Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 4. Фарміраванне беларускага этнасу і яго культуры ў перыяд сярэднявечча 2 страница




Свае прэтэнзіі на вялікакняскі трон выказалі: сын Жыгімонта, Свідрыгайла і польскі кароль Уладзіслаў Ягелончык, але паны-рада прыняла іншае рашэнне. Абранне ёю новым кіраўніком дзяржавы 13-гадовага Казіміра Ягелончыка (1440-1492) здавалася кампрамісным варыянтам для былых праціўнікаў, але аб’ектыўна гэта адпавядала інтарэсам каталіцкай шляхты.

Некаторы час абедзве дзяржавы – Польшча і ВКЛ кіраваліся сынамі Ягайлы. Але пасля таго як у 1444 г. Уладзіслаў загінуў, польская знаць прапанавала яго карону Казіміру. У выніку з 1447 г. вялікі князь літоўскі Казімір адначасова з’яўляўся i каралём польскiм. Палітычнай стабілізацыі паспрыяў прывiлей, выдадзены Казiмiрам у 1447 г., паводле якога князi, паны i баяры ўсяго ВКЛ, незалежна ад веравызнання, набывалі асабiстую недатыкальнасць, мелі права самастойна судзіць сялян і не выконвалі павiннасцей на карысць дзяржавы. Праваслаўная царква ў ВКЛ у 1458 г. канчаткова аддзялілася ад маскоўскай мiтраполii i падпарадкоўвалася канстанцiнопальскаму партыярху.

Зрабiўшыся польскiм каралём, Казiмiр Ягайлавiч жыў у Кракаве i займаўся пераважна польскiмi справамi. Невыпадкова, што ў яго прасiлi дазволу на абранне новага князя. Але ў 1478 на сойме ў Берасцi ён заявiў, што “пры сваiм жыццi нiкому не даручыць кiравання Лiтвою”. Фактычна з гэтага часу ўсталёўваўся парадак, калі вялікі князь запрашаўся з дынастыі Ягайлавічаў. Такім чынам былi абраны Аляксандр Казiмiравiч (1492-1506), Жыгiмонт I Cтары (1506-1548) i яго сын Жыгiмонт II Аўгуст (1544-1572).

Адносіны паміж ВКЛ і Каронай характарызаваліся ўсебаковым палітычным, эканамічным і культурным супрацоўніцтвам. Пад час узмацнення Масквы пры Іване ІІІ у кіруючых колах ўзніклі настроі аб аднаўленні уніі, што знайшло ўвасабленне ў абранні Аляксандра Казіміравіча каралём Польшчы (1501 г.). Новым князем ВКЛ (а пазней і каралём Польшчы) быў абраны брат Аляксандра Жыгiмонт.

З моманту ўтварэння ВКЛ яго кіраўніцтва ўсведамляла, што нямецкая экспансія на землі прусаў, куршаў, ліваў, эстаў і інш. плямёнаў пад выглядам іх хрысціянізацыі несла ў сабе пагрозу адкрытага заваявання паўночназаходніх зямель дзяржавы. Вядома, што актыўную барацьбу супраць крыжакоў вялi Трайдзень, Вiцень, Гедымiн, Вiтаўт. Вядома таксама i тое, што князi (Мiндоўг, Ягайла) або прэтэндэнты на вялiкакняскi трон (Скiргайла, Вiтаўт) у час мiжусобнай барацьбы звярталiся за дапамогай да крыжакоў i карысталiся iх узброенай падтрымкай. Але гэта было хутчэй выключэннем, чым правiлам, бо Тэўтонскі або Лiвонскі ордэн аказвалi гэтую дапамогу, iмкнучыся скарыстаць любую магчымасць для свайго замацавання на славяна-балцкiх землях. Дарэчы, узбярэжжа Балтыкі поўнасцю было захоплена немцамі, а яго насельніцтва (прусы, куршы) вынішчана або выцеснена на іншыя землі. Такая ж пагроза навiсла над аукштайтамi, жэмайтамi (жамойтамi) i славянамi.

Асабліва напружаныя адносіны ВКЛ з крыжакамі ўзніклі пасля смерці Гедыміна. Кейстут, які з Трокаў кіраваў заходнімі землямі дзяржавы, мусіў абараняць іх ад націску Тэўтонскага ордэна. Барацьба з крыжакамі адбывалася з пераменным поспехам. Так, зімою ў бітве каля ракі Стрэва крыжакі разграмілі вялікакняскае войска, а ў 1363 г. яны захапілі Горадню і Камянец. Са свайго боку Кейстут з 1345 па 1382 г. здзейсніў каля 30 паходаў у Прусію і 10 – у Лівонію.

У час абвастрэння дынастычнай барацьбы за вялікакняскі трон Ягайла, а затым і Вітаўт нярэдка звярталіся за крыжацкай дапамогай, але пры гэтым не ішлі ні на якія тэрытарыяльныя ўступкі немцам. Часцей за ўсё, у мэтах абароны зямель літоўскія і ўсходнеславянскія князі забываліся на часовыя крыўды і перад пагрозай крыжацкай навалы аб’ядноўвалі сумесныя намаганні. Віленска-Радамская унія, акрамя іншага, паспрыяла кансалідацыі Польшчы і ВКЛ у барацьбе з немцамі. Акрамя таго, Вiтаўту ўдалося палепшыць адносiны з Масквой, Ноўгарадам i Псковам і тым забяспечыць надзейныя тылы перад паходам у Прусію.

