Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Княствы ў беларускім панямонні




 

 

У пачатку XII ст. Глеб Усяслававіч у сваёй палітыцы пашырэння тэрыторыі Менскага княства на заходнім накірунку, верагодна, падначаліў землі верхняга Панямоння. Аднак у выніку карнага паходу Манамаха 1116 г. страціў тут свае пазіцыі. З гэтай стратай Менск не мог змірыцца. У тацішчаўскіх звестках, паводле якіх у 1119 г. Глеб разам з палачанамі "паки начал воевать области Владимировых детей, Новгородскую и Смоленскую", бачыцца ўказанне на спробу менскага князя вярнуць нёманскія землі, у прыватнасці, Наваградскую, якая належала камусьці з "дзяцей Уладзіміравых". На жаль, крыніцы не паведамляюць пра вынікі гэтага паходу.

На параўнальна невялікай тэрыторыі старажытнай Гродзеншчыны ў XII ст. было шмат гарадоў: Наваградак, Гарадзен (Гародня), Ваўкавыск, Услонім, Свіслач, Турыйск. Хоць летапіс іх упершыню называе толькі ў XII–XIII стст., але, паводле даных археалогіі, яны ўзніклі значна раней – у X–XI стст.

На пачатку XII – пачатку ХV ст. у басейне сярэдняга Нёмана існавала Гарадзенскае княства з цэнтрам-крэпасцю Гарадзен. Яно, згодна канцэпцыі, у ХІІ ст. знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Кіева, а ў адпаведнасці з другой – не падпарадкоўвалася адміністрацыі Кіева, а выступала з ім у сумесных паходах раўнапраўным ваенным саюзнікам. Гарадзен, як лічылася раней, адыгрываў ролю сталіцы ў гэтай зямлі. М. Ермаловіч выказваў альтэрнатыўную думку, што галоўным горадам у XII–XIII стст. тут быў Наваградак, яго князь меў значэнне вялікага князя для гэтага рэгіёна. Выгаднае геаграфічнае становішча (выхад у Балтыйскае мора па Нёмане, прытокі якога звязвалі з басейнамі Заходняй Дзвіны, Прыпяці, Дняпра) спрыяла хуткаму эканамічнаму і культурнаму развіццю княства.

Пытанне аб стварэнні Гарадзенскага княства, яго гісторыі і месцы ў сістэме іншых усходнеславянскіх дзяржаўных утварэнняў яшчэ недастаткова даследавана. Скупыя радкі летапісаў паведамляюць толькі асобныя факты дзейнасці князёў гарадзенскай дынастыі – нашчадкаў малодшага сына Яраслава Мудрага Ігара Яраславіча, звязаных пераважна з Валынню.

Першая згадка пра гарадзенскага князя адносіцца да 1116 г .: "Том же лете Володимер (Манамах) отда дщерь свою Огафью за Всеволодка". Усеваладка – гэта праўнук Яраслава Мудрага, унук Ігара Яраславіча, сын валынскага князя Давыда Ігаравіча. У дадзеным летапісным паведамленні няма ўказання, што гэта князь гарадзенскі. Аднак праз дванаццаць гадоў, у 1128 г. " Всеволодка из Городна " ўдзельнічае ў паходзе на Полацк, у 1132 г. – на Літву.

Як апынуўся Усеваладка на зямлі прынёманскай, тады як яго бацька і дзед валодалі Валынню, а дзед нават да канца жыцця быў на чале Смаленска – гэта яшчэ не высветлена. Відаць, ён атрымаў яе ад вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха ў якасці пасага Агаф’і: інтарэсы дзяржавы, якая распадалася, патрабавалі ўзмацнення паўночна-заходніх рубяжоў. Гэты шлюб – сведчанне значнай ролі Гарадзенскага княства ва Усходняй Еўропе.

Княства да сярэдзіны ХІІІ ст. праводзіла яўную пракіеўскую палітыку. Усеваладка і яго нашчадкі прынялі актыўны ўдзел ва ўзмацненні вялікакняжацкай улады. "Знешняя палітыка" Гарадзенскга княства была зарыентавана тады на Кіеў.

У 1128 г. вялікі кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч арганізоўвае паход на Полацкую зямлю. Адну са стратэгічных аперацый у гэтым паходзе выконваў Усеваладка Давыдавіч. У летапісным паведамленні пра гэты паход гарадзенскія сілы названы на трэцім месцы пасля Тураўскага і Валынскага княстваў. Значыць, Гарадзенскае княства было значнай вайскова-палітычнай адзінкай уўйзінкуа-палітычную Нёмане, яго сістэме іншых усходнеславянскіх дзяржаў. Відавочна, што Гарадзен – стольны горад Усеваладкі. Аднак крыніцы маўчаць аб часе яго заснавання.

