Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Праблема існасці жыцця ў сучаснай філасофіі і навуцы




Такім чынам, уласцівасці нашага Сусвету абумоўленыя шэрагам грунтоўных фізічных канстант. Сучасная навука можа даць толькі ў найвышэйшай ступені гіпатэтычныя адказы на пытанні пра тое, чым тлумачацца іх лікавыя значэнні і чаму гэтыя значэнні зададзеныя так, што дапускаюць узнікненне складаных структур і ў канчатковым выніку разумнага жыцця. У пэўных тэарэтычных праектах яны разглядаюцца як вызначаныя зменлівымі ў прасторы-часе палямі, губляючы пры гэтым, аднак, статус канстант. Звязаная з падобным падыходам варыятыўнасць магчымага ўладкавання фізічнай рэчаіснасці можа фігураваць як аснова для адказу на прыведзеныя вышэй пытанні. Гэта мае месца ў рамках М-тэорыі, якая дапускае існаванне мноства розных універсумаў. Таму яна дазваляе рацыянальным чынам растлумачыць “тонкую наладку” нашага ўніверсуму на ўзнікненне ў ім жыцця, бо цалкам натуральна, што ў мностве спробаў прырода стварыла і такі складаны, багаты на формы і фарбы Сусвет, як наш. Істотнае месца ў адпаведных тэарэтычных пабудовах займае таксама антропны прынцып, які (гэтаксама як і ўяўленне пра мультыверсум) мае на сённяшні дзень у найвышэйшай ступені дыскусійны характар.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Разгляд праблемы грунтоўных сусветных канстант з неабходнасцю выходзіць на ўзровень фундаментальных светапоглядных пытанняў. Прааналізуйце магчымыя светапоглядныя інтэрпрэтацыі таго факту, што іх значэнні зададзеныя ў межах невялікага дыяпазону, у якім яны робяць магчымым узнікненне ў нашым Сусвеце жыцця. Якой з іх Вы аддаеце перавагу? Чаму?

2. Як суадносяцца паміж сабой антропны і згаданы вышэй (гл. 1.3.2.) каперніканскі прынцып?

3. Наколькі слушнай і прадуктыўнай у навуковых адносінах падаецца Вам ідэя мультыверсуму? Адказ абгрунтуйце.

4. У тэксце параграфа даводзіцца пра скептычнае стаўленне С.Хокінга і Л.Млодзінава да магчымасці стварэння адзінай вялікай фізічнай тэорыі. Прааналізуйце гэты факт. Ці не з’яўляецца згаданая пазіцыя шкоднай у тым плане, што яна вядзе да знікнення з далягляду навукоўцаў надзвычай складанай і надзвычай цікавай праблемы?

Як было падкрэслена вышэй (1.3.4), сучасныя біёлагі нячаста звяртаюцца да праблематыкі жыцця як такога. Яны аддаюць перавагу спецыяльным пытанням, апраўдваючы гэта агульнай тэндэнцыяй сучаснай навукі засяроджвацца на канкрэтных і спецыяльных праблемах.[103] У некаторых выпадках, аднак, згаданай праблематыцы надаецца належная ўвага і атрымліваюцца сур’ёзныя і цікавыя тэарэтычныя вынікі. Ж.Манод, напрыклад, лічыць, што спецыфіка жывога выяўляецца найперш у трох характарыстыках: тэлеанаміі (жывыя істоты надзеленыя праектам, які яны рэпрэзентуюць у сваёй структуры і які здзяйсняецца ва ўсіх праявах іх жыцця) [64, c.22], аўтаномным марфагенезе (жывыя істоты набываюць сваю форму і ўвогуле, і ў дэталях праз дзеянне ўнутраных фактараў) [64, c.24], інварыянтным узнаўленні (здольнасці рэпрадуктаваць і перадаваць інфармацыю, адпаведную ўласнай структуры) [64, c.25]. (Варта зазначыць, што такія характарыстыкі, як аўтаномны марфагенез і інварыянтнае ўзнаўленне, наяўныя таксама ў крышталёў. Праўда, колькасць і складанасць інфармацыі, якая ўспрымаецца, увасабляецца і перадаецца на іх узроўні, на шмат парадкаў ніжэй, чым у жывых істотаў. Тым не менш, калі б разгляд праблемы абмяжоўваўся толькі гэтымі момантамі, крышталі неабходна было б улучыць у сферу жывога.)

У працэсе далейшага аналізу Ж.Манод даводзіць пра глыбокую узаемасувязь згаданых характарыстык. Сутнасць праекта, які здзяйсняецца на ўзроўні жывых істотаў, вызначаецца той інфармацыяй, якая рэпрадуктуецца і транслюецца імі. Гаворка ідзе пра інварыянтную інфармацыю, уласцівую віду, да якога належыць тая ці іншая істота. Мэтай яе структур, здзяйсненняў, усіх яе дзеянняў з’яўляецца, такім чынам, падтрыманне пэўнага, характэрнага для дадзенага віду ўзроўню арганізацыі, упарадкаванасці, зафіксаванага ў згаданай інфармацыі (якую ў сувязі з гэтым навуковец называе тэлеанамічнай) [64, c.26-27]. Тэлеанамічная інфармацыя, у сваю чаргу, не выяўляецца інакш, як праз аўтаномны марфагенез [64, c.28].

Наяўнасць грунтоўнай сувязі паміж згаданымі характарыстыкамі жывога, падкрэслівае Ж.Манод, не дае падстаў для іх змешвання, для адмаўлення і ігнаравання адрозненняў паміж імі. Аўтаномны марфагенез з’яўляецца не столькі характэрнай рысай жывога, колькі механізмам яго ўзнікнення, які дзейнічае і на ўзроўні структур, што забяспечваюць інфармацыйную інварыянтнасць, і на ўзроўні тэлеанамічных структур. Адрозніваюцца паміж сабой і гэтыя апошнія, яны адрозніваюцца ўжо сваім базавым біяхімічным субстратам: тэлеанамічныя здзяйсненні забяспечваюцца бялковымі макрамалекуламі, а інфармацыйная інварыянтнасць – малекуламі нуклеінавых кіслот [64, c.29].

Ж.Манод падкрэслівае таксама выключны статус жывога ва ўніверсуме, у якім згодна з другім пачаткам тэрмадынамікі дамінуе тэндэнцыя да разбурэння і хаосу. Працэсы аднаўлення і развіцця высокаарганізаваных структур, якімі з’яўляюцца жывыя істоты, сапраўды выглядаюць дзіўнымі і неадпаведнымі сутнасці прыроднай рэчаіснасці, калі яе разглядаць у кантэксце класічнай тэрмадынамікі. Адчуванне іх адчужанасці ад рэаліяў таго ўніверсуму, у якім яны паўсталі не знікае нават тады, калі мы на аснове навуковых эксперыментаў пераконваемся, што ў біялагічных працэсах фундаментальныя пачаткі тэрмадынамікі ні ў якім разе не парушаюцца. Зусім наадварот, клеткі ў працэсе свайго памнажэння не толькі падпарадкоўваюцца ім, але і “выкарыстоўваюць іх, нібы добры інжынер для таго, каб з максімальнай эфектыўнасцю здзейсніць праект, зрэалізаваць “мару” (Ф.Жакоб) усякай клеткі: зрабіцца дзвюма клеткамі” [64, c.32].

Паставіўшы пытанне пра першаснасць, прыярытэтнасць у суадносінах тэлеанамічных дзеянняў і інфармацыйнай інварыянтнасці на ўзроўні жывога, Ж.Манод піша, што сучасная навука дазваляе вынесці адназначны вердыкт на карысць інфармацыйнага аспекту ў гэтым плане. Таму “ўзнікненне, эвалюцыя, сталае дасканаленне ўсё больш і больш развітых тэлеанамічных структур звязаная са змяненнямі, што адбываюцца ў структуры, якая валодае ўжо ўласцівасцю інварыянтнасці, здольнай, значыцца, “захаваць выпадак” і падпарадкаваць такім чынам яго наступствы гульні натуральнага адбору” [64, c.37].

Іншыя навукоўцы, якім не чужая натурфіласофская праблематыка, у сваіх версіях адказу на пытанне пра сутнасныя характарыстыкі жывога таксама акцэнтавалі яго здольнасць супрацьстаяць тэндэнцыі, скіраванай да ўзроўню раўнавагі, якому ўласцівая максімальная энтрапія. Жывыя істоты спасцігаюцца ў сувязі з гэтым як адкрытыя, іерархічна арганізаваныя сістэмы, што падтрымліваюць высокі ўзровень упарадкаванасці, забяспечваючы дынамічную, гнуткую ўнутраную раўнавагу [46, т.5, c.130].

Варта адзначыць, што праблема існасці жыцця як біялагічнага феномена абмяркоўвалася і абмеркоўваецца ў філасофскай літаратуры. Вядомы нямецкі філосаф М.Гартман (1882-1950), напрыклад, даводзіў, што жывому ўласцівыя найперш тры віды працэсаў: абмен рэчывамі і энергіяй, раздражняльнасць і формаўтварэнне [64, т.,5 c.130]. Сучасны французскі філосаф Д.Лекур таксама падкрэслівае, што найгрунтоўнейшай характарыстыкай жывога з’яўляецца няспынны марфагенез, развіццё, эвалюцыя формаў [26, c.992]. Пры гэтым ён імкнецца паказаць, што перамога фізікалісцкай пазіцыі ў разуменні існасці жыцця, абумоўленая паспяховым разгортваннем біямалекулярных даследаванняў з іх квантава-механічнымі і біяхімічнымі метадамі, не з’яўляецца канчатковай. Філосаф лічыць, што найноўшыя дасягненні біялагічнай навукі ствараюць аснову для новай тэорыі жывога, здольнай выйсці за межы традыцыйнай апазіцыі механіцызму і віталізму. Грунтам гэтай тэорыі мусіць быць, на яго думку, новая інтэпрэтацыя прычыннасці, задзейнічанай у эвалюцыйным працэсе: яна не павінна разглядацца ні як механічная, ні як фіналісцкая. Прычынна-выніковыя сувязі на марфагенетычным узроўні здзяйсняюцца не іначай, як на аснове багатага рэпертуару магчымасцяў, створанага ўсім папярэднім ланцугом “выбараў”, зробленых прыродай у хадзе развіцця жывых формаў [26, c.989-992].

Варта адзначыць таксама, што для некаторых навукоўцаў пытанне пра спецыфіку жыцця і жывога – гэта пытанне не столькі пра яго якасныя адрозненні ад нежывога, колькі пра рознасць ва ўзроўні складанасці. Неадольнай бездані паміж жывым і нежывым не існуе (у якасці аргумента на карысць дадзенай тэзы могуць фігураваць згаданыя вышэй уласцівасці крышталёў) [51, с.25]. На аснове гэтай пазіцыі досыць проста тлумачыцца, напрыклад, факт рознагалосіцы навукоўцаў у ідэнтыфікацыі вірусаў (хоць яго можна растлумачыць таксама недастаткова ясным усведамленннем імі сутнасных уласцівасцяў жывога ці грунтоўнымі метадалагічнымі памылкамі пры іх вызначэнні [46, т.5, c.131-132], што не здзіўляе, калі ўлічыць яго каласальную складанасць.

Такім чынам, у сучасным біяфіласофскім і біялагічным мысленні даюцца розныя, але разам з тым і ў пэўных сваіх аспектах падобныя паміж сабой адказы на пытанне пра сутнасныя ўласцівасці жывога. У пазіцыях фізікалісцкага характару падкрэсліваецца прыярытэт сярод згаданых уласцівасцяў забяспечанай малекуламі нуклеінавых кіслот інфармацыйнай інварыянтнасці жывога, г. зн. захавання, рэпрадуктавання і трансляцыі відавой спадчыннай інфармацыі. У кантэксце сістэмнага падыходу адзначаецца іерархічная арганізацыя жывых істотаў, якія, уяўляючы сабой надзвычай складаныя сістэмы, падтрымліваюць уласцівы ім высокі ўзровень упарадкаванасці і павышаюць яго (г. зн. пераадольваюць тэндэнцыю да павялічэння энтрапіі, што дамінуе ў свеце нежывога). У некаторых філасофскіх працах, прысвечаных дадзенай праблематыцы, у якасці найістотнейшай характарыстыкі жыцця і жывога разглядаецца эвалюцыя яго формаў і падкрэсліваецца адметнасць тых каўзальных сувязяў, што дзейнічаюць у яе рамках.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Як Вы лічыце, якое месца сярод сутнасных характарыстык жывога займае яго матэрыяльны субстрат?

2. Якія прыкметы жывога з’яўляюцца найістотнейшымі, на Ваша меркаванне? Чаму?

3. Што, на Вашу думку, прыцягвае ўвагу філосафаў да праблемы існасці жыцця? Што могуць даць адна адной у кантэксце яе вырашэння сучасная філасофія і біялогія? (Гл. 1.3.4)

4. Як гаварылася ў тэксце параграфа, Д.Лекур даводзіць пра магчымасць новай тэорыі жывога, у якой пераадольвалася б супрацьлегласць механіцызму і віталізму. Ці не з’яўляецца тэарэтычны сінтэз механіцысцкай і віталісцкай парадыгмаў найлепшым спосабам пераадолення згаданай супрацьлегласці? Паспрабуйце стварыць уласную (няхай сабе самую агульную і абстрактную) схему такога канцэптуальнага сінтэзу.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 450; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.008 сек.