15 ліпеня 1410 г. каля Грунвальда супраць войска вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Ульрыха фон Юнгінгена Вітаўт выставіў каля 40 харугваў, у тым ліку 28 з Берасця, Ваўкавыска, Віцебска, Гародні, Пінска, Полацка, Новагародка, Смаленска, а таксама татарскую конніцу. Ягайла выставіў 51 харугву і чэшскі атрад. Бітва скончылася поўным разгромам крыжакоў. Паводле Тарунскага міру, усе захопленыя імі гарады вярталiся ўладальнiкам, а Жамойць пераходзiла ў пажыццёвае ўладанне Вiтаўта. Усведамляючы неабходнасць умацавання далейшых сувязяў, у тым ліку – у мэтах барацьбы з Ордэ-нам, прадстаўнікі Польшчы і ВКЛ на сваім з’ездзе ў Горадлі ў кастрычнiку 1413 г. падпiсалі акт чарговай унii. Разгром Тэўтонскага ордэна абумовiў паступовы заняпад крыжакоў. Праз стагоддзе іх дзяржава Лівонія ўяўляла сабой аб’ект заваёўных планаў суседзяў.

Такім чынам, жыхарам ВКЛ за двесце гадоў сутыкненняў з нямецкімі крыжакамі ўдалося адстаяць тэрытарыяльную цэласнасць сваёй дзяржавы, асабістую свабоду, набыць вопыт ваеннага мастацтва для далейшай барацьбы за сваю незалежнасць.

Асноўнай павіннасцю шляхты была вайсковая. У час вайны кожны шляхціч быў абавязаны з’явіцца ў войска. Акрамя таго, паводле старадаўняга звычая на абарону радзімы і праследаванне ворагаў, якое “па-народнаму завецца пагоняй, павінны выпраўляцца не толькі рыцары, а і кожны мужчына, якога б ён ні быў паходжання ці стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю”. Так, па пастанове сойма 1502 г. ўсе князі, паны, зямяне павінны былі выстаўляць з кожных дзесяці сялянскіх двароў аднаго ўзброенага ратніка, на кані і з кап’ём.

У час, калі немцы ўмацоўваліся на Балтыйскім узбярэжжы, з мангольскіх стэпаў на Еўропу рухалася арда Чынгісідаў. У 1236 г. манголы разграмілі Балгарскую дзяржаву на Волзе, а з 1237 – пачалі заваяванне Русі. 50-тысячная арда на чале з ханам Батыем спустошыла Разанскае, Уладзімірскае і Чарнігаўскае княствы, спалілі не менш за 15 гарадоў і вывелі ў палон тысячы жыхароў Усходняй Русі. У канцы 1240 г. заваёўнікі захапілі Кіеў і напалі на Галіцка-Валынскае княства. Пазней яны рушылі на Польшчу, Венгрыю, Чэхію і далей да ўзбярэжжа Адрыятыкі. Вяртаючыся з пераможнага еўрапейскага паходу, у канцы 1241-пач. 1242 г. яны прайшлі далёка на поўдзень ад тэрыторыі сучаснай Беларусі. Такім чынам, асноўная яе тэрыторыя Беларусі засталася практычна некранутай. ВКЛ таксама не мела такiх разбурэнняў, як, да прыкладу, шматлiкiя рускiя княствы. Можна дапусцiць, што яно нават узмацнiлася, паколькi некаторыя з рускiх княстваў дабрахвотна пераходзiлi ў яго склад, каб пазбавiцца мангола-татарскага прыгнёту. А ўзмацнiўшыся, войскi ВКЛ маглi нават прыпынiць заваёўнiкаў, як адбылося ў 1362 г. на Сiнiх Водах.

У далейшым князi ВКЛ iмкнулiся ўсталяваць з мангола-татарамi саюзныя адносiны, скiраваныя, у першую чаргу, супраць Маскоўскага княства як палiтычнага канкурэнта на мiжнароднай арэне. Вітаўт выдаў групе татараў прывілей на пасяленне ў межах дзяржавы. Плённыя адносiны Вiтаўта з татарамi яскрава праявiлiся i ў час Грунвальдскай бiтвы. У 1420-х г. у арбіце яго ўплываў знаходзіліся Крымская і Заволжская арда

Пасля смерцi Вiтаўта яго саюзнiцкую з татарамi палiтыку працягваў Казiмiр Ягелончык. Але аказаць Ардзе iстотную дапамогу ў яе барацьбе супраць маскоўскага цара Iвана III ён не здолеў. Вядома, напрыклад, што мангола-татары, не дачакаўшыся гэтай дапамогi восенню 1480 г. на р. Угра, адступалi па тэрыторыi ВКЛ i ўсё знiшчалi на сваiм шляху.

