Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 12. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці 2 страница




Дзейнасць царскай адміністрацыі, скіраваная на ўсебаковую інтэграцыю беларускіх зямель, вымагала пастаноўкі пад кантроль ўсіх навучальных устаноў, незалежна ад сацыяльнага, нацыянальнага або рэлігійнай прыналежнасці іх навучэнцаў. Не абмяжоўваючыся толькі рэпрэсіўнымі захадамі ў адносінах да варожых імперыі польскіх колаў, мясцовыя ўлады спрыялі збяднелай шляхце ў навучанні іх дзяцей за дзяржаўны кошт, у тым ліку ў ваенных вучылішчах Полацка, Брэста і інш. Вядома, што іх выпускнікі ўжо з’яўляліся вернымі служкамі цара і Айчыны. Яшчэ большы ўздым адукацыі назіраўся ў імперыі ў часы Аляксандра ІІ (1855-1881). Што датычыць Беларусі, то і тут умежах адноўленай Віленскай акругі значна павялічылася колькасць навучальных устаноў, асабліва пачатковых – для сялянскіх дзяцей. Прычынай такой увагі да ніжэйшага саслоўся з’яўлялася імкненне царызма шляхам адукацыі ўмацаваць свой уплыў насуперак польска-каталіцкаму ў асноўнай масе беларускага насельніцтва. Гэтая палітыка асабліва ўзмацнілася пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага. Як казаў генерал-губернатар М. М. Мураўёў, “што не зрабіў рускі штык, тое зробіць руская школа” – было вышэй. Гора-Горацкі земляробчы інстытут за ўдзел у паўстанні яго студэнтаў быў закрыты.

Такім чынам, адукацыйная дзейнасць царскага ўрада на Беларусі праследавала пераважна палітычныя, антыпольскія мэты. Нягледзячы на вялікую патрэбу ў спецыялістах, ён стрымліваў магчымасці мясцовай моладзі атрымаць вышэйшую адукацыю ў сябе на радзіме. У выніку моцнай ідэйнай апрацоўкі навучанне шляхты ў сталічных і іншых універсітэтах істотна змяншала яе варожасць да царызма і ператварала ў законапаслухмяных падданых Яго Вялікасці.

Чарговая хваля русіфікацыі выявілася ў суцэльным звальненні настаўнікаў-палякаў і выцясненні польскамоўнага выкладання ў народных вучылішчах Віленскай акругі (за выключэннем Закона Божага для навучэннцаў-каталікоў). У 1864 г. у мэтах падрыхтоўкі кадраў для пачатковай школы адкрылі настаўніцкую семінарыю ў Маладзечна, затым у Полацку (1872), Нясвіжы (1875) і Свіслачы (1876).

Акрамя фарміравання ў навучэнцаў навыкаў чытання, пісьма і ліку, важнейшай функцыяй настаўніцтва з’яўлялася выхаванне ў навучэнцаў свядомай павагі да царскай дынастыі і праваслаўнай царквы, укараненне манархічных і вернападданіцкіх ідэй. У гэтай сувязі сістэме адукацыі надзвычай узрасла роля праваслаўнай царквы, якой у 1866 г. належала падаўляючая большасць навучальных, асабліва сельскіх устаноў. Так, у канцы стагоддзя 77 тыс.чал. набывалі адукацыю ў 999 народных вучылішчах, а амаль 140 тыс. – у 5 814 царкоўна-прыходскіх школах. У сістэме адукацыі панавалі пачатковыя прыходскія вучылішчы ў гарадах, а таксама народныя вучылішчы, царкоўнапрыходскія школы і школы граматы ў сёлах.

Поспехі ў эканоміцы станоўча ўплывалі на школьнай адукацыі. Так, з 1881 па 1889 г. колькасць пачатковых народных школ на Беларусі узрасла з 1 196 па 6 813, а вучняў, адпаведна, з 49,2 да 216, 1 тыс. У 1860-х гг. Брэсце, Вільні, Віцебску, Гомелі, Гродна, Магілёве, Мінску, Слуцку працавалі гімназіі; Бабруйску і Мазыры – прагімназіі; Мінску, Магілёве і Пінску – рэальныя вучылішчы. Сістэма жаночай адукацыі была прадстаўлена гомельскай гімназіяй і шэрагам прыватных навучальных уста-ноў васьмі гарадоў Беларусі. Да канца стагоддя колькасць сярэдніх устаноў узрасла да 20.

Нягледзячы на велізарныя зрухі ў сістэме адукацыі, паводле перапісу 1897 г., колькасць пісменных на Беларусі складала крыху больш за чвэрць (25,7%) яго насельніцтва. Высокі для бюджэта сялянскай і рабочай сям’і кошт адукацыі з’яўляўся асноўнай прычынай таго, што ў 1911 г. толькі 18, 4 % дзяцей школьнага ўзросту наведвалі пачатковыя навучальныя ўстановы.

