Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Эпоха Асветніцтва.Культурнае развіцце беларускіх земляў у складзе Рэчы Паспалітай




У гісторыі культуры Беларусі сярэдзіны XVI – XVIII ст. можна выдзеліць тры перыяды:

1) другая палова XVI ст. – рэфармацыйна-гуманістычны рух;

2) канец XVI – першая палова XVII ст. – эпоха контррэфармацыі і ўсталявання барока;

3) другая палова XVII – XVIII ст. – панаванне ў мастацтве стылю барока і пачатак стылю класіцызму.

Асвета і кнігадрукаванне. У XVI ст. разам з развіццём традыцый Старажытнай Русі на асвету пашыраецца ўплыў рэнесансавага гуманізму. На тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца найбольш перадавыя для свайго часу пратэстанцкія і брацкія школы. У 70 – я гады XVI ст. на Беларусі існавалі кальвінісцкія школы ў Брэсце, Нясвіжы, Мінску і г.д. У школах вывучаліся гуманітарныя навукі – лацінская, грэчаская, польская, нямецкая мовы, рыторыка, гісторыя, правазнаўства, матэматыка, фізіка. Таксама існавалі і арыянскія школы.

У канцы XVI – першай палове XVII ст. на Беларусі адчыняюцца брацкія школы, спачатку ў Вільні, а затым і ў іншых гарадах. У школах вывучаліся пяць моў (беларуская, славянская, грэчаская, лацінская, польская), арыфметыка, геаграфія і іншыя дысцыпліны. Індывідуальнае навучанне замянялася класна-урочным, якое дажыло да нашага часу. Навучальны год пачынаўся 1 верасня.

Брацкія школы з’яўляліся і цэнтрамі кнігадрукавання. Брацкія друкарні ў Вільні, Куцейне і Магілёве выдавалі большасць кніг богаслужэбнага зместу.

Адметную ролю ў кірылічным кнігадрукаванні адыграў беларускі друкар магіляўчанін Спірыдон Собаль, які на тэрыторыі Беларусі адчыніў дзве друкарні. Адну – у Куцейне (ля Оршы) у 1630 г. і выдаў тут на беларускай мове “Малітвы паўсядзённыя”, “Буквар”, “Часаслоў”. У 1635 г. ён адчыніў друкарню і ў Буйнічах (пад Магілёвам), дзе выдаў “Псалтыр”. У літаратуры апісаны 18 яго выданняў.

У XVIII ст. на беларускіх землях пашыраецца свецкая адукацыя. Гэтаму садзейнічала рэформа школ, якая праводзілася пад кіраўніцтвам С. Канарскага. Рэформа пахіснула манаполію езуітаў у галіне асветы, значную ўвагу надала прыродазнаўчым навукам. Створаная ў 1773 г. Адукацыйная камісія адмяніла выкладанне ў рамках школьных праграм рэлігіі.

Бібліятэчная і архіўная справа. Багацейшай у Рэчы Паспалітай з’яўлялася Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў, заснаваная ў 1600 г. У бібліятэцы налічвалася больш за 20 тыс. тамоў кніг амаль на ўсіх еўрапейскіх мовах. У 1772 г. бібліятэка была канфіскавана і перавезена ў Пецярбург. У бібліятэцы захоўваліся таксама рэдкія рукапісы. Сярод іх – Радзівілаўскі летапіс, упрыгожаны 617 каляровымі малюнкамі.

Больш за 6 тыс. рэдкіх кніг, старажытных рукапісаў, геаграфічных карт Беларусі, Літвы і Польшчы знаходзіліся ў Шчорсах, у маёнтку магната Храптовіча.

У Нясвіжскім замку знаходзіўся і архіў, у якім налічвалася больш за 500 тыс. гістарычных актаў, грамат, пісьмаў і іншых дакументаў. Гэтыя матэрыялы былі сабраны з 1551 г., калі Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў права захоўвання ў Нясвіжы т. зв. Літоўскай метрыкі – дзяржаўнага архіва Вялікага княства Літоўскага.

Літаратура. Агульнадзяржаўныя летапісы і хронікі паступова саступаюць месца новым літаратурным відам і жанрам: публіцыстыцы, гісторыка-мемуарнай літаратуры, палітычнай сатыры, паэзіі.