Другая палова ХV ст. характарызуецца пагаршэннем адносiн памiж ВКЛ i Крымскiм ханствам, якое было часткай Залатой Арды. Саюзнiк Масквы хан Менглi-Гiрэй здзяйсняў частыя набегi на паўднёвыя землi ВКЛ. У перыяд з 1500 па 1569 гг. беларускiя землi падверглiся 45 татарскiм набегам. У 1505 г. заваёўнікі захапілі Менск i Новагародак і паланілі каля 100 тыс. жыхароў. У наступным, 1506 г. гетман ВКЛ Міхаіл Глiнскi ў баi пад Клецкам нагалаву разбiў татарскае войска i вызвалiў палонных. У далейшым асноўнай сiлай, якая стрымлiвала паходы татар на ВКЛ, стала казацкае войска Запарожскай Сечы.

На першым этапе мангола-татарскай навалы ў ХIII-першай палове ХIV cтст. многiя рускiя землi дабрахвотна або без значнага ваеннага супрацiўлення ўвайшлi ў склад ВКЛ, каб абаранiць сябе ад прыгнёту заваёўнiкаў. У ХІУ ст. другім пасля Вільні цэнтрам па “збіранні” ўсходнеславянскіх зямель стала Масква. Карыстаючыся падтрымкай залатаардынскіх ханаў, князь Іван Каліта (1325-1340) далучыў некалькі суседніх княстваў. Каб не даць Маскве ўзмацніцца, ВКЛ аказвала дапамогу яе праціўнікам, і асабліва Цвярскому княству, вядома ж, спадзеючыся на ўласнае дамінаванне ва ўсходнеславянскіх землях. Гедымін і яго нашчадкі шукалі саюзу з Ноўгарадам, Псковам, Смаленскам, а Альгерд ажаніўся з цвярской князёўнай і тым на пэўны час узяў пад абарону ўсё княства, здзейсніўшы тры паходы на Маскву.

Ваенна-палітычныя прэтэнзіі князёў ВКЛ на гегемонію ва ўсходнеславянскім свеце былі падмацаваны ідэалагічнымі захадамі. Так, па просьбе Альгерда канстанцінопальскі патрыярх даў дазвол на заснаванне (аднаўленне) Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, якой падпарадкаваліся Полацкая і Тураўская епархіі, а таксама Галіцка-Валынская зямля. Але ў той самы час дзейнічала і Маскоўская праваслаўная мітраполія з цэнтрамі ў Кіеве і Уладзіміры, што пэўным чынам захоўвала палітычную напружанасць паміж дзяржавамі.

Такім чынам, Масква як супернік Вільні значна саступала ёй па тэмпах росту сваёй дзяржавы, але пад канец княжання Альгерда ёй удалося падпарадкаваць Цвер і прыпыніць актыўнасць ВКЛ.

Узмацненне Масквы не выйшла з поля зроку новага князя ВКЛ Ягайлы, які абяцаў дапамогу хану Мамаю ў яго барацьбе супраць Дзмітрыя Іванавіча пад час Кулікоўскай бітвы ў верасні 1380 г. Характэрна, што на баку маскоўскага апалчэння ваявалі Ягайлавы браты – Андрэй Полацкі і Дзмітрый Бранскі.

Выкарыстоўваючы замацаваны дынастычным шлюбам саюз з Масквою (яго дачка была замужам за вялікім князем Васілём), Вітаўт працягваў пашыраць свой уплыў на ўсходнія славянскія землі. Неўзабаве яму ўдалося падпарадкаваць Вязьму (1403) і Смаленск (1404), а з 1427 года ён нават усталяваў пратэктарат над Вялікім княствам Маскоўскім, дзе княжыў яго малалетні ўнук пад рэгенцтвам дачкі – Соф’і Вітаўтаўны.

Каб зменшыць уплыў Масквы на праваслаўных вернікаў княства пры ўдзеле Вітаўта ў 1416 г. была створана асобная праваслаўная мiтраполiя, якая праз 42 гады аддзялілася ад маскоўскай і падпарадкавалася канстанцiнопальскаму патрыярху.

Нягледзячы на моцную цэнтралізатарскую палітыку, якую здзейсніў Вітаўт пад час свайго княжання, у краіне існавала істотная баярская плынь, незадаволеная прапольскай арыентацыяй двара, распаўсюджаннем каталіцызму і нераўнапраўным становішчам праваслаўнай знаці. З другога боку, узрастанне магутнасці Масквы, якой у 1480 г. удалося канчаткова вызваліцца з-пад улады Залатой Арды, рабілася ўсё больш прывабным для гэтай часткі вышэйшага саслоўя ВКЛ. Невыпадкова, што ў 1481 г. тут адбылася няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту. Яго ўдзельнікі – князі Гальшанскi i Алелькавiч былi пакараны смерцю ў Вiльнi. Князі Бельскi з Глiнскiм уцяклi ў Маскву і паступілі на службу да Iвана III. Гэты манарх называў сябе ўладаром Вялікай і Белай Русі і праводзіў наступальную палітыку на ВКЛ з мэтай вяртання рускіх зямель.

