КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Беларусь у гады Першай сусветнай вайны
БЕЛАРУСЬ У ГАДЫ ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ. ЛЮТАЎСКАЯ БУРЖУАЗНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ НА БЕЛАРУСІ 1. Беларусь у гады першай сусветнай вайны 2. Беларускі нацыянальны рух 3. Беларусь у перыяд Лютаўская буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі. Галоўнай прычынай першай сусветнай вайны з’явіліся супярэчнасці паміж буйнейшымі імперыялістычнымі краінамі. Пачалі вайну Германія і Аўстра-Венгрыя. 1 жніўня 1914 г. (па новаму стылю) Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жніўня – Францыі, захапіла Бельгію і Люксембург. 4 жніўня Англія аб’явіла вайну Германіі. Разам з Англіяй у вайну ўступілі яе дамініёны Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і калонія Індыя. На баку Антанты выступіла Японія, а ў падтрымку Германіі – Турцыя. Пачалася сусветная вайна, якая працягвалася 4 гады і 4 месяцы і якая вельмі дорага абышлася чалавецтву. Паводле няпоўных даных, было забіта, паранена і скалечана каля 30 млн чалавек. У вайне ўдзельнічала 38 краін з насельніцтвам звыш 1,5 млрд чалавек – 75 % усяго насельніцтва зямнога шара. Вайна не вырашала задач нацыянальнага развіцця ніводнай дзяржавы (сваю незалежнасць адстойвала толькі Сербія), не адпавядала інтарэсам працоўных, была з усіх бакоў захопніцкай. Урады краін-удзельніц вайны стараліся пераканаць свае народы ў тым, што яна вядзецца ў мэтах абароны радзімы. Пануючыя класы і вярхі гандлёва-прамысловай буржуазіі Расіі падтрымалі вайну, таму што чакалі для сябе вялікіх выгод ад будучага падзелу турэцкай і аўстрыйскай маёмасці. Шырокія пласты гарадской сярэдняй буржуазіі і буржуазнай інтэлігенцыі пад уплывам друку, пропаведзяў духавенства таксама лічылі вайну справядлівай з боку Расіі. У самым пачатку вайны ў Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах мясцовымі органамі ўлады былі праведзены “патрыятычныя” сходы. У Мінску 18 жніўня 1914 г. вялікая група вучнёўскай моладзі прайшла па вуліцы да дома губернатара і падала адрас на імя цара, у якім гаварылася аб поўнай падтрымцы палітыкі ўрада ў вайне супраць Германіі і Аўстра-Венгрыі. Амаль 5 тыс. чалавек прынялі ўдзел у патрыятычнай маніфестацыі, якая адбылася 30 жніўня 1914 г. у г. Пінску. Асаблівы патрыятычны ўздым назіраўся ў г. Магілёве. У ліпені 1914 г. тут адбыліся сходы прадвадзіцеляў дваранства, членаў земства, ганаровых грамадзян, духавенства і настаўнікаў, удзельнікі якіх запэўнівалі, што насельніцтва Магілёўскай губерні адзінадушна адабрае ўрадавую палітыку, гатова на любыя ахвяры дзеля Айчыны. Пазіцыі сацыяльных слаёў насельніцтва як у люстэрку адбіваліся на дзейнасці палітычных партый. Ужо ў самым пачатку вайны партыі акцябрыстаў і кадэтаў заявілі аб сваёй поўнай падтрымцы знешняй палітыкі ўрада Расіі. Лідэр кадэтаў П. Мілюкоў выказаў думку аб далучэнні Галіцыі, Угорскай Русі, Букавіны да Расіі з той мэтай, каб дапамагчы нацыянальнаму ўз’яднанню ўкраінскага народа. П. Мілюкоў прапанаваў далучыць да Расіі і землі, якія да славян ніякіх адносін не мелі: Басфор і Дарданелы, прыбярэжную тэрыторыю Турцыі з г. Стамбулам. Справа была не толькі ў абароне славян. Будаўніцтва Германіяй Багдадскай чыгункі праз Балканы і Турцыю закранала эканамічныя інтарэсы Расіі, якая вывозіла праз пралівы Басфор і Дарданелы 37 % сваіх тавараў, у тым ліку 80 % хлеба, прызначанага на экспарт. 3 будаўніцтвам дарогі Германія ўстанавіла кантроль над пралівамі і стала галоўнай перашкодай пранікненню Расіі ў Турцыю. Пад германскі ўплыў трапіла і Балгарыя, што таксама супярэчыла пазіцыі Расіі, якая лічыла сябе абаронцай усіх славянскіх народаў. Сярод дробнабуржуазных партый панавалі абаронніцкія погляды. Большасць эсэраў і меншавікоў прытрымліваліся лозунга “абароны радзімы ад прускіх варвараў”. Невялікая група меншавікоў-інтэрнацыяналістаў на чале з Ю. Мартавым выступіла з асуджэннем урадаў ваюючых краін. Сярод меншавікоў меў месца і правасацыялістычны напрамак. Яго ўзначальваў Г.В. Пляханаў. Ён лічыў, што Расія вядзе праўдзівую вайну, што адказнасць за яе павінен несці той, хто яе распачаў. У партыі эсэраў таксама вызначылася тры напрамкі ў адносінах да вайны: сацыял-шавіністычны, які падтрымліваў ўрад, цэнтрысцкі, які прапагандаваў лозунг “без пераможцаў і без паражэнцаў”, і левы, які выступаў супраць вайны, за мір, зямлю і волю. Найбольш радыкальнае стаўленне да вайны заняла партыя бальшавікоў. У жніўні 1914 г. У.І. Ленін напісаў тэзісы аб вайне “Задачы рэвалюцыйнай сацыял-дэмакратыі ў еўрапейскай вайне”. Тэзісы з’явіліся асновай маніфеста ЦК РСДРП “Вайна і расійская сацыял-дэмакратыя”. Гэта была праграма партыі бальшавікоў, у якой вызналася палітычная лінія ў адносінах да вайны. Сутнасць яе заключалася ў трох лозунгах. Першым і галоўным з іх быў лозунг “ператварыць імперыялістычную вайну ў вайну грамадзянскую”. Другім лозунгам бальшавікоў стаў лозунг “паражэння “сваіх” урадаў у імперыялістычнай вайне”. Трэцім – заклік да “поўнага разрыву з II Інтэрнацыяналам, стварэння III, Камуністычнага Інтэрнацыянала”. Трэба адзначыць, што апошні лозунг не падтрымала ніводная з еўрапейскіх сацыял-дэмакратычных партый. Згодна з распрацаванымі планамі ваенных дзеянняў Германія разлічвала спачатку разбіць Францыю, а затым Расію. Уварваўшыся праз тэрыторыю нейтральнай Бельгіі ў межы Францыі, немцы стварылі рэальную пагрозу для Парыжа. Расія планавала нанесці галоўны ўдар па Аўстра-Венгрыі ў напрамку Галіцыі, што давала магчымасць пранікнуць на Балканы і да праліваў Басфор і Дарданелы. З пачатку 1915 г. асноўныя сілы Германіі знаходзіліся на Усходнім фронце. У выніку нямецкага наступлення расійскія войскі ў чэрвені 1915 г. пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 тыс. палоннымі, забітымі, параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Германія сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеянняў. Расійскія войскі, церпячы паражэнне за паражэннем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў напрамку Коўна–Вільня–Мінск. У пачатку верасня 1915 г. расійская армія пакінула Вільню, Гродна, Ліду, Брэст і іншыя гарады Заходняй Беларусі. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск–Паставы–Баранавічы–Пінск. Значная частка тэрыторыі Беларусі апынулася пад германскай акупацыяй. Напярэдадні і ў першыя дні вайны заходнія, у тым ліку беларускія губерні, былі аб’яўлены на ваенным становішчы. Забараняліся забастоўкі, сходы, шэсці, маніфестацыі, уводзілася ваенная цэнзура. У сувязі з наступленнем германскіх войск на ўсход рушыў вялікі паток бежанцаў з Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі (больш за 1320,5 тыс. чалавек). На захопленай Гегманіяй тэрыторыі Беларусі ўводзіліся розныя ваенныя павіннасці. На абаронныя работы (капанне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову вайсковых аб’ектаў і г.д.) прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. У Віцебскай губерні з 1 чэрвеня 1914 г. да 1 чэрвеня 1915 г. было рэквізавана для арміі 120 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, у выніку яе пагалоўе скарацілася на 21,5 %. Рэквізіцыі і прымусовыя работы на патрэбу фронту праводзілі і германскія ўлады. Акупанты сілаю забіралі ў сялян коней, кароў, іншую хатнюю жывёлу, прадукты, фураж, адзенне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасці. Асабліва цяжка адбівалася вайна на гаспадарцы. На неакупіраванай тэрыторыі Беларусі ў 1914–1917 гг. з-за адсутнасці сыравіны, паліва, кваліфікаваных рабочых колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў скарацілася з 829 да 297, а рабочых з 37,7 тыс. да 25,1 тыс. Разам з тым асобныя галіны (швейная, абутковая, металаапрацоўчая і інш.), што выконвалі ваенныя заказы, значна павялічылі выпуск прадукцыі. Былі перабудаваны многія фабрыкі і заводы, а таксама створана шмат часовых прадпрыемстваў і майстэрань, што абслугоўвалі армію. На вытворчасць боепрыпасаў, транспартных сродкаў і іншага вайсковага рыштунку былі пераключаны ўсе прадпрыемствы металаапрацоўчай прамысловасці. Снарады і гранаты выраблялі 5 заводаў у Мінску і тры ў Гомелі, а таксама Рэчыцкі і Аршанскі драцянацвіковыя заводы. У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі была мабілізавана і адпраўлена на фронт. Толькі з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў было прызвана ў армію 634 400 чалавек. За гады вайны скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: жыта – на 18,7 %, пшаніцы – на 22,1 %, бульбы – на 34,2 %. З-за моцнага заняпаду сельскай гаспадаркі амаль перасталі паступаць на рынак прадметы першай неабходнасці, што выклікала рост дарагоўлі, зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа. Цэны на прадукты харчавання і адзенне ў Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5–8 разоў у параўнанні з 1913 г. Ва ўмовах неверагоднай галечы, вялікай скучанасці насельніцтва і голаду ў прыфрантавых губернях шырока распаўсюдзіліся розныя эпідэмічныя хваробы – тыф, халера і інш. Пачынаючы з 1915 г., на Беларусі назіраецца нарастанне рабочага руху. У красавіку 1915 г. адбылося выступленне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузла. Летам таго ж года баставалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. У 1916 г. стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў Беларусі, у якім удзельнічала 1800 чалавек. Асноўным патрабаваннем стачачнікаў з’яўлялася павышэнне заработнай платы. Аднак трэба адзначыць, што стачкі на Беларусі ў гэты час адбываліся разрознена, і, як правіла, у іх удзельнічала толькі частка рабочых. Масавага рабочага руху не было. Тлумачылася гэта прыфрантавым становішчам Беларусі, перанасычанасцю яе тэрыторыі войскамі, паліцыяй, жандармерыяй. Арганізатараў стачак арыштоўвалі і адпраўлялі на фронт. Своеасаблівую форму на Беларусі ў гады вайны набыў сялянскі рух – разгром памешчыцкіх маёнткаў, харчовых магазінаў і лавак. У пачатку вайны падобныя здарэнні адбыліся ў 20 з 35 паветаў Беларусі і сведчылі аб адвечнай нянавісці сялян да сваіх прыгнятальнікаў. Па сутнасці, гэта былі стыхійныя пагромы, якія суправаджаліся рабаваннем маёмасці памешчыкаў і гандляроў. Найбольш масавымі сялянскія выступленні былі ў Сенненскім, Мазырскім, Ігуменскім, Рэчыцкім, Мінскім, Лепельскім паветах. Парадак наводзілі карныя атрады і ваенна-палявыя суды. Па іх прыгаворах у Сенненскім, Мазырскім і Ігуменскім паветах былі павешаны 16 чалавек, многія трапілі на катаргу і ў арыштанцкія роты. Значна ўзраслі сялянскія хваляванні ў 1915 г. У сувязі з перанясеннем баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі і ростам рэквізіцый сярод сялян поруч з антыпамешчыцкімі ўзмацніліся антыўрадавыя настроі. На працягу 1915 г. адбылося 99 сялянскіх выступленняў. Аднак у 1916–1917 гг. іх колькасць значна зменшылася. У 1916 г. іх было 60, а ў студзені – лютым 1917 г. толькі 7. Ваенныя паражэнні расійскай арміі ў кампаніі 1915 г., няўдачы баявых дзеянняў у 1916 г., велізарныя людскія страты выклікалі нездаволенасць салдат. У войсках успыхнулі хваляванні, звязаныя з дрэнным забеспячэннем прадуктамі харчавання і абмундзіраваннем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго ў Беларусі ў перыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляванні салдат. Расло дэзерцірства. Цэлыя вайсковыя часці і злучэнні адмаўляліся ісці ў наступленне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод салдат. 22 кастрычніка 1916 г. адбылося паўстанне салдат, казакоў і матросаў на размеркавальным пункце ў Гомелі. Паўстанне ўспыхнула ў сувязі з арыштам аднаго з казакоў. На яго абарону выступілі каля 4 тыс. салдат і матросаў, якія абяззброілі каравул гаўптвахты і вызвалілі з-пад арышту больш за 800 чалавек. 26 кастрычніка салдаты-паўстанцы разагналі паліцэйскі атрад, які займаўся вобыскамі. Паустанцы былі жорстка пакараны. Да суда было прыцягнута 16 чалавек. З іх 9 было расстраляна, а астатнія адпраўлены на катаргу і ў арыштанцкія роты. Але спыніць працэс разлажэння арміі ўжо было нельга, яна паступова станавілася небаяздольнай.
Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 823; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |