КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Інтэрв’ю-партрэт: дыялагічная нарысавая форма зносін, аўтапартрэт рэспандэнта “пад кіраўніцтвам” журналіста
Вельмі цікавым і дастаткова распаўсюджаным з’яўляецца жанр публіыстычнага інтэрв’ю-партрэта. Тут як журналіст, так і, асабліва, яго рэспандэнт-герой маюць цудоўную магчымасць нестандартна, па-мастацку і “паказаць” сябе, і стварыць увогуле твор-споведзь, якая павінна стацца абагульненым партрэтам пэўнай катэгорыі грамадства (паводле Арыстоцеля: “лепшы з нас”, “горшы з нас”, “такі, як усе”). Праз правільна і дакладна сфармуляваныя пытанні журналіст і дасягае не менш за палову публіцыстычнага поспеху гэтага, па сутнасці, размоўнага шоў. А публіцыстычнай мэтай журналіста з’яўляецца імкненне раскрыць вобраз, стыль асобасных і грамадскіх паводзін рэспандэнта. У чарговы раз тут прыдзецца ўзгадаць пра канцавую інфармацыйна-камунікатыўную мэту гэтага жанру, якую павінен сфармуляваць журналіст задоўга да таго, як пачне дамаўляцца з будучым героем будучага публіцыстычнага інтэрв’ю-партрэта. Як прафесіянал, публіцыст павінен максімальна дакладна вызначыць для сябе ўвесь спектр папярэдніх творча-інфармацыйных задач: - што гэта будзе за жанр? - Чаму менавіта гэты жанр (у прыватнасці, інтэрв’ю-партрэт)? - Чаму гэты герой, а не іншы? - Ці здолее герой стварыць менавіта публіцыстычны аўтапартрэт? - Ці здолею я сам, журналіст, гэты партрэтны дыялог правесці максімальна адэкватна пастаўленай задачы? - Ці актуальны будзе той партрэт у дадзены момант, ці патрэбны ён як “сацыяльнае люстэрка” для іншых – для масавай (!) аўдыторыі? - што мне дасі, як прафесіяналу, гэтае інтэрв’ю-партрэт, ці прасуне гэта творчая праца мяне, як журналіста, наперад? Іншымі словамі, журналіст павінен “прыслухацца”, “прыдумацца”, правесці вельмі няпросты самааналіз сваіх творчых памкненняў, з аднаго боку, і аналіз ўласных творчых магчымасцей дзеля ўвасаблення тых памкненняў – з другога. Г. зн. у чарговы раз вызначыць ступень свайго прафесійнага прызвання і майстэрства і затым толькі канкрэтызаваць яго ў пэўным жанры, форме, відзе камунікацыі. А, відаць, самае галоўнае, прааналізаваць ступень патрэбы такога жанру і для электроннага канала, і, адпаведна, для масавай аўдыторыі. Далей, калі трэба стварыць партрэт, дык чый: лідэра, г. зн. “лепшага” падстаўніка грамадства, або аўтсайдэра, г. зн. “горшага”, або герой – “такі, як усе”, г. зн. “просты” чалавек? А калі партрэт, дык ці павінен быць гэта нарыс, у якім выкарыстоўваецца мноства апісальных і драматургічных кампанентаў і выразных сіродкаў? Або ўсё ж гэта павінна быць інтэрв’ю-партрэт, якое дазволіць дынамічна і, адначасова, драматургічна раскрыць вобраз героя, у той жа момант адрэагаваць журналісту на нейкі адказ свайго візаві, каб “на месцы”, без якіх-іншых дадатковых жанравых прыёмаў і захадаў (як у нарысе) накіраваць адказы-вобразы, адказы-адносіны на канцавую журналісцкую мэту – публіцыстычнае адлюстраванне аднаго з нашых суайчыннікаў? Звернем увагу на семантыку слова “партрэт” і падкрэслім, што “маляваць”-ствараць партрэт у электроннай прасторы, нягледзячы на процьму невербальных сродкаў выразнасці, журналісту і герою прыдзеца, перадусім, словамі, бо гэта ўсё ж інтэрв’ю. І журналіст тут, зразумела, галоўны стваральнік жанру, таму што ад таго, як і якія ён ставіць пытанні свайму герою, залежыць як стварэнне менавіта публіцстычнай формы – жанру (у якой жанравай абалонцы той партрэт з’явіцца, у якім эфірным выглядзе “паляціць” насустрач увазе аўдыторыі), так і ўвогуле публіцыстычны вынік партрэта. “Якімі будуць пытанні, такімі будуць і адказы” – гэта, як вядома, хрэстаматыя журналістыкі. Што захоча і зможа як прафесіянал атрымаць на выхадзе журналіст, тое “захоча” і зможа “адказаць” яму герой – “аўтапартрэтыст”. Словам, наколькі поўна, інфармацыйна аб’ёмна зможа ўявіць сабе сваю або рэдакцыйную задачу, сваё ўнутранае прафесійнае “жанравае імкненне” журналіст-публіцыст, настолькі поўным і фактурным будзе выглядаць самаапісанне героя публіцыстычнага інтэрв’ю-партрэта. Значыць, у пытаннях павінны быць сфакусіраваны і тэматычныя накірункі “самаапісання” рэспандэнта, і, разам з тым, драматургічныя, канфліктныя, публіцыстычна “прымераныя” факты паводзін героя. Г. зн. не толькі што” і “хто” ёсць наш герой, але і “як” нестандартна, “як” публічна, “прыкладна” (у сэнсе, быць прыкладам) ён прэзентуецца масавай аўдыторыі, сваім суайчыннікам як тыпова-нетыповы прыклад сацыяльных паводзін. А яны ж, сацыяльныя паводзіны, у рэальным жыцці прасякнуты бясконцымі драматычнымі калізіямі – такімі частымі ў нашым тыпова-нетыповым асабістым і, галоўнае, грамадскім пражыванні. Вось чаму журналіст павінен так і такія прыдумаць пытанні да героя, каб яго субяседнік змог максімальна дакладна і менавіта “партрэтна” апісаць самога сябе, свае тыя або іншыя дзеянні, раскрыць “праз сябе” штосьці сацыяльна важнае, агульначалавечае, хаця й да часу прыхаванае ад грамадства. Нарэшце, герой у сваіх адказах-імпрэсіях паводле пытанняў журналіста павінен паказаць, у якой ступені славесны “самапартрэт” можа быць грамадскім прыкладам для псіхалагічнага “падстрайвання” аўдыторыі да яго, героя, ладу жыцця, стылю сацыяльных паводзін. Значыць, жанр публіцыстычнага інтэрв’ю-партрэта ў электроннай журналістыцы – гэта вербальна-невербальны аўтапартрэт героя, які раскрывае свае асабовыя або грамадскія якасці і станы ў адказах на “партрэтныя” пытанні журналіста. Звычайна, правобразам публіцыстычнага жанру інтэрв’ю-партрэта становіцца прадстаўнік таго ці іншага грамадскага класа, слоя, сацыяльнай групы як суб’ект і аб’ект сацыяльнага адлюстравання, як прыклад “для сацыяльнага пераймання” і сацыяльнай “прымеркі” аўдыторыяй вобразнага стылю героя. Аднак, галоўнае, інтэрв’ю-партрэт прэзентуе праз славеснае і іншае аўдыёвізуальнае “партрэтаванне” героя тую або іншую сацыяльную паблематыку, адлюстроўвае праз вобраз “партрэтаванага” героя грамадскі значныя рухі жыцця, якія так ці інакш кранаюць аўдыторыю цалкам або асобна ў пэўным сацыяльным кантэксце. Прыгадаем тут ізноў “люстэркавы” эффект электроннай масавай камунікацыі: партрэт героя ствараецца, па сутнасці, як “аўтапартрэт” публікі ў эфіры, дзеля яе публіцыстычнага суперажывання і сацыяльнай “прымеркі”. А мэта застаецца тая ж: адлюстраванне і задавальненне патрэбы масавай аўдыторыі ў “рэкагнастыроўцы” сваіх грамадскіх паводзін у эмацыянальна і сацыяльна афарбаванай форме па дзвюх асноўных схемах: “я хачу, я магу, я павінен быць такім, як герой!” або “так жыць нельга!”. І журналіст, а за ім і яго герой сваім аўдыёвізуальным “аўтапартрэтам” закліканы “падказаць” аўдыторыі ў публіцыстычна эмацыянальнай (г. зн. грамадскі значнай) форме, што дзеля гэтага трэба або можна зрабіць. Публіцыстычнае інтэрв’ю-партрэт, у прыватнасці, на тэлебачанні можа быць створана і невербальнымі сродкамі вобразнай выразнасці. Традыцыйныя пытанні журналіста ў гэтым выпадку выводзяцца за кадр і могуць быць зададзены ў выглядзе разважанняў “про себя” (руск.). А асноўнымі вобразна-выразнымі сродкамі з’яўляюцца партрэтна-візуальныя, “карціначныя” здымкі, планы, панарамы. Другім варыянтам “безжурналісцкага” інтэрв’ю-партрэта можа быць форма пытанняў рэспандэнта “да самога сябе”, т. зв. рытарычных закадравых пытанняў. Але гэта вельмі высокі ўзровень прафесійнага майстэрства стваральнікаў “невербальнага” партрэта, які прадугледжвае таксама і высокаэўрыстычны ўзровень мастацка-вобразных магчымасцей аўдыторыі, якая ў гэтым выпадку павінна магчы і ўмець “дамалёўваць” невербальны партрэт. Г. зн. валодаць высокім узроўнем крэатыўнасці і вобразна-мастацкага мыслення. Звычайна, такую аўдыторыю адносяць да творчай эліты, а невербальны партрэт ствараецца вельмі падобны на замалёўку або на эсэ, дзе пытанні журналіста ўспрымаюцца “рытарычна”, без славеснага адказу героя. Адказамі ў гэтым выпадку могуць быць рэпартажна запісаныя-знятыя паводзіны героя, што найбольш выразна можа быць у адносінах да мастака, музыканта, драматурга або драматычнага артыста. Яго “адказамі” тут выступаюць фрагменты яго творчай дзейнасці, якія і становяцца вобразна-выразнымі сродкамі, замест славеснага “аўтапартрэта”. Ізноў гаворым: усё залежыць ад канкрэтнай аўтарскай і творчай задачы журналіста і яго канцавой інфармацыйна-камунікатыўнай (творчай) мэты, прызвання, ступені майстэрства.
Дата добавления: 2013-12-11; Просмотров: 728; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |