Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Каб высветліць, аб чым ідзе размова ва ўказе ад 18 ліпеня 1840 г., прывядзём яго цалкам. 6 страница




У першае дзесяцігоддзе ХХ ст. Беларусь па-ранейшаму заставалася адным з аграрных рэгіёнаў Расіі. У 1913 г. яе сельская гаспадарка давала 56,9 % нацыянальнага даходу, а прамысловасць – толькі 15 %. Пад уплывам попыту рынку сельская гаспадарка Беларусі ўсё больш уцягвалася ў гандлёва-эканамічныя адносіны, больш выразна праяўлялася яе спецыялізацыя на вытворчасці малака, малочнай прадукцыі і мяса. Хутка пашыраліся плошчы пад тэхнічныя і кармавыя культуры, асабліва бульбу і травы. Адбываўся пераход ад трохпольнай да шматпольнай сістэмы земляробства. Да 1913 г. істотна пашырылася выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнікі (малатарняў, веялак, сеялак, жняярак, сенакасілак) у памешчыцкіх гаспадарках і ў заможных сялян. У Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях значную ролю ў павышэнні культуры земляробства і жывёлагадоўлі адыгрывалі ўведзеныя ў 1911 г. земствы. Яны арганізоўвалі агранамічныя, зоатэхнічныя і ветэрынарныя службы, садзейнічалі продажу і пракату сельскагаспадарчай тэхнікі.

У пачатку ХХ ст. паскорыўся працэс распаду феадальнай і фарміраванне буржуазнай зямельнай уласнасці. Да 1914 г. дваранскае землеўладанне ў беларускіх губернях зменшылася на 12,7 %, пры гэтым 2/3 памешчыцкіх зямель былі закладзены ў банках. Зямлю інтэнсіўна прадавалі дваране, чыноўнікі, афіцэры, а куплялі пераважна заможныя сяляне, купцы, мяшчане.

На паскарэнне працэсаў куплі-продажу зямлі была накіравана і сталыпінская аграрная рэформа. Яна ўзмацніла сацыяльную дыферэнцыяцыю ў беларускай вёсцы, садзейнічала фарміраванню сельскай буржуазіі з ліку заможнага сялянства, а таксама сельскага пралетарыяту. Апошні папаўняўся за кошт беднякоў, якія выйшлі з сельскай абшчыны і прадалі сваю зямлю заможным сялянам.

Працэс капіталізацыі аграрных адносін у беларускай вёсцы працягваўся.

 

§ 15. Грамадска-палітычная барацьба ў пачатку ХХ ст.

Узнікненне сацыялістычных і нацыянальна-дэмакратычных партый. Эканамічны крызіс 1900 – 1903 гг. і руска-японская вайна 1904 – 1905 гг. садзейнічалі абвастрэнню ўсіх супярэчнасцей расійскага грамадства і росту рэвалюцыйнай барацьбы ў краіне. Гэта паскорыла працэс утварэння сацыялістычных і нацыянальна-дэмакратычных партый.

Летам 1903 г. у Бруселі (потым у Лондане) адбыўся ІІ з’езд РСДРП. Ён прыняў праграму РСДРП, распрацаваную прыхільнікамі газеты “Іскра”. Найбліжэйшай палітычнай задачай партыя ставіла звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне дэмакратычнай рэспублікі, а сваёй канчатковай мэтай – пралетарскую рэвалюцыю, дыктатуру пралетарыяту і пабудову сацыялізму. Пры абмеркаванні статута РСДРП і выбарах у кіруючыя органы партыі адбыўся раскол. З гэтага часу рэвалюцыйна настроеных расійскіх сацыял-дэмакратаў пачалі называць бальшавікамі (лідэр – У.І. Ленін), а прыхільнікаў рэфармісцкага накірунку – меншавікамі (лідэр – Л. Мартаў).

У 1902 г. прыхільнікі ідэй народніцтва стварылі Партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Эсэры выступалі за пабудову сацыялізму, заснаванага на аснове сацыялізацыі зямлі, ураўняльнага землекарыстання і кааперацыі. Яны мелі на мэце звяржэнне самадзяржаўя, знішчэнне памешчыцкага землеўладання і ўстанаўленне ў Расіі федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. Галоўным сродкам барацьбы эсэры лічылі індывідуальны палітычны тэрор. Лідэрам эсэраў быў Р.А. Гершуні.

