Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 12. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці 1 страница




У межах Расійскай імперыі назвы “Беларусь”, “беларускі” і г. д. знаходзіліся галоўным чынам ў афіцыйным ужытку і мелі больш геаграфічны, чым этнічны змест. Як вынікае з характарыстыкі дэмаграфічнага становішча на Беларусі ХІХ ст., большасць яе насельніцтва складалі беларусы, але, у адрозненне ад іншых нацыянальных груп – яўрэяў, рускіх, палякаў, татараў і інш., іх нацыянальная ідэнтыфікацыя не мела выразных крытэрыяў і не з’яўлялася агульнапрызнанай.У выніку вызначэнне этнічнай прыналежнасці хрысціянскага насельніцтва Беларусі набывала ўсё большы ідэалагічны змест і ператваралася ў сродак ідэйна-палітычнай барацьбы паміж польскімі і расійскімі нацыяналістамі.

Адным з напрамкаў дзейнасці царскіх улад па асваенні зноў далучаных тэрыторый з’яўлялася ўпарадкаванне рэлігійнага жыцця мясцовага насельніцтва. У першую чаргу іх ўвагу прыцягвала каталіцтва як асноўнае веравызнанне пануючага шляхецкага саслоўя. Так, у складзе імперыі апынулася 57 каталіцкіх прыходаў Смаленскай, Віленскай і Інфлянцкай дыяцэзій. У 1772-1773 гг. была створана Беларуская епархія на чале з С. Богуш-Сестранцэвічам. 10 снежня 1783 г. Царскі ўрад дамогся ад Папы кананічнага прызнання Магілёўскага архіепіскапства-мітраполіі, а пасля канчатковага падзелу РП Богуш-Сестранцэвіч распачаў дзейнасць па ўтварэнні аўтакефальнай, не залежнай ад Рыма, царквы з цэнтрам у Вільні. Насуперак Папе Кліменту ХІУ, які скасаваў Таварыства Ісуса, Кацярына ІІ у 1774 г. дазволіла езуітам працягваць сваю дзейнасць у Расіі. Каля 200 езуітаў знаходзілася ў Віцебску, Полацку, Дзвінску, Магілёве, Мсціслаўі, Оршы і шэрагу мястэчак.

У мэтах прыцягнення шляхты да супрацоўніцтва Кацярына ІІ пакідала непарушёнымі яе ранейшыя традыцыі, звычаі і, вядома ж, каталіцкую веру. Тут, на Беларусі працягвалі 270 касцёлаў, мноства кляштараў, якім належалі землі з прыгоннымі сялянамі і шматлікая іншая маёмасць. У часы Паўла І (1796-1801) становішча каталікоў яшчэ больш узмацнілася. У 1812 г. Аляксандр І (1801-1825), ідучы насустрач “жаданню беларускага дваранства”, даў згоду на адкрыццё ў Полацку езуіцкай акадэміі. Праўда, ужо праз колькі год прыбліжаныя цара з праваслаўнай знаці пераканалі яго ў шкоднай дзейнасці Таварыства Ісуса, таму ў 1820 г. Полацкая акадэмія была зачынена, а езуіты назаўсёды выдалены з Расіі. Гэта, аднак, не змешыла ўплыву каталікоў на Беларусі. Так, колькасць прыходаў павялічылася з 69 (1773) да 231 (1823). На тэрыторыi Лiтвы i Беларусi дзейнiчала 4 бiскупствы – Вiленскае, Магiлёўскае, Мiнскае, Ковенскае, якія падпарадкоўвалiся мiтрапалiту, а яго рэзiдэнцыя размяшчалася ў Пецярбурзе. Вышэйшы орган – Рымска-каталiцкая калегiя ўваходзіла ў Сінод і з’яўлялася дзяржаўнай установай. Патрэбы архіепіскапства ў духавенстве задавальняліся дзейнасцю каталіцкіх семінарый ў Магілёве, Беластоку і Кіеве. Пад кантролем каталікоў дзейнічала ўніяцкая царква.

Як “збіральніца Русі” Кацярына ІІ рабіла ўсё магчымае, каб аднавіць на тэрыторыі Беларусі былую магутнасць праваслаўнай царквы. Так, у красавіку 1793 г. у дадатак да Магілёўскай была створана Мінская епархія, якая пасля канчатковага далучэння Беларусі да Расіі (1795) стала звацца Мінскай і Літоўскай. У яе межах налічвалася каля 200 прыходаў. Пры гэтым, па загаду Імператрыцы ўсіх уніятаў, якія складалі асноўную масу вернікаў-беларусаў (каля 70%) і аб’ядноўваліся ў 862 прыходы сталі прымусова пераводзіць у праваслаўе. Толькі смерць перашкодзіла Кацярыне дасягнуць пастаўленай мэты. Павел І прыпыніў гвалт і вярнуў беларусам іх ранейшы канфесійны статус. Але ў 1820-х гг. уніяцкае святарства адчула моцны ўціск з боку каталікоў, калі праваслаўныя абрады сталi замяняцца каталiцкiмi, а беларускія малітоўнікі – польскімі.

