Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 4. Развіццё сельскай гаспадаркі у другой палове ХІХ ст




 

Характарыстыка землеўладання на Беларусі. Рэформа 1861 г., праведзеная ў інтарэсах памешчыкаў, абумовіла “прускі” варыянт развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. У Беларусі яго рысы былі яшчэ больш выразныя. Тут пераважала памешчыцкае землеўладанне. Паводле даных 1877 г., памешчыкам належала 50,3% зямлі, сялянам – 33,4, казне, царкве, розным установам – 11,2%. Буржуазнае (бессаслоўнае) землеўладанне складала ўсяго 5,1% ад агульнай зямельнай плошчы.

Памешчыцкае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі мела выразны латыфундыяльны характар. На долю латыфундый (больш 500 дзесяцін на аднаго ўладальніка) у 1877 г. прыпадала 88,6% памешчыцкай зямлі. Самыя буйныя памешчыкі ў Беларусі валодалі дзесяткамі і сотнямі тысяч дзесяцін зямлі: графу Чарнышову-Круглікаву належала 74,5 тыс. дзесяцін, князю Паскевічу – 83,5 тыс., графу Патоцкаму – 121,6 тыс., князю Радзівілу – 150 тыс., а князю Вітгенштэйну – амаль 1 млн. дзесяцін. У той жа час больш 60% сялянскіх сем’яў у Беларусі атрымалі зямельныя надзелы менш 15 дзесяцін, 32% – ад 15 да 20 дзесяцін і толькі 8% – звыш 20 дзесяцін. Сярэдні памер сялянскіх надзелаў у беларускіх губернях вагаўся ад 8 да 12 дзесяцін на двор. Такім чынам, на кожнага памешчыка ў сярэднім прыходзілася 1097 дзесяцін зямлі, альбо ў 75 разоў больш, чым на сялянскі двор.

Пры тагачаснай культуры земляробства надзел да 15 дзесяцін не мог забяспечыць селяніну даход, дастатковы для ўтрымання сям’і ў 6–7 душ, выплаты выкупных плацяжоў, дзяржаўных падаткаў і іншых збораў. Акрамя таго, памешчыкі захавалі за сабой так званыя сервітутныя землі (сенажаці, выганы, выпасы, вадаёмы, лясныя ўгоддзі і інш.), без якіх сялянская гаспадарка не магла абысціся. Гэта вымушала сялян ісці ў кабалу да памешчыкаў: арэндаваць у іх зямлю, сервітутныя ўгоддзі, браць натуральныя і грашовыя крэдыты. У пачатку ХХ ст. сяляне Беларусі арэндавалі ў памешчыкаў 1/10 частку ворнай зямлі, каля 1/4 сенажацяў і пашаў. Гэта арэнда насіла паўпрыгонніцкі характар.

Малазямелле сялян узмацнялася цераспалосіцай. Вельмі часта сялянскія надзелы размяшчаліся не ў адным месцы, а ў некалькіх, маглі знаходзіцца сярод памешчыцкіх угоддзяў. У заходніх губернях цераспалосіца была распаўсюджана больш, чым ва ўнутраных раёнах Расіі. Яна затрымлівала ўвядзенне рацыянальнай сістэмы земляробства, інтэнсіфікацыю сялянскай гаспадаркі.

Асаблівасці развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Пераход да капіталістычнага земляробства ў Беларусі адбываўся паступова. На змену прыгонніцтву спачатку прыйшла змешаная сістэма гаспадаркі, у якой перапляталіся феадальныя і капіталістычныя формы гаспадарання. Феадальныя рысы ў сельскай гаспадарцы праяўляліся ў выглядзе адпрацовак. Адпрацовачная сістэма была найбольш распаўсюджана ў Віцебскай і Магілеўскай губернях. Яе сутнасць заключалася ў апрацоўцы памешчыцкай зямлі інвентаром сялян, якія атрымлівалі за гэта ад памешчыка зямельныя ўгоддзі ў арэнду. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях памешчыкі шырока выкарыстоўвалі працу наёмных рабочых (гадавых, тэрміновых, падзённых), якія апрацоўвалі зямлю інвентаром памешчыка. Гэта была ўжо капіталістычная форма гаспадарання. Аднак і тут адпрацоўкі займалі значнае месца.