У 1132 г. гарадзенская дружына ўдзельнічала ў вялікім паходзе на Літву, арганізаваным тым жа Мсціславам: "Ходи Мьстислав на Литву с сыньми своими и с Олговичи и с Всеволодом Городеньским и пожгоша я, а сами ся расхорониша, а киян тогда много побиша Литва, не втягли бо бяху с князем, но последи идяху по нем особе". Як у паходзе на Полацк, гарадзенскі князь таксама выступае ў ролі саюзніка Кіева. Супраць каго быў накіраваны паход 1132 г., летапіс не паведамляе. Магчыма, гэта была спроба адсунуць межы Русі на поўнач ад Гародні, у такім выпадку маршрут пралягаў ў бок ракі Віліі.

Пасля паведамлення пра смерць Усевалада Гарадзенскага ў 1141 г. наступныя звесткі летапісу расказваюць пра актыўны ўдзел яго сыноў Барыса, Глеба і Мсціслава ў шматлікіх вайсковых мерапрыемствах Кіева, у барацьбе розных прэтэндэнтаў за вялікакняжацкі стол. У 1141 г. Барыс і Глеб удзельнічаюць у беспаспяховым паходзе кіеўскага князя Усевалада Ольгавіча на Галіч. Гэты ж князь наладжвае шлюбы дачок нябожчыка Усеваладкі: адну аддае за чарнігаўскага князя Уладзіміра Давыдавіча, другую – за тураўскага князя Юрыя Яраславіча. Гэтыя шлюбы, відаць, мелі палітычную мэту – умацаваць сувязі Гародні, больш цесна звязаць інтарэсы гродзенскай дынастыі з іншымі рускімі княствамі.

Гарадзенскія Усеваладкавічы і пазней пастаянна знаходзяцца ў фарватары палітыкі вялікіх кіеўскіх князёў. У 1150–1151 гг. Барыс са сваім атрадам прымаў удзел у барацьбе Ізяслава Мсціслававіча за вялікакняжацкі пасад. Гарадзенская дружына ўдзельнічала ў аблозе Кіева, а пасля ўзяцця горада праследавала палкі аднаго з галоўных прэтэндэнтаў на трон – растова-суздальскага князя Юрыя Даўгарукага. Пры бліжэйшым пераемніку Ізяслава Расціславе Гародня трымалася ў сферы палітычнай актыўнасці кіеўскага князя. У 1167 г. на загад Расціслава палкі з многіх земляў сабраліся ля Канева, каб засцерагчы ад небяспекі палавецкіх нападаў купецкія караваны на Грэчаскім і Залозным шляхах.

Пасля смерці Расціслава вялікакняжацкі кіеўскі стол заняў Мсціслаў Ізяславіч. Мяркуючы па паведамленнях Іпацьеўскага летапісу, у яго былі блізкія адносіны з Усеваладкавічамі, якія аказвалі яму дапамогу ў барацьбе за Кіеў. У паходзе, арганізаваным гэтым князем у 1170 г. на полаўцаў, удзельнічаў малодшы з гарадзенскіх Усеваладкавічаў – Мсціслаў.

Відаць, пад уплывам зменлівых абставін гарадзенская дружына прыняла ўдзел у паходзе Андрэя Багалюбскага на Кіеў, накіраваным супраць Мсціслава Ізяславіча. Горад захапілі і разрабавалі. Мсціслаў вымушаны быў пакінуць трон, хаця барацьбу за яго не спыніў, і вярнуўся на Валынь. У 1174 г. гарадзенскія ўзброеныя сілы ўдзельнічалі ў новым паходзе Андрэя Багалюбскага на Кіеў. Хто з мясцовых князёў хадзіў у Падняпроўе, летапіс не паведамляе. Гарадзенскія князі, таксама як полацкія, тураўскія, пінскія, названы ў множным ліку. Хутчэй за ўсё, гэта быў Мсціслаў Усеваладкавіч. Старэйшыя браты да гэтага часу ўжо, напэўна, не жылі.

Са скупых летапісных радкоў мы не можам даведацца, ці сядзелі ўсе нашчадкі Усеваладкі ў Гародні, утвараючы свайго роду трыумвірат, ці мелі свае ўласныя гарадкі і ўдзелы. Можна дапусціць, што пасля 1169 г., калі Барыс і Глеб знікаюць са старонак летапісаў і выступае адзін Мсціслаў, старэйшых братоў ўжоне было сярод жывых. Магчыма і іншае: малодшы Мсціслаў быў яшчэ пры жыцці аднаго ці абодвух братоў кіраўніком знешнепалітычных акцый княства і ўзначальваў далёкія паходы, звязаныя з барацьбой за Кіеў.

У 1184 г. Мсціслаў хадзіў на полаўцаў разам з вялікім князем Святаславам Усеваладавічам. У гэтым і іншых паходах аб’яднаных дружын на полаўцаў гарадзенскія палкі разам з валынскімі, галіцкімі, пераяслаўскімі, чарнігаўскімі і пінскімі, абараняючы паўднёвыя межы Русі, адстойвалі агульныя ўсходнеславянскія інтарэсы.

