Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Характарыстыка публіцыстычных задач, сродкаў, мэтаў

Святочны рэпартаж. З гісторыі жанру.

 

Цікавую гісторыю мае асобы жанр публіцыстыкі – святочны рэпартаж. Яго асноўныя якасці, свойствы і функцыі былі закладзены ў ранні (у савецкі) перыяд развіцця спачатку радыёвяшчання і радыёжурналістыкі, затым тэлебачання і тэлежурналістыкі. Як толькі з’явілася тэхнічная магчымасць выйсці за межы студыі, як толькі стала магчымым устанаўліваць мікрафон у канцэртнай або тэатральнай залах, на вуліцы, у цэху і перадаваць сігнал на перадавальную вежу, а адтуль – на ўсю рэспубліку, радыёжурналісты, у прыватнасці, за імі тэле- і вэбжурналісты ў той жа час скарысталіся гэтай, на пачатку, унікальнай магчымасцю – зрабіць свята набыткам не толькі сталіцы, але і ўсёй краіны – СССР і, зразумела, БССР. І хаця ў той краіне меркавалася, што на першамайскую або кастрычнінскую (свята Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года) дэманстрацыі павінны былі выходзіць ці не ўсе, хто толькі можа хадзіць, тым не менш, у кватэрах, а тым больш у вясковых хатах заставалася большая частка насельніцтва. Значыць, і яго трэба было “ахапіць” дэманстрацыяй “усеагульнай радасці” і “усеагульнай адданасці партыі і народу”, данесці ўсім “свята дадому”.

Першыя радыётрансляцыі святаў-дэманстрацый былі “простымі”, г. зн. менавіта трансляцыямі падзей, у межах чутнасці якіх устанаўліваўся спачатку адзін, а потым і некалькі мікрафонаў. Аднак радыёслухачам трэба было тлумачыць, што, дзе, і удзелам каго адбываецца на свяце. Словам, трэба было тлумачыць і “апісваць” падзею. Адразу стала зразумела, што “простай” канстатацыі ў эфіры святочнай падзеі мала. Трэба было перадаваць і настрой, што значыць – адказаць на натуральнае пытанне “як?” гэта свята праходзіць, з якім настроем тоўпіцца народ, праходзіць дэманстрацыя. І ўжо з першых такіх рэпартажаў напрыканцы 20-х – у 30-я гады журналіст міжволі настройваўся на свята, а гэта непазбежна ўздзейнічала на яго інтанацыю, маўленчую ўсхваляванасць, спараджала выкарыстанне асаблівай, усхваляванай лексікі, у мелодыцы мовы ўсё часцей гучала святочная патэтыка і да т.п. да таго ж перад журналістам стаяла і ідэалагічная задача – “заразіць” аўдыторыю масавай савецкай лаяльнасцю, савецкім патрыятызмам, стварыць вобраз “кіруючай і накіроўваючай партыі і ўрада” як “бацькоў савецкай нацыі” і т. д. і да т.п.

Так нарадзіўся гэты тып публіцыстычнага адлюстравання і гукавага ўвасаблення масавага святочнага мерапрыемства. Гэты алгарытм быў пераўтвораны на тэлебачанні ў адмысловы савецкі стыль наўпростага рэпартажу як масавага радыётэлевізійнага свята. Дарэчы, партыйнымі органамі былі усталяваны пэўныя квоты ўдзелу ў дэманстрацыях рабочых і супрацоўнікаў. У прынцыпе, у шэсці павінны былі ўдзельнічаць усе, або “не менш” устаноўленай колькасці ад прадпрыемства. Журналісты радыё і тэлебачання ад гэтай “павіннасці” былі пазбаўлены, бо самі ўдзельнічалі ў арганізацыі эфірнай трансляцыі святочнай дзеі. А ў тэлеаўдыторыі ды й у насельніцтва ўсяго СССР таксама ўсталявалася святочная традыцыя: раніцай “прадэманстраваць” з транспарантам у руках, затым сесьці за святочны стол. А для тых, хто не “дэманстраваў”, функцыю “удзелу” у дэманстрацыі выконваў святочны тэлерэпартаж.

У апошнія гады існавання СССР жанр святочнага публіцыстычнага рэпартажу меў статус аднаго з галоўных інструментаў ідэалагічнага ўздзеяння, што было вельмі дакладна разлічаным псіхалагічным сродкам: мажор традыцыйнага свята як загадзя, апрыёры, калектыўна “законная” радасць “не працаваць”, “славіць” – святкаваць натуральна напластоўваўся на “пачуццё чалавечай удзячнасці” да “партыі і ўрада”, якія гэта свята спарадзілі і да т.п. Лічылася, што менавіта ў святы радыё і тэлебачанне і радыё- і тэлежурналісты павінны ўмацоўваць на фоне агульнага святочнага ўздыму галоўныя ідэалагічныя стрыжані ўнутранай палітыкі – партыйна-савецкую лаяльнасць, пажадана масавую народную адданасць партыі і ўраду.

У гады т. зв. “перестройки” у другой палове 80-х гадоў у жанр святочнага рэпартажу ўвайшлі “агульначалавечыя” сацыяльна-псіхалагічныя настроі, каштоўнасці і чаканні, якія сфарміраваліся на працягу ўсёй гісторыі грамадскіх адносін, масавых калектыўных зносін на вясковых і гарадскіх плошчах, на вуліцах у моманты асобага грамадскага стану – у святы. Г. зн. у моманты калектыўных рытуальных актаў і паводзін, якія патрабавалі асаблівай якасці псіхічнай і эмацыянальнай мабілізацыі, паступова ўвайшлі алгарытмы і схемы масавых мастацкіх паводзін, што часам нагадвала традыцыйныя “святы гандлю” – кірмашы з іх рэкламнай клаўнадай, вулічнымі спектаклямі, танцамі, песнямі, агульным настроем “народнага разняволення”. Менавіта такімі па настроі, па моцы і канцэнтрацыі станоўчай калектыўнай псіхалагічнай энергетыкі і павінны былі быць ды й былі эфірныя “сколкі” – святочныя рэпартажы.

Як правіла, гэта быў калейдаскоп сяточна настроеных “галасоў” (на радыё), стракатая панарама відэакадраў “шчаслівых людзей” (на тэлебачанні), здравіцы праз гучнагаварыльнікі, падрыхтаваныя інтэрв’ю, прычым, з абавязковымі прапорцыямі мужчын, жанчын, “героеў”, “простых” працаўнікоў, піянераў і камсамольцаў.

Падрыхтоўка святочнага рэпартажу пачыналася за месяц-два загадзя ў рэдакцыях інфармацыйнага вяшчання і музычных на радыё і на тэлебачанні. Змест і план святочнага рэпартажу курыраваліся непасрэдна аддзелам прапаганды ЦК КПБ. Вітаўся святочна-узвышаны пафас, мікрафоны і тэлекамеры ўстанаўліваліся так, каб выразна была чутна і бачна вясёла-“эпатажная” дэманстрацыя “ўсенароднай салідарнасці” на фоне вулічных аркестраў, гулу святочнага натоўпу, “гармоніі” ансамбляў і спантанных хароў, маршаў, лозунгаў, віруноў, руху і да т.п. ілюстрацыі свята. У той час святочныя рэпартажы выкарыстоўваліся для таго, каб даць магчымасць кіраўніцтву краіны і мясцовай уладзе прадэманстраваць менавіта “сяточна” свае арганізацыйныя поспехі, але, галоўнае, што заўсёды падкрэлівалася ў радыё- і тэлерэпартажах з падачы партыйнага кіраўніцтва “дэ факта”, эфір даваўся лепшым, самым руплівым і самаадданым працаўнікам прамысловасці і сельскай гаспадаркі – галоўным дзеючым асобам савецкай дзяржавы “дэ юрэ”. У святочных рэпартажах простая даярка, якая надаіла больш за іншых малака, або рабочы, які ўмудрыўся на адным станку вытачыць столькі дэталяў, колькі звычайна выраблялі на двух-трох і больш станках – такія працаўнікі раптоўна станавіліся знакамітымі, дзякуючы святочнаму інтэрв’ю з імі падчас святочнага рэпартажу, станавіліся прыкладам для пераймання.

Святочны рэпартаж, такім чынам, быў гукавым і візуальным каталізатарм фарміравання асаблівага грамадскага стану, які магчыма было фарміраваць толькі менавіта “у святы”, калі ўзнікае масавая псіхалагічная хваля “народнай радасці”, калі душы і цэлу хочацца разрадкі, эмацыянальнай кампенсацыі за страчаную псіхічную і псіхалагічную энергію ў будні, у працэсе працы, часцей нялёгкай, манатоннай, напружанай.

На пачатку і ў сярэдзіне 90-х гадоў на БТ была ажыццёўлена эксперыментальнай студыяй “Тэлесябрына” творчая трансфармацыя святочнага рэпартажу ў адноўленыя Хрысціянскія святы Калядаў, Вялікадня, у Дзень вызвалення Беларусі (3 ліпеня), на восеньскія Дзяды. Гэта ўжо не была масавая дэманстрацыя “савецкай лаяльнасці” і аўдыёвізуальны яе адбітак, але мастацка-публіцыстычная дзея “нацыянальна-культурнага яднання” праз тэлебачанне і праз мастацтва, зразумела, святочнага, высокадухоўнага кшталту, зместу і якасці. У якасці рэпартажу тут была сама дзея ў наўпростым эфіры як у студыях, так і на вуліцах, у тым ліку “рэпартаваная” праз тэлемасты (ПТС на вуліцах, у музеях, філармоніі, храмах, масты з абласцямі). Святочнасць такога ўрачыстага рэпартажу стваралася праз усведамленне таго, што ўся мастацка-публіцыстычная дзея адбываецца “зараз”, што ўся глядацкая аўдыторыя, па сутнасці, разам, адначасова саўдзельнічае ў святочнай тэлепраграме, што й сама можа непасрэдна “увайсці ў эфір” – завітаць у студыю і штосьці “да месца” паведаміць (павіншаваць, расказаць, спавядацца). Гэта былі эмбрыёны электронных зносін у стылістыцы “народнага тэлебачання”. У сувязі з рэарганізацыяй і кадравай “чысткай” гэты сяточна-рэпартажны эксперымент у другой палове 90-х гадоў быў прыпынены.

Напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя святочны рэпартаж паступова страціў шматлікія свае сацыяльна-рэкрэацыйныя і ідэалагічныя якасці, пераўтварыўся ў амаль традыцыйны інфармацыйны радыё-тэлевізійны “сколак” свята з элементамі, зразумела, факталагічнай канстатацыі і каментара. У савецкі час жанр святочнага рэпартажу быў дамінантай вяшчальнага дня, зрэдку мог трансфарміравацца ў святочны рэпартаж-марафон або рэпартаж-серыял на працягу вяшчальнага дня, займаў па аб’ёме і якасці сацыяльна-псіхалагічнага ўздзеяння цэнтральнае месца ў сетцы вяшчання.

Спакваля той “савецкі” святочна-рэпартажны пафас трансфармаваўся ў традыцыйны рэпартажны жанр. Святочнасць з элемента сацыяльна-псіхалагічнага заражэння агульным аптымізмам перайшла ў якасць звычайнай інфармацыйнай падставы. Святочны псіхалагічны стан, які павінен быў рэпарціраваць журналіст, устаў у шэраг усіх “астатніх” грамадскіх падзей як хаця й святочнай, але ўсё ж адносна шэраговай дзеі “у тым ліку”.

Тым не менш, факт гістарычнага існавання святочнага рэпартажу як адмысловага аўдыяльнага і тэлевізійнага жанру, у межах якога ажыццяўлялася супермасавая камунікацыя асаблівай якасці і свойства, існуе. І калі сёння гэты жанр у тым савецка-прамалінейным выглядзе страціў сваю актуальнасць, дык у нейкім відазмененым, трансфармаваным увасабленні ўсё ж выкарыстоўваецца. Больш таго, як аўдыяльны і тэлевізійны мастацка-інфармацыйны прыём і форма асобай маставай камунікацыі святочны рэпартаж, можна сцвярджаць, стаіць на пачатку новага этапу свайго жанравага масава-камунікатыўнага развіцця. Напрыклад, арганізатары камерцыйнага радыёвяшчання ўсё часцей выкарыстоўваюць жанр святочнага рэпартажу дзеля актывізацыі і павелічэння сваёй аўдыторыі, дзеля стварэння прэцэдэнту “узняцця аптымізму” у аўдыторыі ўвогуле, і, зразумела, у адносінах да самой радыёстанцыі.

У гісторыі еўрапейскага радыёвяшчання таксама вядомы шматлікія факты арганізацыі і падрыхтоўкі “спецыяльных” святаў з мэтай стварэння ў эфіры менавіта святочных рэпартажаў. Такія святочныя рэпартажы выконвалі і закліканы выконваць у перспектыве востра асэнсаваную функцыю сацыяльна-псіхалагічнай рэкрэацыі. Яна ствараецца радыё- і тэлежурналістамі ў гэтым жанры як твор для падкрэслена масавага ўспрыняцця і суперажывання, што спрадвеку было і застанецца запатрабаванай калектывісцкай, “народнай” формай масавай аптымістычнай камунікацыі.

Такім чынам, святочны радыётэлевізійны рэпартаж – жанр масава-грамадскай электроннай публіцыстыкі, які ствараецца як твор гукавага і візуальнага адлюстравання і апасродкаванага ўвасаблення грамадскага або карпаратыўнага масавага свята. Стваральнікам святочнага рэпартажу можа быць рэдакцыя, канал або асобны журналіст, або некалькі журналістаў, а сам святочны рэпартаж можа быць разавым або серыйным выхадам у эфір. Стылістыка святочнага рэпартжу, як правіла, адэкватна адлюстроўвае грамадскую значнасць святочнай дзеі, утрымлівае востра пазітыўную сацыяльна-псіхалагічную накіраванасць усіх сродкаў аўдыяльнага, тэлевізійнага і элеткроннага ўздзеяння. Публіцыстычны эфект святочнага рэпартажу складаецца з моманту апасродкаванага далучэння масавай аўдыторыі да святочнай масавай падзеі і са стварэння ў яе адмысловага сацыяльнага пачуцця калектыўнай “радасці жыцця”. Таму, акрамя ўласнай інфарамцыйнай функцыі, святочны рэпартаж іграе ролю электроннага сродку сацыяльна-псіхалагічнай тэрапіі, што ўвасбляецца праз эффект “заражэння” масавай аўдыторыі сацыяльным аптымізмам і дасягаецца праз “рэпартажнае далучэнне” аўдыторыі да масавай пазітыўнай дзеі.

На радыё ў святочным рэпартажы, як і ў любым іншым тыпе рэпартажу, выкарыстоўваюцца ўсе аўдыёвізуальныя сродкі адлюстравання, увасаблення, пераймання дзеі і інфармацыйна-мастацкага ўздзеяння як гукавая кампазіцыя, якая ствараецца або манціруецца па схеме “хвалі”: гукавы “сколак” дзеі—каментар журналіста—інтэрв’ю—гукавы “сколак”—музыка—інтэрв’ю—каментар і т.д. Кампазіцыя традыцыйнага святочнага радыёрэпартажу часта нагадвала святочна-гукавы калаж, які складаўся з інтэрв’ю, міні-рэпартажаў, каментараў самога журналіста, а таксама запрошаных ім да мікрафона “лепшых людзей”, замалёвак, гукавых “люстэркаў” і партрэтаў, гукавых эскізаў, эсэістычных, філасофска-публіцыстычных выступленняў, нават, канцэртаў, канферансу і да.т.п. У гэтым жанры асабліва важная аўтарская здольнасць журналіста да вынаходніцтва незвычайнай формы гукавага адлюстравання і пераймання дзеі, здольнасць змадэліраваць т. зв. “сустрэчную радасць” аўдыторыі, якая “заўсёды” чакае інфармацыйна-гукавага сюрпрызу, нават пэўнай гукавай інтрыгі, загадкі, абяцання чагосьці езвычайнага і, зразумела, радаснага, аптымістычнага. І хаця гэта радасць перажываецца непасрэдна на свяце нейкім іншым чалавекам (людзьмі), тым не менш эфірнае гука-віртуальнае суперперажыванне свята таксама заўсёды і заканамерна запатрабавана, таму што яго прыродай з’яўляецца апрыёрная патрэба чалавека ў калектыўнай “гульні жыцця”, тым больш у святы.

У камерцыйным радыёэфіры ў выкарыстанні жанру святочнага рэпартажу акцэнт ставіцца на эксплуатацыі, пэўнай паразітарнасці (што у прынцыпе характэрна для рэкламы) на амаль генетычным імкненні чалавека да жыццёвага аптымізму. Амаль усе ФМ-радыёстанцыі ў рэкламных мэтах арганізуюць разнастайныя публічныя акцыі, канцэрты, фестывалі – масавыя дзеі, якія ад пачатку выклікаюць цікаўнасць і спараджаюць масавыя клектыўныя “перажыванні”. З месцаў такіх штучных святаў і вядуцца “святочныя рэпартажы”, ладзяцца серыйныя радыёмасты, гукавыя рэпартажныя марафоны.

Так, круглыя даты вяшчання Бі-Бі-Сі або сезонныя “святы ўікэнда” летам, восенню, зімой, вясной. Доўгі час у 80-я гады Польскае радыё ў летнія месяцы па суботах і нядзелях вяло “летнія святочныя рэпартажы”. На працягу дня традыцыйныя ўікэндавыя перадачы серыйна межаваліся рэпартажнымі выпускамі ў прамым эфіры, а гэтыя серыялы называліся “Лета з радыё”. Па ініцыятыве Польскага радыё ў розных мясцінах мясцовыя ўлады арганізоўвалі міні-фестывалі. Героямі рэпартажаў станавіліся людзі на адпачынку, напрыклад, на Балтыйскім узбярэжжы, у прыгарадах Вашавы на Вісле, з якога небудзь горнага курорту, на якіх весялілі публіку шматлікія ансамблі, фальклорныя калектывы, спецыяльна арганізаваныя супрацоўнікамі Польскага радыё. Спецыяльна для такіх “ўікэндавых” рэпартажаў Польскае радыё ў садружнасці з мясцовымі органамі кіравання, ладзілі віктарыны, пляжныя конкурсы, спаборніцтвы, канцэрты.

У Германіі ўжо шмат гадоў у першы летні ўікэнд на пачатку чэрвеня з Гановера Нямецкае тэлебачанне і радыё “Нямецкая хваля” вядзе свае “скразныя” святочныя рэпартажы з Дня кветак і агню. У гэтыя дні ў велізарным гістарычным парку Гановера з яго шматлікімі фантанамі, садочкамі, кветкавымі клумбамі-канструкцыямі выступаюць прафесійныя і аматарскія калектывы і салісты з многіх краін свету. Ладзіцца фстываль кветак. Кульмінацыяй становіцца галоўны вечаровы феерверк пад музыку Гендэля і Гайдна, калі ўвесь мільённы Гановер і усе госці з усяго свету збіраюцца ў гэтым парку, каб “сямейна” перажыць гэта свята святла і агню пад шэлест фантанаў, пад гукі высокай музыкі і феерверку, пад зачараваны смех дзяцей.

У Англіі Бі-Бі-Сі ў садружнасці з Сусветным таварыствам аматараў ансамбля “Бітлз” у апошнія суботу і нядзелю жніўня ўжо дзесяткі гадоў праводзяць як бы “карпаратыўнае” свята – цяпер папулярны ва ўсім свеце фестываль Бітлз і бітламанаў у Ліверпулі – радзімы бітлаў. Як і сам фестываль, святочны рэпартаж доўжыцца ў эфіры амаль без перапынку двое сутак. У гэтыя дні на вуліцах і плошчах Ліверпуля гіганцкім “біт-ансамлем” гучаць галасы і інструменты бясконцых рокменаў. Крамкі праз два-тры метры адна ад адной гандлююць друкаванай, аўдыё і відэапрадукцыя “а ля бітлз”, сувенірамі з сімволікай “Бітлз”. У сутарэннях-лабірынтах ладзяцца дабрачынныя аўкцыёны з масавым распродажам пласцінак, сувеніраў, адзення, рэчаў папулярных артыстаў. Насельніцтва Ліверпуля ў гэтыя дні падвойваецца, вуліцы пераўтвараюцца ў масавую бітл-дэманстрацыю і калектыўнае шоў. Госці фестывалю выпіваюць сотні дэкалітраў піва, колы, віна, віскі. Масавы “святочны сіндром-псіхоз” і ёсць стрыжань рэпартажу-марафону. Радыёаўдыторыя чакае і атрымлівае гукавы зарад масавага “бітлз-псіхозу”, мэтай якога з’яўляецца, акрамя камерцыйнага, атрыманне, канечне, і грамадскага сацыяльна-псіхалагічнага і інфармацыйнага эфекту – далучэнне да папулярнага свята ўсіх, хто па розных прычынах не можа асабіста паўдзельнічаць у гэтым свяце або іншым падобным “свяце душы”.

Святочны рэпартаж на тэлебачанні сёння пераўтварыўся ў адносна лакальную масавую дзею, звычайна, эстрадна-забаўляльнага характару, кшталту фестывалю “Славянскі базар”, “Фабрыкі зорак”, конкурсу “Народны артыст” і інш. Звязана гэта ўсё, зразумела, з тэндэнцыяй камерцыялізацыі тэлеэкрана. Выключэнне складаюць арганізаваныя карпаратыўныя рэкламна-палітычныя акцыі, напрыклад, праведзеная па абласных гарадах кампаніяй АНТ прапагандысцкая акцыя “За Беларусь” з удзелам эстрадных зорак (падчас чарговых выбараў прэзідэнта РБ). Структура такіх святочных рэпартажаў амаль “першародная” – звычайная трансляцыя. Але сама арганізацыя, план, гукавае і святловае афармленне ствараюцца выключна з улікам спецыфікі тэлевізійнай трансляцыі. Эффект масавага “святочнага ажыятажу” ствараецца праз гука-візуальную карцінку “масавай радасці” з дапамогай панарамных камер і бліжніх планаў “эпатажных паводзін” аўдыторыі. Ролю рэпарцёра іграе вядучы (-ая, -ыя), які і звяртаецца, звчайна, да публікі ў зале.

У Еўропе папулярныя таксама арганізаваныя тэлекампаніямі разнастайныя лакальныя святы, у тым ліку, фальклорныя фестывалі, музычныя кірмашы. Так, у Германіі напрыканцы мінулага стагоддзя высокім рэйтынгам карыстаўся “вандроўны” фольк-фестываль. Іх ладзіла ВДР (Westfalien Deutshe Rundfunk) – тэлебачанне і радыё Зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія. Група выканаўцаў нямецкіх народных песень, танцаў, жартоўных куплетаў дзе-небудзь у прадмесці якога-небудзь горада “разбівала” часовы бівак з півярняй і вялізным сталом. Разыгрывалася вясёлая бяседа з песнямі, танцамі, спаборніцтвамі. Гэты фэст загадзя рэкламаваўся на мясцовых каналах радыё і тэлебачання. І звычайна, публікі збіралася шмат, што было выгадна мясцовым піваварам, гандлярам.

А ў Дзюсельдорфе быў нават збудаваны стацыянарны фестывальны гарадок з некалькімі студыямі пад адкрытым небам. Там адначасова арганізоўваліся разнастайныя фестывалі, конкурсы, віктарыны з абавязковым удзелам запрошанай публікі па білетах.

Вэбварыянт святочнага рэпартажу чакае свайго часу, калі і журналісты, і аўдыторыя зразумюць і прыстасуюцца (у чарговы раз) да неасэнсаваных яшчэ супермагчымасцей, па-першае, электроннай трансляцыі, па-другое, магчымасцей непасрэднага саўдзелу ў такім фестывалі кожнага спажыўца фестывальнай эмоцыі “у гэты час”. Адначасовае вядзенне рэпартажу з некалькіх пляцовак, скажам, на “Славянскім базары” дасць адпаведную магчымасць вэбспажыўцу маланкава пераключацца з дзеі на дзею, выказваць свае ўражанні і меркаванні на аператыўным форуме. А калі арганізатары такога свята-фестывалю не “пасквабнічаюць” і прадаставяць электронную магчымасць кожнаму самому паўдзельнічаць у фестывалі або спаборніцтве (напрыклад, вялікі экран на плошчы з трансляцыяй “лепшага” меркавання, спеваў, іншых конкурсных перамог вэбаўдыторыі), гэта і будзе чарговым этапам у асваенні і новых электронных сродкаў-магчымасцей, і новых форм масавых публіцыстычных зносін.

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Характарыстыка нарыса-рэпартажу на радыё, тэлебачанні, у | Гістарычная рэтраспектыва жанру
Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-04; Просмотров: 506; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.013 сек.