Развіццё прамысловасці, чыгуначнага транспарту, фінансава-крэдытнай сферы, гандлю, сродкаў сувязі і інш. патрабавала прытоку адукаваных работнікаў, што абумовіла неабходнасць правядзення ў пачатку ХХ ст.чарговай адукацыйнай рэформы. У адпаведнасці з ёй, замест царкоўнапрыходскіх сла больш адкрывацца народных вучылішч, прафесійнае навучанне. У Віцебску (1910), Магілёве (1913), Мінску (1914) пачалі працу настаўніцкія інстытуты, якія давалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Навучэнцамі гімназій, рэальных вучылішчаў, інстытутаў былі галоўным чынам дзеці дваран і чыноўнікаў і ў значнай ступені – заможных гараджан. Пасля заканчэння азначаных устаноў выпускнікі мелі магчымасць набыць вышэйшую адукацыю ў Пецярбургу, Маскве, Казані, Кіеве, Харкаве, Адэсе, Юр'еве і іншых гарадах імперыі.

 

4. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі зрабіліся аб’ектам скрупулёзнага вывучэння з боку царскіх улад, у першую чаргу, з мэтай уліку матэрыяльных і людскіх рэсурсаў. Акрамя таго, розныя пласты расійскай грамадскасці выяўлялі да Беларусі пазнавальную і навуковую цікавасць. Да канца ХУІІІ ст. яе наведалі Кацярына ІІ і Павел І, К. Р. Дашкава і Г. Р. Дзяржавін і інш. У ліку першых свае ўражанні апублікавалі акадэмікі І. Ляпёхін і В. Севяргін. Цэнтры па вывучэнні Беларусі ўзніклі ў Пецярбургу, Маскве, а таксама ў Гомелі, Вільні, Полацку.

Такім чынам, у першай чвэрці XIX ст. пачаў вывучацца беларускі этнас, яго гісторыя і культура і тым былі закладзены асновы беларусазнаўства. Расійскі гісторык К. Калайдовіч на матэрыялах праведзеных у 1812-1813 гг. даследаванняў беларускай мовы надрукаваў артыкул "Аб беларускай гаворцы" і "Кароткі слоўнік беларускай гаворкі". У выніку працы энтузіястаў на чале з графам М.Румянцавым, было выяўлена шмат дакументальных гістарычных крыніц, частка якіх увайшла ў трохтомны "Беларускі архіў старажытных грамат”. Адным з піянераў беларусазнаўства, археалогіі, фалькларыстыкі і мовазнаўства быў З. Даленга-Хадакоўскі, аўтар твораў "Аб славяншчыне напярэдадні хрысціянства", а ў 1819 г. — "Пошукі ў дачыненні рускай гісторыі".

Таленавітыя даследчыкі беларушчыны працавалі ў Віленскім універсітэце: прафесар расійскай мовы І. М. Лабойка, прафесары-гісторыкі І.Даніловіч, І.Анацэвіч, М.Баброўскі. Але ў жніўні 1824 г. пасля следства над філаматамі Ю. Глухоўскі, І. Даніловіч, І. Лялевель, М. Баброўскі былі звольнены і высланы з Беларусі.

Пасля закрыцця Віленскага універсітэта вывучэнне беларускай мінуўшчыны не спыняецца, а нават набывае прыкметы вылучэння ў асобны прадмет даследавання. Для многіх яе аматараў важнай крыніцай ведаў сталі перыядычныя выданні "Аtеneum", "Rubon" і інш., дзе друкаваліся артыкулы па гісторыі і культуры Беларусі. Выдаўцамі тых часопісаў былі пісьменнік І. Крашэўскі, а таксама гісторык А. Кіркор. Патрэбам аматараў беларушчыны служылі творы М. Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі...» (1855) і В. Турчыновіча "Агляд гісторыі Беларусі са старажытных часоў" (1857).

Важкі ўклад ў вывучэнне асобных месцаў Беларусі ўнеслі браты Тышкевічы, А. Кіркор, П. Шпілеўскі і інш. Нарэшце ў 1840 г. у Парыжы палітычным эмігрантам А. Рыпінскім быў выдадзены зборнік “Беларусь. Колькі слоў аб паэзіі простага люду...”. У 1840--1850-я гг. выйшлі ў свет фальклорныя працы беларускіх даследчыкаў "Сялянскія песні з-пад Нёмана і Дзвіны" (1837-1846) Я.Чачота, "Народныя песні пінскага люду" (1851) Р. Зянькевіча, "Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастыч-ных яе казках" (1853-1856) П. Шпілеўскага, "Беларускія народныя песні" (1853) Л. Паўлоўскай, "Беларускія прыказкі і прымаўкі" (1852).

