КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Культурнае і духоўнае жыццё БССР у другой палове 40-х – 80-я гг
Адраджэнне культурнага жыцця адбывалася ў надзвычай складаных умовах. За гады вайны амаль поўнасцю была знішчана матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі, адукацыі і культуры, многія навукоўцы загінулі, не хапала выкладчыкаў. У 1944–1945 гг. вяртаюцца з эвакуацыі вышэйшыя навучальныя ўстановы: у жніўні 1944 г. – Белдзяржуніверсітэт, восенню 1944 г. – Мінскі, Віцебскі, Магілёўскі і Гродзенскі педагагічныя інстытуты, пачаўся навучальны год у Белдзяржкансерваторыі. Ужо ў 1947 г. многія навучальныя ўстановы перавысілі даваенны ўзровень па колькасці студэнтаў. Хутка была адноўлена матэрыяльна-тэхнічная база акадэмічнай навукі, перавышаны даваенны выпуск газет, часопісаў і інш. Ужо ў 1946 г. у рэспубліцы дзейнічала 12 тэатраў. Адзначаючы несумненныя дасягненні народнай асветы, нельга не адзначыць, што менавіта ў гэтыя гады адукацыя стала на шлях дэнацыяналізацыі, з мэтай дасягнення памылковай, зусім не абгрунтаванай задачы КПСС аб зліцці культур і моваў у час пабудовы камуністычнага грамадства. Гэта садзейнічала фарміраванню пакалення людзей, цалкам ці ў значнай ступені адарваных ад нацыянальна-культурнай глебы, гістарычных каранёў. Ва ўмовах існавання таталітарнага палітычнага рэжыму існавала сістэма кантролю ідэйнай накіраванасці, якая забяспечвала прынцып партыйнасці, г.з. строгае выкананне партыйных прадвызначэнняў у галіне адукацыі і навукі, літаратуры і мастацтва. Адбыліся новыя арышты сярод інтэлігенцыі па палітычных матывах, ахвярамі якіх сталі паэты і празаікі У. Дубоўка, С. Грахоўскі, А. Звонак, П. Пруднікаў, вучоны-біёлаг А. Жэбрак і інш. Спроба дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця была абумоўлена прыходам да кіраўніцтва М.С. Хрушчова ў сакавіку 1953 г. і прыняццем курса на дэсталінізацыю грамадства. Асаблівую ролю ў гэтым адыграў ХХ з’езд КПСС, які адбыўся ў 1956 г. Ён закрануў усе сферы жыцця і вызначыў палітыку “адлігі” (1954–1964 гг.), якая абумовіла працэс духоўнага разняволення і крытыку культу асобы Сталіна. Важнасць для грамадства набылі дыскусіі аб ролі і месцы інтэлігенцыі, удасканаленні палітычнай сістэмы ў межах лібералізацыі. Былі спынены масавыя рэпрэсіі і пачалася рэабілітацыя ахвяр. У 1956–1961 гг. Вярхоўны суд БССР разгледзеў звыш 30 тыс. спраў у адносінах больш як 50 тыс. чалавек і рэабілітаваў каля 40 тыс. жыхароў рэспублікі. У іх ліку вядомыя палітычныя, культурныя і навуковыя дзеячы М.М. Галадзед, А.Р. Чарвякоў, Зм. Ф. Жылуновіч, С.П. Шушкевіч, С.І. Грахоўскі. Пачатая дэмакратызацыя востра паставіла задачу выпрацоўкі стратэгічнага курсу. Ім стала праграма КПСС, прынятая на ХХІІ з’ездзе партыі (1961 г.) і накіраваная на будаўніцтва камунізму ў СССР. Яна пазней атрымала назву “палітычны валюнтарызм”, таму што праводзілася без уліку аб’ектыўных законаў развіцця грамадства. Праграмная заява КПСС аб пабудове камунізму ў краіне на працягу жыцця аднаго пакалення не дапускала магчымасці існавання рэлігійных вераванняў, што абумовіла ўзмацненне прапаганды атэізма і палітыкі канфрантацыі дзяржавы да канфесійнага жыцця ў рэспубліцы. Праводзілася кампанія па масаваму закрыццю храмаў усіх канфесій. Ваяўнічыя атэісты станавіліся нават на шлях вандалізму, у выніку якога знішчаліся архітэктурныя помнікі. На змену лібералізацыі палітычнага курсу прыйшла эпоха “застою”, звязаная са зменай у кіраўніцтве дзяржавай. Палітыка, якую праводзіў Л.І. Брэжнеў у 1964–1982 гг., была звернута на кансервацыю сфарміраваных за дзесяцігоддзі формаў эканамічнай і грамадска-палітычнай дзейнасці. Гэты паварот быў падмацаваны вывадамі аб павышэнні вядучай ролі партыі ў жыцці грамадства, узмацненнем яго сацыяльнай аднароднасці і пашырэннем калектывізму. Вялікі размах набылі шматлікія ідэалагічныя кампаніі, якія праходзілі пры абмерка-ванні і прыняцці Канстытуцыі СССР 1977 г. і Канстытуцыі БССР 1978 г. Іх вартасцю была арыентаванасць на абарону сацыяльных правоў людзей. Але пры адсутнасці дэмакратычных свабод і узмацненні бюракратызму, усё гэта выклікала ў народа апатыю і пессімізм. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1964–1982 гг. абумовіла ўзмацненне кіраўніцтва культурай з боку КПБ. Пачаліся абвінавачванні інтэлігенцыі ў размыванні каштоўнасцей сацыялізму, парушэнні прынцыпу партыйнасці, узмацнілася ідэалагізацыя культурнага жыцця, якая павінна была забяспечыць выхаванне новага чалавека з камуністычным светапоглядам. У 1971 г. быў абвешчаны лозунг аб тым, што ў СССР узнікла новая гістарычная супольнасць – савецкі народ. Ва ўмовах разгортвання навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў свеце, навука стала важным паказчыкам агульнага стану краіны. Дзякуючы навуковым распрацоўкам у галіне матэматыкі, хіміі, у біялагічнай навуцы, інтэгральнай мікраэлектронікі і вылічальнай тэхніцы імёны беларускіх вучоных У. Платонава, М. Ельяшэвіча атрымалі прызнанне ў свеце. Характэрная рыса навукі гэтага часу – развіццё фундаментальных даследаванняў. У беларускай літаратуры галоўнай заставалася ваенная тэма. Большасць пісьменнікаў з’яўляліся ўдзельнікамі вайны, таму іх творы даносілі да сучаснікаў праўдзівае адлюстраванне Вялікай Айчыннай вайны. З’явіўся першы партызанскі раман – “Глыбокая плынь” І. Шамякіна. Атрымалі прызнанне раманы “Мінскі напрамак” І. Мележа і “Векапомныя дні” М. Лынькова. Шырокую вядомасць сваімі аповесцямі “Жураўліны крык”, “Альпійская балада”, “Трэцяя ракета” набыў В. Быкаў. Уклад пісьменніка ў беларускую літаратуру быў адзначаны Зоркай Героя Сацыялістычнай працы і званнем народнага пісьменніка Беларусі. З сярэдзіны 60-х гг. атрымлівае асвятленне гістарычная тэматыка і мастацкая гісторыя беларускага народа. Найлепшымі творамі сталі “Хатынская аповесць” А. Адамовіча, “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” У. Караткевіча і трылогія “Палеская хроніка” І. Мележа, удастоеная Ленінскай прэміі. Сярод твораў драматургіі вядомасць атрымалі сатырычныя п’есы “Таблетку пад язык”, “Святая прастата” А. Макаёнка, “Брама неўміручасці” К. Крапівы. Паводле твораў пісьменнікаў на кінастудыі “Беларусьфільм” былі зняты мастацкія стужкі, якія данеслі да сусветнай грамадскасці найбольш адметныя з’явы з гісторыі і культуры Беларусі: “Палеская легенда”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Несцерка”, “Чырвонае лісце”, “Масква-Генуя” і інш. Дзейнасць кінарэжысёраў В. Рубінчыка і В. Турава стала вядомай за межамі рэспублікі. У беларускім выяўленчым мастацтве значнае месца займаюць творы М. Савіцкага, Г. Вашчанкі, Л. Шчамялёва, У. Стэльмашонка, звязаныя з адлюстраваннем гістарычных падзей, асоб, архітэктурных помнікаў. Арыгінальнасць і талент мастакоў А. Ісачова і М. Шагала атрымалі шырокае прызнанне ў свеце, але не на сваёй радзіме. Сярод помнікаў манументальнага мастацтва асабліва вылуча-юцца мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць – герой” (скульптары А. Глебаў, С. Селіханаў), помнікі Я. Купалу (А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі), Я. Коласу (З. Азгур), помнік маці-патрыётцы Н. Купрыянавай (А. Заспіцкі). Такім чынам, нягледзячы на партыйнае ўздзеянне на творчы працэс, культура ў гэты перыяд увасабляла ў сабе грамадскі талент і светаадчуванне лепшых дзеячоў беларускай зямлі. Увогуле, грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі ў 70 – першай палове 80-х гг. – з’ява неадназначная, складаная і супярэчлівая. Асноўныя тэрміны і паняцці Таталітарны рэжым – форма дзяржаўнай улады, пры якой ажыццяўляецца поўны (татальны) кантроль над усімі сферамі жыцця грамадства, забаронены дэмакратычныя арганізацыі і ліквідаваны канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян. Культ асобы – узвялічванне ролі аднаго чалавека, прыпісванне яму вызначальнага ўплыву на ход гістарычных падзей. Ідэалогія – сістэма прававых, палітычных, маральных, філасофскіх, рэлігійных, мастацкіх поглядаў і ідэй, якія належаць групе людзей ці палітычнай партыі. Лібералізацыя – палітычны курс, працэс, які абумоўлівае дапушчэнне некаторых дэмакратычных свабод, рух за ўмераныя крокі ўперад у развіцці грамадства. Сацыялістычны рэалізм – мастацкі метад, які патрабаваў адлюстравання ў літаратуры і мастацтве савецкага сацыялістычнага ладу рэальнасцей жыцця, якія вызначаліся ў партыйных дакументах. Храналогія падзей 1 верасня 1945 г. – пачалі дзейнічаць 22 вышэйшыя навучальныя ўстановы, у якіх вучылася 5 тыс. студэнтаў. 14–25 лютага 1956 г. – ХХ з’езд КПСС, які паклаў пачатак крытыкі культу асобы І.В. Сталіна. Красавік 1964 г. – заснаванне беларускага таварыства па культурных сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма”. Май 1967 г. – святкаванне 900-годдзя г. Мінска. Ліпень 1969 г. – адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. 25 верасня 1971 г. – адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць – герой”. Красавік 1978 г. – прыняцце Канстытуцыі БССР. Студзень 1979 г. – усесаюзны перапіс насельніцтва: у БССР налічвалася 9560 тыс. чалавек. Пытанні для самаправеркі 1. Што, на вашу думку, з’явілася асноўнай прычынай кансервацыі старой палітычнай сістэмы і ўзмацнення таталітарызму ў першыя пасляваенныя гады? 2. Пакажыце месца Камуністычнай партыі ў стварэнні і функцыяніраванні строга цэнтралізаванай таталітарнай сістэмы кіравання дзяржавай і грамадствам. 3. Вызначце адрозненне перыяду 1945–1955 гг. ад перыяду другой паловы 50-х – пачатку 80-х гг. як двух этапаў развіцця беларускай культуры.
Дата добавления: 2014-01-03; Просмотров: 1220; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |