Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 1. Уводзіны ў дысцыпліну “Гісторыя Беларусі”

 

Пытанні

1. Гісторыя як навука. Метады і прынцыпы яе вывучэння

2. Гістарычная перыядызацыя

3. Цывілізацыя як стадыя развіцця грамадства і яе тыпы

4. Прадмет вывучэння гісторыі Беларусі, гістарыяграфія

і крыніцы па вывучэнні гісторыі Беларусі

 

1. “Гiсторыя” – у перакладзе з грэчаскай мовы – апавяданне аб мiнулых падзеях. Яе заснавальнікам лічыцца Герадот (484—425 гг. да н. э.). Яна вывучае ход i заканамернасцi развiцця чалавечага грамадства ў мiнулым. Аб’ектам яе пазнання з’яўляецца працэс і вынікі жыццядзейнасці людзей у сацыяльнай, матэрыяльнай і духоўнай сферах.

У адпаведнасці з існуючай класіфікацыяй, усе навукі падзяляюць на грамадскія, гуманітарныя, натуральныя і тэхнічныя, але толькі першыя дзве іх групы заняты вывучэннем чалавека. Прычым, аб'ектам даследавання грамадскіх навук з’яўляецца грамадская супольнасць, а гуманітарных – чалавек, сферы яго духоўнай, разумовай, маральнай, культурнай і грамадскай дзейнасці. Такім чынам, і грамадскія, і гуманітарныя навукі па аб'екце, предмеце і метадалогіі вывучэння часта атаясамляюцца або перасякаюцца паміж сабою, а таксама проціпастаўляюцца натуральным і дакладным навукам.

Пры гэтым гісторыю цяжка залічыць у склад толькі грамадскіх або толькі гуманітарных навук, бо яна ўбірае ў сябе звесткі аб усіх суб’ектах жыццядзейнасці людзей (ад асобных індывідаў да цывілізацыйных супольнасцей) у мінулым. На думку асобных навукоўцаў, яна можа разглядацца як самастойная (прамежкавая) навуковая галіна. З гуманітарных навук найбольш часта гісторыя перасякаецца з філасофій, паліталогіяй, правазнаўствам, культура-логіяй; з грамадскіх – з эканомікай, сацыялогіяй, этнаграфіяй.

Гісторыя – навука канкрэтная, якая патрабуе дакладных імёнаў, дат, фактаў, падзей. Прадметам яе вывучэння з’яўляецца ўся жыццядзейнасць грамадства ў мінулым, на працягу ўсяго гістарычнага працэсу. Значнасць гістарычнай навукі найлепшым чынам вынікае з тых функцый, якія яна адыгрывае ў любой дзяржаве, зацікаўленым у высокім інтэлекце, маральным здароўі, разітых якасцях грамадзянскасці і патрыятызму сваіх жыхароў. У пэўнай ступені гэта мае дачыненне да гісторыі Беларусі.

З’яўленне гiстарычнай навукi было выклiкана патрэбай грамадства ў асэнсаваннi cвайго мiнулага, вызначэннi будучыні, а таксама выхаванні падрастаючых пакаленняў. Да Новага часу працы гісторыкаў не былі свабоднымі ад уздзеяння рэлігіі і ўплыву панаваўшых эліт, мелі апісальны характар, абапіраліся не толькі на факты, але і міфы. З аўтарскіх прац вынікала ідэя аб вызначальнай ролі манархаў, тыранаў, дэспатаў або боскіх сіл у станаўленні і развіцці чалавечых супольнасцей.

У ХІХ стагоддзі, калі чалавечая думка ў галіне антрапалогіі, археалогіі, біялогіі, сацыялогіі, этнаграфіі і інш. прасунулася далёка наперад, гісторыя набыла статус паўнавартай навукі з ўласцівымі ёй сістэмай метадаў (метадалогіяй) і прынцыпаў (агульнымі правіламі) вывучэння мінулага. Асобныя правілы сталі фарміравацца яшчэ ў старажытнасці. Пачатак выкарыстання навуковых метадаў у вывучэнні мінулага належыць Фукідыду (460-400 да. н. э.), які лічыў гісторыю вынікам выбару і ўчынкаў людзей, а не багоў. Ён прытрымліваўся храналагічнага прынцыпу ў асвятленні падзей і нейтральнага пункту гледжання на іх. Рымскі палітык Цыцэрон (106-43 да н. э.) адзначыў, што першая задача гісторыка – утрымлівацца ад хлусні, другая – не хаваць праўды, а трэцяя – не быць прадузятым. Але гэта нялёгка, бо ўсе гісторыкі як сыны свайго часу сваімі працамі стараліся або былі вымушаны дагадзіць пануючым уладам і тагачасным грамадскім густам. Сапраўды, у час панавання КПСС эталонам якасці даследчыцкай працы, незалежна ад разглядаемай эпохі або сферы дзейнасці людзей, служыла выкарыстанне гісторыкам прынцыпу партыйнасці.

У нашы дні для таго, каб мінімізаваць даследчыцкі суб’ектывізм, да гістарычнай працы прад’яўляюцца высокія патрабаванні – і ў першую чаргу па выкарыстанні навуковых метадаў. У мэтах усебаковага і аб’ектыўнага раскрыцця гістарычнага працэсу, а таксама лакальных яго асаблівасцяў, існуюць агульнанавуковыя (аналіз, сінтэз, індукцыя і інш.) і спецыфічныя (гісторыка-генетычны, параўнальны, праблемна-храналагiчны, тыпалагiчны, храналагічны і інш.), запазычаныя з іншых навук (сістэмны, статыстычны, контэнт-аналіз і інш.) метады.

Агульнапрызнанымі прынцыпамі гістарычных даследаванняў з’яўляюцца аб’ектыўнасць і гістарызм, а таксама сацыяльны і аксіялагічны падыходы. Рэалізацыя першага прынцыпу забяспечвае праўдзівы, незалежны ад аўтарскіх сімпатый ці антыпатый, абгрунтаваны погляд на факты і з’явы. Рэалізацыя другога дазваляе прасачыць тыя ж факты ці з’явы ў дынаміцы, у атачэнні тагачасных рэалій і сувязяў з іншымі суб’ектамі гістарычнага працэсу. Сацыяльны падыход дае магчымасць ацэньваць факты і з’явы з пункту гледжання носьбітаў тых ці іншых (сацыяльных, класавых, канфесійных і г. д.) інтарэсаў. Аксіялагічны падыход дазваляе ацаніць мінулае з пункту гледжання агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцяў, што мае асаблівую значнасць для вывучэння ўсходнеславянскай цывілізацыі і беларускага этнасу, у прыватнасці.

Гiсторыя як навука ў працэсе свайго развiцця падзялiлася на цесна звязаныя памiж сабой спецыялiзаваныя часткi. Паводле асобных падыходаў, гiсторыю грамадства на аснове характэрных рыс прынята падзяляць на эпохi: гiсторыю першабытнага грамадства, антычную, сярэдневяковую, новая і навейшую. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на больш дробныя перыяды: паводле прасторава-геаграфiчнага прынцыпу, калi вылучаецца рэгiянальная гiсторыя вялiкiх, звязаных памiж сабой рэгiёнаў (гiсторыя Еўропы, Лацiнскай Амерыкi) i гiсторыi асобных краiн i народаў (гiсторыя Беларусі, Расii, Украіны); паводле комплексных праблем, калi даследуюцца з’явы, уласцiвыя групам краiн i народаў (гiсторыя Адраджэння, Рэфармацыi, Асветніцтва); у залежнасцi ад таго, якi бок або з’ява грамадскага жыцця вывучаюцца, вылучаюць сацыяльна-эканамiчную, палiтычную, ваенную гісторыю, гісторыю дойлідства, дыпламатыі, мастацтва i iнш. Акрамя таго, да гiстарычнай навукi адносяць спецыяльныя (дапаможныя) гiстарычныя дысцыплiны: археаграфiя, баністыка, генеалогія, геральдыка, метралогія, нумiзматыка, сфрагістыка, та-панiмiка, храналогія i iнш. Самастойнае месца займаюць спецыяльныя гiстарычная навукi археалогiя, этнаграфiя і гiстарыяграфiя.

Такім чынам, у нашы дні гісторыя – не здабытак асобных навукоўцаў, а вынік працы навуковых калектываў кафедр і цэлых інстытутаў.

 

2. Гiсторыя мае сваю сiстэму вымярэння мiнулага – перыядызацыю. Пад час знаходжання нашай рэспублiкi ў складзе СССР у гiстарычнай навуцы панавала так званая фармацыйная перыядызацыя, у адпаведнасці з якой лічылася, што чалавецтва праходзіла 5 стадый развіцця (фармацый) – першабытнаабшчынную, рабаўладальніцкую, феадальную, капіталістычную і сацыялістычную. Але зараз вядома, што ва ўсходніх славян рабаўладальніцкай стадыі не існавала, а з крахам сацыялізму гісторыя не спынілася, а працягвае развівац- ца, таму азначаная перыядызацыя прызнана недасканалай.

Сучасная перыядызацыя гісторыі Беларусі грунтуецца на цывілізацыйным падыходзе і мае наступны выгляд:

1. Старажытнае грамадства (40 тыс. да н. э. – V cт. н. э.). Гэты перыяд падзяляецца на 3 этапы: каменны век (40–3 тыс. да н. э.), бронзавы век (ІІ - пачатак І тыс. да н. э.); жалезны век (пачатак І тыс. да н. э – V cт. н. э.).

2. Сярэднявечча (канец V – ХV cт.). Гэты перыяд падзяляецца на 2 эта-пы: пачатак пераходу да класавага грамадства i ўзнiкненне дзяр- жаўнасцi (VI – першая палова ХIII ст.); развiццё феадальнай сicтэмы (сярэдзiна ХIII-ХV cт.)

3. Новы час (ХVI – пачатак ХХ cт.). Гэты перыяд падзяляецца на 2 эта-пы: афармленне феадальнай сiстэмы i выспяванне яе крызiсу (ХVI - канец ХVIII cт.); генэзiс i зацвярджэнне капiталiзму; выспяванне крызiсу буржу-азнага грамадства (канец ХVIII ст. – 1917 г.)

