Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Лекцыя 6. Транспарт, гандаль, крэдыт




 

Будаўніцтва чыгунак. Значнаму павелічэнню тэмпаў развіцця прамысловасці Беларусі ў другой палове ХІХ ст. спрыяла стварэнне густой сеткі чыгуначных дарог. Першай у 1862 г. праз тэрыторыю Беларусі прайшла Пецярбургска-Варшаўская чыгунка (праз Гродна). У 1866 г. пачала дзейнічаць Рыга-Арлоўская чыгунка (Дзвінск – Полацк – Віцебск), у 1871 г. – Маскоўска-Брэсцкая (Смаленск – Орша – Баранавічы – Брэст), у 1871–1874 гг. – Лібава-Роменская (Вільня – Маладзечна – Мінск – Асіповічы – Бабруйск – Жлобін). У 80-я гг. былі пабудаваны Палескія чыгункі (Вільня – Баранавічы – Лунінец, Гомель – Лунінец – Пінск – Жабінка, Баранавічы – Слонім – Ваўкавыск – Беласток). У 1902 г. адкрылася Пецярбургска-Адэская магістраль (Віцебск – Орша – Магілёў – Жлобін). Увогуле даўжыня чыгуначнай сеткі ў Беларусі з 1867 г. да 1904 г. вырасла ў 12 разоў. Чыгункі звязалі Беларусь з галоўнымі індустрыяльнымі цэнтрамі краіны – Пецярбургам, Масквой, Кіевам, Варшавай, прыбалтыйскімі партамі.

Важную ролю ў эканоміцы Беларусі адыгрываў рачны транспарт. Водныя шляхі праходзілі па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы. Водны транспарт у 1900 г. налічваў 310 непаравых і 23 паравых судны.

Гандлёвыя сувязі. Будаўніцтва чыгунак паскорыла развіццё ўнутранага і знешняга гандлю. Хутка рос вываз як на рускі, так і на замежны рынак прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці – масла, хлеба, яек, сыру, мяса птушкі, садавіны, прычым значна знізіўся вываз жывой жывёлы і рэзка павялічыўся вываз жывёлы ў перапрацаваным выглядзе. Спірт вывозіўся ў Пецярбург, Маскву, Цвер, Кіеў, Растоў-на-Доне, Адэсу, Крамянчуг, а таксама за мяжу.

За мяжу вывозіліся і тавары лесаперапрацоўчай, шкляной, керамічнай і іншых галін прамысловасці. Галоўнымі экспартнымі таварамі ў Беларусі былі лес і лён. На долю Беларусі, напрыклад, прыходзілася 54,1% агульнарасійскага экспарту лесу ў Германію. Прадукцыя запалкавых фабрык вывозілася ў Ромны, Харкаў, Баку, Кішынёў, Уладзікаўказ, Варшаву; папера і кардон – у Кіеў, Екацярынаслаў, Харкаў, Вязьму, Беласток, Рыгу. Вырабы шкляной і керамічнай прамысловасці збываліся ў Маскву, Кіеў, Адэсу.

З развіццём транспарту ў Беларусі хутка памяншаецца роля кірмашовага гандлю, усё большае значэнне набывае крамны і магазінны гандаль. Гэта сведчыць аб тым, што рыначныя сувязі беларускіх гарадоў і вёсак, а таксама Беларусі з іншымі часткамі краіны становяцца ўсё больш рэгулярнымі і трывалымі.

Фарміраванне нацыянальнага рынку. У канцы ХІХ ст. у Беларусі ўжо склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. У той жа час наладжваліся сувязі з усерасійскім рынкам. Асаблівасцю ўтварэння нацыянальнага рынку ў Беларусі з’яўлялася тое, што тут эканамічная агульнасць не ўмацоўвалася дзяржаўным аб’яднаннем у рамках этнічнай тэрыторыі. Цэнтрамі абласных рынкаў у канцы ХІХ ст. становяцца найбольш буйныя гарады: Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Гродна, Брэст і Пінск. Характар гандлёвых сувязей унутры мясцовых рынкаў вызначаўся асаблівасцямі эканамічнага развіцця кожнага з раёнаў.

Галоўным гандлёва-прамысловым цэнтрам Беларусі ў гэты час становіцца Мінск. Ён знаходзіўся ў прамых ці ўскосных сувязях з усёй тэрыторыяй краю. На мінскім рынку гандлявалі вырабамі шкляной вытворчасці, паперай, кардонам, сельскагаспадарчымі машынамі. Сюды прывозілі шмат прамыслова-мануфактурных тавараў з Маскоўскага, Пецярбургскага раёнаў, Польшчы. Мінск як зборны і размеркавальны пункт абслугоўваў большую частку раёнаў Палесся, многія раёны поўначы і захаду Беларусі. З прадуктаў сельскай гаспадаркі на мінскім рынку пераважалі збожжа, малочныя прадукты, мяса, рыба.

Буйным гандлёвым цэнтрам з’яўляўся Гомель, які абслугоўваў таксама суседнія паветы Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерняў. Прамысловыя тавары, што вырабляліся ў Гомельскім раёне – папера, запалкі, цэгла, кафля, аконнае шкло, вяроўкі, канаты і г.д. – вывозіліся нават за межы Беларусі. Гомель быў размеркавальным пунктам для лясных матэрыялаў і дроў, якія сплаўляліся ў сярэдняе і ніжняе Падняпроўе, галоўным чынам у Адэсу, Екацярынаслаўскую, Кіеўскую і іншыя губерні.

Частка грузаў з Гомеля вывозілася па чыгунцы на поўнач і ўсход, у Рыгу, Пецярбург, Лібаву. У Гомель лясныя матэрыялы ў сваю чаргу дастаўляліся з Рэчыцкага, Рагачоўскага, Мазырскага і іншых паветаў. З сельскагаспадарчых прадуктаў, якія траплялі на гомельскі рынак, пераважала ўкраінскае збожжа.

Для Магілёўскага эканамічнага раёна найбольш характэрным з’яўляўся гандаль ляснымі і сельскагаспадарчымі прадуктамі. Магілёў знаходзіўся ў цеснай сувязі з сярэднім і ніжнім Падняпроўем, а таксама з Оршай, праз якую ішлі тавары ў Мінскую і Смаленскую губерні. З Оршы адпраўляліся, галоўным чынам, лясныя грузы, збожжа, пянька, макуха, вотруб’е, яблыкі і іншыя тавары. Прывозілі на аршанскі рынак хлебныя прадукты, соль, газу, нафту, будаўнічыя матэрыялы.

Значная частка Магілёўскай губерні мела сувязі з Віцебскім эканамічным раёнам. Галоўнымі прадуктамі вывазу адсюль былі лес і прадукты ільнаводства, якія вывозіліся большай часткай за мяжу. Лясныя грузы сплаўляліся па Заходняй Дзвіне ў Рыгу, з Украіны прывозіліся пшанічная мука і цукар.

Важнае месца ў гандлёвых сувязях Беларусі займаў Гродна. Праз яго ажыццяўляўся гандаль з Польшчай, Літвой і замежнымі краінамі. Гродзенскі рынак быў цесна звязаны з Ваўкавыскім раёнам, а таксама з Мінскам, Вільняй, Масквой, Пецярбургам. Галоўнымі прадметамі збыту з Гродзенскага раёна былі лясныя грузы, аржаная мука, вотруб’е, спірт, малочныя прадукты, бульбяная мука.

Сярод гандлёвых цэнтраў Беларусі асабліва вылучаўся Пінск. Ён служыў размеркавальным цэнтрам збыту прамысловых тавараў і лясных грузаў, якія перавозіліся з басейнаў Дняпра і Прыпяці ў сістэмы Нёмана і Віслы.

Развіццё капіталізму прыводзіла да зліцця мясцовых рынкаў Беларусі ў адзіны нацыянальны рынак. Адначасова ўнутраны рынак Беларусі з’яўляўся састаўной часткай усерасійскага рынку. У гандлі Беларусі пераважаў вываз сельскагаспадарчай сыравіны і лясных матэрыялаў. У той жа час беларускія губерні служылі рынкам збыту прамысловых тавараў і збожжа, якія ўвозіліся з іншых раёнаў Расіі. Напрыклад, на тэрыторыю Беларусі ўвозіліся вырабы з жалезу, жалезныя і стальныя загатоўкі, якія перапрацоўваліся на мясцовых заводах.

Развіццё фінансава-крэдытнай сістэмы. Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла стварэнне ў Беларусі акцыянерных кампаній. У канцы ХІХ ст. у Беларусі дзейнічалі каля 10 акцыянерных таварыстваў, якім належалі буйныя прадпрыемствы. Так, з 1877 г. пачало дзейнічаць “Гродзенскае таварыства водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў”, у 1895 г. – “Таварыства віцебскіх водаправодаў”, у 1898 г. – бельгійскае акцыянернае таварыства “Віцебскі трамвай”.

Разам з канцэнтрацыяй вытворчасці адбывалася цэнтралізацыя капіталу. У эканамічным жыцці Беларусі асабліва ў апошняй трэці ХІХ ст. значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Вядучую ролю сярод крэдытных устаноў займаў Мінскі камерцыйны банк, заснаваны ў 1873 г. У шэрагу гарадоў дзейнічалі аддзяленні буйнейшых расійскіх банкаў. У Беларусі было пяць аддзяленняў Дзяржаўнага банка. Пачынаючы з 1871 г. Азова-Данскі камерцыйны банк меў свае філіялы ў Мінску, Магілёве, Пінску. У Мінску ў 90-я гг. дзейнічала аддзяленне Пецярбургска-Азоўскага банка. Віленскі прыватна-камерцыйны банк і камерцыйны банк у Беластоку мелі свае філіялы ў Бабруйску, Гомелі і Слоніме. У Бабруйску, Гомелі і Брэсце былі адкрыты філіялы Арлоўскага камерцыйнага банка.

У выніку дзейнасці банкаў назапашваліся значныя капіталы, якія ўкладваліся пераважна ў сферу гандлю. Банкаўскія сродкі накіроўваліся таксама ў прамысловасць па пярвічнай апрацоўцы лесу і лёну. Істотную ролю ў вывазе за мяжу гэтых тавараў адыгрываў германскі капітал, які актыўна ўкладваўся ў большасць леса- і льногандлёвых фірмаў.

Увогуле ў пачатку ХХ ст. узмацнілася пранікненне ў эканоміку Беларусі замежнага капіталу. Гэта спрыяла павелічэнню колькасці прамысловых прадпрыемстваў, якія належалі акцыянерным таварыствам, і пашырэнню дзейнасці банкаў. Так, у Віцебску дзейнічаў сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў, у Оршы – піваварных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю. Аднак узровень манапалізацыі прамысловасці Беларусі быў ніжэй, чым ў індустрыяльна развітых раёнах Расіі.

Урбанізацыя. Развіццё прамысловасці і чыгуначнай сеткі садзейнічалі росту гарадоў. У 1897 г. у гарадах Беларусі пражывала 648 тыс. чалавек, або 9,8% ад усяго насельніцтва беларускіх губерняў. Па тэмпах росту гарадскога насельніцтва беларускія гарады адставалі ад гарадоў Еўрапейскай Расіі. Прычынамі былі адносна слабае развіццё прамысловасці і штучная канцэнтрацыя ў гарадах Беларусі яўрэйскага насельніцтва, якое стварала значны рэзерв рабочай сілы. Перанаселенасць беларускіх гарадоў стрымлівала прыток у іх сельскага насельніцтва як пралетарызаванага, так і буржуазнага. Тым не менш, насельніцтва гарадоў Беларусі ўсё больш павялічвалася. Значнымі цэнтрамі фабрычна-заводскай прамысловасці сталі Мінск, Пінск, Гродна, Магілёў, Віцебск, Гомель, Бабруйск. У многіх з іх у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі сталі чыгуначныя майстэрні і дэпо. У канцы ХІХ ст. найбольш буйнымі гарадамі Беларусі былі Мінск (90,9 тыс. жыхароў) і Віцебск (65,9 тыс. жыхароў), насельніцтва астатніх гарадоў складала менш за 50 тыс. чалавек.

У гарадах Беларусі выраблялася толькі каля 31% прамысловай прадукцыі. Пераважная колькасць прадпрыемстваў размяшчалася ў мястэчках і маёнтках. Некаторыя мястэчкі ператварыліся ў прыкметныя прамысловыя цэнтры рэгіянальнага значэння (Смаргонь, Дуброўна і інш.). У канцы ХІХ ст. у Беларусі налічвалася 679 тыс. местачковага насельніцтва.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-13; Просмотров: 690; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.011 сек.