КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Гістарыяграфія гісторыі Беларусі
Пачатковая гістарыяграфія ўсходніх славян звязана з Кіевам і Ноўгарадам. Першыя звесткі размешчаны ў Кіеўскім летапісным зводзе «Аповесці мінулых гадоў». Вядомым рэдактарам звода з’яўляецца Нестар. Каля 1113 г. ён вызначыў паставіў перад сабой мэту – адказаць: «…Откуда есть пошла Руская земля, кто въ Киеве нача первее княжити, и откуда Руская земля стала есть». Нестар упершыню спалучыў гісторыю ўсходніх славян з гісторыяй усяго чалавецтва. У «Аповесці мінулых гадоў» вялікая ўвага надаецца Полацку і Полацкай зямлі. Даводзяцца звесткі пра раздачу гарадоў Рурыкам, удзел палачан у паходзе Алега на Царград, забойства Рагвалода, напад Брачыслава на Ноўгарад, бітву на Нямізе і інш. падзеі. Першы летапісны звод аказаў значны ўплыў на развіццё ўсходнеславянскага летапісання. У наступны час ён уключаўся амаль ва ўсе мясцовыя летапісы ў якасці своеасаблівых уводзінаў, бо галоўная ідэя твора – абарона Русі – была зразумелай і блізкай летапісцам. У найбольш поўнай рэдакцыі «Аповесць мінулых гадоў» дайшла да нас у Іпацьеўскім і Лаўрэнцьеўскім спісах. Іпацьеўскі спіс (канец ХІІІ ст.) складаецца з «Аповесці мінулых гадоў», Кіеўскага і Галіцка-Валынскага летапісаў, а Лаўрэнцьеўскі спіс (XIV ст.) – з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст), летапісных запісаў аб гісторыі Паўночна-Усходняй Русі па 1305 г., «Павучэння Уладзіміра Манамаха», падання пра Рагнеду і полацкіх Усяславічаў, жыція Аляксандра Неўскага. Найбольшую цікавасць уяўляе Кіеўскі летапіс, складзены ў Выдубіцкім манастыры. У адрозненне ад «Аповесці мінулых гадоў» ён прысвечаны пераважна мясцовым падзеям, мае больш свецкі характар. Летапісец асуджае княжацкія ўсобіцы, апісвае барацьбу ўсходніх славян з полаўцамі. Пад 1159 г. у творы размешчаны звесткі пра падзеі ў Полацкай зямлі, у прыватнасці, пра дзейнасць веча Полацка і Друцка, узаемаадносіны веча і князёў. Таксама аўтар акцентуе ўвагу на Тураве, Пінску, Бярэсці. На думку С.М.Салаўёва, У.Ц.Пашуты, Л.В.Аляксеева, у Кіеўскім летапісе ёсць урыўкі з Полацкага летапіса. Аб існаванні летапісання ў Полацку нам засведчыў рускі гісторык XVIII ст. В.М.Тацішчаў. У сваёй працы «Гісторыя Расійская» ён упамінаў пра спіс, які належаў пецярбургскаму архітэктару П.Яропкіну. Дзесяць разоў Тацішчаў спасылаўся на змест гэтага летапіса, але да нашых дзён рукапіс не дайшоў. Галіцка-Валынскі летапіс змяшчае унікальныя звесткі па гісторыі Наваградка, Бярэсця, Гародні, Ваўкавыска і інш. беларускіх гарадоў, пра асобныя помнікі беларускай культуры (Лаўрышаўскі манастыр, Камянецкая вежа), пра жыццё і дзейнасць князёў Вялікага княства Літоўскага Міндоўга, Войшалка, Тройдзеня. Гісторыкі У.Ц.Пашута і М.І.Ермаловіч выказалі думку, што інфармацыя аб літоўскіх князях запазычана з Наваградскага летапісу, які, магчыма, быў складзены ў Лаўрышаўскім манастыры. Фактычна гэта адзіны помнік, які шырока асвятляе пачатковы этап і працэс утварэння ВКЛ. У ХV – ХVІ стст. афармляецца агульнадзяржаўнае летапісанне ў Вялікім княстве Літоўскім. Беларускі даследчык В.А.Чамярыцкі вылучыў тры этапы ў развіцці гэтага жанру: летапіс 1446 г., Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага, Хроніка Быхаўца. Летапіс 1446 г. быў складзены ў Смаленску, магчыма, пры двары мітрапаліта Герасіма, які з’яўляўся прыхільнікам палітыкі князя Вітаўта. У ім раскрываюцца гістарычныя падзеі з ІХ ст. да 1446 г. Звесткі запазычаны са старажытнарускіх летапісаў і твораў, напісаных у Кіеве, Смаленску, Маскве, Вільні. Неад’емнай часткай звода з’яўляецца «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і «Пахвала Вітаўту». У «Летапісцы…» упершыню пададзена палітычная гісторыя ВКЛ ад Гедыміна па Вітаўта. У форме суцэльнага апавядання прадстаўлены змова Альгерда і Кейстута супраць Яўнуція, дынастычная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам, грамадзянская вайна 30-х гг. ХV ст. У летапісу 1446 г. абгрунтоўваецца заканамернасць палітычнага аб’яднання літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх зямель у складзе ВКЛ і цэнтралізатарская палітыка літоўскіх князёў. З’яўленне «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» было выклікана новымі грамадска-палітычнымі ўмовамі, патрэбай умацавання міжнароднага становішча ВКЛ, гістарычнага абгрунтавання яго права на беларускія і ўкраінскія землі, імкненнем даказаць высакароднае паходжанне кіруючай княжацкай дынастыі. «Хроніка ВКЛ» была складзена ў 20-я гг. ХVI ст., магчыма, у Вільні. Аўтар гэтага летапіснага зводу быў набліжаным да магнатаў Гаштольдаў. Хроніка ВКЛ раскрывае гісторыю дзяржавы ад князя Палямона да Гедыміна. У аснову летапіса пакладзена легенда пра паходжанне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў. У І-м ст. н. э. 500 сем’яў рымскай знаці, ратуючыся ад імператара Нерона, уцяклі марскім шляхам у Жмудзь. На чале эмігрантаў стаяў Палямон. Яго сын Кунас заклаў дынастыю літоўскіх князёў, прадстаўніком якой быў заснавальнік ВКЛ Міндоўг. Рымскія продкі ўзносілі літоўцаў над іншымі народамі, цешылі іх нацыянальны гонар. Паводле легенды, літоўцы вялі свой радавод ад каталіцкага Захаду і не мелі нічога агульнага з Маскоўскай дзяржавай. «Хроніка Быхаўца» была складзена ў сярэдзіне ХVI ст. і дайшла ў адзіным спісе. «Хроніка…» пачынаецца з апісання бегства «рымлян», а завяршаецца бітвай пад Клецкам (1506 г.). Аўтар падкрэсліў факты тэрытарыяльнага росту ВКЛ, усхваляў знешнюю палітыку Вітаўта, яго ролю ў Грунвальдскай бітве. Адчувальна антыпольская накіраванасць выкладзеных падзеяў. Паколькі «Хроніка Быхаўца» стваралася ў перадлюблінскі перыяд, то аўтар высока ацэньваў ролю беларуска-літоўскай шляхты ў гісторыі краіны. Першым гісторыкам Вялікага княства Літоўскага лічыцца польскі храніст XVI ст. Мацей Стрыйкоўскі, які ў сваёй "Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсея Русі" (1582 г.) выкарыстаў разнастайныя дакументальныя крыніцы. Гэта першая друкаваная гісторыя ВКЛ ад Палямона да Стэфана Баторыя. Твору адметны «літоўскі» патрыятызм, прыхільнасць да дынастыі Ягелонаў. Аўтар уключыў вершаваныя ўстаўкі на батальную тэму (бітва пад Клецкам 1506 г., бітва пад Оршай 1514 г., бітва на Уле 1564 г.). У ХVІІ ст. мінулае ВКЛ вывучалі на аснове «Гісторыі Літвы» – першага сістэматызаванага курса гісторыі ВКЛ. Ён быў створаны Альбертам Віюком Каяловічам. «Гісторыя Літвы» была выдадзена ў 1650 – 1669 гг. на лацінскай мове за мяжой. Першая частка ўяўляе па сваёй сутнасці пераказ «Хронікі» Стрыйкоўскага, другая частка носіць самастойны характар і даводзіць падзеі да Люблінскай уніі. Гісторык, у адрозненне ад М.