Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 12. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці 4 страница

Часоваму ураду было добра вядома аб падрыхтоўцы паўстання, але ён нічога не збіраўся прадпрымаць, каб прадухіліць яго. Са свайго боку лідэры эсэраў і меншавікоў, усведамляючы пагрозу перавароту, дамагліся пераносу даты адкрыцця ІІ Усерасійскага з’езда Саветаў, а 24 кастрычніка яны на пасяджэнні Перадпарламента (Савета Рэспублікі) прынялі зварот да ўрада з заклікам неадкладна выдаць дэкрэт аб перадачы зямлі ў распараджэнне зямельных камітэтаў, заключыць перамір’е з аўстра-германскім блокам і пачаць мірныя перагаворы. Аднак прэм’ер-міністр заявіў, што яго ўраду «пабочныя парады не патрэбны, ён будзе дзейнічаць сам і сам справіцца з паўстаннем».

Вечарам 24 кастрычніка 1917 г. У. І. Ленін, які знаходзіўся на нелегальным становішчы і пражываў на канспіратыўнай кватэры ў Петраградзе, накіраваў ЦК РСДРП(б) ліст, у якім запатрабаваў неадкладна ўзяць уладу і арыштаваць Часовы ўрад. “прамаруджванне у паўстанні падобна на смерць... цяпер усё вісіць на валаску, што на чарзе стаяць пытанні, якія не нарадамі вырашаюцца, не з’ездамі, хаця б нават з’ездамі Саветаў, а выключна народамі, масай, барацьбой узброеных мас”. 24-25 кастрычніка па камандзе Петраградскага Савета атрады рабочых і салдат на чале з Ваенна-рэвалюцыйным камітэтам пачалі займаць стратэгічныя пункты горада.

Такім чынам, ленінская партыя і згуртаваныя вакол яе палітычныя сілы прыступіліся да ажыццяўлення свайго плана па звяржэнні Часовага ўрада і ўсталяванні ўлады Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў.

 

2. У Петраградзе ў ноч і раніцой 25 кастрычніка 1917 г. атрадамі салдат, матросаў і рабочых былі заняты масты, вакзалы, Цэнтральная тэлефонная станцыя, тэлеграф, паштамт. У 10 гадзін раніцы Ленін напісаў адозву “Да грамадзян Расіі!” для распаўсюджвання ў выглядзе тэлефонаграмы. “Часовы ўрад нізложаны. – гаварылася ў ёй. – Дзяржаўная ўлада перайшла ў рукі органа Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў – Ваенна-рэвалюцыйны Камітэт, якія стаіць на чале петраградскага пралетарыята і гарнізона. Справа, за якую змагаўся народ: неадкладная прапанова дэмакратычнага міру, скасаванне памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Савецкага ўрада, гэта справа забяспечана”.

Паўстанцы перапынілі працу Перадпарламента. А. Керанскі рушыў на Паўночны фронт за дапамогай. Часовы ўрад працягваў працу пад абаронай юнкераў і іншых часцей.

У Смольным інстытуце, дзе размяшчаўся штаб бальшавікоў, у 2 гадзіны 35 мін. адкрыўся агульны сход дэпутатаў Петраградскага Савета з удзелам У. Леніна, які выступіў з прамовай аб здзяйсненні і задачах “рабочай і сялянскай рэвалюцыі”. У 22 гадзiны 40 хвiлiн тут пачаў працу II Усерасiйскi з’езд Саветаў рабочых i салдацкiх дэпутатаў. Сваіх прадстаўнікоў прыслалі 402 Саветы. З 649 яго ўдзельнiкаў 390 з’яўлялiся бальшавiкамi, 160 – эсэрамi ўсiх плыняў, 72 – меншавiкамi, 27 – прадстаўнiкамi iншых партый. Леніна на з’ездзе не было: ён быў заняты заключным этапам паўстання.

Даведаўшыся аб штурме Зiмняга палаца, у якiм былi блакiраваны мiнiстры Часовага ўрада, частка прысутных, галоўным чынам эсэры, меншавікі і бундаўцы, у знак пратэсту пакiнула з’езд. У выніку, па партыйнай прыкмеце склад дэпутатаў з’езда зрабіўся яшчэ больш “левым”, чым раней. Бальшавік А. В. Луначарскі абвясціў ленінскую адозву “Рабочым, салдатам і сялянам!”, дзе гаварылася аб узяцці з’ездам ўлады ў свае рукі, аб змесце праграмы будучага Савецкага ўрада з прапановай неадкладнага мiру, перадачай зямель у раcпараджэнне зямельных камiтэтаў, дэмакратызацыяй армii, рабочым кантролем над вытворчасцю, своечасовым склiканнем Устаноўчага сходу, вырашэннем харчовага крызiсу, забеспячэннем права нацый на самавызначэнне. Пераход улады на месцах мусiў перайсці да Саветаў рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў.

На другім пасяджэнні з’езда 26 кастрычнiка, распачатым у 21 гадзіну, яго ўдзельнiкам паведамлялася аб першых распараджэннях новай улады – скасаванні пакарання смерцю на фронце і вызваленні арыштаваных Часовым урадам салдат. Слова для дакладу па пытанні аб міры было прадастаўлена У. Леніну. Пасля ўступу ён зачытаў тэкст Дэкрэту аб міры, у якім савецкі ўрад прапаноўваў усім ваяваўшым народам і іх урадам пачаць неадкладныя перагаворы аб справядлівым дэмакратычным міры (без анексій і кантрыбуцый). Дакумент быў прыняты аднагалосна.

У дакладзе па пытанні аб зямлі У. Ленін зазначыў антынародны характар палітыкі Часовага ўрада і зачытаў тэкст Дэкрэта аб зямлі, які грунтаваўся на эсэраўскім аграрным праекце “сацыялізацыі”. Дакумент быў прыняты большасцю галасоў супраць 1 і 8 устрымаўшыхся.

Абмеркаванне пытання аб кіруючым органе улады выклікала больш незадволеных. Левыя эсэры адмовіліся ад удзелу ў ім, выказаўшыся за аднародны сацыялістычны ўрад. У выніку было пастаноўлена “стварыць для кiравання краiнай надалей да склiкання Устаноўчага сходу часовы рабочы i сялянскi ўрад, якi будзе звацца Саветам Народных Камiсараў”. У яго ўвайшлі ўсе бальшавікі на чале з Леніным.

Ва Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт – свайго кшталту вярхоўны заканадаўчы і ўпраўленчы орган, быў абраны 101 чал. (з іх 62 з правам рашаючага голаса) на шматпартыйнай аснове. Да 8 лістапада яго ўзначальваў Л. Б. Каменеў, а затым – Я. М. Свярдлоў.

У лiку першых пастаноў, прынятых з’ездам былi таксама дэкрэты “Аб паўнаце ўлады Саветаў” i “Аб армейскiх рэвалюцыйных камiтэтах”, якiя, акрамя iншага, лiквiдоўвалi iнстытут камiсараў Часовага ўрада. Звергнуўшы Часовы ўрад, члены СНК з апораю на ВРК Петрасавета прадпрынялi разнастайныя захады для абнародавання прынятых з’ездам дакументаў, а таксама для асвятлення падзей 25–26 кастрычнiка з тым, каб знайсці падтрымку на месцах. У гэтым сэнсе ўзніклі пэўныя цяжкасцi, паколькi ў першыя суткi–двое пасля паўстання яго арганізатары не мелi магчымасцi наладзіць дзейснага прапагандысцкага забеспячэння cваiм учынкам. У вынiку асноўная маса насельнiцтва сталiцы, а за ёй – i ўсёй Расiйскай рэспублiкi, успрыняла захоп атрадамі петраградскага гарнізона устаноў i сродкаў камунiкацый, разгон Перадпарламента, штурм Зiмняга i г. д. як спробу бальшавiцкага перавароту, які пагражаў заваёвам рэвалюцыі і пагібеллю ўсёй Расіі. Так, 25 кастрычніка ў сталіцы ўзнік Камітэт выратавання Радзімы і Рэвалюцыі, які аб’яднаў палітычных праціўнікаў бальшавікоў.

Са свайго боку 27 кастрычніка бальшавіцкі СНК выдаў дэкрэт“Аб друку”, скiраваны супраць апазіцыйнай прэсы, і заклікаў рабочых, салдат і сялян на барацьбу супраць контррэвалюцыі. Неўзабаве пад уздзеяннем дэкрэтаў, адозваў і заклікаў аб падтрымцы новай улады сталі заяўляць Саветы, вайсковыя камітэты, іншыя аб’яднанні салдат і працоўных. На глебе рознага стаўлення да падзей у Петраградзе ў шэрагу месцаў (Масква, Смаленск) адбыліся ўзброеныя сутыкненні паміж прыхільнікамі і праціўнікамі ленінскага СНК.

 

3. Звесткi аб паўстанні у Петраградзе трапілі на Беларусь раніцой 25 кастрычніка 1917 г. Даведаўшыся аб ім, сяляне-вайскоўцы Заходняга фронту, якія бралі ўдзел у з’ездзе, па ініцыятыве эсэраўскага лідэра В. Чарнова звярнуліся да сталічных бальшавікоў з заклікам аб перапыненні гвалту. У той жа дзень удзельнікі пасяджэння Франтавога камітэта вырашылі па прыкладу петраградскай грамадскасцi ў мэтах аховы парадку стварыць Камiтэт выратавання рэвалюцыi (КВР) з мэтай аховы парадку. Такія ж пастановы прынялі Саветы і партыйныя камітэты камiтэты Вiцебска, Гомеля, Оршы, Полацка, Бабруйска, Вiлейкi, Слуцка, Магiлёва, Мсцiслава i iнш.

Бальшавiкi, якiя таксама ўвайшлi ў камiтэты выратавання, не страцiлi магчымасцi дзейнiчаць самастойна. Сiгналам да iх выступлення ў тыле i на фронце сталi пастановы аб пераходзе ўлады да Саветаў i армейскiх камiтэтаў. Так, 26 кастрычнiка ў Мінску бальшавікамі быў распаўсюджаны загад № 1 аб пераходзе ўлады ў горадзе і наваколлях Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Да тысячы арыштаваных за непадпарадкаванне камандзірам салдат былі вызвалены з турмаў і разам з асобнымі часцямі гарнізона ўключаны ў Першы Рэвалюцыйны iмя Мiнскага Савета полк. Наяўнасць узброеных сіл дазволіла бальшавiкам усталяваць цэнзуру друку і кантроль над поштай, тэлеграфам, збройнымi майстэрнямi i нават штабам фронту. У мэтах умацавання і пашырэння ўлады яны стварылi Ваенна-рэвалюцыйны камiтэт на чале з А. Мяснiковым. Але 27 кастрычніка Выканаўчы камiтэт Заходняга фронта выклікаў у горад казакоў Каўказскай дывiзii і прымусіў кіраўнікоў Савета перадаць уладу Камітэту выратавання рэвалюцыі, які аб’яднаў усе сацыялістычныя партыі, у тым ліку БСГ.

Кіраўнікі Мінскага Савета таксама дэлегавалі ў КВР сваіх прадстаўнікоў і на словах нават пагадзіліся прызнаць яго поўнаўладдзе, але на справе звярнуліся на фронт за дапамогай. Цэнтрам iх канспiратыўнай дзейнасцi зрабiўся ВРК Заходняга фронту.

У iншых гарадах Беларусi Саветы рабочых i салдацкiх дэпутатаў таксама не прызналi ленiнскага СНК i разам з iм – яго пастаноў. Па сутнасцi, усе яны ўвайшлі ў Камітэты выратавання рэвалюцыі і ператварыліся ў апазiцыйныя новай уладзе цэнтры. Невыпадкова бальшавiкi, cутыкнуўшыся з нежаданнем Саветаў прызнаць уладу СНК, прымалi захады для iх роспуску або пераабрання з тым, каб новы, лаяльны склад дэпутатаў (i абавязкова на чале з бальшавiцкiм старшынёй) узяў на сябе ўладныя функцыi.

Звесткi аб паражэннi 30 кастрычніка пад Петраградам верных Керанскаму часцей дазволiлi мiнскiм бальшавiкам дзейнiчаць больш рашуча, а менавiта выклiкаць з фронта ўзброеную падмогу, у тым лiку блiндзiраваны цягнiк, якi прыбыў у горад у ноч на 2 лiстапада.

Вечарам 2 лiстапада на пашыраным пасяджэннi Мінскага Савета А. Мясніковым было абвешчана аб аднаўленні Савецкай улады. Але асноўныя рычагi кiравання горадам засяродзiлiся не ў Савеце, а ў ВРК Заходняга фронту (старшыня К. Ландэр).

4-5 лістапада заходнефрантавы і губернскі камісары склалі паўнамоцтвы, а галоўнакамандуючы Заходнім фронтам Балуеў заявіў аб сваёй лаяльнасці ВРК. У тых умовах перастаў дзейнічаць і КВР. Такім чынам, мінскім бальшавікам удалося перамагчы сваіх палітычных праціўнікаў і ўсталяваць Савецкую ўладу ў Мінску, Мінскай і частцы Віленскай губерняў, а таксама на Заходнім фронце. Умацаванню Заходнефрантавога ВРК спрыяла адхіленне генерала Балуева ад галоўнакамандавання, ўзросшая бальшавiзацыя армейскiх i iншых камiтэтаў.

Так, ужо ў першай палове лiстапада адбылося пераабранне Армейскiх камiтэтаў у II i Х армiях i рэальная ўлада поўнасцю сканцэнтравалася ў ВРК на чале з бальшавiкамi (адпаведна) М. У. Рагазiнскiм i В. I. Яркiным. Толькi ў III армii працэс бальшавiзацыi некалькi запаволiўся, паколькi армейскi з’езд адразу не прызнаваў поўнаўладдзя ленінскага СНК, а “выказаўся за стварэнне аднароднага сацыялicтычнага мiнiстэрства”. Невыпадкова таму кiраўнiцтву АК РСДРП(б) давялося прыкласцi намаганнi з тым, каб склiкаць новы з’езд армii і забяспечыць абранне ў Армейскi камiтэт большасць членаў сваёй партыі.

Такім чынам, Камiтэты выратавання рэвалюцыi па ўсёй Беларусі гублялi ўплыў i распадалiся. А пераход ўлады да ВРК стварыў магчымасць для арганiзацыi Савецкай улады ў маштабе губерняў i нават ўсёй “Паўночна-Заходняй вобласцi”. Так, на пачатку лiстапада кіраўніцтва Абласнога камiтэта РСДРП (б) абвясцiла аб склiканнi III з’езда сялянскiх дэпутатаў Мiнскай i Вiленскай губерняў, III з’езда Саветаў рабочых i салдацкiх дэпутатаў Паўночна-Заходняй вобласцi i II з’езда салдацкiх дэпутатаў Заходняга фронту. 6 лiстапада вылучанае са складу ВРК Бюро для падрыхтоўкi сялянскага з’езда Мiнскай губернi, скарыстаўшы адмову эсэраўскага кiраўнiцтва ад удзелу ў выбарах, забяспечыла патрэбнае прадстаўнiцтва, галоўным чынам з сялян-вайскоўцаў. У вынiку 18–20 лiстапада дэлегаты з’езда прынялi рэзалюцыю ў падтрымку СНК i яго дэкрэтаў, пастанавiлi галасаваць на выбарах ва Устаноўчы сход толькi за спiс бальшавiкоў; выказалiся супраць склiкаемага Вялiкай Беларускай Радай з’езда беларусаў i абралi новы Выканком Савета ў лiку 35 чал.

