Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Рост уплыву ВКЛ на ўсходнеславянскіх землях пры гедзіміне. Уключэнне ў склад ВКЛ Полацкага, Віцебскага, менскага княстваў




 

Калі папярэдні, назавём яго ўмоўна, наваградскі перыяд быў перыядам станаўлення і ўмацавання ВКЛ, то наступны – віленскі (1320–1385 гг.) стаў часам бурнага тэрытарыяльнага росту дзяржавы, што і вывела яе ў лік найбуйнейшых тагачасных еўрапейскіх краін.

Аб’яднаўчую палітыку сваіх папярэднікаў працягнуў Гедымін (1316–1341 гг.). Ён правіў чвэрць стагоддзя і за гэты час далёка адсунуў межы, распаўсюдзіў уплыў сваёй дзяржавы на ўсходнеславянскі поўдзень і ўсход.

Вялікакняжацкі пасад Гедымін заняў пасля смерці свайго бацькі (па другіх звестках, брата) Віценя ў 1316 г. З крыжацкага асяроддзя была пушчана чутка аб нізкім сацыяльным паходжанні Гедыміна: нібы ён – былы конюх ці нават халоп Віценя, які арганізаваў забойства князя і захапіў уладу ў дзяржаве. Гэта плётка абражала ў той час у вачах свету ўсю дзяржаву, з якой Ордэн нязменна знаходзіўся ў варожых адносінах. Чутку пазней падхапілі ў Кракаве і Маскве, якія – кожны з свайго боку – імкнуліся падначаліць сабе ВКЛ. Большасць гісторыкаў справядліва лічыць спробу прадставіць Гедымінавічаў узурпатарамі ўлады выдумкай пазнейшых храністаў з мэтай дыскрэдытацыі літоўскай дынастыі.

У 1320 г. князь будуе ў Троках (сённяшні Тракай, Летува) замак на востраве, сярод вялікага возера і пераносіць сюды сваю рэзідэнцыю. Ужо пры Віцені дамінуючая роля Наваградка ў дзяржаве стала падаць. Найпершай прычынай гэтага былі вельмі неспрыяльныя знешнія ўмовы. Калі ў 50–70-я гады XIII ст. Наваградскую зямлю спусташалі з дапамогай татар галіцка-валынскія войскі, то, пачынаючы з 80-ых, яна становіцца аб’ектам крыжацкай агрэсіі, што не магло не падарваць эканоміку, а разам з тым і палітычнае значэнне зямлі. Рабаванне і разбурэнне Наваградка ў 1274 г., 1277 і 1314 гадах не маглі не падзейнічаць адмоўна на лёс яго як на стольны горад дзяржавы.

Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы у Вільню, заснаваную на месцы старажытнага паселішча XI–XII стст. на Крывой (Лысай) гары. Таму першая назва Вільні была Крывы-горад. Славянскае паходжанне яе першых пасяленцаў і назвы горада – бясспрэчна. Існуе прыгожае паданне пра заснаванне Гедымінам гэтага горада пасля вешчага сну, які прысніўся князю ў час палявання. Палявалі ў гэтых мясцінах дапазна, вяртацца ў Трокі было позна, таму наладзілі начлег. Прыснілася князю, што стаіць на вяршыні гары жалезная ваўчыца ды вые так гучна, нібы сто ваўкоў адразу. Паганскі вяшчун Лыздзейка разгадаў сон так: князь павінен збудаваць тут магутны замак, які, нібы жалезнай сцяной, абароніць Літву ад крыжакоў, вакол замка вырасце горад, слава аб якім пойдзе па ўсяму свету. Як вяшчае паданне, князь прыслухаўся да начнога адкрыцця. Пабудаваў ён на гэтай гары мураваны замак, вежа якого захавалася да нашых дзён. Ужо ў 1323 г. Вільня называецца ў Гедымінавых граматах "каралеўскім горадам", гэта значыць, сталіцай. Сябе ж ён называў "каралём Літвы і Русі".

Горад Вільня з’яўляецца сапраўднай святыняй для беларусаў, бо з ім непарыўна звязаны значны перыяд нашай гісторыі.На працягу XVI – пачатку XX стст. Вільня была буйнейшым цэнтрам беларускай культуры, адукацыі, навукі, нацыянальнага руху.

У 1321 і 1322 гг., пасля чарговай перамогі над крыжакамі Гедымін зрабіў два паспяховыя паходы на поўдзень і, паводле"Хронікі літоўскай і жамойцкай", за "одным звитязством манархию Киевскую, Волынские и Северские княства ажь до Путивля за Киевом на 50 миль и далей опановал, и до Литовскага панства прилучил". Так упісваліся апошнія старонкі ў гісторыю Кіеўскай Русі і адначасова закладваліся асновы магутнасці ВКЛ. Праўда, у некаторых гісторыкаў існуюць сумненні наконт дакладнасці летапісных звестак пра гэтыя паходы. Кіеўскае княства прызнае вярхоўную ўладу Гедыміна. Старая сталіца Рурыкавічаў прыйшла ў поўны заняпад у выніку мангола-татарскіх набегаў. Але абставіны канчатковага пераходу Кіеўскай зямлі пад уладу ВКЛ поўнасцю не высветлены. Замацаванне гэтых зямель за княствам адбылося ўжо пры Альгердзе.

Падчас праўлення Гедыміна да княства далучыліся Віцебская, Менская, Тураўская землі. Можна меркаваць, што гэты працэс насіў мірны характар.

Ужо ў 1323 (1326) г. Менскае княства ўваходзіла ў склад дзяржавы. Менскі князь Васіль не быў выгнаны са сваёй зямлі, а па-ранейшаму правіў там. Як васал Гедыміна ён ездзіў у складзе літоўскага пасольства ў Ноўгарад Вялікі. Гедымінаў сын Альгерд пабраўся з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй і ў 1320 г., пасля смерці цесця, стаў спадкаёмцам Віцебскага княства.

З пачатку XIII ст. Тураўская зямля, пераадольваючы імкненне галіцка-валынскіх князёў падначаліць яе сабе, усё больш і больш звязвае свой лёс з Наваградкам. Лагічным завяршэннем гэтага збліжэння з’явіўся ўваход турава-пінскіх абшараў у Вялікае княства.Трэба помніць, што Пінск яшчэ ў 1260-я гады адыграў важную ролю ва ўтварэнні ВКЛ. Пагроза апынуцца ў "воли татарскай", плаціць даніну Залатой Ардзе прадвызначылі іх рашэнне.Ужо ў першай палове XIV ст. у Тураўскай зямлі канчаткова ўсталявалася ўлада літоўскіх князёў. Пры Гедыміне тут кіраваў яго сын Нарымонт. У гэты час дзяржава Гедыміна набыла межы, якія амаль супадалі з сучаснымі межамі Беларусі.

Увайшло ў склад ВКЛ таксама Падляшша (цяпер у складзе Польшчы), а ў 1340 г. – Валынь.

Такім чынам, пры Гедыміне большая частка сучасных беларускіх зямель апынулася ў складзе ВКЛ. Палітычная мудрасць гаспадара праявілася ў тым, што пры ўключэнні новых зямель ён гарантаваў ім аўтаномію і непадзельнасць тэрыторыі, дэклараваў "старыны не парушаць", захоўваў мясцовыя законы, недатыкальнасць правоў і ўладанняў феадалаў, мяшчан, духавенства, падсуднасць іх толькі сваім мясцовым судам, самастойнасць пры заключэнні гандлёвых пагадненняў.

За стагоддзе свайго імклівага росту, ад Міндоўга да Гедыміна, невялікае княства ў Панямонні далучыла суседнія тэрыторыі, заселеныя славянамі і балтамі, і пераўтварылася ў Вялікае княства Літоўскае і Рускае. Тэрмін "Літва" адносіўся тады да верхняга і сярэдняга Панямоння, пад "Руссю" разумелася сярэдняе Падзвінне і Падняпроўе. Менавіта "рускія" (беларускія і ўкраінскія землі) рабілі гэта княства вялікім, узбагацілі яго сваімі багатымі традыцыямі дзяржаўнага існавання, палітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця. Усходнеславянскае насельніцтва княства лічыла Руссю менавіта сваю дзяржаву, а сябе называла рускімі. Жыхароў паўночна-ўсходняй Русі яны называлі па сталіцах іх зямель і княстваў: цверычы, пскавічы, падданых Маскоўскай дзяржавы – маскавітамі. Для ўзмацнення і пашырэння сваёй дзяржавы Гедымін выкарыстоўваў розныя сродкі: дынастычныя саюзы, пагадненні з мясцовым баярствам і,безумоўна, узброеную сілу. Ні адна з сярэднявечных дзяржаў не ўзнікала на аснове свабоднага волевыяўлення насельніцтва. І ў літоўскіх князёў былі праціўнікі – пазбаўленыя ўлады прадстаўнікі мясцовых дынастый, частка баярства. Але ў цэлым пашырэнне тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага адбывалася параўнальна мірна, паколькі ўмовы далучэння маглі задаволіць найбольш уплывовыя колы мясцовага насельніцтва: баярства, гараджан і (з пэўнымі агаворкамі) царкву.

Гедымін умела выкарыстоўваў супярэчнасці паміж рускімі княствамі і падтрымліваў праціўнікаў маскоўскага князя Івана Каліты. Так, ён дапамог пскавіцянам адбіць нашэсці нямецкіх і дацкіх рыцараў у 1323–1324 гг., падтрымаў іх у спробе адасобіцца ад Наўгародскай епархіі ў 1331 г. Уплыў Вялікага княства распаўсюдзіўся на паўночную Русь. І з гэтым павінен быў лічыцца Каліта. Ён уступае ў кантакт з Гедымінам, сватае свайго сына да яго дачкі.

Магчыма, літоўскі ўладар дасягнуў бы на Русі і большага ўплыву, але яго ўвагу ў значнай ступені адцягваў захад, дзе па-ранейшаму галоўным ворагам быў Тэўтонскі ордэн. Асноўным тэатрам вайны з’яўлялася Панямонне. Гэта была “брама” для ўварвання ў глыб княства. Літвіны імкнуліся надзейна “зачыніць” яе абарончымі замкамі. Для абароны княства ад уварванняў крыжакоў Гедымін узвёў першакласныя па тым часе крэпасці ў Троках, Вільні, Медніках, Лідзе, Крэве. З усіх канцоў дзяржавы збіралі майстроў-будаўнікоў, княжацкія цівуны зганялі просты люд насыпаць валы, капаць равы, цягаць камяні, высякаць лес. Праз стагоддзі захавалася памяць аб гэтых грандыёзных будоўлях.

У барацьбе супраць Ордэна Гедымін меў выдатнага памочніка – князя Давыда Гарадзенскага, які фактычна быў намеснікам у Гародні і галоўным ваяводам княства. Яго ўзвышэнне пачалося яшчэ пры Віцені, але асабліва ярка палкаводчы талент праявіўся на пачатку праўлення Гедыміна. Практычна ніводная перамога над крыжакамі як у абарончых, так і ў наступальных аперацыях не абыходзілася без удзелу Давыда. Гедымін нават аддаў за яго сваю дачку.

Узімку 1341–1342 года войска ВКЛ захапіла крыжацкую крэпасць Баербург. Праўда, платай за гэта было жыццё вялікага князя. З канца 1330-х гадоў на ўзбраенні ордэнскіх замкаў з’явілася агнястрэльная зброя. Па першым часе яна выглядала дзівам: большасць вояў толькі прыглядалася да яе, спадзеючыся на старыя добрыя самастрэлы, мячы і дзіды. Літоўскаму князю давялося пазнаёміцца з яе эфектыўнасцю на ўласным вопыце. Каменнае ядро трапіла ў Гедыміна, які знаходзіўся у шэрагах вояў. Паводле іншых звестак, Гедыміна атруцілі.

Хоць большасць баяр пры Гедымінавам двары былі праваслаўнымі, а сам ён сімпатызаваў хрысціянству, пахавалі яго як язычніка. Вось што піша пра гэта "Хроніка літоўская і жамойцкая": "Кгедымін, вялікі князь, таго року ад немцаў у Прусах забіты з ручніцы…Сыны яго…звычаем паганскім, наклаўшы вялікі стос смалістага дрэва, труну яму нарыхтавалі. А потым прыбралі яго ў адзенне княжае каляровае, якое любіў пры жыцці найболей, а пры ім шаблю, рагаціну, сагайдак, сокалаў пару, хортаў пару, каня з сядлом, слугу яго найшчырэйшага ўлюбёнца, з ім звязаўшы, на бярэмя дроў паклалі…і трох вязняў немцаў узброеных вакол дрэва запаліўшы, з ім спалілі…Кідалі ў агонь кіпцюры рысіныя і мядзвежыя, як быў у іх звычай старадаўні".

Гедымін умела балансаваў паміж усходнім і заходнім хрысціянствам. Не ўціскаючы правоў праваслаўнай царквы, ён імкнуўся ўплываць на канфесійныя справы шляхам рэкамендацыі ў мітрапаліты свайго кандыдата, а ў выпадку няўдачы – адарваць падуладныя яму землі ад агульнарускай мітраполіі, з мэтай чаго стварыў для Вялікага княства Літоўскага асобную царкоўную іерархію.

З’яўленне і рост новага палітычнага цэнтра на Русі не засталося па-за ўвагай канстанцінопальскага патрыярха. Пра гэта сведчыць яго дазвол заснаваць каля 1311 г. самастойную мітраполію з цэнтрам у Наваградку, што ахоплівала Полацкую і Тураўскую епархіі. Літоўска-наваградскім мітрапалітам стаў Феафіл. Але пасля яго смерці новы мітрапаліт у Наваградак не прызначаецца, а названыя епархіі падпарадкоўваюцца мітрапаліту Феагносту, які займаў кафедру ва Уладзіміры і вельмі адмоўна ставіўся да спроб стварыць іншыя мітраполіі.

Адначасова Гедымін не перапыняў кантактаў з каталіцкай царквой. Заключыўшы пагадненне з Рыгай, ён з яе дапамогай адправіў некалькі пасланняў папе Іаану X, абяцаў яму хрысціць Літву па заходняму абраду і абвінавачваў ордэнскіх рыцараў у тым, што яны жорсткімі набегамі адварочваюць літоўцаў ад хрысціянства. У 1324 г. у княства прыбыло папскае пасольства. Але супраць планаў увядзення каталіцызму выступіла і язычніцкая літоўская знаць, і "русіны", г.зн. прадстаўнікі праваслаўнага насельніцтва, з пазіцыяй якіх Гедымін не мог не лічыцца. "Кароль Літвы і Русі" добра разумеў, што крыніцай сілы яго дзяржавы з’яўляюцца славянскія землі.

ВКЛ дамаглося пры Гедыміне міжнароднага прызнання і пачало адыгрываць прыкметную ролю ва Усходняй Еўропе. У складаных знешнепалітычных умовах князь ішоў на саюз з суседнімі дзяржавамі. Гарантам саюза былі роднасныя сувязі, якія адыгрывалі значную ролю ў тагачасным палітычным свеце. Дыпламатычным поспехам Гедыміна спрыяла шматлікасць яго патомства. Дачка князя Альдона стала жонкай польскага каралевіча Казіміра, другія выйшлі замуж за князя цвярскога, мазавецкага валадара, сына Івана Каліты, Давыда Гарадзенскага. Гедымін быў не супраць збліжэння з Захадам. Шлюб Гедымінаўны з нашчадкам польскага караля паклаў пачатак саюзніцкім дачыненням дзяржаў.

Такім чынам, ВКЛ пры Гедыміне выступае магутнай дзяржавай, што з лёгкасцю далучае да сябе буйныя усходнеславянскія землі, якія шукалі ў гэтым моцным і роднасным дзяржаўным яднанні надзейную абарону ад татараў. Сталіца Гедыміна Вільня становіцца прэтэндэнтам на спадчыну Кіева.

У першай палове ХІV ст. ва Усходняй Еўропе ўзмацняюцца тэндэнцыі цэнтралізацыі грамадска-дзяржаўнага ладу. Услед за Наваградкам і Вільняй пачаў збіраць рускія землі маскоўскі князь Іван Каліта (1325–1340 гг.) Ад яго не схваўся той факт, што Масква ўжо трохі прыпазнілася са збіраннем тэрыторый, што заходнерускія землі ўжо аб’ядналіся ў адзінай дзяржаве, якая абрастае славянскімі землямі і ўсё больш разрастаецца на ўсход.

У гэты час набірае сілу Цвер. Аднак дадзеная частка Русі знаходзіцца пад кантролем хана, які выкарыстоўвае імкненне князёў Цверы і Масквы да ўладзімірскага пасаду, каб знясіліць абодвух у міжусобнай барацьбе. Больш актыўны маскоўскі князь Іван Каліта бярэ верх у гэтай барацьбе, але ўзвышэнне Масквы некалькі дзесяцігоддзяў будзе ісці не ў выглядзе аб’яднання суседніх княстваў, а ў выглядзе "праглынання" больш слабых з іх пры татарскай падтрымцы.

Літоўскі князь умешваецца ў барацьбу паміж цвярскімі князямі і Масквой за вялікае княжанне ўладзімірскае. Пры гэтым робіць стаўку на Цвер. Ён вядзе барацьбу за кантроль над Ноўгарадам, якая скончылася часовай перамогай Гедыміна ў 1333 г., калі наўгародцы прынялі да сябе князем яго сына Нарымонта. У 1338 г. той пасадзіў замест сябе малалетняга сына Аляксандра. Пасля смерці Давыда Гарадзенскага Гедымін як спадкаёмца свайго зяця прэтэндуе на валоданне Псковам. Гэта ў нейкай ступені было выгадна Пскову, які хацеў выйсці з-пад улады Ноўгарада.

Ідзе барацьба за ўплыў ВКЛ на Смаленск і Бранск. Смаленск выступае саюзнікам Гедыміна.

Русь Маскоўская і Русь Літоўская абрасталі землямі і няўмольна набліжаліся межамі. Ужо ў першай палове XIV ст. адбываліся першыя, пакуль яшчэ невялікія сутычкі паміж імі: паход Івана Каліты на саюзны Літве Смаленск, напад Альгерда на Мажайск у 1341 г., але час адкрытага сутыкнення дзяржаў яшчэ не прыйшоў. Ён набыў характар адкрытай барацьбы за валоданне "усёй Руссю" пры нашчадках Каліты і Гедыміна. Прычым адзіным палітыкам, здольным у той момант рэальна выставіць такую задачу, будзе сын Гедыміна Альгерд. Аб’ектыўна ён імкнуўся рэалізаваць грандыёзны план адраджэння Старажытнарускай дзяржавы ў ранейшых і яшчэ большых межах.

У Гедыміна было сем сыноў. Два з іх – Альгерд і Кейстут – зрабілі найбольшы ўплыў на нашу гісторыю.

 

 

8. ДЗЯРЖАЎНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ АЛЬГЕРДА. ВІЛЬНЯ ЯК ЦЭНТР АБ’ЯДНАННЯ ЗЯМЕЛЬ БЫЛОЙ КІЕЎСКАЙ РУСІ

 

Яшчэ пры жыцці Гедымін падзяліў дзяржаву паміж сваімі сынамі. Больш за ўсіх пашанцавала Яўнуту. Менавіта ён, слабы і нерашучы, атрымаў вялікакняжацкую пасаду. Альгерд павінен быў задаволіцца Крэўскім і Віцебскім княствамі, а Кейстут-княствамі Трокскім, Жамойцкім, Берасцейскім і Гарадзенскім. Паміж уладарамі адразу ж успыхнула рознагалоссе. Вось што піша аб падзеях тых часоў "Летапіс вялікіх князёў літоўскіх": "Альгерд, бацька караля (Ягайлы), і Кейстут, бацька вялікага князя Вітаўта, жылі ў вялікай дружбе і любові. І не спадабалася ім, што вялікі князь Яўнут так узвысіўся, і змовіліся паміж сабою…, як бы яго адтуль (з Вільні) выгнаць, а каму-небудзь з іх сесці на яго месца, і, змовіўшыся паміж сабою, яны выбралі пэўны час, калі б да Вільні прыгнаць і заняць горад пад братам, вялікім князем Яўнутам". Адбылося гэта ў 1345 г., калі браты, напаўшы на Вільню, пакінулі слабага і недарэчнага кіраўніка без дзяржаўнай улады. "І сказаў князь вялікі Кейстут брату свайму, вялікаму князю Альгерду: "Табе належыць князем вялікім быць у Вільні, бо ты старэйшы брат, а я з табою заадно жыву".

Фактычна браты з’ўляліся суправіцелямі. Яны размежавалі "сферы ўплыву" і інтарэсы. Кейстут, кіруючы Жамойцю і Трокамі, узяў на сябе барацьбу з крыжацкім націскам, у чым меў значныя поспехі. Абвешчаны вялікім літоўскім князем Альгерд (1345–1377 гг.) займаўся усходняй і паўднёвай палітыкай. Кейстут бараніўся – Альгерд наступаў. Але абодва яны выконвалі агульную задачу – захаванне, умацаванне і пашырэнне Вялікага княства Літоўскага. Яны змаглі зберагчы рэдкую для палітычных дзеячаў якасць – шчырую братэрскую любоў. У той час, як Кейстут надзейна ахоўваў заходнюю мяжу, Альгерд працягваў справу бацькі – збіранне рускіх зямель. Яўнуту яны далі Заслаўе. Праўда, той палічыў за лепшае ўцячы ў Маскву, але праз два гады вярнуўся назад.

Палітычная кар’ера Альгерда пачалася тады, калі ён ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй і пасля смерці цесця ў 1320 г. быў прыняты віцеблянамі на княжанне. Разам з бацькам ён вёў барацьбу супраць крыжакоў, наступаў на рускія землі на ўсходзе. Як кіраўніка дзяржавы Альгерда вызначалі мужнасць і шырыня палітычных поглядаў. Ён "не столькі сілаю, колькі ўмельствам ваяваў", – сведчыць летапіс.

Пры Альгердзе Вялікае княства Літоўскае выступіла з палітычнай праграмай аб’яднання, збірання ўсіх рускіх зямель і абвясціла сябе пераемнікам духоўных і культурна-гістарычных традыцый старажытнай Русі. У 1358 г. ён адкрыта абвяшчае сваю палітычную праграму, заявіўшы паслам германскага імператара, што "ўся Русь павінна належаць Літве". У 1359 г., пасля смерці былога літоўскага саюзніка Івана Смаленскага, Альгерд адхапіў ад Смаленскага княства ледзь не палову – усё Пасожжа з Мсціславам. Хутка ён пасягне і на непасрэдныя ўладанні Залатой Арды – на ардынскія правінцыі на Украіне. Напачатку Альгерд лічыў, што зможа перамагчы Маскву і тым самым спыніць аб’яднаўчую палітыку, з якой яна, у параўнанні з ВКЛ, значна спазнілася. Ён прыступіў да тактыкі знясільвання Масквы праз падтрымку міжусобнай барацьбы з ёю, якую вялі рускія княствы.

Больш як удвая павялічыў князь тэрыторыю дзяржавы, пашырыў яе межы далёка на поўдзень і на ўсход. Ён далучыў да яе большую частку Украіны, землі на ўсходзе Белай Русі – на Дняпры і Сожы, частку заходніх зямель сучаснай Расіі..

Яшчэ будучы віцебскім князем, Альгерд спрабаваў падпарадкаваць сваёй уладзе Пскоў. У 1377 г. жыхары Пскова прынялі на княжанне сына Альгерда Андрэя Полацкага. Неўзабаве пасля ўзыходжання на вялікае княжанне ён імкнецца ўмацаваць свае пазіцыі ў Ноўгарадзе, але беспаспяхова. Як у Пскове, так і ў Ноўгарадзе існавалі так званыя літоўская і маскоўская партыі, перамогі якіх ва ўзаемнай барацьбе вызначалі кірунак палітыкі і арыентацыю гэтай зямлі. У 1352 г. Альгерд далучыў да ВКЛ Валынь, у 1355 г. – Бранскае княства. У арбіце палітычнага прыцягнення Літвы апынуўся Смаленск. У 1350–1360-я гады Альгерд вёў барацьбу з Польшчай за Валынь і Падляшша.

За два дзесяцігоддзі да Дзмітрыя Данскога Альгерд атрымаў шэраг выдатных перамог над мангола-татарамі і вызваліў з-пад ханскай улады многія рускія землі. Выкарыстаўшы аслабленне Залатой Арды ў выніку барацьбы розных феадальных груповак, Альгерд зрабіў наступ на поўдзень і ў 1361–1362 гг. падпарадкаваў Кіеўскае і Чарнігава-Северскае княствы.

Кіеўская зямля ў XIV ст. не была падобнай на багатае і магутнае княства IX–XI стст. Яна была дашчэнту зруйнавана феадальнымі ўсобіцамі і набегамі паўднёвых стэпнякоў – спачатку полаўцаў, потым татар. Зніклі слава і багацце кіеўскага князя. Ён зрабіўся адным з дробных паўднёвых князькоў, які да таго ж ледзь-ледзь трымаўся на прастоле. І ён прызнаў над сабой вярхоўную ўладу больш магутнага паўночнага суседа.

Разам з Кіеўскім княствам у 60-я гады XIV ст. у склад ВКЛ увайшлі Брагінская і Мазырская воласці, падпарадкаваныя Кіеву. Гэта былі апошнія з беларускіх зямель, далучаныя да Літвы. Яшчэ ў 50-я гады XIV ст. да ВКЛ перайшлі беларускія землі па Бярэзіне, сярэдняму Падняпроўю і Сожу з гарадамі Мсціслаў, Прапойск, Чачэрск, Рэчыца.Такім чынам, пры Альгердзе завяршылася аб’яднанне тэрыторыі сучаснай Беларусі ў складзе ВКЛ.

У 1363 (1362) г. адбылася бітва з татарамі на Сініх Водах (цяпер рака Сінюха, прыток Паўднёвага Буга), якая карэнным чынам змяніла лёс украінскага народа. Нягледзячы на колькасную перавагу, татары былі разбіты і пакінулі на месцы бітвы шмат забітых і палонных, уцяклі на паўднёвы ўсход. Украінскі гісторык Ф. М. Шабульда назваў гэту бітву "пралогам да Данскага пабоішча". У пагоні за пераможанымі татарамі Альгердавы воі дайшлі аж да паўночных берагоў Чорнага мора. Украінскія землі Валынь і Падолле, вызваленыя ад ардынскага іга, ўвайшлі ў склад ВКЛ. Яны ўрэшце атрымалі магчымасць нармальнага эканамічнага і культурнага развіцця. З зямель былой Кіеўскай Русі практычна ўся паўднёва-заходняя палова ўвайшла ў склад ВКЛ.

Альгерд праводзіў прадуманую і паслядоўную "ўсходнюю" палітыку. З мэтай умацавання свайго ўплыву на ўсходзе ў 1349 г. аўдавелы князь узяў сабе ў жонкі цвярскую князёўну Ульяну. Ён падтрымліваў цесны саюз з Цверру, дапамагаў ёй у барацьбе з Масквой. Альгерд аб’яднаў пад сваёй уладай большую частку гістарычнай Кіеўскай Русі і рэальна прэтэндаваў на завяршэнне гэтага працэсу на ўсходзе.Здавалася б, лідэрства на Русі назаўсёды перайшло да Гедымінавічаў. У саюзе з Цверру Альгерд спрабуе замацаваць свой поспех у "вотчыне" асноўнага саперніка.

Убачыўшы рэальную пагрозу сваім пазіцыям у Паўночна-Усходняй Русі, узмацнелая Масква імкнецца перашкодзіць пашырэнню літоўскага ўплыву. Не ў стане ўступіць у адкрытую барацьбу з самім Вялікім княствам Літоўскім, яна паспрабавала аслабіць саюзніка Альгерда – Цвер. Менавіта ў падтрымку Цверы Альгерд у 1368 г. арганізуе першы паход на Маскву. Ён разбіў маскоўскае войска на Строшыне, узяў шмат палонных і некалькі дзён стаяў аблогай ля Масквы. "Хроніка Літоўская і Жамойцкая" апавядае пра гэта наступнае: "…Знакаміты слаўным рыцарствам Дзмітрый, вялікі князь маскоўскі, задумаў сілай забраць Кіеўскае, Віцебскае і Полацкае княствы, што пад Літвою. Паслаў да Альгерда паслоў з голым мячом і агнём, абяцаючы яго ў Вільні на Вялікдзень прывітаць чырвоным яйкам, а Літву ўсю агнём і мячом зваяваць і паказаць сілу і перавагу сваю. Гэтую пахвальбу Альгерд выслухаў і, параіўшыся з Кейстутам, братам сваім, і іншымі княжатамі, затрымаў у сябе тых паслоў, а сам адразу паспалітае войска ва ўсіх панствах Вялікага княства Літоўскага і Рускага заклікаў, каб збіраліся пад Віцебск.

... А калі прыйшоў пад Маскву,…паслоў маскоўскіх адправіў, даўшы ім агонь запалены, з наказам аддаць свайму пану і сказаць: маўляў, Альгерд не такі ганарысты, таму апярэджвае яго і выказвае пашану, не жадаючы, каб ён так далёка ехаў у Вільню. Маўляў, сам я ў ягонай Маскве буду

І на світанку прыйшоў пад горад і стаў абозам на Паклоннай гары. Вялікі князь маскоўскі Дзмітрый, пачаў перамовы аб міры, абяцаў даць усяму войску літоўскаму плату са сваёй казны.

Пасля доўгіх перамоў згадзіўся Альгерд на яднанне і перамір’е, аднак пажадаў з часткай рыцарства літоўскага і панамі знатнейшымі ў замак Маскоўскі ўзброенымі заехаць і дзіду сваю аб сцяну замкавую скрушыць…" Уехаўшы ў Маскоўскі замак, Альгерд прыставіў сваю дзіду да яго сцяны і сказаў Дзмітрыю Іванавічу: "Княжа вялікі маскоўскі, памятай, што дзіда літоўская стаяла пад Масквою". А потым "з вялікай славай", учыніўшы граніцу па Мажайск і Каломны, дамоў ад’ехаў.

Паходы на Маскву – "літоўшчыны", як там празвалі гэтыя ўварванні, – былі паўтораны ў 1370 і 1372 гг. У іх удзельнічалі таксама Кейстут і яго сын Вітаўт, смаленскі князь. Аднак, нягледзячы на знешні эфект, задума падчыніць Маскву не ўдалася.

Альгерд вымушаны быў прызнаць вотчынныя правы нашчадкаў Каліты на Уладзімірскае княжанне, г. зн. падзяліў з імі Русь. Грандыёзны намер Альгерда па адраджэнню Старажытнарускай дзяржавы сутыкнуўся з супраціўленнем ўсходніх княстваў, аб’яднаных вакол Масквы. Але спробы маскоўскіх вялікіх князёў перашкодзіць аб’яднанню беларускіх земляў былі сарваны.

Варта зазначыць, што ўсе папярэднія дзесяцігоддзі і нават стагоддзі гісторыя ўзаемаадносін Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай Русі разглядалася з масквацэнтрычных пазіцый. І да гэтага часу большасць рускіх гісторыкаў перакананы, што насельніцтва беларускіх і ўкраінскіх земляў падзяляла менавіта маскоўскую праграму аб’яднання і з нецярпеннем чакала моманту, калі "чужаземная" (літоўская) ўлада зменіцца маскоўскай. Далучэнне земляў і княстваў да маскоўскіх уладанняў заўсёды лічылася з’явай глыбока прагрэсіўнай. Маскоўскія князі паўставалі са старонак іх твораў як збіральнікі, а літоўскія князі – як чужаземныя заваёўнікі. Гістарычная навука доўгі час не прызнавала Наваградак, а за ім Вільню як адзін з патэнцыяльных цэнтраў аб’яднання земляў былой Кіеўскай Русі. Між тым яшчэ ў 60-я гады XX ст. І. Б. Грэкаў паказаў, што і Вялікае княства Літоўскае, і Вялікае княства Маскоўскае фактычна выступалі з адной праграмай – праграмай аб’яднання ўсіх усходнеславянскіх зямель. Нядаўна і беларуская гістарычная навука зламала ранейшую гістарыяграфічную схему.

На захадзе даволі паспяхова дзейнічаў Кейстут. На паходы крыжакоў ён адказваў спусташальнымі ўварваннямі ў Прусію. Штогод, а то і па некалькі разоў на год, нападалі яны на ВКЛ, спусташалі землі Панямоння і Падзвіння, Жамойці. Неаднаразова яны абрушваліся і на Гарадзен. На працягу 1345–1377 гг. прускія і лівонскія крыжакі зрабілі каля 100 рэйдаў. У адказ Кейстут і Альгерд з беларускімі, смаленскімі і валынскімі палкамі некалькі разоў нападалі на Лівонію, даходзілі аж да Юр’ева (сучасны Тарту, Эстонія), змаглі разбіць нямецкую крэпасць Каралевец (Кёнігсберг). У 1345–1382 гг. літоўскае войска зрабіла 30 паходаў на Прусію і 10 – ў Лівонію.

Усё сваё жыццё Альгерд з прыхільнасцю ставіўся да хрысціян. У розных гарадах княства пры ім было заснавана некалькі праваслаўных цэркваў і каталіцкіх касцёлаў. Паводле летапісаў, сам князь незадоўга да смерці прыняў праваслаўную веру.

Альгерд хацеў зрабіць княства не толькі наймагутнейшай дзяржавай Еўропы, але адначасова і асяродкам праваслаўнай царквы. Ужо Віцень пачаў хадайнічаць перад канстанцінопальскім патрыярхам аб зацвярджэнні Літоўскай мітраполіі і прызначэнні мітрапаліта, але заўчасная смерць перашкодзіла яму завяршыць гэту важную для дзяржавы справу. Яна была здзейснена ў пачатку княжання Гедыміна. Першы літоўскі мітрапаліт Феафіл, з грэчаскага духавенства, у хуткім часе памёр. Кіева-маскоўскі мітрапаліт Феагност пры падтрымцы маскоўскага князя Івана Каліты пераканалі патрыярха закрыць Літоўскую мітраполію з-за малай колькасці хрысціян (што не адпавядала рэчаіснасці).

Альгерд вяртаецца да старой ідэі падпарадкавання ўплыву вялікага князя літоўскага царкоўнай іерархіі. У дзяржаўныя планы Альгерда ўваходзіла стварэнне асобнай мітраполіі для ВКЛ. Ён папрасіў у канстанцінопальскага патрыярха дазволу на заснаванне (аднаўленне) праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Наваградку. Падобная просьба прыйшла ў Канстанцінопаль і ад маскоўскага князя. Жадаючы задаволіць абодвух, патрыярх дазволіў заснаваць Літоўскую мітраполію з рэзідэнцыяй у Наваградку, і Маскоўскую з цэнтрам у Кіеве і Уладзіміры. Напружанне, што ўзнікла тады ў царкоўным жыцці, паклала пачатак доўгатрываламу саперніцтву ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай за лідэрства ў царкоўнай сферы, а пасля і за палітычную ўладу ва Усходняй Еўропе. На нанава створаную Літоўскую мітраполію Альгерд дамагаецца прызначэння свайго кандыдата – цверыча Рамана. Яму былі падпарадкаваны Полацкая, Тураўская епархіі, Галіцка-Валынская зямля. Нейтралізацыя царкоўна-палітычнага ўплыву Масквы ў гэтым рэгіёне ўзмацняла тут пазіцыі Альгерда.

Альгерд памёр у 1377 г. Па адных звестках, ён быў пахаваны ў царкве ў Вільні; па другіх – спалены на вогнішчы разам з 18-цю баявымі канямі.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-06; Просмотров: 1172; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.05 сек.