Стрыйкоўскага, прывёў іншы варыянт легенды пра паходжанне літоўскай знаці, апусціў шэраг фрагментаў пра суседзяў ВКЛ, правёў уласны аналіз і сістэматызацыю гістарычных звестак. У XVIII ст. пад уплывам ідэй французскіх асветнікаў назіраецца секулярызацыяй гістарычнай думкі ў ВКЛ. На развіццё гістарычных даследаванняў станоўча паўплывала Адукацыйная камісія. Пад кантролем Ігната Патоцкага былі напісаны новыя падручнікі па сусветнай гісторыі братамі Скшатускімі «Палітычная гісторыя для дваранскай моладзі», «Заўвагі па ўсеагульнай гісторыі для народных вучылішчаў». Да іх блізкай па сваёй свецкай накіраванасці стала кніга па ўсеагульнай гісторыі Д. Шыбінскага «Кароткія звесткі пра важнейшыя манархіі свету, старажытныя каралеўствы і рэспублікі». Ён адным з першых сярод гісторыкаў Рэчы Паспалітай зрабіў спробу ўвесці ўласную перыядызацыю гісторыі, заснаваную на падзеях свецкай гісторыі. Значную папулярнасць набылі працы Францішка Папроцкага і Кароля Вырвіча, якія фактычна сталі падручнікамі па гісторыі ВКЛ. Ф. Папроцкі выдаваў у Вільні «Палітычныя каляндарыкі», напісаў дзве невялікія кнігі «Дамашнія весці аб ВКЛ» (1763 г.) і «Дамашнія весці аб Польскім каралеўстве» (1771 г.). Яны былі першымі кароткімі энцыклапедычнымі даведнікамі аб геаграфічным становішчы, прыродных умовах, гісторыі, дзяржаўным ладзе, судах, арміі і інш. атрыбутах гэтых дзяржаў. Вырвіч з’яўляўся аўтарам двух падручнікаў, напісаных на французскай мове, «Паходжанне сучасных дзяржаў і народаў» (1769 г.) і «Кароткае сістэматычнае выкладанне ўсеагульнай гісторыі» (1766 – 1771 гг.). У другой палове ХVIII ст. гістарычная навука ВКЛ набывае трывала крыніцазнаўчы фундамент, які быў закладзены Мацеем Догелем. Ён працаваў у архівах і бібліятэках Германіі, Францыі, Галандыі, карыстаўся малавядомымі дакументамі ў каралеўскіх архівах Кракава і Нясвіжа. Гэта дазволіла яму пачаць выданне зборніка дакументаў і матэрыялаў – «Дыпламатычны кодэкс Каралеўства Польскага і ВКЛ». Дакументамі, сабранымі Догелем, карыстаўся вядомы польскі паэт, асветнік і гісторык Адам Нарушэвіч. Па прапанове караля Станіслава Панятоўскага Нарушэвіч пачаў працу над «Гісторыяй польскага народа». Кніга ахоплівае перыяд ад старажытных часоў па першую трэць ХІХ ст. Пад польскім народам Нарушэвіч разумеў шляхту і гараджан. Даволі грунтоўна і падрабязна адлюстравана ім гісторыя Беларусі і Літвы. Гістарычныя творы Нарушэвіча, блізкага да караля і яго акружэння, былі прасякнуты манархічным духам і ўяўлялі сабой апалагетыку моцнай каралеўскай уладзе. А саму гісторыю Нарушэвіч лічыў навукай, якая павінна вучыць, што неабходна рабіць, каб пазбегнуць памылак продкаў, каб выправіць звычаі і норавы, каб зрабіць людзей шчаслівымі. Навуковая дзейнасць А. Нарушэвіча паклала пачатак новай гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы, хаця ён не здолеў пераадолець старыя традыцыі і праяўляў непаслядоўнасць пры аналізе гісторыі Рэчы Паспалітай. У XIX – пачатку XX