неабходна ў кожным канкрэтным выпадку шукаць суадносныя словы, якія найбліжэй па структуры i семантыцы, i вызначаць утваральнае для аналізаванага слова. Толькі пасля гэтага можна гаварыць аб сродках i спосабе ўтварэння. 3. Пры вызначэнні суфіксальнага ці прыставачнага спосабаў утварэння слоў досыць часта дапускаецца памылка ў вызначэнні гэтых словаўтваральных сродкаў, паколькі зноў парушаецца парадак правядзення словаўтваральнага аналізу: перш вызначаецца сродак i спосаб, а патрэбна перш вызначыць утваральную аснову. Так, у назоўніку дынамавец правільным будзе вызначэнне суфікса - авец, паколькі ўтваральнай асновай для яго служыць назоўнік дынама, а не суфікс - ец, таму што наогул адсутнічае прыметнік дынамавы; альбо ў назоўніку палахлівец выдзяляем суфікс словаўтварэння -ец у выніку суаднясення з прыметнікам палахлівы (палахлівы + - ец = палахлівец); адпаведна: недаказаць < неда - + казаць, паспускаць < па - + спускаць, спускаць < с- + пускаць i інш. Гэтай памылкі можна пазбегнуць, калі, па-першае, названа часціна мовы і лексічнае значэнне слова, падабраны суадносныя словы і вызначана ўтваральная аснова; па-другое, памятаць, што пры словаўтварэнні ў сучаснай беларускай мове няма такога спосабу, пры якім новыя словы ўтвараліся б далучэннем да ўтваральнай асновы адразу некалькіх суфіксаў ці некалькіх прыставак, хоць пры марфемным чляненні можна выдзеліць некалькі суфіксаў ці прыставак. Праўда, нельга забываць i пра складаныя марфемы тыпу прыстаўкі неда -, суфікса - льнік (недаказаць, халадзільнік), выдзеліць якія не складае вялікай цяжкасці, калі падабраць i ўстанавіць тую ўтваральную аснову, ад якой непасрэдна ўтворана кожнае канкрэтнае слова. 4. Пры словаўтваральным аналізе дапускаюцца памылкі i пры падборы матывавальнага слова, вызначэнні ўтваральнай асновы ў выніку змешвання словаўтваральнага i этымалагічнага аналізаў. Так, напрыклад, няправільным з’яўляецца суаднясенне назоўнікаў бялізна з прыметнікам белы i лічыць апошні матывавальным словам для назоўніка бялізна, паколькі назоўнік бялізна страціў сэнсавую сувязь з прыметнікам белы (бялізна ‘нацельнае адзенне з тканіны пераважна светлых колераў, а таксама вырабы з такой тканіны для бытавых патрэб’, а белы ‘які мае колер снегу, малака; проціл. чорны’). Неабходна памятаць, што пры падборы матывавальных слоў (яны служаць утваральнымі для аналізаваных), неабходна ўлічваць толькі жывыя сэнсавыя сувязі паміж утваральным і вытворным словамі. Заўвагі аб словаўварэнні асобных часцін мовы і стылістычных сродках словаўтварэння. Атрыманыя веды па словаўтварэнні набываюць вялікае значэнне пры вывучэнні марфалогіі, таму што вывучэнне кожнай часціны мовы завяршаецца тэмай яе словаўтварэння, спосабаў утварэння. Менавіта пры вывучэнні марфалогіі ўвогуле i словаўтварэння кожнай часціны мовы ўдасканальваюцца навыкі правядзення словаўтваральнага аналізу, маецца магчымасць павысіць ступень цяжкасці і самастойнасці выканання (падбор больш складаных слоў). Пры гэтым акцэнтуецца ўвага на асаблівасцях утварэння кожнай часціны мовы, выкарыстанні спецыфічных словаўтваральных сродкаў, іх ролі, значэнні. Пры