Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Адназначныя і мнагазначныя словы




Лексіка беларускай мовы

 

1. Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Адназначныя і мнагазначныя словы

2. Амонімы, сінонімы, антонімы, паронімы ў лексічным складзе беларускай мовы

3. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

4. Актыўная і пасіўная лексіка

5. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага выкарыстання

 

 

Рэкамендаваная літаратура:

1. Баханькоў, А.Я. Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / А.Я. Баханькоў. – Мінск, 1994.

2. Лепешаў, І.Я. Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі / І.Я. Лепешаў, М.А. Якалцэвіч. – Гродна, 2001.

 

Усе словы беларускай мовы ўтвараюць яе лексічны склад – лексіку (ад грэч. lexis – слова). Тэрмінам «лексіка» называюць таксама сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў творчасці пісьменніка (лексіка Я. Коласа, У. Караткевіча і інш.), у пэўнай мясцовай гаворцы (дыялектная лексіка), у якой-небудзь сферы дзейнасці (прафесійная лекcіка) і г.д. Менавіта ў лексіцы адлюстраваны змены, якія адбываюцца ў палітычным і культурным жыцці грамадства, здабыткі ў галіне навукі, тэхнікі і вытворчасці. Вывучэнне лексікі роднай мовы ўзбагачае слоўнікавы запас чалавека, павышае культуру яго вуснай і пісьмовай мовы, пашырае веды пра навакольную рэчаіснасць.

Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца лексічны склад мовы, называецца лексікалогіяй (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова, слоўнікавы і logos – вучэнне, навука). У задачу лексікалогіі ўваходзіць таксама вывучэнне слова як асноўнай адзінкі мовы, высвятленне сувязі значэння слова з паняццем, выдзяленне розных тыпаў значэння слова. Лексікалогія даследуе шляхі развіцця і папаўнення слоўнікавага складу, вызначае сферы ўжывання слоў.

Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая асноўная адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і служыць сродкам моўных зносін. Слова мае шэраг асаблівасцей: аднаўляльнасць, устойлівасць, ізаляванасць. Ужываючы ў сваім маўленні словы, мы не ўтвараем іх кожны раз, а выкарыстоўваем як гатовыя, вядомыя нам адзінкі мовы, г.зн. аднаўляем. Устойлівасць слова выражаецца ўстойлівасцю яго гукавога складу, марфемнай будовы і значэння. Паколькі слова з’яўляецца назвай пэўнага аб’екта рэчаіснасці і носьбітам цэласнага значэння, яно можа быць вычленена з кантэксту. У гэтым праяўляецца яго ізаляванасць [1].

Слова ўяўляе сабой адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў. Граматычнае значэнне ўласціва цэламу класу слоў. Яно выражаецца канчаткам або канчаткам і прыназоўнікам адначасова, націскам, праяўляецца ў граматычных катэгорыях роду, ліку, склону, трывання, часу, ладу і інш. Лексічнае значэнне – гэта ўнутраны, рэальны змест слова. Большую частку лексікі беларускай мовы складаюць паўназначныя словы (самастойныя часціны мовы), якія выконваюць намінатыўную функцыю, г.зн. называюць пэўныя з’явы аб’ектыўнай рэчаіснасці: прадметы, дзеянні, прыметы. Службовыя словы і выклічнікі не выконваюць намінатыўнай функцыі і маюць толькі граматычнае значэнне.

У залежнасці ад таго, можна ці не вызначыць характэрную рысу, спецыфічную прымету, якая была пакладзена ў аснову назвы, выдзяляюць матываваныя і нематываваныя назвы. Для нематываваных назваў нельга вызначыць, на аснове якіх рыс, прымет яны ўзніклі, нельга растлумачыць іх з дапамогай іншых слоў. Нематываванымі звычайна бываюць словы з невытворнай асновай: стэп, луг, нос, год і пад. Аднак трэба памятаць, што калі перад вамі слова мнагазначнае, то ў ім матывацыя мае зусім іншы характар і не залежыць ад марфемнага складу слова. Так, у слове ‘дуб’ першае значэнне (‘буйное лісцевае дрэва з моцнай драўнінай’) нематываванае, а іншыя значэнні (‘драўніна гэтага дрэва’, ‘высокі моцны чалавек’) павінны кваліфікавацца як матываваныя (матывуюцца першым, зыходным значэннем). Словы з вытворнай асновай – матываваныя. Можна лёгка вызначыць, на аснове якой прыметы яны ўзніклі, і матывуюцца, тлумачацца яны з дапамогай іншых слоў: буслянка – ад слова бусел, падбярозавік – ад бяроза, дзялянка – ад дзяліць і інш.

Выкарыстанне назвы з тым значэннем, якое за ёю замацавалася ў працэсе развіцця мовы, – галоўнае правіла словаўжывання. Ніколі нельга карыстацца словам, калі сэнс яго дакладна невядомы. Трэба высветліць значэнне слова ў тлумачальным слоўніку і толькі тады ўжываць яго вусна або на пісьме.

Адрозніваюць два асноўныя тыпы лексічных значэнняў слова: прамое і пераноснае. Прамое значэнне – гэта першаснае, зыходнае значэнне слова, якое непасрэдна паказвае на прадмет, дзеянне, якасць і замацавалася за ім як асноўнае. Так, у сказе На гэтых прасторах рос густы і незвычайна высокі чарот (Колас) усе словы ўжываюцца ў прамым значэнні. Пераносным называецца такое значэнне, якое развіваецца ў выніку пераносу назвы з аднаго прадмета, дзеяння, з’явы, працэсу на іншыя, чым-небудзь падобныя. Такое значэнне слова набывае пры свядомым вобразным яго ўжыванні, напрыклад: усміхацца – 1) выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь паспявае адказваць (Васілевіч); 2) перан. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак... (Панчнка). У мове твораў мастацкай літаратуры ўжыванне слоў з пераносным значэннем – яркі сродак стварэння вобразнасці і маляўнічасці апавядання [1].

Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначнымі, ці монасемантычнымі (ад грэч. monos – адзін і semantikos – той, што абазначае), напрыклад: івалга, дудар, грубка, гуслі, учора і інш. Адназначныя словы заўсёды маюць толькі прамыя значэнні. Здольнасць слова ўжывацца з некалькімі значэннямі называецца мнагазначнасцю, або полісеміяй (ад грэч. рolysemos – мнагазначны). Першапачаткова ўсе словы ўжываюцца як адназначныя. Мнагазначнасць развіваецца пазней, паколькі моўных сродкаў недастаткова для таго, каб кожная з’ява рэчаіснасці атрымала асобнае слова-назву (у мове дзейнічае закон эканоміі). І тады па аналогіі, асацыяцыі, падабенству адбываецца перанос назвы аднаго прадмета, з’явы, прыкметы і г.д. на другі. Некаторыя даўнія па часе ўзнікнення словы маюць вельмі многа значэнняў (напр., слова ‘біць’ – 18 значэнняў, слова ‘ісці’ – 28 і інш.).

Аднак не варта думаць, што мнагазначных слоў больш, чым адназначных. Як слушна заўважае прафесар І.Я. Лепешаў, «у любой мове мнагазначных слоў не больш, а куды менш, чым адназначных. Так, у 1-м томе «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» з 16 354 слоў на долю мнагазначных прыпадае толькі 3908 слоў, у 2-м томе з 19 269 слоў толькі 4222 мнагазначныя словы. Прыкладна такія колькасныя паказчыкі мнагазначнасці і адназначнасці выяўляюцца і ў іншых мовах (напрыклад, рускай і французскай): толькі чацвёртая частка слоў – мнагазначныя» [2].

Вылучаюцца наступныя спосабы пераносу значэнняў: на аснове метафары, метаніміі і сінекдахі.

Метафарычныя (ад грэч. metaphora – перанясенне) значэнні ўзнікаюць у слове ў выніку пераносу назвы аднаго прадмета ці з’явы на другі прадмет ці з’яву на аснове падабенства формы (напр., слова конь: ‘жывёла’; ‘шахматная фігура’; ‘гімнастычны снарад’), колеру (белыя палотны і белыя ночы), функцыі (слова дворнік: 1) ‘работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома’ і 2) ‘прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу’). Часам слова набывае мнагазначнасць паводле дзвюх якіх-небудзь прымет. Так, слова крыло: ‘крыло птушкі і крыло самалёта (падабенства і па форме, і па функцыі); слова іголка: 1) ‘прыстасаванне для шыцця’, 2) ‘тонкі металічны стрыжань, звычайна з завостраным канцом, рознага прызначэння (патэфонная іголка, іголка ў медыцынскім шпрыцы для ін’екцый, іголка насоса і інш.)’, 3) ‘ліст хвойных дрэў і кустоў’, 4) ‘тонкі востры крышталь чаго-небудзь (іголкі інею)’, 5) ‘тонкая калючка на целе некаторых жывёл’ (падобныя па форме і сваёй уласцівасцю калоцца) і г.д. Усе прыведзеныя вышэй прыклады – прыклады агульнамоўных метафар. Існуюць і т.зв. сцёртыя (або мёртвыя, акамянелыя) метафары са страчанай вобразнасцю: ідзе дождж, сонца садзіцца, прыйшла вясна, корань слова і мн. інш. Пры частым ужыванні пераноснае значэнне становіцца прывычным, семантычная двухпланавасць яго сціскаецца. Самымі ж вобразнымі сярод метафар з’яўляюцца паэтычныя (параўн.: гарыць вогнішча і гараць гронкі рабіны і інш.). Як бачым, метафара – гэта словазлучэнне, якое мае семантыку прыхаванага параўнання.

Метанімічныя (ад грэч. metonymia – перайменаванне) значэнні ўзнікаюць у словах на аснове пераносу назваў адных прадметаў ці з’яў на другія, калі асацыяцыі, аналогіі ўзнікаюць па сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці. Сумежнасць можа быць такой:

1) матэрыял і вырабы з яго (ваза са шкла – шкло зараз не ў модзе); 2) ёмістасць і рэчыва, якое ўтрымліваецца ў гэтай ёмістасці (купіць міску – з’есці міску баршчу, тут ‘пасудзіна’ і ‘колькасць стравы’); 3) працэс і вынік гэтага працэсу (праводзіць дыктант – раздаць дыктанты); 4) памяшканне, установа, прадпрыемства і людзі, якія ў ім знаходзяцца, працуюць (напр., светлая аўдыторыя – аўдыторыя слухала ўважліва, новы завод – заводы бастуюць); 5) выкарыстанне прозвішчаў пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў і г.д. для абазначэння іх твораў (творы Багдановіча – перачытваю Багдановіча); 6) прадмет, уласцівасць і той, хто валодае гэтай уласцівасцю (ён меў прыгожы тэнар – выступае тэнар). Звычайна метанімія менш заўважаецца, чым метафара, бо такія вытворныя значэнні перайшлі ў сталыя назвы прадметаў.

Сінекдаха (ад грэч. synecdoche – суаднесенасць) – замена назвы цэлага назвай асобнай яго часткі або наадварот. Нярэдка сінекдаха разглядаецца як від метаніміі. Выдзяляюцца дзве разнавіднасці сінекдахі: 1) называнне замест цэлага часткі, якая ў пэўнай сітуацыі мае сэнс цэлага: У сям’і з’явіўся лішні рот; Ён у іх за галаву; 2) ужыванне аднаго ліку замест другога: У маі 1945 года немец быў канчаткова разгромлены; Ем вішню і пад.

У выяўленні і канкрэтызацыі значэнняў мнагазначнага слова галоўную ролю адыгрывае кантэкст. Звычайна пад кантэкстам падразумяваецца славеснае, моўнае акружэнне. Разам з тым у паняцце «кантэкст» уключаюцца і пазамоўныя фактары, у прыватнасці, сітуацыя, у якой адбываецца маўленне [1].

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-07-02; Просмотров: 3264; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.016 сек.