Князь ВКЛ Аляксандр Казiмiравiч (1492-1506) не здолеў аказаць дзейснага ваеннага адпору Маскве i iмкнуўся ўладзiць вайну мiрнымi сродкамi. У прыватнасцi, ён адмовiўся ад падтрымкi варагаваўшых з Масквой Ноўгарада, Пскова, Цвяры, Разанi. Мiрнае пагадненне мусiла замацавацца дынастычным шлюбам: Аляксандр Казiмiравiч ажанiўся з дачкой Iвана III Аленай. Але ў 1500 г. баявыя дзеяннi аднавiлiся iзноў i амаль бесперапынна працягвалiся да 1537 года. Толькі за час баявых дзеянняў з 1501 па 1503 г. ВКЛ страцiла чвэрць сваiх тэрыторый, у тым лiку населеных беларусамi.

Новы цар Маскоўскі і ўсёй Русі Васіль ІІІ пасля смерці Аляксандра Казіміравіча (1506) спрабаваў дыпламатычнымі шляхамі, праз сваю сястру Алену (удаву князя ВКЛ) падпарадкаваць усю дзяржаву Маскве. Абранне паны-радаю новага князя – брата Аляксандра, Жыгiмонта Казiмiравiча (1506-1544) падштурхнула Маскву да новых ваенных паходаў супраць ВКЛ. Нягледзячы на здабытую гетманам Канстанцінам Астрожскім перамогу пад Оршай у верасні 1514 г., дзяржава страціла Смаленск і многія ўсходнія землі. Перамiр’е, за-ключанае ў 1537 г., працягвалася да Лiвонскай вайны 1558-1583 г.

У цэлым, на пачатку ХVI ст. мiжнароднае становiшча ВКЛ значна пагоршылася, што сведчыла аб сур’ёзных негатыўных з’явах унутры дзяржавы. З узвышэннем Масквы ўзмацнiлiся спробы сабраць вакол сябе рускiя землi, у тым лiку тыя, што ўжо знаходзiлiся ў складзе ВКЛ. Асноўным рэгiёнам узброеных сутыкненняў абедзвюх дзяржаў з’яўлялiся тэрыторыi, якiя знаходзiлiся памiж iмi, у першую чаргу Cмаленшчына, Браншчына i iнш. Процістаянне абодвух бакоў узмацнялася наяўнасцю ў іх асобных праваслаўных рэлігійных цэнтраў і актывізацыяй каталіцкай царквы.

 

6. У ХІІІ-пач. ХІV ст. ВКЛ складвалася як спадчынная феадальная манархiя. Уладаром дзяржавы быў вялiкi князь, або, як ён называўся ў актах ХV ст. – гаспадар. Яго ўлада нiчым i нiкiм не абмяжоўвалася. Цвёрдага парадку перадачы трона пасля смерці манарха не існавала, і гэтая акалічнасць часам выклікала барацьбу паміж сваякамі.

У вынiку Крэўскай унii ў ВКЛ замацаваўся прынцып выбарнасцi вялікага князя, што мусіла ўзняць яго аўтарытэт. На вялiкiм князi замыкалiся ўсе функцыi кiравання дзяржавай. Па меры яе развiцця спатрэбiлася ўтварэнне спецыяльных пасад. Пры Вiтаўце з’явiлiся гаспадарскi i земскi маршалак, пiсар, кухмiстр, канцлер, падчашы, падскарбi. У ХV ст. былi створаны пасады гетмана найвышэйшага, харужага, мечнiка, падстолiя, скарбнага i iнш. Той, хто атрымлiваў пасаду, як правiла, валодаў ёй пажыццёва. Многiя функцыi маглi спалучацца ў руках адной асобы. Але да самай Люблiнскай унii гэтыя пасады не былi самастойнымi iнстытутамi, а пералiчаныя ўраднiкi толькi выконвалi даручэннi вялiкага князя i яго рады.

У землях-абласцях пасля лiквiдацыi ўдзельнай сiстэмы цэнтральную ўладу ўвасаблялi спачатку намеснiкi, а потым – ваяводы i старасты. У iх кампетэнцыi знаходзілася вырашэнне судова-адмiнiстрацыйных i ваенных пытанняў, нагляд за гаспадаркай вобласцi. Iм падпарадкоўвалicя кiраўнiкi нiжэйшых тэрытарыяльных акруг – дзяржаў i паветаў. Ваяводы, дзяржаўцы і iншыя прадстаўнiкi гаспадарскай адмiнiстрацыi не мелi грашовага забеспячэння i знаходзіліся на “кармленнi”, г. зн. утрымлiвалiся за кошт дзяржання.

На ўсе больш ці менш важныя і даходныя дзяржаўныя пасады маглі прызначацца толькі феадалы-шляхцічы хрысціянскае веры і ўраджэнцы ВКЛ. Дзяржаўная пасада разглядалася як сродак атрымання даходаў, таму буйныя феадалы займалі адразу некалькі пасад. Напрыклад, Ян Радзівіл у 1535 г. адначасова быў каштэлянам віленскім, гетманам найвышэйшым, старастам гарадзенскім, маршалкам дворным, дзяржаўцам лідскім і беліцкім. Менавіта такія людзі ўваходзілі ў кола бліжэйшага атачэння вялікага князя і ўплывалі не яго дзейнасць.

