Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Усяго фашысцкімі катамі было забіта і замучана ў Беларусі больш за 2,2 млн. чалавек, амаль кожны чацвёрты яе жыхар. 2 страница




У сувязі з павелічэннем Узброеных Сіл СССР у 1941 г. ім дадаткова патрабавалася яшчэ 550 тыс. афіцэраў. Не генералаў і палкоўнікаў, а камандзіраў узводаў, рот і батальёнаў. На падрыхтоўку камандзіра стралковага ўзвода (лейтэнант) патрабавалася мінімум 3 гады (2 – у ваенным вучылішчы і хаця б 1 год у войсках). А каб мець камандзіра роты (капітана), патрэбна яшчэ 3 гады. У Чырвонай Арміі ніжэйшыя афіцэрскія пасады займалі людзі, якія не мелі ніякага вопыту службы. Справа ўскладнялася тым, што малодшых камандзіраў і малодшых афіцэраў рыхтавалі часта на кароткатэрміновых афіцэрскіх і сяржанцкіх курсах з людзей з вельмі нізкім узроўнем агульнай адукацыі і культуры. Армія расла колькасна, а не якасна. Дакладна вядома, што ад малодшых камандзіраў і афіцэраў у многім залежаў поспех аперацыі на кожным канкрэтным участку фронту.

6. Шостая прычына няўдач Чырвонай Арміі – велізарныя страты ў жывой сіле ўзбраеннях, і тэхніцы, панесеныя ўжо ў першыя тыдні і месяцы вайны. Усяго, па дадзеных вермахта, у палон трапіла 5,7 млн. савецкіх ваеннаслужачых, па дадзеных нашых архіўных служб, – каля 4 млн. чал. Акрамя таго, у першыя месяцы вайны былі страчаны шматлікія склады з баявой тэхнікай, боепрыпасамі, стралковай зброяй, вайсковым рыштункам, склады гаруча-змазачных матэрыялаў, што ствараліся паблізу тэатраў магчымых ваенных дзеянняў на тэрыторыі агрэсара, як таго патрабавала савецкая ваенная дактрына. Аднавіць страчанае ў кароткі тэрмін было немагчыма.

7. Роўна за тыдзень да пачатку вайны, 14 чэрвеня 1941 г. радыёвяшчанне і друк распаўсюдзілі паведамленне ТАСС аб тым, што «Германия также неуклонно соблюдает условия советско-германского пакта о ненападении, как и Советский Союз, ввиду чего, по мнению советских кругов, слухи о намерении Германии порвать пакт и предпринять нападение на СССР лишены всякой почвы». У той час як германская прэса з пачатку 1941 г. не скупілася на правакацыйныя матэрыялы супраць СССР, спасылаючыся на кнігу Гітлера «Майн Кампф», савецкія газеты і часопісы друкавалі матэрыялы, у якіх амаль адсутнічала інфармацыя аб германскім фашызме, аб яго «новым парадку» ў Еўропе. Фактычна ў СССР забаранялася антыфашысцкая прапаганда і нават выказванні на адрас Гітлера і Германіі. Такі тон савецкага друку, а таксама паведамленне ТАСС ад 14 чэрвеня 1941 г. аб’ектыўна прытуплялі ў савецкага народа пачуццё пільнасці і не садзейнічалі яго мабілізацыйнай гатоўнасці напярэдадні і ў пачатку вайны. Нападзенне фашысцкай Германіі аказалася нечаканым для савецкага народа і яго Узброеных Сіл.

8. У перадваенныя тыдні мелі месца факты, з якімі нельга было не лічыцца. Гэта частыя, адкрыта правакацыйныя пералёты нямецкімі самалётамі нашых граніц, перамяшчэнне на тэрыторыю СССР дыверсійных і разведвальных груп, масавае высяленне германскімі ўладамі палякаў з прыгранічных раёнаў, падвоз пантонных сродкаў да рэк, выгрузка боепрыпасаў на грунт, зняцце дротавых загарод. Такога роду факты заўсёды служаць сігналам аб тым, што да нападзення ворага застаюцца ўжо не тыдні, а дні і нават гадзіны. І тым не менш ні палітычным кіраўніцтвам краіны, ні ваенным кіраўніцтвам правільных рашэнняў не было прынята.

У гэтым суровая праўда трагічнай гісторыі пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Адказнасць за адступленне савецкіх войск, вялізныя людскія і матэрыяльныя страты нясуць найперш І. Сталін і яго бліжэйшае акружэнне, а таксама Наркамат абароны і Генеральны штаб Узброеных Сіл СССР, камандаванне Заходняй асобай ваеннай акругі (ЗахАВА), камандзіры палкоў, дывізій, карпусоў, злучэнняў. Але абвінавачванне было ўскладзена толькі на кіраўніцтва ЗахАВА і камандзіраў вайсковых фарміраванняў. Камандуючы войскамі акругі Д.Р. Паўлаў і некаторыя іншыя военачальнікі былі арыштаваны і расстраляны.

Тым не менш у ходзе абарончых баёў савецкіх войск летам 1941 г. стратэгічны план “маланкавай вайны” гітлераўскага камандавання быў сарваны. Нягледзячы на вялікія страты, вораг не змог знішчыць асноўны патэнцыял Чырвонай Арміі на шляху наступлення ўдарнай фашысцкай групоўкі армій “Цэнтр”. За час баёў у Беларусі савецкае камандаванне змагло сабраць і сканцэнтраваць рэзервы, умацаваць абарону на маскоўскім напрамку.

Ваенна-палітычнае і міжнароднае значэнне разгрому нямецка-фашысцкіх войск пад Масквой. 30 верасня 1941 г. пачалося першае “генеральнае” наступленне нямецка-фашысцкіх войск на Маскву. У раёне Вязьмы трапілі ў акружэнне 4 савецкія арміі, пад Бранскам – 3 савецкія арміі. Вораг наблізіўся да Масквы на адлегласць у 100 – 110 км. У канцы кастрычніка 1941 г. нямецка-фашысцкія войскі былі спынены на подступах да Масквы.

15 – 16 лістапада 1941 г. пачалося другое “генеральнае” наступленне нямецка-фашысцкіх войск на Маскву. Як і першае, яно закончылася няўдачай. Хоць вораг і падышоў да сталіцы на 25 – 30 км, але ўзяць яе не змог. Упершыню за ўсю вайну, выкарыстаўшы амаль усе свае рэзервы, вермахт сутыкнуўся з фактам свайго бяссілля перад праціўнікам і немагчымасцю прарваць абарону савецкіх войск.

5 – 6 снежня 1941 г. савецкія войскі перайшлі ў контрнаступленне і адкінулі ворага на захад на 350 – 400 км. Былі вызвалены цалкам Маскоўская і Тульская вобласці, шэраг раёнаў Калінінскай вобласці. Контрнаступленне савецкіх войск працягвалася да красавіка 1942 г. У лістападзе 1941 г. быў вызвалены Растоў‑на‑Доне. Разгром ударнай групоўкі праціўніка пад Ціхвінам (Ленінградская вобласць) сарваў планы Гітлера і Манергейма аб злучэнні нямецка-фашысцкіх і фінскіх войск для захопу Ленінграда.

Разгром нямецка-фашысцкіх войск пад Масквой і паспяховае наступленне Чырвонай Арміі зімой 1941 – 1942 гг. мелі ваенна-палітычнае і міжнароднае значэнне. Перамога Чырвонай Арміі завяршыла крах гітлераўскай стратэгіі маланкавай вайны (“бліцкрыга”) супраць СССР. Быў канчаткова развеяны міф аб “непераможнасці” гітлераўскай арміі, падарваны яе маральны дух і баяздольнасць. Перамога савецкіх войск пад Масквой натхніла народы свету на ўзмацненне вызваленчай барацьбы і партызанскага руху ў заняволеных германскім фашызмам і японскім мілітарызмам краінах Еўропы і Азіі, на актывізацыю Руху Супраціўлення. Перамога пад Масквой падзейнічала на ўрады Японіі і Турцыі, якія чакалі зручнага моманту для нападзення на СССР.

Значэнне бітвы пад Масквой заключаецца і ў тым, што яна вырашальным чынам падзейнічала на паскарэнне працэсу фарміравання антыгітлераўскай кааліцыі.

Ужо ў ліпені – жніўні 1941 г. урады ЗША і Англіі прынялі рашэнне “аказаць усё магчымае эканамічнае садзеянне з мэтай умацавання Савецкага Саюза ў яго барацьбе супраць узброенай агрэсіі”. На канферэнцыі трох краін – СССР, ЗША і Англіі ў Маскве 29 верасня – 1 кастрычніка 1941 г. абмяркоўваліся канкрэтныя пытанні аб дапамозе СССР з боку саюзнікаў і аб узаемных пастаўках. 26 мая 1942 г. Савецкім Саюзам быў падпісаны дагавор з Англіяй і 11 чэрвеня 1942 г. пагадненне з ЗША аб саюзе ў вайне супраць фашысцкай Германіі. Гэтымі дакументамі быў канчаткова аформлены саюз СССР, ЗША і Англіі ў вайне. Працэс утварэння антыгітлераўскай кааліцыі завяршыўся.

 

§ 3. План “Ост”. Фашысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі

План “Ост” – праграма каланізацыі і знішчэння народаў Савецкага Саюза. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы ўстанавілі рэжым крывавага тэрору, жудасных здзекаў і гвалту над насельніцтвам. Яны ўчынялі тут цяжкія злачынствы і зверствы. Гэта была палітыка генацыду – знішчэння груп насельніцтва па расавых, нацыянальных, палітычных і іншых матывах.

Ідэалагічнай асновай палітыкі акупантаў з’яўлялася тэорыя аб “расавай перавазе” нямецкай нацыі над іншымі народамі. Яна сцвярджала неабходнасць пашырэння “жыццёвай прасторы” для немцаў, іх “права” на сусветнае панаванне.

Згодна з планам “Ост”, распрацаваным напярэдадні нападзення на СССР, фашысты меркавалі 75 % беларусаў, рускіх і ўкраінцаў фізічна знішчыць ці прымусова выселіць. Астатніх 25 % жыхароў Беларусі, у жылах якіх, як лічылі фашысты, цячэ “нардычная кроў”, прадугледжвалася анямечыць і выкарыстаць у якасці рабочай сілы. Яўрэяў і цыганоў, якія таксама жылі ў Беларусі, чакала поўнае знішчэнне. Для рэалізацыі плана “Ост” у рэйху было створана асобнае міністэрства па пытаннях усходніх тэрыторый.

Фашысты знішчылі дзяржаўнасць беларускага народа і тэрытарыяльную цэласнасць рэспублікі. Тэрыторыя Беларусі была падзелена на 5 частак: 1) Тэрыторыя Віцебскай, Магілёўскай, амаль усёй Гомельскай, усходнія раёны Мінскай і некалькі раёнаў Палескай абласцей былі аднесены да вобласці армейскага тылу групы армій “Цэнтр”. Улада на гэтай тэрыторыі знаходзілася ў руках камандавання ваенных і паліцэйскіх органаў; 2) Паўднёвыя раёны Палескай, Пінскай і Брэсцкай абласцей з абласнымі цэнтрамі Мазыр, Пінск, Брэст былі далучаны да рэйхскамісарыята “Украіна”, мяжа якога праходзіла прыкладна за 20 км на поўнач ад чыгункі Брэст – Гомель; 3) Беластоцкую, паўночныя раёны Брэсцкай, частку раёнаў Баранавіцкай вобласці гітлераўцы ўключылі ў склад Усходняй Прусіі; 4) Паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці былі далучаны да Генеральнай акругі Літва; 5) Генеральная акруга Беларусь з цэнтрам у Мінску была ўключана ў склад рэйхскамісарыята “Остланд” з рэзідэнцыяй у Рызе.

Генеральная акруга Беларусь дзялілася на 10 акруг (гебітаў). Вышэйшым выканаўчым органам тут з’яўляўся Генеральны камісарыят Беларусі, які ўзначальваў Вільгельм Кубэ, а з верасня 1943 г. – Курт фон Готберг. Генеральнаму камісарыяту падпарадкоўваліся гебітскамісарыяты (акругі), штатскамісарыяты (гарады), артскамісарыяты (раёны).

Адміністрацыйны апарат складаўся ў асноўным з нямецкіх цывільных служачых. У якасці дапаможных мясцовых устаноў акупанты стваралі гарадскія і раённыя ўправы на чале з начальнікамі раёнаў або бургамістрамі гарадоў. У воласцях прызначаліся валасныя старшыні, а ў вёсках былі старасты. З людзей, якія перайшлі на бок немцаў, стваралася мясцовая беларуская паліцыя.

Узброенай апорай фашысцкага рэжыму ў Беларусі з’яўляліся акупацыйныя войскі вермахта – ахоўныя дывізіі, а таксама службы СД (служба бяспекі, галоўны орган разведкі і контрразведкі), СС (ахоўныя атрады, а таксама адборныя войскі), гестапа – паліцыя і інш. Усяго на тэрыторыі Беларусі гітлераўцы вымушаны былі трымаць ваенна-паліцэйскія сілы колькасцю да 160 тыс. чалавек.

Для падтрымкі акупацыйнага рэжыму былі створаны і накіраваны на тэрыторыю Беларусі ўкраінскія, літоўскія і латышскія паліцэйскія батальёны. Яны ахоўвалі камунікацыі, змагаліся з партызанамі, удзельнічалі ў масавым знішчэнні яўрэйскага насельніцтва, пры гэтым вызначаліся не меншай лютасцю ў адносінах да мясцовых жыхароў, чым гітлераўцы.

Тэрыторыя Беларусі пакрылася сеткай канцэнтрацыйных лагераў і турмаў. Людзей спальвалі, цкавалі сабакамі, закопвалі жывымі ў зямлю, атручвалі ў душагубках. Гітлераўцы стварылі тут больш як 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў. Самым буйным на часова акупіраванай тэрыторыі не толькі Беларусі, але і ўсяго СССР з’яўляўся Трасцянецкі лагер смерці каля Мінска, у якім было знішчана больш за 200 тыс. чалавек. Па колькасці знішчаных людзей Трасцянецкі лагер стаіць на чацвёртым месцы пасля Асвенціма, Майданака і Трэблінкі.

Адным з найбуйнейшых гарадскіх лагераў смерці было мінскае гета, створанае гітлераўцамі 19 ліпеня 1941 г. Гета было абнесена высокай агароджай з калючым дротам. Выходзіць з гета яўрэі маглі толькі на работу ці па спецыяльным дазволе. На спіне і грудзях яны павінны былі насіць жоўтыя знакі. За парушэнне правілаў пагражаў расстрэл. На насельніцтва гета фашысты накладвалі кантрыбуцыі, зборам якіх займаўся яўрэйскі камітэт і яўрэйская паліцыя. У гады акупацыі ў мінскім гета сістэматычна паўтараліся пагромы. У выніку тут было знішчана каля 100 тыс. чалавек. Усяго ў Беларусі існавала больш за 100 яўрэйскіх гета, у якія фашысты сагналі сотні тысяч яўрэяў – жыхароў Беларусі і іншых краін свету.

Фашысты правялі больш за 140 карных аперацый, у ходзе якіх спалілі каля 5,5 тыс. населеных пунктаў разам з усімі ці часткай жыхароў. У правядзенні карных аперацый прымалі ўдзел не толькі ахоўныя дывізіі і паліцэйскія сілы, але і кадравая армія, на ўзбраенні якой былі танкі, самалёты, артылерыя. У час гэтых аперацый цэлыя раёны былі ператвораны ў “зоны пустыні”.

22 сакавіка 1943 г. гітлераўскія карнікі спалілі жывымі ўсіх жыхароў вёскі Хатынь, што каля Лагойска. На месцы спаленай Хатыні ў 1969 г. быў адкрыты мемарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс для ўшанавання памяці ўсіх ахвяр фашысцкага генацыду ў Беларусі. Трагічны лёс Хатыні падзялілі 628 беларускіх вёсак, 186 з якіх не здолелі паўстаць з руін і попелу, паколькі былі знішчаны разам з іх жыхарамі.

Адной з праяў акупацыйнай палітыкі быў вываз насельніцтва на прымусовыя работы ў Германію. У рэйху такіх людзей называлі “усходнімі рабочымі” (“остарбайтэрамі”). Людзей прымусова вывозілі ў таварных вагонах, па некалькі дзён яны не атрымлівалі харчавання і вады. Захопам насельніцтва займаліся армейскія часці, жандармерыя, атрады СС і СД, паліцыя. Былі выпадкі, калі войскі вермахта і паліцыя акружалі вёскі і забіралі ўсё насельніцтва, пры аказанні супраціўлення расстрэльвалі.

Нават дзяцей фашысты прымушалі выконваць непасільную фізічную працу, марылі голадам, змяшчалі ў канцэнтрацыйныя лагеры, вывозілі на катаржныя работы ў Германію, у іх бралі кроў для гітлераўскіх салдат. За час акупацыі гітлераўцы насільна вывезлі з Беларусі на катаржныя работы ў Германію больш чым 380 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 24 тыс. дзяцей. Вярнулася дамоў пасля вайны толькі 160 тыс. чалавек.

Беларускі калабарацыянізм. Няўдачы вермахта на савецка-германскім фронце, нарастаючая барацьба ў тыле акупантаў вымушалі германскія ўлады шукаць падтрымкі сярод мясцовага насельніцтва. Асобы, якія супрацоўнічалі з фашыстамі ў акупіраваных краінах у гады Другой сусветнай вайны, у гістарыяграфіі атрымалі назву калабарацыяністаў. Не была выключэннем і Беларусь. Акупанты стваралі розныя структуры цывільнай улады і вайскова-паліцэйскія фарміраванні, прыцягваючы ў іх пэўныя колы жыхароў.

У кастрычніку 1941 г. была створана так званая Беларуская народная самапомач (БНС). На чале яе стаў кіраўнік пражскага філіяла Беларускага камітэта самапомачы І. Ермачэнка. В. Кубэ зацвердзіў склад кіраўніцтва БНС, а таксама праграму яе дзейнасці. Галоўнай мэтай БНС было: «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край». Пры кіраўніцтве БНС быў створаны Цэнтральны савет (Цэнтраль), у склад якога ўваходзілі 10 чал. Членаў савета прызначаў і звальняў В. Кубэ.

Акупацыйныя ўлады цвёрда трымалі ў сваіх руках кантроль над БНС, не дазваляючы арганізацыі хаця б якой-небудзь самастойнасці. Яе кіраўнікі, аднак, марылі пераўтварыць арганізацыю ў орган беларускага дзяржаўнага кіравання. З гэтай мэтай яны настойвалі на стварэнні беларускіх узброеных ваенных атрадаў для барацьбы з партызанамі і на фронце, арганізацыі пры акупацыйных органах аддзелаў з ліку беларусаў і г. д. Аднак нямецкая палітыка не прадугледжвала стварэння на акупіраваных тэрыторыях якіх-небудзь нацыянальных дзяржаўных мясцовых структур.

І ўсё ж, ідучы насустрач патрабаванням калабарантаў, В. Кубэ 29 чэрвеня 1942 г. надаў Ермачэнку званне дарадчыка і мужа даверу беларускага народа. Адначасова ён дазволіў стварыць галоўную раду БНС у складзе 12 чал. Пры ёй утвараліся 13 ведамасных аддзелаў: адміністрацыйны, палітычны, вайсковы, школьны, аховы здароўя і інш. з адпаведнымі падраздзяленнямі ў акругах. Фактычна быў створаны апарат, які мог у адпаведны час пераняць з нямецкіх рук кіраўніцтва краем.

Асаблівая ўвага надавалася корпусу Беларускай самааховы (БСА). Планавалася стварыць у кожным раёне адзінкі БСА ад роты да батальёна. Камандуючым БСА быў прызначаны І. Ермачэнка. Ён і створаны ім штаб распачалі кіпучую дзейнасць па стварэнні БСА, паколькі бачылі ў ёй правобраз будучага беларускага войска. Былі арганізаваны курсы па перападрыхтоўцы афіцэраў-беларусаў, праводзілася актыўная прапагандысцкая кампанія ў акругах. З беларусаў добраахвотна ў БСА амаль ніхто не пайшоў. Камплектавалася яна шляхам прымусу, аблаў. Справай БСА зацікавілася разведка партызан і польскай Арміі Краёвай, якія рабілі ўсё магчымае, каб сарваць гэтае мерапрыемства. Створаныя ў хуткім часе, фарміраванні БСА падвяргаліся ўзмоцненай ідэалагічнай апрацоўцы і ваеннаму ўздзеянню з боку партызан. Да таго ж немцы не спяшаліся ўзбройваць гэтыя фарміраванні, у выніку яны лёгка разганяліся партызанамі. Восенню 1942 г. цікавасць акупантаў да гэтага мерапрыемства стала слабець. Замест БСА яны вырашылі ствараць беларускія паліцэйскія батальёны на чале са сваімі прадстаўнікамі. Вясной 1943 г. гітлераўцы адмовіліся ад беларускай самааховы.

27 чэрвеня 1943 г. было аб’яўлена аб стварэнні з прадстаўнікоў беларускай грамадскасці дарадчага органа – Беларускага даверанага бюро ці «Рады даверу». У склад бюро (Рады) ўвайшлі па адным прадстаўніку з акруг, якія вызначаліся акруговымі камісарамі, а таксама шэсць чалавек ад цэнтра. На працягу 1943 г. «Рада даверу» збіралася 2 разы (23 і 28 жніўня 1943 г.). Асноўным пытаннем, якое абмяркоўвалася на паседжаннях, было пытанне аб формах і метадах барацьбы з партызанамі. Члены рады выказалі свае меркаванні і параілі акупантам узмацніць агентурную разведку ўнутры партызанскіх злучэнняў, стварыць таксама лжэпартызанскія атрады. Такім спосабам «Рада даверу» выконвала ролю «народнага прадстаўніцтва».

21 верасня 1943 г. у Мінску падпольшчыкамі быў знішчаны В. Кубэ. Яго пераемнікам на пасадзе генеральнага камісара стаў генерал-лейтэнант паліцыі і групенфюрэр СС фон Готберг, які пачаў інтэнсіўна шукаць сродкі для барацьбы з антыгерманскім рухам. У верасні – лістападзе 1943 г. акупацыйныя ўлады, прымяняючы метад прымусовых мабілізацый, распачалі фарміраванне беларускіх паліцэйскіх батальёнаў. Да канца 1943 г. былі сфарміраваны тры такія батальёны.

Акрамя прымусовых мабілізацый акупантамі ствараліся т. зв. абарончыя вёскі. Туды пазней пасяліліся і сем’і паліцэйскіх, эвакуіраваных жыхароў усходніх абласцей СССР, у тым ліку казакоў, што служылі ў германскай арміі. Узброеныя жыхары гэтых паселішч павінны былі супрацьстаяць партызанам і падпольшчыкам. Больш шырокія памеры гэта акцыя мела на тэрыторыі заходніх раёнаў Беларусі. Аднак на Беларусі паўсюдна не існавала неабходных умоў для ажыццяўлення гэтай задумы. Часам мясцовыя жыхары вёсак разбягаліся, як толькі заўважалі нямецкія войскі, якім было даручана стварыць «абарончую вёску».

У 1943 г. пад уплывам перамог Чырвонай Арміі, прапагандысцкай дзейнасці партызан і падпольшчыкаў актывізаваўся пераход на бок партызан ваеннаслужачых са створаных акупантамі розных вайсковых дапаможных фарміраванняў і паліцыі. У лютым 1943 г. да віцебскіх партызан перайшла большая частка байцоў 825‑га волжска-татарскага батальёна, легіёна «Ідэль – Урал», які быў створаны з ліку ваеннапалонных татар, башкіраў і іншых прадстаўнікоў народаў Паволжа. 16 жніўня 1943 г. на бок партызан перайшла т. зв. 1-я руская нацыянальная брыгада СС палкоўніка У.У. Гіль-Радзіёнава, агульнай колькасцю каля 2 тыс. чал. Свой пераход байцы 1-й Антыфашысцкай брыгады (так яна пачала называцца) адзначылі разгромам нямецка-фашысцкіх гарнізонаў у Докшыцах і Круляўшчызне.

Актыўную работу калабаранты праводзілі сярод моладзі Беларусі. 22 чэрвеня 1943 г. В. Кубэ аб’явіў аб дазволе стварыць антысавецкую арганізацыю моладзі па тыпу гітлерюгенда, якая атрымала назву «Саюза беларускай моладзі» (СБМ). Уступіць у яго мог любы беларус ад 10 да 20 гадоў, які даваў пісьмовыя доказы аб арыйскім паходжанні і жаданні служыць фашызму. Мэтай СБМ было аб’яднанне беларускай моладзі, выхаванне ў ёй нацыянальнай свядомасці, гатоўнасці змагацца за Беларусь, якая будзе «адноўлена» з дапамогай Германіі.

Шэфам-кіраўніком штаба СБМ быў прызначаны М. Ганько, беларус, адукацыя незакончаная вышэйшая, настаўнік. У 1941 г. ён добраахвотна здаўся ў палон немцам. Пасля заканчэння школы прапагандыстаў працаваў у генеральным камісарыяце Беларусі. Тройчы ўзнагароджаны нямецкімі медалямі. Намеснікам Ганько была прызначана Н. Абрамава, беларуска, урач. Працавала ў аддзеле аховы здароўя Генеральнага камісарыята Беларусі. Двойчы ўзнагароджвалася нямецкімі медалямі.

У чэрвені 1943 г. былі адкрыты школы па падрыхтоўцы кіруючых кадраў СБМ у Мінску, Альберціне, Драздах, а з лютага 1944 г. – у Фларыянаве. У Мінску, пры галоўным штабе, рыхтаваліся вышэйшыя кіраўнікі СБМ. За час дзейнасці школ СБМ было падрыхтавана звыш 1300 кіраўнікоў саюза. Гэта дазволіла стварыць даволі шырокую сетку арганізацый, якія аб’ядноўвалі каля 12,5 тыс. юнакоў і дзяўчат.

Такой ідэалагічнай апрацоўцы, як моладзь, не падвяргалася ніводная з катэгорый насельніцтва Беларусі. СБМ арганізоўваў т. зв. «выхаваўчыя размовы». Вось вытрымка з вучэбнага плана школ СБМ за 1943 г.:

«1. Малодшае юнацтва: А. Гітлер – наш вызваліцель. Жыды і бальшавікі – нашы смяротныя ворагі.

2. Юнакі: Жыда-камуністы – найбольшыя ворагі беларускага народа. Інтарэс асабісты і інтарэс грамадскі. А. Гітлер – вялікі правадыр Германіі, сябра беларускага народа.

3. Старэйшыя юнакі: Арыйскі дух на службе бацькаўшчыне.»

СБМаўцы даглядалі магілы «нямецкіх герояў», удзельнічалі ў пахаваннях В. Кубэ, В. Іваноўскага, святкавалі 55-годдзе А. Гітлера.

З канца 1943 г. у СБМ пачалася актыўная вярбоўка ў дапаможныя вайсковыя фарміраванні і атрады СС. М. Ганько выдаў сакрэтны загад аб мабілізацыі ў роту СС юнакоў 1920 – 1927 г. нараджэння. Акруговыя кіраўнікі абавязваліся да 10 студзеня 1944 г. закончыць падбор кандыдатаў. Пачынаючы з вясны 1944 г., акупанты і іх памагатыя вымушаны былі разгарнуць адкрытую добраахвотна-прымусовую вярбоўку 15 – 20-гадовых юнакоў у ваенна-дапаможныя фарміраванні Германіі. Радыё, газеты, шматлікія каляровыя лістоўкі заклікалі моладзь вербавацца на службу ў германскую армію.

Вясной 1944 г. германскія вайсковыя ўлады дазволілі стварыць Саюз рускай моладзі, Саюз барацьбы супраць бальшавізму, Саюз татарскай моладзі. Рабілася ўсё магчымае, каб уцягнуць моладзь у сферу германскіх інтарэсаў.

У снежні 1943 г. акупацыйныя ўлады абвясцілі аб стварэнні Беларускай цэнтральнай рады (БЦР). Гэта была толькі бачнасць беларускага нацыянальнага ўрада. Захопнікі разглядалі яе як сродак мабілізацыі сіл беларускага народа для барацьбы супраць партызан, больш поўнага выкарыстання эканомікі Беларусі ў сваіх інтарэсах. Беларускія калабарацыянісцкія сілы разлічвалі выкарыстаць існуючую сітуацыю для ажыццяўлення сваёй даўняй мары – стварэння беларускай дзяржаўнасці пад германскім пратэктаратам. У склад БЦР уваходзіла 14 чалавек. Прэзідэнтам БЦР стаў Р. Астроўскі, былы слуцкі памешчык. Падчас вучобы ў Пецярбургскім універсітэце зрабіў данос на свайго земляка-студэнта. Па гэтай прычыне вымушаны быў пакінуць універсітэт. У гады грамадзянскай вайны – дзянікінскі афіцэр. З 1922 г. – тайны агент польскай дыфензівы ў Вільні. За 200 тыс. злотых у 1925 г. выдаў палякам членаў Беларускай сялянска-рабочай грамады, куды ён уступіў па заданні польскай контрразведкі. За атрыманыя грошы купіў маёнтак на Віленшчыне. З гэтага часу ён пачаў супрацоўнічаць з нямецкай разведкай. У 1941 г. з мабільнымі групамі СС вярнуўся на Беларусь. Быў бургамістрам Арла, Бранска, Смаленска, Магілёва. Усюды Р. Астроўскі вербаваў памагатых, кіраваў знішчэннем яўрэяў.

Пры БЦР былі створаны 13 аддзелаў: фінансавы, культуры, сельскай і лясной гаспадаркі, прафесійных спраў, рэлігіі і судовых спраў, вайсковы і інш. Гэта акцыя ўяўляла з сябе вымушаны, хоць і добра прадуманы крок, які быў спланаваны ў нетрах берлінскіх спецслужбаў яшчэ ў канцы 1942 г. Між тым гітлераўцы не спяшаліся дзяліць уладу. Фармальна акупанты перадавалі БЦР толькі кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сацыяльнай апекай і вайсковымі пытаннямі. Аднак на месцах адпаведныя адзелы і надалей заставаліся пад кантролем германскіх акруговых камісараў.

Асабліва актыўную дзейнасць лідэры БЦР разгарнулі па стварэнні Беларускай краёвай абароны (БКА), паколькі бачылі ў ёй будучае нацыянальнае беларускае войска. На чале БКА быў пастаўлены маёр войскаў СС Ф. Кушаль. Калабарацыяністы дамагліся ад немцаў дазволу на правядзенне прымусовай мабілізацыі, якая пачалася ў сакавіку 1944 г., ёй падлягалі ўсе мужчыны 1908 – 1924 г. нараджэння. За няяўку на зборны пункт у вызначаны тэрмін пагражала смяротная кара. Між тым мабілізацыя ў БКА была шырока выкарыстана для набору рабочай сілы ў Германію, фізічнай расправы з мірным насельніцтвам. Да канца сакавіка 1944 г. удалося гвалтоўна мабілізаваць прыкладна 24 – 25 тыс. чал.

Пад уплывам агітацыі патрыётаў адбывалася масавае дэзерцірства з БКА і пераход яе членаў са зброяй у руках да партызан. У час вызвалення Беларусі частка актыўных байцоў БКА, якія падзялялі палітыку захопнікаў, адступіла разам з немцамі на тэрыторыю Германіі.

27 чэрвеня 1944 г., калі Чырвоная Армія ўжо падыходзіла да Мінска, у гарадскім тэатры было праведзена апошняе афіцыйнае мерапрыемства БЦР – сход бургамістраў, начальнікаў паліцыі, членаў БЦР і іншых «дэлегатаў» беларускага народа, якія назвалі сябе ІІ Усебеларускім кангрэсам. Кангрэс абвясціў сябе «паўнапраўным і найвышэйшым прадстаўніком беларускага народа». Ён выказаў непрызнанне БССР як формы беларускай дзяржаўнасці, аб’явіў неправамоцнымі ўсе польска-савецкія пагадненні, што датычыліся Беларусі. Р. Астроўскі быў абраны прэзідэнтам БЦР. Не закончыўшы работы, кангрэсмены збеглі ў Кенігсберг, а затым у Берлін. Там іх цёпла сустракалі. Усім членам БЦР, як і членам нацысцкай партыі, далі кватэры ў цэнтры горада, выдавалі спецкарткі на харчаванне. З дазволу гітлераўцаў яны праводзілі антысавецкую работу сярод беларускай эміграцыі, а таксама гвалтоўна вывезеных на працу ў Германію беларусаў з мэтай стварэння беларускай арміі. Амаль усе яны пасля вайны апынуліся ў ЗША.

Такім чынам, акупацыйныя ўлады стварылі шэраг арганізацый беларускіх калабарацыяністаў, каб забяспечыць сабе апору сярод мясцовага насельніцтва.

У склад беларускіх калабарацыяністаў уваходзілі людзі, якія знаходзіліся ў апазіцыі да Савецкай улады і свядома пайшлі на службу фашыстам. З другога боку, сярод калабарацыяністаў былі і тыя, хто па волі лёсу, часцей за ўсё з-за гвалту і запалохвання, пайшлі на службу фашыстам.

Аднак калабарацыянізм на Беларусі не дапамог умацаванню пазіцый нямецкіх акупацыйных улад. Утапічнай была ідэя супрацоўніцтва з акупантамі дзеля рэалізацыі нацыянальных задач. Беларускія нацыяналісты былі ў поўнай залежнасці ад фашыстаў.

 

§ 4. Партызанская і падпольная барацьба супраць германскіх агрэсараў на захопленай тэрыторыі Беларусі

Партызанскі рух. Барацьба беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў ажыццяўлялася як: а) узброеныя дзеянні партызан; б) дзейнасць падпольных груп і агранізацый; в) масавы зрыў насельніцтвам, якое не ўваходзіла ў склад партызанскіх фарміраванняў і падпольных арганізацый, эканамічных, палітычных і ваенных планаў акупантаў.

Арганізатарам барацьбы беларускага народа супраць акупантаў была Камуністычная партыя. Для нелегальнай работы ў Беларусі летам 1941 г. было пакінута каля 9 тыс. камуністаў і больш за 5 тыс. камсамольцаў. У час акупацыі ў рэспубліцы дзейнічалі 203 падпольныя партыйныя органы (райкомы, гаркомы і абкомы) Сакратары абкомаў КП(б)Б узначальвалі партызанскія злучэнні.

У ліку першых партызанскіх атрадаў, што ўзніклі самастойна ў самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны, былі Пінскі атрад пад камандаваннем В.З. Каржа (узнік на 5-ы дзень вайны), атрад “Чырвоны Кастрычнік” пад камандаваннем Ц.П. Бумажкова і Ф.І. Паўлоўскага, атрад пад камандаваннем М.П. Шмырова (Бацькі Міная).

На аснове былых знішчальных батальёнаў, якія ствараліся з мясцовага насельніцтва для барацьбы з нямецкімі дысантнікамі і дыверсантамі, сфарміраваліся партызанскія атрады ў Парыцкім, Лельчыцкім, Ельскім, Лоеўскім, Рагачоўскім і іншых раёнах Беларусі. За ліпень – верасень 1941 г. у цэнтралізаваным парадку ў Беларусі было сфарміравана звыш 430 партызанскіх атрадаў і груп, у якіх налічвалася больш за 8 тыс. чалавек. У склад першых атрадаў і груп уваходзілі камуністы і камсамольцы, савецкія і гаспадарчыя кіраўнікі, актывісты, беларускія патрыёты, а таксама вайскоўцы, што трапілі ў акружэнне ці вырваліся з варожага палону.

Частка створаных летам – восенню 1941 г. атрадаў і груп была разгромлена. Некаторыя атрады самараспусціліся. Іншыя, выканаўшы заданні, выйшлі ў савецкі тыл ці перайшлі на паўлегальнае становішча. Аднак каля 200 атрадаў і груп нават у вельмі цяжкіх, неспрыяльных умовах працягвалі барацьбу з ворагам.

У 1942 г. пачаўся новы ўздым партызанскай барацьбы. Разгром немцаў пад Масквой узняў маральны настрой патрыётаў. Расла колькасць атрадаў і груп, якія аб’ядноўваліся ў брыгады. Значна палепшылася ўзбраенне “лясных байцоў”. Удасканальвалася структура партызанскіх сіл, якая ўсё больш набліжалася да вайсковай. Брыгады ў асноўным складаліся з атрадаў, якія ў сваю чаргу дзяліліся на ўзводы, аддзяленні. Узрастала майстэрства камандных кадраў і штабоў усіх узроўняў, умацоўваліся сувязі з мясцовым насельніцтвам.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-26; Просмотров: 516; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.013 сек.