Па тым жа сцэнарыі 19 лістапада адбываўся II з’езд Саветаў Паўночна-Заходняй вобласцi. Нягледзячы на прадстаўніцтва дэлегатаў толькі трэці iснаваўшых Саветаў, арганiзатары-бальшавiкi ад iмя ўсёй Заходняй вобласцi вынеслi рэзалюцыi ў падтрымку СНК, яго дэкрэтаў i абралi Выканком з 35 чал.

Больш прадстаўнiчым i вынiковым у сэнсе забеспячэння падтрымкi новага ўрада з’яўляўся II Франтавы з’езд з удзелам каля 700 дэлегатаў Заходняга фронту, у сваёй масе бальшавiкоў i левых эсэраў, якi адбыўся 20-25 лiстапада ў Мiнску пад старшынствам А. Мяснiкова. Дэлегаты выказалі падтрымку ленінскаму СНК, ухвалілі яго дэкрэты і абраны новы Выканкам са 100 чал. на чале з А. Мясніковым. Адно з важнейшых рашэнняў з’езда ўвасобiлася ў пастанове “Аб арганiзацыi Савецкай улады на Заходнiм фронце i ў вобласцi”. У адпаведнасці з ім 26 лiстапада адбылося першае пасяджэнне членаў выканкомаў трох папярэдніх з’ездаў, на якiм быў створаны вышэйшы орган улады – Абласны выканаўчы камiтэт Саветаў рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў Заходняй вобласцi i фронту (Аблвыкамзах) у складзе 187 чал. пад старшынствам М. Рагазінскага.

Удзельнiкi пасяджэння таксама сфармiравалi, па ўзору агульнарасiйскага, рэгiянальны выканаўчы орган – Савет Народных Камiсараў Заходняй вобласцi i фронту (старшыня - К. Ландэр). Юрысдыкцыя СНК распаўсюджвалася не на ўсю свабодную ад акупацыi Беларусь, а толькi на Мiнскую i частку Вiленскай губерняў, а таксама на Заходнi фронт.

У іншых губернскіх і павятовых цэнтрах Беларусі ўсталяванне ўлады ВРК і Саветаў мела свае асаблівасці і ад падзей у Мінску не залежала. Так, у Вiцебску Саветы не падтрымалi петраградскiх паўстанцаў, таму 27 кастрычнiка бальшавiкi з апораю на вайскоўцаў гарнiзона стварылi ВРК. Уладныя функцыi ўскладалiся на Рэвалюцыйны Савет салдацкiх дэпутатаў. Са стварэннем новага рабоча-салдацкага Савета да яго перайшла ўлада ў горадзе i павеце, а ВРК (старшыня Б. Пiнсан) заставаўся вышэйшым уладным органам губернi. Прысланы з Петраграда губернскi камiсар П.Салонка аддаў распараджэнне аб перавыбарах усiх Саветаў i зямельных камiтэтаў, якiя не прызнавалi новай улады. 11 снежня пачаў сваю працу Вiцебскi губернскi з’езд Саветаў з удзелам каля 500 чал., у асноўным бальшавiкоў i левых эсэраў. Дэлегаты выказалi падтрымку ленiнскаму СНК, а таксама сфармiравалi орган улады ў асобе губернскага Савета (старшыня В. Чунчын) з 65 чал., у тым лiку 55 бальшавікоў.

На Магiлёўшчыне стварэнне органаў Савецкай улады зацягвалася з прычыны слабай апоры бальшавiкоў у губернскiм цэнтры. Па-другое, кіраўніцтва Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага на чале з генералам М. Духоніным адмовілася падпарадкавацца ленінскаму Савету Народных Камісараў і ператварылася ў цэнтр кансалідацыі яго палітычных праціўнікаў. Толькi са з’яўленнем тут атрадаў новага вярхоўнага галоўнакамандуючага М. Крыленкi, адбылося ўтварэнне 18 лiстапада леваэсэраўска-бальшавiцкага ВРК. Стаўка была ліквідавана, а генерал М. Духонін забіты. У далейшым касцяк бальшавiцкага i леваэсэраўскага кiраўнiцтва губернi складалi вайскоўцы Гомеля i Магiлёва. 15 снежня яны распачалi працу I з’езда Саветаў Магiлёўшчыны з удзелам 27 дэлегатаў ад паловы iснаваўшых Саветаў. Iх намаганнямi было створана Бюро з 7 чалавек, да якога пераходзiла часовая ўлада. Пастаянная ж улада ў асобе Выканкома Саветаў была сфармiравана 14 студзеня 1918 г. пасля правядзення губернскiх рабоча-салдацкiх i cялянскага з’ездаў. У яго прэзiдыум былi абраны: 4 левыя эсэры, у тым лiку старшыня М. Гольман, а таксама 3 бальшавiкi.

Большасць дэпутатаў павятовых Саветаў выказвалi занепакоенасць падзеямi ў Петраградзе, якія пагражалі грамадзянскай вайной і зрывам Устаноўчага сходу. Яны былi перакананы ў неабходнасцi сфармiравання агульнасацыялiстычнага урада i разглядалi ленiнскi СНК як часовы орган. У гэтай сувязi cпробы бальшавiзаваных Саветаў падпарадкаваць cабе дзейнасць гарадскiх i земскiх самакiраванняў выклiкалi незадавальненне i ў шэрагу выпадкаў – рэзкае асуджэнне ўсiх сацыялiстычных партыйных, рабочых i iншых арганiзацый.

Па сутнасцi, да канца 1917 года паралельна iснавалi дзве ўлады – дэмакратычна абраных самакiраванняў i надзеленых уладнымi паўнамоцтвамi Саветаў. У цэлым, адносiны, якiя ўсталявалiся памiж iмi (ўладамi) у розных мясцовасцях, характарызавалiся, як правiла, пастаяннай канфрантацыяй на палiтычнай глебе, узаемнымi абвiнавачваннямi ва ўзурпацыi ўлады i г. д.

Паўстанне ў Петраградзе пачалося ў час, калi ў краiне адбывалася перадвыбарчая кампанiя ва Устаноўчы сход. Асноўная барацьба за галасы выбаршчыкаў на Беларусi i на Заходнiм фронце, разгарнулася памiж эсэрамi i бальшавiкамi. Прапаганда апошнiмi дэкрэтаў аб мiры i зямлi, пастановы аб скасаваннi пакарання смерцю, стварэнне “рабоча-сялянскага ўраду” i iншыя забяспечыла iм iстотную перавагу. Так, ад 4 акруг ва Устаноўчы сход трапiла: ад Вiцебскай – 6 бальшавiкоў i 3 эсэры; ад Мiнскай (адпаведна) – 9 i 4; ад Магiлёўскай – 2 і 12, ад Заходнефрантавой – 12 i 3.

Нягледзячы на перамогу ў гэтых акругах бальшавiцкiх кандыдатаў, большасць выбаршчыкаў па ўсёй краіне аддала свае галасы за эсэраўскi спiс – 58 %, выказаўшы такiм чынам сваю прыхiльнасць рэфармiсцкiм метадам у вырашэннi наспелых праблем. З 715 дэпутатаў Устаноўчага сходу толькi 183 належалi да бальшавiкоў (супраць 412 эсэраў i мноства iншых, апазiцыйна настроеных дэпутатаў).

Зразумела, што такія суадносіны сіл у парламенце ставілі крыж на заваёвах Кастрычніцкай рэвалюцыі. Невыпадкова У. Ленін, Л. Троцкі і іншыя бальшавіцкія лідэры распачалі актыўныя прапагандысцкія захады, скiраваныя на ўкараненне ў рабочыя і салдацкія масы пераканання аб прыярытэце дыктатуры пралетарыяту перад агульнарародным парламентам, на дыскрэдытацыю кадэцкiх i эсэраўскiх дэпутатаў Устаноўчага сходу.

Грамадскасць выявіла прыхільнасць ідэі “Усенароднага парламента як гаспадара зямлі рускай”. І калі 5 студзеня 1918 г. падчас першага пасяджэння Я. Свярдлоў прапанаваў прысутным прагаласаваць за “Дэкларацыю правоў працоўнага i эксплуатуемага народа”, дэлегацкая большасць адхiлiла дакумент і тым самым не прызнала законнасць СНК і яго дэкрэтаў. У адказ бальшавіцкія і леваэсэраўскія дэпутаты ў знак пратэсту пакінулі залу пасяджэнняў. Дэкрэтам УЦВК, прынятым у ноч з 6 на 7 студзеня 1918 г. Устаноўчы сход быў распушчаны. Шанец на мірнае вырашэнне палітычнага крызісу быў страчаны. Улада засталася ў руках бальшавіцкага СНК, але краіна ўсё больш і больш уцягвалася ў грамадзянскую вайну.

Такім чынам, ІІ з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў (25-26 кастрычніка 1917 г.), залажыўшы канстытуцыйныя асновы дзяржавы дыктатуры пралетарыяту, стаў важнейшым фактарам на шляху да пабудовы сацыялістычнага грамадства. Адначасова перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі з’яўлялася перадумовай грамадзянскай вайны. Па меры паглыблення супрацьстаяння класавых і палітычных сіл бальшавіцкі рэжым здзяйсняў дыктатуру пралетарыята гвалтоўнымі метадамі, уключаючы адкрыты тэрор як супраць буржуазіі і памешчыкаў, так і супраць сацыялістычных партый.

4. Узброенае паўстанне ў Петраградзе супраць Часовага ўрада выклiкала непакой беларускіх дзеячаў за лёс Беларусі, якая так і не здолела набыць аўтаноміі. Акрамя таго, яе заходнія губерні пасля абвешчанага Дэкрэтам аб міры выхада Расіі з вайны пагражалі застацца пад германскай акупацыяй. Па гэтай прычыне 27 кастрычніка ў “Грамаце да Беларускага Народу” і звароце “Да ўсяго Народа Беларускага” выканкомы ВБР, Цэнтральнай Вайсковай Беларускай Рады i вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту выступiлi з заклiкам “ўзяць у свае рукi ўпраўленне сваiм краем, каб здзейснiць свае неадкладныя гiстарычныя задачы”. З гэтай нагоды паведамлялася аб скліканні 5 снежня 1917 г. Усебеларускага з’езда для абвяшчэння Беларускай дэмакратычнай рэспублiкi, “спаянай з Вялiкаросiяй i iншымi суседнiмi Рэспублiкамi Расii на аснове федэрацыi”, і абрання ўласнага органа улады – Краёвай Рады.

Другi цэнтр нацыянальных сiл утварыўся ў Петраградзе, дзе група беларускіх прадстаўнікоў, прыехаўшых на ІІ Усерасійскі з’езд сялянскіх дэпутатаў, аб’ядналася ў Беларускi Абласны камiтэт (БАК) пад старшынствам Я. Канчара. 17 лiстапада ў сваёй дэкларацыi БАК заявіў аб гатоўнасцi ўзяць на сябе арганiзацыю руху “ў мэтах стварэння гарантыi захавання i цэласнасцi аўтаномнай Беларусi”. Кіраўніцтва камітэта запэўніла камісара па справах нацыянальнасцяў СНК І. Джугашвілі (Сталіна) у прызнанні Савецкай улады і атрымала на патрэбы Усебеларускага з’езда 50 000 руб.

Абвешчаная ленінскім урадам “Дэкларацыя правоў народаў Расii” давала беларускім дзеячам абгрунтаваныя падставы для будаўнiцтва нацыянальнай дзяржаўнасцi. У той самы час бальшавіцкае кіраўніцтва Аблвыкамзаха, Віцебскага і Магілёўскага губернскіх Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў негатыўна, з класавых і інтэрнацыянальных пазіцый ставілася да гэтай ідэі. Дэлегаты сталі з’язджацца ў Мінску ўжо ў першых чыслах снежня. На пасяджэннях 5-7 снежня яны абралi Cавет старэйшын(ці старшынь???), cтварылi секцыi i iнш. Праз тыдзень на з’ездзе сабралася самае вялiкае i шырокае з часу Лютаўскай рэвалюцыi прадстаўнiцтва ад арганiзацый i ўстаноў Беларусi i па-за яе межамi – усяго 1872 дэпутаты, з якiх 1167 мелi права рашаючага голасу. Асноўная маса дэлегатаў складалася з сялян. Сярод нешматлікай часткі партыйцаў пераважалі эсэры i грамадоўцы. 14 снежня быў абраны прэзiдыум (старшыня I. Серада), Рада ў лiку 60 чалавек i вызначаны парадак дня з’езда.

Выказаная арганізатарамі з’езда патрэба ў нацыянальным вызначэнні беларусаў здавалася відавочнай і не выклікала пярэчанняў. Асноўныя спрэчкі разгарнуліся па пытанні аб форме дзяржаўнасці. Падаўляючая большасць дэлегатаў выказалася ў падтрымку праекта аб наданні Беларусі палітычнай аўтаноміі (з уласным органам улады – Краёвай Радай) у складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі. Краёвай Радзе (Савету рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў) належала склiкаць Беларускi Устаноўчы Сход i паслаць дэлегатаў на мiрную канферэнцыю.

Такім чынам, існаваўшая з 26 лістапада ўлада Аблвыкамзаха і яго структур фактычна дэлегатамі не прызнавалася. Няўдалыя спробы бальшавікоў і іх памагатых раскалоць з’езд і сарваць планы па ўсталяванні нацыянальнай улады хоць сабе і на савецкай аснове выклікала радыкальныя захады СНК Заходняй вобласці і фронта. У ноч з 17 на 18 снежня да будынка пасяджэнняў быў падцягнуты ўзброены атрад на чале камiсара унутраных спраў Рэзаускага i начальнiка гарнiзона Крывашэiна. Паcля прыняцця дэлегатамі першага пункту рэзалюцыi з’езд быў аб’яўлены закрытым, а яго Прэзiдыум арыштаваным. Свае дзеянні СНК Заходняй вобласцi i фронту патлумачыў “жаданнем беларускага з’езда стварыць у краi сепаратна паралельную нацыяналiстычную ўладу i непадпарадкаваннем iснуючай уладзе Саветаў”. У далейшым прапаганда мусiравала надуманы тэзiс аб планах беларускiх дзеячаў адарваць Беларусь ад Расii або далучыць яе да Польшчы

