Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Каб высветліць, аб чым ідзе размова ва ўказе ад 18 ліпеня 1840 г., прывядзём яго цалкам. 3 страница




Тактыка “белых”. Значнай перашкодай пашырэнню паўстання з’явілася далучэнне да паўстанцаў “белых”, якія паступова нават узначалілі паўстанне. Спадзеючыся на англа-французскае выступленне супраць Расіі, “белыя” жадалі толькі пратрымацца некаторы час і ўсяляк перашкаджалі перарастанню баявых дзеянняў асобных паўстанцкіх атрадаў у народную сялянскую вайну. У сакавіку 1863 г. паводле загаду Часовага нацыянальнага ўрада ў Варшаве Віленскі часовы ўрад Літвы і Беларусі быў распушчаны і створаны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, у які ўвайшлі “белыя”. Аддзел узначаліў ковенскі памешчык Я. Гейштар. К. Каліноўскі спрабаваў супраціўляцца, але, каб не ўносіць раскол у шэрагі паўстанцаў, мусіў падпарадкавацца.

Спадзяванні “белых” на падтрымку Англіі і Францыі не спраўдзіліся. Гэтыя дзяржавы не жадалі і не мелі неабходных сіл, каб ваяваць з Расіяй з‑за Польшчы, а іх дыпламатычныя захады Пецярбург рашуча адхіліў. Ужо ў маі 1863 г. паўстанне ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях было падаўлена, а летам рускае камандаванне накіравала буйныя вайсковыя сілы ў Польшчу.

Меры ўрадавай адміністрацыі ў сувязі з паўстаннем. Падавіць паўстанне расійскія ўлады змаглі не толькі дзякуючы вайсковай сілае. У маі 1863 г. віленскім генерал-губернатарам быў прызначаны М.М. Мураўёў. У Вільню ён прыехаў з планам дзеянняў і з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Губернатар паставіў мэтай знайсці тыя мясцовыя пласты грамадства, на якія рускія ўлады маглі б абаперціся. Перш за ўсё гэта было беларускае сялянства. М.М. Мураўёў дабіўся не толькі выканання ў краі норм “Палажэнняў” 1861 г., але і значнага іх паслаблення: было ліквідавана часоваабавязанае становішча сялян і ўведзены абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў, цалкам вярталася зямля, адабраная з 1857 г. (“адрэзкі”), на 20 % зменшаны выкупныя плацяжы, беззямельныя сяляне надзяляліся трыма дзесяцінамі зямлі. Больш таго, сялянам перадавалася зямля ўдзельнікаў паўстання. М.М. Мураўёў абавязаў сельскія таварыствы наглядаць за мясцовай шляхтай, арганізаваў спецыяльныя сялянскія каравулы, якія павінны былі весці барацьбу з паўстанцамі; разгарнуў шырокую антыпаўстанцкую і антыпольскую агітацыю. Усе гэтыя меры звужалі раёны дзеянняў паўстанцаў і адхілялі ад іх сялян.

М.М. Мураўёў таксама зрабіў захады для замены польскіх чыноўнікаў рускімі (праваслаўнымі), зачыняў каталіцкія кляштары і касцёлы, спрабаваў узмацніць значэнне праваслаўнага духавенства і узняць яго матэрыяльны дабрабыт. У навучальных і грамадскіх установах была ўведзена руская мова як абавязковая, забаронена выкладанне польскай мовы ў сельскіх школах, зачыняліся польскія бібліятэкі.

Спад паўстанцкага руху. Падаўленне паўстання. Прадчуваючы хуткае паражэнне паўстання, “белыя” пачалі пакідаць свае пасады ў кіраўніцтве. Кіраваць паўстаннем зноў сталі “чырвоныя”. У чэрвені 1863 г. ў Вільню вярнуўся К. Каліноўскі, у ліпені ён стаў старшынёй Віленскага аддзела. Да канца лета К. Каліноўскі кантраляваў ўсё кіраўніцтва паўстанцкімі атрадамі на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Аднак выратаваць паўстанне было ўжо немагчыма. Мясцовыя памешчыкі канчаткова адышлі ад паўстанцаў.

28 жніўня 1863 г. Польскі нацыянальны ўрад загадаў спыніць ваенныя дзеянні. У верасні 1863 г. узброеныя паўстанцкія атрады ў заходніх губернях Беларусі і Літве былі разбіты, а летам 1864 г. ліквідавана апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце. У Польшчы некаторыя паўстанцкія атрады дзейнічалі аж да восені 1864 г. К. Каліноўскі быў арыштаваны ў студзені 1864 г. і 22 сакавіка таго ж года павешаны ў Вільні. За ўдзел у паўстанні былі пакараны смерцю 128 чалавек, 853 сасланы на катаргу і каля 12,5 тыс. выселены, у тым ліку 504 – у Сібір.

Характар і вынікі паўстання. Паўстанне 1863 – 1864 гг. насіла нацыянальна-вызваленчы характар. Яго галоўнай мэтай было нацыянальна-дзяржаўнае аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Скіраванасць шляхецкага кіраўніцтва паўстання на рэалізацыю пераважна подьскіх дзяржаўных і сацыяльна-культурных інтарэсаў не спрыяла далучэнню да паўстання шырокіх колаў беларускага і літоўскага насельніцтва. Алнак пад ціскам паўстання расійскія ўлады былі вымушаны пайсці на значнае змягчэнне ўмоў сялянскай рэформы 1861 г. у беларускіх і літоўскіх губернях. Сяляне Беларусі апынуліся ў больш выгадным эканамічным і прававым становішчы, чым сяляне іншых губерняў Расіі. Паўстанне дало штуршок развіццю беларускага нацыянальнага руху. Сёння некаторыя беларускія гісторыкі пішуць аб тым, што “тры паўстанні (1794, 1830 – 1831, 1863 – 1864 гг.), якія мелі яскрава вызваленчы характар, недвухсэнсоўна напаміналі царызму аб неабходнасці па іншаму, чым у так званых “велікарускіх” губернях, будаваць свае адносіны з “нованабытымі” землямі” (Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII – пачатак XX ст.). – Мінск, 2005, с. 487). Калі пагадзіцца з аўтарамі ў тым, што паўстанні мелі “яскрава вызваленчы характар”, тады атрымліваецца, што беларусы быццам бы змагаліся за вызваленне іх ад Расіі з тым, каб зноў увайсці ў склад Рэчы Паспалітай.

Уваходжанне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі было адзіным выратаваннем беларускай народнасці ад знішчэння яе палякамі, бо ў выніку гвалтоўнай палітыкі паланізацыі і акаталічвання беларускі этнас канчаткова перастаў бы існаваць. Вось чаму сялянства, гарадскія нізы, нізавая інтэлігенцыя Беларусі вышэйназваныя паўстанні не падтрымалі і не прасілі польскую шляхту вызваліць яе ад Расіі. Таму ніякага вызваленчага для Беларусі характару гэтыя паўстанні не мелі.

Да таго ж велікарускія губерні аўтары зневажальна называюць так званымі “велікарускімі” губернямі”, а далучаныя да Расійскай імперыі беларускія землі называюць “нованабытымі землямі”, як быццам іх Расія заваявала, купіла і да т.п., што і ненавукова і неэтычна.

Разам з тым паўстанне 1863 – 1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі мела і адмоўныя вынікі. Так, у Беларусі не была своечасова праведзена земская рэформа, са значным спазненнем і істотнымі адступленнямі ад агульнарасійскіх прынцыпаў ажыццяўляліся судовая і гарадская рэформы. Да канца 1860-х гг. у краі захоўвалася ваеннае становішча.

 

§ 9. Буржуазныя рэформы 1860 – 1870-х гг.
Змены ва ўрадавай палітыцы ў апошняй чвэрці ХІХ ст.

Неабходнасць рэфармавання дзяржаўна-палітычнага ладу Расіі. Рэформа 1861 г. ліквідавала галоўную перашкоду, якая стрымлівала развіццё капіталізму ў Расіі, – прыгоннае права. Але каб рухацца наперад да сапраўды буржуазнага грамадства, Расіі былі патрэбны іншыя рэформы дзяржаўна-палітычнага ладу. У 1860 – 1870-я гг. урад Аляксандра ІІ прыняў шэраг пастаноў аб правядзенні земскай, судовай, гарадской, ваеннай, школьнай і цэнзурнай рэформ.

Аднак у Беларусі гэтыя рэформы ажыццяўляліся са значнымі абмежаваннямі, якія былі выкліканы мерамі, што прымаліся ўрадам у сувязі з паўстаннем 1863 – 1864 гг., у першую чаргу абвяшчэннем тут ваеннага становішча, якое было адменена толькі ў 1870 г.

Судовая рэформа. З усіх рэформ самай радыкальнай з’яўлялася судовая. Новыя судовыя статуты, прынятыя 20 лістапада 1864 г., уводзілі бессаслоўныя прынцыпы. Абвяшчаліся нязменнасць суддзяў, незалежнасць суда ад адміністрацыі, спаборніцтва і галоснасць судовага працэсу. Пры разглядзе крымінальных спраў прадугледжваўся ўдзел у судовым працэсе прысяжных засядацеляў, якія незалежна ад суддзяў выносілі рашэнне, вінаваты падсудны ці не. Для юрыдычнай дапамогі падсудным быў створаны інстытут прысяжных павераных (адвакатаў), якія не знаходзіліся на дзяржаўнай службе і не залежалі ад урада. Працэс папярэдняга следства перадаваўся ад паліцыі судовым следчым. Значна скарачалася сістэма судаводства. Першай інстанцыяй стаў міравы суд з адзіным суддзёй, другой – павятовы з’езд міравых суддзяў, потым ішлі акруговыя суды (у губернях) і судовыя палаты (аб’ядноўвалі некалькі губерняў). Для ўсіх судоў імперыі існавала адзіная апеляцыйная інстанцыя – Сенат. Міравыя суддзі павінны былі выбірацца на павятовых земскіх сходах і ў гарадскіх думах. Члены судовых палат і акруговых судоў зацвярджаліся імператарам, а міравыя суддзі – сенатам. Нагляд за дзейнасцю судовых устаноў ажыццяўлялі пракуроры, якія падначальваліся непасрэдна міністру юстыцыі. Разам з тым судовая рэформа пакідала валасны суд для сялян (па грамадзянскіх і дробных крымінальных справах), духоўны суд (кансісторыю) па справах духавенства і ваенныя суды для вайскоўцаў. Вышэйшыя дзяржаўныя чыны падлягалі Вышэйшаму крымінальнаму суду.

У Беларусі судовая рэформа пачалася толькі ў 1872 г. з увядзення міравых судоў. Паколькі ў Беларусі адсутнічалі земствы, то міравыя суддзі, у адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі, тут не выбіраліся, а прызначаліся міністрам юстыцыі па рэкамендацыі мясцовай адміністрацыі. Акруговыя суды, судовыя палаты, прысяжныя засядацелі і прысяжныя павераныя з’явіліся ў заходніх губернях толькі ў 1882 г. Спіс прысяжных засядацеляў таксама зацвярджаўся ўладамі. Усё гэта было вынікам паўстання 1863 – 1864 гг. – самадзяржаўе не давярала мясцовым памешчыкам, сярод якіх былі моцныя прапольскія настроі.

Земская рэформа. Земская рэформа, аб’яўленая 1 студзеня 1864 г., прадугледжвала стварэнне ў паветах і губернях выбарных устаноў для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і іншымі непалітычнымі справамі. У Беларусі ў сувязі з падзеямі 1863 – 1864 гг. уводзіць выбарныя ўстановы ўрад не адважыўся. Палітыка недаверу мясцовым памешчыкам працягвалася да 1911 г., калі ва ўсходніх губернях Беларусі былі створаны земствы, і то згодна са спецыяльным выбарчым законам.

Гарадская рэформа. Са спазненнем на 5 гадоў у Беларусі была праведзена гарадская рэформа (прынята ў 1870 г.). Яна абвяшчала прынцып усесаслоўнасці пры выбарах органаў гарадскога самакіравання – гарадской думы і гарадской управы на чале з гарадскім галавой. Права выбіраць і быць абранымі ў гарадскую думу мелі гараджане з 25-гадовага ўзросту, якія плацілі гарадскія падаткі. У сваю чаргу яны падзяляліся на тры выбарчыя курыі (у залежнасці ад памеру выплачваемага ў гарадскую казну падатку). У першую ўваходзілі найбольш буйныя плацельшчыкі, якія плацілі трэць агульнай сумы гарадскіх падаткаў (такіх людзей у горадзе звычайна налічвалася некалькі дзесяткаў); у другую – сярэднія падаткаплацельшчыкі, што таксама плацілі трэць гарадскіх падаткаў (такіх было некалькі соцень); у трэцюю – дробныя падаткаплацельшчыкі, што выплачвалі астатнюю трэць агульнай сумы (іх было ў некалькі разоў больш, чым выбаршчыкаў першай і другой курый). Пры гэтым кожная курыя выбірала аднолькавую колькасць членаў гарадской думы (гласных). Такім чынам, уведзеная сістэма гарадскога самакіравання забяспечвала ўладу купцам, прадпрымальнікам, уладальнікам нерухомасці. Рабочыя, служачыя, інтэлігенцыя, якія складалі асноўную масу насельніцтва гарадоў, не мелі магчымасці ўдзельнічаць у гарадскім самакіраванні, бо не плацілі падаткі ў гарадскую казну.