Пасля рэформы 1861 г. сельская гаспадарка Беларусі ўсё шырэй уцягвалася ў рыначныя сувязі. Развіццё капіталізму ў Беларусі адбывалася пад непасрэдным уплывам агульнарасійскага рынку. У параўнанні з цэнтральнымі прамысловымі губернямі, значнай часткай Украіны, Польшчай і Прыбалтыкай Беларусь адставала ў прамысловым развіцці і заставалася галоўным чынам сельскагаспадарчым раёнам. Аднак па ўзроўню развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы яна ішла наперадзе многіх рэгіёнаў Расіі. Гэтаму спрыяла, у прыватнасці, геаграфічнае становішча Беларусі, праз тэрыторыю якой праходзілі стратэгічныя і гандлёвыя шляхі ў Польшчу, Прыбалтыку, Заходнюю Еўропу. Хутчэй складваліся капіталістычныя адносіны ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, дзе пераважала падворнае землекарыстанне. Гэтыя губерні знаходзіліся ў больш спрыяльным становішчы ў параўнанні з Віцебскай і Магілёўскай адносна рынку збыту сельскагаспадарчай прадукцыі.

У выніку малазямелля сялян таварная вытворчасць іх гаспадарак была вельмі нізкай, таму асноўнымі пастаўшчыкамі таварнай прадукцыі ў Беларусі былі памешчыкі. Шмат памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на захадзе і ў цэнтры Беларусі, перайшло на капіталістычны шлях развіцця, у іх адкрываліся вінакурныя, цагельныя, смалакурныя заводы, млыны, лесапільні. Разам з тым, многія памешчыкі самі не вялі гаспадарку, а здавалі зямлю ў арэнду. Так, у 1887 г. у Беларусі ў арэнду здавалася 2,5 млн. дзесяцін дваранскай зямлі.

Уплыў сусветнага аграрнага крызісу на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі Беларусі. Аб развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове ХІХ ст. сведчыць паступовая спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці. У першыя два дзесяцігоддзі пасля рэформы важнейшай галіной земляробства заставалася вытворчасць збожжа. Аднак у выніку сусветнага аграрнага крызісу 80–90-х гг. цэны на яго рэзка панізіліся (толькі за 80-я гг. больш чым у 2 разы). Збожжавыя гаспадаркі Беларусі не былі здольны канкурыраваць на рынках Заходняй Еўропы з вытворцамі таннага і высакаякаснага хлеба з ЗША, Аргенціны, Аўстраліі. Гэта прымусіла беларускіх памешчыкаў пераходзіць на вытворчасць такіх прадуктаў, якія давалі большы прыбытак. Паступова ў Беларусі складваюцца пэўныя раёны, дзе пераважную ролю адыгрывала тая ці іншая галіна сельскагаспадарчай вытворчасці.

У 90-я гг. галоўнай галіной у сельскай гаспадарцы Беларусі стала малочная жывёлагадоўля. З 1883 да 1900 г. колькасць буйной рагатай жывёлы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі вырасла амаль удвая. Лепш развіта была жывёлагадоўля ў Мінскай, Віленскай і Віцебскай губернях. У Беларусі з’явіліся высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандская, сіментальская, цірольская і інш.) і спецыяльныя фермы для іх гадоўлі. Многія памешчыкі адкрывалі ў сваіх маёнтках сыраварні і масларобчыя заводы. У канцы ХІХ ст. у Беларусі ўжо налічвалася не менш 200 масларобчых і сыраварных заводаў, на якіх штогод выраблялася ад 500 да 650 тыс. пудоў масла і сыра. Дзякуючы высокаму попыту, малочныя прадукты мелі пастаянны збыт у Цэнтральнай Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы.

Другім важным напрамкам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак Беларусі было вінакурэнне, яно мела гандлёвы характар. Ад продажу спірту памешчыкі атрымлівалі буйныя даходы. У 1905 г. у пяці беларускіх губернях налічвалася 536 вінакурных заводаў. Асноўнай сыравінай для вырабу спірту з’яўлялася бульба. Адыходы ад вінакурэння – брага – выкарыстоўвалася на корм жывёле. Спецыялізацыя памешчыцкіх гаспадарак на малочнай жывёлагадоўлі і вінакурэнні суправаджалася значнымі зменамі ў структуры пасяўных плошчаў. Найбольш высокімі тэмпамі развівалася травасеянне. Плошчы пад кармавымі культурамі (канюшына, віка, сырадэла, цімафееўка і інш.) у 80–90-я гг. павялічыліся на тэрыторыі Беларусі ў 7 разоў.

З сярэдзіны 60-х гг. у памешчыцкіх гаспадарках інтэнсіўна развівалася свінагадоўля. У Мінскай і Гродзенскай губернях значнага развіцця дасягнула танкарунная авечкагадоўля. Воўна з гэтых губерняў паступала як на мясцовыя суконныя фабрыкі, так і ў Польшчу, Германію і Аўстра-Венгрыю. Але пазней, з‑за канкурэнцыі больш таннай воўны з паўднёвых раёнаў Расіі і Аўстраліі, авечкагадоўля ў Беларусі пачала прыходзіць у заняпад.

Яшчэ адным напрамкам спецыялізацыі памешчыцкай гаспадаркі з’яўлялася вытворчасць тэхнічных культур. Сярод іх першае месца займала бульба. Плошча пад яе пасевамі за 1881–1899 гг. узрасла ў 2,5 разы. Другое месца пасля бульбы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі належала лёну. За апошнія два дзесяцігоддзі ХІХ ст. плошча пад пасевы льну павялічылася на 48,5%. Яго вытворчасць, асабліва ў Віцебскай губерні, мела пераважна гандлёвы характар. Значнае месца ў канцы ХІХ ст. у беларускіх губернях займала прамысловае садоўніцтва і агародніцтва.

Капіталізацыя памешчыцкай гаспадаркі Беларусі выклікала неабходнасць выкарыстання машын. У сярэдзіне 90-х гадоў па распаўсюджванні розных сельскагаспадарчых прылад працы Беларусь знаходзілася на другім месцы ў Расіі пасля Наварасійскага раёна. Лепш былі забяспечаны машынамі памешчыцкія гаспадаркі Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тут даволі шырока выкарыстоўвалі малатарні, веялкі, жняяркі, сеялкі. Менш іх было ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. Але ў большасці памешчыцкіх гаспадарак Беларусі прымянялі ў асноўным адсталую ручную тэхніку.

Фарміраванне аграрнай буржуазіі. Да пачатку ХХ ст. перабудова сельскай гаспадаркі Беларусі на капіталістычны лад яшчэ далёка не завяршылася. Адпрацовачная сістэма не была канчаткова адменена нават у перадавых гаспадарках, таксама захоўваліся і іншыя перажыткі феадалізму. У дадатак да цяжкіх эканамічных умоў свайго існавання сяляне ў прававых адносінах заставаліся ніжэйшым саслоўем у дзяржаве. У адрозненне ад дваранства, духавенства і купецтва, яны плацілі дзяржаве падушны падатак, выкупныя плацяжы, пазямельны падатак, выконвалі падводную, дарожную, паліцэйскую павіннасці. Да іх прымяняліся цялесныя пакаранні.

З-за перавагі памешчыцкай зямельнай уласнасці ў Беларусі не склалася развітая сялянская заможная гаспадарка. У канцы ХІХ ст. сярод сялян беднякоў было 61%, сераднякоў – 28%, заможных сялян – толькі 11%. Працэс распаду дваранскай зямельнай уласнасці ў Беларусі ішоў значна марудней, чым у Цэнтральнай Расіі. За 1877–1905 гг. дваране ў беларускіх губернях страцілі толькі 10,8% сваіх зямель, а ў Цэнтральнай Расіі – 27,2%. У першую чаргу гэта было вынікам большай эканамічнай устойлівасці памешчыцкіх гаспадарак Беларусі, што было звязана са значным развіццём тут таварна-грашовых адносін.

Аднак пераход зямлі ад памешчыкаў да іншых саслоўяў на тэрыторыі Беларусі стрымліваўся і ўрадавай палітыкай. У заходніх губернях стымулявалася пашырэнне рускага землеўладання. За кошт казённых зямель і зямель, канфіскаваных у польскіх памешчыкаў за ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг., быў створаны спецыяльны фонд для рускіх пасяленцаў. Адпаведную фінансавую палітыку праводзіў і Сялянскі банк, заснаваны ў 1882 г. Ён выдаваў сялянам доўгатэрміновыя крэдыты для куплі зямлі і садзейнічаў памешчыкам у выгадным продажы зямлі сялянам па завышаных цэнах. Пазыкі выдаваліся, як правіла, на 55 з паловай гадоў пры ўмове штогадовага пагашэння іх у памеры 6,5% даўгавой сумы. Да 1890 г. сяляне ў пяці заходніх губернях набылі праз Сялянскі банк 984,3 тыс. дзесяцін зямлі. Аднак сялянам-католікам забаранялася купляць больш як 60 дзесяцін на аднаго чалавека, а памешчыкі каталіцкага веравызнання не мелі права набываць зямлю, акрамя як у спадчыну. Яўрэі наогул былі пазбаўлены права купляць зямлю па-за межамі гарадоў і мястэчак. Такім чынам, феадальныя перажыткі і ўрадавая палітыка стрымлівалі развіццё капіталістычнага бессаслоўнага землеўладання, якое нават у пачатку ХХ ст. у Беларусі складала толькі 16,5% агульнай зямельнай плошчы.

 

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-13; Просмотров: 2838; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.018 сек.