Такiм чынам, нягледзячы на дэклараванае ленiнскiм урадам права народаў на самавызначэнне, мінскія бальшавiкi зрабiлi ўсё магчымае для таго, каб прадухiлiць яго ажыццяўленне Усебеларускім з’ездам. Iдэйным абгрунтаваннем такой палiтыкi з’яўлялася прынцыповае палажэнне РСДРП (б) аб тым, што вырашэнне нацыянальнага пытання павiнна быць падпарадкавана найперш класавым iнтарэсам пралетарыяту i бяднейшага сялянства. На справе, любая актыўнасць нацыянальных арганiзацый, якая закранала манаполiю бальшавiкоў на ўладу, успрымалася iмi выключна негатыўна. У гэтай сувязі разгон Усебеларускага з’езда меў глыбокія наступствы. Па-першае, зрыў мінскімі бальшавікамі спроб беларускіх дзеячаў дамагчыся палітычнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі на доўгія дзесяцігоддзі замарудзіў працэс аб’яднання беларусаў і рускіх у адзінай дзяржаве; па-дру-гое, беларускія дзеячы не адмовіліся ад ідэі афармлення нацыянальнай дзяржаўнасці, але былі вымушаны ўзяцца за яе рэалізацыю на іншай – нацыянальна-дэмакратычнай аснове.

5. 5 лістапада ленінскі СНК, спадзеючыся на падтрымку Савецкай улады з боку палякаў, украiнцаў, латышоў i г. д выдаў пастанову аб дазволе фарміравання іх нацыянальных часцей. На Беларусі буйнейшым (да 25 тыс. конніцы і пяхоты) вайсковым злучэннем з’яўляўся І Польскі корпус на чале з генералам Ю. Доўбар-Мусніцкім. Але палітыка бальшавiкоў, якая грунтавалася на класавых i iнтэрнацыянальных прынцыпах, не магла не ўвайсцi ў канфлiкт з iнтарэсамi палякаў. Так, польскiя землеўладальнiкi не прызнавалi законнай сiлы дэкрэта аб зямлi і ў мэтах абароны сваёй маёмасці звярталіся за дапамогай да суайчыннiкаў-вайскоўцаў. А пасля спробы Доўбар-Муснiцкага ўратаваць ад арышту генерала Балуева, ВРК узбудзiў хадайнiцтва перад М. Крыленкам аб вывадзе польскiх часцей з Мiнска i расфармiраваннi корпуса.

У сваю чаргу II з’езд салдат-палякаў Заходняга фронту (13-18 лiстапада), а таксама сход прадстаўнiкоў польскай грамадскасці (21 лiстапада) выказалiся за ўзмацненне працы па фармiраваннi польскiх часцей у мэтах абароны суайчыннікаў. На падставе вынесеных пастаноў у Быхаўскiм, Магiлёўскiм, Сенненскiм, Чэрыкаўскiм паветах легiянеры праганялi ўчотчыкаў, якія прыходзілі канфіскоўваць маёнткі, а таксама тэрырарызавалі сялян. Невыпадкова 23 лiстапада выканком Магiлёўскага Савета сялянскiх дэпутатаў вынес рэзалюцыю з патрабаваннем ад Стаўкi неадкладнага вываду з губернi польскай дывiзii. Вiцебскi камiсар Салонка запатрабаваў ад польскiх часцей у тэрмiн да 26 лiстапада “неадкладна прызнаць народную ўладу i не чынiць перашкод да пераходу зямлi працоўнаму сялянству”. Каб ліквідаваць перашкоды ў працы мясцовых органаў Савецкай улады, вярхоўнае камандаванне ўзброенымі сіламі аддало загад штабу І Польскага корпуса сканцэнтраваць свае часці ў раёне Рагачоў-Жлобін-Бабруйск. Але і перадыслакацыя не вырашала праблемы. Складвалася сiтуацыя, калi ў час развалу Заходняга фронту ў яго тыле заставалася дастаткова моцная групоўка польскiх войск, якая з цягам часу стала ўяўляць сабой пэўную пагрозу Савецкай уладзе. Таму 27 лiстапада М. Крыленка аддаў загад “Першаму Польскаму корпусу неадкладна прыступiцца да выбару палкавых, карпусных камiтэтаў”. Тым самым пад выглядам “дэмакратызацыі” бальшавікі імкнуліся раз-лажыць і знішчыць польскае злучэнне як баявую адзінку. У дадатак М. Крыленка распарадзiўся аб прыпыненнi працэсу фарміравання нацыянальных часцей і на гэтай падставе А. Мяснiкоў загадаў спынiць адпраўку палякаў у польскi корпус. Не пазней 13 снежня ён жа аддаў загад аб падпарадкаваннi названага корпуса Заходняму фронту i неадкладнай яго дэмакратызацыі па ўзору расiйскай армii. Але штаб корпуса адкрыта праігнараваў яго, спасыла-ючыся на прынцып неўмяшальніцтва ў свае справы.

Яшчэ адным сродкам барацьбы супраць І Польскага корпуса ў адпаведнасці з загадам А. Мяснікова №8 ад 27 лістапада павінны былі зрабіцца – так званыя “Польскiя рэвалюцыйныя батальёны”, лаяльныя Савецкай уладзе.

У канцы снежня 1917 г. абвастрэнне савецка-польскіх адносін запатрабавала адмысловага Камісарыята па польскіх справах на чале з С. Гельтманам. З гэтага часу палітыка Савецкай улады ў адносінах да варожых ім польскіх арганізацый стала больш ваяўнічай. Часці І Польскага корпуса, сцягнутыя ў трохкутнік “Рагачоў-Жлобін-Бабруйск”, адчувалі моцны недахоп харчавання а яго пошук правакаваў сутычкі з мясцовым насельніцтвам і з дробнымі савецкімі атрадамі.

4 студзеня 1918 г. у Мiнску сiламi “рэвалюцыйнага батальёна” былi арыштаваны асобныя члены Начполя – найважнейшага кіруючага цэнтра польскіх вайскоўцаў, а яго памяшканне заняў Камiсарыят па польскiх справах. У падтрымку гэтай i iншых антыпольскіх акцый бальшавiцкія газеты – “Звезда”, “Революционная Ставка”, “Советская правда” – прэса разгарнула моцную прапагандысцкую кампанiю. Шырока паведамлялася, быццам корпус – гэта панская польская армiя, якая ўстала на бок буржуазii; быццам польскі штаб абвясціў аб анексiі Магiлёўскай губерні ў склад манархiчнай Польшчы і інш.

12 студзеня генерал Ю. Доўбар-Муснiцкi накiраваў А. Мяснiкову тэлеграму з паведамленнем аб тым, што І Польскі корпус знаходзiцца “у стане вайны з рускiм народам”. У той самы дзень легіянеры пачалі баявыя дзеянні, 13 студзеня захапілі Рагачоў, а 23 – Бабруйск.

У мэтах перасячэння кравапраліцця для перагавораў з камандаваннем корпуса з Петраграда на ст. Цялуша Бабруйскага пав. прыбыла дэлегацыя Наркамнаца СНК з удзелам польскiх сацыялiстаў. Выстаўленыя савецкiм бокам умовы спынення ваенных дзеянняў (свабода агiтацыi сярод салдатаў корпуса i сярод беларускага насельнiцтва ў мясцовасцях, занятых легiянерамi; дэмакратызацыя корпуса, яго неўмяшальнiцтва ў рашэнне аграрнага пытання) былi адхiлены. Пры гэтым штаб Доўбар-Мусніцкага не iшоў на абвастрэнне канфлiкту, а выкарыстанне зброі легіянерамі тлумачыў мэтамi самаабароны.

Сваё бачанне прычын канфлікту штаб тлумачыў у шматлікіх лістоўках-зваротах да “рускiх салдат” i “братоў-беларусаў”, распаўсюджаных у зоне баявых дзеянняў і дасланых на адрас СНК ў Петраград, Магiлёўскi губернскi Савет, Стаўку, штаб Заходняга фронту. “Ведайце, што мы не хочам вайны, – гаварылася ў адной з тэлеграм тэлеграме, – але калi на нас будуць нападаць, мы будзем абараняцца да апошняй кроплi крывi” i г. д. [27].

Ва ўмовах, калі І Польскі корпус не выяўляў агрэсіўнасці, савецкае ваеннае кіраўніцтва прыдпрыняла шэраг захадаў па яго разлажэнні і прак-тычным знішчэнні. З гэтай нагоды, па-першае, 20 студзеня быў аддадзены загад аб яго расфарміраванні. Усе звольненыя мелi магчымасць паступiць на службу ў “зноў фармiруемую сацыялiстычную Чырвоную Армiю”; па-другое, усімі сродкамі агітацыі і прапаганды шэраговыя легіянеры заклікаліся паў-стаць супраць сваіх камандзіраў. Доўбар-Мусніцкі абвяшчаўся “па-за законам”; па-трэцяе, 21 студзеня быў аддадзены загад аб перапыненні забеспячэння корпуса харчовымі прадуктамі. Нарэшце, каб пазбавіць легіянераў маральнай і практычнай (харчовай) падмогі, усе члены Саюза зямельных уласнікаў, памешчыкі Магілёўскай губерні, кадэты і іншыя, на думку бальшавікоў, “контррэвалюцыянеры”, падлягалі зняволенню без указання тэрміну.

У вынiку прадпрынятых захадаў часцi Польскага корпуса зменшыўся з 27 да 12 тысяч. Характэрна, што камандаванне i афiцэрства не чынiлi перашкод тым легiянерам, хто жадаў звольніцца, і з цягам часу ў гарадах узніклі скапленні тысяч такіх былых ваеннаслужачых. Вядома таксама, што частка iх папаўняла савецкiя атрады. Аднак нават пасля колькаснага змяншэння баяздольнасць корпуса заставалася даволі высокай, таму для канчатковай сілавой яго ліквідацыі савецкім кіраўнікам даводзілася фарміраваць дадатковыя сілы, узбройваць сялян Барысаўскага, Гомельскага, Ігуменскага, Рага-чоўскага, Слуцкага паветаў. Вялікую дапамогу Савецкай уладзе аказалі фарміраванні латышскіх стралкоў, якія 31 студзеня выбілі легіянераў з Рагачова.

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Лекцыя 12. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці 3 страница | Лекцыя 12. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці 5 страница
Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-07; Просмотров: 902; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.012 сек.