Гарадская дума непасрэдна не падначальвалася мясцовай адміністрацыі, але нагляд за дзейнасцю думы ажыццяўляў губернатар праз спецыяльна створаныя губернскія ўстановы па гарадскіх справах. Гарадскі галава ў буйных гарадах зацвярджаўся на сваёй пасадзе міністрам унутраных спраў, а ў дробных – губернатарам. Кампетэнцыя органаў гарадскога самакіравання была абмежавана вузкімі рамкамі гаспадарчых пытанняў: добраўпарадкавання тэрыторыі горада, арганізацыі гарадскога гандлю і транспарту, народнай адукацыі і аховы здароўя, прыняцця санітарных і супрацьпажарных мер. Дума мела права абкладваць падаткамі маёмасць і прыбыткі прыватных асоб, але ў вельмі абмежаваных памерах – не больш за 1 % кошту нерухомасці альбо гандлёвага ці прамысловага прыбытку. Пры гэтым больш за палову сабраных сродкаў выкарыстоўвалася не на гарадскія, а на казённыя патрэбы – утрыманне паліцыі і органаў улады. Разам з тым, нягледзячы на значную абмежаванасць, рэформа замяніла былыя феадальныя саслоўна-бюракратычныя органы гарадскога кіравання на новыя, заснаваныя на буржуазным прынцыпе маёмаснага цэнзу, спрыяла ўмацаванню пазіцый буржуазіі ў дзяржаве, садзейнічала паляпшэнню гарадской гаспадаркі. Аднак феадальныя перажыткі не давалі магчымасці выкарыстаць гарадскую рэформу ў поўнай меры.

Ваенная рэформа. Рэфармаванне арміі ў Расіі пачалося ў 1862 г., калі былі ўтвораны 15 ваенных акруг (у тым ліку і Віленская, у якую ўвайшлі ўсе беларускія губерні) і ўведзены скарочаны тэрмін службы: ў сухапутным войску да 7 і на флоце да 8 гадоў. У 1867 г. быў прыняты новы ваенна-судовы статут, які зыходзіў з прынцыпаў судовай рэформы 1864 г. Згодна з ім уводзіліся тры судовыя інстанцыі – палкавы, ваенна-акруговы і галоўны ваенны суд. На час вайны ствараўся Галоўны палявы ваенны суд. Рашэнні ваенных судоў падлягалі зацвярджэнню палкавога і акруговага военачальнікаў.

Разам з тым у расійскай арміі яшчэ працягваў дзейнічаць саслоўны прынцып камплектавання войска, і толькі закон 1874 г. увёў замест рэкруцкіх набораў усеагульную воінскую павіннасць. Усе мужчыны з 21-гадовага ўзросту павінны былі служыць у войску (акрамя карэннага насельніцтва Сярэдняй Азіі, Казахстана, Сібіры і Поўначы). У сухапутных войсках тэрмін службы паніжаўся да 6 гадоў абавязковай і 9 гадоў у запасе, на флоце – адпаведна да 7 і 3 гадоў. Уводзіліся льготы для людзей, якія мелі адукацыю. Тыя, хто скончыў вышэйшыя навучальныя ўстановы, служылі 6 месяцаў, гімназіі – 1,5 года, гарадскія вучылішчы – 3, пачатковыя школы – 4 гады. З увядзеннем усеагульнай воінскай павіннасці ў Расіі былі фармальна рэалізаваны буржуазныя прынцыпы камплектавання арміі. Але на практыцы саслоўнасць не была ліквідавана. Сярод расійскага афіцэрства пераважалі дваране, а ўвесь цяжар салдацкай службы неслі ніжэйшыя саслоўі, у асноўным сяляне, бо прывілеяваныя саслоўі дзякуючы высокай адукацыі і іншым ільготам фактычна вызваляліся ад службы ў войску.

Школьная рэформа. Рэфармаванне школьнай сістэмы, якое пачалося ў 1864 г., таксама мела буржуазны характар. Школа абвяшчалася ўсесаслоўнай, павялічвалася колькасць пачатковых школ, уводзілася пераемнасць розных ступеняў навучання. У адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі ў Беларусі не было земскіх школ і грамадскасць не дапускалася да кіраўніцтва народнай адукацыяй. Для Беларусі і Літвы былі выпрацаваны спецыяльныя “Часовыя правілы для народных школ”. У адпаведнасці з імі ў кожнай губерні ствараліся дырэкцыі народных вучылішчаў з ліку чыноўнікаў, якія ажыццяўлялі нагляд за работай школ, прымалі на працу і звальнялі настаўнікаў, давалі дазвол на адкрыццё новых школ.

Агульную сярэднюю адукацыю давалі сямігадовыя гімназіі, якія падзяляліся на класічныя і рэальныя. У класічных гімназіях у аснове навучання знаходзілася выкладанне гэтак званых класічных моў – грэчаскай і лацінскай, а таксама гуманітарных дысцыплін. Рэальныя гімназіі павялічвалі аб’ём выкладання матэматыкі і прыродазнаўства за кошт старажытных моў. Выпускнікі класічных гімназій атрымлівалі права паступаць без экзаменаў ва універсітэты. Тым, хто скончыў рэальныя гімназіі, доступ ва універсітэты быў абмежаваны. Яны маглі паступаць пераважна ў вышэйшыя тэхнічныя навучальныя ўстановы.

У 1871 г. рэальныя гімназіі былі пераўтвораны ў шасцікласныя рэальныя вучылішчы, у якіх рэзка скарачалася выкладанне агульнаадукацыйных дысцыплін і пашыралася вывучэнне прыкладных, тэхнічных навук. Выпускнікі гэтых вучылішчаў ужо не маглі паступаць у тэхнічныя інстытуты без экзаменаў, а прыём іх ва універсітэты быў забаронены. З гэтага ж года ў класічных гімназіях спынялася выкладанне прыродазнаўства, скарачалася на палову колькасць гадзін па літаратуры і гісторыі і адпаведна павялічваўся час на вывучэнне старажытных моў. Увогуле, з-за даволі высокай платы за навучанне магчымасць атрымаць добрую адукацыю мелі пераважна прадстаўнікі прывілеяваных і заможных саслоўяў. Для жыхароў Беларусі становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ў краі не было ніводнай вышэйшай навучальнай установы.

Цэнзурная рэформа. Новы цэнзурны статут, прыняты ў 1865 г., значна пашыраў магчымасці друку. Адмянялася папярэдняя цэнзура для твораў памерам не менш як 10 друкаваных аркушаў, а для перакладаў – 20. Выданні меншых памераў абавязкова падлягалі папярэдняй цэнзуры. Буйным перыядычным выданням дазвалялася выходзіць без папярэдняй цэнзуры, але толькі пры ўнясенні вялікіх грашовых закладаў. Пры гэтым органы ўлады мелі права кантролю і прымянення розных санкцый да парушальнікаў закону аб друку – ад грашовага спагнання да закрыцця “нядобранадзейных” газет і часопісаў. Аднак гэта тычылася перш за ўсё цэнтральных выданняў і выдавецтваў. У Беларусі да сярэдзіны 1880-х гг. усе перыядычныя выданні залежалі ад урадавых устаноў і праваслаўнай царквы.

Значэнне рэформ. Буржуазныя рэформы 1860 – 1870-х гг. ХІХ ст., пачынаючы з адмены прыгоннага права, прывялі да значных змен у палітычным жыцці Расіі. Быў зроблены крок наперад па шляху пераўтварэння феадальнай манархіі ў буржуазную. Разам з тым рэформы неслі ў сабе перажыткі феадалізму, былі непаслядоўныя і абмежаваныя. Вялікія адрозненні рэформ у Беларусі ад рэформ іншых рэгіёнаў Расіі, а таксама срокі правядзення надавалі ім яшчэ больш абмежаваны і непаслядоўны характар, рабілі сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў беларускіх губернях складанай і супярэчлівай.

Умацаванне “традыцыяналісцкіх” пачаткаў ва ўрадавай палітыцы Беларусі. Пасля забойства народавольцамі Аляксандра ІІ на прастол уступіў яго другі сын Аляксандр ІІІ (1881 – 1894 гг.). Ва ўнутранай палітыцы Расіі адбыліся значныя змены. Урад Аляксандра ІІІ расцаніў дзеянні народавольцаў як праяўленне “заходніх тэндэнцый” і сканцэнтраваў сваю ўвагу на ўзмацненні “традыцыяналісцкіх” пачаткаў у палітыцы, эканоміцы і культуры. У 1880-х – пачатку 1890-х гг. з’явіўся шэраг заканадаўчых актаў, якія мелі на мэце абмежаваць характар і дзеянне рэформ 1860 – 1870‑х гадоў. Менавіта таму, 1880 – 1890‑я гг. увайшлі ў гісторыю Расіі як перыяд контррэформ. У пэўным сэнсе перыяд праўлення Аляксандара ІІІ можна параўнаць з палітыкай Мікалая І, якая абапіралася на ідэалогію афіцыйнай народнасці, асноўнымі прынцыпамі якой былі “самадзяржаўе, праваслаўе і народнасць”.

Традыцыяналізм урадавай палітыкі ў Беларусі праяўляўся перш за ўсё ў недапушчэнні гвалтоўнай ломкі ладу жыцця мясцовага насельніцтва, які склаўся гістарычна. Аднак, менавіта ў гэты час агульнаімперскае заканадаўства, адміністрацыйна-палітычнае кіраванне, сістэма адукацыі распаўсюджваюцца на ўсе “ускраіны” Расіі, у тым ліку і на Беларусь, без уліку іх нацыянальных асаблівасцей.

Асаблівасці эканамічнай і саслоўнай палітыкі ў Беларусі. Асновай усёй дзейнасці ўрада Аляксандра ІІІ стала ярка выяўленая саслоўная палітыка. Яна была скіравана ў першую чаргу на падтрыманне эканамічнага і палітычнага статусу дваранства. Перавага, як і ў часы Аляксандра ІІ, аддавалася рускім землеўладальнікам. У 1885 г. быў заснаваны Дваранскі пазямельны банк. У Беларусі ён даваў права рускім землеўладальнікам (у тым ліку праваслаўным памешчыкам Беларусі) карыстацца крэдытам пад заклад іх зямель на льготных умовах. У інтарэсах дваран-землеўладальнікаў у 1886 г. было выдадзена “Палажэнне аб найме на сельскія работы. Яно пашырала права землеўладальніка, які мог патрабаваць звароту рабочых, што пакінулі працу да сканчэння тэрміну, штрафаваць іх не толькі за ўчынены гаспадару матэрыяльны ўрон, але і за “непадпарадкаванне”, падвяргаць арышту і цялеснаму пакаранню.

Дзяля захавання буйнога латыфундыяльнага землеўладання ў Беларусі і прадухілення канкурэнцыі з боку іншаземцаў расійскі ўрад з мая 1887 г. забараніў германскім падданым, якія скуплялі землі ў польскіх памешчыкаў у памежнай паласе, набываць нерухомасць і арандаваць землі па-за гарадамі і мястэчкамі, за выключэннем Магілёўскай губерні. Меры, якія замацоўвалі статус дваранства, спрыялі зліццю прывіліяванага саслоўя Беларусі з прывіліяваным саслоўем Расійскай імперыі.

Для палітыкі ўрада адносна сялянства было характэрна спалучэнне кансерватыўных мер з дзеяннямі па ўмацаванні яго эканамічнага становішча. Гэтым мэтам служыла заканадаўства, якое было накіравана на захаванне разбураных пад націскам капіталізму патрыярхальных устояў у вёсцы, у першую чаргу патрыярхальнай сялянскай сям’і і абшчыны. Гэтаму ж спрыяла дзейнасць заснаванага ў 1882 г. Сялянскага пазямельнага банка (у Мінску яго аддзяленні былі адчынены ў 1886 г.), які выдаваў пазыкі на пакупку зямлі як асобным домаўладальнікам, так і сельскім таварыствам. Праз яго пасрэдніцтва прадаваліся і памешчыцкія землі; вялікія плошчы зямлі сталі паступова пераходзіць да сялян. Гэтыя меры садзейнічалі збліжэнню заходніх губерняў з іншымі губернямі Расіі.

Аднак, прававое становішча сялян зведала істотныя абмежаванні. 12 ліпеня 1889 г. было выдадзена “Палажэнне аб земскіх начальніках”. У Беларусі гэты закон быў уведзены ў чэрвені 1900 г. і датычыўся толькі Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў. У кіраванні сялянскімі справамі на месцах з’явілася новая асоба – земскі начальнік, паўнамоцны распарадчык жыцця вёскі. Дзейнасць сялянскага сходу ставілася ў поўную залежнасць ад земскага начальніка, якому было дадзена права накладваць штрафы і арыштоўваць сваіх падапечных на тэрмін да трох дзён.

11 чэрвеня 1892 г. было зацверджана новае “Гарадское палажэнне”, якое рэзка павышала маёмасны цэнз пры выбарах органаў гарадскога самакіравання і ўзмацняла кантроль над ім з боку ўрадавай адміністрацыі. Права ўдзелу ў выбарах гарадской думы пазбаўляліся не толькі немаёмныя слаі гарадскога насельніцтва, але і дробная буржуазія – дробныя гандляры, прыказчыкі і інш. Перавага аддавалася дваранам-домаўладальнікам, буйной гандлёвай, прамысловай і фінансавай буржуазіі, вынікам чаго стала рэзкае скарачэнне колькасці выбаршчыкаў. Напрыклад, у Мінску ў 1893 г. яны склалі ўсяго 1 % насельніцтва горада (памяншэнне ў 14 разоў у параўнанні з выбарамі паводле закону 1870 г.).

Развіццё прамысловасці і ўздым рабочага руху ў буйных прамысловых цэнтрах Расіі паставілі на чаргу рабочае пытанне. У 1880 – 1890‑я гг. урадам прымаецца шэраг заканадаўчых актаў, якія абмяжоўвалі эксплуатацыю фабрычна-заводскіх рабочых. У 1882 г. быў выдадзены закон, які забараняў начную працу на фабрыках дзецям да 12-гадовага ўзросту. У тым жа годзе быў прыняты закон аб увядзенні фабрычнай інспекцыі для нагляду за выкананнем фабрычнага заканадаўства. 12 чэрвеня 1884 г. быў выдадзены закон аб школьным навучанні малалетніх, якія працуюць на фабрыках. а 3 чэрвеня 1885 г. – закон аб забароне начной працы падлеткам да 17 гадоў і жанчынам. У 1886 г. быў абмежаваны памер штрафаў і ўводзіліся разліковыя кніжкі, дзе вызначаліся ўмовы найму рабочых. У 1897 г. працягласць працоўнага дня скарацілася да 11,5 гадзіны. Аднак прынятыя законы асабліва не паўплывалі на становішча рабочых Беларусі. Кантроль за ажыццяўленнем законаў аказаўся вельмі слабым, да таго ж яны не распаўсюджваліся на дробную і рамесніцкую вытворчасць, а буйных прадпрыемстваў на Беларусі было мала.

Змены ва ўрадавай палітыцы ў Беларусі па нацыянальнаму і рэлігійнаму пытаннях. Становішча ў Беларусі ўскладнялася рознымі абмежаваннямі ў дачыненні да польскага (каталіцкага) і яўрэйскага (іудзейскага) насельніцтва. У сувязі з паўстаннем 1863 – 1864 гг. палякам з1865 г. забаранялася набываць маёнткі інакш як па спадчыне. Польскія памешчыкі былі пазбаўлены магчымасці карыстацца льготнымі пазыкамі Дваранскага банка. Беларускія сяляне-католікі маглі набываць не больш як 60 дзесяцін зямлі на сям’ю. У пачатку 1890‑х гадоў у беларускія губерні была выселена значная колькасць яўрэяў з гарадоў Цэнтральнай Расіі, у выніку чаго стварылася штучная перанаселенасць беларускіх гарадоў. Яўрэяў не прымалі на работу ў дзяржаўныя ўстановы, паліцыю, на чыгуначны транспарт, яны не маглі займаць афіцэрскія пасады ў арміі. Існавала працэнтная норма прыёму яўрэяў у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Цэнзура і асвета. У 1882 г. быў устаноўлены строгі адміністрацыйны нагляд за газетамі і часопісамі. Іх рэдакцыі павінны былі па першым патрабаванні Міністэрства ўнутраных спраў называць імёны аўтараў, якія друкаваліся пад псеўданімамі. Узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыйных выданняў, многія з якіх былі закрыты.

У 1880-я гады ўрад прыняў шэраг пастаноў, якія ўводзілі шмат абмежаванняў у сістэму адукацыі. Выдадзенае ў 1884 г.“Палажэнне аб царкоўнапрыходскіх школах”, падкрэслівала рэлігійную аснову пачатковага навучэння. Узмацніўся кантроль за кантынгентам навучэнцаў сярэдняй школы. У 1887 г. міністр народнай адукацыі выдаў цыркуляр (у грамадстве яго называлі цыркуляр “Аб кухарчыных дзецях”), які забараняў прымаць у гімназіі дзяцей ніжэйшых саслоўяў гарадскога насельніцтва. У гэты ж час рэальныя вучылішчы былі пераўтвораны ў тэхнічныя вучылішчы, заканчэнне якіх не давала права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Вышэйшая адукацыя таксама была пастаўлена пад больш жорсткі кантроль з боку ўрадавай адміністрацыі. Універсітэцкі статут 1884 г. фактычна ліквідаваў аўтаномію універсітэтаў у кіраванні. З 1887 г. каб паступіць ва універсітэт, трэба было прадставіць характарыстыку аб “добранадзейнасці”, а плата за год навучання павялічвалася з 10 да 50 рублёў. Усё гэта, безумоўна, закранала інтарэсы жыхароў Беларусі, дзе пасля закрыцця ў 1864 г. Горы-Горацкага земляробчага інстытута не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы і, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, трэба было ехаць у Пецярбург, Маскву ці Кіеў.

Такім чынам, урадавая палітыка ў апошняй чвэрці ХІХ ст. у сацыяльна-эканамічным, палітычным і культурным развіцці Беларусі адзначаецца супярэчлівасцю. З днаго боку, гэта быў час экнамічнай стабілізацыі грамадства, павелічэння насельніцтва Беларусі. З другога боку, мела месца поўнае неразуменне асаблівасцей гістарычнага і нацыянальнага развіцця краю. Палітыка расійскага ўрада спрыяла зараджэнню і актыўнаму праяўленню нацыянальнага руху ў Беларусі.

 

§ 10. Развіццё сельскай гаспадаркі ў другой палове ХІХ ст.

Характарыстыка землеўладання ў Беларусі. Рэформа 1861 г., праведзеная ў інтарэсах памешчыкаў, абумовіла “прускі” варыянт развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. У Беларусі яго рысы былі яшчэ больш выразныя. Тут пераважала памешчыцкае землеўладанне. Паводле даных 1877 г., памешчыкам належала 50,3 % зямлі, сялянам – 33,4, казне, царкве, розным установам – 11,2 %. Буржуазнае (бессаслоўнае) землеўладанне складала ўсяго 5,1 % ад агульнай зямельнай плошчы.

Памешчыцкае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі мела выразны латыфундыяльны характар. На долю латыфундый (больш за 500 дзесяцін на аднаго ўладальніка) у 1877 г. прыпадала 88,6 % памешчыцкай зямлі. Буйныя памешчыкі ў Беларусі валодалі дзесяткамі і сотнямі тысяч дзесяцін зямлі: графу Чарнышову-Круглікаву належала 74,5 тыс. дзесяцін, князю Паскевічу – 83,5 тыс., графу Патоцкаму – 121,6 тыс., князю Радзівілу – 150 тыс., а князю Вітгенштэйну – амаль 1 млн. дзесяцін. У той жа час сярэдні памер сялянскіх надзелаў у беларускіх губернях вагаўся ад 8 да 12 дзесяцін на двор. Такім чынам, на кожнага памешчыка ў сярэднім прыходзілася 1 097 дзесяцін зямлі, альбо ў 75 разоў больш, чым на сялянскі двор.

Пры тагачаснай культуры земляробства надзел да 15 дзесяцін не мог забяспечыць селяніну даход, дастатковы для ўтрымання сям’і з 6 – 7 чалавек, выплаты выкупных плацяжоў, дзяржаўных падаткаў і іншых збораў. Акрамя таго, памешчыкі захавалі за сабой так званыя сервітутныя землі (сенажаці, выганы, выпасы, вадаёмы, лясныя ўгоддзі і інш.), без якіх сялянская гаспадарка не магла абысціся. Гэта вымушала сялян ісці ў кабалу да памешчыкаў: арандаваць у іх зямлю, сервітутныя ўгоддзі, браць натуральныя і грашовыя крэдыты. У пачатку ХХ ст. сяляне Беларусі арандавалі ў памешчыкаў 1/10 частку ворнай зямлі, каля 1/4 сенажацей і пашаў. Гэтая арэнда мела напаўпрыгонніцкі характар.

Малазямелле сялян узмацнялася цераспалосіцай. Вельмі часта сялянскія надзелы размяшчаліся не ў адным месцы, а ў некалькіх, маглі знаходзіцца сярод памешчыцкіх угоддзяў. У заходніх губернях цераспалосіца была пашырана больш, чым ва ўнутраных раёнах Расіі. Яна затрымлівала ўвядзенне рацыянальнай сістэмы земляробства, інтэнсіфікацыю сялянскай гаспадаркі.

Асаблівасці развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Пераход да капіталістычнага земляробства ў Беларусі адбываўся паступова. На змену прыгонніцтву спачатку прыйшла змешаная сістэма гаспадаркі, у якой перапляталіся феадальныя і капіталістычныя формы гаспадарання. Феадальныя рысы ў сельскай гаспадарцы праяўляліся ў выглядзе адпрацовак. Адпрацовачная сістэма была найбольш пашырана ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. Яе сутнасць заключалася ў апрацоўцы памешчыцкай зямлі інвентаром сялян, якія атрымлівалі за гэта ад памешчыка зямельныя ўгоддзі ў арэнду. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях памешчыкі шырока выкарыстоўвалі працу наёмных рабочых (гадавых, тэрміновых, падзённых), якія апрацоўвалі зямлю інвентаром памешчыка. Гэта была ўжо капіталістычная форма гаспадарання. Аднак і тут адпрацоўкі займалі значнае месца.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 472; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.034 сек.