Такім чынам, у першай палове XIX ст. беларусазнаўства зрабілася самастойнай галіной ведаў, якія ўвабралі ў сябе дадзеныя аб гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, іх мове, звычаях, традыцыях і інш.

Прапаганда дасягненняў беларусазнаўства пераходзіла ў практычную плоскасць: будзіла нацыянальную самасвядомасць, разбурала дагэтуль існаваўшыя перагародкі паміж рознымі пластамі беларускага народа, спрыяючы яго кансалідацыі і фарміраванню нацыянальнай ідэі.

Паўстанне на чале з К. Каліноўскім, акрамя іншага, не магло не прыцягнуць увагі міжнароднай, расійскай і польскай супольнасці да Беларусі і яе народа, што дало дадатковы стымул этнаграфічным даследаванням. Крапатлівая праца па збіранні і вывучэнні матэрыялаў аб беларусах, умовах і асаблівасцях іх пражывання, духоўных і матэрыяльных здабытках атрымалі прызнанне расійскай, што знайшло ўвасабленне ў стварэнні і дзейнасці Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (1867-1875) з удзелам А. Семянтоўскага, П. Шэйна, Е. Раманава. Асноўны аб’ём даследчыцкай працы выконвалі мясцовыя навукоўцы. Так, І. Насовіч у ліку іншых буйных твораў выдаў грунтоўны “Слоўнік беларускай гаворкі” (1870). Актыўнай працай на ніве беларушчыны ў 1880-1890-х гг. вызначыліся М. Доўнар-Запольскі, М. Янчук, А. Багдановіч і іншыя. Прыкметным дасягненнем беларусазнаўства сярэдзіны 90-х гг ХІХ ст. зрабіўся твор М. Нікіфароўскага "Нарысы простонароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку (обихода)". Шэраг іншых прац навукоўцы асвятляў духоўнае жыццё беларусаў.

Нягледзячы на велізарныя дасягненні ў вывучэнні беларускага народа, у пэўных колах навуковай грамадскасці з’явілася думка аб ім як заходнім адгалінаванні “рускага племені”. З гэтай нагоды славуты этнограф, фалькларыст і археолаг, аўтар шматтомнага “Беларускага зборніка” і больш 200 прац Е. Раманаў патраціў шмат энергіі у абарону пункта гледжання аб беларусах як самабытным народзе.

Шматлікія матэрыялы этнаграфічнага характару актыўна друкаваліся на старонках «Могилёвских губернских ведомостей», “Минского листка”, “Минских губернских ведомостей».

 

5. Пачатак беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння звязваюць са збіраннем і вывучэннем вуснай народнай творчасці – абрадавай паэзіі, эпічных твораў, прыслоўяў і інш. Яго пачынальнікамі былі шляхцічы або выхадцы з іх – інтэлігенты, прысвяціўшыя сваё жыццё служэнню Айчыне, пад якой разумелі Рэч Паспалітую. Пры гэтым ураджэнцы Беларусі хоць і знаходзіліся ў рэчышчы польскай ідэі, але шмат увагі надавалі сваёй “малой радзіме”, яе гісторыі і культуры яе народа. Аб’ектам асаблівага вывучэння гэтых людзей зрабілася народная творчасць і “простая” мова, таму невыпадкова, што з-пад іх пер’яў выходзілі арыгінальныя літаратурныя працы, якія сведчылі аб існаванні на Беларусі самабытнага народа з багатай духоўнай культурай. Адна з такіх – "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" выйшла ў 1846 г. Але яе аўтар – Ян Баршчэўскі (1794-1851) яшчэ не “саспеў” для таго, каб напісаць свой твор на мове таго народа, чые казкі і паданні ён выкарыстаў. Тым не менш апрацоўка і прапаганда беларускага фальклору спрыяла ўзнікненню новай літаратурнай мовы і самой нацыянальнай літаратуры.

У ліку першых яе заснавальнікаў быў Я. Чачот (1796 - 1847), які выдаў шэсць зборнікаў "Вясковых песень з-над Нёмана і Дзвіны", у тым ліку адзін (апошні) на беларускай мове. Акрамя таго, Я. Чачот апублікаваў два фальклорныя зборнікі з уласнымі беларускімі вершамі і тым паклаў пачатак новай беларускай літаратуры.

А. Рыпінскі (1811-1900) таксама актыўна вывучаў духоўную спадчыну беларусаў. У 1840 г. у Парыжы ім была выдадзена этнаграфічна-фальклорная праца "Беларусь", якой ён, акрамя іншага, сцвярджаў, што «мова беларуская не ёсць маскоўская”.

