Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 4. Фарміраванне беларускага этнасу і яго культуры ў перыяд сярэднявечча 4 страница




Духоўная культура беларускіх зямель з моманту іх уваходжання у склад ВКЛ абапіралася на ўсходнеславянскую традыцыю, што адбілася ў фальклоры (быліны, паданні, казкі), народных святах (Каляды, Купалле) і забавах. Нягледзячы на процідзеянне царквы, абрадавыя дзействы (ад вяселля да пахавання нябожчыкаў) выходзілі за межы хрысціянскіх канонаў і ўбіралі ў сябе элементы язычніцтва. Тыя ж прыкметы былі ўласцівы народным танцам і музыцы. Усе здабыткі народнай творчасці перадаваліся з пакалення ў пакаленне, узбагачаліся новымі творамі, фарміруючы нацыянальны харак-тар народа і яго літаратурную мову.

Пад уздзеяннем сацыяльна-эканамічных, палітычных, культурных і іншых фактараў мова новай духоўнай літаратуры паступова адыходзіла ад царкоўна-славянскіх узораў папярэдніх стагоддзяў. Так, «Сказанне аб літоўскіх (віленскіх) пакутніках» (XIV ст.) было напісана на мове, больш зразумелай большасці насельніцтва. Найлепшым чынам гэта тэндэнцыя выявілася ў дзяржаўных, юрыдычных, гаспадарчых дакументах, справаводстве, якія ў меншай ступені залежалі ад хрысціянскай ідэалогіі. У значнай ступені гэта знайшло ўвасабленне ў летапісных творах – «Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх» (20-я гады XV ст.), а таксама беларуска-літоўскі летапіс (1446 года), “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”. Усе яны напоўнены апісаннем шматлікіх ратных падзей, прасякнуты гонарам за сваю дзяржаву і яе князёў («Пахвала Вітаўту», «Жыццё і смерць Кейстута”). Але не толькі ваенная тэматыка прываблівала іх аўтараў. Так, у адным з фрагментаў «Хронікі ВКЛ» ўсхваляўся колішні вечавы лад Полацка і яго жыхары, якія, «о справах своих и потребах речи посполитое и держав своих радили». Далей ішло параўнанне Полацка з горадам-рэспублікай Венецыяй. Такім чынам, разнастайныя падзеі з гісторыі ВКЛ і яго народа, асветленыя на старажытнабеларускай мове, закладалі падмурак нацыянальнай літаратуры.

Далейшае яе развіццё звязана з пачаткам новай эпохі ў развіцці заходнееўрапейскай культуры, названай Рэнесансам, у аснове якой знаходзіўся не бог, а чалавек як самадастатковая істота з уласцівымі яму свабодай, духоўнай і фізічнай прыгажосцю, стваральнай дзейнасцю. Носьбітамі гэтых ідэй з’яўляліся прадстаўнікі буржуазіі – новага класа, які зараджаўся ў нетрах феадальнага грамадства. Купцоў, уладальнікаў майстэрань, банкіраў і проста гараджан больш не задавальняла вызначальная роля царквы і дваранства ў іх жыцці. Усталяваны парадак, пры якім лёс чалавека залежаў не ад асабістых якасцяў, а толькі ад яго паходжання, не даваў прадстаўнікам “трэцяга саслоўя”, у тым ліку буржуазіі, шанцаў на ўдзел ва ўладзе. Невыпадкова таму сталі ўзнікаць і распаўсюджвацца ідэі аб прыроднай роўнасці ўсіх людзей і іх правоў, аб вызначальнай ролі самога чалавека ў сваім лёсе. Такім чынам, рэлігійныя ўяўленні аб ўсеўладдзі бога, аб перадвызначанасці ім усяго існага хоць і не перасталі існаваць, але саступалі месца ўяўленням аб чалавеку як істоце разумнай, прыгожай, свабоднай. Адпаведна, новыя ідэі зрабіліся найперш запатрабаванымі ў асяроддзі тых сацыяльных пластоў, якія ўсведамлялі неабходнасць перамен да лепшага. Менавіта іх попыт на навуковыя трактаты, мастацкую літаратуру, жывапіс і скульптуру, дзе чалавек выглядаў вышэйшым стварэннем бога, поўным розуму, сілы, прыгажосці і г.д., абумовіў рэзкі ўздым духоўнага жыцця спачатку ў Італіі, а затым і ва ўсёй Заходняй Еўропе.

Да гэтага часу (канец ХУ-пачатак ХУІ стст.) у ВКЛ таксама ўзніклі пэўныя сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя перадумовы, якія спрыялі распаўсюджанню гуманістычных ідэй, найперш у гарадах і мястэчках, дзе існавала магдэбургскае права.