Сымон Будны (1530–1593) упершыню ў сусветнай літаратуры выдаў Евангелле (1574) з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, у якіх спрабаваў даць радыкальную рацыяналістычную крытыку кніг Новага Запавету. У творы “Аб найгалоўнейшых палажэннях хрысціянскай веры” (1576 г., Лоск) ён адстойваў чалавечую прыроду Хрыста, выступаў супраць замагільнага жыцця, Боскай Троіцы. Грамадска-палітычныя погляды яго былі памяркоўна гуманістычнымі. Крытыкаваў феадальнае самавольства, захопніцкія войны, быў абаронцам верацярпімасці і інтэлектуальнай свабоды.

Васіль Цяпінскі (1540–1600) у прадмове да Евангелля, якое ён выдаў на беларускай мове, крытыкаваў палітыку акаталічвання беларускага народа, выступаў за развіццё беларускай мовы, быў прыхільнікам збліжэння славянскіх народаў. Выступаў за набліжэнне асветы да працоўных мас.

Лявонцій Карповіч (1580–1620) – змагар за веру продкаў і нацыянальныя традыцыі. Яго асноўныя творы – “Казанні”.

Афанасій Філіповіч – абаронца інтарэсаў сацыяльных нізоў беларускага і ўкраінскага народаў. Праз свой “Дыяруш”, які з’яўляецца зборам твораў, ганьбіць знешнюю і ўнутраную палітыку, а таксама духоўных і свецкіх феадалаў за іх імкненне да раскошы.

Адной з зорак старажытнай беларускай літаратуры з’яўляецца Мялецій Сматрыцкі (1572–1630). Ён – аўтар “Граматыкі”. Асобае месца сярод яго твораў займае “Фрынас” (1610), у якім Сматрыцкі звяртаецца да народа з заклікам еднасці ўсіх сіл у барацьбе з наступаючым каталіцызмам.

Новай з’явай у беларускай літаратуры была палітычная сатыра – “Прамова Мялежкі”, “Ліст да Абуховіча”. Аўтары высмейваюць самавольства шляхты, прадажнасць, ваенна-палітычную бяздарнасць.

Ананімная лірычная паэма “Лямант на смерць Лявона Карповіча” услаўляе чалавека як носьбіта высокіх маральных якасцей, мужнага змагара за веру продкаў, узнімае яго да ўзроўню хрысціянскага святога.

Сімяон Полацкі (1629–1680) – паэт і драматург, кнігавыдавец і грамадскі дзеяч. Ён лічыў, што пашырэнне асветы ўсталюе поўную гармонію і мір. Ён асуджаў багацце, апяваў беларускія землі, асабліва Полацк і Віцебск. Ён піша п’есы на біблейскія тэмы. Адна з іх мае назву: “Комедия притчи о блудном сыне”. Найбольш значнымі зборнікамі яго паэтычных твораў з’яўляюцца “Вертоград многоцветный” і “Рифмологион”.

Тэатр і музыка. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі ў XVI ст. атрымаў тэатр лялек – батлейка. Сюжэты батлейкі былі заснаваны на біблейскай і евангельскай тэматыцы, а таксама бытавых матывах.

Важнай з’явай жыцця другой паловы XVIII ст. стаў прыгонны тэатр. Многія беларускія магнаты: Радзівілы, Сапегі, Тызенгаўзы і іншыя, утрымлівалі ў сваіх маёнтках капэлы, аркестры, тэатры, а нярэдка і самі станавіліся кампазітарамі і музыкантамі, як Міхал Клеафас Агінскі, аўтар паланеза “Развітанне з Радзімай”.

У свецкай музыцы XVI–XVIII стст. найбольш характэрным жанрам быў кант – шматгалосая песня свецкага зместу.

У Нясвіжскай друкарні быў надрукаваны “Канцыянал” – адзін з першых на Беларусі нотных зборнікаў. У Нясвіжы была створана адна з першых на Беларусі майстэрня па вырабу музычных інструментаў. Аркестры беларускіх магнатаў часам былі буйнейшыя за вядомыя заходнееўрапейскія. Напрыклад, аркестр М. Агінскага налічваў 106 інструментаў, а аркестр Гайдна толькі 14.

Асабліва цікавым быў Слонімскі тэатр Міхала Казіміра Агінскага. Рэпертуар тэатра складаўся з опер і балетаў італьянскіх кампазітараў, а таксама твораў М.К. Агінскага. Сцэна тэатра дазваляла ставіць спектаклі барочнага тыпу – з выхадам вялікай колькасці спевакоў, з паказам водных феерый. Частка сцэны затаплялася вадой і па ёй плавалі лодкі.

Не менш вядомы быў Нясвіжскі тэатр Францішкі Уршулі Радзівіл. Для свайго тэатра яна напісала 16 драматычных і оперных лібрэта. Спачатку тэатр з’яўляўся аматарскім: на сцэне выступалі члены княжацкай сям’і, госці, сваякі. У другой палове XVIII ст. з’яўляюцца іншаземныя артысты і артысты з прыгонных сялян.

Для падрыхтоўкі акцёраў оперы і балета на Беларусі існавалі некалькі школ (у Слуцку, Нясвіжы, Слоніме). Прыгонныя і прыватныя тэатры таксама працавалі ў Слуцку, Шклове, Магілёве, Чачэрску, Свіслачы.

Выяўленчае мастацтва. Ідэі Адраджэння, а затым і барока, праніклі ў майстэрні мастакоў. У беларускім жывапісе акрэсліліся два напрамкі. Першы – мастацтва, заснаванае на старажытнарускіх традыцыях; другі – жывапіс, які знаходзіўся пад уплывам заходнееўрапейскай мастацкай школы. Адбываецца перапляценне візантыйскага і заходнееўрапейскага стыляў з мясцовай беларускай школай.

У выніку сінтэзу розных школ і напрамкаў склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой уласціва вернасць канону, шырокае выкарыстанне этнаграфічных элементаў. На Беларусі існавалі некалькі іканапісных школ: магілёўская, полацка-віцебская, палеская, гродзенская, слуцка-мінская.

Другім важным напрамкам быў манументальны жывапіс. Сапраўдным творам мастацтва ў манументальным жывапісе з’яўляецца роспіс Мікалаеўскай царквы ў Магілёве – “Новазапаветная троіца”.

У пачатку XVIII ст. у манументальным жывапісе распаўсюджваецца стыль барока, яму характэрна маляўнічасць, багацце ўзору, прасторавасць.

Папулярным відам станкавага жывапісу ў XVI–XVIII стст. становіцца партрэт. Ствараюцца родавыя галерэі (партрэтныя галерэі Тышкевічаў, Радзівілаў і інш.).

Таленавітым мастаком і гравёрам XVI – пачатку XVII ст. з’яўляўся Тамаш Макоўскі. У 1613 г. у Амстэрдаме ён надрукаваў карту Вялікага княства Літоўскага. У дадатку да яе давалася падрабязнае апісанне Беларусі і Літвы: прыродныя багацці, народныя звычаі, гандлёвыя шляхі, навучальныя ўстановы Полацка і Нясвіжа, рэкі, азёры, гарады, рэзідэнцыі епіскапаў і мітрапалітаў.

Тамаш Макоўскі з’яўляецца аўтарам гравюр з краявідамі Вільні, Клецка, Смаленска і іншых старажытных гарадоў.

У канцы XVIII ст. барока саступае месца новаму стылю ў выяўленчым мастацтве – класіцызму.

Архітэктура. У XVI – першай палове XVII ст. працягвалася стварэнне абарончых і культавых збудаванняў у стыле барока. Беларускі феадальны горад, як і раней, меў тыповую забудову: умацаваны замак – рэзідэнцыя феадала і размешчаны вакол замка гандлёва – рамесны пасад пад аховай замкавых сцен.

У Мінску ў другой палове XVI ст. вызначаліся пяць асноўных раёнаў забудовы:

1) Замчышча, якое існавала ў раёне цяперашняй плошчы 8 Сакавіка.

2) Нізкі рынак, альбо Стары (Нізкі) горад – цэнтральнае гандлёвае месца, дзе сёння знаходзіцца Петрапаўлаўская царква.

3) Высокі рынак, альбо Верхні горад, размяшчаўся там, дзе сёння плошча Свабоды, вуліцы Бакуніна, Герцэна і інш.

4) Траецкае прадмесце, дзе знаходзіўся рынак, жылыя дамы.

5) Татарскае прадмесце.

У XVI – першай палове XVII ст. былі пабудаваны: Нясвіжскі замак, Нясвіжскі фарны касцёл. Таксама замкі і касцёлы хутка будаваліся і ў іншых гарадах Беларусі. Позняму беларускаму барока ўласцівы хвалістыя абрысы вежаў і франтонаў. Яно атрымала назву “віленскае барока”.

У гэты час пачынаюць будаваць ратушы, будынкі навучальных устаноў, палацы. Найбольш знакамітыя палацавыя ансамблі гэта: палац Тызенгаўза ў Гродне і палацава-паркавы ансамбль Радзівілаў у Нясвіжы.

У пачатку XVIII ст. была заснавана ў Слуцку мануфактура па вытворчасці паясоў. Паясы ткаліся з залатых, шаўковых і сярэбраных нітак. Усяго было выраблена каля 10 тыс. слуцкіх паясоў.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 1343; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.153 сек.