КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Этымалогія паняцця электроннай інфармацыі
Вывады Такім чынам, эвалюцыя журналістыкі перманентна працягваецца. А нашу сістэму (табліцу радавога дзялення журналістыкі на віды)) ужо сёння, нават на старонках нашай жа публікацыі можна дабавіць новымі дыферэнцыяцыямі электроннай журналістыкі. Так, акрамя паняцця вэбжурналістыкі (сферы ўсёй адмысловай інфакамунікатыўнай дзейнасці ў вэб-прасторы), ужо функцыянуе, нагадаем, сінанімічны вэбу тэрмін сеткавай журналістыкі (ад англ. net сетка). Як журналістыка, якая забяспечвае бесперапынны паток пераважна факталагічнай інфармацыі на Інтэрнэт-стужках (онлайн-лентах) сеткавых спецыялізаваных выданняў, прымяняецца тэрмін “онлайн-журналістыка”. Электронная інфармацыя, якая скіравана на графічнае або анімацыйнае адлюстраванне рэчаіснасці, рэкламу ўмоўна адносіцца да кібер-журналістыкі. Цяпер вось, як мы вышэй распавядалі, вельмі хутка развіваецца блогінг, ад якога натуральна ўтвараецца і тэрмін “блогавая журналістыка”. Аднак, на нашу думку, гэтыя разнавіднасці электроннай журналістыкі на дадзеным этапе асваення электронных магчымасцей масавых зносін з’яўляюцца пакуль толькі пачатковымі варыяцыямі трывалых журналісцкіх прафесій і сфер камунікатыўнай дзейнасці і патрабуюць спецыяльнага, больш грунтоўнага і глыбокага асэнсавання і аналізу, у тым ліку з мэтай перспектыўнага ўвядзення ў прафесійны практычны ўжытак. А гэты каментар пакуль што не ўваходзіць у задачу дадзенай публікацыі. Зробім акцэнт на гіпатэтычным меркаванні, якое тычыцца прагнозу развіцця журналісцкай і, шырэй, інфармацыйна-камунікатыўнай дзейнасці: ХХІ стагоддзе, сучасны стан электронна-тэхнічнага забеспячэння масавых зносін, агульныя тэндэнцыі ў развіцці навукі і, у прыватнасці, псіхалогіі з усімі яе разгалінаваннямі, агульныя камунікатыўна-псіхалагічныя тэндэнцыі ў фарміраванні масавых інфармацыйна-камунікатыўных і сацыяльна-псіхалагічных патрэб грамадства, глабалізацыя інфармацыйнага абмену, парасацыялагічныя аспекты развіцця нацыянаьльных культур у сувязі з далейшым фарміраваннем глабальнай сістэмы электронных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі — усё гэта падводзіць да думкі, што журналістыка з параўнальна вузкай сферы інфармацыйнага адлюстравання рэчаіснасці пераўтвараецца, збольшага, у сферу псіхалогіі зносін. Мы стаім на пачатку эры журналісцкай дзейнасці як дзейнасці псіхалагічнай на суб’ектным і сацыяльным узроўнях. Журналістыка з усімі яе электроннымі разгалінаваннямі набыла і будзе набываць усё больш якасцей, якія характэрныя для галіны псіхалагічнай дзейнасці, псіхалагічнай камунікацыі. Ад журналіста ж, натуральна, ужо сёння патрабуюцца прафесійныя звычкі (якасці), набыццё адмысловых прафесійных ведаў не столькі як зборшчыка і перадатчыка інфармацыі, колькі як псіхолага-камунікатара, псіхолага-праграміста матывацыйнай сістэмы індывіду і грамадства (“пазітыўнага маніпулятара”), часта, з выразнымі якасцямі псіхолага-тэрапеўта. А інструментам такой псіхалагічнай дзейнасці выступае інфармацыя, дакладней, творы інфармацыі ў розных жанрах, якія электронны журналіст стварае традыцыйна паводле рэальных фактаў жыцця або як дайджэст інфармацыі з інфармацыйных стужак спецыялізаваных інфармацыйных выданняў*. Фарміраванне канвергенетнай журналістыкі распачалося і атрымлівае спецыфіку заканамернага прафесійнага сінтэзавання ў адпаведнасці з заканамерныім спалучэннем пад эгідаю эллектронікі ўсіх сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі. Сучасны інфармацыйны спажывец – сінтэзаваны інфакамунікатар. І сучаснае, а тым больш заўтрашняе электроннае асяроддзе гэту сінтэзаванасць, гэту электронна-тэхнічную і інтэлектуальна-інфармацыйную канвергентнасць толькі замацоўвае як дадзены гістарычны факт.
1.5. Удакладненне асноўных паняццяў электроннай журналістыкі: “электронныя масмедыя”, “электронная інфармацыя”, “жанры электроннай журналістыкі”, “электронная публіцыстыка” Электронныя масмедыя. Спачатку некалькі этымалагічных рэмарак адносна слова-паняцця “масмедыя”. Гэта слова англійскага паходжання і ўтворана з двух слоў: “mass” — маса, множнасць, а таксама народныя масы і “the media” (ад лац. medium) — сродак, а таксама асяроддзе. Тэрмін “масмедыя” стаў ужывацца тады, калі ў сістэму сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, перадусім, радыёвяшчання і тэлебачання рашуча ўвайшла электроніка, якая і стварыла ўмовы “электроннага асяроддзя” (медыя). Тэрмін “медыя” ва ўласна электронным кантэксце мае два азначэнні. Першае – у інфарматыцы: медыя — гэта носьбіт (CD-ROM, жорсткі дыск і г.д.) і другое: “сігнал” (тэкст, адлюстраванне, гук). У камунікацыі медыя — гэта сродак камунікацыі і распаўсюджвання інфармацыі, яе носьбіт. Да электронных медыя адносяць “відэатэкст” (сістэма інтэрактыўнай відэаграфіі), “аўдыётэкст” (сістэма штучнай галасавой інтэрактыўнасці — запіс і вяртанне гуку, галасавы сінтэз, з дапамогай якога пісьмовы тэкст пераўтвараецца ў голас). Часта стаў ужывацца тэрмін “мультымедыя”, што азначае спалучэнне тэхналогій па сінтэзаванні дадзеных гуку і адлюстравання, фатаграфіі, мультыплікацыі, відэафільму ў адным і тым жа носьбіце. У сістэму мультымедыя ўваходзяць “інтэрактыўныя комплексы” — інтэрактыўныя сістэмы ў агульнаграмадскіх месцах, так зв. “аўтагід”, “медыяпамочнік” пошуку тавараў, медыягульні, паслугі і інш. Да гэтай сістэмы адносяцца “машыны мультымедыя” (выкарыстанне тэхналогіі аптычных дыскаў: CDTV, CD-I і т.д.), “інтэрактыўнае тэлебачанне” (электронная сістэма шматбаковай тэлекамунікацыі — “тэлемасты” паміж тэлестудыяй і аўдыторыяй “на месцах”: у залах, у кватэрах, у офісах і інш.). Ад. лац. in-formo — надаваць форму, фарміраваць, ствараць; навучаць, а таксама будаваць, складаць, уяўляць, мысліць. Па-сутнасці, гэта будзе сэнсава-этымалагічны каментар з ухілам у сучасны электронны кантэкст, які істотна паўздзейнічаў на сэнсавае напаўненне даўно звыклых і функцыянальна “зацёртых” слоў. Менавіта сучаснае сэнсава-змястоўнае праясненне саміх слоў “інфармацыя”, “камунікця” як знакавых сімвалаў абменнай з’явы, стану гістарычнага часу, месца і ўмоў сацыяльнага існавання чалавека неабходна, каб паняційна рухацца надалей у накірунку ўсведамлення інфармацыйнай прасторы, яе ўздзеяння на чалавека, нарэшце, рашыць нашы канкрэтныя тэарэтычна-метадычныя задачы ў межах гэтай работы. Як даводзяць крыніцы, слова інфармацыя (лац. Informatio) як тэрмін сфарміравалася ў еўрапейскіх мовах каля ХІV стагоддзя ў тэкстах лацінамоўных тэосафаў і каталіцкіх манахаў. Верагодна на беларуcкую зямлю тэрмін інфармацыя прыйшоў праз польскую мову (informacja) каля ХV-ХVI стагоддзяў, якая адаптавала французска-нямецкую транскрыпцыю лацінскага іnformatio. У рускую мову слова трапіла ў Пятроўскую эпоху, відаць, праз нямецка-галандскія пісьмы, карабельныя чарцяжы, гандлёвую перапіску. У Расіі слова і паняцце інфармацыі ўпершыню фіксуецца ў “Духовном регламенте” 1721 г. у азначэнні “представление, понятие о чем-либо». А сама ж лацінская першакрыніца ўтварылася ад in-formo, што ў першасным сэнсе азначала “надаць форму, пэўны від”, “фарміраваць”, “ствараць”, а другасны сэнс — “навучаць, выхоўваць”, а таксама “будаваць, складаць, уяўляць, мысліць”. Як бачым, зыходны сэнс слова інфармацыя — гэта “наданне формы”. Але формы чаму? Сённяшняе ўжыванне тэрміну, асабліва ў дачыненні да журналістыкі і электронных СМІК, відавочна абмежавала першапачатковы сэнс лацінамоўнай першакрыніцы — такой раскідзіста шматзначнай. Па фармальнай логіцы, у рэчышчы гэтай шматзначнасці і ў рэчышчы дамінантнага сэнсу слова — “наданне формы” было б больш натуральна назваць журналістыку “інфармастыкай” або “інфармістыкай” — відам грамадскай дзейнасці па наданню пэўнай формы рэальным фактам і з’явам у выглядзе друкаваных тэкстаў, фатаздымкаў, кінафільмаў, а сёння і электронных прадуктаў. Такім чынам, гэта этымалогія вымушае зрабіць іншы акцэнт на сэнсе, на змесце тэрміну інфармацыі, якой, паводле разваг маскоўскага даследчыка паняцця нфармацыі Яўгена Горнага, «можно считать всякое значимое изменение формы или, другими словами, любые материально зафиксированные следы, образованные взаимодействием предметов или сил и поддающиеся пониманию. Информация, таким образом, это превращенная форма энергии. Носителем информации является знак, а способом ее существования — истолкование: выявление значения знака или последовательности знаков.» [ІІ, 1, с.2]. Звернем увагу на пачатковую семантыку лацінскай крыніцы інфармацыі — надаваць форму і паставім пытанне: якую форму і чаму менавіта, якім з’явам і падзеям СМІК закліканы надаваць форму? Тут, відаць, некалькі адказаў. Па-першае, у прыродзе і акультураным нашым асяроддзі факты і падзеі, з’явы маюць як бы першапачатковы “бесформенны” сэнс, бо адбываюцца ў нейкім “трэцім” вымярэнні, пакуль не атрымліваюць пэўную моўна-сэнсавую форму (творы мастацтва, літаратура, журналістыка, навука і т.п.) з мэтай іхняй перадачы і ўспрымання. Па-другое, у працэсе станаўлення цывілізацыі і культуры адпаведна фарміраваўся (культываваўся, выхоўваўся) чалавечы розум зноў жа ў рэчышчы пэўнай структуры (а гэта і ёсць форма) з мэтай яснасці думкі, мыслення. Нарэшце, па-трэцяе, наданне формы ўсёй вядомай сукупнасці жыццёвых фактаў і з’яў неабходна дзеля таго, каб сябры грамадства разумелі нададзеную рэчаіснасці форму і маглі выкарыстоўваць яе, падзяляць шматлікія сэнсы жыццёвых рэчаў праз інфармацыю і на выхадзе атрымліваць адзінства “вялікай сям’і” і разумную грамадскую функцыянальнасць. Але надаць форму, стварыць бездань умоўных знакаў — фармальных сімвалаў быцця — гэта першы этап інфармацыйнага забеспячэння культуры, аб’ём якой, яе “цела” (Я.