4. Навейшы час (1918 г. – да нашых дзён)

 

3. Працяглы час пры вывучэнні гісторыі выкарыстоўвалася своеасаблівая сістэма прынцыпаў, падыходаў і метадаў, названая марксісцка-ленінскай метадалогіяй. У яе аснову была пакладзена канцэпцыя фармацый нямецкага філосафа К. Маркса (1818–1883), які выказаў думку аб гістарычным працэсе як паслядоўнай змене спосабаў вытворчаці, абумоўленай барацьбой прыгнечаных класаў супраць эксплуататараў. Па К. Марксу класавая барацьба прычынялася да сацыяльных рэвалюцый, якія, у сваю чаргу з’яўляліся свайго кшталту “лакаматывамі гісторыі”. Такім чынам, класавая барацьба выглядала асноўнай рухаючай сілай грамадскага прагрэсу, а змена фармацый выглядала аб’ектыўным, фатальна непазбежным працэсам, дзе роля саміх людзей адыходзіла на другі план.

У адпаведнасці з фармацыйнай тэорыяй кожнае канкрэтна-гістарычнае грамадства можна разглядаць як сістэму, але за межамі аналізу непазбежна застаецца шматукладнасць эканомікі, якая абумоўлівае шматварыянтнасць развіцця грамадства, а не ўцісквае яго ў “пракрустава ложа” фармацыі.

Нарэшце, як высветлілася, прадказаная К. Марксам пагібель капіталістычнай фармацыі аказалася заўчаснай, і ў адрозненні ад сацыялістычнай, яна (фармацыя) не вычарпала сябе, а выявіла вялікія ўнутраныя рэзервы для далейшага развіцця. Такім чынам, панаваўшая ў савецкія часы марксісцка-ленінская метадалогія гістарычных даследаванняў, якая патрабавала ад даследчыкаў першаступеннай увагі да прынцыпу партыйнасці, выявіла сваю недасканаласць.

Новы, цывілізацыйны падыход быў запазычаны ў заходніх навукоўцаў, якія з пачатку мінулага стагоддзя выкарыстоўвалі яго для вывучэння гісторыі чалавечага грамадства. Нягледзячы на пэўныя разыходжанні ў вызначэнні тэрміну “цывілізацыя”, сам падыход у асэнсаванні гісторыі чалавечага грамадства, які атрымаў назву цывілізацыйнага, вельмі прадукцыйны: ён пазбаўлены акцэнтацыі на класава-вытворчыя адносіны; у яго аснове чалавек у сукупнасці яго інтарэсаў, ведаў і волі; пры такім падыходзе рухаючай сілай прагрэсу з’яўляецца рост матэрыяльных і духоўных патрэб чалавека.

Да пачатку XX ст. у заходняй і рускай гістарыяграфіі стала складвацца канцэпцыя «лакальнай цывілізацыі», што атаясамлівалася з нацыянальнай культурай, якая існуе на працягу доўгага часу, мае больш ці менш выразныя тэр­ытарыяльныя граніцы і характарызуецца асобым, непаўторным шляхам развіцця. Гэта канцэпцыя, найбольш выразна сфармуляваная ў 1920 –1930-я гг. у працах нямецкага філосафа і гісторыка О. Шпенглера (1880 – 1936) і англійскага гісторыка і сацыёлага А. Тойнбі (1889-1975). Яна дазваляе прасачыць сусветна-гістарычны працэс як мультылінейнае цыклічнае развіцце асобных культур (або «лакальных цывілізацый»), калі сусветная гісторыя разглядаецца як сукупнасць асобных цывілізацый – канкрэтных грамадстваў, лакалізаваных у часе (па вертыкалі) і прасторы (гарызанталі), у іх ліку аграрна-традыцыйную (рабаўладальніцкае і феадальнае грамадства), індустрыяльную (капіталізм) і постіндустрыяльную. Гістарычныя супольнасці вызначаюцца па культурным або толькі рэлігійным прынцыпе, па відах выкарыстання чалавекам энергіі (даіндустрыяльная і постіндустрыяльная), па тыпу развіцця (традыцыйныя і ды­намічныя), нарэшце, па прасторава-часовых характары­стыках.

Але адзінага падходу да вызначэння паняцця «цывілізацыя» не існуе. Хіба што, калі разглядаць гісторыю чалавечых супольнасцей “па гарызанталі”, г. зн. у розных частках сусвету і ў адзін час, то пад цывілізацыяй трэба разумець колькасна вялікія, якасна разнастайныя і самадастатковыя супольнасці людзей, з уласцівымі ім светапоглядам, ментальнасцю, сістэмай каштоўнасцяў і культурай; своеасаблівай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай арганізацыяй. У сваім развіцці яны праходзяць стадыі фарміравання, станаўлення, росквіту, заняпаду і пагібелі. Можна меркаваць, што ў цяперашні час завяршается эра лакальных цывілізацый, якія разглядаюцца як часовая, гістарычна абмежаваная з'ява. Адно з важнейшых пытанняў бягучага стагоддзя — гэта фарміраванне адзінай сусветнай цывілізацыі.

Распачатае пераадоленне догмаў і штампаў, арыентацыя на агульначалавечыя каштоўнасці непазбежна выводзяць гісторыка на цывілізацыйны ўзровень аналізу, які, акрамя іншага, дапамагае гуманізаваць гісторыю.

Цывілізацыйны падыход дае магчымасць вывучэння гісторыі як асобнай так і некалькіх краін; спрыяе асэнсаванню асаблівага і агульнага ў гістарычным працэсе; акцэнтуе ўвагу на дзейнасці чалавека як вызначальнай і стваральнай сіле ў гэтым працэсе.

 

4. Прадметам вывучэння гісторыі Беларусі з’яўляецца зараджэнне, станаўленне і развіццё беларускага грамадства (40 тыс. год да н. э. – пачатак 3-га тысячагоддзя). У кола пытанняў, якія падлягаюць разгляду і вывучэнню, уваходзяць найбольш значныя і разнастайныя напрамкі жыццядзейнасці нашых суайчыннікаў – гаспадарчая, сацыяльная, палітычная, ваенная, духоўна-культурная. Асобае месца займаюць праблемы этнічных працэсаў, фарміравання і развіцця беларускай дзяржаўнасці.

Вывучэнне беларускай мінуўшчыны як састаўной часткі ўсходнеславянскай, агульнаеўрапейскай і сусветнай гісторыі дае магчымасць параўнання ўзроўню развіцця беларускага народа, дынамікі яго развіцця, вызначэння месца беларусаў сярод іншых народаў.

У ліку першых, хто паклаў пачатак вывучэнню гісторыі Беларусі, былі прафесары Віленскага універсітэта М. Баброўскі, Даніловіч, Нарбут, Ярашэвіч. Яны пакінулі працы аб Вялікім княстве Літоўскім, уніяцтва і інш. Вялікі ўклад ў назапашванне ведаў аб мінуўшчыне ўнеслі браты Тышкевічы і А. Кіркор.

У другой палове ХІХ ст. шматлікія публікацыі П. Шпілеўскага, П. Баброўскага, М. Федароўскага, Е. Раманава, А. Сержпутоўскага, М. Нікіфароўскага і інш. сведчылі аб багатым гістарычным мінулым беларускага народа. Асобныя публікацыі гістарычнага зместу змяшчаліся на старонках “Нашай Нівы”. Нарэшце ў 1910 г. выйшла ў свет «Кароткая гісторыя Беларусі» В. Ластоўскага, які сфармуляваў першую канцэпцыю паходжання беларусаў.

У БССР у 1920-х гг. выйшлі творы У. Ігнатоўскага «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» і «Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецця», якія вывучаліся, адпаведна, ў школе і ў ВНУ. Праца В. Кнорына “1917 год в Белорус-сии и на Западном фронте” лягла ў аснову канцэпцыі сацыялістычнай рэвалюцыі. Дастаткова аргументаваныя погляды на рэвалюцыйныя падзеi 1917 г. уласцівы зборнiку артыкулаў i дакументаў “Кастрычнiк на Беларусi” (Мн., 1927). У ліку важнейшых прац даваеннага перыяду – манаграфіі Д. Дудкова “Аб развіцці капіталізму ў Беларусі ў 2-й палове XIX і пачатку XX ст.” і К. Кернажыцкага “Гаспадарка прыгоннікаў на Беларусі ў канцы XVIII - першай палове XIX ст.”

У часы беларусізацыі намаганнямі З. Жылуновіча, А. Луцкевіча, У. Пічэты, А. Станкевіча, А. Цвікевіча, М. Шчакаціхіна ў нашай рэспубліцы з’явілася шмат гістарычных артыкулаў і манаграфій, але з усталяваннем сталінскай дыктатуры інспiраваная барацьба супраць “нацдэмаў” i iншых “ворагаў народа” прывяла да забароны большасці твораў. Ім за змену прыйшлі новыя, накшталт, “Нарыса гісторыі Беларусі” (Мн., 1934) В. Шчарбакова, заснаваныя на сталінскіх ацэнках гістарычных падзей.

У пасляваенны перыяд і да пачатку перабудовы развіццё беларускай гістарычнай навукі характарызавалася найбольшай увагай да ролі Камуністычнай партыі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Вялікай Айчыннай вайне. Нягледзячы на існаванне ў ёй ідэалагічнага ўціску з боку КПСС-КПБ і панаванне марксісцка-ленінскай метадалогіі, сталі актыўна распрацоўвацца праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі (З. Абезгауз, Ф. Болбас, З. Капыскі), рэвалюцыйнага руху (А. Саладкоў, М. Сташкевіч,) грамадзянскай вайны (І. Ігнаценка, П. Петрыкаў, П. Селіванаў усенароднай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў (Дамарад, Залескі, І. Краўчанка).

Лепшымі на той час творамі былі прызнаны манаграфіі Л. Абецэдарскага, М. Біча, В. Гняўко, Э. Загарульскага, А. Ігнаценкі, І. Ігнаценкі, Н. Каменскай, М. Касцюка, І. Краўчанкі, В. Круталевіча, П. Лысенкі, А. Лютага, Я. Мараша, І. Марчанкі, У. Міхнюка, В. Палуяна, І. Палуяна, П. Петрыкава, Побаля, П. Селіванава, М. Сташкевіча, Філімонава, Шабуні, Г. Штыхава і многіх іншых.

Найбольш плённай и прыкметнай з’яўлялася творчасць акадэміка АН БССР І. Ігнаценкі, творы якога – “Беднейшее крестьянство – союзник пролетариата в борьбе за по­беду Октябрьской революции в Белоруссии” і інш., не страцілі сваёй актуальнасці да цяперашняга часу.

