Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Старажытная беларуская мова XIV – XVI стст




Асновы старажытнай беларускай мовы

 

Мова беларускай народнасці XIV – XVIII ст. называецца старабеларускай. Яе развіццю спрыяла тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Шырокай сферай выкарыстання беларускай мовы была канцылярска-юрыдычная дакументацыя – акты, граматы, дагаворы і статуты. У першай палове XV ст. з лацінскага арыгінала на беларускую мову перакладзены Вісліцкі Статут 1347 г. У XV ст. выдадзены Судзебнік 1468 г. Казіміра IV Ягайлавіча – заканадаўчыя акты і кодэксы, якія пазней аформлены ў выглядзе статутаў (Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг.). Буйным помнікам канцылярска-юрыдычнай пісьменнасці з'яўляецца Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны XVII ст. афармляліся ў асноўным на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў магістратах, земскіх і замкавых судах, пры правядзенні вопісаў войск, інвентарызацый і рэвізій маёнткаў і іншых уладанняў. Да сярэдзіны XVII ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэрыторыі этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ.

На працягу XIV – XVI ст. ў беларускай мове развіліся такія фанетычныя асаблівасці, як цвёрдае Р (крывда, писар, тры), дзеканне і цеканне (дзеци, дзень, маци) і інш. Агульнымі для беларускай мовы і рускай (у адрозненне ад украінскай) было распаўсюджанне акання (вада, малако), гук Е ў становішчы пад націскам пасля мяккіх зычных перад цвёрдымі перайшоў у О-Е (авёс, лён), гук h супаў з Е (вера, лес), звонкія зычныя ў канцы слоў сталі вымаўляцца глуха (год – гот, дуб – дуп), ацвярдзеў гук Ц (заяц, канец). 3 украінскай беларускую мову аб'ядноўвала захаванне некаторых старажытных рыс: старыя клічныя формы назоўнікаў (браце, сынку), свісцячыя зычныя ў назоўнікаў на Г, К, Х у некаторых склонавых формах (назе, руцэ). Развіліся і новыя рысы, агульныя для беларускай і ўкраінскай моў: фрыкатыўны гук Г (галава, дуга), спалучэнні ЫЙ, ИЙ на месцы старых напружаных рэдукаваных (крый, мый), спалучэнні РЫ, ЛЫ на месцы ранейшых спалучэнняў плаўных Р, Л з рэдукаванымі Ъ, Ь (брыво, крышыць), пераход В у Ў (лаўка, унук), змяненне Л на Ў у пэўных становішчах у слове (быў, воўк), падваенне зычных у інтэрвакальным становішчы (вяселле, збожжа), пачатковы прыстаўны гук В (вуха, вуліца), афрыката ДЖ у дзеяслоўных формах (буджу, сяджу), дзеепрыслоўі на -УЧЫ, -АЧЫ (беручы, ідучы) і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рыс беларускай мовы ў галіне слоўнікавага складу. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці, яны лічыліся дыялектызмамі (назоўнікі багна, вавёрка, воўна, вырай, гай, грэбля, жыта, збожжа, крыніца, ралля, смага; дзеясловы брахаць, жадаць, лагодзіць, лаяць). Многія агульнаславянскія і агульна-ўсходнеславянскія словы на беларускай глебе змянілі сваё аблічча ў выніку прыстасавання да беларускай фанетычнай сістэмы (аржаны, іржа, возера, вока, дрыжаць, крывавы). Асноўная ж колькасць новых слоў узнікала афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове словаўтваральных сродкаў – суфіксаў і прыставак (авечка, сцежка, частка, выбавіць, выбраць). У папаўненні слоўніка беларускай мовы, значную ролю адыгралі запазычанні з іншых моў – паланізмы, лацінізмы, германізмы, царкоўнаславянізмы, літуанізмы, цюркізмы. Беларускія пісьмовыя помнікі XVI ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер. Далейшае развіццё яе граматыкі і фанетыкі зводзілася да тэрытарыяльнага пераразмеркавання фанетычных і граматычных рыс у дыялектнай народна-гутарковай мове. Вялікія змены адбываліся ў слоўнікавым складзе, што было абумоўлена фактарамі знешняй гісторыі беларускай мовы і яскрава адлюстроўвалася ў функцыянальных стылях беларускай літаратурна-пісьмовай мовы адпаведных перыядаў.

Старажытная беларуская пісьменнасць на народнай аснове прадстаўлена галоўным чынам мясцовымі летапісамі, граматамі і дагаворамі XIII – XIV стст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска. Раннія беларускія летапісы XII – XIII стст. не захаваліся, але пра іх існаванне сведчаць устаўкі ў больш познія летапісныя зводы. 3 грамат, што дайшлі да нашага часу, асаблівую цікавасць уяўляе дагавор смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгаю і Гоцкім берагам 1229 г. (6 спісаў), у якім адлюстраваны паасобныя фанетычныя рысы беларускай мовы. Пра пашырэнне на Беларусі бытавой пісьменнасці сведчаць надпісы на старажытных пячатках, пасудзінах, прасліцах, надпісы на крыжы Ефрасінні Полацкай, Барысавых камянях і Рагвалодавым камені, берасцяныя граматы XIII – XIV стст. з Віцебска і Мсціслава. Дзелавая пісьменнасць Беларусі ўзбагацілася новымі жанрамі. 3 сярэдзіны XV ст. пісьменнасць на Беларусі насычаецца спецыфічна беларускімі рысамі, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную беларускую літаратурную мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі.

Сярод асноўных жанравастылявых разнавіднасцей старабеларускай пісьменнасці адно з вядучых месцаў па колькасці вядомых помнікаў належыць свецкай мастацкай літаратуры. Найбольш старажытны і пашыраны жанр – летапісы. На Беларусі перапісваліся старажытнарускія летапісныя зводы (Радяівілаўскі летапіс, летапіс Аўрамкі). Адносна рана ўзнікла і арыгінальнае летапісанне. У канцы XIV – пачатку XV ст. яно складала найважнейшую частку літаратурнага працэсу. Аднак раннія беларускія летапісы дайшлі толькі ў пазнейшых спісах, з якіх Нікіфараўскі, Слуцкі і Віленскі летапісы адносяцца да канца XV – пачатку XVI ст., астатнія (больш за 10) да XVI – XVII стст. У параўнанні з канцылярска-юрыдычнай пісьменнасцю раннія летапісы ў большай меры захоўваюць архаічныя моўныя рысы, у пазнейшых пануючай выступае жывая народная стыхія. Жывой народнай мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы (“Дзённік” Фёдара Еўлашоўскага, “Дыярыуш” Афанасія Філіповіча), перакладныя аповесці (“Александрыя”, “Троя”, “Аповесць пра Трышчана”, “Аповесць пра Баву” і інш.) і інш.

Паступовае збліжэнне з Польшчай у палітычных і культурных адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму пацясняла праваслаўе і царкоўнаславянскую мову. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся весці набажэнства на народных мовах. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную літаратуруру, тыповым узорам якой з'яўляецца збор жыцій “Мінеі-Чэцці” (1489). Перапісчык яго, паводле вызначэння А. І. Сабалеўскага, прыклаў усе намаганні, каб наблізіць мову царкоўнаславянскага тэксту да беларускай народнай мовы. У канцы XV ст. пачалі з'яўляцца пераклады з польскай мовы апакрыфічных і агіяграфічных твораў (“Страсці Хрыстовы”, “Аповесць пра трох каралёў”, “Жыціе Аляксея, чалавека божага”). У іх мове амаль няма царкоўнаславянізмаў, аднак ёсць паланізмы.

3 пачатку XVI ст. беларуская мова пранікае ў кананічныя рзлігійныя тэксты. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Францішак Скарына, які ў 1517-19 гг. выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Каля сярэдзіны XVI ст. з'явіўся пераклад Псалтыра – самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысціянскага веравызнання. У лексіцы і граматыцы гэтых перакладаў яшчэ адчувальны царкоўнаславянскі элемент. Значна далей за сваіх папярэднікаў пайшоў Сымон Будны, які пачаў ствараць рэлігійныя творы на беларускай мове. Выдадзеныя ім у 1562 г. у Нясвіжскай друкарні “Катэхізіс” і “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам” (не захавалася) былі першымі на Беларусі друкаванымі кнігамі на беларускай мове. Важнае значэнне мелі зроблены Васілём Цяпінскім беларускі пераклад Евангелля і выданне яго (каля 1580 г.) друкарскім спосабам.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-03; Просмотров: 1239; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.012 сек.