Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Каб высветліць, аб чым ідзе размова ва ўказе ад 18 ліпеня 1840 г., прывядзём яго цалкам. 10 страница




Такім чынам, пад уздзеяннем ЦК РКП(б) Наркомнац, а затым і Паўночна-Заходні абком РКП(б), Аблвыканкомзах, СНК Заходняй вобласці памянялі свае адносіны да лёсу Беларусі. Яны нават пайшлі далей у вызначэнні юрыдычнага статусу Беларусі, як Белнацком і беларускія камуністычныя секцыі, якія прытрымліваліся прынцыпу аўтаноміі Беларусі ў складзе РСФСР.

30 снежня 1918 г. адкрылася VI Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя. Дэлегаты канферэнцыі аднагалосна выказаліся за абвяшчэнне БССР. Канферэнцыя вызначыла межы рэспублікі і па дакладу камісіі, утворанай для вывучэння гэтага пытання, прыйшла да высновы, што ў склад рэспублікі павінны ўвайсці Мінская, Магілёўская, Гродзенская губерні поўнасцю, Віцебская губерня без Дзвінскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветаў, а таксама частка тэрыторыі прымежных губерняў, населеных пераважна беларусамі. Гэта частка Гжацкага, Сычэўскага, Вяземскага і Юхноўскага паветаў Смаленскай губерні, частка Нова-Аляксандраўскага павета Ковенскай губерні, увесь Вілейскі павет, частка Свянцянскага і Ашмянскага паветаў Віленскай губерні, а таксама Аўгустоўскі павет Сувалкаўскай губерні. У склад БССР камісія ўключыла чатыры паўночныя паветы Чарнігаўскай губерні: Суражскі, Мглінскі, Старадубскі і Навазыбкаўскі.

Такім чынам, былі ў асноўным вызначаны этнаграфічныя межы беларускай нацыі, эканамічныя, гістарычныя і нацыянальныя асаблівасці асобных губерняў, паветаў і валасцей. Пазней пры больш дасканалым уліку нацыянальнага складу насельніцтва гэтыя межы ўдакладняліся. У адміністрацыйна-гаспадарчых адносінах было вырашана падзяліць тэрыторыю рэспублікі на 7 раёнаў – Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі і 54 падраёны. Намечаны адміністрацыйны падзел БССР не быў ажыццёўлены ў сувязі з польска-савецкай вайной, якая пачалася вясной 1919 г. Канферэнцыя абвясціла сябе І з’ездам Кампартыі бальшавікоў Беларусі. Быў створаны кіруючы орган КП(б)Б – Цэнтральнае бюро КП(б)Б. На першым яго пасяджэнні быў выбраны прэзідыум ЦБ КП(б)Б у складзе А. Мяснікова, М. Калмановіча і В. Кнорына. Старшынёй прэзідыума стаў А. Мяснікоў.

31 снежня 1918 г. ЦБ КП(б)Б абмеркавала пытанне аб складзе Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада БССР. Было вырашана, што ва ўрад увойдуць прадстаўнікі ад Белнацкома і Цэнтральнага бюро беларускіх секцый РКП(б), ад Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) і Аблвыканкомзаха. Старшынёй урада быў зацверджаны З. Жылуновіч, членамі – А. Мяснікоў, А. Чарвякоў і іншыя, усяго 17 чалавек. У складзе ўрада было створана 16 аддзелаў (наркаматаў) і 2 калегіі – надзвычайная і па справах палонных і бежанцаў.

1 студзеня 1919 г. Часовы ўрад Беларусі абнародаваў маніфест у сувязі з утварэннем БССР. “З сённяшняга дня Беларусь, – гаварылася ў ім, – Савецкая рэспубліка, становіцца рэспублікай працоўнага народа, рабочых, сялянскай беднаты і чырвонаармейцаў”. З гэтага дня ўся ўлада на Беларусі, адзначалася ў маніфесце, належыць Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Зямля з жывым і мёртвым інвентаром, лясы, воды і нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі і заводы, банкі становяцца ўласнасцю народа. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей на тэрыторыі Беларусі, адмяніў усе загады і распараджэнні акупацыйных улад, аб’явіў па-за законам Беларускую раду.

У сувязі з абвяшчэннем БССР вышэйшая ўлада на тэрыторыі рэспублікі перайшла да Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада. Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці склаў свае паўнамоцтвы. Толькі губвыканком Віцебскай і Магілёўскай губерняў, якія ў перыяд утварэння БССР знаходзіліся ў складзе РСФСР, па-ранейшаму кіравалі народнай гаспадаркай гэтых губерняў. Заходняя вобласць была скасавана.

5 студзеня 1919 г. Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад БССР, ЦБ КП(б)Б пераехалі ў Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

2–3 лютага 1919 г. у Мінску адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. З’езд абмеркаваў наступныя пытанні: аб бягучым моманце, справаздачу Часовага ўрада Беларусі, аб адносінах да савецкіх рэспублік, аб Канстытуцыі БССР, выбары ЦВК БССР. Старшыня УЦВК Я. Свярдлоў, які прысутнічаў на з’ездзе, абвясціў пастанову прэзідыума УЦВК “Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі”. У адказ з’езд прыняў “Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай і РСФСР”.

І Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў Канстытуцыю БССР – Асноўны закон рэспублікі на пачатковым этапе яе развіцця. У адпаведнасці з канстытуцыяй найвышэйшая ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі яе здзяйсняў Цэнтральны выканаўчы камітэт. У склад выбранага на з’ездзе ЦВК БССР увайшло 50 чалавек – 45 камуністаў, 2 бундаўцы, 2 члены партыі Паалей-Цыён, адзін меншавік.

І Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў рашэнне аб аб’яднанні Беларускай ССР і Літоўскай ССР у адну дзяржаву – Літоўска-Беларускую ССР (Літбел). Гэта рашэнне зноў жа было праведзена паводле ўказання ЦК РКП(б). 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) патрабаваў прыняць на з’ездзе Саветаў Беларусі пастанову аб аб’яднанні Беларусі з Літвой. Літоўцам таксама прапанавалася як мага хутчэй склікаць свой з’езд і прыняць такое ж рашэнне.

27 лютага 1919 г. ствараюцца ЦВК Літоўска-Беларускай ССР і яго прэзідыум на чале з К. Цыхоўскім, урад аб’яднанай рэспублікі – Савет Народных Камісараў на чале з В. Міцкявічусам-Капсукасам. Для кіраўніцтва народнай гаспадаркай быў створаны Вышэйшы Савет народнай гаспадаркі. У склад Літбела ўвайшла тэрыторыя Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалкаўскай губерняў з больш як 4-мільённым насельніцтвам. У сувязі з утварэннем Літоўска-Беларускай ССР узнікла неабходнасць зліць і камуністычныя партыі Літвы і Беларусі. На аб’яднальным з’ездзе (4–6 сакавіка 1919 г.) быў абраны ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі (ЦК КП(б) ЛіБ). 6 сакавіка 1919 г. Пленум ЦК КП(б) ЛіБ стварыў прэзідыум ЦК КП(б) ЛіБ. Старшынёй прэзідыума быў выбраны В. Міцкявічус-Капсукас, сакратаром В. Кнорын. Сталіцай аб’яднанай дзяржавы стаў г. Вільня.

Так Беларуская Савецкая Рэспубліка праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці і ўтварэння сваёй дзяржаўнасці стала часткай аб’яднанай дзяржавы – Літбела.

 

ГЛАВА 3. БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ПОЛЬСКАЙ ІНТЭРВЕНЦЫІ
(1919–1920)

§ 1. Захоп тэрыторыі Беларусі войскамі Польшчы. Савецка-польская вайна

У першай палове лютага 1919 г. Польшча з дапамогай Антанты пачала ваенныя дзеянні супраць Савецкай Расіі. І першай ахвярай на шляху польскіх войск была Беларусь. Сутнасць палітыкі Польшчы ў адносінах да Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва “Стражы крэсавай” – арганізацыі, якая ў 1919–1920 гг. абараняла інтарэсы польскіх памешчыкаў, вяла барацьбу за далучэнне да Польшчы т. зв. “крэсаў”, г. зн. беларускіх, літоўскіх, украінскіх зямель. Ужо да сярэдзіны сакавіка 1919 г. былі захоплены Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідаль, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы і прапанаваў мірным шляхам урэгуляваць усе спрэчныя пытанні. Адначасова быў арганізаваны адпор ворагу, створаны Заходні фронт, а Літоўска-Беларуская Савецкая рэспубліка аб’яўлена на ваенным становішчы. Быў сфарміраваны Савет абароны, праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы.

Вялікае значэнне для арганізацыі адпору інтэрвентам мелі пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі, прынятыя ў маі 1919 г. аб неабходнасці ваенна-палітычнага саюза. На аснове гэтых пастаноў ЦВК Расіі прыняў 1 чэрвеня 1919 г. пастанову аб аб’яднанні ваенных сіл савецкіх рэспублік.

Аднак становішча на фронце не палепшылася. У канцы ліпеня польскім войскам удалося прарваць лінію абароны і захапіць Заслаўе, Сёмкаў Гарадок. 8 жніўня 1919 г. праціўнік уварваўся ў Мінск. Працягваючы наступленне, інтэрвенты ў жніўні–верасні 1919 г. захапілі Ігумен, Нова-Барысаў, Бабруйск, Жлобін, Рагачоў.

Не прыняўшы неаднаразовых савецкіх прапаноў аб мірных перагаворах, кіруючыя колы Польшчы пайшлі на разгортванне ваенных дзеянняў. 5 сакавіка 1920 г. яны распачалі наступальную аперацыю ў раёне Рэчыцы, Мазыра і Калінкавіч. У выніку гэтыя гарады былі захоплены праціўнікам.

25 красавіка 1920 г. войскі Польшчы перайшлі ў наступленне на Украіне. Войскі Паўднёва-Заходняга фронту гераічна абараняліся, але, несучы вялікія страты, былі вымушаны адступіць. Адчувалася перавага сіл праціўніка.

У перыяд польскага наступлення ЦК РКП(б), савецкі ўрад шмат увагі ўдзялялі пытанням тактыкі барацьбы з польскімі інтэрвентамі. 28 красавіка 1920 г. Палітбюро ЦК РКП(б) зацвердзіла распрацаваны галоўным камандаваннем план баявых дзеянняў. Асноўны ўдар павінны былі нанесці войскі Заходняга фронту на Беларусі. Дапаможны ўдар планаваўся на Паўднёва-Заходнім фронце ў напрамку на Брэст 29 красавіка 1920 г. галоўнакамандуючым Заходнім фронтам быў прызначаны М. Тухачэўскі. 14 мая 1920 г. войскі Заходняга фронту пачалі наступленне. У выніку жорсткіх баёў польскія войскі захапілі ініцыятыву.

Майскае наступленне Заходняга фронту не змагло забяспечыць выкананне пастаўленых перад ім задач. Пачалася інтэнсіўная работа па далейшым умацаванні абароны краіны.

4 ліпеня 1920 г. пачалося агульнае наступленне войск Заходняга фронту, якое ў цэлым развівалася паспяхова. Войскі імкліва рухаліся наперад, праходзячы па 30–40 км за суткі.

Польскія войскі адступалі на захад. 11 ліпеня 1920 г. быў вызвалены Мінск. У выніку наступлення войск Заходняга фронту ў ліпені 1920 г. уся тэрыторыя Беларусі была ачышчана ад акупантаў.

На вызваленай тэрыторыі Беларусі пачалося аднаўленне савецкай улады. Часова ўзяўшы ўсю ўладу, Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале з А. Чарвяковым адмяніў пастановы і загады акупантаў і абвясціў пра ўступленне ў сілу законаў савецкай улады.

Тым часам Чырвоная Армія працягвала свой паход на захад. У канцы ліпеня 1920 г. яна ўступіла на тэрыторыю Польшчы. Пад яе ўздзеяннем значна ўзмацніўся рэвалюцыйны рух польскага пралетарыяту. У населеных пунктах, занятых Чырвонай Арміяй, ствараліся рэвалюцыйныя камітэты. 30 ліпеня 1920 г. у Беластоку польскімі рэвалюцыянерамі быў створаны Часовы рэвалюцыйны камітэт Польшчы (Польрэўком).

У гэтых умовах ЦК РКП(б), савецкі ўрад далі ўказанне прадоўжыць наступленне Чырвонай Арміі. Аднак, плануючы далейшыя баявыя дзеянні, савецкае камандаванне ў сваіх разліках недаацаніла здольнасць польскай арміі абараняцца і перабольшыла наступальныя магчымасці Чырвонай Арміі. Сілы Заходняга фронту значна аслаблі. 13 жніўня 1920 г. Чырвоная Армія аднавіла наступленне, але няўдала. 16 жніўня польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне і авалодалі ініцыятывай. 17 жніўня Чырвоная Армія пачала адступаць. Пры адыходзе войскі фронту неслі значныя страты.

18 сакавіка 1921 г. у Рызе быў падпісаны мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай. Згодна з дагаворам, заходнія землі Беларусі, тэрыторыі сучасных Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, частка Мінскай вобласці (без Мінска) і Віцебскай адышлі да Польшчы. Тэрыторыя склала больш за 100 тыс. км2, на ёй жыло звыш 4 млн чалавек. Акупацыя гэтых тэрыторый Польшчай працягвалася да 17 верасня 1939 г.

 

§ 2. Барацьба беларускага народа супраць польскіх інтэрвентаў. Беларускі нацыянальны рух

На захопленай тэрыторыі польскія інтэрвенты ліквідавалі савецкую ўладу і аднавілі ўладу памешчыкаў і капіталістаў. Была адноўлена і прыватная ўласнасць на сродкі вытворчасці, былым гаспадарам вернуты нацыяналізаваныя савецкай уладай прамысловыя прадпрыемствы і зямля. Для кіраўніцтва захопленымі раёнамі ўрад Польшчы яшчэ ў лютым 1919 г. стварыў генеральны камісарыят, які загадам ад 25 жніўня 1919 г. адмяніў у гэтых раёнах дэкрэты савецкай улады, забараніў дзейнасць савецкіх устаноў.

Акупанты ўстанавілі на захопленай тэрыторыі дэспатычны рэжым. Толькі ў Мінску імі было арыштавана больш за 1000 жыхароў, з якіх 100 чалавек расстралялі па прыгаворах ваенна-палявых судоў. Тысячы сумленных грамадзян, якія не жадалі падпарадкавацца акупантам, былі кінуты ў канцэнтрацыйныя лагеры.

Беларускі народ не схіліў галавы перад інтэрвентамі. Амаль ва ўсіх гарадах рэспублікі былі створаны падпольныя партыйныя арганізацыі, якія ўзначалілі барацьбу працоўных за сваё вызваленне. У тыле ворага ўзнікла разгалінаваная сетка партызанскіх атрадаў. Партызаны разбуралі камунікацыі, узрывалі вайсковыя эшалоны, грамілі гарнізоны, праводзілі вялікую разведвальную работу ў тыле ворага. Партызанскія атрады ўзаемадзейнічалі з чырвонаармейскімі часцямі Заходняга фронту. Штаб фронту каардынаваў іх дзеянні, дапамагаў ім набываць узбраенне, распрацоўваць планы баявых аперацый.

28 студзеня 1920 г. у в. Гатава Мінскага павета адбыўся першы з’езд партызан. З’езд звярнуў увагу на неабходнасць паляпшаць баявое ўзаемадзеянне партызан, іх аб’яднанне для правядзення буйных аперацый. 5 красавіка 1920 г. у в. Міханавічы (каля Мінска) адбыўся другі з’езд партызан. На з’ездзе адзначалася, што барацьба ў тыле акупантаў набыла шырокі размах, што блізкі час прыходу Чырвонай Арміі.

У гады польскай акупацыі тэрыторыі Беларусі вызначалася сутнасць кожнай партыі, арганізацыі і іх кіраўнікоў. Суровая рэчаіснасць прымушала іх выявіць свае адносіны да акупацыйных улад, распрацаваць сваю стратэгію і тактыку ў гэтых складаных умовах.

Партыя бальшавікоў, якая з 5 сакавіка 1919 г. да 5 верасня 1920 г. дзейнічала як аб’яднаная з літоўскай партыяй бальшавікоў, ужо ў пачатку акупацыі тэрыторыі Беларусі польскімі войскамі ўзначаліла барацьбу працоўных супраць акупантаў.

19 мая 1919 г. аб’яднаны ЦК КП(б) ЛіБ абмеркаваў пытанні аб становішчы за дэмакрацыйнай лініяй, звярнуўся да салдат польскай арміі з адозвай аб спыненні братазабойчай вайны.

Лідэры нацыянальна-дэмакратычных партый у пачатку вайны паверылі абяцанням Ю. Пілсудскага, разлічвалі, што ён дапаможа здзейсніць ідэю незалежнасці Беларусі. Беларускія сацыял-дэмакраты, сацыялісты-федэралісты, эсэры спачатку пагадзіліся супрацоўнічаць з ім. Перагаворы з Пілсудскім аб перадачы грамадзянскай улады Радзе БНР вялі кіраўнікі беларускіх сацыялістаў-федэралістаў. Таго ж праз Польскую сацыялістычную партыю дабіваліся і дэлегацыя беларускіх эсэраў у Варшаве.

Але ўсе гэтыя намаганні былі дарэмныя. Адначасова закрываліся на захопленай тэрыторыі беларускія школы, культурна-асветныя ўстановы, газеты. У Гродне былі раззброены 1-ы і 2-і беларускія пяхотныя палкі і кавалерыйскі эскадрон, падпарадкаваныя Радзе БНР.

Жорсткі акупацыйны рэжым і ўзброеная барацьба працоўных Беларусі супраць польскіх акупантаў аказалі значны ўплыў на тактыку беларускіх нацыянальна-дэмакратычных партый. Яны арыентаваліся на Раду БНР, а яе дзейнасць была поўнасцю паралізавана. Таму накірунак гэтых партый рэзка змяніўся. Беларускія эсэры і сацыялісты-федэралісты выказаліся за ўтварэнне літоўска-беларускай дзяржавы ў межах былога Вялікага княства Літоўскага.

Адмаўляючы савецкую ўладу, як непрыдатную форму для дзяржавы працоўных, беларускія эсэры меркавалі, што найбольш адпаведнай інтарэсам усяго беларускага народа формай улады будзе беларуская працоўная рэспубліка (дыктатура ўсіх працоўных, а не толькі пралетарыяту).

Галоўнымі напрамкамі палітыкі Рады БНР і яе ўрада ва ўмовах польскай акупацыі былі: 1) па-ранейшаму дамагацца ад сусветнай дзяржаўнасці (і ад Польшчы) афіцыйнага прызнання незалежнасці БНР; 2) устанаўленне федэратыўных адносін з Польшчай; 3) перадача ўсёй грамадзянскай улады на Беларусі Радзе БНР.

Перагаворы з польскай уладай завяршыліся тым, што Рада БНР была распушчана. Аднак потым яна згадзіліся на скліканне Рады БНР і стварэнне беларускага войска за абяцанне А. Луцкевіча, што гэта Рада правядзе рашэнні на карысць Польшчы (Ю. Пілсудскі спадзяваўся, што яна прыме рашэнне аб уніі з Польшчай).

Пайсці такім шляхам не згадзіліся сацыялісты-федэралісты і сацыялісты-рэвалюцыянеры. 13 снежня 1919 г. яны ўтварылі новую Народную Раду, якая пацвердзіла акт 25 сакавіка 1918 г. аб незалежнасці Беларусі. У адказ польскія ўлады арыштавалі найбольш актыўных дзеячаў партыі эсэраў і ўтварылі Найвышэйшую Раду, па-сутнасці, марыянетку польскай улады.

Напярэдадні вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі беларускія эсэры вялі перагаворы з кіраўніцтвам Саветскай Расіі аб прызнанні створанага Радай урада Беларусі, аднак ЦК РКП(б) не збіраўся дзяліць уладу з нацыянальнымі партыямі.

Такім чынам, беларускі нацыянальны рух у перыяд польскай акупацыі быў накіраваны на аб’яднанне ўсіх працоўных у іх барацьбе супраць інтэрвентаў і вызваленне Беларусі ад іншаземных захопнікаў.

 

§ 3. Аднаўленне Беларускай ССР

 

Пасля паспяховага ліпеньскага (1920) наступлення Чырвонай Арміі, калі ўся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад польскіх захопнікаў, практычна пыўстала пытанне пра аднаўленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Але сярод кіраўніцтва Літбела па-ранейшаму не было адзінай думкі па гэтым пытанні. Члены ЦК КП(б) ЛіБ В. Кнорын, М. Калмановіч, Р. Пікель, І. Рэйнгольд і іншыя, якія ў 1918 г. падзялялі пазіцыю А. Мяснікова, і цяпер не лічылі неабходным ствараць суверэнную Беларускую Савецкую Рэспубліку. Яны абмяжоўваліся наданнем беларусам культурна-нацыянальнай аўтаноміі ў межах Мінскай губерні, якая павінна была ўвайсці ў склад РСФСР як адміністрацыйная адзінка. Яны не ўлічвалі настрою беларускага народа, які хацеў аднавіць сваю дзяржаўнасць. Па-ранейшаму рашэнне “беларускага пытання” яны ставілі ў залежнасць ад вынікаў сусветнай рэвалюцыі. Гэтай ідэяй кіраваліся тады многія партыйныя дзеячы.

Другая частка членаў ЦК КП(б) ЛіБ на чале з А. Чарвяковым настойліва патрабавала ад ЦК РКП(б) тэрмінова разгледзець беларускае пытанне. У маі 1920 г. па ініцыятыве А. Чарвякова, які ўзначальваў савецкі аддзел Рэўваенсавета Заходняга фронту, праходзілі нарады камуністаў-беларусаў з абмеркаваннем аднаго і таго ж пытання: “Аб аднаўленні савецкай улады і самавызначэнні Беларусі”.

Нарэшце, улічваючы настрой працоўных мас, ЦК КП(б) ЛіБ 6 ліпеня 1920 г., калі Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, выказаўся за аднаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці.

Тым часам Чырвоная Армія працягвала наступленне.

12 ліпеня 1920 г. у Маскве быў падпісаны дагавор паміж Літвой (сталіца – г. Коўна) і РСФСР. Разлічваючы на перамогу савецкай улады ў Літве і яе магчымыя сутыкненні з Польшчай, урад РСФСР пайшоў на тое, каб уключыць частку тэрыторый з гарадамі Гродна, Шчучын, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў у межы Літвы. Віленскі край з Вільняй таксама быў прызнаны часткай Літвы. У сувязі з падпісаннем гэтага дагавора юрыдычна перастала існаваць Літоўска-Беларуская ССР. Пачалася практычная работа па аднаўленні беларускай дзяржаўнасці. 30 ліпеня 1920 г. замест Мінскага губрэўкома быў створаны Ваенрэўком Беларускай Рэспублікі. У яго ўвайшлі А. Чарвякоў – старшыня, В. Кнорын – намеснік старшыні, І. Адамовіч – намеснік старшыні па ваенных справах. Членамі рэўкома таксама з’яўляліся У. Ігнатоўскі, А. Вайнштэйн і інш. Белваенрэўком з’яўляўся часовым органам улады на вызваленай ад інтэрвентаў тэрыторыі Беларусі.

Вельмі складаным было тэрытарыяльнае пытанне адноўленай рэспублікі. Канкрэтна яе межы не былі вызначаны. І зрабіць гэта было вельмі цяжка.

У ліпені 1920 г., калі Чырвоная Армія паступова прасоўвалася на захад, з’явілася рэальная магчымасць аднавіць рэспубліку ў тых межах, якія былі вызначаны камісіяй І з’езда КП(б)Б. Але і ў дадзеным выпадку зрабіць гэта было немагчыма. У выніку вельмі цяжкіх унутраных і знешнепалітычных абставін, паражэння Чырвонай Арміі на Заходнім фронце Беларуская Рэспубліка аднаўлялася ў межах адной Мінскай губерні, а дакладней, толькі 6 яе паветаў. На іх тэрыторыі налічвалася 1 млн 635 тыс. жыхароў. Беларускія эсэры адмовіліся падпісаць “Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”, хоць спачатку выказаліся ў яе падтрымку. Яны прапанавалі пашырыць тэрыторыю рэспублікі да яе этнаграфічных межаў. Акрамя таго, яны патрабавалі склікаць Усебеларускі працоўны кангрэс для вырашэння пытання аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі, сфарміраваць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў усіх партый нацыянальнай дэмакратыі, утварыць беларускае войска, забяспечыць поўную незалежнасць Беларусі ад Расіі, абвясціць беларускую мову дзяржаўнай. ЦК КП(б) ЛіБ адхіліў гэтыя патрабаванні. Тады ЦК БПС-Р вывеў сваіх прадстаўнікоў з Белваенрэўкома і заявіў, што партыя эсэраў абараняе інтарэсы сялянства і працоўнай беларускай інтэлігенцыі і не падзяляе бальшавіцкую пазіцыю па праблеме дзяржаўнай улады на Беларусі.

У лістападзе–снежні 1920 г. на Беларусі прайшлі выбары ў сельскія, валасныя, павятовыя і гарадскія Саветы. Рэўкомы былі скасаваны. У склад Саветаў увайшлі ў асноўным бальшавікі. Пры Саветах утварыліся камісіі, якія пад кіраўніцтвам партыйных арганізацый праводзілі чыстку савецкіх устаноў ад “класава-варожых элементаў”. 13–17 снежня 1920 г. адбыўся ІІ Усебеларускі з’езд Саветаў. З’езд абраў ЦВК БССР і звярнуўся да працоўных Беларусі з заклікам накіраваць усе сілы на аднаўленне народнай гаспадаркі рэспублікі.

 

§ 4. Гаспадарчае і культурнае будаўніцтва ў 1919–1920 гг.

У гады іншаземнай інтэрвенцыі на Беларусі панавалі разруха і голад. Не працавалі многія прамысловыя прадпрыемствы. Быў разбураны транспарт. Надзвычай цяжка было з харчаваннем, асабліва ў гарадах. Усё гэта патрабавала ўзмацнення работы па мабілізацыі працоўных на барацьбу з гаспадарчай разрухай. 12 лютага 1919 г. Савет народнай гаспадаркі Беларусі (СНГБ) прыняў пастанову аб нацыяналізацыі ўсіх фабрык і заводаў і іншых прамысловых прадпрыемстваў. Да ліпеня 1919 г. на Беларусі было нацыяналізавана 182 прадпрыемствы – гэта больш палавіны ўсіх дзейнічаючых фабрык і заводаў.

Ва ўмовах вайны і гаспадарчай разрухі галоўным было харчовае пытанне. Каб выратаваць рабочых ад голаду, забяспечыць харчовымі прадуктамі Чырвоную Армію, савецкая ўлада была вымушана пайсці на надзвычайную меру – увядзенне харчовай развёрсткі. Яна з’явілася галоўным элементам эканамічнай палітыкі, якая атрымала назву “ваенны камунізм”.

Аднак становішча на Беларусі ў гэты час заставалася вельмі цяжкім. Польскія інтэрвенты нанеслі гаспадарцы Беларусі велізарныя страты. Паводле звестак камісіі па вызначэнні страт, нанесеных войскамі Польшчы беларускаму народу, агульныя страты дасягнулі 52 029 281 рубля ў даваеннай залатой валюце (9 034 208 319 савецкіх рублёў паводле курсу 1940 г.). Ад тэрору, грабяжоў і гвалтаў акупантаў Беларусь страціла звыш 158 тыс. мірных жыхароў.

Аднаўленне народнай гаспадаркі пачалося з нацыяналізацыі прамысловасці. Да канца 1920 г. на Беларусі (у межах да 1939 г.) удзельная вага дзяржаўнага сектара ў буйной прамысловасці складала 94,2 % (345 прадпрыемстваў), у дробнай прамысловасці – 47,4 % (828 прадпрыемстваў), у дробных і рамесніцкіх майстэрнях – 2,5 % (10837 майстэрань). Такім чынам, камандныя пазіцыі ў прамысловасці Беларусі былі поўнасцю сканцэнтраваны ў руках дзяржавы. Да канца 1920 г. у Мінскай губерні пачалі даваць прадукцыю некалькі рамонтных майстэрань, дрожджа-вінакурных і смалакурных заводаў, тры канатныя фабрыкі і г.д. Пачалі будавацца новыя прадпрыемствы – панчошна-трыкатажная фабрыка ў Віцебску, лесапільны завод у Гомелі і інш. Але гэта былі толькі першыя і пакуль невялікія дасягненні.

У цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка. Значна скараціліся зямельныя плошчы, пагалоўе жывёлы.

Найбольш перспектыўнай формай калектыўнага земляробства лічылася сельскагаспадарчая арцель. 19 мая 1919 г. Наркамзем РСФСР зацвердзіў “Прыкладны статут працоўнай земляробчай арцелі”, у якім вызначыў прынцыпы яе арганізацыі. Статут прадугледжваў абавязковую здачу зямлі ў агульнае карыстанне і разам з тым дапускаў вядзенне членамі арцелі сваёй індывідуальнай гаспадаркі. Меркавалася, што такое спалучэнне грамадскіх і асабістых інтарэсаў будзе з’яўляцца важнай умовай росту прадукцыйнасці працы і развіцця грамадскай гаспадаркі. Аднак першыя сельскагаспадарчыя арцелі, утвораныя на Беларусі, паказалі, што спалучыць асабістыя і грамадскія інтарэсы сялян у тых умовах было вельмі складана.

Вельмі цяжкім было матэрыяльнае становішча працоўных Беларусі. Ва ўмовах грамадзянскай вайны савецкім урадам былі праведзены тэрміновыя мерапрыемствы, каб выратаваць рабочых ад голаду. З мэтай павелічэння харчовых пайкаў рабочым і служачым з ліку мясцовых рэсурсаў ствараліся новыя і пашыраліся падсобныя гаспадаркі прадпрыемстваў. У гарадах і мястэчках былі адкрыты рабочыя сталовыя. Абеды выдаваліся бясплатна. Размеркаванне пайкоў, работу сталовых кантралявалі рабочыя камісіі. Толькі ў Мінску ў кастрычніку 1920 г. была адкрыта 21 такая сталовая на 6 тыс. абедаў, большую частку якіх атрымлівалі беспрацоўныя. Акрамя таго, працавалі 22 дзіцячыя і 18 школьных сталовых. У Гомельскай губерні грамадскім харчаваннем карысталася каля 100 тыс. чалавек, у тым ліку каля 30 тыс. дзяцей, у Віцебскай губерні – 93,3 тыс. чалавек. Такія сталовыя былі адкрыты таксама ў Магілёве, Барысаве, Оршы, Слуцку і іншых гарадах і мястэчках Беларусі.

Ва ўмовах іншаземнай інтэрвенцыі, гаспадарчай разрухі вельмі складанае становішча было ў галіне культуры, народнай адукацыі. На захопленай Польшчай тэрыторыі Беларусі праводзіўся курс на апалячванне беларускага народа. Акупацыйныя ўлады прымушалі насельніцтва размаўляць толькі на польскай мове. Ужыванне рускай і беларускай моў было забаронена. Рабочыя і служачыя, якія не валодалі польскай мовай, пазбаўляліся працы. Толькі ў Мінску з гэтай прычыны было звольнена 8 тыс. рабочых і служачых.

Большасць насельніцтва была непісьменнай. У пачатку 1919 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях быў праведзены перапіс дзяцей школьнага ўзросту, які паказаў, што многія дзеці, асабліва ў вёсцы, не наведвалі школы. У Віцебскай губерні, напрыклад, у ліпені 1919 г. было зарэгістравана 13 668 дзяцей 8–13 гадоў, наведвалі школу толькі 8423 вучні. У Клімавіцкім павеце Гомельскай губерні восенню 1919 г. змаглі пайсці ў школу толькі 20 505 з 42 000 узятых на ўлік дзяцей школьнага ўзросту.

У 1919–1920 гг. былі зроблены адпаведныя захады, каб палепшыць школьную справу.

Важнейшай справай культурнага будаўніцтва на Беларусі ў 1919–1920 гг. з’явілася стварэнне вышэйшай і сярэдняй спецыяльай школы. Першай вышэйшай навучальнай установай на Беларусі быў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, адноўлены 7 красавіка 1919 г. У жніўні 1920 г. Наркамасветы РСФСР прызнаў неабходным адкрыць на Беларусі універсітэт, і пачалася падрыхтоўка да яго ўтварэння. У снежні 1920 г. пачаў працаваць Беларускі дзяржаўны палітэхнікум.

Часткай культурнага будаўніцтва было мастацкае выхаванне працоўных. У 1919–1920 гг. у многіх гарадах, мястэчках, вёсках Беларусі былі адкрыты клубы, бібліятэкі, музеі, музычныя школы, мастацкія майстэрні.

Плённа працавалі ў гэты час такія таленавітыя дзеячы беларускай літаратуры, як Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны, М. Чарот, А. Гурло і інш.

У верасні 1920 г. у Мінску адкрыўся Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (БДТ), які адыграў вялікую ролю ў развіцці беларускага нацыянальнага тэатра. У яго склад уваходзіла значная частка артыстаў Першага Беларускага аб’яднання драмы і камедыі, якая была арганізавана яшчэ ў красавіку 1917 г. у Мінску, а таксама таленавітая моладзь з самадзейнасці і некаторыя артысты рускай сцэны.


РАЗДЗЕЛ VІ САВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ ВА ЎМОВАХ НОВАЙ ЭКАНАМІЧНАЙ ПАЛІТЫКІ І ПАБУДОВЫ САЦЫЯЛІЗМУ: САВЕЦКАЯ МАДЭЛЬ МАДЭРНІЗАЦЫІ.
ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ ПАД УЛАДАЙ ПОЛЬШЧЫ
(1921–1939 гг.)


ГЛАВА 1. АДНАЎЛЕННЕ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ.
ПРАВЯДЗЕННЕ ПАЛІТЫКІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ІНДУСТРЫЯЛІЗАЦЫІ. КАЛЕКТЫВІЗАЦЫЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ Ў БЕЛАРУСІ

§ 1. Пачатак мірнага будаўніцтва. Новая эканамічная палітыка, яе сутнасць і вынікі

Пераход ад вайны да мірнага будаўніцтва паставіў перад беларускім народам шмат цяжкіх і складаных для вырашэння задач. Небходна было як мага хутчэй аднавіць разбураную гаспадарку, вызначыць шляхі будаўніцтва сацыялістычнага грамадства. З’яўляючыся на працягу 7 гадоў арэнай ваенных дзейнняў, Беларусь панесла велізарныя страты. Больш за палову фабрык і заводаў былі знішчаны, колькасць рабочых зменшылася ўдвая. З 715 прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці ўсходніх раёнаў рэспублікі не працавала 480. Агульны аб’ём валавай вытворчасці усёй прамысловасці складаў каля 15–20 % ад узроўню 1913 г., а сельскай гаспадаркі менш палавіны даваеннай. Амаль поўнасцю быў разбураны транспарт, не хапала сыравінна-паліўных сродкаў, колькасць рабочых зменшылася ўдвая. Сістэма харчразвёрсткі не стымулявала развіцця сялянскай гаспадаркі. Сяляне мелі вялікую патрэбу ў прамысловых таварах і прыладах працы, а прамысловасць не магла задаволіць нават мінімальныя іх запатрабаванні. Тавараабмен паміж горадам і вёскай амаль спыніўся. З заканчэннем грамадзянскай вайны, аслабленнем міжнароднай напружанасці, знікненнем пагрозы “белай” рэстаўрацыі сяляне сталі патрабаваць права распараджацца зямлёй і атрыманай прадукцыяй, адмеы палітыкі “ваеннага камунізму”.

Катастрафічнае становішча было і ў сацыяльнай сферы. Адбыліся значныя змены ў складзе насельніцтва. У грамадзянскай вайне толькі Чырвоная Армія, па афіцыйных даных, згубіла каля 800 тыс. чалавек. Незлічоная колькасць людзей загінула ад голаду, хвароб і эпідэмій. Усяго страты насельніцтва Расіі, пачынаючы з 1914 г., набліжаліся, па ацэнках статыстыкаў, да 20 млн. чалавек.

“Дэкласаваліся” рабочы клас, іншыя групы і пласты насельніцтва. Колькасць “люмпенаў” расла вельмі хутка. Злачынныя групоўкі тэрарызавалі насельніцтва, нягледзячы на жорсткія меры з боку ЧК і міліцыі. Мараль у грамадстве зводзілася на нішто. Гібель бацькоў, распад сям’і і сваяцкіх сувязей былі прычынай шырокага распаўсюджання дзіцячай беспрытульнасці, што стала яшчэ адной крыніцай росту злачыннасці, беднасці і ў прамым сэнсе – адзічання і азвярэння людзей.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 448; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.041 сек.