У ліку буйнейшых прац 1960-1980-х гадоў – двухтомная “История Белорусской ССР” і пяцітомная “Гісторыя Беларускай ССР”, чатырохтомная “История рабочего класса Белорусской ССР”, трохтомная “Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Вели-кой Отечественной войны”.

Характэрнай рысай усіх прац, прысвечаных савецкаму перыяду існавання Беларусі, з’яўлялася празмернае ўсхваленне партыі бальшавікоў. Па-сутнасці, гэта была гісторыя партыі.

З пачаткам перабудовы, калі ідэалагічны ўціск КПСС у грамадстве зменшыўся, а з 1991 г. наогул знік, беларуская навука значна пашырыла свой дыяпазон і ўзнялася на значна больш высокі ўзровень. У ліку новых тэм, якія раней па ідэалагічных меркаваннях замоўчваліся або скажаліся, былі Вялікае княства Літоўскае, беларускі нацыянальны рух, сталінскія рэпрэсіі, дзейнасць калабарантаў і многія іншыя. Гэты час вызначыўся выхадам у свет грунтоўных манаграфій А. Вішнеўскага, Г. Сагановіча, М. Ермаловіча, І. Ігнаценкі, А. А. Кавалені, М. Касцюка, А. Краўцэвіча, А. Літвіна, Р. Платонава, А. Сарокіна, З. Шыбекі і інш.

Значным дасягненнем у асэнсаванні беларускай гісторыі зрабілася выданне шасцітомнай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”. Адметнай з’явай у навуцы і адукацыі стаў выхад “Нарысаў гісторыі Беларусі” (1994-1995), чатырохтомнай “Археалогіі Беларусі”, двух тамоў “Гісторыі сялянства” і пяці тамоў “Гісторыі Беларусі” (2000-2006). На іх базе сталі выдавацца навучальныя дапаможнікі для вну. З улікам таго, што ўсе яны яшчэ захоўваюць шмат стэрэатыпаў і ідэалагічных штампаў КПСС, патрэба ў далейшай распрацоўцы нашай мінуўшчыны застаецца актуальнай.

Многае залежыць ад пошуку і выкарыстання гістарычных крыніц – тых ці іншых носьбітаў інфармацыі пра жыццядзейнасць людзей у мінулым. У адпаведнасці з класіфікацыяй, вылучаюць дакументальныя і апавядальныя крыніцы. У сваю чаргу дакументальныя крыніцы складаюцца з заканадаўчых актаў, прывілеяў, указаў, дэкрэтаў, зборнікаў законаў, Канстытуцый, матэрыялаў справаводства, статыстычных матэрыялаў.

Апавядальныя крыніцы ўключаюць у сябе летапісы (“Аповесць мінулых гадоў”, «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Хронікі Бы-хаўца» і інш.) перапіску манархаў і іншых знакамітых асоб, пісьмовыя звароты, справаздачы, перыядычныя выданні. Максімальна ўсебаковаму і аб’ектыўнаму асвятленню гісторыі Беларусі будзе спрыяць выкарыстанне іншых – этнаграфічных, лінгвістычных, тапаграфічных крыніц, кінафотадакументаў.

 

 

Лекцыя 2. Першыя жыхары, этнічныя супольнасці і дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях (40 тыс. год да н. э. – пачатак ІІ тыс. да н. э.)

 

Пытанні

1. Найстаражытнейшае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі.

Матэрыяльная і духоўная культура першабытнага грамадства.

2. Пачатак рассялення славян на тэрыторыі Беларусі

і славянізацыя балтаў.

3. Усходнеславянская супольнасць.

4. Феадальныя адносіны ў Заходняй Еўропе і сацыяльна-

эканамічнае развіцця беларускіх зямель у перыяд ранняга

сярэднявечча. Феадальныя землеўладанне і гаспадарка.

5. Станаўленне ранне-феадальных дзяржаўных утварэнняў

усходніх славян на тэрыторыі Беларусі. Кіеўская Русь.

6. Полацкае, Тураўскае княствы ў ІХ-ХІІІ ст. Іх узаемаадносіны

з Кіевам і Ноўгарадам.

 

1. Гісторыя чалавека налічвае каля 3 млн гадоў. Яго прарадзімай з’яўляецца Усходняя Афрыка, а, магчыма, і Паўднёвая Азія. Каля 1 млн гадоў таму чалавек засяліў поўдзень Усходняй Еўропы і толькi каля 100 тысяч гадоў назад ён пранiк на тэрыторыю Беларусі. Як і паўсюдна, тутэйшае чалавечае грамадства прайшло наступныя стадыі станаўлення і развіцця: 1) першабытны чалавечы статак (праабшчына); 2) ранняя родавая абшчына; З) позняя родавая абшчына; 4) разлажэнне першабытнага грамадства і пачатак утварэння класаў.

У адпаведнасці з археалагічнай перыядызацый і ў залежнасці ад таго, які матэрыял выкарыстоўвалі старажытныя людзі, ранняя гісторыя чалавецтва падзяляецца на 3 наступныя перыяды:

1. Каменны век (3 – 2,5 млн – 3-2 тыс. гадоў да н. э.) (у сваю чаргу падзяляецца на тры этапы – палеаліт, мезаліт і неаліт) на тэрыторыі Беларусі доўжыўся з 40 па 3-2 тысячагоддзя да н. э.

2. Бронзавы век – перыяд у гісторыі чалавецтва, калі ім была вынайдзена бронза і адбывалася яе выкарыстанне. На тэрыторыі Беларусі бронзавы век пачаўся на мяжы 3 – 2 тысячагоддзя і завяршыўся ў І тысячагоддзі да н. э.

3. Жалезны на тэрыторыі Беларусі доўжыўся з VII -VI ст. да н. э. па VIII ст. н. э.

У час з’яўлення на тэрыторыі Беларусі першых жыхароў яе клімат, а таксама флора і фаўна складваліся пад уздзеяннем ледавіка. Каля 100 тыс. год таму ён пачаў рухацца на тэрыторыю Беларусі з боку Скандынаўскага паўвострава, распачаўшы тым самым перыяд апошняга, самага халоднага паазерскага абледзянення, якое скончылася толькі каля 15-га тысячагоддзя да н. э. Нягледзячы на часовыя пацяпленні, зямлю ўвесь час скоўвала вечная мерзлата, на поўдзень прасцiраліся тундра, стэп і лесастэп.

Адпаведным клiмату i раслiннасцi ў час паазерскага абледзянення быў i жывёльны свет, якi складаўся з тыповых прадстаўнiкоў тундры (паўночныя аленi, пясцы, белыя курапаткi), стэпу (зубры, конi, зайцы, лiсы, суслiкi), лесу (аленi, бурыя мядзведзi, казулi). Характэрнымi прадстаўнікамі прыледавiковай фаўны былi маманты i валасатыя (калматыя) насарогi.

Аб існаванні людзей на тэрыторыі Беларусі ў перыяд сярэдняга палеаліту (100 – 40 тысяч гадоў да н. э.) сведчаць знойдзеныя археолагамі каменныя прылады працы на левым беразе Дняпра, каля вёсак Абідавічы Быхаўскага, Свяцілавічы – Веткаўскага, Клеявічы – Касцюковіцкага і Падлужжа – Чачэрскага раёнаў. Гэта былі, у асноўным крамянёвыя скрэблы і адшчэпы універсальнага прызначэння.

На той час антрапагенэз (працэс станаўлення чалавека як біялагічнага віду) яшчэ працягваўся. Узнiкненню сучаснага фiзiялагiчнага тыпу чалавека папярэднiчаў так званы неандэрталец (па назве ракі ў Германіі). Менавіта ён прадстаўляў сабой першых насельнікаў Беларусі, якія аб’ядноўваліся ў невялікія групы з 20-30 дарослых асоб – праабшчыны, і сумеснымі намаганнямі шукалі харчаванне і бараніліся ад звяроў. Іх асноўнымі заняткамі з’яўлялася збіральніцтва ядомых раслін і карэнняў, паляванне і лоўля рыбы. За ўменне вырабляць і выкарыстоўваць прылады працы неандэрталец набыў назву Homo habilis або “чалавек умелы”. Існаванне прысвойваючай гаспадаркі абумоўлівала яго вандроўны лад жыцця. Каб выжыць ва ўмовах халоднага клімату, чалавек навучыўся карыстацца агнём, вырабляць адзенне са скуры і меху забітых звяроў, з касцей мамантаў і аленяў будаваць жытло са скураным покрывам. Адметнай асаблівасцю, якая аддзяляла людзей ад жывёльнага свету, была іх мэтанакіраваная дзейнасць. У першую чаргу, гэта – загоннае паляванне, якое не толькі забяспечвала асноўную колькасць прадуктаў і сыравіны, але і значна ўмацоўвала праабшчыну, развівала мысленне і мову яе членаў. Характэрнай рысай сацыяльнага прагрэсу неандэртальцаў стала з’яўленне ў іх рэлігійных уяўленняў, як правіла, у форме надання нежывым прадметам звышнатуральных уласцівасцей (фетышызм). Аб тым сведчаць знойдзены сляды пахаванняў суродзічаў з адпаведнымi магiчнымi рытуаламi. Да нас дайшлi таксама першыя ўзоры мастацкай, найперш арнаментальнай, творчасцi тагачасных жыхароў.

Такім чынам, у сацыяльным плане каля 40 тыс. год да н. э. чалавек прасунуўся ад праабшчыны да раннеродавага абшчыннага ладу, але па невядомых прычынах знік з гістарычнай арэны. Прыкладна да гэтага ж часу, 40–35 тысячагоддзяў таму, гэта значыць, да позняга (верхняга) палеаліту сфарміраваўся чалавек сучаснага фізічнага тыпу – Homo sapiens – “чалавек разумны” або краманьёнец (па назве мясцовасці ў Францыі). Іх прылады працы з крэменю вызначаліся большай дасканаласцю і разнастайнасцю, а ў ліку іншых матэрыялаў з’явіліся косць і рог.

Самыя старажытныя паселiшчы краманьёнцаў на Беларусi, якія адносяць да палеалiту, адкрыты каля вёскі Юравiчы, Калiнкавiцкага раёна, на р. Прыпяць (датавана 26 470 ± 420 гадамі) і каля вёсак Падлужжа (каля Бердыжа) Чачэрскага раёна, на р. Сож (23 430 ± 180 гадоў). Сярод знаходак – рэшткі каркасаў жытла, крамянёвыя востраканечнікі, нажы, скрабкі, праколкі, наканечнікі коп’яў інш. Асобныя касцяныя вырабы былі аздоблены арнаментам у выглядзе шасцікутнікаў і зігзагападобных рысак. Відавочна, што апрацоўка каменю і косці значна ўдасканаліліся. Прысвойваючая гаспадарка з яе асноўнымі заняткамі людзей – загонным паляваннем, збіральніцтвам і лоўляй рыбы – па-ранейшаму заставалася нязменнай.

Асноўнай сацыяльна-гаспадарчай адзінкай з’яўляўся калектыў родзічаў – род, які складаўся з некалькіх абшчын, размешчаных на асобных стаянках. Маёмасць, тэрыторыя для палявання, збіральніцтва і лоўлі рыбы, здабытае харчаванне належала ўсяму роду. Пры гэтым жанчына мела асобы статус: менавіта па яе лініі вялася роднасць, а шлюбныя адносіны паміж блізкімі родзічамі забараняліся (экзагамія). З гэтай нагоды дарослыя мужчыны мусілі шукаць пару ў іншай родавай абшчыне.

Гаспадарчыя заняткі людзей, удасканаленне сацыяльных адносін, назапашванне ведаў аб навакольным асяроддзі фарміравалі адпаведны светапогляд. Спробы чалавека растлумачыць значнасць тых ці іншых прыродных з’яў (гром, маланка, дождж, цень, адлюстраванне ў вадзе), аб’ектаў (сонца, месяц, зоркі, камяні-валуны), а таксама фізіялагічныя працэсы (сон і снобачанне, дыханне, смерць) трансфарміраваліся ў рэлігійныя ўяўленні: веру ў існаванне душы (анімізм), духаў (аніматызм), звышнатуральную значнасць для рода той ці іншай жывёлы ці расліны (татэмізм). Каб душы продкаў былі задаволены, а паляванне або лоўля рыбы ўдалымі, узнікла патрэба ў правядзенні магічных абрадаў. З цягам часу функцыя іх арганізатара засяродзілася ў руках аднаго з суродзічаў – мага (вешчуна, калдуна, шамана і г.д.).

15 тысячагоддзяў таму ў вынiку пацяплення ледавiк пачаў адступаць на поўнач. Праз тысячу гадоў з канчатковым таяннем ледавiковага покрыва заканчваецца i ледавiковая эпоха. Паўсюдна тэрыторыя Беларусi стала засяляцца людзьмі. Асноўныя аб’екты іх палявання – мамант і калматы насарог вы-мерлі або адступілі на поўнач, а іх месца занялі паўночныя алені. 10 тысяч год таму ўсталяваўся сучасны, умерана кантынентальны клімат, а таксама су-часныя флора і фаўна.

З’яўленне лясных масіваў, шматлікіх рэк, азёр, балот, а разам з імі – пра-дуктаў палявання, збіральніцтва і рыбалоўства значна павялічылася. Пры гэ-тым асноўны занятак людзей – загоннае паляванне саступіла месца больш прагрэсіўнаму метаду – паляванню індывідуальнаму. Значным чынам таму паспрыяла вынаходніцтва луку і стрэл, а таксама выкарыстанне дроцікаў і іншых метальніцкіх прылад. У гэты ж час чалавек прыручыў сабаку, які дапамагаў у паляванні на звяроў і птушак, а таксама ў ахове чалавечага жытла. Адпаведным чынам у рацыёне мезалітычнага чалавека павялічылася доля рыбы, якая здабываліся з дапамогай касцяных гарпуноў і кручкоў, плеценых кашоў і сетак. Вялікім вынаходніцтвам чалавека зрабіліся плыты і чаўны, якія сталі выкарыстоўвацца як для лоўлі рыбы, так і ў якасці транспартнага сродку.

Лясныя масівы, акрамя паляўнічых мэтаў, служылі месцам збіральніцтва ягад, грыбоў, насення, лекавых траў, мёду і інш. прадуктаў, а таксама нарыхтоўкі будаўнічых матэрыялаў (бярвенняў, жэрдак, кары) і паліва.

Канцэнтрацыя сродкаў харчавання ў параўнаўча лакальнай прасторы адкідвала патрэбу чалавека ў перамене месца жыхарства. Цяпер насельніцтва, як правіла, рабілася пастаянным (аўтахтонным), будавала паселішчы паблізу ад вадаёма, на ўзвышшы берагоў Дняпра, Нёмна і Прыпяці.

Колькасць насельніцтва ўзрасла, аб чым сведчыць каля 120 знойдзеных мезалітычных стаянак. Родавыя абшчыны больш цесна кантактавалі паміж сабою, утвараючы сваяцкія супольнасці – плямёны, якія пражывалі на адной тэрыторыі, мелі агульныя рысы матэрыяльнай і духоўнай культуры.

На V-ІІ тысячагоддзе да н. э. прыпадае на час найвышэйшага развіцця родавай абшчыны і завяршальнага этапу каменнага веку – неаліту. Прысвойваючая гаспадарка, заснаваная на збіральніцтве, паляванні і рыбнай лоўлі, абапіралася на ўдасканаленыя прылады працы і спосабы здабычы прадуктаў. На якасна новы ўзровень узнялася апрацоўка каменю, дрэва, косці, скуры. З’явіліся інструменты для рэтушавання, шліфавання і нават свідравання каменю. Сякеры, нажы, наканечнікі стрэл і дзідаў набылі функцыянальна прызначаныя формы. Як сведчаць раскопкі каля пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна, попыт на крэмень абумовіў яго здабычу шахтавым метадам. Магчыма таксама, што здабыты камень, а таксама вырабленыя з яго прылады працы, шляхам абмену траплялі да іншых плямёнаў.

Прыблізна паміж ІУ і ІІІ тысячагоддзямі да н. э. на паўднёвым захадзе Беларусі ў плямён нёманскай і днепраданецкіх культур збіральніцтва злакавых раслін абумовіла вынаходніцтва прымітыўнага (матычнага або агароднага) земляробства. Акрамя таго, прагрэс у паляванні прычыніўся да ўзнікнення ў асобных плямёнаў новага спосабу атрымання харчовых прадуктаў – жывёлагадоўлі. Такім чынам, новыя заняткі людзей абумовілі паступовы пераход ад прысвойваючай гаспадаркі да вытворчай. Гэты якасна новы этап у гісторыі чалавецтва прынята называць неалітычнай рэвалюцыяй.

З пачаткам вытворчай і ўдасканаленнем прысвойваючай гаспадарак колькасць разнастайных прадуктаў харчавання значна павялічылася, што стварыла магчымасць назапашвання асобных іх відаў, асабліва, злакавых у якасці насення для пасеваў. У сваю чаргу гэта выклікала патрэбу ў ёмістасцях для іх захавання ад псавання і грызуноў. Такім чынам, быў вынайдзены гліняны посуд, які пасля абпальвання ў агні набываў зусім новыя якасці, у прыватнасці, прыдатныя для прыгатавання ў ім ежы на адкрытым вогнішчы.

Вынаходніцтва керамікі – першага ў свеце штучнага матэрыялу значна палепшыла не толькі матэрыяльны, але і духоўны ўзровень жыцця чалавека. Аздоблены арнаментам посуд, фігуркі жывёл і людзей сведчылі аб пашырэнні яго светапогляду, з’яўленні новых рэлігійных і эстэтычных уяўленняў. Такім жа значным вынаходніцтвам зрабілася ткацтва, якое дазволіла вырабляць адзенне на цёплы час года.

Пад уздеяннем вялікіх гаспадарчых і духоўных перамен родавая арганізацыя дасягнула свайго росквіту. Узмацненне сувязяў паміж родавымі абшчынамі і павелічэнне ліку родзічаў прычынілася да эндагаміі – звычаю абавязковага для мужчын шлюбу толькі з жанчынамі свайго племені, што значна спрыяла яго кансалідацыі, выпрацоўцы адзінай мовы, традыцый, духоўных каштоўнасцей.

Да абшчыннай і родавай форм уласнасці дадалася племянная. Але па-ранейшаму панавалі калектыўныя формы працы. Развіццё усіх форм прысвойваючай і вытворчай гаспадарак станоўча адбіваўся на дэмаграфічнай сітуацыі, аб чым, у прыватнасці, сведчыць больш 600 знойдзеных археолагамі неалітычных паселішчаў, дзе маглі пражываць каля 5-6 тыс. чал.

Плямёны, якія пражывалі ў адным арэале, складвалі пэўныя этнакультурныя супольнасці з уласцівымі ім прыладамі працы, тэхналогіі вырабу і арнаментацыі керамікі, тыпу жытлаў, спосабах пахаванняў памерлых і г. д.

У гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі існавалі плямёны нёманскай, днепра-данецкай, нарвенскай і верхнядняпроўскай (рагачоўскай) культур.

У ІІІ тысячагоддзі да н. э. на стан і тэндэнцыі развіцця родаплемянной арганізацыі грамадства паўплывалі буйнамаштабныя міграцыйныя працэсы, якія адбываліся ў Азіі і Еўропе. Пад уздзеяннем “дэмаграфічнага выбуху” з Індыі ў Заходнюю Еўропу рушылі плямёны жывёлаводаў і земляробаў. На тэрыторыі Беларусі першымі іх прадстаўнікамі зрабілася племя так званай “шнуравой керамікі”. Прышэльцы рассяляліся на не занятых неалітычнымі плямёнамі землях, заняліся жывёлагадоўляй і падсечным земляробствам. У адрозненне ад абарыгенаў, яны валодалі вырабамі з бронзы (наканечнікі стрэл, кінжалы, сякеры, упрыгожанні і інш.), а таксама майстэрствам яе апрацоўкі. З узнікненнем абменнага гандлю з Каўказа і Прыкарпацця на тэрыторыю Беларусі сталі трапляць неабходныя для вырабу бронзы медзь і волава, тым не менш яна істотна не паўплывала на гаспадарчую сферу, а рабілася здабыткам родавай і племянной вярхушкі. У той самы час выкарыстанне традыцыйных матэрыялаў для вырабу прылад працы, асабліва каменных, дасягнула значнага прагрэсу. Так, археолагамі знойдзены сякеры з граніту, па тэхніцы апрацоўкі прызначаныя для розных заняткаў. Павялічыліся колькасць і асартымент керамічнага посуду – пласкадоннага, слоікападобнага, багата арнаментаванага.

Вытворчы характар гаспадаркі абумовіў размяшчэнне паселішчаў, зручнае для жывёлагадоўлі і падсечнага земляробства. Жытло мела напалову зямлянкавую і слупавую канструкцыю і аздаблялася ачагом. Павелічэнне прадукцыйнасці працы вяла да яе індывідуалізацыі. Пры захаванні агульнародавай уласнасці працэс накаплення прылад працы і атрыманых прадуктаў набыў тэндэнцыю да канцэнтравання ў распараджэнне асобных сем’яў на чале з мужчынам, сацыяльная роля якога ў гэты час значна ўзрасла. Цяпер жанчына, беручы шлюб, мусіла пераходзіць у чужы род. Імкненне мужчыны як главы сям’і абмежаваць колькасць карыстальнікаў і спажыўцоў сямейнай маёмасцю толькі дзецьмі і іншымі бліжэйшымі родзічамі прымушала яго весці асобную ад іншых членаў рода гаспадарку. Вядома ж, у новых умовах роднасць стала весціся па мужчынскай лініі. Вялікая патрыярхальная сям’я складалася з яе галавы (бацькі), жонкі, а таксама жанатых сыноў і іх дзяцей. Распад родавых абшчын на вялікія патрыярхальныя сем’і паслужыў першам этапам яе разлажэння, які ўзмацняўся іх маёмаснай няроўнасцю.

Акрамя таго, сталі разбурацца існаваўшыя тэрытарыяльныя межы пражывання родаў. Для кіравання новай, тэрытарыяльнай абшчынай спатрэбілася вылучэнне адмысловай групы людзей – патрыярхальнай знаці. У гэты ж час назіраецца рост ваенных сутыкненняў паміж родамі і плямёнамі за перадзел агульнай і захоп чужой маёмасці. Адпаведна ўзрасла роля мужчын-воінаў. З іх удзелам адбывалася абмеркаванне родавых спраў, абранне старэйшын, вызначэнне адносін з суседнімі тэрытарыяльнымі абшчынамі. Такі гра-мадскі лад мае назву ваеннай дэмакратыі. Павелічэнне ваенных сутыкненняў абумовіла з’яўленне адмысловых паселішчаў, ўмацаваных абарончымі пабудовамі, – гарадзішчаў.

Напрыканцы бронзавага веку на Беларусі пражывалі плямёны, якія належалі да чатырох археалагічных культур – сярэднедняпроўскай, “шнуравой керамікі”, вісла-нёманскай і паўночна-беларускай.

Да сярэдзіны І тысячагоддзя да н. э. на тэрыторыі Беларусі была вынайдзена металургія жалеза, заснаваная на яго выплаўцы з бурага жалезняку ў гліняных домніцах. Металургі, як правіла, з’яўляліся і кавалямі, якія валодалі майстэрствам вырабу з жалеза неабходных прылад працы. У ліку найбольш запатрабаваных з’яўляліся сякера, нарогі для сахі, матыка, серп і інш. Істотна палешыліся зброя для палявання і ваеннай справы. Новыя прылады працы і зброя паступова выцесніла ранейшыя, каменныя вырабы.

Выкарыстанне жалезных прылад працы адкідвала неабходнасць апрацоўкі зямлі ўсім родам, сумеснага нагляду за статкам, палявання і г.д. Патрыярхальная сям’я канчаткова ператварылася ў асноўную вытворчую адзінку, а сямейная ўласнасць замяніла ўласнасць абшчынную і родавую. У сваю чаргу і патрыярхальная сям’я набыла тэндэнцыю да колькаснага змяншэння і падзелу на больш дробныя. У працэсе вытворчых і сацыяльных перамен паміж сем’ямі ўзмацнялася няроўнасць, што яшчэ больш спрыяла разлажэнню першабытнага ладу. Замест родавых адносін усталёўваліся адносіны эканамічныя. Апаведна і родавая абшчына канчаткова саступіла месца абшчыне суседскай, на аснове якой у далейшым пачалося фарміраванне класавага грамадства.

Значны прагрэс у гаспадарцы суправаджаўся істотнымі зменамі ў светапоглядзе і духоўнай культуры людзей. З пераходам да жалезных прылад працы каменным сякерам надаваўся сакральны сэнс. Вялікія валуны зрабіліся аб’ектамі пакланення (фетышызм). Па-ранейшаму заставаліся вера ў душу (анімізм), духаў (аніматызм), абаронцаў або ворагаў роду (татэмізм). Узрастанне ролі земляробства і жывёлагадоўлі прывялі да ўзнікнення антрапаморфных і зааморфных культаў (язычніцтва), адмысловых месцаў – (капішчаў), дзе адбываліся рытуалы з прынясеннем ахвяр (магія).

Да жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі археолагі адносяць плямёны мілаградскай, паморскай, зарубінецкай, днепра-дзвінскай культур, штрыхаванай керамікі, якія стварылі аснову для ўзнікнення балцкай этнічнай супольнасці.

 

2. Першыя звесткі пра славян адносяць да I–II ст., але сам этнонім прыгадваецца толькі ў пісьмовых крыніцах УІ ст. Пытанне радзімы славян застаецца нявырашаным. Мяркуюць, што ёй магло быць міжрэчча Віслы і Одэра. У ІІ-ІУ стагоддзях пад уздзеяннем “вялікага перасялення народаў” славяне з захаду сталі рассяляцца па Усходняй і Паўднёвай Еўропе. Аб іх з’яўленні на паўднёвай тэрыторыі Беларусі сведчаць археалагічныя знаходкі так званай пражскай культуры. У VІ –VІІ ст. асноўнай тэрыторыяй іх пражывання быў басейн Прыпяці. Развіццё земляробства і адсутнасць міжплемянных сутыкненняў змяншала патрэбу ва ўмацаваных паселішчах – гарадзішчах, на змену якім прыйшлі селішчы. Славянскія сем’і будавалі жытло ў выглядзе паўзямлянкі, дзе размяшчалася печ, зробленая з каменю або гліны. Да іншых характэрных прыкмет славянскай культуры адносяць мову, неарнаментаваную кераміку карычневага колеру, абрад трупаспалення і пахаванне гліняных урн з попелам, як правіла, у курганных насыпах, выкарыстанне каменных жорнаў.

У УІІІ-ІХ ст. у выніку каланізацыі славян тэрыторыі пражывання балтаў мясцовае насельніцтва было асімілявана, а праз стагоддзе тут сфарміраваліся новыя этнічныя славянскія супольнасці дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў.

Дрыгавічы займалі поўдзень і сярэдзіну сучаснай Беларусі – ад Прыпяці да Заходняй Дзвіны. Іх пераважна славянская культура была аздоблена элементамі культуры балцкай (спіральныя пярсцёнкі, бранзалеты з выявамі змяіных галоў), а таксама запазычанымі назвамі рэк (Арэса, Лань, Цна).

У назве новай этнічнай супольнасці “дрыгавічы” захаваліся сляды сінтэзу дзвюх культур: балцкі корань (па-літоўску “drёgnas” – сыры, вільготны) і славянскі канчатак (“ічы”). Паводле іншых версій, назва мае патранімічнае (ад імя Дреговит) або прыроднае (ад слова “дрыгва”) паходжанне.

Радзімічы пражывалі на ўсход ад дрыгавічоў, паміж Дняпром і Дзясной, уздоўж басейнаў рэк Сож і Іпуць. У выніку асіміляцыі балтаў яны захавалі славянскую мову і культуру, але ў параўнанні з дрыгавічамі, запазычылі значна больш элементаў культуры балцкай (бранзалеты з выявамі змяіных галоў, спіралевідныя кольцы, касцяныя прывескі ў выглядзе качак).

У назве новай этнічнай супольнасці “радзімічы” таксама захаваліся сляды сінтэзу дзвюх культур: балцкая аснова (па-літоўску “radimas” – месцазнаходжанне) і славянскі канчатак (“ічы”).

Крывічы засялялі поўнач Беларусі і выходзіўшыя за яе межы раёны сучасных Пскоўшчыны і Смаленшчыны). Мова і культура крывічоў з’яўляліся славянскімі. Сляды балцкага субстрату захаваліся ва ўпрыгожаннях (бранзалеты з выявамі змяіных галоў, спіральныя пярсцёнкі, галаўны вянок і інш.). Верагодная версія паходжання назвы гэтай новай этнічнай супольнасці звязваецца з рэльефам мясцовасці (ад літоўскага “kreivas”, “krеіvіs” – крывы, крывізна).

Такім чынам, у VІІІ-Х стагоддзях у выніку асіміляцыі балтаў славянамі на тэрыторыі Беларусі адбылося фарміраванне новых этнічных супольнасцей дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў з адзінай славянскай мовай і ўласцівай усходнім славянам матэрыяльнай і духоўнай культурай.

У славян навакольныя землі, лясы, паша, водныя і іншыя ўгоддзі належалі мясцовай суседскай абшчыне. Тут захоўваліся традыцыйныя спосабы здабычы ежы і сыравіны праз паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва, але па сваёй значнасці яны саступілі месца вытворчай гаспадарцы. Вырошчванне пшаніцы, жыта, проса, пшаніцы, грэчкі, лёну, каноплі і іншых культур давалі магчымасць стабільнага існавання ўсім суродзічам, таму земляробства ператварылася ў іх асноўны занятак, а зямля – у асобую каштоўнасць. Разам з тым пераход ад падсечна-агнявога да ворнага метаду апрацоўкі глебы, выкарыстанне сахі і конскай цяглавай сілы, жалезных сярпоў, кос, іншых прылад значна павысілі прадукцыйнасць працы, што, акрамя іншага абумовіла падзел і замацаванне пэўных участкаў абшчыннай ворнай зямлі за асобнымі вялікімі (патрыярхальнымі) і малымі сем’ямі.

Развядзенне свойскай жывёлы – коней, кароў, коз, свіней, якое адыгрывала важную ролю ў гаспадарчай дзейнасці славян, таксама стала адбывацца сіламі асобных гаспадарак. Натуральна, што не ўсе яны былі аднолькава заможнымі або беднымі. У лепшым стане апынуліся тыя, каму даставаліся лепшыя ўчасткі, а таксама тыя, дзе было больш рабочых рук, дасканалых прылад працы, цяглавай сілы і г. д. У выніку адзіная абшчынная гаспадарка губляе прыкметы агульнасці і распадаецца на некалькі індывідуальных, сямейных. Адбываецца пераход ад родавай абшчыны да сямейнай (суседскай), заснаванай, галоўным чынам, на эканамічных сувязях і інтарэсах.