ст. дзяржаўна-прававыя, палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя і іншыя пытанні мінулага нашай краіны даследавалі расійскія, польскія і ўкраінскія гісторыкі. Расійская афіцыйная навука (М. Г. Устралаў, М. Каяловіч, І. Бяляеў і інш.) зыходзіла з вялікадзяржаўных поглядаў на Беларусь як на спадчыннае ўладанне расійскіх манархаў. З другога боку, польскія вучоныя (Т. Чацкі, С. Ліндэ, А. Нарушэвіч і інш.) абгрунтавалі погляды польскай і паланізаванай беларускай шляхты на Беларусь як на частку Польшчы, а беларусаў разглядалі як этнаграфічную групу польскага народа. Супраць такіх поглядаў у 1810–20-я гады выступала група прафесараў Віленскага універсітэта: М. К. Баброўскі, І. Даніловіч, І. Ярашэвіч, якія асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных пазіцый. Яны выказваліся да аднаўлення самастойнасці ВКЛ і вяртанне вядучага статуса старабеларускай пісьмовай мове. Станаўленне нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі звязана з развіццём навуковых ведаў пра Беларусь і беларускі народ – беларусазнаўствам. Да высноў пра самастойнасць беларускага этнасу наблізіўся М. Без-Карніловіч. У канцы 70 – першай палове 80-х гадоў ХІХ ст. істотную ролю ў распрацоўцы нацыянальнай канцэпцыі айчыннай гісторыі адыгралі народнікі. Завяршальны этап барацьбы за грамадскае прызнанне беларускай нацыі і яе права на самавызначэнне звязаны з утварэннем і дзейнасцю ў пачатку XX ст. Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты "Наша ніва". Важнай вяхой у станаўленні нацыянальнай гістарычнай навукі стала "Кароткая гісторыя Беларусі" (1910 г.) В. Ластоўскага. У сувязі з абвяшчэннем БНР былі выдадзены першыя спецыяльныя працы па гісторыі беларускай дзяржаўнасці М. Доўнар-Запольскага і А. Цвікевіча. Пасля ўтварэння БССР у гістарыяграфіі вылучаюцца 4 перыяды. 1919–20-я гады былі пераходнымі ад абмежаванага канцэптуальнага плюралізму да ўсталявання жорсткіх партыйных ацэнак. На першы план выступіла гісторыка-рэвалюцыйная тэматыка, барацьба за ўсталяванне Савецкай улады (Д. М. Васілеўскі, І. А. Віткоўскі, З. Х. Жылуновіч, М. І. Каспяровіч, І. Ф. Лочмель, М. В. Мялешка, А. А. Шлюбскі). Значным укладам у развіццё нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі сталі працы У. М. Ігнатоўскага, У. І. Пічэты, М. В. Доўнар-Запольскага. Дарэчы, "Гісторыя Беларусі" апошняга была забаронена да друку і выдадзена толькі ў 1994 годзе. У 30-я – сярэдзіне 50-х гадоў у савецкай гістарыяграфіі ўсталявалася поўная манаполія марксісцка-сталінскай метадалогіі, якая спалучалася з пастулатамі вялікадзяржаўных расійскіх гісторыкаў XIX–XX стст. Значным дасягненнем гэтага перыяду былі працы па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, гісторыі рэвалюцыйнага руху (С. Х. Агурскі, А. В. Бурдзейка, Дз. І. Даўгяла, Дз. А. Дудкоў, Т. І. Забела, К. І. Кернажыцкі, М. Майзель, М. А. Поташ). У 30–50-я гады ў школах БССР гісторыя Беларусі не вывучалася. Другая палова 50–80-я гады – трэці перыяд у развіцці савецкай айчыннай гістарыяграфіі. Ва ўмовах адноснай палітычнай "адлігі" у метадалогіі гістарычнай навукі адбыліся нязначныя змены: з падручнікаў былі выкінуты імя і цытаты Сталіна, але захаваны ранейшыя падыходы і