Першым iнструментам па абмежаваннi ўлады вялiкага князя стала княская рада. Яшчэ Мiндоўг i Гедымiн абмяркоўвалi важнейшыя пытаннi ў коле асоб вышэйшай знаці. Вiтаўт жа, які імкнуўся падавіць мясцовы сепаратызм, акружыў сябе cлужылымi людзьмi- баярамi, і толькі тымі ўдзель-нымі князямі, якія прызнавалі яго вяршэнства.

Гарадзельская унiя надавала баярству шырокiя палiтычныя правы i нават ставiла вялiкага князя ў залежнасць ад сябе. У адпаведнасці з прывiлеям Казiмiра ад 1447 г., радзе надавалася права выбiраць пасля смерці манарха новага гаспадара. Вядомы Судзебнiк 1468 г. быў складзены “с князьмi i с паны-радою нашою ВКЛ”. З выпадку частых ад’ездаў Казiмiра, рада пачала выконваць функцыi вярхоўнай улады.

Поўнае юрыдычнае замацаванне ролi гаспадарскай рады як дзяржаўнага органа зафiксавалi прывiлеi Аляксандра Казiмiравiча ад 1492 i Жыгiмонта Старога ад 1506 гг. Князi, паны i зямяне ўсiх зямель разам з гаспадарскаю радаю, абiраючы манархам Аляксандра, дамаглiся ад яго не толькi пацвярджэння сваiх ранейшых правоў i вольнасцяў, але i абмежавання вялiкакняскай улады: гаспадар абавязваўся надалей кiраваць дзяржавай толькi супольна з радаю, не мяняючы без яе згоды нiчога ва ўнутраных справах, не раздаючы без яе ведама дзяржанняў, не размяркоўваючы сродкаў i г. д.

У актавых дакументах вышэйшы орган звычайна называўся “паны рада”, “панове рада обоего стану духовные и светские”, цi проста “паны”. З канца ХV да сяр. ХVI ст. канчаткова зацвердзiўся яе склад: усе ваяводы i старасты, валынскi маршалак, канцлер i падканцлер, гетман, маршалак земскi i дворны, падскарбi. З духоўных асоб у лік паны-рады ўваходзілі толькі 4 каталіцкія біскупы.

З агульнага складу гэтага органа вылучылася так званая “пярэдняя” або “старшая” рада, якая праводзiла закрытыя пасяджэннi i абмяркоўвала найбольш важныя пытаннi. У яе ўваходзiла 5 асоб, якiя сядзелi на першай лавiцы: бiскуп, ваявода i кашталян вiленскiя, а таксама ваявода i кашталян трокскiя. Рэальна ў радзе пастаянна засядалi прадстаўнiкi найвышэйшай элiты – князi i паны, якiя звычайна займалi не адзiн, а некалькi пасад (урадаў).

На пачатку ХVI ст. ясна вызначылiся i паўнамоцтвы рады. Яна ведала дыпламатычнымi дачыненнямi дзяржавы, абаронай i фiнансавымi пытаннямi, а таксама займалася справамi шляхецтва, кантралявала раздачу земляў і выконвала шэраг судовых функцый. Толькi з ведама паноў-радных займалiся дзяржаўныя пасады. Абмежаванне дзейнасці вялікага князя заключалася і ў тым, што ніводзін дакумент не мог уступіць у сілу без дзяржаўнай пячаткі, якая захоўвалася ў канцлера, і без яго подпісу.Iм жа належала i права выбару вялiкага князя, якi запрашаўся з дынастыi Ягайлавiчаў. Так былi абраны Аляксандр Казiмiравiч, Жыгiмонт I Cтары i яго сын Жыгiмонт II Аўгуст (1544-1572).

Палiтычная вага паноў-рады пачала змяншацца ў сярэдзіне ХVI ст., калi ўтварыўся новы, таксама надзелены вярхоўнай уладай дзяржаўны орган – сойм. Iнстытут сойму як саслоўнага прадстаўнiцтва быў тыповай з’явай дзяржаўнага жыцця тагачаснай Eўропы. У Англii з 1265 г. icнаваў парламент, у Iспанii з канца ХIII ст. – картэсы, у Францыi з 1302 г. – Генеральныя штаты, у Швецыi з 1435 г. – рыгсдаг, у тым жа ХV ст. з’явiлiся райхстаг у Германіі, снэм у Чэхii, сейм у Польшчы i iнш. Польскi прадстаўнiчы орган паўстаў на аснове шляхецкiх з’ездаў i сваiм прыкладам мог уплываць на фармiраванне адпаведнага iнстытута ў ВКЛ, якi таксама ўтварыўся ў вынiку эвалюцыi тэрытарыяльных з’ездаў.

У кожнай зямлi княства існаваў свой мясцовы сход (соймік). Удзел у iм спачатку бралi прадстаўнiкi самых розных сацыяльных груп - баяраў, шляхты i мяшчан. У яго кампетэнцыi было вырашэнне ўсiх важных пытанняў земскага жыцця - ад выпрацоўкi лакальных прававых норм да пабудовы новых умацаванняў i вызначэння “помачы” вялiкаму князю. Аднак з органа шырокага прадстаўнiцтва ён паступова трансфармаваўся ў алiгархiчны iнстытут.

Пад канец ХV ст. на аснове абласных соймiкаў паўстаў агульны сойм усiх зямель ВКЛ. Манарх мусiў склiкаць на агульны з’езд ужо не толькi вышэй-шую элiту – раду, але i прадстаўнiкоў баярства-шляхты. Вальным соймам быў толькi той, на якi, апрача гаспадарскай рады, з’язджалiся князi, паны i баяры з усiх зямель дзяржавы. На вальным сойме прысутнiчалi не толькi паны, якiя займалi дзяржаўныя пасады, але i неўрадавая шляхта зямель i паветаў – усе, хто валодаў зямлёй па рыцарскiм праве.

Падобныя форумы сталi звычайнымi тады, калi для вырашэння дзяржаўных пытанняў першаступеннай важнасцi цэнтральнай уладзе было важна атрымаць згоду зямель-абласцей. Ужо Казiмiр Ягайлавiч меў за правiла склiкаць на з’езд, апрача паноў-рады, шырокае кола князёў i баярства з розных зямель сваёй дзяржавы. Так зрабiлi паны-рада ў 1492 г., калi спатрэбiлася абраць новага манарха без узгаднення з Польшчай. Упершыню ў Вiльнi разам з радай новага гаспадара абiралi князi, паны i зямяне з тэрыторыi цэлай дзяржавы, незалежна ад веравызнання. Вiленскi з’езд 1492 г. i можна лiчыць першым сапраўдным вальным соймам. Пастаянна ж соймы пачалi склiкацца ў часы княжання Жыгiмонта I Старога (1506-1544 гг.).

З пачаткам вальных соймаў палiтычнае адзiнства дзяржавы забяспечвалася не толькi прызнаннем аднаго манарха, але i ўдзелам прадстаўнiкоў розных тэрытарыяльных частак у цэнтральным органе ўлады. Праўда, да поўнага вызначэння яго функцый i складу дайшло толькi ў другой палове ХVI ст. Спачатку кампетэнцыi сойма былi абмежаваны праблемамi ўнутранага жыцця. У гады Жыгiмонта Старога асноўнай задачай соймаў была арганiзацыя абароны.

З 1512 г. была ўведзена норма прадстаўнiцтва ўпаўнаважаных паслоў – па 2 шляхцiцы ад зямлi цi павета. Князi, паны i ўраднiкi запрашалiся паiменна. Так паўстаў новы палiтычны iнстытут – вальны сойм, якi замкнуў сiстэму органаў вярхоўнай улады ў дзяржаве.

 

 

Пытанні

1. Усходнеславянскі этнічны падмурак ВКЛ.

Фарміраванне этнічнай тэрыторыі беларусаў у ХІУ-ХУ стст.

2. Эканамічныя і палітычныя фактары кансалідацыі беларускага

этнасу (народнасці).

3. Асноўныя канцэпцыі паходжання беларускага народа,

яго саманазвы.

4. Духоўнае жыццё балтаў і ўсходніх славян

у эпоху ранняга сярэднявечча.

5. Прыняцце хрысціянства і распаўсюджванне пісьменнасці.

6. Развіццё духоўнай культуры беларускіх зямель у ВКЛ

і яго асаблівасці. Ідэі еўрапейскага Рэнесансу і выбітныя

дзеячы беларускага Адраджэння.

7. Месца і роля беларускай культуры ў духоўным жыцці ўсходніх

славян і ў агульнаеўрапейскім культурна-цывілізацыйным

працэсе

 

1. З моманту ўтварэння ВКЛ яго усходнеславянскі этнічны падмурак заставаўся вызначальным. Далучэнне новых усходнеславянскiх зямель у другой палове ХІУ пачатку ХV cтст. iстотна павялiчыла вагу “рускага” (усходнеславянскага) элемента ў дзяржаве. У гады княжання Альгерда і Вітаўта завяршылася ўваходжанне ў дзяржаву беларускіх этнічных тэрыторый і большая частка колішняй славяна-рускай дзяржавы разам з яе сталіцай – горадам Кіевам. У ліку шляхоў пашырэння дзяржавы былі мірныя і ваенныя, дабрахвотныя і гвалтоўныя. Не апошнюю ролю адыгрывалі дынастычныя шлюбы. Усё гэта і іншае абумоўлівала розны статус кожнай з уключаных зямель, але, як правіла, кожная з іх, саступіўшы частку упраўленчых функцый цэнтральнай уладзе, захоўвала ранейшы жыццёвы уклад.

Аб’яднанне колішніх, падуладных крыжакам і мангола-татарам тэрыторый, у складзе адзінай дзяржавы дазволіла ўратавацца іх народам ад асіміляцыі або поўнага фізічнага вынішчэння, як гэта адбылося з прусамі, куршамі і іншымі плямёнамі. Устараненне пагрозы крыжацкага і мангола-татарскага заваявання спрыяла імкліваму развіццю сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю, росту гарадоў і мястэчак; фарміраванню ўласцівага развітому феадалізму сацыяльнай структуры; уздыму матэрыяльнай і духоўнай культуры жыхароў ВКЛ.

Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае аб’яднала ў сабе народы сучаснай Беларусі, Прыбалтыкі, Украіны і Расіі. Перавага ўсходнеславянскіх (9/10) зямель і іх насельніцтва (8/10) абумовіла магчымасць пашырэння на балтаў уплыву больш перадавой на той час матэрыяльнай і духоўнай культуры. Лiтоўскiя феадалы ўспрынялi беларускую культуру i выкарыстоўвалі беларускую мову ў паўсядзённым ужытку. Менавiта пры іх “руская” мова набыла ролю афiцыйнай, дзяржаўнай, у тым ліку пры двары. Значныя зрухі ў сацыяльна-эканамічным, палітычным і культурным жыцці паспрыялі далейшаму этнагенезу беларусаў

 

2. У этнічнай гісторыі Беларусі перыяд утварэння і развіцця ВКЛ цесна звязаны з фарміраваннем беларускай народнасці з уласцiвай ёй моўнай, тэрытарыяльнай, эканамiчнай, сацыяльнай i культурнай асаблівасцямi. У ліку вызначальных фактараў гэтага працэсу - палітычны, які абумовіў кансалідацыю беларускага этнасу ў складзе новага дзяржаўнага ўтварэння – ВКЛ. Негвалтоўнае, дагаворна-дабрахвотнае аб’яднанне ў яго складзе звыш дваццаці ўсходнеславянскіх княстваў прычынілася да складвання адной этнічнай тэрыторыі і абумовіла іх актыўнае далейшае ўзаемадзеянне ў агульных інтарэсах. У межах ВКЛ адбылося ўсталяванне моцнай цэнтралізаванай улады вялікага князя з апаратам кіравання, адзіным заканадаўствам і дзяржаўнай мовай, што паклала канец сепаратызму ўдзельнай знаці. Разам з тым усходнім землям Падзвіння і Падняпроўся пакідалася істотная аўтаномія, якая, аднак, не выходзіла з-пад кантролю вярхоўнай улады

Важнейшым фактарам, якія паспрыяў фарміраванню беларускай народнасці, быў эканамічны. Менавіта ён абумовіў кансалідацыю ўсходнеславянскіх зямель пад час утварэння ВКЛ і ў далейшым такжа станоўча ўздзейнічаў на ўзнiкненне беларускай народнасцi ў ХIV-ХVI стст., калі феадальны спосаб вытворчасці дасягнуў свайго росквіту. Змены ў сельскай гаспадарцы (выкарыстанне новай тэхнікі і тэхналогіі земляробства, валочная памера, удасканаленне сістэмы павіннасцяў сялянства, развіццё фальваркаў) станоўча адбіліся на ўраджайнасці і таварнасці збожжа, забеспячэнні гарадоў і мястэчак прадуктамі і сыравінай.

Прагрэс у сельскай гаспадарцы абумовіў уздым гарадскога рамяства (павелічэнне попыту на рамесныя вырабы, выкарыстанне новых прылад працы і матэрыялаў, з’яўленне новых спецыялізацый, выпуск новых тавараў, аргані-зацыя цэхаў), і, адпаведна далейшае развіццё гарадоў як цэнтраў гандлю і беларускай культуры. Натуральным працягам гэтых працэсаў стала ўзнікненне паселішчаў гарадскога тыпу, якія яшчэ больш умацоўвалі сувязь паміж горадам і вёскай як у эканамічным, так і культурным плане.

Фарміраванне беларускай народнасці адбывалася ў працэсе развiцця феадальных адносiн, калі пачалі складвацца саслоўныя групы насельнiцтва са строга азначаным колам правоў і абавязкаў для кожнай з іх. Вызначальную ролю ў дзяржаве адыгрывалі свецкія і духоўныя феадалы.

У ВКЛ з 13 ст. асноўная маса феадалаў называлася баярамі, якія з’яўляліся нашчадкамі Полацкага і Тураўскага княстваў. У ХІУ ст. да іх далучыліся літоўскія, а ў ХУ жамойцкія нобілі і дружыннікі. З 1413 г. У дзяржаўных актах часцей стаў выкарыстоўвацца тэрмін “баяры-шляхта”, а з другой чвэрці ХУІ ст. Для абазначэння феадальнага саслоўя гэты тэрмін стаў выкарыстоўвацца пастаянна. У ХІУ–ХУ стст. сталі вылучацца князі, княжаты і знатныя баяры (паны).

На ніжэйшай прыступцы знаходзілася дробная шляхта (з невялікімі ўчасткамі зямлі з некалькімі сялянамі або без сялян), сяляне-слугі.

Шляхта фарміравалася як вайсковае саслоўе. Першы этап завяр-шыўся ў другой чвэрці ХУ ст. вылучэннем са шляхты самастойнай катэгорыі ваенных слуг. Адасабленне ад шляхты ваенных слуг (Статут 1529 г.) яшчэ канчаткова не закрыла доступу прадстаўнікам іншых саслоўяў. Але ўжо да сярэдзіны ХУІ ст. у рэдкіх выпадках за вялікія заслугі праз набілітацыю ваеннаслужылых людзей, у тым ліку сялян і гараджан (напачатку вялікім князем або гетманам на полі бою з наступным зацвярджэннем на сойме). З другой паловы ХУІ ст. шляхецтва надавалася толькі соймам.

Паводле попісу войска ВКЛ 1528 г. сярэднія і дробныя феадалы беларускага паходжання складалі 80% усіх феадалаў, 19% – літоўскага паходжання. На усходзе і ў цэнтры Беларусі шляхта была амаль цалкам беларускага паходжання.

У ХУ-ХУІ ст. Значнай па колькасці была група ваеннаслужылага насельніцтва як пераходная паміж феадаламі і сялянамі, куды ўвахо-дзілі нашчадкі дробных беларускіх і літоўскіх баяр і дружыннікаў

Першыя з іх, згрупаваныя ў шляхецкае саслоўе (князі, баяры, зямяне, паны, шляхта і інш.), адрозніваліся па маёмаснай (вотчыннае ўладанне, “дзяржанне”), канфесійнай (праваслаўныя, каталікі, языч-нікі, мусульмане), службовай (ваявода, стараста, харунжы) і інш. прыкметах, але ў нацыянальным плане большасці іх належала да беларусаў. Сярод духавенства, якое ў асноўным падзялялася на праваслаўных і каталіцкіх святароў, таксама пераважалі беларусы.

Сацыяльныя адрозненні сялянства (па прыналежнасці, ступені асабістай свабоды, павіннасцях, заможнасці, месцы жыхарства і інш.) не перашкаджалі іх нацыянальнай кансалідацыі. Па характары ўмоў сваёй жыццядзейнасці сяляне цесна кантактавалі паміж сабою, былі захавальнікамі народнай мовы і культуры. Разам з тым мiжсаслоўныя (паміж сялянамі і феадаламі) адносiны былi развiты значна слабей.

Сацыяльная структура гарадоў і мястэчак была больш разнастайнай (саслоўі мяшчан, расмеснікаў, купцоў; заможныя пласты і гарадскія нізы), але па нацыянальнай прыкмеце іх жыхарства ўяўляла пераважна аднародную беларускамоўную супольнасць, цесна звязаную з аграрнай часткай насельніцтва ВКЛ. Нягледзячы на існаваўшыя мiжсаслоўныя (паміж сялянамі і феадаламі) і ўнутрысаслоўныя (паміж шляхтай і святарамі розных веравызнанняў) супярэчнасці, існаваўшая ў ВКЛ сацыяльная структура спрыяла фарміраванню агульных дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў грамадства, а разам з тым і беларускай народнасці.

Але ў працэсе складвання беларускай народнасці вызначыліся і пэўныя цяжкасці, звязаныя з арыентацыяй кіраўніцтва ВКЛ на палітычны саюз з Польшчай, што прывяло да акаталічвання не толькі літоўскай, але і часткі ўсходнеславянскай (праваслаўнай) знаці. У выніку асноўная (этнастваральная) маса насельніцтва вёсак і гарадоў стала губляць сваю палітычную і духоўную эліту, без удзелу якой працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці хоць і працягваўся, але зрабіўся некіруемым, стыхійным, лакалізаваным, і ўрэшце не паспрыяў узнікненню ў беларусаў адзінай саманазвы. Таму ва ўмовах існавання шматканфесійнай і поліэтнічнай дзяржавы, дзе назіралася прыкметная аўтаномія асобных зямель і гарадоў з магдэбургскім правам, людзі звычайна ідэнтыфікавалі сябе па традыцыі (русічы, рускія), па месцы пражывання (магілёўцы, палачане), па племянной прыналежнасці (літва, літоўцы, жмудзіны) і г. д. Найбольш распаўсюджанай з’яўлялася саманазва “літвіны”. Спатрэбіўся яшчэ працяглы час, каб большасць насельніцтва ўсвядоміла сябе беларусамі, а сваю зямлю стала зваць Беларуссю.

Такім чынам, утварэнне моцнай дзяржавы – ВКЛ, аб’яднанне ў яго межах многіх былых княстваў Кіеўскай Русі зямель з пераважаўшым усходнеславянскім насельніцтвам, развітая эканоміка і гаспадарчыя сувязі, наяўнасць беларускай мовы (гутарковая і літаратурная) заканадаўства (прывілеі, Судзебнік, Статут 1529 г.), усведамленне нацыянальнай ідэнтычнасці, традыцыі і культура (духоўная і матэрыяльная) – усё гэта і іншае сведчыла аб фарміраванні ў межах ВКЛ новай этнічнай супольнасці – беларускай народнасці.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 789; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.049 сек.