Асноўнымі фактарамі, якія абумовілі далейшыя змены ў канфесійнай структуры хрысціянскага насельніцтва Беларусі на працягу ХІХ ст., з’явіліся паўстанні польскай шляхты з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Так, у сувязі ўдзелам каталіцкіх святароў у паўстанні 1830-1831 гг., многія з іх былі пакараны царскім судом. Амаль усе манаскія ордены былі скасаваны, а іх маёмасць канфіскавана. Навучальныя ўстановы, акрамя ду-хоўных семінарый, зачыняліся. Катэгарычна забаранялася схіляць у каталіцкую веру праваслаўнае насельніцтва.

Распачатая Заходнім камітэтам барацьба супраць польскай шляхты і касцёла абудзіла дзейнасць ініцыятараў аб’яднання уніятаў і праваслаўных на чале з Я. Сямашкам, які заняў пасаду арцыбiскупа Лiтоўскага. Таму ж спрыяла створаная ў 1832 г. яшчэ адна (пасля Магiлёўскай) праваслаўная епархiя з цэнтрам у Полацку. У выніку пашырыліся выпадкі, калі ва уніяцкіх прыходах сталі ўводзіцца праваслаўныя абрады на рускай мове. У 1835-1936 г. гэтая з’ява зрабілася масавай, уніяцкія старадрукі сталі замяняцца праваслаўнымі служэбнікамі, інтэр’еры храмаў сталі прыводзіцца ў адпаведнасць з праваслаўнымі канонамі, а непакорныя святары караліся ссылкамі або турэмным зняволеннем. Толькі ў 1838 г., калі памерлі два уніяцкіх архіярэі, якія выступалі супраць далучэння да праваслаўя – старшыня грэка-каталіцкай калегіі мітрапаліт І. Булгак і епіскап І. Жарскі, стварыліся ўмовы для скасавання уніі. 2 сакавіка 1838 г. старшынёй калегіі стаў Я. Сямашка, а праз год ён узначаліў працу Сабору унiяцкiх бiскупаў у Полацку. Важнейшым яго вынікам стаў акт аб далучэннi унiятаў да праваслаўнай царквы.

Такiм чынам, удзел шляхты і каталіцкага святарства ў паўстаннi 1830-1831 гг. на Беларусi i ў Лiтве быў выкарыстаны царызмам для вынiшчэння іх вызначальнага ўплыву ў гэтым рэгіёне імперыі. З другога боку, рэпрэсіі супраць “польскасці” ўзмацнілі уздзеянне на беларускае насельніцтва праваслаўнай рэлігіі і рускай культуры.

Гэтыя два ўзаемазвязаныя працэсы мелі працяг і пад час ліквідацыі наступстваў на Беларусі паўстання на чале з К. Каліноўскім. У Мінску была скасавана біскупская кафедра. Многія касцёлы ператвораны ў праваслаўныя храмы і г. д. Дыпламатычныя стасункі з Ватыканам былі разарваны і афіцыйна адноўлены толькі ў пачатку 1894 г. Асобам каталіцкага веравызнання тут было забаронена займаць пасады, губернатараў, суддзяў, нават настаўнікаў.

З гэтага часу праваслаўная рэлігія ператваралася ў адзіную дзяржаўную рэлігію з наданнем яе служыцелям шматлікіх ільгот і пераваг у параўнанні са святарамі іншых канфесій. Яна ж з’яўлялася складовай часткай дзяржаўнай ідэалогіі.

На працягу стагоддзяў захоўвалі сваю мусульманскую рэлігію беларускія татары. На сродкі вернікаў у 1900 г. у Мінску была пабудавана мураваная мячэць.

Пасля выдання ў 1905 г. царскага ўказу аб верацярпімасці у Расейскай імпэрыі больш за сто тысяч вернікаў перайшлі ў каталіцтва. Але па-ранейшаму дыскрымінаванымі ў правах заставаліся стараверы, баптысты, некаторыя іншыя пратэстанты, а таксама іудзеі. Рэальнае роўнапраўе было здабыта толькі ў сакавіку 1917 г.

 

2. Новы час у гісторыі чалавецтва звязаны не толькі са з’яўленнем індустрыяльнага грамадства, але і з актывізацыяй нацыястваральных працэсаў, калі на аснове ўзнікшых у сярэднявеччы народнасцяў сталі фарміравацца больш устойлівыя этнічнасацыяльныя супольнасці – нацыі. Іх фарміраванню спрыяла распаўсюджанне новых філасофскіх, палітычных і прававых ідэй, а таксама ідэалогій. Так, ідэалогія нацыяналізма абвяшчала вышэйшай каштоўнасцю палітычную самастойнасць асобнага народа, які пражываў на пэўнай тэрыторыі, меў сваю эканоміку, сацыяльную структуру, матэрыяльную і духоўную культуру. Гэтая ідэалогія абапіралася на патрыятычныя пачуцці членаў этнічнай супольнасці і спрыяла іх кансалідацыі, незалежна ад сацыяльнага (маёмаснага, канфесійнага) стану.

Вялікі ўплыў на распаўсюджанне нацыяналізму аказала вайна ЗША за незалежнасць (1775-1783). Перамога Вялікай Французскай рэвалюцыі (1789) дэкларавала ўсеагульную свабоду і роўнасць. Замест адкінутага падданства “французскай кароны” усе жыхары набывалі статус грамадзян. Нацыяналізм у Германіі ўзнік пад час напалеонаўскага нашэсця і завяршыўся поўнай перамогай у 1871 г., пасля аб’яднання ўсіх нямецкіх земляў у адзінай дзяржаве. У 1810-1820-я гг. выявіў сябе грэчаскі, дацкі, нарвежскі, фінскі нацыяналізмы. У 1850-1900-х гадах нацыяналізм распаўсюдзіўся на краіны Ўсходняй Еўропы і Індыю, а ў пач. ХХ стагоддзя – у краіны Азіі і Афрыкі.

У гэты ж час нацыяналізм асобных этнасаў стаў пагрозай існаванню Аўстра-Венгерскай і Асманскай імперый. У гэтым сэнсе не ўяўляў выключэння і расійскі абсалютызм, які з моманту падзелаў РП адчуў моцную апазіцыйнасць польскай шляхты і каталіцкага касцёла. Уключэнне ў склад Расійскай імперыі асноўнай часткі Польшчы разам з Варшавай, якое адбылося паводле рашэння Венскага кангрэсу ў 1815 г., толькі ўзмацніла нацыянальна-вызваленчыя настроі палякаў. У час кіравання Александра І польскі нацыяналізм пусціў глыбокія карані як на сваёй этнічнай тэрыторыі, так і ў заходніх губернях Расійскай імперыі, у прыватнасці, на Беларусі. Да першай трэці ХІХ ст. яго прыкметы выявіліся ў панаванні польскай мовы ў дзяржаўным справаводстве, адукацыі, навуцы і літаратуры.

У сілу многіх прычын беларуская нацыянальная свядомасць пачала фарміравацца значна пазней за польскую – у другой палове ХІХ ст. Яе носьбітам з’яўлялася мясцовая шляхта, якая хоць і знаходзіліся пад уплывам вялікапольскай ідэі, але сваю Радзіму асацыіравалі з ВКЛ. Вядома, што С. Панятоўскі, Т. Касцюшка, А. Міцкевіч і інш., называлі сябе літвінамі, але нейкіх асобных літвінскіх інтарэсаў яны не выказвалі. Перадумоў да нацыянальнай кансалідацыі вышэйшага саслоўя з сялянамі і мяшчанамі доўгі час не існавала. Яшчэ ў межах РП памяць аб этнічнай роднасці шляхты ВКЛ і астатняга хрысціянскага насельніцтва амаль знікла.

Кожны з процілеглых бакоў выкарыстоўваў самыя разнастайныя метады, каб замацаваць сваё ідэйна-палітычнае, культурнае і рэлігійнае дамінаванне на гэтай зямлі. Але з часу ўключэння Беларусі ў імперыю і да пачатку ХХ стагоддзя гэтая барацьба ішла з пераменным поспехам. Прычым сам народ, у падаўляючай большасцi, cяляне, не мелі магчымасці асэнсавана заявіць аб сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Прычынай тыму быў не толькі нізкі ўзровень яго асветы, але і ўздзеянне чужых яму паланізацыі і русіфікацыі, а таксама адсутнасць уласнай нацыянальнай эліты.

Характэрна, што пасляваенны час кіравання Аляксандра І, акрамя іншага, характарызаваўся пэўнай стабілізацыяй аўтаномнага Царства Польскага і распаўсюджаннем ідэі адраджэння РП. Фактычна няспыннае дамінаванне польскай мовы, асветы, касцёла (праз уціск на уніяцкі ордэн базыльянаў) на Беларусі мела тэндэнцыю да апалячвання самабытнага беларускага народа. З гэтай нагоды расійскі гісторык К. Калайдовіч падрыхтаваў артыкул “О белорусском наречии” і найперш, таму, каб “звярнуць увагу на гэты важны прадмет увагу саміх беларусцаў”.

Можна меркаваць, што для часткі “беларусцаў” з ліку выкладчыкаў і студэнтаў Віленскага універсітэта, літаратараў, проста патрыётаў, лёс роднага краю быў неаддзельным ад жыцця простага народа. Менавіта таму яны і заняліся вывучэннем яго гістарычных і духоўных здабыткаў. Менавіта ў асяроддзі тутэйшых палякаў і літвінаў варта шукаць зародкі беларускай нацыянальнай самасвядомасці, якая з цягам часу пранікала ў больш шырокія пласты карэннага хрысціянскага насельніцтва. Дзейнасць Я. Чачота i Я. Баршчэўскага па збiраннi, апрацоўцы і публікацыі мясцовага фальклору выклікала п авышаную ўвагу прагрэсіўнай шляхты і інтэлігенцыі да духоўнай спадчыны сялянства як часткі агульнай нацыянальнай культуры. Таму пэўным чынам паспрыяла зніжэнне ўціску польскай культуры і касцёла, які адбыўся пасля падаўлення паўстання 1830-1831 г.

З другога боку ўрад Мікалая І (1825-1855) таксама ўсведамляў патрэбу ў нацыянальнай кансалідацыі вялікарускага народа. Таму, у прыватнасці, мусіла паслужыць так званая “тэорыя афіцыйнай народнасці”, якая намаганнямі яе творцы – міністра асветы С. Уварава набыла сілу дзяржаўнай ідэалогіі. Аснову яе складала “ўвараўская тройца”: праваслаўе – самадзяржаўе – народнасць і азначала, што рускі народ глыбока рэлігійны і адданы прастолу, а праваслаўная вера і самаўладдзе складаюць неад’емныя ўмовы існавання Расіі. Вядома ж дзяржаўная ідэалогія ўкаранялася і сярод насельніцтва Беларусі, асабліва актыўна – пасля скасавання ўніяцкай царквы (1839) і далучэння яе вернікаў да праваслаўнай.

Акрамя афіцыйнай ідэалогіі, агульнарасійскую вядомасць набылі так званыя “заходнікі” і “славянафілы”, якія па-свойму былі заклапочаны лёсам краіны. Першыя з’яўляліся прыхільнікамі выбару Расіяй шляху развіцця, па якім ішла Заходняя Еўропа і ЗША. А другія верылі ў свой, асобы шлях Расіі, неадрыўны ад самадзяржаўя, праваслаўя, традыцый саборнасці і г. д. У адрозненне ад паслядоўнікаў С. Уварава, якія разумелі пад народнасцю парадкі, уласцівыя толькі рускім, славянафілы шукалі рысы “народнага духу” ва ўсім славянстве. Неўзабаве на поглядах славянафілаў стала афармляцца ідэйна-палітычная плынь рускага нацыяналізму, якая, абапіралася на дваранска-памешчыцкую эліту, інтэлігенцыю і духавенства праваслаўнага веравызнання. Яе прадстаўнікі не вылучалі беларусаў у асобны этнас, а лічылі яго заходнім адгалінаваннем народа рускага. Самі беларусы яшчэ не мелі сваёй эліты, здольнай адкінуць усе падкопы вялікадзяржаўных шавіністаў. Што датычыць украінцаў, яны больш актыўна выступалі ў абарону сваіх нацыянальных інтарэсаў. Сапраўдным духоўным лідэрам украінцаў выявіў сябе народны паэт Т. Р. Шаўчэнка. А гісторык М. Кастамараў даказваў існаванне асобнай ад рускай маларасійскай народнасці.

З другой паловы ХІХ ст., дзякуючы дасягненням беларусазнаўства, кола прыхільнікаў думкі аб беларусах як самабытным народзе няўхільна пашыралася. Не менш важкі ўклад у гэтым накірунку ўнёс В. Дунін-Марцінкевіч. Яго літаратурныя творы ўзнялі значнасць беларускай мовы і надавалі ёй сілу неабвержанага аргументу на карысць нацыянальнай адметнасці беларусаў.

Яскравым паказчыкам таго ж стала “Мужыцкая праўда” і “Пісьмо з-пад шыбеніцы” К. Каліноўскага, дзе, акрамя іншага, адбілася імкненне часткі шляхты разам з сялянствам змагацца супраць царызму за сваю волю, школу, веру (уніяцтва) і інш. Разам з тым пад час паўстання 1863 г. на Беларусі нацыянальная самасвядомасць яго ўдзельнікаў пэўным чынам дыферэнцыравалася па прыкмеце вялікапольскіх і мясцовых мэтаў.

З падаўленнем паўстання і новай хваляй русіфікацыі фарміраванне ў беларусаў нацыянальнай самасвядомасці ізноў запаволілася. Тым не менш утварэнне ў Расіі індустрыяльнага грамадства, распаўсюджанне ліберальных, нацыяналістычных, сацыялістычных і іншых ідэалогій, уздым агульнаадукацыйнага ўзроўню спрыялі перарастанню этнічнай самасвядомасці народаў у нацыянальную, аб чым сведчыла іх ўсведамленне неабходнасці абароны сваіх інтарэсаў перад дзяржавай і больш перадавымі нацыямі. Вялікі ўклад у фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ўнёс Ф. Багушэвіч. У другой паловы XIX ст. яшчэ існавалі рэгіянальныя назвы беларусаў (палешукі), канфесіянімы (рускія і палякі) і саманазва “тутэйшыя”, але этнонім «беларусы» стаў набываць усё большае распаўсюджанне.

Значныя сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя і культурныя перамены, якія адбываліся ў 1860-1890-я гг. у Расійскай імперыі, паскорылі працэс пераўтварэння насяляўшых яе народнасцей у нацыі або ўстойлівыя супольнасці людзей, якія складваюцца гістарычна і ўзнікаюць на базе агульнасці тэрыторыі, мовы, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу, што выяўляецца ў культуры. Пэўныя нацыястваральныя працэсы адбываліся і ў беларусаў, якія пражывалі ў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскую і Мінскую губернях, а таксама асобных паветах Смаленскай, Чарнігаўскай губерняў. Паводле агульнарасійскага перапісу (1897), насельнiцтва Расii за 37 год (з 1860 па 1897 г.) вырасла на 52 млн (з 74 да 126 млн). За 40 парэформенных гадоў колькасць насельнiцтва Беларусі амаль падвоiлася і складала: 5 млн 408 тыс беларусаў, 3,1 млн рускiх, палякаў, украiнцаў, яўрэяў (13,8%), лiтоўцаў, латышоў. Характэрна, што 73% жыхароў Беларусі (у сучасных межах) назвалі сваёй роднай мовай беларускую.

Ва ўмовах непадзельнага панавання рускай мовы як дзяржаўнай выкарыстанне мовы беларускай абмяжоўвалася ў асноўным сялянскім асяроддзем. У сувязі з развіццём рыначных адносін, транспартных камунікацый, пашырэннем адукацыі і інш. адбывалася лексічнае ўзбагачэнне беларускай мовы, яе ўніфікацыя, пашырэнне сферы ўжытку. На пачатку ХХ ст. на базе гутарковай мовы стварыліся ўмовы для фарміравання (на базе мінска-маладзечанскага дыялекту) мовы літаратурнай. Яе заснавальнікі, у асноўным, інтэлігенты, аб’яднаныя вакол “Нашай Нівы”, у сваіх публікацыях абапіраліся на вусную народную творчасць і прапагандавалі яе. З цягам часу іх намаганнямі стала выпрацоўвацца ўласная, беларуская прававая, палітычная, эканамічная, навуковая і іншая тэрміналогія. Развіццю беларускай мовы перашкаджалі адсутнасць нацыянальнай школы, а таксама разгул заходнерусістаў і польскіх нацыяналістаў.

Скасаванне прыгоннага права ў 1861 г., ажыццяўленне аграрнай і іншых рэформаў стымулявалі ўсебаковую кансалідацыю беларусаў у сістэме агульнага эканамічнага жыцця і капіталістычнага рынку. Прыстасаванне памешчыкаў і сялян да новых умоў гаспадарання патрабавала перамен у іх адносінах на пачатках узаемнага інтарэсу. Сялянскае малазямелле і беззямелле вымагала ад сельскіх працаўнікоў большай мабільнасці: пошуку дадатковых крыніц заробку і новых месцаў пражывання. Гарадская і местачковая прамысловасць, якая да гэтага часу забяспечвалася пераважна яўрэйскай рабочай сілай, стала папаўняцца выхадцамі з вёскі. Адпаведна ў атрадзе шматнацыянальнага пралетарыяту павялічвалася праслойка беларусаў.

Умацаванне эканамічных сувязяў паміж прамысловымі цэнтрамі і аграрнымі ўскраінамі, паміж горадам і вёскай адбывалася ва ўмовах паляпшэння транспартных камунікацый, асабліва чыгунак – Маскоўска-Брэсцкай, Лібава-Роменскай, Палескай і інш). Губернскія (Вільня, Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск) і асобныя павятовыя цэнтры (Бабруйск, Баранавічы, Гомель, Орша, Пінск, Полацк, Рагачоў і інш.) з’яўляліся не толькі буйнымі гарадамі, але месцамі размяшчэння лакальных рынкаў, звязаных паміж сабою і інтэграваных у агульнарасійскі рынак.

Уцягванне гаспадаркі Беларусі ў рыначныя сувязі прывяло да змен у яе структуры. Высокія тэмпы развіцця набірала прамысловасць. Калі ў 60-я гг. XIX ст. яна толькі ўступіла да пераходу ад дробнатаварнай стадыі развіцця да індустрыяльнай, то ў канцы 90-х гг. у ёй пераважалі фабрыкі і заводы, заснаваныя на машыннай вытворчасці, у тым ліку з выкарыстаннем электрычнай энергіі. Разам з тым у структуры прамысловасці асноўнае месца займалі галіны, якія выкарыстоўвалі мясцовую сыравіну (вінакурэнне, дрэваапрацоўка, сілікатна-цагельная і гарбарна-абутковая вытворчасці). У пачатку 1880-х гг. сельскагаспадарчай вытворчасці пераважнае значэнне набылі малочная жывёлагадоўля і вырошчванне такіх культур як бульба, лён, цукар. Нягледзячы на поспехі ў прамысловасці, па-ранейшаму большая частка таварнай прадукцыі выраблялася буйнымі памешчыцкімі гаспадаркамі, якім належала да 55% зямлі. Сялянскія гаспадаркі таксама былі звязаны з рынкам, але большасць іх пакутвала ад малазямелля.

Нягледзячы на імклівае развіццё прамысловасці, гандлю, асветы, працэс урабанізацыі, уласцівы заходнееўрапейскім краінам, на Беларусі адбываўся значна павольней. У выніку колькасць гараджан была ў 10 разоў меншай колькасці жыхароў вёсак і мястэчак. Значнае, амаль удвая (з 3 млн у 1858 да 6, 5 млн чал. у 1897 г.) павелічэнне насельніцтва Беларусі не парушыла гэтых суадносін. Гарадскі рынак працоўнай сілы папаўняўся галоўным чынам за кошт саміх гараджан, таму масы сялян, штогод да 300 тыс. чал., з прычыны аграрнай перанаселенасці і малазямелля ў пошуках заробку адыходзілі на новабудоўлі, лесанарыхтоўкі і г. д. за межы беларускіх губерняў. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў узмацніўся выезд беларускага сялянства на Урал, у Сібір, на Далёкі Усход і нават за межы імперыі – у ЗША і Канаду. Такім чынам, беларусы не здолелі без страт захаваць нацыянальны генафонд.

Нават у паслярэформенны перыяд на Беларусі назіралася цеснае перапляценне сацыяльнай i нацыянальнай структур насельніцтва. Сялянства было прадстаўлена беларусамi; памешчыкi – у асноўным – палякамi i (у меншай ступені) рускiмi; купцы і рамеснiкi (галоўным чынам) яўрэямi; адміністрацыя, чыноўнiцтва – рускiмi; інтэлігенцыя – рускімі, яўрэямі, палякамі. З развіццём капіталістычных адносін у грамадстве адбывалася фарміраванне новых класаў – пралетарыяту і буржуазіі. Да першага адносілі людзей, пазбаўленых сродкаў вытворчасці і ў мэтах пошуку сродкаў для існавання вымушаных прадаваць сваю рабочую сілу ўладальнікам азначаных сродкаў – гэта значыць буржуазіі. З распаўсюджаннем марксізма пад пралетарыятам сталі разумець найбольш свядомую, арганізаваную і рэвалюцыйна настроеную частку прамысловых рабочых. Крыніцамі папаўнення пралетарыяту былі дзеці працоўных, рамеснікі, прадстаўнікі збяднелых прывілеяваных пластоў (купцы, шляхта), а таксама сяляне, якія папаўнялі шэрагі як гарадскіх, так і сельскіх рабочых – парабкаў (батракоў). Усяго напачатку ХХ ст. колькасць наёмных рабочых у эканоміцы Беларусі было занята каля 460 тыс. чал., у тым ліку ў прамысловасці 235 тыс., на чыгунцы – 25 тыс., у сельскай гаспадарцы і іншых сферах занятасці – 200 тыс. чал. Па нацыянальнай прыкмеце сярод гарадскі пралетарыят складаўся (пераважаўшай большасці) з яўрэяў, а таксама рускіх, палякаў, беларусаў і іншых.

Да класу буржуазіі належалі ўладальнікі прадпрыемстваў, банкаў, магазінаў і г. д., усіх тых, хто жыў на даходы ад выкарыстання наёмнай працы, змешчаных капіталаў, здадзенай у арэнду ўласнасці і г. д. Прамысловыя (51%), гандлёвыя (84,5%) і амаль усе банкаўскія капіталы знаходзіліся ў руках яўрэйскай буржуазіі. Так, паводле перапісу 1897 г. доля рускіх купцоў - 10,7 %, а беларускіх 1,7 %.

Зямельныя багацці знаходзіліся ва ўласнасці польскіх і рускіх памешчыкаў, якія ў сваёй большасці перайшлі на капіталістычны лад гаспадарання. Да буржуазii мае дачыненне і каля 12% вясковых яе прадстаўнiкоў – хутаран i адрубнiкоў, усяго каля 50 тыс. гаспадароў. Такім чынам, колькасць беларускай нацыянальнай буржуазii складала не менш за 1 млн чал. Яе нешматлікасць, эканамічная і палітычная слабасць у пэўнай ступені замаруджвала працэс кансалідацыі беларускай нацыі.

Беларуская інтэлігенцыя, як правіла, рэкрутавалася з асяроддзя збяднелай засцянковай шляхты, набыўшых адукацыю выхадцаў з вёскі і іншых пластоў насельніцтва, толькі ўставала на шлях свядомай барацьбы за інтарэсы свайго народа, у першую чаргу – за нацыянальную асвету. У неспрыяльных умовах (адсутнасць сваёй дзяржаўнасці, нацыянальных арганізацый, засілле вялікарускага і польскага шавінізму) гэтая барацьба з’яўлялася важнейшым кансалідуючым фактарам беларускага на­рода і спрыяла яго самасвядомасці.

У горадзе iснаваў кангламерат культур (яўрэйская, польская, руская), кожная з якiх развiвалася па-свойму і ва ўласным рэчышчы. Уласцівая бела-русам культура дамiнавалi толькi на вёсцы. Нават ва ўмовах фарміравання індустрыяльнага грамадства амаль нязменнымі тут заставаліся канструкцыя жытла і гаспадарчых пабудоў, адзенне, абрады, звычаі, фальклор, музычныя інструменты. Элементы новага ўвасабляліся ў выкарыстанні фабрычных прылад працы (плугі, сякеры, пілы), прадметаў хатняга інтэр’еру (лямпа, посуд, мэбля).

Нацыянальная своеасаблівасць беларускага народа атрымала працяг у выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (ткацтва, вышыўка, пляценне, разьба па дрэве).

Такім чынам, беларуская культура па вялікім рахунку была прадстаўлена матэрыяльнымі і духоўнымі здабыткамі беларускіх сялян. Да гэтага ж часу выявілася і такая характэрная нацыі рыса як менталітэт. На думку прафесара Я. С. Яскевіч, беларусы ўвабралі ў сябе ўніяцкую схільнасць да кампрамісаў, героіку каталіцызма, строгую стрыманасць пратэстанцтва, праваслаўны калектывізм (саборнасць). Беларусы набылі такія высокамаральныя чалавечыя якасці, як талерантнасць, працавітасць, гасцепрыімства, шчырасць. Ім заўсёды былі ўласцівы разважлівасць, памяркоўнасць, непрыняцце гвалту як сродка дасягнення мэтаў.

Такімі ж рысамі нацыянальнай ментальнасці валодалі нешматлікія вышэйшыя пласты беларускага народа – захаваўшая нацыянальную ідэнтычнасць шляхта, святарства, інтэлігенцыя, служачыя, чый уклад у нацыястваральны працэс закранаў духоўную сферу (філасофска-палітычная думка, беларусазнаўства, літаратура), спрыяў уздыму нацыянальнай самасвядомасці і фарміраванню нацыянальнай ідэі.

Такім чынам, важнейшыя палітычныя мерапрыемствы царызма, здзейсненыя ў другой палове ХІХ ст. (скасаванне прыгону; аграрная, судовая, ваенная, школьная і інш. рэформы), а таксама станоўчыя наступствы ўздыму эканомікі (прамысловы пераварот, прагрэс у сельскай гаспадарцы) паскорылі нацыястваральныя працэсы ў Расійскай імперыі, у тым ліку на Беларусі, дзе пачала фарміравацца асобная беларуская нацыя з уласцівым ёй арэалам пражывання і сваеасаблівымі мовай, культурай і псіхалагічным складам. Але глыбокая інтэграванасць эканомікі і культуры Беларусі ў вялікарасійскі арганізм стрымлівала развіццё бела­рускай самобытнасці і фар­міраванне нацыянальна арыентаванай эліты. Акрамя таго, па прычыне неспрыяльных абставін (адсутнасць уласных дзяржавы, дзяржаўнай мовы і сістэмы адукацыі; у асноўным сялянскі склад беларусаў, нешматлікасць нацыянальнай буржуазіі, іх нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці; наяўнасць дзвюх рэлігій і г. д.; невысокі адукацыйны ўзровень большасці беларусаў, адсутнасць адзінай рэлігіі, непрызнанне царквой і касцёлам беларускага народа; незавершанасць складвання літаратурнай мовы і г. д.) гэты працэс, у параўнанні з іншымі народамі, быў больш складаным па часе і выніках. Тым не менш факт узнікнення беларускай нацыі натхніў яе лепшыя сілы на выкананне сваёй вызначальнай місіі – дасягненне нацыянальнай дзяржаўнасці. Ажыццяўленне гэтай мэты адбывалася па меры далейшага развіцця бела-рускай нацыіі ў першыя дзесяцігоддзі XX ст.

 

3. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай яе землі, уключаныя ў склад Расійскай імперыі, зрабіліся аб’ектам іх асваення царскімі уладамі. З усталяваннем новых органаў улады і парадку падаткаабкладання, раззбраеннем і роспускам канфедэрацый, арыштам варожа настроеных да Расіі асоб і г.д., жыццядзейнасць тутэйшага насельніцтва доўгі час заставаліся нязменнай. Заставаліся непарушнымі духоўнае (рэлігійнае) і культурнае жыццё, польскамоўнае асяроддзе, заканадаўства і інш. Што датычыць сістэмы адукацыі, то і яна, абапіраючыся на шматвяковыя традыцыі, захавала свае асаблівасці. Так, па-ранейшаму большасць свецкіх навучальных устаноў (Галоўная Літоўская школа, калегіумы і школ пры кляштарах) знаходзіліся ў веданні манаскіх каталіцкіх (езуітаў, францысканцаў, дамініканцаў, піяраў і інш.) і уніяцкага (базыльяне) ордэнаў. Іх навучэнцамі, у асноўным, з’яўляліся дзеці шляхты і гарадскіх вярхоў.

Яшчэ пасля першага падзелу РП кацярынінская адміністрацыя, імкнучыся да стварэння сацыяльнай апоры ў асноўнай масе хрысціянскага насельніцтва Беларусі, стала адкрываць усесаслоўныя “народныя школы” з рускай мовай навучання. Але цікавасць да іх выявілі толькі рускія ваенныя і цывільныя служачыя. Шляхта ж па-ранейшаму аддавала перавагу традыцыйным навучальным установам. Такая ж сітуацыя назіралася і пасля таго, як Беларусь канчаткова ўвайшла ў склад Расіі, да часу калі з прыходам на трон Аляксандра І (1801-1825) не ўзнікла патрэба ў адукацыйная рэформе ў маштабе ўсёй краіны. У адпаведнасці з загадам Міністэрства народнай асветы, на тэрыторыі пяці беларускіх, трох украінскіх губерняў і адной (Беластоцкай) вобласці была створана Віленская навучальная акруга, якой падпарадкаваліся ўсе навучальныя ўстановы на чале з Віленскім універсітэтам (1803). Аляксандр І даверыў пасаду куратара (попечителя) акругі польскаму князю А. Чартарыйскаму.

Усталяваная трохступенная сістэма народнай адукацыі прадугледжвала існаванне прыходскіх і павятовых вучылішч, а таксама губернскіх сямікласных гімназій. У ліку новаўвядзенняў былі адкрыты бясплатныя школы. Віленскі універсітэт з’яўляўся адначасова вучэбным, навуковым і вучэбна-адміністрацыйнай установай, дзе абіраліся дырэктары гімназій, наглядчыкі павятовых вучылішчаў і іншыя асобы. Пры універсітэце была адкрыта настаўніцкая семінарыя. Але Віленскі універсітэт быў больш прэстыжнай установай і нават па еўрапейскіх маштабах ён быў адным з буйнейшых. У 1804 г. у ім навучалася 290, а ў 1830 – больш за 1300 студэнтаў. Ён складаўся з 4 факультэтаў – фізіка-матэматычнага, медыцынскага, маральна-палітычнага (з багаслоўем), літаратурнага з прыгожымі мастацтвамі. Адукацыі спрыяла і створаная пазней Полацкая (1812-1820 гг.) езуіцкая акадэмія, а таксама Іўеўская іудзейская акадэмія.

Пасля выкрыцця дзейнасці таемных таварыстваў адбылася чарговая рэарганізацыя Віленскай акругі: пасля адхілення А. Чартарыйскага з пасады яе куратара ў навучальных установах узмацнілася выкладанне дысцыплін на рускай мове; гімназіі і школы Магілёўскай і Віцебскай губерняў адыйшлі ў падпарадкаванне Пецярбургскай навучальнай акругі з рускай мовай навучання. Але па-ранейшаму адукацыя заставалася саслоўнай: універсітэт і сямікласныя гімназіі – для шляхецкай і чыноўніцкай моладзі, трохкласныя павятовыя вучылішчы – для дзяцей мяшчан, аднакласныя прыходскія вучылішчы – сялян і гарадскіх нізоў.

У 1829 г. была сфарміравана Беларуская навучальная акруга ў складзе Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У 1831 г. у яе склад далучылі вучылішчы і школы Мінскай губерні. Навучальным установам прадпісвалася выкладанне дысцыплін на рускай мове: "для доставлення юношеству Западных губерннй образовання в духе русском, необходнмо стараться, дабы русскнй язык посредством первоначального воспнтання сделать там народным". Але з-за недахопу кваліфікаваных настаўнікаў ажыццяўленне гэтай дырэктывы выклікала пэўныя цяжкасці.

Істотныя змены ў сістэме і змесце адукацыі адбыліся пасля падаўлення шляхецкага паўстання 1830-1831 гг. Так, за ўдзел у ім выкладчыкаў і студэнтаў Віленскага універсітэта 1 мая 1832 г. Мікалай І аддаў загад аб яго закрыцці. Медыцынскі факультэт быў ператвораны ў Медыка-хірургічную, а багаслоўскі – у Духоўную рымска-каталіцкую акадэмію. Але іх студэнты выказвалі такія ж антырасійскія настроі, невыпадкова таму першая ўстанова у 1842 г. была закрыта, а другая ў 1844 г. пераведзена ў Санкт-Пецярбург. Адзінай на Беларусі вышэйшай навучальнай установай з’яўляўся адкрыты ў 1848 г. у Горы-Горках Земляробчы інстытут.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 512; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.031 сек.