вывучэнні, напрыклад, назоўнікаў, вучні заўважаюць, што найбольш пашыраным спосабам ix утварэння з’яўляецца суфіксальны спосаб, што вызначаюцца суфіксы, характэрныя толькі пры ўтварэнні назоўнікаў, што за асобнымі суфіксамі замацоўваецца канкрэтнае значэнне, напрыклад, суфіксы -чык/-шчык, - іст /-ыст выкарыстоўваюцца для ўтварэння назоўнікаў, што абазначаюць асобу па прадмету дзеяння: бетон → бетоншчык, аблава → аблаўшчык, кафель → кафельшчык, цымбалы → цымбаліст, трактар → трактарыст, матор → матарыст; абазначаюць асобу паводле дзеяння, якое яна выконвае: пераказаць → пераказчык, перагібаць → перагібшчык, расшыфраваць → расшыфроўшчык, падмяняць → падменшчык. Варта звярнуць увагу i на такі факт, як далучэнне адных і тых жа суфіксаў да розных асноў i ўтварэнне слоў розных лексіка-семантычных груп, напрыклад, суфікс -ец/-эц утварае: 1) назвы асоб паводле асаблівасці, стану: палахлівы → палахлівец, баязлівы → баязлівец, ганарлівы → ганарлівец, ліслівы → ліслівец, мудры → мудрэц; 2) назвы асоб паводле іх прыналежнасці да грамадскіх арганізацый, ідэйна-палітычных напрамкаў i плыняў: партыя → партыец, камсамол → камсамолец; 3) назвы асоб паводле дзеяння: касіць → касец, жаць → жнец, лавіць → лавец, прадаваць → прадавец; 4) назвы асоб паводле ix нацыянальнасці: Украіна → украінец, Эстонія → эстонец, Літва → літовец; 5) назвы асоб паводле іх месцазнаходжання, жыхарства: Жлобін → жлобінец. Як вядома, для прыметнікаў найбольш характэрным спосабам ix утварэння з’яўляецца суфіксальны. Пры дапамозе суфіксаў прыметнікі могуць утварацца ад асноў назоўнікаў, дзеясловаў, напрыклад: хата → хатні, стэп → стэпавы; давяраць → даверлівы, блішчаць → блішчасты. Вывучэнне адносных прыметнікаў будзе больш свядомым, калі вучням прапануецца зрабіць замену назоўнікаў у словазлучэннях адпаведнымі па сэнсе прыметнікамі, напрыклад: стол з дрэва – драўляны стол (матэрыял), дождж вясной – вясновы дождж (час), паліца для кніг – кніжная паліца (прызначэнне), паляна ў лесе – лясная паляна (месца) i інш. У выніку выразна ўяўляецца не толькі спосаб утварэння адносных прыметнікаў, aле і значэнне ix. Рэкамендуецца звяртаць увагу вучняў i на такую асаблівасць прыметнікаў, як утварэнне якасных i адносных прыметнікаў з дапамогай адных і тых жа суфіксаў, напрыклад: суфіксы -ан- /-ян-/, -н-, -ов- /-ёв-/ выкарыстоўваюцца як пры ўтварэнні якасных, так і адносных прыметнікаў (вецер → ветраны, полымя → палымяны, упраўляць → упраўны, страта → стратны, тып → тыповы, ласка → ласкавы, бляха → бляшаны, бульба → бульбяны, заліваць → заліўны, правінцыя → правінцыяльны, зіма → зімовы, корань → каранёвы). Асаблівай увагі патрабуе работа па вызначэнні словаўтварэння прыналежных прыметнікаў з дапамогай суфіксаў -аў-, -еў-, -ёў-, -оў-, -ін-, -ын- ад агульных асабовых і ўласных назоўнікаў, напрыклад: дырэктар → дырэктараў, Антось → Антосеў, Лукаш → Лукашоў, Міхась → Міхасёў, Марыля → Марылін, сястра → сястрын. Вучні лёгка ўстанаўліваюць, ад асновы якога назоўніка і пры дапамозе якога суфікса ўтвораны прыналежныя прыметнікі, калі ім прапанаваць падобныя прыклады для самастойнага аналізу. Але намнога цяжэй самастойна ўтвараць прыналежныя