Прыкметы распаўсюджання культуры Рэнесансу на Беларусі выявіліся не толькі ў з’яўленні новых, гуманістычных па свайму ідэйнаму зместу, творах заходнееўрапейскіх аўтараў, але і ў творчасці нашых землякоў, і ў першую чаргу – кнігах Францыска Скарыны (каля 1490 - каля 1550 гг.). Ён - выхадзец са славутага Полацка, выпускнік Кракаўскага і Падуанскага універсітэтаў, бакалаўр свабодных навук і доктар медыцыны. У 1517 г. у Празе з друку выйшла «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Мэтай сваёй працы ён бачыў не толькі ўмацаванне ў “людей посполитых” хрысціянскай веры і маралі, але і іх “научение”. Таму ж спрыялі прадмовы, сказанні і пасляслоўі, народны каляндар – «Малая падарожная кніжыца са Святцамі і Пасхаліяй», выдадзеныя ў Вільні, іншыя творы, у якіх аўтар выявіў свае філасофскія, маральна-этычныя погляды і асветніцкія якасці. Апошняя выдадзеная ім кніга — «Апостал». Выдавецкая дзейнасць Скарыны значна наблізіла кнігу да чытача як па яе кошту, так і па даступнасці зместу. Характэрна і тое, што надрукаваная ім Біблія з’явілася на мове, зразумелай усім усходнім славянам. Яго подзвіг як грамадзяніна і гуманіста заключаўся і ў тым, што ён падрываў манаполію царквы на распаўсюджанне слова боскага, праз свае кнігі даваў магчымасць простым людзям самастойна далучыцца да духоўных і свецкіх каштоўнасцей. Нарэшце сваёй выдавецкай дзейнасцю ён надаваў магутны стымулюючы імпульс тым людзям свайго часу, якія ставілі сябе на службу ўсім “людзям посполитым”.

Новыя, уласцівыя эпосе Адраджэння гуманістычныя рысы, знайшлі ўвасабленне ў творах выдатнага беларускага паэта Міколы Гусоўскага (каля 1480 – пасля 1533). Напісаная ім у Рыме на лацінскай мове паэма “Песня пра зубра” і выдадзеная ў Кракаве (1523), яна прадстаўляла заходнееўрапейскаму чытачу Вялікае княства Літоўскае з яго багатай прыродай, мужным народам і мудрым князем Вітаўтам. Пранікнёныя і глыбока гуманістычныя ў сваёй аснове радкі з асуджэннем міжусобных войн, выказаная ідэя яднання ўсіх еўрапейцаў перад пагрозай знешняга нашэсця, характарызуе аўтара як патрыёта і прыхільніка мірнага, стваральнага жыцця народа ВКЛ на чале з моцным і мудрым кіраўніцтвам. На думку аўтара, зубр як сімвал гэтага народа велікадушна ставіцца да ўсіх, хто не нясе яму шкоды, і бывае бязлітасным, калі яму пагражае небяспека.

У 1529 г. быў прыняты і пачаў дзейнічаць Літоўскі Статут, які з’яўляўся не толькі зводам тагачасных законаў, але і ўзорам айчыннай палітычнай і прававой культуры. Асноўная ідэя Статута – вяршэнства закона для ўсіх – выводзіла яго аўтараў у ранг мысліцеляў сусветнага маштабу.

Эпоха Рэнесансу выклікала да жыцця па ўсёй Заходняй Еўропе, цэлы сацыяльна-палітычны рух – так званую Рэфармацыю, скіраваную супраць усеўладдзя каталіцкай царквы. У ВКЛ гэты працэс, акрамя іншага, даў моцны штуршок да з’яўлення новых ідэйна-рэлігійных плыняў, а разам з імі – да развіцця філасофскай думкі, пашырэння асветніцтва, адукацыі і кнігадрукавання.

Гэтым падзеям цалкам адпавядала дзейнасць Сымона Буднага (каля 1530 —?) выпускніка Кракаўскага універсітэта, заснавальніка друкарняў у Нясвіжы (1562), (разам з Я. Кішкам) Лоску. Як прадстаўнік пратэстанцкай плыні, ён выдаў асновы рэфармацыйнага вучэння на беларускай мове “Катэхізіс”, творы «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і пераклад Новага Запавету (1574). Гэтыя і іншыя працы С. Буднага, скіраваныя на духоўнае вызваленне асобы і спрыянне яе творчаму асэнсаванню рэлігійнага вучэння, мелі моцны гуманістычны патэнцыял і ў далейшым паўплывалі на погляды еўрапейскіх філосафаў.

Буднаму належаць палемічныя трактаты ў абарону вяршэнства закона, верацярпімасці, асветы народа, роднай мовы. Ён заклікаў да культурнага ўзбагачэння народаў, да супрацоўніцтва ўсіх славян, крытыкаваў праваслаўных святароў, якія адмяжоўваліся ад заходнееўрапейскай культуры. Сам жа хоць і валодаў многімі мовамі, але пастаянна пісаў на мове беларускай, заклікаў да яе выкарыстання.

Творчасць Васіля Цяпінскага (Амельяновіча) (каля 1540–?) як асветніка, пісьменніка і кнігавыдаўца таксама звязана з часам Рэфармацыі на Беларусі. Яму належыць першы пераклад і выданне на беларускую мову Евангелля ва ўласнай друкарні. Як шчыры патрыёт сваёй зямлі, Васіль Цяпінскі выступаў за выкарыстанне роднай мовы ў набажэнстве, навуцы, літаратуры, за навучанне на ёй дзяцей і г. д.

Пад уздзеяннем ідэй Рэнесансу і Рэфармацыі, а таксама асветнікаў-гуманістаў, стан адукацыі ў ВКЛ істотна палепшыўся. У параўнанні з ХІІІ-ХУ ст., калі пераважалі манастырскія, царкоўныя і прыватныя (пры маёнтках буйных феадалаў) школы, іх павялічылася, а па зместу яны набылі пераважна свецкі характар. З’яўленне ў дзяржаве друкаванай (рэлігійнай, палемічнай, свецкай і інш.) літаратуры павялічыла самастойнасць асобных сацыяльных і канфесійных груп у справе адукацыі. Аб’ектыўна таму ж спрыяла патрэба ўладных структур, рамеснікаў, купецтва і інш. у адукаваных людзях. Набытыя навучэнцамі веды можна было паглыбіць ва ўніверсітэтах Польшчы, Чэхіі, Германіі і іншых заходнееўрапейскіх краінах.

Адметнай асаблівасцю адукацыйных устаноў ВКЛ ХУІ ст. зрабілася перавага ў іх так званых брацкіх (адкрытых пад дабрачынных аб’яднанняў – “брацтваў”) школ, дзе на працягу 3-5 год навучаліся дзеці розных саслоўяў, як правіла, пратэстанцкага і праваслаўнага веравызнання. Кожная школа мела свае статут, змест і арганізацыю навучання. Менавіта брацтвы абіралі рэктара і настаўнікаў (дыдаскалы або бакаляры) школы. Пасля набыцця пачатковай адукацыі ў выглядзе элементарных навыкаў чытання і пісьма дзеці мусілі вувучаць “сем вольных навук” – “трывіўма” (граматыка, рыторыка, дыялекцыя???дыялектыка) і “квадрывіўма” (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У пратэстанцкіх школах выкладаліся багаслоўе і царкоўныя спевы, лацінская, грэчаская і родная мова, рыторыка, гісторыя, матэматыка. Выкарыстоўвалася групавая або класная урочная сістэма вучобы, у якой існаваў катэхізісны метад навучання, пабудаваны на пытаннях і адказах. У далейшым развіццё брацкіх школ у ХУІІ ст. прывяло да неабходнасці стварэння адпаведных падручнікаў для навучання грамаце, пісьму, чытанню.

Такім чынам, развіццё філасофскай, грамадска-палітычнай, рэлігійнай думкі, якое адбывалася ў рэчышчы гуманізму, станоўча адбілася на стане беларускай адукацыі. Прагрэсіўнасць гэтага працэсу назіралася ў збалансаваных суадносінах рэлігійнага і свецкага зместу школьных праграм, навучанні на роднай мове, рознага сацыяльнага складу навучэнцаў і г. д. І як вынік такой сістэмы навучання – магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі ў еўрапейскіх універсітэтах, з’яўленне на Беларусі ўласнай плеяды асветнікаў-гуманістаў і патрыётаў сваёго краю, далейшае развіццё навуковай думкі і выдавецкай справы.

Выяўленчае мастацтва ВКЛ ХІУ-ХУІ стст. галоўным чынам прадстаўлена іканапісам, у якім візантыйская і ўсходнеславянская традыцыі набылі стылістычныя асаблівасцямі рэнесансу і барока. Станаўленне ўласна беларускай іканапіснай школы належыць да XV—XVI стст., калі пад уплывам рэнесансавых ідэй на змену ўмоўным вобразам прыходзіць выразнасць, суразмернасць прапорцый, пластычнасць. Біблейскія сюжэты сталі спалучаецца з жыццёвасцю вобразаў, этнаграфічнымі асаблівасцямі. У ліку самых ранніх тыпаў абразоў беларускага паходжання з’яўляюцца «Маці Боская Замілаванне» з Маларыты (XIV ст.), «Маці Боская Ерусалімская» з Пінска (XV ст.). Рэнесансавыя рысы ўласцівы — «Маці Боскай Смаленскай» з Дубінца (канец XV ст.), «Нараджэнню Багародзіцы» з Ляхаўцаў, «Пакланенню вешчуноў» з Дрысвят, «Параскеве Пятніцы» са Случчыны і інш.

Свецкі жывапіс ХУ ст. прадстаўлены партрэтамі арыстакратаў – віцебскай княжны Пракседы, вялікага князя Альгерда, магната Хадкевіча, слуцкага князя Алелькавіча, княгіні Ганны Радзівіл. У канцы XVI ст. ўзнікаюць гістарычны, батальны і іншыя жанры.

Жывапіснае мастацтва знайшло адбітак у рукапісным Лаўрышаўскім евангеллі (пачатак ХІУ ст.), аздобленым мініяцюрамі з выявамі святых. Друкаваныя кнігі Ф. Скарыны ўтрымліваюць шматлікія ілюстрацыі біблейскіх сюжэтаў, выкананыя аўтарам у рэнесансным стылі. Асаблівую мастацкую і гістарычную і каштоўнасць уяўляе аўтапартрэт вялікага гуманіста.

З’яўленне скульптуры была выклікана культавымі патрэбамі найперш каталіцкай царквы. «Распяцце» (XIV ст.), (в. Галубічы, Віцебскай вобл.) за-хоўвае рысы раманскага стылю. Больш характэрныя прыкметы эпохі Адраджэння захоўваюць выявы «Кацярыны Александрыйскай», «Лізаветы Венгерскай» (Пружанскі р-н), «Марыя з дзіцем» (Нясвіж). У касцёлах XV – пач. XVI стст. узводзяцца алтары са скульптурнымі выявамі святых.

Такім чынам, скульптура мела культавае прызначэнне і выконвалася мясцовымі майстрамі, невыпадкова таму выразных рэнесансных прыкмет яна не мела. Асноўным матэрыялам, які выкарыстоўваўся для іх вырабу, з’яўлялася дрэва, а не камень (мармур), як гэта было прынята ў заходнееўрапейскіх краінах.

Архітэктура беларускіх гарадоў мела больш выразныя, у параўнанні з жывапісам і скульптурай, заходнееўрапейскія традыцыі і стылі. У сувязі з распаўсюджваннем каталіцызму ў ХІУ-ХУ стст. тут пачалося будаўніцтва касцёлаў, у большасці, у стылі готыкі з уласцівымі ёй высокімі дахамі, стрэльчатымі аркамі і вокнамі-вітражамі. У іх ліку – касцёлы ў в. Ішкалдзь (Баранавіцкі раён), в. Уселюб (Навагрудскі раён), м. Іўе. Крыху пазней каталіцкія храмы былі ўзведзены у Новагародку (фарны касцёл), Клецку, Гародні, в. Гаранёны (Іўеўскі раён), в. Гнезна (Ваўкавыскі раён).

Лепшымі ўзорамі сінтэтычнага (раманскага і гатычнага) архітэктурнага стылю і таму названага беларускай готыкай прынята лічыць цэрквы ў Маламажэйкаве Шчучынскага раёна; Супраслі на Беласточчыне і Сынкавічах Зэльвенскага раёна (ХУ-ХУІ стст.), якія спалучалі ў сабе культавае і абарончае прызначэнне.

Уласцівай асаблівасцю беларускай архітэктуры часоў ВКЛ варта назваць мураваныя замкі-крэпасці ў Вільні, Гародні, Крэве, Лідзе, Новагародку, Троках, якія служылі месцамі пражывання князёў і, у выпадку неабходнасці, абарончымі пунктамі. У канцы ХУ ст. было пачата будаўніцтва замка магнатаў Ільінічаў у Міры, а ў сярэдзіне ХУІ – замка Радзівілаў у Нясвіжы.

Характэрнай асаблівасцю большасці ваенных, культавых, уладальніцкіх і іншых забудоў з’яўлялася іх абарончае прызначэнне. Па-другое, ні адзін з будынкаў не нагадваў класічнага ўзору таго ці іншага архітэктурнага стылю і ўвасабляў у сабе творчы падыход, мясцовыя традыцыі і майстэрства беларускіх дойлідаў.

У цэлым, архітэктура і выяўленчае мастацтва ХІУ-ХУІ стст. спалучалі ў сабе ўсе асноўныя стылі заходнееўрапейскай культуры, і ў той жа час захоўвалі беларускія нацыянальныя традыцыі, іх самабытнасць і адметнасць.

 

7. Беларуская культура складвалася на працягу стагоддзяў на аснове культуры ўсходнеславянскай. Яе ўзаемадзеянне, у асноўным, адбывалася на трох узроўнях – этнічным (паміж рознымі этнасамі адной дзяржавы), міжнацыянальным (паміж этнасамі суседніх дзяржаў) і цывілізацыйным (заснаваным на прынцыпова розных тыпах сацыяльнасці і каштоўнасных сістэм).

Станаўленне вызначальных жыццёвых ідэалаў і каштоўнасцяў беларускага народа адбылося ў пачатковы перыяд яго гісторыі – у эпоху Кіеўскай Русі, калі быў сфарміраваны праваслаўна-хрысціянскі генатып культуры славяна-рускай народнасці, калі сінтэз хрысціянскіх каштоўнасцяў візантыйскага кшталту з мясцова-язычніцкімі ўяўленнямі і традыцыямі паклалі пачатак новай самабытнай цывілізацыйнай супольнасці.

Хрысціянізацыя Русі замацавала славянскую мову і азбуку, распрацаваную балгарскімі манахамі Кірылам і Мяфодзіем, і тым вызначыла форму развіцця сярэднявяковай пісьменнасці і культуры. Пераклады на царкоўнаславянскую мову грэчаскіх багаслоўскіх прац падштурхнулі развіццё усходнеславянскай духоўнай культуры.

З прыняццем хрысціянства культурны працэс у заходніх княствах Кіеўскай Русі значна паскорыўся, хоць следы язычніцтва яшчэ працяглы час захоўваліся ў хрысціянскіх святах і абрадах. Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч адыгралі вялікую ролю ва ўзбагачэнні духоўнага жыцця сваіх і суседніх княстваў.

У галіне мастацкай культуры хрысціянства прынесла на Беларусь мураваную манументальную архітэктуру, перш за ўсё культавую. Яно ж спрыяла з’яўленню і раз­віццю манументальнай мазаікі і фрэскі, іканапісу і духоўнай музыкі. Самабытнае развіццё набыў манументаль­ны жывапіс, які ўвабраў у сябе народныя традыцыі і лепшыя візантыйскія ўзоры.

Візантыйскія каноны і традыцыі, асабліва ў галіне мастацтва аказвалі значны ўплыў на працэс культурнага развіцця Беларусі на працягу XI—XIII стст. Гэта знайшло адбітак у архітэктуры, пісьменстве, летапісанні, выяўленчым мастацтве­, дзейнасці асветнікаў.

За час сумеснага існавання ў складзе Кіеўскай Русі (IX – пач. XIII стст.), у ас­ноўным сфарміравалася даволі блізкая ў этнічным плане для ўсяго яе насельніцтва матэрыяльная і духоўная культура. Але пры ўсей супольнасці культуры Кіеўскай Русі на тэр­рыторыі сучаснай Беларусі яна мела свае харак­тэрныя асаблівасці. Найбольш выразна яны выявіліся ў мастацтве Полацкай зямлі, дзе ўжо ў пачатку XII ст. скла­лася самабытная школа дойлідства, жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У часы ВКЛ гаспадарча-эканамічныя ўмовы, саслоўна-класавая структу­ра, становішча ў сістэме дзяржаўнай улады, канфесійныя адрозненні паўплывалі на ўсю сукупнасць характэрных рыс беларусаў як этнічнай супольнасці. Асновой далейшага развіцця іх культуры з’явіліся яе формы, атрыманыя ў спадчыну ад папярэдняй эпохі і пакаленняў. Надзвычай фажным фактарам гэтага працэсу з’явілася тое, што беларуская мова стала дзяржаўнай.

Пад уплывам новых гістарычных умоў у культуры беларусаў узнікае мноства новых элементаў і тэндэнцый як мясцовага паходжання, так і запазычаных дасягненняў: як сваіх суседзяў, так агульнаеўрапейскіх. У выніку беларуская на­цыянальная культура склалалася на аснове культуры беларусакага этнасу ва ўзаемадзеянні з культурамі іншых этнічных груп — літоўцаў, рускіх, палякаў, яўрэяў, татараў і іншых. Вынікам гэтых працэ­саў з’явіліся самабытны характар беларусаў, асаблівасці іх светаўспрымання, мыслення і ладу жыцця.

Узбагачэнню беларускай культуры спрыяла заходняя палітыка кіраўніцтва ВКЛ (гандлёвыя сувязі беларускіх і заходнееўрапейскіх гарадоў, навучанне моладзі ў замежных універсітэтах і інш).

На фарміраванні ідэалаў і каштоўнасцяў беларусаў у перыяд ВКЛ плённа паспрыяў агульны духоўны ўздым, які ахапіў еўрапейскія краіны ў эпоху Адраджэння. Тысячагадовае сярэднявечча, заснаванае на панаванні царквы і падаўленні чалавечай асобы, саступала месца ідэалам чалавекалюбства, сілы чалавечага розуму, духоўнай і фізічнай прыгажосці і інш. Айчынная культура, якая ў той час вырастала са славяна-рускага кораню, творча асэнсоўвала заходнееўрапейскія культурныя каштоўнасці і ўбірала ў сябе тыя з іх, якія адпавядалі, найперш, каштоўнасцям хрысціянскім, агульначалавечым, агульнадзяржаўным.