Горны) складаецца менавіта з сукупнасці тых самых інфармацыйных сімвалаў, якія перадаюцца не спадчыннай інфармацыяй. (Хаця тут трэба апаніраваць маскоўскаму аўтару: ў тым і ўнікальнасць чалавечай істоты, магчымасцей яе інтэлектуальнага апарату — свядомасці і розуму, што ў памяці назапашваецца “неспадчынна” засвоеная інфармацыя і ў працэсе біяфізіялагічнай эвалюцыі праз генную памяць перадаецца адным пакаленнем наступнаму. У гэтым вяршынны сэнс інфармацыйнага абмену і масавай камунікацыі.). Яна, масавая камунікацыя, у цэнтры якой і месціцца разнастайная інфармацыя, надала камунікацыі як масавым зносінам менавіта тую галоўную функцыю, якую сёння СМІК вылучаюць як дамінантную: сацыястваральную. Больш таго, развіццё камунікацыйных тэхналогій (перадусім, друку, аўдыёвізуальных сродкаў) паставіла ў авангардзе культуры звонку як бы нябячную, але сёння параўнальную са зброяй эфектыўную якасць інфармацыі: распаўсюджаная праз сродкі СМІК, яна набыла якасці ўлады і масавага кантролю. Яе ўладныя праяўленні параўнальныя хіба што з грубай фізічнай сілай, трываласцю нацыянальных традыцый і ўсеахопнасцю закону. Вось тут і трэба падкрэсліць, што СМІК праз пэўным чынам “сканструяваную” інфармацыю “настройваюць” масавую свядомасць, “надаюць ёй форму”, патрэбную соцыюму або ўладзе. Гэта дасягаецца шляхам натуральнай уніфікацыі грамадскіх каштоўнасцей, грамадскай свядомасці, пачуццяў і сацыяльных паводзін. У розных дзяржаўных рэжымах гэта дасягаецца праз прамую або прыхаваную прапаганду, рэкламу ўлады і татальнае ўвасабленне масавай культуры. Як заўважае ўсё той жа Я.Горны, “оказалось, что информация может использоваться не только для просвещения, но и для оглупления: не только как сообщение сведений и инструмент образования и культуры, но и как орудие манипулирования массовым сознанием.» [ІІ, 1, с.3]. У якасці прыклада прыгадаем моцную прапагандыска-маніпулятыўную сістэму савецкіх СМІ, радыё фашыскай Германіі, а тасама сучасную сістэму электронных СМІК ЗША, Расійскай Федэрацыі, у якіх дзейнічаюць каналы “на экспарт” (CNN, IBC, Першы канал-ОРТ, “Россия”, НТВ) і для “унутранага спажывання” (ТВЦ, СТВ і іш.). Такім чынам, інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў грамадстве і становіцца, з аднаго боку, уніфікаваным інфармацыйным прадуктам, з другога, — сродкам і інструментам эфектыўнага сацыяльна-псіхалагічнага фарміравання той жа свядомаснай уніфікацыі матываў чалавечых паводзін, легла ў аснову тэорыі інфармацыйнай (чытай псіхалагічнай) вайны. Стрыжанем яе былі і ёсць сёння разнастайныя інфармацыйныя кампазіцыі, скіраваныя на фарміраванне ў масавага інфармацыйнага спажыўца татальнай лаяльнасці ў адносінах да гаспадара СМІК, у тым ліку і спажыўца іншай дзяржавы і іншага дзяржаўнага рэжыму, што было мэтай “інфармацыйна-псіхалагічнай вайны”, скажам, р/с “Говорит Америка”, “Немецкая волна”, “Свобода”. Нарэшце, дынамічнае развіццё СМІК, стварэнне разгалінаванай сістэмы масавай камунікацыі спачатку ў межах дзяржавы, а сёння — глабальнай сістэмы электронных зносін татальнае укараненне інфармацыйных тэхналогій якасна паўздзейнічала на эканоміку і ўвогуле сацыяльнае жыццё, перадусім, індустрыяльна (чытай “электронна”) развітых краін, у якіх інфармацыя і веды (сукупнасць інфармацыйных прадуктаў) пераўтварыліся ў прадукт вытворчасці і спажывання. Менавіта СМІК збудавалі прынцыпова новую форму грамадства: інфармацыйнае. Інфармацыйныя прадукты зараз сталі не менш значнымі і важнымі рэсурсамі для існавання любой краіны, якія трывала занялі месца ўпоравень з прыроднымі рэсурсамі. На пачатку 1970-х гадоў узнікла паняцце “інфармацыйнага грамадства”, у якім інфармацыйныя рэсурсы выконваюць функцыю сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага стрыжаню. Невыпадкова ў тыя гады распачалася гонка сярод індустрыяльных краін у развіцці электронікі і інфармацыйных тэхналогій. І тая краіна, якая не магла выдзяліць для дынамічнай і перспектыўнай распрацоўкі электронікі (фізікі, матэматыкі, кібернетыкі і інш.) дастаткова вялікі фінансавы рэсурс, тая краіна апыноўвалася ў фарватары, у эканамічным аўтсайдзе. Некаторыя каментатары сцвярджаюць, што апынуліся “назаўсёды”. У тыя 70-я гады менавіта тры дзяржавы намагліся і выкарысталі інтэлектуальна-фінансавы рэсурс — ЗША, Германія і Японія, а затым Галандыя, Швецыя і некаторыя іншыя азіяцкія краіны. І мы сёння ведаем, што паралельна з вынаходніцтвам у галіне тэхнічна-электроннага “штучнага розуму”, гэтыя краіны стымулявалі вынаходніцтвы ў галіне далейшага фенаменальнага “надання формы” — праграмных тэхналогій. А гэта ўжо пагроза звыклым сацыяльным паводзінам чалавека і соцыюму, бо натуральным чынам падрываюцца традыцыйныя рынкавыя адносіны, развіваюцца новыя формы ўласнасці, нарэшце, пераадольваецца эксплуатацыя, адбываецца прынцыповае змяненне сацыяльнай матывацыі стваральнай грамадскай дзейнасці: традыцыйная “рамесніцкая” праца замяняецца, выціскаецца творчасцю. Меў рацыю К. Маркс паўтараста гадоў таму, які фантазіраваў наконт будучыні камунізму: менавіта творчасць заменіць малавыніковую працу, і грамадская дзейнасць чалавека пераўтварыцца ў дзейнасць мастацкую. І сённяшняя рэчаіснасць у інфармацыйным кантэксце гэта часткова пацвярджае, бо менавіта інфармацыя ў глабальнай сістэме СМІК і яе выкарыстанне з мэтай стварэння праграмных тэхналогій — гэта спецыфічны творчы працэс, эўрыстыка паводле “лічбава-абстрактнай гульні” і формы, гэта сённяшні і перспектыўны працэс далейшага “надання формы” ўсё новай бясконцай інфармацыі. Такім чынам, інфармацыйна-творчы працэс пераўтварае індустрыяльнае грамадства ў постіндустрыяльнае або проста інфармацыйнае грамадства. А новыя алгарытмы развіцця інфармацыйнага грамадства ствараюць і новыя праблемы, прынцыпова адрозныя ад праблем індустрыяльнага грамадства. Напрыклад, т. зв. інфармацыйная няроўнасць, якая ўзнікае ў выніку розных магчымасцей у розных асобных суб’ектаў грамадства і сацыяльных груп у доступе да інфармацыі і інфармацыйных тэхналогій. Натуральная для інфармацыйнага грамадства і праблема інфармацыйнай перагрузкі, якая ўзнікае ў працэсе сацыяльна-інфармацыйнага метабалізму* і спараджае фізічныя і псіхічныя растройствы ў людзей у выніку звышнамаганняў па псіхічнай перапрацоўцы інфармацыі. Нарэшце, узнікае праблема канфідэцыяльнасці інфармацыі і інавацый у галіне інфармацыйных тэхналогій, а значыць і праблема абароны інтэлектуальнай уласнасці асобы і дзяржавы, праблема электроннай слежкі, шпіянажу і г.д. [5, т. 7, с. 292; ІІ, 1, с.4]. І тут мы заўважаем прыкметы дыялектыкі, калі канстатуем дынамічны рух па стварэнню і распаўсюджванню інфармацыі ў грамадстве: мы згадваем закон дыялектыкі, які тычыцца пераўтварэння пэўнай колькасці ў новую якасць. Яна, у сваю чаргу, патрабуе новых умоў і інструментаў па забеспячэнню і стымуляцыі тых колькасных працэсаў, бо колькасць інфармацыі, якая сёння ствараецца і спажываецца ў сучасным грамадстве, неверагодна хутка павялічваецца, і яе трэба ўлічваць і фіксаваць з мэтай усё той жа фармалізацыі (надання формы). Сёння толькі за адзін дзень (2003 год) чалавек атрымліваў столькі інфармацыі, колькі паўстагоддзя атрымліваў за ўсё жыццё. А фармалізацыя інфармацыі і генерацыя яе аб’ёмаў сёння ідзе ўжо не на мега-, а на тэрабайты. У 2004 годзе толькі ў адзін дзень стваралася і генерыравалася 10 тэрабайт дадзеных. Лідэры камп’ютарнага забеспячэння кампаніі “Microsoft”, “Oracl”, “Dell” вымушаны ўводзіць новую адзінку захоўвання і генерацыі інфармацыі — петабайт (1024 тэрабайты). Гэтым і ствараецца новая ўмова для далейшай дынамічай генерацыі інфармацыі. Чым гэта нам пагражае, чым гэта нагрувашчванне інфармацыйнага “космасу” завяршыцца, можна толькі прагназаваць з вялікай доляй неверагоднасці. Але гэта пакуль не наша задача. Такім чынам, сэнс слова камунікацыя праз яе галоўныя складнікі – інфармацыю і электронныя СМІК – сёння пашыраецца да сэнсу глабальных умоў чалавечага існавання. Камунікацыя становіцца неад’емнай часткай абіялагічных (нежывых) умоў асяроддзя, а інфармацыя пераўтварылася ў інтэлектуальны складнік сацыяльна-інфармацыйнага метабалізму. Інфармацыйны абмен сёння адбываецца ў асноўным праз сістэму СМІК, а журналістыка ўсё больш набывае функцыю актыўнага грамадскага каталізатару інфармацыйна-камунікатыўнага абмену. Агульнае паняцце жанраў электроннай журналістыкі. Зразумела, большасць жанраў журналістыкі, якія сфарміраваліся і замацаваліся ў прафесійнай практыцы прэсжурналістыкі, затым на раннім этапе радыё- і тэлежурналістыкі (да 1980-х гг.) эвалюцыйна былі “перанесены” і ў электронную журналістыку сучаснасці. Аднак рэпартаж газетна-часопісны або нават рэпартаж для радыё ці тэлебачання ў 50-70-я гг. — гэта дастаткова адрозныя па форме і ўнутранаму псіхалагічнаму рытму і змесце творы. Магчымасці электроннай трансфармацыі гуку, адлюстравання, магчымасці электроннага мантажу (дакладнасць мантажных стыкаў, спецэфекты), калярова-графічная якасць і магчымасці візуальнага аздаблення і сэнсава-пачуццёвага падкрэслівання экраннага адбітку, нарэшце, стылістычныя асаблівасці тэксту сучаснай інфармацыйнай эпохі, натуральна, прыўнеслі свае непазбежныя патрабаванні да трансфармацыі жанраў электроннай журналістыкі. Прыклад-паралель: інтэрв’ю газетнае — радыёінтэрв’ю; інтэрв’ю на радыё — тэлеінтэрв’ю; інтэрв’ю на тэлебачанні — інтэрв’ю ў інтэрактыўнай форме ў Інтэрнэце. Наша задача — асэнсаваць агульныя якасці, рысы, фармальныя праявы, якія істотна адрозніваюць жанры электроннай журналістыкі ад жанраў прэсжурналістыкі, у прыватнасці. На нашу думку, гэта павінны быць развагі-абагульненні ў некалькіх накірунках. Па-першае, неабходна высветліць ступень уздзеяння на трансфармацыю жанраў самой тэхніка-электроннай сістэмы, г. зн. абагульніць новыя навукова-тэхнічныя і сістэмна-тэхнічныя ўмовы і магчымасці апасродкаванай масавай камунікацыі. Па-другое, у сувязі з гэтымі новымі тэхнічнымі магчымасцямі трэба абагульніць псіхалагічныя асаблівасці або якасці новых дынамічных стэрэатыпаў як журналістаў (якія асвойваюць новыя тэхнічныя магчымасці як інфармацыйную прапанову), так і новыя псіхалагічныя станы (дынамічныя стэрэатыпы) аўдыторыі (якая асвойвае новыя тэхнічна-сістэмныя апараты як інфармацыйны спажывец). Па-трэцяе, варта асэнсаваць агульна-камунікатыўную, сацыяльна-грамадскую