прыметнікі, і, як правіла, досыць часта назіраюцца памылковыя ўтварэнні тыпу Толін, Сашын, Пецін і інш. Пазбегнуць гэтага можна ў выніку практыкаванняў, іх чаргавання па аналізе гатовых утварэнняў і самастойнага ўтварэння новых слоў паводле ўзораў. Пры вывучэнні словаўтварэння дзеясловаў засяроджваецца ўвага на найбольш пашыраным спосабе – прыставачным. Тут важна, каб вучні заўважылі адну асаблівасць: утварэнне дзеясловаў з дапамогай прыставак ад цэлых слоў (ад-казаць, пера-казаць, пад-казаць, вы-казаць, рас-казаць, неда-казаць) і вызначэнне прыставак і іх значэння. Значна менш дзеясловаў утвараецца суфіксальным спосабам. Як правіла, гэта ўтварэнне ад асноў назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў, выклічнікаў, напрыклад: друк → друкаваць, ноч → начаваць, труба → трубіць, токар → такарнічаць, канспект → канспектаваць; добры → дабрэць, вясёлы → весялець, шчыры → шчыраваць, роўны → раўняць; два → дваіць, тры → траіць; ах → ахаць, ох → охаць, гоп → гопаць і інш. Пасля вывучэння словаўтварэння розных часцін мовы неабходна падагульніць веды і навыкі вучняў. Можна прапанаваць скласці табліцу па ўтварэнні розных часцін мовы ў залежнасці ад спосабаў іх утварэння. Але абавязкова неабходна засяродзіць увагу вучняў на такім факце, як выкарыстанне суфіксаў пры ўтварэнні розных часцін мовы, напрыклад, суфікс - іст адзначаем у назоўніках са значэннем асобы па спецыяльнасці (машына → машыніст), у прыметніках са значэннем якасці, уласцівасці (валакно → валакністы, вадзяны → вадзяністы) і інш. Атрыманыя веды па словаўтварэнні ў V – VIІІ класах павінны стаць часткай, і даволі прыкметнай, ведаў па практычнай стылістыкі, бо, як вядома, асноўным стылістычным сродкам з’яўляецца стылістычна афарбаваная адзінка мовы. Вось чаму на ўроках па словаўтварэнні, уроках развіцця маўлення павінна адбывацца знаёмства са стылістычнымі магчымасцямі словаўтварэння. Напрыклад, звяртаецца ўвага на стылістычныя магчымасці сінаніміі словаўтваральных сродкаў (суфіксаў і прыставак), параўн.: хата і хатка, хаціна, хатуля, хацінка, хацішча; старацца і пастарацца, папастарацца. Афіксы надаюць словам і пэўныя эмацыянальна-экспрэсіўныя афарбоўкі. Так, у гутарковай мове, мове мастацкай літаратуры выкарыстоўваюцца суфіксы - еньк -, - ачк -, - аньк -, - ейк -, - ютк -, - явеньк - і іншыя, якія надаюць словам памяншальнае ці памяншальна-ласкальнае значэнне (беленькі, зімачка, ночанька, сонейка, цалюткі, бялявенькі), суфіксы - эзн -, - ізн -, - озн -, - енн -, - ізарн - і іншыя, якія надаюць словам павелічальнае значэнне (высачэзны, вялізны, глыбозны, таўсценны, велізарны), суфіксы - ун -, - ан -, - ач -, - ак -, - ух -, - лк - і іншыя, якія ўносяць адценне зніжанасці, нават грубасці, знявагі (таўстун, губан, брухач, выхваляка, фарсуха, чыталка). Наадварот, для кніжнай мовы характэрна выкарыстанне слоў з прыстаўкамі архі -, звыш -, небез -, анты - (архіпатрэбна, звышмодны, небезвядомы, антырэлігійны), суфіксамі - асць, - ік -, - ізм і інш. (напружанасць, сацыялізм, дэмакратызм, сімволіка). Асноўная ўвага пры вызначэнні стылістычных рэсурсаў словаўтварэння надаецца сістэме практыкаванняў.
Пытанні і заданні 1. Вызначце ролю раздзела “Марфемны склад і словаўтварэнне” ў школьным курсе беларускай мовы. 2. Што агульнага і адметнага паміж марфемным і словаўтваральным аналізамі слова? 3. Якія тыповыя памылкі дапускаюць вучні пры марфемным аналізе? 4. Якія тыповыя памылкі дапускаюць вучні пры словаўтваральным аналізе? 5.Якое універсальнае правіла дапаможа пазбегнуць памылак пры правядзенні марфемнага і словаўтваральнага аналізаў слова? 6. Якія прыватныя прыёмы спрыяюць вывучэнню марфемнага складу слова і словаўтварэнню слоў беларускай мовы? 7. Пазнаёмцеся са спісам рэкамендаванай літаратуры і вызначце мэту выкарыстання паасобных прац у арганізацыі вучэбнай дзейнасці.
Літаратура 1. Жуковская, О. А. Изучение словообразования в восьмилетней школе / О. А. Жуковская, Т. А. Шаповалова. – М.: Просвещение, 1983. – 112 с. 2. Земская, Е. А. Современный русский язык. Словообразование / Е. А. Земская. – М.:Просвещение, 1973. – 304 с. 3. Канцавая, Г. “Як дрэвы, растуць усе словы...”: Марфеміка і словаўтварэнне: паўтарэнне // Роднае слова. – 2009. - № 5. – С. 61 –65. 4. Ляшчынская, В. А. Марфемны склад i словаўтварэнне ў школе. Метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў беларускай мовы / В. А. Ляшчынская. – Гомель, 1982. – 46 с. 5. Ляшчынская, В. А. Марфемны i словаўтваральны аналізы слова на ўроках беларускай мовы // Выкладанне беларускай мовы i літаратуры: Кніга для настаўніка; пад рэд. M. A. Лaзаpyкa. – Мн.: Народная асвета, 1983. – С. 46 – 57. 6. Немченко, В. Н. Современный русский язык. Словообразование / В. Н. Немченко. – М.: Высшая школа, 1984. – 255 с. 7. Старычонак, В. Марфемны і словаўтваральны аналізы // Роднае слова. – 1998. – № 4. – С. 112 – 119. 8. Сцяцко, П. У. Некаторыя пытанні марфемнай будовы слова // Народная асвета. – 1981. – № 6. – С. 54 – 58. 9. Сцяцко, П. У. Пытанні словаўтваральнага аналізу слова // Народная асвета. – 1981. – № 7. – С. 65 – 67. 10. Шакун, Л. М. Словаўтварэнне / Л. М. Шакун. – Мн.: Вышэйшая школа, 1978. – 128 с. 11. Язерская, С. Аб практычнай накіраванасці вывучэння словаўтварэння ў V класе // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1989. – № 10. – С. 39 – 42; № 11. – С. 18 – 25; 1990. – № 2. – С. 19 – 29. 12. Якуба, С. Некаторыя асаблівасці засваення пяцікласнікамі словаўтваральных паняццяў // Беларуская мова і літаратура. – 1998. – № 12. – С. 108 – 116. 13. Якуба, С. Навучанне пяцікласнікаў словаўтваральнаму разбору // Беларуская мова і літаратура. – 1998. – № 12. – С. 108 – 116. 14. Якуба, Святлана. Шукайма разам карані!: Корань слова і яго значэнне // Роднае слова. – 1995. – № 5. – С. 78 – 84; № 7. – С. 78 – 85.
Слоўнікі 1. Бардовіч, А. М. Марфемны слоўнік беларускай мовы / А. М. Бардовіч, Л. М. Шакун. – Мн.: Вышэйшая школа, 1975; 2-ое выд., 1989. – 718 с. 2. Бардовіч, А. М. Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы / А. М. Бардовіч, М. М. Круталевіч, А. А. Лукашанец. – Мн.: Беларуская навука, 2000. – 413 с. 3. Бардовіч, А. М. Школьны марфемны слоўнік беларускай мовы / А. М. Бардовіч, А. С. Мормыш, А. М. Шакун. – Мн.: Аверсэв, 2005. – 496 с.
Дата добавления: 2014-01-04; Просмотров: 8107; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |