Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 5. Прамысловая рэвалюцыя у Беларусі




 

Дасягненні прамысловай рэвалюцыі на Захадзе ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Капіталістычная гаспадарка прадугледжвае вытворчасць тавараў для продажу іх на рынку. На аснове ручной працы немагчыма значнае павелічэнне колькасці таварнай прадукцыі. Таму кожная капіталістычная краіна абавязкова праходзіць праз так званую прамысловую рэвалюцыю. Прамысловая рэвалюцыя (прамысловы пераварот) – гэта замена ручной працы машыннай, пераход ад мануфактуры да фабрычна-заводскай вытворчасці. Раней за ўсіх прамысловая рэвалюцыя завяршылася ў Англіі – яшчэ да сярэдзіны ХІХ ст. Заканчэнне прамысловай рэвалюцыі ў іншых буйных капіталістычных краінах Захаду прыпадае на апошнюю трэць ХІХ ст.

Прамысловая рэвалюцыя прывяла да карэнных змен у тэхніцы і арганізацыі вытворчасці. Адбыўся гіганцкі скачок у росце прадукцыйнасці працы. Няўхільна пашыралася вытворчасць і прымяненне ўсё больш дасканалых машын, усё шырэй выкарыстоўваліся новыя матэрыялы і электрычная энергія, а таксама новыя віды транспарту і сувязі. Узнікалі новыя галіны прамысловасці. За апошнія 30 гадоў ХІХ ст. прадукцыя ўсёй здабыўной прамысловасці краін Захаду павялічылася ў 4 разы, здабыча нафты – амаль у 25 разоў, выплаўка сталі ўзрасла ў 56 разоў, а прадукцыя апрацоўчай прамысловасці патроілася. Працягласць чыгункі стала ў 4 разы большай, грузападымальнасць паравых суднаў павялічылася ў 7 разоў. Аб’ём сусветнага гандлю ўзрос у 3 разы.

Асаблівасці пераходу ад ручной да машыннай вытворчасці ў прамысловасці Беларусі. Прамысловы пераварот у асноўных галінах прамысловасці Расіі завяршыўся ў пачатку 80-х гг. ХІХ ст. Прамысловасць Беларусі пасля рэформы 1861 г. развівалася ў цеснай сувязі з агульнарасійскай, але мела і свае асаблівасці. Характэрнай рысай прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст. разам з адносна хуткім ростам фабрычнай індустрыі было пашырэнне дробнай вытворчасці і мануфактур, пераважна невялікіх фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў.

У 60-я гады ХІХ ст. у прамысловасці Беларусі пераважалі дробныя рамесныя прадпрыемствы і мануфактуры. Рамесныя прадпрыемствы былі заснаваны на ручной працы. Перш за ўсё гэта былі промыслы па перапрацоўцы мясцовай сыравіны: дрэва (сталярны), гліны (ганчарны), скуры (кушнерскі, шавецкі), шэрсці і льну (ткацкі). Рамесная вытворчасць канцэнтравалася ў гарадах і шматлікіх мястэчках. Да канца стагоддзя назіраўся рост колькасці дробных рамесных прадпрыемстваў, павялічваўся аб’ём іх прадукцыі. У канцы 90-х гг. ён складаў 37,8% ад ўсей прамысловасці Беларусі.

Пасля рэформы 1861 г. паскорыўся рост мануфактурнай вытворчасці. Тут выкарыстоўвалася ручная праца, але існаваў яе падзел па спецыяльнасцях. Мануфактуры ўзнікалі з сялянскіх промыслаў і гарадскога рамяства. У канцы ХІХ ст. мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, ганчарнай, цагельнай, суконнай, шкляной і тытунёвай вытворчасці і давалі 15,4% валавой прамысловай прадукцыі Беларусі.

Нягледзячы на вялікую долю рамеснай і мануфактурнай вытворчасці на працягу другой паловы ХІХ ст. у прамысловасці Беларусі ішоў працэс пераходу ад ручной працы да машыннай. Рамяство і мануфактуру паступова выцясняла капіталістычная фабрыка. Калі ў 1860 г. у Беларусі дзейнічала толькі 76 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў, то ў 1900 г. іх было ўжо 1137. У канцы стагоддзя фабрычна-заводская прамысловасць давала 46,8% валавога прадукту.

Значна адставала Беларусь ад Расіі па ўзроўню канцэнтрацыі вытворчасці. Дробныя прадпрыемствы (да 50 рабочых) складалі ў Беларусі 85,5% усіх фабрык і заводаў. Калі прадпрыемствы, якія мелі больш за 500 рабочых, у расійскай прамысловасці складалі 3,5%, то ў беларускай – толькі 1,2%. Сярэдні памер прадпрыемстваў Беларусі быў у 2,3 разы менш чым увогуле па Расіі.

Прамысловасць Беларусі пасля рэформы 1861 г. развівалася нераўнамерна. Калі ў першыя два дзесяцігоддзі ўдзельная вага ўсіх прадпрыемстваў Беларусі, якія ўзніклі ў гэты час, складала 18,5%, а ў Расіі – 23,4%, то ў 80–90-я гг. на тэрыторыі Беларусі было ўведзена ў дзеянне фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў у 4 разы больш, чым за папярэднія 20 гадоў (у Расіі толькі ў 2,6 разы).

Галіновая структура прамысловасці Беларусі. У Беларусі з-за адсутнасці неабходнай сыравіны вельмі марудна развівалася цяжкая прамысловасць. Пераважнае значэнне тут атрымалі галіны вытворчасці, звязаныя з перапрацоўкай мясцовай сыравіны. Сярод іх вядучая роля належала вінакурэнню і лясной прамысловасці.

Беларусь была адным з галоўных раёнаў вінакурэння ў Расіі. Тут у 1890 г. дзейнічала 18% усіх вінакурных заводаў краіны. У 1900 г. на вінакурных заводах Беларусі працавалі 470 паравых рухавікоў, валавая прадукцыя складала 23,5% ад усёй прадукцыі прамысловасці Беларусі.

Адно з важных месцаў у прамысловасці Беларусі займалі прадпрыемствы па перапрацоўцы драўніны – асноўнага багацця краю. Асаблівае значэнне адыгрывалі лесапільныя заводы. Лесапільная прамысловасць стаяла на другім месцы пасля вінакурэння, аднак у ёй пераважалі дробныя прадпрыемствы, на якіх працавала да 20 чалавек. Фабрычна-заводскія прадпрыемствы занялі ў галіне пануючае становішча толькі ў 90-х гг.

Значнае развіццё ў беларускіх губернях атрымалі запалкавая і папярова-кардонная вытворчасць. Напрыклад, у Мінскай губерні ў 1900 г. дзейнічалі чатыры запалкавыя фабрыкі: Барысаўская (759 рабочых), Мазырская (616), Пінская (590) і Койданаўская (208 рабочых). Па колькасці працуючых на іх рабочых гэтыя фабрыкі былі найбуйнейшыя ў губерні. Папярова-кардонная прамысловасць Беларусі была сканцэнтравана галоўным чынам у Магілёўскай і Віцебскай губернях. Сярод папяровых фабрык буйнейшай з’яўлялася Добрушская (900 рабочых і гадавая сума вытворчасці 1,6 млн. рублёў). Да таго ж яна была абсталявана навейшымі па тым часе машынамі. У Гродзенскай губерні пераважалі гільзавыя і пераплётныя прадпрыемствы. Найбольш буйнымі з іх былі гільзавыя фабрыкі ў Брэсце.

Вельмі шмат на тэрыторыі Беларусі было прадпрыемстваў, звязаных з перапрацоўкай сельскагаспадарчай сыравіны: мукамольна-крупяных, крухмальна-патачных, маслабойных, півавараных, тэкстыльных, ільно- і пенькаапрацоўчых, гарбарных. Асноўная колькасць крухмальна-патачных і маслабойных прадпрыемстваў краю ў канцы ХІХ ст. заставалася на стадыі дробнатаварнай вытворчасці і мануфактуры. А вось у мукамольна-крупяной прамысловасці ў 1900 г. 93,1% усіх прадпрыемстваў складалі фабрыкі.

Колькасць тэкстыльных фабрык у канцы ХІХ ст. дасягнула 24, на іх было занята звыш 1800 рабочых. Найбольш значнымі ў гэтай галіне прамысловасці былі льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” у Віцебску, суконная фабрыка ў маёнтку Парэчча Пінскага ўезда.

Гарбарная вытворчасць была прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі, на якіх ужывалася ручная праца. Параўнальна буйныя гарбарныя прадпрыемствы ў Беларусі пачалі ўзнікаць з 80-х гг. ХІХ ст. Буйнейшым цэнтрам гарбарнай вытворчасці з’яўлялася Смаргонь. У 1900 г. тут працавалі некалькі буйных заводаў і да 50 мануфактур. У працэсе вытворчасці на буйнейшых прадпрыемствах выкарыстоўваліся ўдасканаленыя прыёмы апрацоўкі сыравіны, якая дастаўлялася з усіх канцоў Расіі. У Смаргонь, напрыклад, сыравіна прывозілася з Растова.

Значнае развіццё атрымала тытунёвая прамысловасць, якая таксама працавала на прывазной сыравіне. Буйнейшай з’яўлялася тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, якая была заснавана ў 1862 г. У 1900 г. на ёй працавала 1445 рабочых, а аб’ём прадукцыі складаў 2,4 млн. руб. Тытунёвае лісце завозілася галоўным чынам з поўдня Расіі, часткова з-за мяжы, а прадукцыя знаходзіла збыт па ўсёй Расіі, а таксама ў Польшчы.

У другой палове ХІХ ст. хуткі рост гарадоў і развіццё прамысловага будаўніцтва выклікалі патрэбу ў вялікай колькасці будаўнічых матэрыялаў. У Беларусі атрымала развіццё, у першую чаргу, вытворчасць цэглы. Сярод буйных прадпрыемстваў гэтай галіны вызначаюцца цагельныя заводы ў маёнтку Івацэвічы Слонімскага павета (200 рабочых) і ў маёнтку Храповішчы (203 рабочыя), у Бабруйску (156 рабочых) і Мінску (74 рабочыя). Існавалі таксама прадпрыемствы па вытворчасці кафлі (некалькі кафляных заводаў у Копысі) і шклозаводы. Найбольш буйным з шклозаводаў быў крыштальны завод “Нёман” у Лідскім уездзе Віленскай губерні, які пачаў выпускаць сваю прадукцыю ў 1875 г.

Металаапрацоўчая прамысловасць Беларусі з-за адсутнасці дастатковай колькасці мясцовай сыравіны развівалася вельмі марудна. Заводы, якія выкарыстоўвалі мясцовую балотную руду, у канцы 70-х гг. закрыліся. Яны былі эканамічна нявыгаднымі і не маглі канкурыраваць з металургічнымі заводамі Польшчы і Расіі. У 80-х гг. у Беларусі дзейнічалі сярэднія па велічыні металаапрацоўчыя прадпрыемствы: завод земляробчых прыладаў у Ракаве, які вырабляў малатарні, веялкі, бароны, плугі, запашнікі; чыгуналіцейны завод у Мінску, на якім выраблялі сельскагаспадарчыя прылады, абсталяванне для вінакурных, лесапільных, гарбарных, шкляных заводаў. У 1897 г. у Мінску былі заснаваны яшчэ два прадпрыемствы гэтай галіны. Яны выпускалі паравыя катлы, турбіны, маслабойні і інш.

З будаўніцтвам чыгунак на тэрыторыі Беларусі пачалі працаваць майстэрні па рамонце рухомага саставу. Гэта былі буйныя капіталістычныя прадпрыемствы, абсталяваныя сучаснай тэхнікай. У 1900 г. у Беларусі дзейнічалі ўжо 19 такіх майстэрань. Тым не менш, удзельная вага металаапрацоўчых прадпрыемстваў ва ўсёй прамысловасці Беларусі ў 90‑х гг. не перавышала 3%.

Вынікі прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Прамысловасць Беларусі ў другой палове ХІХ ст. дасягнула таго ж узроўню развіцця, што і ў іншых аграрных раёнах Расіі, але значна адставала ад асноўных індустрыяльных цэнтраў. Галоўнымі прычынамі гэтага былі адсутнасць прамысловых запасаў карысных выкапняў і шмат рэшткаў прыгонніцтва, якія стрымлівалі развіццё капіталістычных адносін.

Беларусь знаходзілася ў непасрэднай блізкасці да Цэнтральнага, Пецярбургскага, Прыбалтыйскага і Польскага прамысловых раёнаў, у якіх буйная прамысловасць склалася раней, чым у Беларусі. Таму ў Беларусі атрымалі развіццё галіны прамысловасці, заснаваныя на перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, лясной і мясцовай мінеральнай сыравіны, а таксама рамесна-саматужная вытворчасць, якая абслугоўвала бытавыя патрэбы насельніцтва. У сістэме агульнарасійскага капіталізму Беларусь уяўляла рэгіён з высокаразвітой лёгкай прамысловасцю.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-13; Просмотров: 1327; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.011 сек.