тэндэнцыю ў фарміраванні сучасных і перспектыўных (прагнозных) форм і відаў зносін з улікам нацыянальнай і глабальнай ментальнасці. Іншымі словамі, пастарацца распазнаць сучасныя патрэбы інфармацыйна-камуніктыўных зносін у электронным асяроддзі і бліжэйшай іхняе перспектывы як дыялектычнай заканамернасці (згадаем заканамернасць дыялектычнага ўзаемаздзеяння ў сістэме “інтэлект—тэхніка”: патрэбы развіцця інфармацыйна-камунікатыўных зносін дыктуюць тэхнічнае іх забеспячэнне, новыя тэхнічныя ўмовы спараджаюць новыя формы зносін, яны зноў ставяць новыя задачы перад тэхнікай і etc.). Пра імклівасць вонкава-фізічных змяненняў сродкаў фіксацыі фактаў рэчаіснасці (габарытаў прыёмнікаў, камп’ютараў і інш.) і, адпаведна, псіхалагічную на гэтыя змяненні рэакцыю сведчаць такія спрошчаныя прыклады-паралелі: калі на пачатковым этапе фарміравання электронікі камп’ютар займаў памеры вялікага пакоя, сёння камп’ютар з аптымальнымі асноўнымі камп’ютарнымі функцыямі займае аб’ёмы невялікага кейса і меней; калі яшчэ напрыканцы 1980-х гг. касмічны радыётэлевізійны мост з’яўляўся тэхнічным цудам і выключнай шоў-тэхнічнай падзеяй, сёння мост — будзённы, неад’емны элемент вяшчання; калі яшчэ напачатку 1990-х гадоў электронная пошта і зносіны праз яе былі прадуктам электроннай экзотыкі, сёння інтэрнетавыя інтэрактыўныя зносіны — норма электронна-тэхнічнага забеспячэння камунікацыі людзей. Электронная тэхніка значна спрасціла фіксацыю і кадзіраванне фактаў, падзей, з’яў жыцця, яна паменшыла эффект ілюзійнасці, умоўнасці аўдыёвізуальнага адбітку з’яў, наблізіла гэтыя электронныя “сколкі” жыцця да максімальнай сёння апасродкуванай “натуральнасці”. Іншымі словамі, электронная тэхніка як бы стварыла дадатковую ілюзію натуральнасці непасрэдных зносін і ўспрыняцця рэчаіснасці. Разам з тым электроніка стварыла і свае адмысловыя творы публіцыстыкі паводле рэчаіснасці, адрозныя ад усіх іншых твораў мастацка-тэхнічна-публіцыстычнага адлюстравання і ўвасаблення нашага жыцця. Скажам, драма сучаснай вайны — прамая трансляцыя вайсковай аперацыі ЗША ў Іраку “Бура ў пустыні”, разнастайныя ток-шоў або праграма-рэпартаж “non stop” у стылістыцы “рэальнага тэлебачання”, “за шклом” і etc. Электроніка тэхнічна сінтэзавала ўсё, што набыла цывілізацыя дзеля фіксацыі і перадачы на адлегласць і ў часе любога віду інфармацыі — вербальнай, гукавай (тэмбрава-інтанацыйнай, музычнай), калярова-графічнай, падзейна-візуальнай (кіна-панарамнай), нарэшце, аб’ёмнай (галаграфічнай) і etc. І такое сінтэзаванне было выкарыстана ў электроннай журналістыцы, якая, дзякауючы гэтым новым магчымасцям электроныікі, у сваю чаргу, набыла ўмоўна больш натуральныя якасці зносін, паменшыла тэхнічную грувасткасць у працэсе стварэння электроннага адбітку з’явы, падзеі, жыццёвага факта і паменшыіла ступень яго ілюзійнасці, чым і забяспечыла новы ўзровень апасродкуваных масавых зносін. Кожны з класічна сфарміраваных у гісторыі журналістыкі жанраў набыў новыя, прынцыпова іншыя, тэхнічныя якасці. Лаканічна пералічым іх у абагульненым выглядзе ў дачыненні, напрыклад, да нарысу і нарысавай групы (дакументальная драма, замалёўка, эсэ), фельетону, памфлету, публіцыстычных тыпаў інтэрв’ю і рэпартажаў, ток-шоў[1]. Як вядома, у прыватнасці, нарыс і нарысавая група жанраў ствараецца на падставе пэўным чынам кампазіцыйна размеркаваных сюжэтаў, фактаў, падзей, замалёвак, вербальнай інфармацыі, якія раскрываюць, увасабляюць вобраз героя (герояў) публіцыстычнага твору. Электронная тэхніка дала магчымасць павялічыць прадукцыйнасць вытворча-творчага працэсу — магчымасць падрыхтоўкі ў адзінку часу большай колькасці фактаў-складнікаў журналісцкага твору, што непазбежна паспрыяла пашырэнню аб’ёму змястоўнасці і паглыбленню выразнасці электроннага твору. Адпаведна узмацнілася публіцыстычнае ўздзеянне, вобразнасць, эмацыянальная (публіцыстычная) эфектыўнасць на выхадзе. Новыя спецэфекты, сучасная гукавая і электронна-колеравая якасць вяшчання пераўтварыліся ў сродкі мастацкага ўвасаблення тэмы і герояў публіцыстычнага твору. Электроннае „раскладанне“ гуку на састаўныя часткі і затым частотнае яго сінтэзаванне, стварэнне новых, іншых тэмбральных характарыстык, гіпербалізацыя асобных тэмбральных магчымасцей чалавечага голасу і гукаў прыроды, асяроддзя, стварэнне штучных гукавых эфектаў як квазінатуральных гукавых адбіткаў рэчаіснасці — усё гэта і многае іншае з’яўляецца цяпер неад’емнымі элементамі гукавай часткі электроннага вяшчання. Значнае павелічэнне адрознівальнай (распазнавальнай) здольнасці тэлевізійнай трубкі, пашырэнне колькасці электронных імпульсаў кааксіяльнага, шкло-электроннага кабеляў, электронныя магчымасці (чыпы, жыдкія крышталі і нш.) неверагоднага павелічэння запамінальнай здольнасці тэхнікі і, адпаведна, магчымасці спецэфектаў, шматбайтавае павелічэнне колерава-імпульсавых варыяцыяй, што забяспечыла такую ж колькасць колерава-эмацыянальнага ўздзеяння на псіхічны аппарат гледача, нарэшце, электронныя магчымасці „кліпавага“ мантажу (кантрасных па змесце сюжэтаў, колерава-графічнае сумяшчэнне экранных адбіткаў, сумяшчэнне якіх раней было тэхнічна немагчыма, у паралель з гукавымі творчымі эксперыментамі) — гэта толькі нязначная частка новых тэхніка-электронных магчымасцей, больш поўны пералік якіх патрабуе асобнага і прафесійна-тэхнічнага падыходу і электронна-тэхнічнай кваліфікацыі. Тым не менш у нашым кантэксце нагадаем, што касьмічны этап развіцця электронна-камунікацыйнай тэхнікі забяспечыў татальнае распаўсюджванне радыё- і тэлепрыёмнікаў, чым істотна паспрыяў сапраўды масаваму, татальнаму ж укараненню электроннай прадукцыі, што, у сваю чаргу, патрабавала змянення, эвалюцыі псіхалогіі зносін праз электроніку. Электронная публіцыстыка. З мэтай паказаць эвалюцыю паняцця “электронная публіцыстыка”, уявіць працэс яго фарміравання, возьмем некалькі цытат вядомых тэарэтыкаў журналістыкі і публіцыстыкі, якія тычацца літаратурнай і прэсжурналісцкай публіцыстычнай творчасці. Б.Стральцоў: “Публіцыстыка (ням. Publicistik ад лац. publicus грамадскі), від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з’явам жыцця. Скіравана на аператыўнае асэнсаванне рэчаіснасці (пераважна сучаснасці) шляхам спалучэння лагічнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў даследавання і адлюстравання жыцця. Спецыфічным чынам уздзейнічае ў працэсах дзяржаўнага, грамадскага і гаспадарчага кіраўніцтва, актыўна ўздзейнічае на ход практычных спраў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Выконвае сацыяльна-педагагічныя, прапагандыскія, інфарацыйныя функцыі, фарміруе грамадскую думку. Як від грамадска-палітычнай літаратуры найбольш пашырана ў журналістыцы. Пісьменніцкая публіцыстыка прасякнута кампанентамі мастацкай творчасці. Асноўныя якасці публіцыстыкі: тэарэтычная абгрунтаванасць, доказнасць, праўдзівасць, прынцыповасць, тэндэцыйнасць, палітычная вастрыня, эмацыянальнасць, палемічнасць. Асноўныя жанры публіцыстыкі: артыкул, агляд, карэспандэнцыя, рэцэнзія. У ходзе сінтэзу мастацкіх і публіцыстычных форм паявіліся мастацка-публіцыстычныя жанры: нарыс, эсэ, фельетон, памфлет…” [5, т. 13, с.115]. Р.Чэчат: “Публіцыстычны стыль — адзін з кніжных стыляў мовы, які выкарыстоўваецца ў газетах, грамадска-палітычных і літаратурна-мастацкіх часопісах, у агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях. На радыё і тэлебачанні. Аснорўныя жанры: рэпартаж, нарыс, нататка, інтэрв’ю, памфлет, хроніка, фельетон. Выконвае дзве асноўныя функцыі: інфарматыўную і ўплывовую. Яму ўласцівы: дакументальна-факталагічная дакладнасць, лагічнасць, накіраванасць на чытача (слухача), вобразнасць, экспрэсіўнасць, выразнасць. Тэматычна неабмежаваны, таму ў ім выкарыстоўваюцца разнастайныя моўныя адзінкі: грамадска-палітычная лексіка і фразеалогія, ацэначныя словы, прыказкі, прымаўкі, крылатыя словы, сінтаксічныя канструкцыі з ярка перададзенай экспрэсіяй (рытарычныя пытанні, звароты, паўторы, сказы-заклікі) і інш. У публіцыстычным стылі могуць быць выкарыстаны моўныя сродкі іншых стыляў.” [5, т. 13, с.115]. Толковый словарь иностранных слов: «Публицистика [лат. Publicus общественный] — вид литературы, посвященный актуальным обществено-политическим вопросам и текущей жизни общества, а также произведения этого вида — статьи, очерки, памфлеты, фельетоны и др.” [46, с.236]. Умовы энцыклапедычнай кароткасці, лаканічнасці, у якіх даюцца цытаваныя характарыстыкі спецыфічнага віду камунікатыўнай дзейнасці, пакідаюць жаданне паразважаць глыбей паводле адмысловага, унікальнага віда чалавечай дзейнасці, які склаўся напачатку ў старажытнагрэчаскай культуры ў выглядзе мастацтва прамовы і масавых зносін — рыторыкі. Па сутнасці, эмбрыёны публіцыстыкі — мастацтва пераканання людзей — узніклі тады, калі, скажам, правадыр племені пераконваў супляменнікаў на небяспечнае паляванне або на вайну з суседнім племенем. А класічныя ўзоры публіцыстыкі дала нам творчасць знакамітых рытараў Старажытнай Грэцыі — прыклад публічнага пераканання аўдыторыі форумаў паводле той ці іншай палітычнай, дзяржаўнай задачы. А бліжэй да нашага часу — гэта перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі менавіта трыбунныя рытары пераўтваралі нематэрыяльную энергію слоў у канкрэтную матэрыяльную сілу — рэвалюцыйна агрэсіўны натоўп, які канкрэтна, рэальна-фізічна выконваў палітычную задачу, на якую быў паступова на сходках, на мітынгах запраграмаваны агітатарамі-публіцыстамі. А ў эфіры Другой сусветнай вайны савецкае і беларускае радыё стварыла адмысловую “радыёпубліцыстычную зброю” у выглядзе музычна-паэтычна-публіцыстычных кампазіцый, праграм, перадач. Большасць аўтараў, якія разважаюць пра публіцыстычнасць, гавораць пра гэты від камунікатыўнай дзейнасці безасабова. І тут трэба зрабіць рэмарку-акцэнт на падставе агульнагістарычнай тэндэнцыі ў развіцці публіцыстычнай творчасці: публіцыстыка заўсёды была і будзе персаніфікаванай, асабовай, што б мы ні гаварылі пра яе агульнасэнсавыя і функцыянальныя асаблівасці як паняцця. Ад Цыцэрона і Сакрата да князёў еўрапейскіх, беларускіх і рускіх, да Каліноўскага, Леніна, Луначарскага, Троцкага, Кірава, затым – Хрушчова, Гарбачова, Ельцына, Лукашэнкі; ад французскіх фельетаністаў-публіцыстыў да рыторыкі перад радыёмікрафонам і перад тэлекамерамі, а сёння ў Інтэрнэце перад клавіятурай і маніторам — уся публіцыстычная творчасць і з’яўляецца такой, бо гэта творчасць асобы, чалавека неардынарнага, адрознага ад нейкага “усярэдненага” узроўню. Узыходзіць на публіцыстычны ўзровень звычайна той прафесіянал (у нашым кантэксце журналіст), які, па-першае, адчувае прызванне да такога роду інфармацыйна-камунікатыўнай дзейнасці. Па-другое, калі журналіст валодае адмысловымі публічна-авангарднымі здольнасцямі — уменнем абагульняць бягучы гістарычны момант і вылучаць у ім максімальна агульныя (важныя для большасці) сучасныя праблемы і супярэчнасці. І, па-трэцяе, публіцыстам становіцца той журналіст, які здольны першыя дзве якасці ўвасобіць у прыцягальнай эмацыянальна-мастацкай форме, г. зн. валодае прыроднымі або набытымі спецыфічнымі прафесійнымі якасцямі творцы-рытара, мастака вобразнага вербальнага пераканання і пачуццёвага ўздзеяння, мастака абуджаць у аўдыторыі моцныя эмацыянальныя станы і псіхалагічную матывацыю на пазітыўныя сацыяльныя паводзіны. Гэтыя якасці аўдыёвізуальнай публіцыстыкі максімальна выкарыстоўваліся і выкарыстоўваюцца ў палітычных мэтах, што асабліва ўласціва савецка-славянскаму стылю масавых зносін. Вось чаму працытаваныя вышэй аўтары ў сваёй класіфікацыі публіцыстыкі (дарэчы, датуецца 2000 годам) пішуць пра публіцыстыку як пра “від грамадска- палітычнай літаратуры, найбольш пашыраны ў журналістыцы” (Б.Стральцрў), пра публіцыстычны стыль, “які выкарыстоўваецца ў … грамадска- палітычных часопісах, у агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях, … у ім выкарыстоўваюцца разнастайныя моўныя адзінкі: грамадска- палітычная лексіка і фразеалогія...” (Р.Чэчат). А таксама маскоўскі “Толковый словарь иностранных слов»: «публицистика — вид литературы, посвященный актуальным обществено- политическим вопросам” (1998). Значыць, публіцыст заўсёды быў і з’яўляецца палітыкам, а палітык — гэта асоба, прыкметная, прывабная, пераканаўчая і заўсёды непаўторная, бо ў іншым выпадку ён — не асоба, а значыць не палітык і не публіцыст. Такім чынам, мы выйшлі на абагульненне: публіцыстыка — гэта асабовы від публічнай інфармацыйна-камунікатыўнай дзейнасці; публіцыстыка — гэта форма і сродак вылучэння асобы-журналіста; публіцыстыка — гэта найбольш важны і запатрабаваны інфармацыйны прадукт масавага спажывання і грамадскага ўдасканалення на ўзроўні сацыльнай матывацыі. Грамадская запатрабаванасць публіцыстыкі падвойваецца, калі яна адаптуецца, развіваецца, трансфармуецца ў электронным асяроддзя, у электроннай сістэме штодзённых масавых зносін, бо сам электронны прадукт і асяроддзе стаўся псіхалагічна запатрабаваным як асяроддзе, у якім мы жывем, існуем, якім інфармацыйна і псіхалагічна сілкуемся. І атрымліваецца, што электронная публіцыстыка набывае надзвычайную сацыяльную моц як “падвойны” асяродкавы від электроннай дзейнасці (і яго прадукты): як публіцыстычнае “напаўненне” электроннага асяроддзя і яго неад’емны элемент[2] як твор публічнай дзейнасці асобы-палітыка, асобы-псіхолага, асобы-мастака (мастака слова, артыста, рытара). Арамя таго, у электроннай публіцыстыцы натуральна пераплавіліся, сінтэзаваліся тыпова рытарычныя, а таксама тэатральныя і, нават, эстрадныя элементы — тыя формы і сродкі, з дапамогай якіх спрадвеку ажыццяўлялася прамая, непасрэдная камунікацыя “на людзях” — на сходзе, на вечы, на старажытнагрэчаскім форуме і ў тэатры, нарэшце, на кірмашовай “славеснай клаўнадзе”, а потым у жанры эстраднага канферансу і etc. А ўсе пералічаныя формы і жанры аўдыяльнага публічнага выступлення патрабуюць аднаго: востра асабовага і эмацыянальна захапляльнага (мастацкага) увасаблення славеснага, прамоўнага акту-дзеі, інфармацыйна-камунікатыўнага кантакту. У выніку яго і адбываецца наша інтэлектуальнае сілкаванне новай інфармацыяй (што азначае працэс, развіццё, рух, а не інтэлектуальную стагнацыю). Рытар-прамоўца становіцца камунікатыўным “выбраннікам”, стрыжнем, інфармацыйна-імпульсавым цэнтрам, напрыклад, універсітэцкай або парламентскай аўдыторыі, аўдыторыі тэатра, канцэрта, нарэшце, тамадой падчас урачыстай або сямейнай бяседы. Аднак прапаную падумаць пра сацыяльную запатрабаванасць і генетычную прывабнасць публіцыстыкі і яе носьбітаў-выканаўцаў больш глыбінна і гістарычна — з боку такога спрадвечнага і сацыяльна-прагнага грамадскага ўтварэння, як “інстытут прарокаў”. Наша зямная псіхалагічная і інтэлектуальная множнасць, генетычная асаблівасць зямной цывілізацыі — падзяленне чалавечай супольнасці на расы, на нацыі і народнасці, на дзяржавы і рэлігіі, адпаведна, падзяленне на разнастайныя канфесіі — вылучылі абсалютна непаўторны і своеасаблівы тып людзей і легендарных асобаў: лідэраў пэўнай чалавечай супольнасці, сацыяльнай групы, нацыі, дзяржавы, рэлігіі і канфесіі. Дадзеныя Стваральнікам такім людзям здольнасці абагульняць, прадбачыць, выпрацоўваць рацыянальныя і перспектыўныя алгарытмы сацыяльнага і духоўнага руху, дадзеныя здольнасці пераконваць людзей сталіся дынамічнай, жывой, пульсава-рэальнай формай духоўнага і матэрыяльнага асэнсавання перспектывы. Здольнасці прагназавання і выпрацоўкі найбольш рацыянальных сацыяльных захадаў на ўзроўні ідэі зямнога ўдасканальвання жыцця або, ў меньшым маштабе, удасканалення жыцця дзяржавы, рэгіёну, горада, канкрэтнай сям’і былі і, відаць, застануцца ўсеагульнай патрэбай, бо акумулююць, канцэнтруюць інтэлектуальную энергетыку выжывання і стварэння перспектывы ўсё новых умоў жыццёвага камфорту. Прарокі (або месіі) і іхнія прароцтвы, па сутнасці, былі канцэнтратам, найбольш абагульненай і рацыяналізаванай думкай пэўнага калектыву, сацыяльнай групы або групы паслядоўнікаў, а таму і гранічна востра запатрабаванымі. Прарокі як бы рассоўвалі перад аўдыторыяй племені, супольнасці або перад спадкаемцамі сэнсавую заслону будучыні і перспектывы, а, рассунуўшы, яны першымі бачылі і бачаць штосьці такое, чаго пакуль не могуць бачыць і, адпаведна, зразумець і рацыянальна патлумачыць тыя, што стаяць за лідэрам. Аднак прарокі-месіі пупавінай “патрэбных думак” спалучаны з публікай, з народам, з калектывам, з шэрагаў якога яны выйшлі. І публіка-форум чакала і будзе чакаць, што прарок выканае сваё наканаванне і скажа спадарству менавіта тое, што і чаго (і як) чакае форум ад прарока-месіі-рытара. Часам больш дальнабачны прарок не адразу становіцца зразумелым бальшыні слухачоў. Як часта атрымлівалася, што прарокі — думкавыя, разумовыя “дальнабойшчыкі” з іхнімі прароцтвамі – не прымаліся, лічыліся нават ворагамі і злачынцамі, бо “простыя” сучаснікі не бачылі гістарычнай повязі часоў, не разумелі пакуль прычынна-выніковую перспектыву, нарэшце, звычайную экалагічную і жыццёвую выгаду. Таму мы маем сёння “сойм” прарокаў-мучанікаў, але ад гэтага “мучаніцтва” іхнія вобразы і ідэі становяцца больш востра выразнымі і рацыянальнымі, часам, адзіна мэтазгоднымі на перспектыву. Легенда Хрыста і Хрысціянства таму прыклад. Лёсы ўсіх, па сутнасці, прарокаў таму прыклад. Прарокі й былі першымі “публіцыстамі”, якія імкнуліся перадаць сучаснікам тое, што ім было дадзена бачычь наперадзе і, галоўнае, яны лічылі сваім жыццёвым абавязкам пераканаць сучаснікаў у рацыянальнасці і мэтазгоднасці таго, што, на іх думку, трэба было ўвасобіць у сучаснае і будучае жыццё. Вобразы і легенды тых гістарычных прарокаў спраецыраваліся на генетычную памяць нашчадкаў, гэта значыць — на нас... …Форуму-публіцы, часам, важна не столькі сама рацыянальная перспектыва ў прагнозе прарока, колькі тая інфармацыя-водгук на ўласныя думкі, перакананні, на сумненні, якія ўзнікаюць у вечна неспакойнай чалавечай свядомасці. Прыклады такой “прарокавай публіцыстыкі” мы маем у кожнай вядомай сёння зямной рэлігіі або рэлігійнай філасофіі: Хрысціянства (Хрыстос і дванаццаць прарокаў-апосталаў), Іслам (Магамет), Іўдаізм (Маісей), Лаосізм (Лао-цзы), Канфуцыянтсва (Кан-Фу-цзы) і etc. За ўсімі імі стаіць сімвал адмысловай духоўнай улады, якой не патрэбны краты ды зброя. Моц гэтага сімвала — моц канцэнтраванай перспектыўнай думкі або моц канцэнтраванай калектыўнай ідэі, якая з разрозненых думак розных людзей набывае акрэслены абрыс абагульненай ідэі-праграмы, ідэі-закліка і пераканання, па сутнасці, водгуку на ўласныя сумненні асобнага індывіда і, галоўнае, большасці індывідаў — соцыюму. І атрымліваецца, што падпарадкаванне ідэям лідэра-прамоўцы-прарока ёсць генетычная патрэба любога чалавека, які не давярае сам сабе ў нейкім абагульненні і прагнозе і, каб упэўніцца ва ўласнай рацыянальнасці, даручае, „дэлегіруе“ частку ўласных думах-сумненняў „прарокам“ нашых будняў. Іншымі словамі, гэта асаблівая форма „перагорнутай“ інтэлектуальна-пачуццёвай улады чалавека над уласнымі перакананнямі, гэта у нейкім інверсійным, перагорнутым аспекце падпарадкаванне як бы самому сабе „праз асобу лідэра“: прарок жа „мой“ або „наш“, ён жа гэта — „я“. Ці не ў гэтым прыхаваны сэнс і змест паняцця ўлады, якая ў гэтым плане з’яўляецца калектыўнай формай стабілізацыі сацыяльнай няўпэўненасці індывіда? Ці не вылучаем мы лідэра-прарока, каб даручыць яму план (або пугу!) ліквідацыі нашай унутранай уласнай жыццёвай разгубленасці і няўпэўненасці, нашу ўласную ўладу над самімі сабой — яму, „прароку“? Ці не прагнем мы бачыць у нашых экранных „прароках“ і напамін пра схаваных у нашай памяці гістарычных прароках; і пэўны адбітак або сублімацыю таемнага жадання кожнай зямной асобы на гэту адмысловую форму ўлады над людзьмі — уладу слова і думкі (каб слухалі і падпарадкаваліся хаця б на момант прамовы); і адбітак, „прымерку“ экраннага „прарока“ у якасці ўласнага ідэалу на самога сябе?
Дата добавления: 2014-01-04; Просмотров: 767; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |