Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Вытокі беларускага этнасу




Этнагенез народаў – гэта працэс фармiравання этнiчнай супольнасцi, цi этнасу – устойлівай супольнасцi людзей, якая склалася гiстарычна на пэўнай тэрыторыi i характарызуецца агульнасцю мовы, побыту, культуры, рысаў псiхiкi i самасвядомасцi, адлюстраванай у адзiнай назве i ўяўленнях пра агульнасць паходжання. У вынiку этнагенезу ствараецца своеасаблiвае этнiчнае i антрапалагiчнае аблiчча данай супольнасцi людзей з уласцiвымi ёй асаблiвасцямi мовы, матэрыяльнай, сацыяльнай i духоўнай культуры, гiстарычнага жыцця. Пачатак этнагенезу беларусаў, як i многiх iншых сучасных еўрапейскiх народаў, адносiцца да апошнiх этапаў першабытнасцi, эпохi ваеннай дэмакратыi i раннекласавага грамадства.

Этнiчная гiсторыя насельнiцтва на тэрыторыi сучаснай Беларусi бярэ свой пачатак з эпохi палеалiту, з часоў яе засялення чалавекам – звыш 40 тысяч гадоў таму. Спачатку былi асвоены толькi паўднёвыя раёны. Цэнтр i поўнач нашай краiны засяляюцца ў наступную за палеалiтам эпоху – у ме­залiце. Вызначыць этнiчную прыналежнасць старажытных еўр­апеоiдаў – першага насельнiцтва Беларусi – не толькi ў палеалiце i мезалiце, але нават i на працягу большай часткi неалiту, не ўяўляецца магчымым. Мова гэтых прабеларусаў невядома. Хутчэй за ўсё, яны мелi светлую скуру, русыя валасы, блакiтныя вочы, былi высокiмi i дужымi – рысы, уласцiвыя большасцi сённяшнiх беларусаў. Паводле даных археалогii i гiстарычнага мовазнаўства, у прыватнасцi гiдранiмii, па­пя­рэдне можна ўстанавiць этнiчную прыналежнасць асобных груп тубыльцаў толькi ў канцы неалiту, прыкладна ў III тысячагоддзi да н. э.

Каля трох тысяч гадоў да н. э. з-за Урала і з Сярэдняй Азii на захад рушылi вялiкiя масы людзей. Пакiнуць месца жыхарства iх вымусiлi неспрыяльныя змены клiмату, пагаршэнне ўмоў жыцця i г. д. Мiгранты дайшлi аж да Фiнляндыi. На сваiм шляху яны асвойвалi i засялялi маланаселеныя мясцiны. Сярод мiгрантаў былi фiна-угорскiя плямёны, што паходзiлi з уральскай моўнай сям’i, але ўвабралi ў сябе некаторыя антрапалагiчныя рысы, уласцiвыя мангалоiднай расе. Яны мiрна засялiлi Беларусь, асiмiлявалiся. Iх наш­чадкi набылi антрапалагiчныя рысы мясцовых жыхароў – пры злiццi этнасаў перавагу, як правiла, маюць тубыльцы. Але знешнiя рысы фiна-угорскай супольнасцi – шырокi твар i вузкiя вочы – дайшлi да нашага часу. Антрапалагiчная спадчына фiна-угорцаў (мангалоiдныя рысы) сустракаюцца ў аблiччы сучасных беларусаў не часта. Найбольш заўважныя яны сярод сучаснага насель­нiцтва Вiцебскай вобласцi – гэта адзначаюць этнографы i антра­полагi. Арэал рассялення фiна-угорцаў на Беларусi трактуецца даследчыкамi па-рознаму. Многiя лiчаць, што яны апанавалi толькi Падзвiнне i Падняпроўе, дзе доўга жылi ада­собленымi этнiчнымi групамi i слаба паддавалiся асiмiляцыi. На поўнач ад Полацка i цяпер у насельнiцтва захавалiся азiяцкiя рысы – узгадаем хаця б карцiну I. Рэпiна “Беларус”. Як лічыць аўтар артыкула «Этнагенез беларусаў на фоне гісторыі і геапалітыкі» Л. Лойка, гэты этнас “агучыў” геаграфiю нашай краiны – даў назвы мясцiнам, рэкам i азёрам, ад якiх пазней атрымалi свае iмёны балцкiя i ўсходнеславянскiя плямёны, народы, гарады. Тапонiмы з гуказлучэннем - ва i -га на канцы, як даказваюць лiнгвiсты, – фiна-угорскага паходжання: Мардва, Тува, Масква, Нява, Нарва, Зэльва, Лiтва, Лотва, Дайнова, Волга, Анега, Ладага, Пячэнга, Яцьва (або Яцьвяга) i г. д.

У эпоху ранняга металу (канец III тыс. да н. э. – IV–V стст. н. э.) этнiчны склад насельнiцтва на ўсёй тэрыторыi Беларусi ў значнай ступені змянiўся – на ёй рассялiлiся iндаеўрапейцы, якiя асiмiлявалi сваiх папярэднiкаў.

У канцы III–II тысячагоддзяў да н. э. са сваёй прарадзiмы (яе месцазнаходжанне даследчыкамi адназначна не ўстаноўлена) ў Еўропу мiгрыруюць i пасяляюцца тут iндаеўрапейцы, якiя адносiлiся да еўрапеоіднай расы, i хоць саступалi старажытным цывiлiзацыям Месапатамii, Егiпта, Крыта, але апераджалi еўрапейскiх аўтахтонаў у культурным развiццi – займалiся жывёлагадоўляй, ведалi земляробства, валодалi сакрэтамі вытворчасці бронзы. Iндаеўрапейцы змеш­валiся з мясцовым насельнiцтвам i ўтваралi новыя этнасы. Сваё месца ў Еўропе занялi ў гэты час балты i роднасныя ім славяне – мовы гэтых народаў блiзкiя. Ёсць нават версiя, што iснавала напачатку адзiная балта-славянская супольнасць, якая потым распалася на два этнасы.

Першымi на Беларусь прыйшлi балты. Яны засялiлi тэрыторыю ад Балтыйскага ўзбярэжжа да вярхоўяў Акi, асвоiлi цэнтр i поўнач нашай краiны. На ўзбярэжжы Балтыкi ўладкавалiся прусы, жмудзь (жамойты), аўкштайты, куршы i iнш. Яны растварылiся сярод тубыльцаў, але захавалi для новага этнасу, якi створыцца на аснове даiндаеўрапейска (фiна-угорска) – балцкага сiнтэзу, сваю больш развiтую мову, больш высокую культуру, свой лад жыцця. Лiвы (жылi ў вусцi Дзвiны), эсты (на поўнач ад iх) і некаторыя іншыя фіна-угорскія плямены не пусцiлi балтаў у свае землi.

Каля двух тысячагоддзяў доўжылася на Беларусi iнтэг­ра­цыя i ўзаемная асiмiляцыя тубыльцаў, фiна-угорцаў i балтаў. У вынiку гэтых працэсаў тут сфармiравалiся новыя этнiчныя су­польнасцi, якiя захавалi фiна-угорскую тапанiмiку i нават узялi сабе фiна-угорскiя назвы. Лотва рассялiлася на тэрыторыi Вiцебскай i усходзе Мiнскай абласцей, яцвягi сталi гаспадарамi Гродзеншчыны i часткова Брэстчыны, дайнова заняла Нарачанска-Маладзечанскi край, лiтва – верхняе i сярэдняе Панямонне.

Наступны перыяд этнiчнай гiсторыi Беларусi пачаўся ў раннiм сярэднявеччы (VI–VIII стст.). Яго характэрная рыса – шырокае рассяленне славян, асiмiляцыя мясцовага балцкага насельнiцтва i фармiраванне ў вынiку змяшэння славян i балтаў першапачатковых усходнеславянскiх этнiчных супольнасцей – дрыгавiчоў, ра­дзi­мiчаў i крывiчоў.

Славяне выдзелiлiся з iндаеўрапейскай супольнасцi адначасова або крыху пазней за балтаў. Здавальняючага адказу на пытанне аб славянскай прарадзiме няма. На Беларусь яны прыйшлi хутчэй за ўсё з Заходняй i Цэнтральнай Еўропы, з мiжрэчча Вiслы i Эльбы. Першымi – 400–200 гадоў да н. э. – сюды прыйшлi прадстаўнiкi паморскай культуры. Яны асвоiлi Палессе. Другi этап славянскай каланiзацыi Беларусi прыпадае на III–V стст. н. э. Трэцi – VI ст. – час масавай мiграцыi славян з Польшчы ва ўсходнюю Беларусь. Фiна-угорцы i балты – голядзь, латыгола, лотва, лiтва – мусiлi пацяснiцца i саступiць частку сваiх зямель перасяленцам. Землi добраарганiзаваных i ваяўнiчых прусаў i яцвягаў славянам удалося каланiзаваць толькi часткова. Мiгранты прынеслi з сабой мову сваiх суродзiчаў – старажытных палякаў, палабскiх славян. Яна папоўнiлася балцкiмi словамi, запазычыла фiна-угорскую тапа­нiмiку. Тут, ва ўсходняй i Паўднёвай Беларусi, утварылася першасная беларуская мова, даволi падобная да сучаснай, ужо тады яна ўтрымлiвала ў сабе элементы “польшчызны”.

Змест новага этапа этнiчнай гiсторыi Беларусi (IX – першая палова XIII ст.) выклiкае сярод даследчыкаў дыскусii. Навуковая дыскусійнасць дадзенага этапа этнагенезу беларусаў тлумачыцца розным пунктам гледжання даследчыкаў на пытанне аб продках, часе і прычынах фарміравання нашага народа. У 50-я гады XX ст. савецкi этнограф С. А. Токараў распрацаваў канцэпцыю, паводле якой у гэты перыяд на аснове ўсходнеславянскiх плямён у тым лiку i тых, што жылi на тэрыторыi Беларусi, склалася адзiная старажытнаруская народнасць. У перыяд феадальнай раздробленасцi (XIII–XIV стст.) з яе выдзяляюцца тры новыя народы: рускiя, беларусы i ўкраiнцы.

Тэорыя старажытнарускай народнасцi як пераходнага этапа ад першасных усходнеславянскiх супольнасцей да будучай беларускай народнасцi стала хрэстаматыйнай у савецкай гiстарычнай навуцы i на пэўны час – манапольнай у беларускай гiстарыяграфii. Яе прыхiльнiкi аргументуюць факт iснавання ў IX–XI стст. такой этнiчнай супольнасцi наяўнасцю агульнай тэрыторыi, гаспадарчага жыцця, мовы, матэрыяльнай i духоўнай культуры, наяўнасцю эт­нiчнай самасвядомасцi яе членаў, саманазвы i ўсведамленнем агульнай радзiмы – Русi.

Такое бачанне этнагенезу беларусаў знайшло адлюстраванне ў манаграфiях, падручнiках, энцыклапедыях. Так, Э. Р. Сабаленка ў працы “Францыск Скарына i яго час. Энцыклапедычны даведнiк” сцвярджае, што “беларусы паходзяць ад старажытнарускай народнасцi, якая склалася ў IX–XIII стст. на аснове ўсходнеславянскiх плямён у вынiку разлажэння ў iх першабытнаабшчыннага ладу, устанаўлення класавага грамадства i стварэння старажытнарускай раннефеадальнай дзяржавы – Кi­еў­скай Русi”. На паходжанне беларусаў са старажытнарускай на­роднасцi ўказвае таксама адпаведны артыкул энцыклапедыi “Эт­награфiя Беларусi”. У iм гаворыцца, што сацыяльна-эканамiчная, дзяржаўна-палiтычная, культурная i кан­фе­сiй­ная iнтэграцыя ўс­ход­неславянскiх плямён у межах адзiнай дзяржавы – Кiеўскай Русi – абумовiла нiвелiроўку ў канцы IX – пачатку XI ст. этнакультурных асаблiвасцей гэтых плямён i фармiраванне старажытнарускай на­роднасцi. Паралельна з працэсамi кан­са­лi­дацыi i iнтэграцыi iснавалi i супрацьлеглыя тэндэнцыi, якiя акты­вiзавалiся ў другой палове XI–XIII ст., калi Кiеўская Русь ужо не была адзiным па­лiтычным цэлым i складалася з шэрагу зямель-княжанняў. У 90-я гады тэорыю старажытнарускай народ­насцi падтрымлівалі М. Ф. Пiлiпенка, Э. М. Загарульскi і інш.

Мiж тым, працы буйнейшых расiйскiх гiсторыкаў XIX–XX стст. ставяць пад сумненне i нават поўнасцю адмаўляюць факт iснавання такой народнасцi i наяўнасцi яе кампанентаў. Так, В. В.Ключэўскi ў сваiм “Курсе русской истории” (лекцыя X) пiсаў: “Руская дзяржава (у IX–XI стст.) не была дзяржавай рускага народа, таму што яшчэ не iснавала гэтага народа”. Вядомы даследчык старажытных летапiсаў А. М. Насонаў i акадэмiк Б. А. Рыбакоў яшчэ ў 50-я гады XX ст. прызнавалi, што “Рускай зямлёй” называлася першапачаткова толькi тэрыторыя ў трохкутнiку Кiеў – Пераяслаўль – Чарнiгаў, а кры­вiчы, радзiмiчы i шэраг iншых плямён у склад уласна Русi не ўваходзiлi. Вядомы даследчык усходнiх славян прафесар П. М. Траццякоў у сваёй кнiзе “У истоков древнерусской народности” пiсаў, што тэрмiн “старажытнаруская народнасць” з’яўляецца “кнiж­ным”, прыдуманым гiсторыкамi. Вучоны лiчыў, што гэта народнасць была супольнасцю вельмi адноснай: яшчэ доўгi час захоў­валiся своеасаблiвасцi яе кампанентаў (акрамя славянскага, лета-лiтоўскi i фiна-угорскi). Не толькi ў IX–X стст., але i ў XI–XII стст. Руссю, Рускай зямлёй называлася толькi невялiкая вобласць у межах Сярэдняга Падняпроўя. Так, паводле Iпацьеўскага летапiсу, кiеўскi князь Мсцiслаў захапiў у 1129 г. полацкiх князёў i саслаў у Вi­зантыю, бо яны “не слушахуть его (Мсцiслава) коли е зовяшет в Рускую землю в помощь”. Менавiта Паўднёвую Русь разумее пад Рускай зямлёй i аўтар “Слова пра паход Iгаравы”.

Аднак той жа Б. А. Рыбакоў, насуперак сваiм вывадам аб адносна невялiкай тэрыторыi Русi, непаслядоўна сцвярджаў, што Руская зямля IX–XIV стст. у шырокiм сэнсе – як тэрыторыя ўсiх ус­ходнiх славян – гэта вобласць старажытнарускай народнасцi з адзiнай мовай, адзiнай культурай i нават з адзiнай дзяржаўнай мяжой. Прафесар У. В. Маўродзiн у манаграфii, якая выйшла ў 1945 г., пiсаў, што працэс стварэння старажытнарускай народнасцi не завяршыўся, а феадальная раздробленасць, нашэсце мангола-татар i iншыя фактары спынiлi яго. У больш познiх работах Маўродзiна такiх разважанняў ужо няма.

Факт iснавання старажытнарускай народнасцi i фармiравання на яе аснове беларусаў адмаўляюць сучасныя беларускiя гiсторыкi Г. В. Штыхаў, М. I. Ермаловiч, М. А. Ткачоў i iнш. Яны робяць акцэнт на тым, што аб’яднанне зямель у Кiеўскай Русi не было поўным i канчатковым, а беларускiя землi толькi эпiзадычна ўва­ходзiлi ў яе склад,што ў розных частках гэтай дзяржавы захоў­валiся мясцовыя асаблiвасцi мовы i культуры. Ды i адкуль, на іх думку, маглi ўзяцца агульнасць, адзiнства мовы i культуры, без якiх не можа быць народнасцi; у грамадстве, дзе не было школ i друку, пры слабай развiтасцi сродкаў сувязi, шляхоў зно­сiн, на тэрыторыi, пакрытай густымi лясамi, з мноствам балот? Як паспела сфармiравацца моўная i культурная супольнасць, калi ў IX–X стст. яшчэ iшоў працэс складвання Старажытнарускай дзяржавы, а ўжо ў XI ст. яна пачала распадацца, прычым Полацкае княства было першым, якое стала фактычна незалежным ад Кiева?

У сферы сацыяльна-эканамiчнай, як сцвярджае Г. В. Штыхаў, умовы для ўзнiкнення старажытнарускай народнасцi былi мiнi­мальнымi, калi яны наогул iснавалi. У аснове эканомiкi Кiеўскай Русi, як вядома, была натуральная гаспадарка, вёска i горад існавалі паасобку. Вёска абслугоўвалася сваiмi рамеснiкамi. Эка­на­мiч­ная разробленасць не садзейнiчала фармiраванню адзiнай народ­насцi. Адзiн з вядучых беларускiх археолагаў перакананы: версiя аб тым, што старажытнаруская народнасць не сфармiравалася канчаткова i распалася ў сувязi з распадам Старажытнарускай дзяржавы, больш рэальная i праўдападобная, чым мiфiчнае ўяўленне аб iснаваннi адзiнай этнiчнай супольнасцi. Апошнюю ён называе “народнасцю, якую прыдумалi гiсторыкi”.

У навуцы склаўся шэраг канцэпцый, паводле якiх беларускi этнас сфармiраваўся непасрэдна на аснове ўсходнеславянскiх плямён крывiчоў, дрыгавiчоў i радзiмiчаў, мiнуючы стадыю старажытнарускай народнасцi. Паводле “крывiцкай канцэпцыi” (В. Ластоўскi, А. Шлюбскi i iнш.), амаль усе асаблiвасцi, якiмi беларусы адрознiваюцца ад украiнцаў i рускiх, успрыняты iмi ад адной з першапачатковых усходнеславянскiх этнiчных супольнасцей – крывiчоў. У беларусаў, такiм чынам, у параўнаннi з суседнiмi роднаснымі народамi быў iншы продак – крывiчы. Ства­ральнiкi гэтай канцэпцыi лiчылi за лепшае называць беларусаў крывiчамi, а Беларусь – Крывiяй.

Хiсткасць гэтай канцэпцыi ў тым, што яна не можа здавальняюча растлумачыць прычыны ўзнiкнення этнiчных рыс паўднёвабеларускага насельнiцтва, бо крывiчы займалi толькi паўночную i часткова цэнтральную частку тэрыторыi сучаснай Беларусi.

Буйны беларусазнаўца Я. Ф. Карскi, вядомы гiсторык-славiст У. I. Пiчэта, даследчык этнiчнай гiсторыi Беларусi М. Я. Грынблат уключаюць у склад продкаў беларусаў не толькi крывiчоў, але таксама дрыгавiчоў i радзiмiчаў. Адсюль назва канцэпцыi – “крывiцка-дры­гавiцка-радзiмiцкая”. Такi падыход у пэўнай ступенi пераадольвае крайнюю аднабаковасць “крывiцкай” канцэпцыi i спрабуе адшукаць гiстарычныя вытокi паўднёвабеларускага насельнiцтва.

Згодна з “балцкай” тэорыяй ўзнiкненне беларускага этнасу, спецыфiкi яго культуры i мовы тлумачыцца змяшэннем усходне­славянскiх плямён крывiчоў, дрыгавiчоў i радзiмiчаў з балтамi, якiя адыгралi ролю субстрату (падасновы) ў этнагенезе беларусаў. Найбольш вядомы прадстаўнiк гэтай канцэпцыi маскоўскi археолаг У. У. Сядоў мяркуе, што шмат якiя элементы традыцыйнай культуры i мовы беларусаў маюць балцкiя каранi. Да такiх элементаў ён адносiць шанаванне вужоў i камянёў у традыцыйнай рэлiгii беларусаў, жаночы галаўны ўбор (намiтку), нясшытае паясное адзенне (паневу), лапцi прамога пляцення, слупавую тэхнiку ўзвядзення пабудоў, шэраг рыс беларускай фанетыкi (цвёрды “р”, змякчаны “д”, аканне).

Апанент Сядова беларускi этнограф М. Ф. Пiлiпенка пярэчыць: балцкае насельнiцтва аказала iстотны ўплыў не на фармiраванне непасрэдна беларусаў, а iх папярэднiкаў – крывiчоў, радзiмiчаў i дрыгавiчоў – i адыграла ролю субстрату ў iх этнагенезе.

Тэорыя балцкага субстрату ў этнагенезе беларусаў атрымала шырокае прызнанне ў навуковым свеце. Сапраўды, пасля рассялення ўсходнiх славян iшоў складаны працэс iх змяшэння з папярэднiкамi: на Беларусi – з балтамi, на тэрыторыi Расii – з фiна-уграмi, на Украiне – са скiфа-сарматамi. Славяне як бы насычалiся мясцовым неславянскiм элементам – субстратам. Розныя этнiчныя рысы, якiя сфармiравалiся ў беларусаў, рускiх i ўкраiнцаў, абавязаны дзеянню гэтых розных субстратаў. Менавiта этнiчныя субстраты абумовiлi ўзнiкненне трох розных, хоць i роднасных, усходнеславянскiх этнасаў, у кожнага з якiх быў свой шлях нацыянальнага фармiравання.

“Фiнская” канцэпцыя, прапанаваная Г. Ласковым, звяртае ўвагу на неабходнасць улiчваць удзел у этнагенезе беларусаў яшчэ i фiна-уграў, якiя жылi на Беларусi да прыходу балтаў.

На жаль,ёсць i такiя канцэпцыi (яны ўзнiклi яшчэ ў XIX ст., але маюць прыхiльнiкаў i сёння), якiя наогул адмаўляюць факт афармлення i iснавання самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельнiцтва Беларусi нiбы не было самастойнай славянскай мовы.Прыхільнiкi “польскай” канцэпцыi (Л. Галембоўскi, А. Ры­пiнскi i iнш.) лiчылi беларусаў часткай “польскага” этнасу, Беларусь – часткай этнiчнай тэрыторыi Польшчы, а беларускую мову – дыялектам мовы польскай. “Вялiкаруская” канцэпцыя (А. I. Са­балеўскi, I. I. Сразнеўскi i iнш.) заснавана на ўяўленнi, што беларусы ёсць частка вялiкарускага этнасу, а Беларусь – адпаведна частка вялiкарускай этнiчнай тэрыторыi. Яе прыхiльнiкi не прызнаюць беларускую мову самастойнай усходнеславянскай мовай, а разглядаюць яе як дыялект мовы вялiкарускай. Даследаваннi нашай мовы выявiлi памылковасць гэтых канцэпцый. Яшчэ ў першыя дзе­ся­цiгоддзi XX ст. выдатны вучоны Я. Ф. Карскi ў фундаментальнай працы “Беларусы” на вялiзным фактычным матэрыяле пераканаўча даказаў, што беларуская мова з’яўляецца асобнай самастойнай славянскай мовай, якая па свайму слоўнiкаваму складу, сiнтаксiсу, марфалогii i фанетыцы ўваходзiць у групу ўсходнеславянскiх моў нароўнi з вялiкарускай i ўкраiнскай.

На аснове складаных працэсаў iнтэграцыi i асiмiляцыi з VI–VIII стст. на Беларусi ўтвараюцца новыя этнiчныя супольнасцi. Крывiчы (блiзкiя па крывi) – адна з самых вялiкiх племянных груповак. Працэс iх фармiравання адбыўся ў вынiку славянiзацыi мясцовых лета-лiтоўскiх (лотва) i рэшткаў фiна-угорскiх плямёнаў, што пераканаўча пацвердзiлi археалагiчныя даныя. У канцы X ст. на тэрыторыi рассялення полацкiх крывiчоў склалася Полацкае княства, насельнiцтва якога ў летапiсах звычайна завецца кры­вiчамi (пад 1127, 1129, 1140, 1162 гг.). Крывiчы фiгуруюць у ле­тапiсах да 1162 г., дрыгавiчы – да 1149 г., радзiмiчы – да 1169 г.

Беларуская даследчыца Л. У. Дучыц зрабiла выснову, што ў этнаграфiчным касцюме Вiцебшчыны нават у XIX ст. прасочваюцца латгальскiя рэлiкты. Крывiчоў цяжэй, чым якое-небудзь iншае племянное аб’яднанне, “упiсаць” у адзiную старажытнарускую народнасць. Некаторыя даследчыкi лiчаць iх хутчэй балтамi, чым славянамi. Радзiмiчы (з адной радзiмы, сям’i) ўтварылiся на аснове змяшэння славян-перасяленцаў з захаду з фiна-угорцамi. Дры­гавiчы –другавiчы – другавiты (аб’яднаныя дружбай) – гэта этнiч­ная супольнасць, што ўтварылася шляхам узаемадзеяння славян з тубыльцамi.

Басейн Нёмана да IX ст., пачатку пiсьмовай гiсторыi Беларусi, быў заселены выключна балтамi: яцвягамi, лiтвой, дайновай, аўкш­тайтамi, жамойцю. Так, на тэрыторыi Гродзенскай i Брэсцкай абласцей археолагамi знойдзены яцвяжскiя (заходнiя балты) каменныя курганы. У месцы iх канцэнтрацыi, верагодна, доўга захоўвалася яцвяжскае насельнiцтва цi яго славянiзаваныя нашчадкi. Першапачатковыя славянскiя паселiшчы (у Наваградку, Ваўкавыску) тут узнiклi ў канцы X ст. Групы неасiмiляваных славянамi балтаў яшчэ доўга жылi ў Панямоннi i Пабужжы.

 

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-06; Просмотров: 2043; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.022 сек.