Мала таго, беларуская духоўная культура выявіла здольнасць выка-заць сваё слова на выклік часу, вылучыўшы са свайго асяроддзя дзеячаў еўрапейскага тыпу, маштабу і значнасці. Буйнейшы ў іх ліку – Францыск Скарына, які на ўласным вопыце адчуў дабратворнае ўздзеянне адукацыі і даў магчымасць сваім суайчыннікам адчуць тое ж, упершыню ва ўсходнеславянскай традыцыі, надрукаваўшы Біблію на роднай мове. У той час, калі манапольныя правы на выданне і тлумачэнне Свяшчэннага пісання належалі царкве, ён палічыў неабходным забяспечыць свае кнігі ўласнымі прадмовамі і ка-ментарыямі. Ф. Скарына меў рацыю, калі казаў, што “не толико докторове а люди вченые в них разумеють, но всякий человек простый и посполитый, чтучы их или слухаючы, можеть поразумети, что ест потребно к душному спасению его».

Зварот Скарыны непасрэдна да людзей, іх розуму і сэрца, меў на мэце ўмацаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў. Пры гэтым асветнік не акцэнтаваў ўвагі на канфесійных адрозненнях, таму яго творчасць з’яўляецца здабыткам усёй хрысціянскай цывілізацыі. З другога боку, як гуманіст у хрысціянскай сістэме каштоўнасцяў “веру ў бога” ён ставіў пасля “любові да бліжняга”, лічучы чалавекалюбства вышэйшым прынцыпам узаемаадносін паміж людзьмі, незалежна ад іх веравызнання, сацыяльнага ці этнічнага паходжання. З гэтай нагоды можна меркаваць, што славутая талерантнасць беларусаў сфарміравалася не без уздзеяння скарынінскай асветы. Скарына шмат увагі надаваў дабрабыту сваёй зямлі, заклікаў суайчыннікаў, у тым ліку дзяржаўных дзеячаў не шкадаваць «всякого тружания и скарбов для посполитого доброго и для отчины своея».

Несумненнай заслугай яго дзейнасці ў Празе і Вільні стала пашырэнне ў грамадстве тагачасных навуковых ведаў і ўзораў выяўленчага мастацтва, з’яўленне новых выдаўцоў і асветнікаў як у ВКЛ, так і за яго межамі.

Выразныя адраджэнскія рысы ўласцівы і твору М. Гусоўскага «Песня пра зубра». Па-сутнасці, гэта ўвасоблены ў паэтычную форму глыбока гуманістычны трактат з ідэямі справядлівага кіравання, сацыяльнага міру і дабрабыту простых людзей. Усе сімпатыі паэта на баку шырокіх народных пластоў, прычыну ж іх бедаў ён бачыць у несправядлівай палітыцы правіцеляў. Вершаваныя радкі, напоўненыя любоўю да роднага краю, валодаюць моцнай патрыятычнай і грамадзянскай энергетыкай. У сваёй паэме М. Гусоўскаму, як нікому іншаму, удалося адбіць наспелую патрэбу жыхароў ВКЛ у кансалідацыі, і, па вялікім рахунку, пацвердзіць удзел беларусаў у агульнацывілізацыйных працэсах фарміравання народнасці і ўтварэння асобнай цэнтралізаванай дзяржавы.

Тыя ж якасці і рысы эпохі Адраджэння ўласцівы зборніку законаў ВКЛ – Літоўскаму Статуту. Выдадзены на беларускай мове ў трох рэдакцыях (1529, 1566, 1588), ён, акрамя свайго прамога прызначэння, адыграў велізарную ролю ў фарміраванні палітычнай і прававой культуры, а таксама грамадзянскім выхаванні насельніцтва. Прызнаннем высокага аўтарытэту Статута могуць служыць факты прыктычнага выкарыстання яго многіх палажэнняў як у Рэчы Паспалітай, так і ў Расійскай імперыі.

Намаганнямі беларускіх асветнікаў устаноўкі на чалавекалюбства, пачуццё радзімы рабіліся элементамі культуры розных народных пластоў, укараняліся ў сацыяльнай, палітычнай, прававой, эканамічнай, рэлігійнай, культурнай галінах жыцця.

Пастаянны цесны кантакт беларускага насельніцтва з праваслаўна-візантыйскім і рымска-каталіцкім культурнымі рэгіёнамі, асобае становішча беларускіх зямель, якія знаходзіліся на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў, водапазделаў Чорнага і Балтыйскага мораў, у геаграфічным цэнтры Еўропы, на межах з ваяўнічымі суседзямі, абумовілі пагранічны характар яго культуры. Так, беларуская рукапісная і друкаваная літаратура адчула ўсходні (візантыйска-праваслаўны) і заходні (каталіцкі і пратэстанцкі) уплыў. У выніку – пры выданні беларускіх кірылічных кніг захоўваліся прынцыпы візантыйскай эстэтыкі, а кнігі, надрукаваныя лацініцай, мелі заходняе афармленне.

У выніку беларускае грамадства набыло рысы сацыякультурнай самабытнасці, якая заключаецца ў тым, што бела­рускі народ адкідвае крайнасці палярных цывілізацыйных тыпаў і адначасова імкнецца сінтэзаваць іх пазі­тыўныя ўласцівасці і дасягненні, і ў выніку – застацца самой сабой. З аднаго боку, беларускі народ ўспрыняў лепшыя дасягненні ўсходняй і заходняй культур, стварыўшы ўласную арыгінальную і самабытную культуру. З другога боку, менавіта пагранічча і пастаяннае знаходжанне ў сферы розных культурна-цывілізацыйных уплываў не далі беларускай культуры магчымасці абраць свой шлях развіцця.

 

Лекцыя 5. Палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і духоўна-культурнае становішча беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай

 

Пытанні

1. Люблінская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай. Статут ВКЛ 1588 г.

2. Эвалюцыя дзяржаўнага і сацыяльна-палітычнага ладу на бела-рускіх землях

3. Працэс сацыяльнай і палітычнай кансалідацыі прывілеяваных

саслоўяў

4. Вынікі аграрнай рэформы 1557 г. Эканамічнае і юрыдычнае

становішча сялян.

5. Развіццё гарадоў: рамяство, мануфактурная вытворчасць

і гандаль.

 

1. Асноўнай прычынай, якая падштурхнула ВКЛ да збліжэння з Каронай, з’яўлялася самая працяглая ў яго гісторыі вайна з Маскоў-скай дзяржавай – так званая Лівонская вайна.

Пасля заваявання Казанскага (1552), Астраханскага (1556) ханстваў цар Іван Грозны рушыў войскі супраць Лівонскага ордэна, імкнучыся выйсці да Балтыйскага мора. На той час колішняя дзяржава крыжакоў канчаткова страціла былую магутнасць і ператварылася ў аб’ект геапалітычных інтарэсаў ВКЛ і Польшчы. Невыпадкова, калі ў 1558 г. рускія войскі захапілі некалькі яе крэпасцей, Жыгімонт ІІ Аўгуст абвясціў Лівонію пад сваім пратэктаратам. У выніку распачатай Лівонскай вайны беларускія землі ВКЛ зрабіліся арэнай баявых дзеянняў. У пачатку 1562 г. маскоўскiя войскi дайшлi да Шклова, Оршы, Вiцебска, а праз год, 15 лютага іх 60-тысячная армiя пры 200 гарматах захапіла Полацк.

Няўдалы для ВКЛ ход вайны прымусіў яго шляхту звярнуцца да Польшчы з просьбай аб ваеннай дапамозе. Пасля склікання шэрагу сеймаў (пад Віцебскам, у Вільні, Бельску і інш.) узнікла і замацавалася ідэя чарговай уніі, якую падтрымаў кароль Жыгiмонт II Аўгуст. Адпраўленыя ў Польшчу паслы прыступіліся да перагавораў.

Як вядома, да гэтага часу абедзве дзяржавы не раз прыходзiлi на дапамогу адна адной. Але на гэты раз польскiя магнаты вырашылi скарыстаць цяжкае становiшча княства ў сваіх мэтах, навязаўшы яго паслам свае ўмовы уніі, таму перагаворы зацягнуліся. Толькі 10 студзеня 1569 г. у Люблiне адкрыўся агульны сейм Польшчы i ВКЛ. 1 сакавіка большасць дэпутатаў апошняга, не пагадзіўшыся з польскiм праектам унii, пакiнула Люблiн. У тых умовах польскiя паслы дамагліся ад караля акта аб далучэннi Падляшша, Валынi, Падолля і Кіеўшчыны да Польшчы. У выніку ВКЛ змяншалася да этнiчнай беларускай i лiтоўскай тэрыторыi.

1 ліпеня 1569 г. акт Люблiнскай унii быў зацверджаны сеймам. У адпаведнасці з ёй, абвяшчалася аб’яднанне Польшчы (Кароны) i ВКЛ у федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалiтую (РП) на чале з адзіным манархам Жыгiмонтам II Аўгустам (1569-1572) і двухпалатным сеймам. Станоўчыя для ВКЛ наступствы уніі для выявіліся толькі праз 10 гадоў, калі войска РП вызваліла Полацк, а затым і ўсе астатнія беларускія землі.

Такім чынам, пераможнае заканчэнне Лівонскай вайны (1583) давала палітычнай эліце Кароны і ВКЛ трывалыя перспектывы далейшага ўмацавання агульнай дзяржаўнасці.

Пасля ўтварэння РП узаемаадносіны паміж Каронай і ВКЛ грунтаваліся не на прававой аснове, а на больш чым двухсотгадовай практыцы персанальных уній. Тым не менш польская шляхта валодала палітычнай ініцыятывай і мела магчымасць здзяйсняць свае інтарэсы на тэрыторыі ВКЛ. Таму, у прыватнасці, спрыяла яе пераважаўшае прадстаўніцтва ў сейме (134 дэпутаты са 180), а таксама месца яго склікання (выключна на тэрыторыі Кароны). Невыпадкова патрыятычна настроеная эліта Вялікага княства выказала клопат аб умацаванні самастойнасці сваёй дзяржавы. Так, у 1581 г. тут быў створаны Вышэйшы суд – “Галоўны лiтоўскi трыбунал” і пачалася праца па падрыхтоўцы новага Статута. У лiку распрацоўшчыкаў апошняга былі вiленскi ваявода, вялiкi гетман і падканцлер Леў Сапега, канцлер Астафiй Валовiч i iнш.

Новы Статут, абнародаваны ў 1588 г., уяўляў сабою не толькі звод законаў ВКЛ, а і прававую гарантыю самастойнасцi сваёй дзяржавы. Характэрна, што ў ім зусім не згадвалася аб стварэнні Рэчы Паспалітай.

Усе законы складаліся з 14 раздзелаў, кожны з якіх меў ад 9 да 105 артыкулаў (усяго 487). Яны ўвабралі нормы канстытуцыйнага, адміністрацыйнага, ваеннага, судова-працэсуальнага, шлюбна-сямейнага і апякунскага, спадчыннага, зямельнага, ляснога і паляўнічага, крымінальнага права.

Сістэматызацыя прававых норм у Статуце рабілася на новых прынцыпах, уласцівых для пераходнай эпохі ад Сярэдневечча да Новага часу: абмежаванне ўлады манарха і яго выбарнасць, наяўнасць трох (заканадаўчай, выканаўчай і судовай) галін улады; адзінства права для ўсёй дзяржавы і ўсіх свабодных людзей.

У нормах грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, прыродаахоўчага права адбіліся ідэі гуманізму. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан, абвяшчаўся прынцып асабістай адказнасці вінаватага; вольныя людзі ні за якое злачынства не маглі быць аддадзены ў рабства. Роўнымі з хрысціянамі правамі карысталіся яўрэі і татары. Абараняліся правы жанчыны, яе матэрыяльнае забеспячэнне пры разводзе, а таксама ўдавы і яе дзяцей. Прадугледжваалася крымінальная адказнасць шляхціча за забойства простага чалавека. Праўда, ад саслоўнай прыналежнасці залежалі і мера пакарання. Так, за забойства шляхціча спаганялася 100 копаў грошаў, а за чалядзіна — толькі 20.

Статут абагульніў тагачасныя і распрацаваў новыя дзяржаўна-прававыя ідэі, многія з якіх апярэджвалі свой час. Ён прасякнуты ідэяй усталявання прававой дзяржавы, у якой дзейнасць усіх дзяржаўных органаў і службовых асоб павінна адпавядаць закону.

Статут сцвярджаў, што найважнейшыя знешнепалiтычныя пытаннi (вайна i мiр, склiканне “паспалiтага рушання”) меў вырашаць толькi вальны сойм ВКЛ. Палякi не маглi набываць у ВКЛ зямлю i дзяржаўныя пасады, а на нованабытых тэрыторыях ім можна было асядаць толькi пры ўмове службы Вялiкаму княству. Фактычна новы звод законаў не прызнаваў i пераходу ўкраінскіх зямель пад польскую юрысдыкцыю.

Такім чынам, новы Статут не прадугледжваў ніякіх прывілеяў польскай шляхце, а стаў законам толькi дзякуючы збегу абставiн. Справа ў тым, што дэлегацыя ВКЛ не брала ўдзелу ў выбарах караля (1587) і таму абяцала прызнаць абранага Жыгiмонта III Вазу (1587-1634) сваiм манархам у абмен на зацвярджэнне Статута. У вынiку 28 студзеня 1588 г. на каранацыйным сейме Жыгiмонт ІІІ Ваза выдаў прывiлей, якiм зацвердзiў трэцi Статут ВКЛ i дазволiў яго надрукаваць. Так у ВКЛ набыў сiлу галоўнага закону звод новых прававых нормаў. Ён быў абавязковы як для ўсяго насельнiцтва княства, так i для чужаземцаў, калi тыя траплялi на тэрыторыю Беларусi i Лiтвы.

Палiтычны лад ВКЛ, замацаваны Статутам 1588 г., не адпавядаў таму яго становiшчу ў Рэчы Паспалітай, якое вызначыў Люблiнскi акт. Фармальна дзве дзяржавы аб’ядноўвалi толькi супольныя манарх i сойм. Асобнымi ж для ВКЛ былi скарб i манета, канцылярыя i пячаткi, трыбунал i ўрады, сваё войска i законы, урэшце – свая дзяржаўная мова. Выканаўчая ўлада ў княстве здзяйснялася ўласнай адміністрацыяй на чале з канцлерам.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 846; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.045 сек.