ацэнкі, асабліва тыя, што тычыліся гісторыі палітычнай барацьбы ў другой палове ХІХ – пачатку XX ст. і гісторыі савецкага перыяду; павялічылася выкарыстанне прац К. Маркса і У. Леніна. Таксама ў гэты перыяд пашыралася крыніцазнаўчая і дакументальная асновы гістарычнай навукі, што дазволіла падрыхтаваць і выдаць значныя працы: "Гісторыя Беларускай ССР" (т. 1–5, 1972–1975 гг.), "Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны" (т. 1–3, 1983–1985 гг.), "Гсторыя рабочага класа Беларускай ССР" (т. 1–4, 1984– 1987 гг.) і інш. З'явіліся грунтоўныя даследаванні па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства (Х. Ю. Бейлькін, П. Р. Казлоўскі, Л. П. Ліпінскі, В. І. Мялешка, В. П. Панюціч, Дз. Л. Пахілевіч, М. М. Улашчык, М. Б. Фрыдман, В. У. Чапко), прамысловасці, гарадоў і рабочага класа (3. Е. Абезгаўз, М. Ф. Болбас, М. Р. Матусевіч, А. М. Люты), грамадскай думкі і нацыянальнай культуры (С.Х. Александровіч, Я. І. Карнейчык, Г. В. Кісялёў, У. М. Конан, А. С. Майхровіч, А. В. Мальдзіс), рэвалюцыйнага руху (М. В. Біч, П. І. Брыгадзін, Я. І. Бугаёў, А. І. Воранава, Е. П. Лук'янаў, Э. М. Савіцкі, Ц. Е. Саладкоў, К. І. Шабуня), Заходняй Беларусі (М. С. Арэхва, П. І. Зялінскі, У. Ф. Ладысеў, А. А. Мацко, І. В. Палуян, У. А. Палуян) і інш. Шмат увагі надавалася вывучэнню савецкага перыяду: Кастрычніцкай рэвалюцыі (У. Р. Івашын, І. М. Ігнаценка, С. З. Пачанін, П. Ц. Петрыкаў, П. К. Селіванаў, М. М. Смалянінаў, М. С. Сташкевіч), індустрыялізацыі і калектывізацыі (К. К. Герман, М. Я. Завалееў, М. І. Злотнік, У. К. Коршук, І. Я. Марчанка, У. М. Міхнюк, А. М. Сарокін, А. А. Філімонаў), Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі (А. А. Каваленя, Р. Р. Кручок, У. І. Лемяшонак, А. М. Літвін, Я. С. Паўлаў, А. Ф. Хацкевіч), пасляваеннага развіцця эканомікі і культуры (А. П. Белязо, М. П. Касцюк, Л. М. Лыч, У. І. Навіцкі, В. М. Фамін) і інш. Якасна новы перыяд у развіцці беларускай гістарыяграфіі пачаўся на пераломе 80–90-х гадоў у сувязі са станаўленнем суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Была ліквідавана манаполія ў гістарычнай навуцы ідэалагічных структур КПСС – КПБ і марксісцка-ленінскай метадалогіі. У айчынную гістарыяграфію вярталіся імёны, распрацоўваліся раней закрытыя тэмы, звязаныя са станаўленнем і развіццём беларускага нацыянальнага руху, абвяшчэннем БНР, палітычнымі рэпрэсіямі, гісторыяй беларускай эміграцыі. Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь арганізаваў выданне "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" у 6 тамах. Убачылі свет "Нарысы гісторыі Беларусі", энцыклапедыя “Вялікае княства Літоўскае”, энцыклапедыя “Беларускі фальклор” і інш. З’явілася новае пакаленне моладзі і таленавітых гісторыкаў у працах якіх разглядаюцца шматгранныя працэсы гістарычнага развіцця Беларусі са старажытных часоў і да нашых дзён. У гэты час адраджаецца нацыянальны змест гістарычнай адукацыі, распрацавана яе канцэпцыя ў сярэдняй школе, выдадзены базавыя праграмы і вучэбныя дапаможнікі па айчыннай гісторыі, перабудоўваецца навучанне на гістарычных факультэтах ВНУ.
Дата добавления: 2014-01-06; Просмотров: 1730; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |