Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Аб'яднаўчыя працэсы ў балта-ўсходнеславянскім рэгіёне ў пачатку XIII СТ. Перадумовы фарміравання ВКЛ

У канцы 30–40-ых гадоў XIII ст., калі землі ўсходніх славян трапілі пад мангола-татарскае ярмо, у Панямонні, на балта-славянскім сумежжы, некалі падпарадкаваным Кіеву, узнікае новая дзяржава – Літоўскае ці, як яно яшчэ фігуруе ў тагачасных крыніцах, Вялікае Наваградскае княства. Пачынаецца новы перыяд гісторыі Беларусі, галоўным зместам якога з’яўляецца фарміраванне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (далей – ВКЛ).

Утварэнне ВКЛ – заканамерны вынік унутранага сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця земляў сучасных Беларусі і Літвы ў XII–XIII стст.

Адносіны ўсходнеславянскіх княстваў са сваімі бліжэйшымі балцкімі суседзямі былі няпростымі. Разрозненыя землі гістарычнай Літвы ў X–XII стст. былі аб’ектам заваёвы суседніх славянскіх дзяржаў.Вядомы паходы на літву кіеўскага князя Яраслава Мудрага ў 1040 і 1044 гг., Мсціслава Кіеўскага сумесна з Усеваладкам Гарадзенскім у 1132 г., полацка-менскага князя Валадара Глебавіча каля 1159 г. У 1191 г. рыхтаваўся сумесны паход полацкіх і наўгародскіх атрадаў. У пачатку XIII ст. на літву хадзілі полацкія, чарнігаўскія, смаленскія князі. Полацкія князі неаднаразова выкарыстоўвалі літоўскія дружыны для высвятлення адносін паміж сабой і са сваімі суседзямі ў час міжусобіц. У"Аповесці мінулых гадоў" літва называецца ў ліку плямёнаў, якія плацілі даніну Кіеву.

Частымі былі спусташальныя паходы ўсходнеславянскіх дружын і на яцвяжскія землі. У 983 г. хадзіў на яцвягаў вялікі кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч, у 1038 г. – яго сын Яраслаў. У XII – першай палове XIII стст. барацьбу з яцвягамі і літвой вядуць галіцка-валынскія князі;па летапісах вядомы іх паходы ў 1112 г., 1113 г., 1196 г., 1227 г., 1235 г., 1248 г., 1253 г., 1258 г.

У сваю чаргу ў XI – першай трэці XIII стст. літоўскія і яцвяжскія дружыны неаднаразова робяць набегі на славянскія княствы, даходзяць да Тураўскай, Валынскай, Ноўгарад-Северскай, Смаленскай земляў. Галоўнай мэтай гэтых паходаў быў не захоп чужой тэрыторыі, а рабаўніцтва, захоп палонных, хатняй жывёлы і г. д. Яны насілі грабежніцкі характар і з’яўляліся адной з крыніц назапашвання багаццяў літоўскай знаці. З летапісаў і хронік вядомы літоўскія паходы ва ўсходнеславянскія землі ў 1205 г., 1207 г., 1216 г., 1224 г., 1225 г., 1226 г., 1229 г., 1234 і ў іншыя гады. Толькі на працягу 1201–1236 гг. літоўскія князі арганізавалі 14 буйных паходаў. "Беда бо бе в земле Володимерьстей от воеванья литовского и ятвяжского", – піша, напрыклад, Галіцка-Валынскі летапіс.

Зыходзячы з рэальных фактаў літоўскіх паходаў на ўсходнеславянскія землі, гісторыкі канца ХІХ–ХХ стст. распрацавалі "канфрантацыйную" версію генезісу ВКЛ, згодна з якой верхняе і сярэдняе Панямонне былі зонай адвечнай балта-славянскай канфрантацыі, ці змагання за тэрыторыі. Спачатку, маўляў, усходнія славяне перамагалі тут і цяснілі балтаў, потым па меры раздраблення і аслаблення Русі балты ў сваю чаргу перайшлі ў наступ. Паступова балцкая экспансія з ваенна-рабаўнічай перарастае ў тэрытарыяльна-захопніцкую. Між тым прыхільнікам гэтай тэзы не ўдалося выявіць ніводнага факта захопу літвой якога-небудзь горада ці зямлі на тэрыторыі будучай Беларусі.Усе вядомыя выпадкі прыходу літоўскіх князёў на княжанне ва ўсходнеславянскія гарады ў ХІІІ ст. адбыліся праз запрашэнне. Больш таго, у крыніцах няма прамых ці вартых даверу ўскосных сведчанняў аб нападзе летапіснай Літвы на Наваградак, Гародню, Ваўкавыск. Раней даследчыкі не заўважалі і таго, што ваяўнічы рух балтаў быў накіраваны за межы Панямоння. Гэта быў рэгіён балта-славянскага супрацоўніцтва, у якім актыўным і культурна дамінуючым элементам былі ўсходнія славяне, якія з часам асімілявалі балцкіх аўтахтонаў.

Да пачатку XIII ст. сацыяльна-эканамічнае развіццё летапіснай літвы, аўкштайтаў, жамойтаў (жамойці, жмудзі) прывяло да фарміравання феадальных адносін, да падзелу на знаць і просты народ. У іх яшчэ не было гарадоў, яны не мелі свайго пісьменства. Літва і Жмудзь уяўлялі сабой шэраг асобных земляў з "кунігасамі" (князямі) на чале. Да таго часу яны выйшлі з залежнасці ад суседніх усходнеславянскіх дзяржаў. Іх развіццё знаходзілася на той стадыі, услед за якой ідзе ўтварэнне дзяржавы. Час вымагаў палітычнага адзінства. Больш цеснаму згуртаванню плямён, іх ваенна-палітычнай, тэрытарыяльнай кансалідацыі садзейнічаў знешні фактар – пагроза з боку крыжакоў, якія ў канцы XII – пачатку ХІІІ стст. з’явіліся ў Прыбалтыцы і пачалі каланізаваць яе тэрыторыі.

Паступова з асяроддзя літоўскай знаці вылучаюцца найбольш уплывовыя і магутныя постаці. Вядомым сярод іх у пачатку XIII ст. быў Міндоўг, які пачаў барацьбу за падпарадкаванне літоўскіх земляў пад сваёй уладай.

Імкненне да кансалідацыі прыходзіць на змену цэнтрабежным тэндэнцыям і на славянскіх землях. Рост вытворчых сіл, умацаванне феадальных адносін, паглыбленне грамадскага падзелу працы, развіццё гандлю садзейнічалі пераадоленню адасобленасці княстваў, зліццю іх у больш буйныя дзяржавы. Эканамічнае і палітычнае збліжэнне, этнакультурная роднаснасць старажытнабеларускіх зямель выклікалі неабходнасць іх тэрытарыяльнай кансалідацыі. Асабліва ўзмацніўся цэнтраімклівы працэс на Беларусі ў другой палове XII – пачатку XIII стст.

Новы этап дзяржаваўтварэння быў звязаны са складанай знешнепалітычнай сітуацыяй ва Усходняй Еўропе. Уся паўднёвая і ўсходняя часткі ўсходнеславянскага арэала на працягу 1237–1242 гг. былі зруйнаваны мангола-татарамі. Акрамя таго, знешняя небяспека пагражала з поўначы і з захаду: немцы з пачатку ХІІІ ст. усталяваліся ў ніжнім Падзвінні. Гэта быў час, калі з розных бакоў на беларускія землі няўмольна насоўваліся крыжакі і мангола-татары. У пачатку XIII ст. Полацкае княства першае з усходнеславянскіх земляў прыняла на сябе цяжар барацьбы з крыжакамі. Тэўтонскі ордэн, заваяваўшы Прусію, з 1283 г. распачаў актыўную агрэсію на Панямонне, якое адчувала пагрозу таксама і з паўднёвага ўсходу. Ніколі так востра, як у XIII ст., не паўставала перад нашымі продкамі пытанне – быць ці не быць? У такіх умовах адышлі на другой план ранейшыя спрэчкі і сваркі крывічоў і дрыгавічоў паміж сабою і з даўнімі суседзямі – "паганаю літвою".

Гістарычнай неабходнасцю часу сталі пошукі больш цеснага кантакту ў эканамічнай і палітычнай сферах, больш цеснае тэрытарыяльнае і ваенна-палітычнае аб’яднанне славянскіх і балцкіх земляў. Ідэя кансалідацыі набывала ўсё больш прыхільнікаў. Перад пагрозай небяспекі полацкія князі нярэдка ўступалі ў саюз з літоўскімі і сумесна выступалі супраць крыжакоў. У канкрэтных гістарычных умовах таго часу склаўся своеасаблівы славянска-балцкі ваенна-палітычны саюз, які і выклікаў да жыцця новае палітычнае аб’яднанне – Вялікае княства Літоўскае. Ваенная пагроза звонку паскорыла працэс аб’яднання. Перавага палітычных прычын над эканамічнымі адрознівала яго ад аналагічных працэсаў у Заходняй Еўропе. Патрэбна была арганізацыя для абароны сваёй жыццёвай прасторы з моцным, правераным у баях і паходах ваенным правадыром. Яго этнічнае паходжанне істотнага значэння не мела, асабліва ў Панямонні, дзе два этнасы стагоддзямі жылі разам.

Пачаткам ВКЛ стаў палітычны саюз дзвюх галоўных рэгіянальных сіл – усходнеславянскіх панямонскіх гарадоў з некаторымі найбольш моцнымі правадырамі балцкіх плямёнаў. Калі разглядаць гэта пытанне больш канкрэтна, то пачаткам быў саюз найважнейшага горада рэгіёна Наваградка з мацнейшым з суседніх кунігасаў Міндоўгам. Менавіта гэты саюз паклаў пачатак працэсу дзяржаваўтварэння. Пісьмовыя крыніцы не зафіксавалі фармальны акт гэтага саюза, як і час яго ўтварэння.

3. РОЛЯ НАВАГРУДКА Ў ЗАСНАВАННІ ДЗЯРЖАВЫ.

 

Першыя свае крокі гэта дзяржава рабіла ў Навагародку. На працягу XIII ст. гэты горад няспынна імкнуўся да аб’яднання вакол сябе суседніх славянскіх і балцкіх земляў.

Здавалася б, што аб’яднаўчым цэнтрам павінен быў стаць Полацк, які меў даўнюю традыцыю самастойнага і незалежнага дзяржаўнага існавання. Аднак феадальныя ўсобіцы XII ст., цяжкая барацьба з крыжацкай агрэсіяй і страта выхаду да Балтыйскага мора ў пачатку XIII ст. падарвалі яго сілы. У сярэдзіне XIII ст. цэнтр палітычнага жыцця Беларусі перамяшчаецца з Падзвіння ў Панямонне, з Полацка ў Наваградак, які быў тады самым значным горадам гэтага рэгіёна. Заснаваны ў X ст. і, верагодна, упершыню згаданы ў летапісе пад 1044 г., Наваградак зведаў у ХІІ–ХІІІ стст. незвычайны росквіт, што і вызначыла яго дамінуючае месца ў нашай гісторыі сярэдзіны XIII – пачатку XIV стст. і дала падставу некаторым даследчыкам нават вылучаць наваградскі перыяд айчыннай гісторыі. Ленінградскі археолаг Ф. Гурэвіч, якая амаль трыццаць гадоў вяла тут раскопкі, высветліла, што гэта быў горад з высокай матэрыяльнай культурай, шырокімі міжнароднымі сувязямі і значнай заможнай праслойкай насельніцтва. Дасягнуўшы значнай эканамічнай моцы, горад выйшаў з-пад палітычнага ўплыву галіцка-валынскіх князёў.

Развітыя земляробства і рамёствы, ажыўлены гандаль з паўднёварускімі гарадамі, з Полацкам, Прыбалтыкай, Польшчай, Візантыяй і Блізкім Усходам, наяўнасць многіх гарадоў (Наваградак, Гарадзен, Слонім, Ваўкавыск, Здзітаў, Свіслач, Турыйск) сведчылі пра высокі эканамічна-культурны патэнцыялбеларускага Панямоння ў ХІІІ ст., што, несумненна, адыграла важную ролю ў працэсе пабудовы ВКЛ. Па свайму эканамічна-культурнаму ўзроўню, матэрыяльных і людскіх рэсурсах гэты регіён значна перавышаў этнічную Літву (Жамойць), якая мела сваіх гарадоў, не ведала пісьменства, мураванай архітэктуры і г. д. Ён меў спрыяльнае геаграфічнае становішча, якое асабліва праявілася ў сярэдзіне стагоддзя – адносная аддаленасць ад асноўных маршрутаў крыжацкіх паходаў і мангола-татарскай навалы. Усё гэта павялічвала палітычную вагу Наваградка сярод суседніх усходнеславянскіх і балцкіх зямель і дало яму магчымасць стаць іх дзяржаваарганізуючым цэнтрам.

Утварэнне ВКЛ пачалі наваградскія феадалы. Наваградская вярхушка, якая сканцэнтравала ў сваіх руках вялікія багацці і ўмацавала сваю ўладу, адчуўшы смяротную небяспеку, якая ішла ад крыжакоў і мангола-татараў, пачала збіраць у адзіную дзяржаву землі Панямоння. Ідэя аб’яднання атрымала падтрымку насельніцтва, найперш купцоў, рамеснікаў. Для практычнага ажыццяўлення сваёй праграмы наваградцы выкарысталі князя Міндоўга, а потым яго сына Войшалка. Нам невядома, ці сам Міндоўг прыслаў да наваградцаў прапанову злучыць свае сілы, ці наваградскія ўплывовыя людзі паслалі запрашэнне на княжанне.

 

4. МІНДОЎГ І ЯГО ПАЛІТЫКА.

Першую цагліну ў падмурак гэтай дзяржавы ў другой чвэрці XIII ст. заклаў Міндоўг, якому належыць слава заснавальніка ВКЛ. Паводле летапісаў і хронік, Міндоўг – сын буйнейшага феадала Літвы, князя Рынгольта. Упершыню Іпацьеўскі летапіс згадаў Міндоўга ў 1219 г. У гэтым годзе быў заключаны літоўска-валынскі мірны дагавор. Літву прадстаўлялі пры гэтым 21 князь, з іх пяцёра – "старэйшых", у тым ліку Міндоўг.

У імкненні да ўстанаўлення адзінаасобнай улады, ён адных сапернікаў забіў, другіх выгнаў з Літвы "і нача княжити один во всей земле Литовской и нача гордети и вельми и вознесе славой и гордостью великой и не творяще противу себя никого же". Гэта адбылося ў 30-я гады ХІІІ ст., паколькі ўжо ў 1236 г. крыніцы згадваюць "Литву Миндовга", якая стала ядром аб’яднання літоўскіх земляў. У выніку жорсткай барацьбы Міндоўгу ўдалося пакласці пачатак палітычнай, тэрытарыяльнай кансалідацыі гістарычнай Літвы – паўднёвай ускраіны балцкіх земляў. Тое, што ён апынуўся ў Наваградку, не было выпадковым. Наваградак узнік на паўднёва-заходнім ускрайку зямлі племені літва, а далей на захад ад яго жылі яцвягі.

Гісторыкі даюць розныя варыянты развіцця палітычнай кар’еры Міндоўга. Адны лічаць, што літоўскі князь прыйшоў у Наваградак як заваёўнік. Другія перакананы, што пасля 1237 г., калі памёр апошні наваградскі князь Ізяслаў, Міндоўг быў запрошаны сюды. Іншыя сцвярджаюць, што пасля паражэння ў барацьбе з крыжакамі пазіцыі Міндоўга ў Літве значна аслаблі. Гэта выкарысталі палітычныя праціўнікі, якія распачалі супраць яго барацьбу. Тады Міндоўг з рэштай сваёй дружыны накіроўваецца ў суседні Наваградак, дзе ён быў прыняты на княжанне і стаў выканаўцам дзяржаўных памкненняў гэтай зямлі. Наваградская знаць зрабіла яго князем, каб выкарыстаць у сваіх палітычных мэтах. І хоць яшчэ і сёння ў літаратуры часам паўтараецца тэза аб летувіскай каланізацыі Наваградчыны і Гарадзеншчыны як пачатку ўтварэння ВКЛ, гэта не пацвярджаецца ніякімі пісьмовымі крыніцамі. Гэтак жа няма падстаў лічыць Міндоўга ізгоем – выгнаннікам.

У 1246 г., відаць, пасля прыхода на княжанне ў Наваградку Міндоўг " прыняў веру хрысціянскую ад Усходу з многімі сваімі баярамі". Факт прыняцця праваслаўя – веры мясцовага насельніцтва – пацвярджае думку, што ён увайшоў у горад не сілай, а са згоды жыхароў. Заваёўніку, вядома, не трэба было прымаць веру пераможанага народа. Перамена веры, відаць, была неабходнай умовай абрання Міндоўга на “пасаду” князя наваградскага.

Затым новы князь аб’ядноўвае землі верхняга Панямоння вакол Наваградка: "поимана бъ вся земля Литовская". Час правядзення гэтай акцыі – 1248 г. – можна прыняць за пачатак ВКЛ. За гэтай дзяржавай замацоўваецца назва "Літва" ці "Літоўскае княства" (часам яна называлася "княства Літоўскае і Наваградскае" ці нават "Вялікае княства Наваградскае"). Язычніцкая Літва (вёска) і праваслаўная Навагародчына (гарады) мірна суіснавалі пад уладай літоўскага князя.

Галоўным праціўнікам на шляху пабудовы панямонскай дзяржавы стаў у гэты час паўднёвы сусед. З трывогай сачылі за аб’яднаўчай дзейнасцю Міндоўга галіцка-валынскія князі. Узнікненне на тэрыторыі верхняга і сярэдняга Панямоння славянска-балцкай дзяржавы выклікала вялікую незадаволенасць. Галіцкія Раманавічы цалкам усвядомілі небяспеку гэтага саюза для сваіх пазіцый у Панямонні, таму і пачалі маштабнае супрацьдзеянне, абапіраючыся на дапамогу татар, яцвягаў, жамойтаў, крыжакоў. У 50–70-я гады XIII ст. яно стала арэнай жорсткай барацьбы.

У 1252 г. вялікае войска на чале з Даніілам Галіцкім пайшло ў Літву на … Наваградак. Гэта першы зафіксаваны выпадак атаясамлівання (г. зн. саюза) Міндоўга з Наваградкам.Яно спустошыла "усю зямлю наваградскую", захапіла Гарадзень. Кааліцыя Раманавічаў пагражала задушыць працэс дзяржаваўтварэння ў самым пачатку ці па меншай меры прыпыніць яго на неакрэслены час. З гэтага першага цяжкага выпрабавання панямонская дзяржава выйшла дзякуючы заключэнню саюза з Лівонскім ордэнам. Міндоўгу ўдалося перацягнуць Ордэн на свой бок "дарми многими" і згодай прыняць заходні варыянт хрысціянства. Князь пайшоў на прамыя зносіны з Рымам, у канцы 1250 г. або пачатку 1251 г. прыняў каталіцтва, а ў 1252 г. (паводле іншых звестак у 1253 г.) каранаваўся ў Навагародку каралеўскай каронай, якую даслаў папа рымскі Інакенцій IV. Гэты дыпламатычны заход і выратаваў дзяржаву.

Неўзабаве Міндоўг накіраваў паслоў да Даніла Галіцкага з прапановай міру. Мірны дагавор быў падпісаны ў 1254 г. і замацаваны шлюбам Міндоўгавай дачкі з сынам Даніла Шварнам. Паслом на перамовах быў сын Міндоўга Войшалк, які вымушаны быў аддаць Наваградскую зямлю валынскім князям. У Панямонні ў 1254–1258 гг. узмацняецца валынскі ўплыў, хаця поўнай яго інкарпарацыі ў склад Галіцкай зямлі не адбылося.

На пачатак шостага дзесяцігоддзя ХІІІ ст. становішча Міндоўга і яго дзяржавы выглядае дастаткова трывалым, войска ВКЛ ужо праводзіць ваенныя аперацыі па-за межамі сваёй тэрыторыі. У 1262 г. княства заключае антыордэнскі саюз з Ноўгарадам. Аб’яднанае наўгародскае, віцебскае, полацкае і літоўскае войска накіравалася ў зямлю эстаў, аблажыла горад Юр’еў (Тарту) і "адзіным прыступам" узяла яго.

Полацка-літоўскае пагадненне было заключана раней. Полацк не ўступаў у канфлікт з Літвой, а выкарыстоўваў літоўскую рабаўнічую актыўнасць у барацьбе супраць сваіх сапернікаў. Паміж 1253 і 1262 гг. у Полацку ўсталяваўся першы князь балцкага паходжання – Таўцівіл. У Наўгародскім летапісе ёсць указанне, што Таўцівіл быў прыняты на княжанне самімі палачанамі, а не навязаны ВКЛ. Калі ў 1263 г. Транята забіў Таўцівіла і пажадаў ад палачанаў выдачы яго сына, то апошні з прыбліжанымі уцёк у Ноўгарад. "Тогда Литва посадиша свои (своего) князъ в Полотьскъ; а полочан пустиша, которыхъ изъимали с князем ихъ, и мир взяша." Гэта дазваляе гаварыць аб трывалым уваходзе Полацка пад палітычны ўплыў ВКЛ у 1263 г. Полацкая зямля ўсё мацней звязваецца з панямонскай дзяржавай, каб урэшце увайсці ў склад ВКЛ, забяспечыўшы сабе шырокую аўтаномію. Багатыя полацкія традыцыі дзяржаўнага і культурнага жыцця зрабілі значны ўплыў на фарміраванне ўнутранага ладу ВКЛ.

У 1263 г. Міндоўг і двое яго малодшых сыноў былі забіты ў выніку змовы варожых яму князёў: князя Даўмонта (бацькі Давыда Гарадзенскага), у якога аўдавелы Міндоўг адабраў жонку, і жамойцкага князя Траняты, які “меў віды” на ўладу ў ВКЛ.

Заслуга Міндоўга ў тым, што ён заклаў падмурак дзяржавы, якая праз паўтара стагоддзя стане адной з мацнейшых краін Еўропы.

Яго смерць стала пачаткам унутранага крызісу ВКЛ, які працягваўся некалькі гадоў. Зместам яго была барацьба за ролю кіраўніка дзяржавы, і асноўнымі дзеючымі асобамі выступалі князі балцкага паходжання. Іх баявыя заслугі высока цаніліся ў суседніх усходнеславянскіх гарадах: Полацк, напрыклад, запрасіў да сябе Таўцівіла, Пскоўская рэспубліка прыняла на княжанне ўцекача Даўмонта, Пінск і Наваградак дабраахвотна ваююць на баку Войшалка.

 

5. КНЯЖАННЕ ВОЙШАЛКА, ТРАЙДЗЕНЯ І ВІЦЕНЯ

У 1254 г. на палітычную арэну выступае старэйшы сын Міндоўга Войшалк (1223–1268 гг.), які ад імя бацькі правіў у Ваўкавыску і Слоніме. Яму ўласцівы палітычная і дыпламатычная дальнабачнасць. Ён плёў інтрыгі, ішоў на кампрамісы, часам дзейнічаў нібыта нелагічна, а на самай справе прадумваў кожны крок. Гэта трагічная і супярэчлівая фігура. Як дзяржаўны дзеяч і палітык, Войшалк быў да канца адданы інтарэсам Навагародка. Ён паспяхова працягваў справу бацькі.

Яго першай дзяржаўнай справай было заключэнне міру з Галічам і Валынню. Разумеючы, што яны з’яўляюцца галоўнымі знешнімі праціўнікамі Наваградка, Войшалк, каб забяспечыць апошняму на некаторы час мірнае жыццё і даць яму акрыяць, ідзе на смелы дыпламатычны крок: аддае сыну Даніілы Галіцкага Раману Наваградак і іншыя гарады, а сваю сястру – замуж за другога сына Даніілы – Шварна. Гэтым самым ён пасеяў зерне варожасці паміж галіцка-валынскімі князямі ў іх дамаганнях на Наваградскую зямлю і Літву. Войшалк прадбачыў немінучы заняпад іх дзяржавы, зняволенай татарамі і ўцягнутай у міжусобныя канфлікты. Ведаў, што не ў яе сілах будзе ўтрымаць Наваградак, і таму пайшоў на гэткі крок.

Яму ўдавалася ўтрымлівацца на лязе хісткага міру між Наваградкам і яго магутным сапернікам – Галіцка-Валынскім княствам. У кароткім прамежку перамір’я малады князь стаў манахам і заснаваў "на реке на Немне, межи Литвой і Новымгородком" Лаўрышаўскі манастыр. Але бурлівыя падзеі хутка ўцягнулі яго зноў у вір палітыкі.

Пражыўшы некаторы час у заснаваным ім манастыры, Войшалк неўзабаве скінуў расу і ўзяў у рукі зброю. Ён прыступіў да ажыццяўлення сваёй галоўнай мэты – вызвалення Наваградка з-пад галіцка-валынскай улады. Для гэтага ён уступіў у саюз з полацкім князем Таўцівілам. Пляменнік Міндоўга Таўцівіл у 50-я г. XIII ст. стаў княжыць у Полацку, відаць, па дамоўленасці з вечам. Ён таксама прыняў праваслаўе. З дапамогай Таўцівіла Войшалк у 1258 г. вярнуўся ў Наваградак і схапіў Рамана, які, магчыма, быў забіты.

Даніл Галіцкі не пакінуў гэтыя дзеянні Войшалка без пакарання. Ён рушыў з войскам на Наваградскую зямлю, захапіў Ваўкавыск, паслаў атрады на Гарадзен. Але падначаліць сабе зноў землі верхняга Панямоння ён ужо не меў сілы.

Пасля забойства Міндоўга ў ВКЛ пачалася дзесяцігадовая міжкняжацкая барацьба. Уладу "во всей земле Литовской и Жемойти" захапіў літоўскі князь Транята (1263–1264 гг.), які ў 1263 г. арганізаваў забойства свайго папярэдніка. Але ён не мог адчуваць сябе ў бяспецы, ведаў, што ў Полацку і Наваградку сядзяць яшчэ два прэтэндэнты на вялікакняжацкі пасад – Таўцівіл і Войшалк. Транята выклікаў на сябе Таўцівіла пад выглядам "дзяліць зямлю і спадчыну Міндоўга" і забіў яго. Такі ж лёс чакаў і Войшалка. Аднак той аказаўся хітрэйшым і ўцёк у саюзны яму Пінск.

Звяртае на сябе ўвагу падтрымка Навагародка Пінскам, абцяжараным залежнасцю ад Галіцка-Валынскага княства. Падчас крызісу ў ВКЛ, выкліканага забойствам Міндоўга, пінгукі праз падтрымку Войшалка рашуча ўмяшаліся ў панямонскія справы.

Транята нядоўга заставаўся пры ўладзе. Не без падтрымкі Войшалка сярод літоўскай знаці, незадаволенай жамойцкай уладай, узнікла змова супраць узурпатара. У хуткім часе ён быў забіты Міндоўгавымі слугамі. Транята, прабыўшы на княжацкім троне некалькі месяцаў, не адыграў істотнай ролі ў гісторыі ВКЛ. У гэты час рашучыя дзеянні пачаў Войшалк. Пры падтрымцы наваградскай і пінскай дружын ён ідзе ў Наваградак, займае бацькоўскі пасад і пачынае княжыць "ва ўсёй зямлі Літоўскай". І Літва, як сказана ў летапісе, прыхільна сустрэла яго як "своего господичича". Падтрымка Пінска і Наваградка забяспечыла Войшалку поспех у барацьбе за бацькоўскі трон. Гэты эпізод не адпавядае даўняму ўяўленню пра мясцовых славян як пасіўных аб’ектаў літувіскай экспансіі і сведчыць на карысць іх актыўнага ўдзелу ў пабудове ВКЛ. Аднак праціўнікі аб’яднання і адзінаўладдзя аказалі яму супраціўленне. Тады былы манах, забыўшы хрысціянскую літасць, з жорсткасцю "поча вороги свои избивати, изби их бесчисленое множество, а другие разбегошася камо кто видя". Сярод уцекачоў быў і Даўмонт, у хуткім часе прыняты на княжанне ў Пскоў. Ён правіў там больш за 30 гадоў, а пасля смерці кананізаваны праваслаўнай царквой.

Пасля расправы з унутранымі ворагамі сваёй дзяржавы, Войшалк зрабіў захады, каб забяспечыць мір з суседзямі, пазбегнуць вайны з імі: заключае мір з Ордэнам, шукае магчымасць паразумецца з Галіцка-Валынскім княствам. Ён умела сыграў на слабай струнцы яго князёў – на іх імкненні валодаць Наваградскай зямлёй і Літвой. Войшалк знешне прызнае сябе васалам князя Васількі, а на наваградскі пасад запрашае "дапамагаць яму ўладарыць" Шварна. Калі ў 1254 г. ён асцярагаўся перадаць Наваградак жанатаму з ягонай сястрой Шварну, дык цяпер становішча было іншае: Шварн не меў дзяцей і пасля яго смерці Войшалк зноў станавіўся паўнапраўным гаспадаром у сваёй дзяржаве.

З дапамогай валынскай дружыны Войшалк ў 1265 г. (1264) далучае да Наваградка заселеныя балцкімі плямёнамі Нальшаны (паўночны захад сучаснай Беларусі) і Дзяволтву (частка ўсходу сучаснай Літвы). "И пойде в силе тяжъце и нача городы имати во Дявелътвъ и в Нальшчанехъ", – гаворыць пра гэтыя падзеі пад 1264 годам Галіцка-Валынскі летапіс. – Городы же поимавъ, а вороги своя избивъ и тако придоша во свояси". У грамаце полацкага князя Ізяслава (прыблізна ў 1265 г.) прызнаецца "воля" Войшалка над Полацкам.

Аб’яднанне вакол Наваградка Літвы, Полацка-Віцебскай зямлі з’явілася трывалым пачаткам утварэння ВКЛ. У гэтым і заключаецца галоўная гістарычная заслуга Войшалка. Менавіта ён, з’яўляецца фактычным заснавальнікам балцка-славянскай дзяржавы, якая стала на некалькі стагоддзяў агульным домам для літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў. Бацька яго, Міндоўг толькі падрыхтаваў глебу, а дрэва новай дзяржавы пасадзіў Войшалк.

Перадача Войшалкам Наваградскай зямлі Шварну не спадабалася брату Шварна – галіцкаму князю Льву Данілавічу, які сам хацеў валодаць Наваградскай і Літоўскай землямі, злучанымі зараз у адзінае цэлае. Гэты князь запрасіў Войшалка да сябе ў госці і забіў яго, "завистью оже бяшеть дал землю Литовскую брату его Шварнови". Адбылося гэта ў час сустрэчы ва Уладзіміры- Валынскім у 1268г. Леў у п’яным шаленстве выхапіў шаблю і засек Войшалка. Так трагічна і неспадзявана абарвалося яго жыццё.

Але запозненая помста князя Льва не дала яму ніякіх вынікаў. Створаная Міндоўгам і Войшалкам дзяржава працягвала сваё самастойнае жыццё. Далейшыя падзеі пацвердзілі яе ўнутраную трываласць, падтрымку аб’яднаўчай палітыкі славянскім і балцкім баярствам і гараджанамі.

Трайдзену (1270–1882 гг.) выпала доля абараняць закладзеныя Міндоўгам і Войшалкам асновы дзяржавы. Яго гісторыя ў крыніцах вельмі заблытаная. Мы не ведаем, ці паходзіў гэты ўладар Дайновы з роду Міндоўга, ці належаў да іншага роду. Гэта адна з таямніц нашай гісторыі. Шэраг даследчыкаў (М. Ермаловіч, А. Краўцэвіч і інш.) упэўнены, што з Трайдзенам у ВКЛ запанавала новая княжацкая дынастыя, якая ў адрозненне ад папярэдняй, Міндоўгавай, была славянскага паходжання. Адзін з летапісаў указвае, што быў "Трайдзен з роду рускага".

Невядома, якім чынам Трайдзен дамогся ўлады: ці сілай, ці мірным шляхам. У 1270 г. ён "нача княжити в Литве" і правіў 12 гадоў.

У гэтыя гады маладой дзяржаве выпалі цяжкія выпрабаванні: крыжакі, галіцка-валынскія войскі, татары, суседнія князі пасля смерці Войшалка паднялі галаву, пагражалі незалежнасці ВКЛ. Выйшлі да межаў ВКЛ крыжакі. Абапіраючыся на залатаардынскія палкі, двойчы спрабавала пакончыць з Наваградкам Галіцка-Валынскае княства.

У крыніцах захавалася зусім мала звестак аб унутранай палітыцы Трайдзена. Ён актыўна працягваў на землях Панямоння аб’яднаўчую палітыку Міндоўга і Войшалка: жорстка распраўляецца з праціўнікамі, клапаціцца аб умацаванні дзяржавы. У часы Трайдзена ў склад Літоўскага княства ўвайшлі землі яцвягаў – у 1278 г. там ужо гаспадарыў намеснік і брат вялікага князя Сірпуцый. Трайдзен даў прытулак прусам, якія пад націскам крыжакоў пакінулі свае землі.

Значна больш сведчанняў засталося ў крыніцах пра знешнія абставіны дзяржаўнага жыцця княства ў 1270-я гады.

З самага пачатку свайго княжання Трайдзену прыйшлося брацца за меч. Войны былі для яго з’явай звычайнай. "Весь живот свой до войны и крови розляня простовал", "шмат ваяваў і заўсёды перамагаў", – так характарызуецца ў летапісах ВКЛ яго дзейнасць.

Яго знешняя палітыка мела перш за ўсё на мэце абарону тэрытарыяльных інтарэсаў дзяржавы. Галоўным праціўнікам, як і пры яе ўтварэнні, заставаліся галіцка-валынскія князі. Таму барацьба з імі складала галоўны змест вайсковай дзейнасці Трайдзена.

Нядзіўна, што галіцка-валынскі летапісец, які ўхвальна апісаў дзейнасць уласных князёў, нават калі яны хадзілі крыжовымі паходамі на яцвягаў ці на аднаверных суайчыннікаў у верхнім Панямонні, даў знішчальную характарыстыку іх саперніку: "Окаяньный и безаконьный, проклятый, немилостивый Трайдзен, его же беззаконья не могохом псати срама ради ". Летапісец параноўвае Трайдзена з Ірадам і Неронам, не забыўшы дадаць, што ён "многа злейша того безаконья чиняша", што ён ледзь не вораг чалавецтва. Гэта была своеасаблівая помста Трайдзену за яго рашучыя крокі па пашырэнню межаў Літоўскага княства за кошт паўднёвых і паўднёва-заходніх зямель, што належалі Галіцка-Валынскаму княству. Такія моцныя эпітэты летапісца ў той жа час наводзяць на думку, што наваградскі князь быў чалавекам уладарным, рашучым і хітрым, які асабліва не выбіраў сродкі для дасягнення сваіх мэтаў.

У 1274 г. Трайдзен парушыў мір паміж Наваградкам і Галічам, нечакана напаў з гарадзенскай дружынай на Драгічын, які належаў галіцкаму князю Льву, захапіў горад і "избиша вся и мала и до велика". Напад гарадзенцаў выклікаў жорсткую помсту князя Льва. Канфлікт паміж Трайдзенам і Львом набыў грандыёзныя памеры: у яго былі ўцягнуты амаль усе суседнія княствы. Леў Галіцкі звярнуўся за дапамогай да татарскага хана Менгуцымера, "прося себе помочи у него на Литвоу". Хан не адмовіў яму, бо ардынцам адкрывалася магчымасць парабаваць, а то і заняволіць адну з беларускіх зямель, што адзіныя ва ўсёй Усходняй Еўропе былі свабодны ад іх ярма. Даўшы Льву раць на чале з ваяводам Ягурчынам, Менгуцымер адначасова прымусіў ісці на Літву залежных ад яго бранскага і смаленскага князёў. Да гэтай кааліцыі далучылі тураўскую і пінскую дружыны. Паход 1274 г. быў цяжкім ударам для маладой панямонскай дзяржавы і яе сталіцы. Але ён не дасягнуў сваёй канчатковай мэты з-за адсутнасці адзінства і сварак у стане саюзнікаў.

Пасля кароткага замірэння на Наваградак зноў насунулася грозная небяспека. У 1277 г. аб’яднанае войска галічан і татараў выступае ў паход. Татарская раць на чале з ваяводам Мамшынам адразу накіравалася да Наваградка, ўвайшла ў сталіцу і разрабавала яе, нанесла ёй вялікую шкоду. Галіцка-валынскія князі сабраліся ў Бярэсце, аднак, даведаўшыся пра спусташэнне сталіцы татарамі, змянілі свой план і пайшлі на Гародню. Але іх напаткала няўдача. Перабежчык паведаміў гараднянам аб безладдзі ў варожым войску. Гарадняне накіравалі на варожае войска дружыну прусаў і борцяў, якія ўцяклі ад немцаў і былі паселены Трайдзенем у горадзе. Яны адных пабілі, другіх узялі ў палон. На наступны дзень раз’юшаныя князі сталі палком пад Гародняй. Толькі гарадняне "аки мертва стояша на забролях города" і мужна адбілі штурм. Такога адпору князі не чакалі. Адзінае, што заставалася: прасіць міру, "како города им не имати", ды ісці прэч. Так бясслаўна скончыўся паход 1277 г. Трайдзен адбіў у галіцка-валынскіх князёў жаданне хадзіць на Літву і актывізаваў свае дзеянні на заходнім накірунку.

На захадзе інтарэсы ВКЛ сутыкаліся з інтарэсамі Польшчы. Трайдзен робіць удалы паход на Люблін і бярэ вялікі палон, аддае сваю дачку замуж за полацкага князя. Галоўнай пагрозай для паўночна-заходніх зямель дзяржавы была крыжацкая агрэсія. Рыцары імкнуліся ўсё глыбей па Дзвіне пранікнуць на ўсход. Трайдзен неаднаразова ваюе Дынабург (Даўгаўпілс), аднак авалодаць непрыступным нямецкім замкам не змог. Буйныя сутыкненні з лівонскімі рыцарамі адбыліся ў 1270 г., 1278 г., 1279 г. У 1281 г. ён захапіў Герцыке, які абмяняў на Дынабург.

Княжанне Трайдзена было часам умацавання ВКЛ. Яно праходзіла ў барацьбе з унутранай і знешняй пагрозай. У часы Трайдзена ВКЛ выступае як унутрана стабільная дзяржава, здольная весці актыўную знешнюю палітыку.

Далейшая гісторыя ВКЛ пасля смерці Трайдзена раптоўна апускаецца ў змрок. Мы нават не можам ўпэўнена сказаць, хто змяніў яго на вялікакняжацкай пасадзе. Хутчэй за ўсё гэта быў дуумвірат братоў Будзікіда і Будзівіда. Аднак з-за адсутнасці інфармацыі застаецца незразумелым, чым тлумачыцца такі дуумвірат, да якога роду належалі гэтыя князі, хоць іх імёны сведчаць пра славянскае паходжанне.

У 90-я гады цемра над гэтым кутом Еўропы пачынае рассоўвацца. Пераадолеўшы самыя цяжкія часы, Літоўская дзяржава паволі, але няўхільна пачынае ўзыходзіць да вяршыны сваёй магутнасці. У першую чаргу гэта было звязана з дзейнасцю вялікага князя Віценя (1293–1316 гг.) – асобы для нас даволі загадкавай. Мы не ведаем, дзе і калі ён нарадзіўся, з якога роду паходзіў, як памёр. Гісторыкі звярнулі ўвагу на славянскае імя Віценя і яго сыноў – Воіна і Фёдара. Яны ўказваюць на славянскія карані князя. Правіў Віцень у Наваградку, які пры ім заставаўся сталіцай ВКЛ.

Вялікі князь змагаўся за ўнутранае ўмацаванне дзяржавы. Яму ўдалося дамагчыся яе палітычнага адзінства. Нашчадкі іншых княжацкіх дынастый больш не прэтэндавалі на яе трон. Віценева княжанне пачалося ў вельмі неспрыяльных умовах. У 1294 г. паднялі паўстанне жамойцкія феадалы, маючы намер пайсці на саюз з крыжакамі. Віцень мячом утаймаваў іх.

І Наваградак, і Полацк разумелі неабходнасць аб’яднання сіл у барацьбе з крыжакамі і мангола-татарамі. Князь літоўскай дынастыі – Таўцівіл, пляменнік Міндоўга, упершыню згадваецца ў Полацку ў 1262 – 1263 гг. Даследчыкі мяркуюць, што далучэнне Полацкай зямлі да ВКЛ адбылося пры Войшалку, але часам канчатковага аб’яднання звычайна лічаць 1307 год, як запісана ў М. Стрыйкоўскага: "Літва ў 1307 г. авалодала Полацкам." Як адбылося гэта аб’яднанне – пры адсутнасці дакументаў меркаваць цяжка. Відавочна, што не вайсковай сілай, а на падставе "рады"-дагавора, які гарантаваў палачанам захаванне мясцовых законаў і суда, і са згоды полацкага баярства і багатага купецтва. Аб’яднанне ВКЛ з Полацкай зямлёй хутчэй за ўсё адбылося праз выбранне палачанамі сваім князем Віценева сына Воіна. Існуе гіпотэза, якую некаторыя гісторыкі лічаць за праўду. Полацкі князь Канстанцін нібыта завяшчаў Полацк рыжскаму біскупу. Біскупавы людзі, якія прыбылі ў горад, пачалі ўводзіць каталіцтва, а палачане паўсталі і папрасілі дапамогі ў Віценя, і той са сваёй дружынай расправіўся з немцамі. На полацкі пасад быў выбраны яго сын Воін. Можа так яно і было? Дакладнага фактычнага матэрыялу пра гэтыя падзеі, на жаль, няма.

Выгада ад аб’яднання была ўзаемная. Віценева войска было ўзмоцнена вайсковымі сіламі Полацкай зямлі. Полацк захаваў вечавы лад, аўтаномнасць зямлі, маёмасныя правы, непадуладнасць вялікакняжацкаму суду, самастойнасць у пытаннях веры і гандлю.

Значным тэрытарыяльным прырашчэннем у час Віценя было далучэнне да ВКЛ Берасцейскай зямлі. У 1315 г., па сведчанню Васкрасенскага летапісу, ён "прибавил земли Литовское много и до Бугу".

Ад Віценя, як сведчыць Іпацьеўскі летапіс, ідзе наш гістарычны герб Пагоня. Стаўшы князем у Наваградку, ён "измысли себе герб и всему княжеству печать: рыцер збройный на коне з мечем, еже ныне наричут погоня". Спачатку асабістая эмблема князя, Пагоня з цягам часу стала гербам дынастыі вялікіх літоўскіх князёў, а з 1384 г. – дзяржаўным гербам ВКЛ. Сучаснымі даследчыкамі выказваецца думка, што Пагоня мае больш старажытнае паходжанне і бярэ свой пачатак ад папярэднікаў Віценя. Увядзенне княжацкага герба і агульнадзяржаўнай пячаткі, толькі будучы замацаванымі якой набывалі юрыдычную сілу дакументы, было важным цэнтралізатарскім крокам.

Віценева княжанне прайшло ў войнах з жамойцкімі феадаламі, прускімі і лівонскімі крыжакамі, з палякамі. Паводле падлікаў, за 24 гады ён здзейсніў 11 паходаў у Прусію, 5 – у Лівонію, 9 – у Польшчу.

У 1311 і 1315 гадах Віцень узначаліў паходы баявых дружын у Прусію. Абодва яны былі няўдалымі. Паход 1315 г. стаў апошняй справай вялікага князя. Вяртаючыся назад, ён быў забіты ўдарам маланкі.

Гаспадаранне Віценя можна ахарактарызаваць як паспяховае процідзеянне крыжакам, пры адначасовым павелічэнні ўплыву на суседнія рускія землі. Маладая дзяржава пры ім трымалася нароўні з наймацнейшымі суседзямі.

1316 год можна ўмоўна прыняць за дату завяршэння стварэння дзяржавы. Пры Гедыміне (1316–1341 гг.) гэты працэс стаў незваротным, жыццястойкасць новага дзяржаўнага ўтварэння стала відавочнай, распачаўся яго бурны рост у геаграфічнай і палітычнай прасторы сярэднявечнай Еўропы

 

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Першыя звесткі пра Літву | Супрацьстаянне з ордэнам. Давыд Гарадзенскі
Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-06; Просмотров: 874; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.053 сек.