На рубяжы ХІХ – ХХ стст. з агульнадэмакратычнага руху вылучылася беларуская нацыянальная плынь. У канцы 1902 – пачатку 1903 гг. з нацыянальна-культурных гурткоў Мінска, Вільні і Пецярбурга аформілася Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ). Сярод яе стваральнікаў і кіраўнікоў былі браты Іван і Антон Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка), К. Кастравіцкі, А. Бурбіс, В. Іваноўскі, Ф. Умястоўскі. Усе яны паходзілі з дробнамаянтковай апалячанай беларускай шляхты.

На І з’ездзе БРГ ў 1903 г. была прынята праграма, у якой грамада называла сябе сацыяльна-палітычнай арганізацыяй беларускага працоўнага народа. Партыя выступала за звяржэнне самадзяржаўя, знішчэнне капіталізму і ўсталяванне дэмакратычнага ладу, прызнавала правы народаў Расіі на аўтаномію. Аграрная праграма БРГ прадугледжвала знішчэнне прыватнай зямельнай уласнасці і ўвядзенне ўраўняльнага землекарыстання без эксплуатацыі чужой працы. Шлях да сацыялізму яна бачыла праз усебаковую кааперацыю працоўных. Пазней БРГ была перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). Сваю агітацыю БСГ праводзіла ў асноўным сярод сялянства, у рабочым асяроддзі яе ўплыў быў нязначным.

Расійская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. і рэвалюцыйны рух у Беларусі. У пачатку ХХ ст. у Расіі склалася рэвалюцыйная сітуацыя. Рэвалюцыйная сітуацыя – абставіны ў грамадстве, якія служаць паказчыкам спеласці сацыяльна-палітычных умоў для сацыяльнай рэвалюцыі. У.І. Ленін называў тры галоўныя прыкметы рэвалюцыйнай сітуацыі: “1) …Для надыходу рэвалюцыі звычайна бывае недастаткова, каб “нізы не хацелі”, а патрабуецца яшчэ, каб “вярхі не маглі” жыць па‑старому. 2) абвастрэнне, болей за звычайнае, галечы і няшчасцяў прыгнечаных класаў. 3) значнае павышэнне, з-за згаданых прычын, актыўнасці мас…”.

Расійская імперыя ішла даволі хуткімі тэмпамі па буржуазнаму шляху развіцця. Разам з тым адной з асаблівасцей гэтага развіцця з’яўлялася наяўнасць феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў у палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сферах. Сярод іх – самадзяржаўе, памешчыцкае землеўладанне, сялянская абшчына і абшчыннае землеўладанне, напаўпрыгонніцкія формы эксплуатацыі сялян (адпрацоўкі, натуральная аплата працы часткай ураджаю і г. д.), саслоўнае дзяленне грамадства і саслоўная няроўнасць, адсутнасць у грамадзян дэмакратычных правоў і свабод: свабоды слова, друку, сходаў, саюзаў, права выбіраць і быць выбраным, права на правядзенне мітынгаў, шэсцяў і дэманстрацый.

Феадальна-прыгонніцкія перажыткі ў палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сферах стрымлівалі развіццё Расіі па буржуазным шляху. Таму галоўнымі мэтамі і задачамі расійскай рэвалюцыі з’яўляліся знішчэнне гэтых перажыткаў і стварэнне ўмоў для больш хуткага, свабоднага і бесперашкоднага развіцця капіталізму ў Расіі. Мэты і задачы, якія стаялі перад рэвалюцыяй, вызначылі яе буржуазны характар.

Аднак у параўнанні з англійскай (сярэдзіна ХVІІ ст.) ці французскай (канец ХVІІІ ст.) буржуазнымі рэвалюцыямі расійская рэвалюцыя адбывалася ў новых умовах, калі рабочы клас і буржуазія ўжо сфарміраваліся як асноўныя класы капіталістычнага грамадства. Сацыяльная база расійскай рэвалюцыі была больш шырокай: у ёй прынялі ўдзел не толькі сацыяльныя пласты феадальнага грамадства (сяляне, рамеснікі, гандляры), як гэта было ў Англіі і Францыі, але і рабочы клас, і буржуазія, дэмакратычныя пласты ўсяго расійскага грамадства. Асноўны ўдар рэвалюцыя скіроўвала супраць дваранства, памешчыкаў, найвышэйшых прадстаўнікоў чыноўніцтва і арміі, буйной манархічна настроенай буржуазіі. Звяржэнне самадзяржаўя і правядзенне новых буржуазных рэформ мусіла забяспечыць больш хуткае і бесперашкоднае развіццё капіталізму ў Расіі.

Па сацыяльнай базе (дэмакратычныя пласты расійскага грамадства) і па формах барацьбы (палітычная стачка, узброенае паўстанне) расійская рэвалюцыя была дэмакратычнай. Таму рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. у гістарыяграфіі называецца буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй.

Напярэдадні і ў ходзе рэвалюцыі сфарміраваліся тры грамадска-палітычныя лагеры: урадавы, ліберальна-буржуазны і дэмакратычны. Кожны з іх меў сваю сацыяльную базу, мэты і задачы. Урадавы лагер абапіраўся на дваранства, вышэйшыя пласты чыноўніцтва і арміі, яго падтрымлівала буйная манархічна настроеная буржуазія. Усе яны імкнуліся захаваць самадзяржаўе і не дапусціць карэнных змен у дзяржаўна-палітычным ладзе Расіі. У ліберальна-буржуазны лагер уваходзілі буйная і сярэдняя буржуазія, некаторыя прагрэсіўныя памешчыкі, буржуазная інтэлігенцыя. Лібералы марылі аб палітычных свабодах, жадалі ліквідаваць перажыткі феадалізму, але баяліся рэвалюцыі і абмяжоўваліся толькі мірнымі сродкамі ўздзеяння на самадзяржаўе. Дэмакратычны лагер складалі пралетарыят, сялянства, радыкальна настроеная інтэлігенцыя, шырокія непралетарскія дэмакратычныя пласты горада і вёскі. Іх агульнай найбліжэйшай мэтай было знішчэнне ўсіх рэшткаў феадалізму, у тым ліку і памешчыцкага землеўладання, звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне дэмакратычнай рэспублікі.

9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу было расстраляна мірнае шэсце рабочых, якія накіроўваліся да цара з просьбай палепшыць становішча народа. Гэтая падзея (Крывавая нядзеля) выклікала магутную хвалю пратэсту. Стачкі, дэманстрацыі і мітынгі рабочых пракаціліся па ўсей краіне. Іх размах сведчыў аб тым, што ў Расіі пачалася буржуазна-дэмакратычнвая рэвалюцыя.

У студзеньскія дні 1905 г. ў 30 гарадах і мястэчках Беларусі адбыліся забастоўкі салідарнасці, у якіх удзельнічала 34 тыс. чалавек. Ініцыятарамі і кіраўнікамі рэвалюцыйных выступленняў рабочых былі найперш Бунд і РСДРП, у некаторых месцах – эсэры і БСГ. У студзені забастоўкі рабочых мелі выразна палітычны характар.

У лютым – сакавіку агульная колькасць палітычных выступленняў рэзка зменшылася, але адбылося значнае павелічэнне эканамічных забастовак. Новая хваля палітычных выступленняў узнялася ў сувязі са святкаваннем 1 Мая. У чэрвені ў Беларусі адбыліся мітынгі салідарнасці з рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, з рэвалюцыйнымі матросамі Чарнаморскага флоту, якія ішлі ў авангардзе рэвалюцыйнага руху. Увогуле ў красавіку – чэрвені 1905 г. палітычныя выступленні ахапілі 56 гарадоў і мястэчак Беларусі, у іх удзельнічала каля 100 тыс. чалавек. У гэты ж час узмацнілася і эканамічная барацьба рабочых.

Вясною 1905 г., як вынік ўздзеяння рабочага руху, у Беларусі разгарнуўся масавы рэвалюцыйны рух сялянства. Колькасць сялянскіх выступленняў у красавіку – чэрвені ўзрасла да 237 супраць 53 у студзені – сакавіку. Галоўным патрабаваннем сялян было знішчэнне памешчыцкага землеўладання. Найбольшым уплывам сярод сялян карысталіся эсэры і Беларуская сацыялістычная грамада.

Восенню 1905 г. рэвалюцыйны рух працягваў нарастаць і ахапіў усю краіну. Шматлікія агульнагарадскія стачкі зліліся ва ўсерасійскую палітычную стачку. Па ўсёй Расіі баставала звыш 2 млн. чалавек. У Беларусі Кастрычніцкая палітычная стачка ахапіла 32 населеныя пункты, а колькасць стачачнікаў толькі ў прамысловасці дасягнула 66 тыс. чалавек. У ходзе ўсерасійскай палітычнай стачкі ў многіх гарадах Расіі ўзнікалі агульнагарадскія выбарныя стачачныя камітэты і камісіі, якія атрымалі назву Саветаў рабочых дэпутатаў. У Беларусі стачачныя камітэты і кааліцыйныя саветы дзейнічалі ў Мінску, Віцебску, Гродне, Брэсце, іншых прамысловых цэнтрах і буйных чыгуначных вузлах.

У снежні 1905 г. палітычная барацьба пралетарыяту Расіі працягвалася. У Маскве яна перарасла ва ўзброенае паўстанне. У снежаньскія дні палітычныя забастоўкі адбыліся ў Мінску, Гомелі, Мазыры, Пінску і іншых гарадах, ахапілі большасць чыгуначных вузлоў Беларусі. У апошнія месяцы 1905 г. зноў узмацніўся сялянскі рух. У Беларусі ў кастрычніку было 54 выступленні сялян, у лістападзе – 154, а ў снежні – 286. Усерасійская палітычная стачка выклікала больш моцныя, чым раней, выступленні ў арміі. У лістападзе хваляванні салдат адбыліся ў Гродне, у Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцях. Іх удзельнікі выказвалі салідарнасць з паўстаннямі матросаў Кранштата і Севастопаля.

Аднак самадзяржаўе здолела збіць рэвалюцыйную хвалю. Гэтаму спрыяў царскі Маніфест 17 кастрычніка 1905 г., які абвяшчаў скліканне заканадаўчай Дзяржаўнай Думы, іншыя дэмакратычныя правы і свабоды.

Пасля снежаньскіх падзей 1905 г. рэвалюцыйны рух паступова ідзе на спад. Усплёскі палітычных выступленняў у 1906 г. назіраліся ў студзені – у сувязі з гадавінай Крывавай нядзелі і ў красавіку, калі адзначалася свята 1 Мая. Адначасова ўзмацнялася эканамічная барацьба. Рабочых актыўна падтрымлівалі сяляне і вайскоўцы. У ліпені – снежні 1906 г. даволі актыўна працягвалася толькі эканамічная барацьба. Вясной 1907 г. рэвалюцыйны ўздым быў найслабейшым за ўвесь перыяд рэвалюцыі.

3 чэрвеня 1907 г. Мікалай ІІ выдаў загад аб роспуску ІІ Дзяржаўнай думы і аб змяненні выбарчага закону. Паколькі паводле Маніфеста 17 кастрычніка 1905 г. новы закон не мог дзейнічаць без ухвалення яго Дзяржаўнай думай, гэты крок урада з’яўляўся, па сутнасці, дзяржаўным пераваротам і сведчыў аб заканчэнні першай расійскай рэвалюцыі.

Паражэнне рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. не азначала вяртання да мінулага. Пасля оэвалюцыі ў Расіі, хоць і ва ўрэзаным выглядзе, існавалі палітычныя свабоды, былі створаны і атрымалі магчымасць легальнай дзейнасці розныя палітычныя партыі, засталася Дзяржаўная дума, працоўныя дабіліся значнага паляпшэння эканамічных умоў свайго жыцця. Рэвалюцыя аказала моцны ўплыў на рабочы і нацыянальна-вызваленчы рух не толькі ў Расіі, але і ў свеце. Аднак галоўная мэта рэвалюцыі – звяржэнне самадзяржаўя і знішчэнне памешчыцкага землеўладання – не была дасягнута.

Грамадска-палітычная барацьба пасля рэвалюцыі. Беларускі нацыянальна-культурны рух. Наступленне рэакцыі пасля трэцячэрвеньскага дзяржаўнага перавароту выявілася ў дзейнасці атрадаў жандармерыі, арышце кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў рэвалюцыйных выступленняў, закрыцці рэвалюцыйных газет, забароне прафесійных саюзаў. Ад гэтага найбольш пацярпелі левыя партыі і арганізацыі, якія мусілі значна скараціць ці ўвогуле прыпыніць сваю дзейнасць. Аслаблены былі і партыі ліберальна-буржуазнага цэнтра. Распаліся некаторыя правінцыйныя арганізацыі кадэтаў, у тым ліку і ў Беларусі, скарацілася колькасць іх друкаваных органаў.

У той жа час актывізавалася дзейнасць правых манархічных арганізацый. Яны разгарнулі шырокую агітацыю супраць яўрэяў, палякаў, каталіцкага касцёла, а таксама супраць беларускага нацыянальнага руху. У гэты час адбылося арганізацыйнае афармленне “западнороссов”. Як ідэалогія “западнорусизм” узнік яшчэ пасля паўстання 1863 – 1864 гг. “Западнороссы” прызнавалі беларусаў народнасцю, але разглядалі іх як састаўную частку рускага народа, у які ўключалі яшчэ велікарусаў і ўкраінцаў.

Галоўнай сваёй мэтай “западнорусизм” лічыў барацьбу супраць польскага і каталіцкага ўплыву на беларусаў. Актыўным дзеячам і ідэолагам “западнорусизма” быў Л. Саланевіч. Ён з’яўляўся адным з арганізатараў “Белорусского общества”, выдаваў газеты “Белорусская жизнь” (1909 – 1911 гг.) і “Северо-западная жизнь” (1911 – 1915 гг.). Л. Саланевіча актыўна падтрымліваў П.А. Сталыпін.

Беларускі нацыянальны рух пасля рэвалюцыі апынуўся ў цяжкім становішчы. Беларуская сацыялістычная грамада як палітычная партыя перастала існаваць. Яе кіраўнікі сканцэнтравалі сваю ўвагу на легальнай дзейнасці. У гэты час прыходзілася весці барацьбу на два фронты – супраць рускіх і польскіх нацыяналістаў, якія не жадалі прызнаваць самастойнасць беларускага народа.

У паслярэвалюцыйны перыяд цэнтрам беларускага нацыянальна-культурнага руху стала газета “Наша ніва”, якая выдавалася з лістапада 1906 г. па жнівень 1915 г. у Вільні. У склад рэдакцыі ўваходзілі браты Іван і Антон Луцкевічы, В. Ластоўскі, В. Іваноўскі, А. Уласаў. Газета друкавалася кірыліцай (для праваслаўных беларусаў) і лацінкай (для беларусаў-католікаў). “Наша ніва” займала ліберальныя асветніцкія пазіцыі. Галоўным у сваёй дзейнасці “нашаніўцы” лічылі барацьбу за захаванне адзінства беларускага народа, пераадоленне яго рэлігійнага расколу.

Значную ўвагу рэдакцыя “Нашай нівы” надавала прапагандзе беларускай нацыянальнай культуры, развіццю беларускай мовы. Супрацоўнікі газеты заснавалі Беларускі музей у Вільні. З 1910 г. “Наша ніва” выдавала адрасаваны сялянам “Беларускі каляндар”, з 1912 г. сельскагаспадарчы аддзел газеты быў пераўтвораны ў самастойны часопіс “Саха”, а для моладзі пачаў выдавацца літаратурны месячнік “Лучынка”.

“Наша ніва” разам з другім буйным беларускім выдавецтвам “Загляне сонца і ў наша ваконца” забяспечвала выхад мастацкай і навукова-папулярнай кніжнай прадукцыі. “Наша ніва” выхавала шэраг беларускіх пісьменнікаў, грамадска-палітычных дзеячаў, навукоўцаў, сярод якіх былі Я. Колас і Я. Купала, А. Пашкевіч (Цётка) і М. Багдановіч, А. Гарун і М. Гарэцкі, З. Бядуля і Ц. Гартны.

 

§ 16. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны

Акупацыя немцамі Заходняй Беларусі. Першая сусветная вайна працягвалася 4 гады і 4 месяцы. У вайне ўдзельнічалі 38 краін з насельніцтвам звыш 1,5 млрд. чалавек – 75 % усяго ўсіх жыхароў Зямлі. У ёй, паводле няпоўных звестак, было забіта, паранена і скалечана каля 30 млн. чалавек.

Галоўнай прычынай Першай сусветнай вайны стала барацьба паміж найбуйнейшымі імперыялістычнымі краінамі за перадзел ужо падзеленага свету, за новыя сферы ўплыву, крыніцы сыравіны і рынкі збыту прадукцыі. 19 ліпеня 1914 г. Германія аб’явіла вайну Расіі, а 21 ліпеня – Францыі, захапіла Бельгію і Люксембург. 22 ліпеня Англія аб’явіла вайну Германіі. Разам з Англіяй у вайну ўступілі яе дамініёны Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і калонія Індыя. На баку Антанты выступіла Японія, на баку Германіі – Турцыя. Пачалася Першая сусветная вайна.

У самым пачатку вайны ў Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах Беларусі мясцовыя органы ўлады правялі “патрыятычныя” сходы, на якіх выказвалася перакананне, што вайна вядзецца ў мэтах абароны Айчыны. Асаблівы патрыятычны ўздым назіраўся ў Магілёве. Летам 1914 г. тут адбыліся сходы прадвадзіцеляў дваранства, членаў земства, ганаровых грамадзян, духавенства і настаўнікаў, удзельнікі якіх запэўнівалі, што насельніцтва губерні аднадушна ўхваляе ўрадавую палітыку і гатова на любыя ахвяры дзеля Айчыны.

З пачатку 1915 г. асноўныя сілы Германіі знаходзіліся на Усходнім фронце. У выніку нямецкага наступлення расійскія войскі ў чэрвені 1915 г. пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 тыс. палоннымі, забітымі, параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Германія сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеянняў. Расійскія войскі, церпячы паражэнне за паражэннем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Пры наступленні на Варшаву германскае камандаванне ўпершыню выкарыстала газавую атаку, у выніку якой загінула 9 тыс. расійскіх салдат.

Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў напрамку Коўна – Вільня – Мінск. Пасля няўдалай спробы ўзяць Вільню нямецкія войскі пачалі новае наступленне і 9 верасня 1915 г. прарвалі фронт у ваколіцах Свянцян. Пранікнуўшы ў тыл расійскіх войск, немцы захапілі Вілейку і наблізіліся да Маладзечна. Асобныя нямецкія злучэнні дайшлі аж да Смалявіч і Барысава. Стаўка расійскага Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў.

У сярэдзіне верасня 1915 г. наступленне нямецкіх войск было спынена. У ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні вораг быў разбіты. Немцы адступілі ў раён азёр Нарач – Свір. 810 дзён і начэй ішлі ўпартыя баі за г. Смаргонь, які быў цалкам разбураны і ўвайшоў у гісторыю як “мёртвы горад” і “месца жорсткіх газавых атак немцаў”. Нездарма тады салдаты гаварылі: “Кто под Сморгонью не бывал, тот войны не видал”.

У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. Чацвёртая частка тэрыторыі Беларусі з насельніцтвам звыш 2 млн. чалавек апынулася пад германскай акупацыяй.

Становішча Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны. Напярэдадні і ў першыя дні вайны заходнія, у тым ліку беларускія губерні, былі аб’яўлены на ваенным становішчы. Забараняліся забастоўкі, сходы, шэсці, маніфестацыі, уводзілася ваенная цэнзура. У сувязі з наступленнем германскіх войск рушыў на ўсход вялікі паток бежанцаў з Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі (больш за 1,3 млн. чалавек).

На абаронныя работы (капанне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову вайсковых аб’ектаў і інш.) прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. Рэквізіцыі і прымусовыя работы на патрэбу фронту праводзілі і германскія ўлады. Акупанты сілай забіралі ў сялян коней, кароў, іншую жывёлу, прадукты, фураж, адзенне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасці.

Асабліва цяжка адбівалася вайна на гаспадарцы. На неакупіраванай тэрыторыі Беларусі ў 1914 – 1917 гг. з‑за адсутнасці сыравіны і паліва колькасць буйных прадпрыемстваў скарацілася з 829 да 297, а рабочых з – 37,7 тыс. да 25,1 тыс. Разам з тым асобныя галіны (швейная, абутковая, металаапрацоўчая і інш.), што выконвалі ваенныя заказы, значна павялічылі выпуск прадукцыі. Былі перабудаваны многія фабрыкі і заводы, а таксама створана шмат часовых прадпрыемстваў і майстэрань, якія абслугоўвалі армію. На вытворчасць боепрыпасаў, транспартных сродкаў і іншага вайсковага рыштунку былі пераключаны ўсе прадпрыемствы металаапрацоўчай прамысловасці. Снарады і гранаты выраблялі 5 заводаў у Мінску і тры ў Гомелі. Бомбы выраблялі Рэчыцкі і Аршанскі драцяна-цвіковыя заводы. У Гомелі, Оршы, Віцебску, Мінску і іншых пунктах былі створаны майстэрні для вырабу і рамонту зброі і транспартных сродкаў.

У некалькі разоў павялічылі аб’ём вытворчасці прадпрыемствы хлебапякарна-сухарнай прамысловасці. Вялікія заказы ваеннага ведамства па забеспячэнні арміі вопраткай і абуткам выконваліся на Віцебскай ільнопрадзільнай фабрыцы “Дзвіна”, Дубровенскай бавоўна-прадзільнай фабрыцы, Магілёўскай панчошнай фабрыцы, іншых прадпрыемствах, а таксама ў дробных майстэрнях і асобнымі саматужнікамі.

У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш за палову ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі было мабілізавана і адпраўлена на фронт. Толькі з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў было прызвана ў армію 634 400 чалавек. За гады вайны скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: жыта – на 18,7 %, пшаніцы – на 22,1 %, бульбы – на 34,2 %.

З‑за моцнага заняпаду сельскай гаспадаркі амаль перасталі паступаць на рынак прадметы першай неабходнасці, што выклікала рост цэн, зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа. Цэны на прадукты харчавання і адзенне ў Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5 – 8 разоў у параўнанні з 1913 г. Ва ўмовах надзвычайнай галечы, вялікай скучанасці насельніцтва і голаду ў прыфрантавых губернях шырока распаўсюдзіліся розныя эпідэмічныя хваробы – тыф, халера і інш.

Пачынаючы з 1915 г., у Беларусі нарастаў рабочы рух. У красавіку 1915 г. адбылося выступленне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузла. Летам таго ж года баставалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. У 1916 г. стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў Беларусі, у ім удзельнічала 1 800 чалавек. Асноўным патрабаваннем стачачнікаў з’яўлялася павышэнне заработнай платы.

Аднак стачкі ў Беларусі адбываліся разрознена, у іх удзельнічала толькі частка рабочых. Масавага рабочага руху не назіралася. Гэта было абумоўлена прыфрантавым становішчам Беларусі, перанасычанасцю яе тэрыторыі войскамі, паліцыяй, жандармерыяй. Арганізатараў стачак арыштоўвалі і накіроўвалі на фронт.

Сялянскі рух у Беларусі ў гады вайны набыў своеасаблівую форму – разгром памешчыцкіх маёнткаў, харчовых магазінаў і крам. У пачатку вайны падобныя выпадкі адбыліся ў 20 з 35 паветаў Беларусі. Па сутнасці, гэта былі стыхійныя пагромы, якія суправаджаліся рабаваннем маёмасці памешчыкаў і гандляроў. Значна пашырыліся сялянскія хваляванні ў 1915 г. у сувязі з перанясеннем баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі і ростам рэквізіцый. На працягу 1915 г. адбылося 99 сялянскіх выступленняў. У 1916 г. іх колькасць зменшылася да 60, у студзені – лютым 1917 г. – да 7.

Ваенныя паражэнні расійскай арміі, велізарныя людскія страты выклікалі незадаволенасць салдат. У войсках успыхнулі хваляванні, звязаныя з дрэнным забеспячэннем прадуктамі харчавання і абмундзіраваннем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго ў Беларусі ў перыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляванні салдат. Павялічвалася дэзерцірства. Цэлыя вайсковыя часці і злучэнні адмаўляліся ісці ў наступленне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод салдат. Спыніць працэс разлажэння арміі было немагчыма, яна паступова страчвала баяздольнасць.

Беларускі нацыянальны рух. У гады вайны адбыліся значныя змены ў беларускім нацыянальным руху. Усе даваенныя беларускія нацыянальна-культурныя арганізацыі распаліся. Была закрыта газета “Наша ніва”. Ва ўсходняй, неакупіраванай частцы Беларусі нацыянальны рух быў спынены. На захопленай Германіяй тэрыторыі вядомыя беларускія дзеячы, браты Іван і Антон Луцкевічы, В. Ластоўскі і іншыя выступілі з ідэяй стварэння канфедэрацыі Літвы і Заходняй Беларусі ў форме Вялікага княства Літоўскага з сеймам у Вільні. Аднак утварыць канфедэрацыю не ўдалося. Германскі ўрад не быў зацікаўлены ў такой дзяржаве.

Пасля акупацыі Вільні, германскае камандаванне абвясціла аб тым, што беларускія землі будуць падпарадкоўвацца Польскай Кароне. У сувязі з гэтым польскія памешчыкі і ксяндзы, карыстаючыся падтрымкай акупантаў, пачалі настойліва ажыццяўляць паланізацыю беларускага насельніцтва. На акупіраванай беларускай тэрыторыі была створана шырокая сетка польскіх школ, розных згуртаванняў польскай “злучнасці”. Прымусовая паланізацыя выклікала абурэнне мясцовага насельніцтва. Пачаліся спрэчкі паміж палякамі і беларусамі. Гэта прывяло да адмаўлення ідэі ўтварэння канфедэратыўнай дзяржавы Польшчы і Беларусі. Больш за тое, у самім беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол. Група беларускіх дзеячаў на чале з В. Ластоўскім заснавала тайную арганізацыю “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі”, якая ставіла сваёй мэтай утварыць незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах.

Германія, імкнучыся ўмацаваць сваю ўладу на акупіраванай тэрыторыі, ажыццявіла адпаведныя захады, каб, з аднаго боку, не даць магчымасці стварыць тут самастойную дзяржаву, а з другога – прадухіліць польскае засілле на гэтых землях. У пачатку 1916 г. у германскім загадзе аб школах акупіраванага краю беларуская мова абвяшчалася раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. Беларускі нацыянальны рух значна ажывіўся.

На акупіраванай тэрыторыі былі адчынены беларускія школы, створаны выдавецтвы. Пачалося выданне на беларускай мове газет, часопісаў. Пачала выходзіць газета “Гоман”. У Вільні былі створаны “Беларускі клуб”, згуртаванне “Золак”, “Навуковае таварыства”, “Беларускі вучыцельскі саюз” і інш. Кіраваў усёй гэтай работай створаны ў 1915 г. у Вільні Беларускі народны камітэт, які ўзначальваў А. Луцкевіч. Прадстаўнікі камітэта прынялі ўдзел у рабоце канферэнцый прыгнечаных народаў Расіі, якія былі арганізаваны немцамі ў Стакгольме і Лазане ў красавіку і чэрвені 1916 г. Там яны прасілі дапамогі ў народаў Еўропы ў вызваленні беларускага народа “з-пад расійскай акупацыі”.

У канцы 1916 г. Беларускі народны камітэт спрабаваў дамовіцца з Літоўскім нацыянальным камітэтам аб утварэнні агульнай літоўска-беларускай дзяржавы. Аднак Літоўскі нацыянальны камітэт адмовіўся ад перагавораў, канчаткова разарваў сувязь не толькі з Беларускім народным камітэтам, але і з польскім і яўрэйскім нацыянальнымі камітэтамі і ўтварыў у Вільні Літоўскую дзяржаўную раду (тарыбу) як вярхоўны дзяржаўны орган Літвы. У склад гэтай літоўскай дзяржавы былі ўключаны і акупіраваныя Германіяй беларускія землі. Беларусь атрымала ў тарыбе два месцы.

Паступова галоўнымі цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху па‑за межамі краю сталі Петраград, Масква і іншыя расійскія гарады, дзе бежанцы-беларусы ўтварылі свае суполкі. У кастрычніку 1916 г. Міністэрства ўнутраных спраў Расіі дазволіла выданне ў Петраградзе беларускіх газет “Дзянніца” і “Светач”.

Газета “Светач” прапагандавала ідэі адзінства беларусаў незалежна ад іх класавай прыналежнасці, заклікала ўсе грамадскія сілы да ажыццяўлення “беларускага нацыянальнага ідэалу”. Аднак газета не мела вялікага ўплыву на развіццё беларускага нацыянальнага руху. У пачатку 1917 г. яе выданне спынілася.

Газету “Дзянніца” выдаваў на свае сродкі З. Жылуновіч. Яна ўздымала вострыя сацыяльныя праблемы, пытанні развіцця беларускай культуры, асуджала палітыку нямецкіх акупацыйных улад, прапагандавала думку, што свабоднае развіццё беларускага народа магчыма толькі ў саюзе з рускім народам. У газеце друкаваліся творы З. Жылуновіча, К. Буйло, К. Чарнушэвіча, Ф. Шантыра і іншых дзеячаў, якія стаялі на рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцыях. Рэвалюцыйна-нацыянальны кірунак газеты выклікаў падазронасць у цэнзуры. Цэнзары выкідалі з газеты ўсе матэрыялы аб становішчы ў Беларусі, абвінавачвалі газету ў тым, што яна нібыта служыла Германіі. У снежні 1916 г. “Дзянніца” спыніла існаванне.

Далейшай актывізацыі беларускага нацыянальнага руху спрыяла Лютаўская рэвалюцыя 1917 г.

 

§ 17. Беларусь у час Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі

Звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне двоеўладдзя. Першая сусветная вайна прынесла Расіі небывалую эканамічную разруху, выклікала глыбокі эканамічны і палітычны крызіс. Гэта абумовіла непазбежнасць рэвалюцыі, якая па сваіх мэтах, рухаючых сілах і формах барацьбы была буржуазна-дэмакратычнай.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 402; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.04 сек.