Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Праблема антрапасацыягенезу і яе прыродазнаўчыя аспекты




Прыродазнаўчыя навукі ў кантэксце вывучэння чалавека

Такім чынам, сучасны дарвінізм (неадарвінізм) найбольш поўна ўвасабляецца ў сінтэтычнай тэорыі эвалюцыі. Яе грунтам з’яўляецца ўяўленне, згодна з якім селектыўны прынцып арганічна стасуецца з мендэлеўскімі законамі пры мадэляванні працэсаў, што маюць месца ў папуляцыйных асяродках пры перадачы генаў ад аднаго пакалення да другога. Папуляцыі разглядаюцца ў ёй як асноўная адзінка эвалюцыйнага працэсу, натуральны адбор прызнаецца грунтоўным яго фактарам. Істотнае месца ў ім адводзіцца таксама навакольнаму асяроддзю, хоць у розных канкрэтных даследаваннях зварот да экалагічных аспектаў эвалюцыйнага працэсу, мае рознае значэнне і розную ўдзельную вагу. У сувязі з гэтым прапаноўваецца адрозніваць папуляцыйную і экалагічную генетыку. У эвалюцыйным мысленні другой паловы ХХ ст. назіраюцца разнастайныя тэндэнцыі. У працэсе ўнутранай яго дыферэнцыяцыі паўсталі і кірункі, якія можна разглядаць як спробы развіцця неадарвінісцкага падыходу, і плыні, прадстаўнікі якіх імкнуцца да прынцыпова новага абгрунтавання эвалюцыйнай ідэі.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Як бы Вы ацанілі гістарычнае значэнне сінтэтычнай тэорыі эвалюцыі? Ці не сягае яно за межы біялагічнай навукі?

2. Некаторыя даследчыкі ўказваюць, што адсутнасць агульназначнай тэарэтычнай схемы ў сучаснай эвалюцыйнай біялогіі зусім не абавязкова павінна ўспрымацца як недахоп [56, c.190]. Якімі аргументамі, на Вашу думку, можа быць падмацаваная дадзеная пазіцыя? Ці згодныя Вы з ёй і чаму так ці не?

3. Які з кірункаў сучаснага эвалюцыйнага мыслення падаецца Вам найбольш абгрунтаваным і перспектыўным? Чаму?

4. Правядзіце параўнальны аналіз сучаснай і класічнай эвалюцыйнай біялогіі ў плане выяўлення ў іх фактараў эвалюцыйнага працэсу і асноўных адзінак, на якіх ён здзяйсняецца. Ці можна канстатаваць наяўнасць пэўных тэндэнцый у гэтым сегменце эвалюцыйнага мыслення (пры ўсёй яго варыятыўнасці)?

Прыродазнаўчыя навукі маюць важнае значэнне ў кантэксце вывучэння самай галоўнай, самай важнай, самай цікавай праблемы – праблемы чалавека. Чалавечае быццё ў свеце не можа быць ахоплена розумам і адэкватна апісана без чыннага ўдзелу прыродазнаўчых навук, бо ўсе яго вымярэнні (касмічнае, біялагічнае, духоўнае[106]) шчыльна звязаныя паміж сабой і істотным чынам уплываюць адно на адно. Зрэшты, само прыродазнаўства з’яўляецца пэўнай формай дачынення чалавека да свету, пэўным кірункам яго духоўнага жыцця і таму шмат што можа сказаць пра яго і наблізіць да спасціжэння яго таямніцы.

Праблема ўзнікнення чалавека і грамадства (антрапасацыягенезу) была ўведзеная ў прыродазнаўчы кантэкст у Новы час біёлагамі-эвалюцыяністамі. Праўда, Ламарк і Дарвін мелі ў гэтым плане сваіх папярэднікаў – Анаксімандра, пра якога гаварылася вышэй, італьянскага філосафа-пантэіста Л.Ваніні [76, c.125]. Аргументаванае і абгрунтаванае пашырэнне эвалюцыйнага вучэння на разгляд антрапасацыягенезу выклікала каласальны рэзананс у грамадстве. Пасля выхаду ў свет дарвінаўскіх прац (і “Паходжання відаў”, хоць у ёй праблема ўзнікнення чалавека практычна не разглядаецца, і “Паходжання чалавека”) дадзеная тэма нікога не пакінула абыякавым. Нават брытанскі міністр фінансаў таго часу Б.Дызраэлі палічыў за неабходнае далучыцца да адпаведных дэбатаў. Ён публічна выказаў сваю пазіцыю, сутнасць якой была ў тым, што ў наяўнай сітуацыі, калі анёл і малпа прэтэндуюць на статус продка чалавека, ягоны выбар належыць анёлу [34, т.1, с.478]. Духоўны стан і настрой думак набожных людзей у згаданых абставінах з абсалютнай дакладнасцю перадала жонка зацятага змагара з эвалюцыйным вучэннем, біскупа Вільберфорса: “Паходзіць ад малпы! Будзем спадзявацца, даражэнькі, што гэта няпраўда. А калі гэта праўда, дык будзем маліцца, каб пра яе ніхто не даведаўся” [34, т.1, с.478].

Надзеі спадарыні Вільберфорс не было наканавана споўніцца. Антрапасацыягенез і надалей заставаўся прадметам інтэнсіўнага навуковага (у тым ліку і прыродазнаўчага) вывучэння, і вынікі адпаведных даследаванняў зусім не былі набыткам невялікага кола дасведчаных спецыялістаў. Найпершым важкім біялагічным аргументам Дарвіна і яго паплечнікаў (сярод якіх неабходна вылучыць Т.Хакслі (1825-1895)) было выяўленае параўнальнай анатоміяй і фізіялогіяй падабенства чалавека з іншымі відамі, што належаць да хрыбетных (найбольш яскравае, безумоўна, у выпадку прыматаў) [26, c.279].

Класічная біялогія не магла, аднак, спаслацца на выкапнёвыя знаходкі, якія ёсць у распараджэнні сучаснай навукі. Акрамя таго, сучасная навука пры разглядзе праблемы антрапасацыягенезу можа абаперціся на дасягненні генетыкі і малекулярнай біялогіі. Праведзеныя ў іх абсягу даследаванні выявілі істотнае падабенства малекулярных структур, уласцівых чалавеку і іншым жывым істотам. Паводле набору храмасом, напрыклад, чалавек надзвычай блізкі да шымпанзэ: у абодвух “яны вельмі падобныя па сваіх каляровых колцах, і толькі вялікая храмасома 2 чалавека не мае свайго эквівалента” ў гэтай малпы [76, c.126].

Той момант, аднак, што праблема антрапасацыягенезу з’яўляецца легітымным, паўнапраўным сегментам праблемнага поля прыродазнаўства (найперш біялогіі), ні ў якім разе не дазваляе надаваць ёй чыста прыродазнаўчы статус. Праз свой складаны, комплексны характар яна мусіць даследавацца рознымі навукамі, гэта сапраўды міждысцыплінарная праблема. Яе складанасць звязаная з комплексным, шматузроўневым характарам феномена антрапасацыягенезу. Акрамя таго, істотныя цяжкасці ў яго вывучэнні выклікае тая акалічнасць, што ўзнікненне чалавека і грамадства ўяўляе сабой унікальны працэс, які адбыўся ў далёкім мінулым. У сувязі з гэтым, з аднаго боку, робіцца праблематычным ужыванне пагрунтаваных на веданні законаў пэўных з’яў тлумачальных стратэгій, а з іншага,– увесь час адчуваецца недахоп эмпірычнага матэрыялу, што надае адпаведным тэарэтычным і гістарычным рэканструкцыям гіпатэтычны характар.

Складаны, шматаспектны характар антрапасацыягенезу можа быць адэкватна ахоплены толькі ў рамках цэласнай, комплекснай тэарэтычнай мадэлі, стварэнне якой павінна спалучацца з мадэляваннем яго паасобных узроўняў – біятычнага, псіхічнага, сацыяльнага [34, т.3, c.374]. Пры гэтым патрэбна ўлічваць, што на розных этапах узнікнення чалавека і грамадства згаданыя ўзроўні выступалі ў розных суадносінах і мелі розную ўдзельную вагу. У дадзеным мадэляванні, якое адбываецца ў шырокім міждысцыплінарным полі, важнае месца належыць, безумоўна, біялогіі – асабліва ў кантэксце даследавання першапачатковых этапаў працэсу вылучэння чалавека з жывёльнага свету.

Неабходна адзначыць, што інтэнсіўныя пошукі, якія здзяйсняюцца на гэтым – надзвычай дынамічным – даследчым кірунку, прыносяць свой плён і карціна антрапасацыягенезу ўвесь час узбагачаецца, дапаўняецца і ўдакладняецца. У самым агульным плане (калі тэрмін “антрапасацыягенез” бярэцца ў найбольш шырокім сэнсе) у згаданай карціне можна вылучыць тры глабальныя перыяды[107]. Першы з іх ахоплівае дачалавечую стадыю ўзнікнення чалавека і грамадства, другі мае пераходны характар, трэці можна ахарактарызаваць як антрапасацыягенез ва ўласным сэнсе (гэта пераход ад прымітыўных чалавечых формаў да чалавека і грамадства сучаснага тыпу).

Няма нічога дзіўнага ў тым, што храналагічныя рамкі гэтых перыядаў выклікаюць вострыя дыскусіі сярод навукоўцаў (дыскусійнымі з’яўляюцца шмат якія з прысвечаных антрапасацыягенезу пытанняў). Слушным падаецца той падыход, што звязвае дачалавечую стадыю са з’яўленнем і эвалюцыяй чалавекападобных малпаў (магчыма, каля 15 млн. гг. таму – каля 9 млн. таму). Пачаткам пераходнага перыяду можна лічыць набыццё гамінідамі здольнасці да прамахаджэння. (Варта адзначыць, што тэрмін “гамініды” па- рознаму вытлумачваецца ў навуковай літаратуры: часам у яго ўлучаюцца толькі чалавечыя істоты [35, c.803], часам людзі і чалавекападобныя малпы [34, т.4, с.596].) Прамахаджэнне было засвоена імі ў прамежак часу ад 9 да 6 млн. гг. таму. У выніку эвалюцыі найбольш ранніх іх відаў (сахельантрапаў, ардыпітэкаў – назвы, звязаныя з месцамі, дзе былі знойдзеныя іх рэшткі) паўсталі аўстралапітэкавыя (ад лац. australis – паўднёвы і старажытнагр. πίθηκοϛ – малпа).Завяршаецца пераходная ступень узнікненнем чалавека ўмелага (homo habilis), які ў сваёй дзейнасці выразна выяўляе ўжо чалавечыя рысы, па будове мозга, аднак, стаіць бліжэй да малпаў, чым да чалавека сучаснага тыпу [34, т.4, c.595]. Варта адзначыць разам з тым, што напрыканцы пераходнага перыяду (каля 1,5 млн. гг. таму) суіснавалі розныя віды пераходных формаў ад малпы да чалавека і першабытных людзей. Станаўленне чалавека ва ўласным сэнсе (гаворка ідзе пра трэці перыяд) адбываецца на аснове віду homo erectus (у перакладзе з лац. – чалавек выпрастаны), у якім чалавечы пачатак дамінуе і ў плане працоўнай дзейнасці, і з нейрафізіялагічнага пункту гледжання.

Згодна з меркаваннем шэрагу даследчыкаў homo erectus эвалюцыянаваў у Еўропе ў неандэртальца (названага так паводле цясніны, якая месціцца ў Германіі, дзе быў знойдзены чэрап прадстаўніка гэтага віду), у той час як на аснове афрыканскіх яго папуляцый развіўся чалавек сучаснага тыпу. (У прысвечанай дадзенай праблеме літаратуры назіраецца тэндэнцыя пазначаць неандэртальца як homo sapiens, а чалавека сучаснага тыпу як homo sapiens sapiens, хоць часам гэта выклікае адмоўную рэакцыю – сучасны французскі біёлаг Ж.М.Пельт, напрыклад, характарызуе наданне прадстаўнікам нашаму віду статусу двойчы разумных як нахабства [71, c.95].) Неабходна адзначыць, што гіпотэзе, згодна з якой сучасны чалавек паўстаў у Афрыцы (у перыяд ад 200 тыс. да 100 тыс. гг. таму), супрацьстаіць мультырэгіянальная гіпотэза, прыхільнікі якой сцвярджаюць, што яго ўзнікненне адбывалася паралельна ў некалькіх рэгіёнах. Аднак генетычныя даследаванні пацвярджаюць хутчэй Out-of-Africa-тэорыю [35, с.843]. Пэўны час чалавек сучаснага тыпу суіснаваў з іншымі відамі (палеаантраполагі знаходзяць у аддаленых рэгіёнах парэшткі прадстаўнікоў віду homo erectus, якія жылі прыкладна 50 тыс. гг. таму). Зямля была заваяваная, аднак, менавіта ім – чалавекам разумным (ці двойчы разумным), і ён застаўся апошнім жывым прадстаўніком роду homo [71, c.95].

Як ужо указвалася, у дачыненні да першапачатковых этапаў антрапасацыягенезу (як лічыць Ж.-М.Пельт [71, с.95], да ўзнікнення неандэртальца, а на думку сучаснага нямецкага філосафа-марксіста В.Янтцэна, да гома эрэктуса [34, т.3, с.373]) мы можам зыходзіць з дамінавання ў ім біялагічных фактараў. Агульнае іх бачанне вызначаецца пазіцыямі пэўнага даследчыка адносна эвалюцыйнага працэсу ў цэлым. У гэтым плане ў літаратуры прадстаўленыя разнастайныя погляды (найперш, аднак, падкрэсліваецца фундаментальная роля ў станаўленні чалавека селектыўных і мутацыйных эвалюцыйных механізмаў [35, c.806-807]). Тым не менш няшмат хто з даследчыкаў (пры ўсёй рознасці іх поглядаў) ставіць пад пытанне той факт, што вызначальнымі кірункамі ў біялагічным станаўленні чалавека былі ўзнікненне і дасканаленне прамахаджэння, развіццё рукі як воргана працоўнай дзейнасці і эвалюцыя мозга (так званая “гамінідная трыяда”) [1, с.88]. Што да прамахаджэння, дык яно было ўласціва ў поўнай ступені ўжо аўстралапітэкам (“аўстралапітэкі мелі добра збалансаваную артаградную паходку, і перасоўванне ў выпрамленым стане было для іх не менш звычайнай справай, чым для сучасных людзей” [1, с.89]). Цалкам развітую кісць (амаль ідэнтычную кісці сучаснага чалавека) меў неандэрталец [1, с.105]. Аб’ём яго мозга таксама быў блізкі да адпаведных характарыстык сучаснага чалавека (у неандэртальца ён складаў каля 1200 см3, у людзей, што прэтэндуюць на статус двойчы разумных, – каля 1400 см3 [51, c.46; 71, c.95-96]).

Варта адзначыць, што трансфармацыі, якія адбываліся на гэтых кірунках зусім не былі пазбаўленыя вострых праблем і драматычных калізій. Так, прамахаджэнне першапачаткова не было надта добрым набыткам для надзеленых ім, хутчэй за ўсё, праз выпадковую мутацыю прыматаў. Справа ў тым, што яны жылі ў трапічных лясах, а для жыцця ў падобных умовах яно было не надта карысным. Прамахаджэнне магло быць перавагай у саванах, але тыя былі непрыдатнымі для жыцця ў гэты час. Каля трох мільёнаў гадоў таму, аднак, праз кліматычныя метамарфозы – дзякуючы пацяпленню – саваны змяніліся, і згаданыя прыматы атрымалі ў іх арэал для свайго самаразвіцця, у якім у іх не было вельмі шмат канкурэнтаў [51, c.45].

Гэтаксама і высокаразвіты ў выніку ўсёй чалавечай эвалюцыі мозг мог зрабіцца прычынай трагедыі нашага ўжо пасталелага віду: надта аб’ёмны, ён зрабіўся перашкодай пры нараджэнні дзіцяці. Таму дзеці людзей народжваюцца да канчатковага фармавання эмбрыёну, яны народжваюцца абсалютна непрыстасаванымі да самастойнага жыцця і могуць выжыць толькі пры ўмове клопату бацькоў пра іх. Нягледзячы на мацярынскі клопат, шмат хто з малых не выжываў (толькі адзін індывід з трох дасягаў узросту палавой спеласці). Такім чынам, чалавек мог зрабіцца лёгкай здабычай натуральнага адбору. Гэты апошні, аднак, дзейнічаў не так хутка, і людзі змаглі скарыстацца з тых магчымасцяў, якія даў ім развіты мозг [51, c.47].

На працягу ўсяго працэсу антрапасацыягенезу разам з чалавекам узнікалі і набіралі моц сацыякультурныя аспекты яго жыцця. Яны рабіліся усё больш важнымі фактарамі ягонага станаўлення. Якія з іх мелі пры гэтым найбольшае значэнне, застаецца прадметам вострых дыскусій. Досыць няпросты характар мае і пытанне пра іх узаемадзеянне з біялагічнымі аспектамі антрапасацыягенезу. У канчатковым выніку яно ўзыходзіць да пытання пра ўзаемадачыненні біялагічнага і духоўнага ў чалавечай існасці ўвогуле.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 454; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.01 сек.