Эканамічныя пераўтварэнні ў славян абумовілі ўсталяванне і замацаванне ў іх адпаведнай сацыяльнай арганізацыі. Вылучаліся вярхоўны правадыр, савет старэйшын, народны сход. Апошні складаўся з усіх мужчын, здольных насіць зброю. Менавіта сход, а не абіраемы правадыр вырашаў усе асноўныя пытанні, таму час, калі існаваў такі лад, мае назву перыяду ваеннай дэмакратыі, які заставаўся апошняй прыступкай на шляху да ўзнікнення дзяржавы.

Такім чынам, на апошнім этапе першабытнаабшчыннага ладу насельніцтва Беларусі перайшло да вытворчай гаспадаркі і адпаведнай сацыяльнай арганізацыі, стварыўшы перадумовы для ўзнікнення дзяржавы і фарміравання адзінай усходнеславянскай супольнасці.

 

3. Агульнаўсходнеславянскі народ і яго этнічная тэрыторыя пачалі фарміравацца па-за межамі нашай Бацькаўшчыны – у Сярэднім Падняпроўі і Паволхаўі. Зараджэнне новага народа ў гэтых дзвюх аддаленых адна ад адной мясцовасцях адбывалася адначасова – у ІХ–Х ст. Тут у той час былі спрыяльныя ўмовы для больш хуткага развіцця эканомікі, сацыяльных адносін, культуры. Умовы жыцця насельніцтва гэтых мясцовасцей, неабходнасць аб’яднання ў барацьбе супраць знешніх ворагаў таксама садзейнічалі згуртаванню ўсходнеславянскіх этнічных супольнасцей у новы народ.

Этнастваральны працэс у славян Сярэдняга Падняпроўя быў паскораны развіццём вытворчай гаспадаркі, а таксама неабходнасцю абароны ад ваяўнічых качэўнікаў. Вядома, што славяне, у тым ліку радзімічы, плацілі даніну хазарам. Невыпадкова ў гэтым рэгіёне ўзнік новыя паселішчы – гарады, якія ўвасаблялі сабой не толькі месца жыхарства рамеснікаў і гандляроў, а палітычныя і ваенныя цэнтры з адпаведнымі кіруючым органам і ўзброенымі сіламі. Буйнейшым цэнтрам такога кшталту стаў Кіеў.

Другім цэнтрам фарміравання агульнаўсходнеславянскага этнасу і яго тэрыторыі з’яўляліся землі ад вярхоўяў Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі да Фінскага заліву і Ладагі. Развітое земляробства і рамесная вытворчасць паспрыялі ўзнікненню гандлю, а разам з ім – гарадоў. Так, у VІІІ-Х ст. на тэрыторыі пражывання славенаў была заснавана Ладага і Ноўгарад, на тэрыторыі крывічоў – Пскоў і Ізборск. Гэтыя рэгіёны паводле этнічнага складу былі прадстаўлены славенамі і крывічамі. Фіна- і германамоўныя элементы (чудзь і варагі) складалі значную меншасць і паступова аславяньваліся. Прадстаўнікі варажскага племені “русь” на чале з конунгам Рурыкам, якія рассяліліся ў азначаных гарадах і ўзначалілі кіраванне ўсімі паўночна-заходнімі землямі, спрыялі палітычнай і культурнай кансалідацыі ўсяго насельніцтва ў новы этнас.

Несумненна вялікі кансалідуючы, у тым ліку ў этнічным сэнсе, уплыў на насельніцтва Русі аказала распаўсюджанне хрысціянства. Урэшце да канца Х ст. гэта прычынілася да сфарміравання адзінага ў сэнсе агульнай культуры і мовы насельніцтва.

Яшчэ ў другой палове Х ст. гэтая тэрыторыя набыла назву “Руская зямля” або “Русь”, яе жыхары – русаў, русічаў, русінаў, рускіх, а іх мова – рускай. Да канца стагоддзя важнейшыя яе гарады і іх князі сталі звацца рускімі. Ранейшыя племянныя назвы “паляне” і інш. сталі губляцца. Назва “русь” стала не толькі найменнем тэрыторыі дзяржавы, але і этнонімам.

Такім чынам, у асноўным у канцы Х – пачатку ХІІ ст. адбылося фарміраванне новага – “рускага” насельніцтва. Апошняе ўпамінанне аб дрыгавічах як этнічнай супольнасці адносіцца да 1149 г., аб крывічах – да 1162, аб ра-дзімічах – да 1169 г. Гэтыя назвы замяняюцца адной агульнай – рускія, русічы, русы, а землі – крывіцкая, радзіміцкая і дрыгавіцкая – Рускай зямлёю, Руссю. У «Аповесці мінулых гадоў» (1-я палова 12 ст.) Полацк названы рускім горадам. Загінуўшых удзельнікаў бітвы на Нямізе 1067 г. аўтар «Слова аб палку Ігаравым» (каля 1187 г.) называе «рускімі сынамі».

 

4. У V-VІ стагоддзях у Заходняй Еўропе на руінах буйнейшай ра-баўладальніцкай дзяржавы – Рымскай імперыі ўзніклі шматлікія дзяр-жаўныя ўтварэнні ў форме манархій – герцагствы, графствы, каралеўствы і інш. Аснову іх эканомікі складала сельская гаспадарка. Зямля як асноўная каштоўнасць ператварылася ва ўласнасць дзяржавы (у асобе манарха) і мясцовай знаці. За карыстанне сваімі надзеламі сяляне-абшчыннікі былі вымушаны плаціць аброк і апрацоўваць палеткі гаспадара. Манарх дараваў сваім прыбліжаным або дружыннікам зямельныя надзелы – бенефіцыі, як на час службы, так і з правам перадачы ў спадчыну. Менавіта апошняя форма ўладання (feodum) стала пануючай у ІХ-ХІ ст. і ад яе атрымаў назву так званы феадальны лад, эканамічную сутнасць якога складала прысваенне феадаламі дадатковага прадукту шляхам эксплуатацыі сялянства на аснове манапольнай уласнасці на зямлю і частковай уласнасці на непасрэднях вытворцаў. Такія эканамічныя адносіны абумовілі ўзнікненне асноўных класаў – феадалаў (свецкіх і духоўных) і залежных сялян. Феадалізм характарызуецца панаваннем нату-ральнай гаспадаркі, надзяленнем зямлёй і прымацаваннем да яе непасрэднага вытворцы, асабістай залежнасцю селяніна ад феадала (пазаэканамічны прымус), нізкім узроўнем тэхнікі і апрацоўкі зямлі.

У славян панавала вытворчая гаспадарка. Найбольшую значнасць мела падсечнае і ворнае земляробства, дзе выкарыстоўваліся жалезныя (або з жалезнымі элементамі) прылады працы: саха, барана, каса, серп, цэп. У якасці збожжавых культур вырошчваліся пшаніца, ячмень, проса, жыта; тэхнічных – лён і каноплі; агародных – рэпа, агуркі, капуста. Мелі распаўсюджанне прысвойваючыя віды гаспадаркі – паляванне, збіральніцтва, бортніцтва, рыбалоўства; хатнія рамёствы – ткацтва, выраб посуду і прылад працы і г. д.

Асноўным сродкам падтрымання дабрабыту сям’і з’яўлялася апрацоўка ворнай зямлі, якая была выведзена з агульнага карыстання ўсёй абшчыны, і зрабілася ўласнасцю патрыярхальных сем’яў. Нягледзячы на аслабленне родавых сувязей паша, лясныя і рачныя ўгоддзі заставаліся агульнымі. Тым не менш усе сем’і з-за нераўнамернасці развіцця гаспадарак і іншых прычын набывалі розны сацыяльны статус: ад самастойных і самадастатковых да эканамічна залежных ад сваіх больш заможных суродзічаў.

Перыяд IX - першай паловы XIII ст. на беларускіх землях характарызаваўся складваннем раннефеадальных адносін. Па меры іх узнікнення захоўваўся абшчынны лад. Ёсць звесткі і пра існаванне ў славян патрыярхальнага рабства. З узнікненнем княжанняў асноўным уладальнікам зямлі зрабілася дзяржава, а першапачатковай формай эксплуатацыі сялянства была даніна з кожнай сялянскай гаспадаркі, якая збіралася князем з дружынай метадам палюддзя.

У выніку перадачы князем абшчынных зямель знаці, дружыннікам і царкве назіраўся паступовы рост буйнога феадальнага землеўладання. Аформленае ў выглядзе “вотчыны”, яно ўключала гаспадарскую зямлю, пабудовы, жывы і мёртвы інвентар і магло перадавацца ў спадчыну разам с сялянамі, якія выконвала абумоўленыя павіннасці. Тэндэнцыя пераходу ад даніны да іншых форм феадальнай рэнты асабліва ўзмацнілася ў канцы Х–пачатку ХІ ст, калі павялічылася колькасць дзяржаўных падараванняў служылым людзям, царкве, а таксама ў выніку захопаў зямель свабодных яшчэ абшчыннікаў. Адпаведна ў асяроддзі апошніх назіраліся розныя працэсы, звязаныя са зменамі ў іх гаспадарча-прававым статусе. Так, сярод абшчыннікаў вылучылася катэгорыя “радовічаў”, трапілі ў залежнасць да феадала і мусілі заключыць з ім адпаведную дамову (“рад”). Тыя абшчыннікі, якія пазычалі ў гаспадара “купу” – пэўную колькасць прадуктаў, зваліся “закупамі” і мусілі працаваць на яго зямлі да поўнай выплату пазыкі. Халопамі называлі былых абшчыннікаў, якія гублялі асабістую свабоду і пера-твараліся ў поўную уласнасць феадала. Асноўнай формай эксплуатацыі залежнага сялянства з’яўлялася адпрацовачная рэнта (паншчына).

Асноўным заняткам насельніцтва было земляробства. На змену падсечна-агнявому земляробству прыйшло ворыўнае. Асноўнай прыладай па апрацоўцы зямлі стала драўлянае рала з жалезнай рабочай часткай, што дазволіла перайсці да двухпольнай сістэмы. Вырошчваліся збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень, авёс) і тэхнічныя (лён, каноплі) культуры. Жывёлагадоўля па значнасці саступала раслінаводству і ўвасаблялася ў развядзенні коней, кароў, коз і свіней.

Пашырэнне металургіі і металаапрацоўкі станоўча адбілася на павышэнні прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, што, у сваю чаргу абумовіла аддзяленне ад яе рамяства і ператварэнне ў самастойную сферу гаспадарчай дзейнасці людзей. Аднымі з першых з масы сельскага насельніцтва вылучыліся крычнікі і кавалі. У гарадах апрацоўкай жалеза займаліся рамеснікі не менш чым 16 спецыяльнасцей. У ХІ-ХІІ стст. яны выпускалі больш за 100 відаў жалезных вырабаў, у тым ліку прылады працы, зброю, упрыгожанні. Частка майстроў авалодала рознымі метадамі апрацоўкі каляровых металаў і займалася ювелірнай справай.

З вынаходніцтвам у ІХ-Х стст. ганчарнага кола выпуск глінянага посуду значна павялічыўся. Характэрна, што ён ужо не ўпрыгожваўся арнаментам, уласцівым посуду ручной работы. Развіваліся выраб скур, футра, апрацоўка каменю, дрэва, косці, ткацтва і інш.

Развіццё рамяства і пераўтварэнне яго ў самастойную сферу дзейнасці людзей паўплывала на ўзнікненне купцоў – пасрэднікаў паміж вытворцамі прадукцыі і яе спажыўцамі, а ўсе разам – на ўтварэнне новага тыпу населеных пунктаў – гарадоў.

На тэрыторыі Беларусі найбольш буйнымі гарадамі сталі Полацк (862), Тураў (980), Брэст (1019), Віцебск (1021), Мінск (1067), Гродна (1127) і ін-шыя, усяго ў ХІІ ст. – 33, у ХІІІ ст. не менш 40. Горад складаўся з дзвюх частак: умацаванага дзяцінца і рамесна-гандлёвага пасада, дзе размяшчаўся рынак. Асноўную частку гараджан складалі рамеснікі і купцы. З ператварэннем гарадоў у адміністрацыйныя, ваенныя і духоўна-культурныя цэнтры ў іх узрасла доля баярства, урадавай адміністрацыі, святарства.

У IX–XIII стст, беларускія землі вялі гандаль а Візантыяй, Арабскім Усходам, Заходняй Ёўропай, усходнеславянскімі княствамі. Важнае значэн-не для развіцця гандлю ў IX-XI стст. меў водны шлях “з вараг у грэкі”, які звязваў Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй. У разглядаемы перыяд з тэрыторыі Беларусі экспартавалі футра, воск, мёд, лён, зброю, рамесныя вырабы і іншыя тавары. З Заходняй Еўропы і Візантыі паступалі прадметы раскошы: дарагія тканіны, прыправы, каляровыя металы і каштоўныя камяні, віно і інш. Да ХІІ ст. асноўнай грашовай адзінкай з’яўлялася срэбраная грыў-на. Акрамя таго былі ў абарачэнні манеты ўсходняга і заходнееўрапейскага паходжання.

Такім чынам, у IX- першай палове XIII ст. (на некалькі стагоддзяў пазней, чым у Заходняй Еўропе) на беларускіх землях адбывалася ўсталяванне раннефеадальных адносін, узнікненне першых дзяржаўных утварэнняў, фарміраванне асноўных класаў феадальнага грамадства. Гэты перыяд характарызуецца станаўленнем асноўных форм феадальнай эксплуатацыі, развіццём сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю, узнікненнем і развіццём гарадоў.

5. Грамадскі лад славян ў VIІ – VIII стст. уяўляў сабой пераход ад ваеннай дэмакратыі да класавай супольнасці з элементамі палітычнай улады ў асобе народнага сходу, вярхоўнага правадыра і савета старэйшын. Народны сход складаўся з усіх свабодных мужчын, здольных насіць зброю, які абіраў вярхоўнага правадыра. У сваю чаргу ён абапіраўся на родаплемянную знаць і воінаў-дружыннікаў.

Крывічы, дрыгавічы і радзімічы ў сваім развіцці таксама прайшлі перыяд ваеннай дэмакратыі – гэтую апошнюю прыступку ад першабытнаабшчыннага ладу да стварэння класавага грамадства і дзяржавы. Яны былі аб’яднаны не столькі сваяцкімі адносінамі, колькі тэрытарыяльнымі, эканамічнымі і палітычнымі сувязямі. Гэтыя племянныя супольнасці і іх землі ўяўлялі сабою свайго кшталту протадзяржавы, якія ў летапісе азначаюцца як “княжанні”.

Развіццё феадальных адносін і ўварэнне класаў у ўсходніх славян прычынілася да дзяржаўных утварэнняў. Паводле “Аповесці мінулых гадоў" у сярэдзіне ІХ ст. паляне, драўляне, славене, а таксама дрыгавічы і палачане мелі свае племянныя княжанні – свайго кшталту протадзяржавы з цэнтрамі ў Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку, Смаленску, Тураве і інш.

Утварэнне самой дзяржавы ва ўсходніх славян звязваюць з варажскім племенем “русь”, якое, паводле “Аповесці мінулых гадоў”, было запрошана славенамі, крывічамі, чуддзю і вессю на княжанне, каб прыпыніць усобіцы і ўсталяваць парадак. Летапісец Нестар паведамляе, што варагі прыбылі ў 862 г. на чале з конунгам Рурыкам і яго братамі.

Эканамічныя (гандлёвы шлях “з вараг у грэкі”) і палітычныя (неабходнасць умацавання дзяржавы) абумовілі аб’яднанне двух рэгіёнаў. Гэта адбылося пасля таго, як у 882 г. пераемнік Рурыка Алег забіў кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра і ператварыў Кіеў у сталіцу ўсёй дзяржавы, захаваўшы пры гэтым вярхоўную ўладу ў Ноўгарадзе.

Такім чынам Русь як адзіная дзяржава ўсходніх славян ўзнікла ўжо ў ІХ ст. У працэсе усебаковай жыццядзейнасці, спачатку ў гарадах, затым у вёсках адбывалася нівеліроўка племянных асаблівасцяў, далейшая асіміляцыя балтаў і іншых этнічных супольнасцей. Таму ж спрыялі рэформы кіравання аб’яднанымі землямі. З канца Х ст. па волі Уладзіміра на пасаду мясцовага князя мог прэтэндаваць толькі яго сын або іншы блізкі родзіч, але ніяк не прадстаўнік тамтэйшай знаці. Разам з новым правіцелем у любы горад прыбывала руская дружына.

 

6. На мяжы VIII — IX стст. у басейне р. Палата фарміравацца аб'яднанне крывічоў, якое ў далейшым ператварылася ў самастойную тэрытарыяльную, палітычную і эканамічную адзінку. Першыя летапісныя звесткі аб Полацку адносяцца да 862 г.

У першай палове IX ст. назіраўся працэс усталявання Полацкай зямлі ў пэўных геаграфічных межах і пачалося афармленне яе дзяржаўнасці. Сваім раннім узнікненнем і інтэнсіўным развіццём Полацкая зямля ў многім абавязана водным гандлёвым шляхам, якія звязвалі Паўднёвую Русь, Візантыю і арабскі Усход з Паўночнай Руссю, Прыбалтыкай і Скандынавіяй. Галоўнай воднай артэрыяй Полацкага княства стала Заходняя Дзвіна.

Полацк падтрымліваў сувязі з Кіеўскім княствам. З летапісу вядома аб удзеле ў 882 г. крывічоў у паходзе кіеўскага князя Алега на Смаленск, а ў 907 г. – на Канстанцінопаль. Да саюзу з Полацкам імкнуліся Ноўгарад і Кіеў. Вядомы факт, калі пад час княжання ў Полацку Рагвалода да яго дачкі Рагнеды сваталіся адразу два князі наўгародскі князь Уладзімір, і кіеўскі князь Яраполк. У 980 г. зняважаны адмовай князёўны Уладзімір захапіў Полацк, забіў Рагвалода і яго сыноў, гвалтам узяў Рагнеду ў жонкі, даўшы ёй новае імя Гарыслава. Пазней яна за спробу забойства мужа была адпраўлена з Кiева ў дрыгавiцкае паселiшча з умацаваным пункктам Замэчак. У далейшым яно было названа Iзяслаўлем, у гонар княскага сына.

Ёсць меркаванне, што князь саслаў яе ў бацькоўскiя землi па iншай прычыне, каб ажанiцца з Ганнай, сястрой вiзантыйскага iмператара. Да гэтага ж часу наспела яшчэ адна важная падзея ў жыццi зямель, падпарадкаваных Кiеву. Маецца на ўвазе рашэнне Уладзiмiра, у недалёкiм мiнулым шчырага прыхiльнiка язычнiцтва, звярнуць сваiх падданых у хрысцiянскую веру, што i пачалося ў 988 г. У Заслаўi таксама хрысцiлi жыхароў у Свiслачы. Гарыслава пасля хрышчэння набыла iмя Анастасiя, была пастрыжана ў манахiнi i канца сваiх дзён у 1000 г. знаходзiлася ў спецыяльна пабудаваным для яе манастыры.

З цягам часу Уладзімір пасадзіў на полацкі трон свайго сына Ізяслава, народжанага Гарыславай. Так Полацкая зямля выйшла з непасрэднага кіравання Рурыкавiчаў і прыняла княжанне Рагвалодавiчаў. Ізяслаў памёр у 1001 г., вельмі маладым, пакінуўшы двух малалетніх сыноў. Першы з іх, Усяслаў пражыў да 1003 г., а пасля яго смерці пераемнікам стаў малодшы сын Ізяслава Брачыслаў (1003—1044). Пасля смерцi Уладзiмiра ў (1015) полацкi князь павёў самастойную, незалежную ад Кiева палiтыку. У 1021 г. ён здзейснiў пераможны паход на Ноўгарад, дзе княжыў яго дзядзька Яраслаў. Апошнi нанёс яму iстотнае паражэнне ў тым жа 1021 г., але не iмкнуўся да абвастрэння адносiн з пляменнiкам. Мала таго, Полацкае княства атрымала гарады Вiцебск i Усвят. Тым быў усталяваў кантроль над заходнедзвінскім шляхам “з варагаў у грэкі”. У далейшым памiж княствамi быў заключаны саюз, у адпаведнасці з якім яны вялi сумесную барацьбу супраць яцвягаў i лiтвы. У той жа час на мяжы балцкай і славянскай супольнасці быў заснаваны горад Браслаў, названы па імені полацкага князя. Але ў 1044 пад час падрыхтоўкi новага паходу супраць лiтвы Брачыслаў памёр.

Новым полацкiм князем стаў Усяслаў Брачыслававiч (1044-1101) або Усяслаў Чарадзей, які з самага пачатку свайго княжання павёў самастойную палiтыку. Каб паказаць сваю роўнасць з Кiевам i Ноўгарадам, ён загадаў пабудаваць у Полацку мураваны сабор Св. Сафii. Свае мэты падмацоўваў ваеннай справай: у 1065 г. спрабаваў захапiць Пскоў, а ў 1066 г. здзейснiў пераможны паход на Ноўгарад, захапiўшы багатыя трафеi, у тым лiку званы i храмавыя каштоўнасцi. Захоп яго войскамi Навагародка ў 1067 г. выклiкаў аб’яднаны паход трох cыноў Я. Мудрага – кіеўскага князя Iзяслава, чарнігаўскага – Святаслава i пераяслаўскага – Усевалада на Полацкае княства. 3 сакавiка 1067 iмi быў разбураны Менск, але генеральная бітва паміж войскамі Яраславічаў і Усеслава адбылася 10 cакавiка.

Пераможцаў у бiтве не выявiлася, але палачане адступiлi. Усяслаў уцёк у Полацк, але i браты Яраславiчы не мелi сiл ваяваць далей i таму прапанавалi шляхам перамоў урэгуляваць канфлiкт. З гэтай нагоды 10 лiпеня 1067 каля Оршы на Дняпры адбылася сустрэча Усяслава з Яраславiчамi. Парушыўшы клятву, дадзеную на крыжы, апошнiя захапiлi яго разам з сынамi і пасадзiлi ў кіеўскі астрог. Полацкi трон заняў сын Iзяслава. Але i сам князь кiеўскi не ўтрымаў свайго трону, бо праз год, у 1068 г. у горадзе супраць яго выбухнула паўстанне гараджан за тое, што княская дружына не здолела абаранiць iх ад полаўцаў. У вынiку Iзяслаў мусiў уцякаць з горада, а замест яго вялiкiм князем кiеўскiм быў абраны вызвалены з астрога Усяслаў Чарадзей. Праўда, у Кiеве ён не затрымаўся, а праз 7 месяцаў ўцёк у Полацк, дзе распачаў барацьбу за вяртанне ўласнага трону, якая паспяхова скончылася толькi ў 1071 г. У далейшым Усяславу тройчы даводзiлася абараняць княства ад кiеўскага князя Уладзіміра Манамаха. У наступныя гады полацкi князь не выяўляў варожасцi Кiеву, а скiроўваў сваю энергiю супраць лiтоўскага племенi.

Варта адзначыць, што i Кiеў ужо не меў былой сiлы, каб трымаць пад сваім кантролем усе рускія землі. У 1097 г. у Любеч з’ехаліся 6 князёў Рурыкавiчаў, якiя ўзаконiў права кожнага на самастойнае кiраванне – “няхай кожны трымае зямлю свайго бацькi”, што фактычна прывяло да раздрабнення буйных княстваў. Нягледзячы на тое, што полацкiя князi не бралi ўдзелу ў з’ездзе i былi незалежнымi правiцелямi, Полаччына таксама не пазбегла раздрабнення: у 1101 г. пасля смерцi Усяслава княства было падзелена памiж 6 сынамi.

Сам стольны трон некаторы час ўзначальваў Барыс. У 1102 г. ваяваў з яцвягамi, узяў палон, пасялiў у Барысаве. Iмкнуўся паслабiць моц свайго брата Глеба, таму ў 1104 г. у саюзе з кiеўлянамi хадзiў на Менск. Сам Глеб, хоць i меў часовыя перамогi (захоп Оршы, Копысi, Друцка), але асцерагаўся вострых сутыкненняў з Кiевам. У 1116 г. ён абяцаў “ва ўсiм слухацца Уладзіміра Манамаха, але парушыў клятву, напаў на Слуцк, за што i быў пакараны Манамахам, якi 1119 г. разбiў яго войска, захапiў князя i пасадзiў у той самы поруб, у якiм той калicцi сядзеў з бацькам – Усяславам Чарадзеем. На гэты раз цуда не адбылося, i Глеб з турмы так i не выйшаў.

У Полацку ўлада князя абмяжоўвалася вечам (народным сходам), якое вырашала пытанні заканадаўчага характару, назначала на пасады ўраднікаў, аб’яўляла вайну і заключала мір. Сярод паўнамоцтваў веча знаходзілася запрашэнне князя разам з яго дружынай на службу. Уступаючы на трон, князь прысягаў выконваць ускладзеныя на яго абавязкі, абараняць дзяржаву і інтарэсы яе жыхароў. У выпадку парушэння дагавора веча запрашала новага князя.

Полацкiя князi спрабавалi праводзiць уласную палiтыку, незалежную ад Кiева, але гэта не заўсёды мела поспех. Так, у 1127 г., калi яны адмовiлiся ад удзелу ў сумесным з Кiевам паходзе, то кiеўляне накiравалi супраць iх войска. У 1129 г. сын Манамаха Мсцiслаў падманам захапiў у палон 5 князёў-Усяславiчаў полацкай дынастыi разам з блiзкiмi i выслаў iх у Вiзантыю, дзе тыя былi вымушаны ваяваць супраць арабскiх заваёўнiкаў. У 1140 г. вярнулася толькi 2, з якiх Васiль-Рагвалод стаў Полацкiм князем. Неўзабаве ў 1151 г. палачане праз веча адправiлi яго ў Менск, дзе ён жыў “у вялiкай нястачы”, а новым князем запрасiлi князя мiнскага Расцiслава Глебавiча (па iншых звестках - Усяслава Васiлькавiча з Вiцебска). Так здарылася, што гэтыя перамены плёну не прынеслi: праз колькi часу ў 1158 г. палачане паўсталi супраць Расцiслава i iзноў запраciлi Рагвалода. Вайна памiж князямi нiкому не прынесла перамогi. Аб’яднаць Менскае i Полацкае княствы не ўдалося.

Характэрна, што хоць Полацк i намагаўся захаваць гегемонiю, пачынаючы з 1160-х яго князi мянялiся не воляю палачан, а галоўным чынам па iнiцыятыве ўдзелаў Полаччыны, якiя змагалiся за дамiнаванне ў цэлай зямлi. Даходзiла да вострага разладу памiж iмi, што асаблiва яскрава выявiлася ў паходзе крывiцкiх князёў на Слуцк у 1162 г. Толькi ў канцы ХII ст. вызначылася тэндэнцыя да кансалiдацыi Полацкай зямлi, чаму паспрыяла, вiдаць, знешняя небяспека. Удзелы Полаччыны аб’ядноўвалiся ў iмя супольных iнгарэсаў. У 1180 г. у паходзе на Друцк удзельнiчалi 6 полацкiх князёў. Яны ж разам выступiлi ў 1195 г. на баку Чарнiгава ў вайне са Смаленскам. Аднак якраз тады Полацкая зямля амаль зусiм знiкае са старонак летапiсаў. У 12 i напачатку 13 ст. Полацкае зямля складалася з уласна Полацкага, Менскага, Друцкага, Заслаўскага, Вiцебскага, Лагойскага, Герцыкскага i Кукенойскага княстваў.

Тураўскае княства прымыкала да паўднёвых межаў Полацкай зямлі і знаходзілася на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі ў басейне Прыпяці. Першапачатковы яе палітычны цэнтр — Тураў. Буйным горадам быў Пінск. Тураў упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 980 г. Тураўская зямля ў асноўным адпавядае тэрыторыі рассялення дрыгавічоў. Пра грамадска-палітычны лад у Тураўскім княстве і яго гарадах звестак вельмі мала. Верагодна, што ў Тураве дзейнічала веча, існавала пасада тысяцкага, які ўзначальваў гарадское апалчэнне. У Тураве быў і пасаднік. Знаходжанне ў горадзе адначасова князя і пасадніка, акрамя Ноўгарада Вялікага і Пскова – з’ява рэдкая. Такое параўнанне сведчыць пра асаблівасці грамадска-палітычнага ладу ў Тураўскім княстве. У канцы X ст. і на працягу XI ст. Тураўская зямля знаходзілася ў цесным палітычным кантакце з Кіевам. Аднак у 50-я гг. XII ст. Тураў выйшаў з падпарадкавання Кіеву, і ў ім усталявалася самастойная княжацкая дынастыя. К пачатку XIII ст. Тураўскае княства страціла ранейшае палітычнае значэнне. Усё большую вагу набываў Пінск, які станавіўся па сутнасці другой сталіцай княства.

Такім чынам, першыя раннефеадальныя княствы ў Беларусі з'яўляюцца вытокам яе дзяржаўнасці, увасабленнем ідэі незалежнасці беларускага народа. Найбольш яркае адлюстраванне гэта ідэя атрымала ў Полацкім княстве — першым з вядомых нам дзяржаўных утварэнняў беларусаў, якое ўзнікла ў канцы 1-га тысячагоддзя н.э., яшчэ да ўзнікнення Кіеўская Русі, і ў выніку ваенна-палітычных намаганняў захавала незалежнасць на арацягу шэрагу стагоддзяў.

 

Лекцыя 3. Беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага (ХІІІ- першая палова XVI стст.)

 

Пытанні

1. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы фарміравання ВКЛ

2. Роля ўсходнеславянскіх зямель у працэсе дзяржаўнага будаўніцтва ў ВКЛ.

3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель.

4. Цэнтралізатарская палітыка і ўмацаванне ўлады вялікіх князёў.

Крэўская унія.

5. Знешняя палітыка князёў ВКЛ. Барацьба з крыжацкай агрэсі- яй, набегамі ардынцаў і суперніцтва з Маскоўскай дзяржавай.

6. Эвалюцыя цэнтральнай ўлады ВКЛ: ад адзінаўладдзя да

саслоўна-прадстаўнічай манархіі

 

1. У ХІІ ст. заходнія землі Русі перажывалі перыяд феадальнай раз

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
CCCР в “Хрущевское десятилетие”. Проблема коренных поворотов в развитии советского общества | Лекцыя 4. Фарміраванне беларускага этнасу і яго культуры ў перыяд сярэднявечча 1 страница
Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 1181; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.01 сек.