У. Сыракомля (Людвік Кандратовіч) (1823-1862) як паэт, фалькларыст і краязнавец пісаў па-польску і па-беларуску. У 1856 г. падрыхтаваў «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі», а таксама краязнаўчыя працы «Мінск: беглы агляд сучаснага стану Мінску» (1857) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861). З’яўляючыся свядомым удзельнікам польскага вызваленчага руху, у сваёй творах аб беларускай зямлі і яе людзях аддаваў перавагу польскай мове. Але, на яго думку, беларуская мова мела такія ж правы на існаванне ў літаратурным жыцці, як і любая іншая. У. Сыракомля падаў прыклад таго, напісаўшы вершы "Добрыя весці" (1848) і "Ўжо птушкі пяюць усюды" (1861).

Такім чынам, творам пачатку XIX ст. уласцівы рамантызм, якому характэрны свет пачуццяў, і сентыменталізм з яго павагай да духоўных і маральных каштоўнасцей.

В. Дунін-Марцінкевіч (1807-1884) як пісьменнік, паэт, драматург у большай ступені, чым яго папярэднікі, выкарыстоўваў у сваёй творчасці народную гаворку. Выдадзенае ў 1846 г. у Вільні лібрэта оперы "Сялянка” адбіла тыповую на той час карціну, калі паны гаварылі на польскай мове, а сяляне – на беларускай. Паэма "Гапон" (1855) – гэта ўжо першы цалкам беларускамоўны твор В. Дуніна-Марцінкевіча, але ў далейшых зборніках аўтара "Вечарніцы і Апантаны" (1855 г.), "Цікавішся? Прачытай!" (1856 г.), "Дудар беларускі, або Усяго патроху" (1857 г.) вершы, апавяданні і аповесці публікаваліся на абедзвюх мовах. Тым не менш беларускамоўныя творы ляглі ў падмурак нацыянальнай літаратуры. Цяга аўтара да беларускага фальклору, жывой народнай мовы знайшла яскравае ўвасабленне ў перакладзе твора класіка польскай паэзіі А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. У многім намаганнямі В. Дуніна-Марцінкевіча народная мова губляла зняважлівы статус мужыцкай і знаходзіла ўсё больш выразны ўжытак у літаратурным працэсе. Аб тым жа сведчаць паэмы невядомых аўтараў(???) “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе” (сярэдзіна ХІХ ст.), выхад першай газеты на беларускай мове “Мужыцкая праўда” (1862-1863), асобных твораў К. Каліноўскага (1864)

Такім чынам, у першай палове XIX ст. намаганнямі мясцовай шляхецкай інтэлігенцыі быў закладзены падмурак беларускамоўнай літаратуры, але жорсткая палітыка царскіх улад на Беларусі, выкліканая паўстаннем 1863-1864 гг., акрамя іншага, істотна запаволіла развіццё беларускай літаратуры. У канцы 1860-х нешматлікія яе здабыткі папоўніліся паэмамі В. Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта" (1866) і "Залёты" (1870).

На рубяжы 1880-1890-х гг. на Беларусі з’явілася новая кагорта беларускіх інтэлігентаў шляхецкага паходжання, якія ў літаратурнай форме паспрабавалі ўзняць годнасць роднай зямлі і яе народа. А зрабіць гэта было даволі цяжка, паколькі цэнзура прапускала ў друк толькі тыя беларускія творы, якія адносіліся да фальклорнага жанру. Сама ж беларуская мова афіцыйна не прызнавалася.

Толькі напачатку 1890-х гг. у Кракаве пад псеўданімам Мацей Бурачок выйшаў у свет беларускамоўны твор «Дудка беларуская» (1891), а ў Познані пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава – «Смык беларускі» (1894), надрукаваныя лацініцай. Іх аўтарам быў Ф. Багушэвіч (1840-1900) – у поўным сэнсе першы беларускі паэт і пісьменнік. Асноўным і пастаянным аб’ектам яго творчасці з’яўляўся беларускі мужык, прыгнечаны панам і чыноўнікам. Пафас яго вершаваных зборнікаў быў звернуты непасрэдна да самога селяніна, яго годнасці і нацыянальнай свядомасці. Пры гэтым аўтар пераканаўча даводзіў, што тая мова, на якой напісаны вершы і вядзе размову беларускі народ, не “мужыцкая”, а такая ж “людская і панская” як і іншыя. Відавочна, прадмова да “Дудкі беларускай” выходзіла за межы ўласна паэзіі. Заклік Ф. Багушэвіча да чытачоў шанаваць сваю мову, яго словы аб шматвяковай гісторыі народа, спробы вызначэння тэрыторыю Беларусі ў геаграфічнай прасторы і тлумачэння яе назвы ўялялі сабой абрысы нацыянальнай ідэі. Такім чынам, Ф. Багушэвіч выступаў не толькі літаратарам, а змагаром за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа.

Беларускі паэт А. Гурыновіч (1869-1894) са сваім клопатам аб лепшый будучыні народа быў паслядоўнікам Ф. Багушэвіча. За сваё зусім кароткае жыццё ён істотна паспрыяў станаўленню беларускай літаратурнай мовы. Акрамя публікацыі ўласных вершаў лірычнага і грамадска-палітычнага зместу, паэт пераклаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, М. Някрасава, А. Міцкевіча, А. Ажэшкі, I. Франко.

Свой істотны ўклад у развіццё літаратуры ўнеслі К. Кастравіцкі (Карусь Каганец), Ф. Тапчэўскі і першы беларускі байкапісец А. Абуховіч. Я. Лучына (I. Неслухоўскі) (1851-1897) пісаў свае шматлікія творы пра народ і для народа. Яго кнізе беларускіх вершаў “Вязанка” (1903), якая выйшла ў Пецярбургу, а таксама паэмам «Паляўнічыя акварэлькі», «Гануся», «Андрэй», «Віялета» ўласцівы тонкі лірызм, любоў да простага люду і Бацькаўшчыны. Такжа плённа і натхнёна Я. Лучына пісаў вершы на рускай і польскай мовах.

Такім чынам, адметнай рысай культурнага жыцця Беларусі ХІХ ст. з'яўлялася развіццё нацыянальнай літаратуры і беларускай мовы. Яе фарміраванне адбывалася пад уплывам польскага нацыянальна-вызваленчага і агульнадэмакратычнага руху. Таму яна ўвабрала ў сябе прагрэсіўныя элементы рускай, польскай і украінскай культур і з’яўлялася шматмоўнай.

Развіццё беларускай літаратуры ўвабрала ў сябе ўсе тагачасныя мастацкія стылі – рамантызм, сентыменталізм і рэалізму. Намаганнямі плеяды мясцовых патрыётаў у іх літаратурных творах рабіўся акцэнт на асаблівасцях “малой радзімы” і яе народа. Беларуская мова стала набываць самабытную каштоўнасць і стала гучаць у арыгінальных вершах. Дзякуючы намаганням В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, Я. Лучыны і некаторых іншых патрыётаў беларускай зямлі, у другой палове ХІХ ст. беларуская мова паступова пазбаўлялася непрывабнага статусу “мужыцкай”, актыўна выкарыстоўвалася ў нацыянальнай паэзіі, прозе і драматургіі і стала закладваць падмурак утварэнню мовы літаратурнай. Пад уздзеяннем нацыястваральных працэсаў, якія адбываліся ў 1870-1890-х гг., беларуская літаратура фарміравала нацыянальную самасвядомасць і адыгрывала кансалідуючую ролю. Канчатковае фарміраванне беларускай літаратурнай мовы завяршылася ў пачатку ХХ стагоддзя.

6. З 1803 па 1832 гг. аддзяленне прыгожых мастацтваў факультэта літаратуры і мастацтва Віленскага універсітэта заставалася адзіным цэнтрам падрыхтоўкі мастакоў, скульптараў і гравёраў на Беларусі. Вялікім аўтарытэтам у навучэнцаў карысталіся прафесары Ф. Смуглевіч і Я. Рустэм. Пасля закрыцця універсітэта (1832 г.) здольная моладзь мусіла ехаць у Пецярбург.

Асноўным напрамкам мастацтва канца XVIII - першай паловы XIX ст. быў класіцызм. Ранейшая перавага ў ім рэлігійнай тэматыкі ўжо не задавальняла тых мастакоў, якія былі цесна звязаны з Рэччу Паспалітай, яе гісторыяй і людзьмі. Невыпадкова таму ў першай пал. XIX ст. гістарычны і партрэтны жанры сталі пераважаць у беларускім жывапісе. Новы мастацкі стыль – рамантызм толькі спрыяе адбіццю нацыянальнага ідэала.

Да ліку лепшых прадстаўнікоў партрэтнага жанру першай паловы ХІХ ст. адносяць І. Аляшкевіча (1777-1830), аўтара партрэтаў А. Міцкевіча, А. Чартарыйскага, Г. Ржавускага, Л. Сапегі, М. Радзівіла.

Адыход ад канонаў класіцызму быў уласцівы таксама мастакам віленскай школы, у тым ліку В. Ваньковічу (1800-1842) – аўтару рэалістычных партрэтаў паэта А. Міцкевіча і піяністкі М. Шыманоўскай; карцін «Напалеон каля вогнішча», «Дзева Марыя Вострабрамская», «Мадонна з дзіцем»; шматлікіх партрэтаў-мініяцюр. Адным з лепшых прадстаўнікоў партрэтнага жывапісу быў І. Хруцкі (1810-1885). За карціну “Старая, якая вяжа шкарпэткі”, мастак атрымаў малы залаты медаль Акадэміі. Напісаныя ім партрэты жонкі, мітрапаліта Я. Сямашкі і інш. былі высока ацэнены грамадствам. У 1839 г. яму было прысуджана званне акадэміка жывапісу.

Выдатна спалучаў элементы партрэтнага і батальнага жанраў, і разам з імі – класічнага і рамантычнага стыляў мастак Я. Дамель (1780-1840). Яго карцінам "Смерць Глінскага ў няволі", "Вызваленне Касцюшкі з цямніцы", "Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г." "Цар Аляксандр I падпісвае ў Вільні амністыю", “Хрышчэнне славян” уласціва пэўная гераізацыя падзей, пафаснасць, пачуццё годнасці за старонкі слаўнай гісторыі.

Гістарычны жанр распрацоўваў таксама мастак, этнограф і кампазітар Н. Орда (1807-1883). Але яшчэ большага поспеху ён дасягнуў у жанры пейзажу. Карціны «Лагойск», «Крыжоўка», «Руіны замка ў Лідзе», «Мір», «Нясвіж», «Белая Вежа», а таксама больш 500 акварэляў і малюнкаў з натуры прынеслі яму вялікую вядомасць.

Да майстроў пейзажнага жывапісу Беларусі першай паловы XIX ст. належаў В. Дмахоўскі (1805-1862). Яго творы – "Радзіма", "Возера Свіцязь", "Заход сонца", “Начлег” вылучаюцца сярод іншых сваімі велічнымі і паэтычнымі кампазіцыямі, вытанчонасцю малюнка.

Майстрам бытавога жанру быў выпускнік Пецярбургскай акадэміі мас-тацтваў Н. Селівановіч (1830-1918). Найбольш вядомымі яго творамі былі псіхалагічны партрэт “Пастух”, "Дзеці на двары", "У школу", "Дзяўчынка", Н. Селівановіч браў удзел ў афармленні інтэр’ера Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічную кампазіцыю "Тайная вячэра" яму было прысвоена званне акадэміка.

На Беларусі цэнтрам прафесійнай прафесійнай падрыхтоўкі мастакоў зрабілася створаная ў 1866 г. Віленская рысавальная школа на чале І. Трутнева???, вядомага мастака і патрыёта беларускай зямлі. Пэўны ўплыў на беларускіх майстроў жывапісу аказвалі рускія мастакі, якія пэўны час пражывалі на Беларусі. Так, І. Я. Рэпін плённа працаваў у сваім маёнтку Здраўнёва на Віцебшчыне. У 1899 г. яго творы ў экспазіцыі іншых мастакоў-перасоўнікаў выстаўляліся ў Мінску. І. Я. Рэпін дапамог некалькім здольным мастакам набыць прафесійную адукацыю ў сталіцы.

У 1890-я гг. былі заснаваны мастацкія школы В. Мааса ў Мінску і Ю. Пэна ў Віцебску, у пачатку ХХ ст. – у Магілёве. У 1890-я гг. пачаўся творчы шлях славутагага беларускага жывапісца В. Бялыніцкага-Бірулі (1872-1957). Напісаная ім у 1892 г. карціна “З аколіц Пяцігорска” была набыта Траццякоўскай галерэяй.

Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі супала ў часе са зменамі ў архітэктурных стылях. Так, разам з познім (віленскім) барока, з уласцівай яму пампезнасцю, ляпнінай, скульптурнымі ўпрыгожван-нямі і інш. узнікае мода на класіцызм, які вылучаецца з іншых стыляў геаметрычнасцю ліній і аб’ёмаў (квадрат, ромб, трохкутнік, куб, шар), выкарыстаннем антычных формаў. Рысы пераходнага ад барока да класіцызму стыляў спалучылі ў сабе палацы ў Ружанах, Шчорсах, Дзярэчыне, сабор Св. Іосіфа ў Магілёве і інш.

Палац-рэзідэнцыя графа М. Румянцава і сабор Пятра і Паўла ў Гомелі, Прэабражэнская царква ў Чэрыкаве, касцёл у Шчучыне і інш. ужо не захоўвалі рэшткаў барока. Па такім жа класічным прынцыпе праектавалася далейшае развіццё беларускіх гарадоў (прамавугольная сістэма планіроўкі, кампазіцыйная вось, грамадскі цэнтр, плошчы і вуліцы).

Але класіцызм не зрабіўся пануючым стылем. З сярэдзіны XIX ст. яго паступова замяняе рамантызм з уласцівай яму эклектыкай – спалучэннем розных стыляў. Ідучы насустрач пажаданням заможных заказчыкаў, архітэктары спалучалі ў адным праекце элементы готыкі, рэнесансу, барока і г. д. Так, касцёл святой Варвары ў Віцебску выкананы з элементамі готыкі, царква на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ў Візантыйскім стылі і г. д..

Прыкметнай з’явай у архітэктуры Беларусі канца XIX – пачатку ХХ стст. стала распаўсюджанне новага мастацкага стылю – мадэрн з уласцівым яму пераплеценнем ліній, асіметрыяй, багатым дэкорам. Ім аздабляліся чыгуначныя вакзалы, банкі, даходныя дамы і інш.

Антыпольская палітыка царызму пакідала свой адбітак на развіцці архітэктуры. Так, пасля паўстанняў 1830-1831 гг. і 1863-1864 гг. будаўніцтва каталіцкіх храмаў было запаволена, а уніяцкіх – зусім перапынена. Пры гэтым частка зачыненыя храмы перадаваліся ў карыстанне праваслаўнай канфесіі. Хваля русіфікацыя на Беларусі, распачатая пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага, паўплывала на пашырэнне колькасці праваслаўных храмаў (“мураўёвак”) у так званым неарускім або псеўдарускім стылі.

У пачатку XIX ст. у маёнтках буйных магнатаў працягвалі дзейнічаць прыватныя тэатры з прыгоннымі артыстамі. Неўзабаве сцэнічнае мастацтва стала набываць камерцыйны характар. Але ў 1830-я гг. у губернскіх і буйных павятовых цэнтрах пачынаюць з'яўляюцца тэатры прыватнай антрэпрызы, якія ладзілі гастрольныя выступленні ў навакольных гарадах, мястэчках. Вялікую папулярнасць мелі ў той час тэатральная трупа Мараўскага з Вільні, Саламеі Дзешнер з Гродна, Кажынскага з Мінска. У іх рэпертуары былі п’есы заходнееўрапейскіх і рускіх аўтараў.

У адпаведнасці з тэатральнай рэформай ў 1846-1847 гг. дзейнасць вандроўных труп забаранялася, а ў губернскіх гарадах засноўваліся пастаянныя тэатры на чале з адмысловымі дырэкцыямі.

Пачатак беларускага нацыянальнага тэатра быў пакладзены членамі музычна-драматычнага гуртка на чале з В. Дуніным-Марцінкевічам, якія 23 верасня 1841г. арганізавалі паказ камічнай оперы «Рэкруцкі яўрэйскі набор». Музыку для яе напісалі С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі, а лібрэта – В. Дунін-Марцінкевіч. 9 лютага 1852 г. у гарадскім тэатры мінскія аматары паставілі наступную камічную оперу «Ідылія» (“Сялянка”). У далейшым гурткоўцы ставілі яе ў Бабруйску, Нясвіжы, Слуцку.

Разам з нацыянальным тэатрам узнікла і пачало развівацца нацыянальнае музычнае мастацтва. Яго заснавальнікам з’яўляўся славуты кампазітар, аўтар музыкі “Сялянкі” С. Манюшка (1819-1872). Цэнтрамі музычнага жыцця Беларусі з’яўляліся Мінск, Віцебск, Гродна, Магілёў, Бабруйск, Пінск. У рэпертуары прафесійных труп і музыкантаў-аматараў былі творы заходнееўрапейскіх, рускіх і беларускіх кампазітараў. На Беларусі добра ведалі музычныя творы заходнееўрапейскіх кампазітараў. Сярод мясцовых аўтараў асобай папулярнасцю карыстаўся Міхал Клеафас Агінскі, які сачыніў больш 60 музычных твораў, у тым ліку паланэз «Развітанне з Радзімай». Неўміручую славу пакінулі пасля сябе кампазітары С. Манюшка і Ф. Міладоўскі, збіральнік беларускага фальклору і кіраўнік імператарскіх тэатраў В. Казлоўскі.

Барацьба царскіх улад, распачатая пасля падаўлення паўстання 1863-1864 г. і скіраваная супраць польскага ўплыву на Беларусі, закранула і тэатральнае мастацтва. У выніку, усе польскамоўныя сцэнічныя пастаноўкі былі забаронены. Малады беларускі тэатр таксама перыпыніў сваё існаванне.

Выразнай рысай тэатральнага мастацтва на Беларусі ў 1860-90-я гг. стала развіццё аматарскіх гурткоў у Горках, Рагачове, Навагрудку, Пінску, Барысаве, Слуцку, Клімавічах Брэсце, Полацку, Слоніме, Лідзе, Бабруйску, Вілейцы, Ашмянах. У Мінску, у памяшканні Дваранскага сходу артысты- аматары ставілі драматычныя п'есы. А 5 чэрвеня 1890 г. у горадзе быў узведзены будынак пастаяннага тэатра.

У рэпертуары пераважалі п’есы дэмакратычнага характару, у жанры крытычнага рэалізму, напісаныя М. Гогалем, А. Сухаво-Кабыліным, А. Астроўскім і інш.

Вялікі ўклад у станаўленне беларускага музычнага мастацтва ўнеслі этнографы і фалькларысты, у тым ліку П. Шэйн. Выдадзены ім трохтомнік “Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края" (1887-1902) утрымліваў шмат самых разнастайных песень. У 1880-1890-я гг. убачылі свет зборнікі М. Янчука "Белорусские песни Минской губернии" і А. Чэрні "Песни белорусские". Песеннае багацце беларуса знайшло асвятленне ў даследваннях П. Шпілеўскага, А. Дабравольскага, П. Бяссонава.

З цягам часу дасягненні беларусазнаўства, акрамя іншага, выйшлі за межы іх навуковага выкарыстання і зрабіліся здабыткам творчай музычнай інтэлігенцыі. Дзякуючы ёй, беларускія песні ўздымаліся да вяршынь духоўнай культуры. Яны ўключаліся ў рэпертуар прафесійных артыстаў і дэманстраваліся ў канцэртных залах Расіі і замежжа. Беларускія песенныя матывы гучалі ў творах рускіх кампазітараў М. Рымскага-Корсакава, М. Мусаргскага, А. Глазунова.

Станоўчае ўздзеянне на развіццё духоўнай культуры аказвалі аб’яднанні аматараў музыкі і прыгожых мастацтваў, якія дзейнічалі ў Мінку, Гродне, Віцебску, Полацку, Брэсце, Бабруйску. Іх намаганнямі адбывалася прапаганда лепшых узораў культуры, выяўленне мясцовых талентаў, укараненне у грамадства высокіх мастацкіх густаў. Таму ж спрыялі гастролі у беларускія гарады славутых расійскіх майстроў – С. Рахманінава, Ф. Шаляпіна, аркестра рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам Андрэева.

Паказчыкам уздыму музычнага мастацтва на Беларусі варта назваць з’яўленне мясцовых прафесійных музыкантаў-кампазітараў – Ф. Міладоўскага, М. Ельскага, І. Глінскага, М. Чуркіна і В. Залатарова. Пэўныя перспектывы ў плане павелічэння іх колькасці звязваліся і з адкрыццём у 1894 г. першай музычнай школы ў Мінску.

Наогул, другая палова XIX ст. была важным перыядам у развіцці беларускага выканаўчага вакальнай і музычнай культуры. Праўда, па прычыне невялікай колькасці беларускай інтэлігенцыі, доля ў ім уласна беларускага нацыянальнага мастацтва была яшчэ невялікай. Разам з тым, той факт, што беларуская песня трапіла ў сферу высокага мастацтва, акрамя іншага, сведчыў аб паскарэнні працэсу кансалідацыі беларускай нацыі.

Такім чынам, палітыка расійскага самадзяржаўя ў галіне культуры на беларускіх землях характарызавалася імкненне абмежаваць уздзеянне польскамоўнай асветы і каталіцкай веры на хрысціянскае насельніцтва. Па прычыне забароны беларускага друку да 1889 г. на Беларусі не выйшла ніводнага мастацкага твора на мове падаўляючай большасці яе насельніцтва. У той самы час царызм усебакова спрыяў пашырэнню і ўкараненню рускай асветы, праваслаўя, дзяржаўнай ідэалогіі, іншых маральных каштоўнасцяў. Важнейшай з’явай у культурным жыцці Беларусі ў ХІХ ст. стала фарміраванне беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы, што абумовіла паступовую кансалідацыю духоўных сіл народа і фарміраванне беларускай нацыі.

 

7. Эканамічны ўздым Расійскай імперыі, які назіраўся ў пачатку ХХ ст., стварыў магчымасць для вырашэння шэрагу ўрадавых сацыяльных праграм, у тым ліку ў галіне народнай адукацыі. У выніку на Беларусі да пачатку вайны колькасць пачатковых школ узрасла больш, чым у 3, 5 – з 1314 да 4784, а навучэнцаў – у 3 (з 106 196 да 304 745).

Станоўчыя зрухі ў паляпшэнні адукацыйнай сферы тлумачыліся і ўтварэннем земстваў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях, якія ўзялі на сябе частку гэтай справы. Колькасць царкоўна-прыход-скіх школ і школ граматы хоць і набыла тэндэнцыю да скарачэння, але да 1914 г. яшчэ заста-ва-лася даволі значнай – 2 643 устаноў з колькасцю навучэнцаў каля 130 тыс. Але, нягледзячы на дзейсную адукацыйную палітыку ўрада, у 1911 годзе толькі 18,4% дзяцей школьнага ўзросту маглі наведваць школу. Узросшы прэстыж адукацыі, недахоп месцаў у школах прымушалі бацькоў іншыя шляхі навучання сваіх дзяцей – з дапамогай хатніх настаўнікаў або ў так званых “тайных школах”. Царскія ўлады вялі ба-рацьбу супраць нелегальных навучальных устаноў. Так, у Слуцкім павеце за тры рэвалюцыйныя гады было ліквідавана 72 тайныя школы.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 766; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.045 сек.