Па меркаванню А. В. Салаўёва, Мсціслава "городеньского" мае на ўвазе "Слова пра паход Ігаравы". Тут ён названы побач з валынскім князем Раманам Мсціславічам, які шмат і паспяхова ваяваў з яцвягамі і літвой. Абодва князі выступаюць у "Слове" выразнікамі агульнарускіх інтарэсаў. Апошні водгук жыцця Гарадзеншчыны ў XII ст., магчыма, знайшоў адлюстраванне таксама ў "Слове". Смуткам адгукнулася ў тутэйшых краях пагібель нашчадка славутага Усяслава, полацкага і гарадзенскага князя Ізяслава Васількавіча, які быў "литовскими мечами прибит". "Унылы голоси, пониче веселье, трубы трубят городеньскии", – пісаў невядомы аўтар у канцы XII ст. На думку А. В. Салаўёва і М. М. Вароніна, сумненні, якія выказваюцца наконт лакалізацыі ўсяго, што звязана з тэрмінам "городеньски" (князь, дружына і г. д.) на тэрыторыі беларускага Панямоння, не маюць пад сабой падстаў.

Украінскі літаратар Я. А. Паўленка выказаў нядаўна новую версію аўтарства і месцазнаходжання "Слова". На яго думку, славуты помнік старажытнай усходнеславянскай літаратуры з’яўляецца ні чым іншым, як пісьмом… гарадзенскага князя Ізяслава Васількавіча. З Галіча гэты князь піша сваім братам Брачыславу і Усеваладу ў Гародню: "Не лучше ли нам будет, братья…". У гэтым пісьме аўтар расказвае аб сваёй бітве і паражэнні ад літвы: "…сам под бранными щитами на кровавой траве прибит литовскими мечами". У гэтым пісьме Ізяслаў Васількавіч задаецца пытаннем, што прывяло да такога плачэўнага стану і княства Полацкае, і ўсю Русь? Толькі пра сваю бітву з літвой гарадзенскі князь гаворыць у трэцяй асобе (такая форма апавядання добра вядома ў літаратурных творах). Сутыкнуўшыся з грозным ворагам – літвой, Ізяслаў Васількавіч на час напісання "Слова" вымушаны быў эмігрыраваць у Галіч, адкуль і піша сваё пісьмо братам, прычым пісьмо не першае, як вынікае з тэксту паэмы. Што ж датычыць месцазнаходжання гэтага помніка, то, на думку Я. А. Паўленкі, да таго, як трапіць у рукі збіральніка старажытнасцей графа Мусіна-Пушкіна, ён захоўваўся ў Гродне. Больш таго, адзіны спіс "Слова", выяўлены ў канцы XVIII ст., быў, як адзначае гісторык К. Ф. Калайдовіч, "писан в лист белорусским почерком".

Усе гэтыя летапісныя паведамленні распавядаюць пра гарадзенскіх князёў і дружыну. Пра сам горад летапісец упершыню расказаў у 1183 г. вядомай фразай: "Городень погоре весь и церкви каменыя от блистания молнии и шибения грома". Такім чынам, нават скупыя нататкі летапісаў паказваюць, што аддаленае на сумежжы Гарадзенскае княства мела цесныя сувязі з астатняй Руссю і адыгрывала адметную ролю ў яе гісторыі.

Аднак пытанне аб правамернасці аднясення да Гродна на Нёмане ўсяго, што ў пісьмовых крыніцах мае назву гарадзенскага (войска ці князь), зноў узняў М. Ермаловіч у сваім даследаванні "Старажытная Беларусь". Летапісныя звесткі, на яго думку, даюць падставы перанесці Гарадзенскае княства бліжэй да Турава, Пінска ці Чарнігава, чым да Гародні. Хутчэй за ўсё, ўскраіннае княства, якім магло быть Гарадзенскае (на Нёмане), у перыяд раздробленасці трымалася б далей ад міжусобных сварак, якія яму нічога, акрамя дарэмнага марнавання сіл, не прынеслі б. Нельга, заўважае аўтар, толькі на аснове назвы "гарадзеньскі" упэўнена атаясамляць тую ці іншую гістарычную асобу з гарадзенскім князем. У той час было нямала населеных пунктаў з назвай Гарадзен ці Гародна. М. Ермаловіч лічыць пытанне аб месцазнаходжанні Гарадзенскага княства праблематычным і нават не ўпэўнены, што яно абавязкова было на тэрыторыі Беларусі. Але пасля доўгіх навуковых спрэчак і археалагічных адкрыццяў апошніх дзесяцігоддзяў з гэтымі сумненнямі цяжка пагадзіцца. Дзе б ні знаходзілася гэта княства, яно прымала актыўны ўдзел у падзеях 20–80-х гадоў XII ст. Заслугоўвае ўвагі выраз "гарадзенскія князі", што можа ўказваць на наяўнасць удзелаў у гэтым княстве. Такім жа паказальным з’яўляецца і тое, што ў ім замацавалася дынастыя Усеваладкавічаў. Гэта можа сведчыць аб высокай ступені палітычнай самастойнасці княства.

Пачатая ў канцы X – пачатку XI ст. барацьба кіеўскіх князёў з яцвягамі і літвой, якія жылі і на тэрыторыі Гродзеншчыны, працягвалася ў XII–XIIІ стст. галіцка-валынскімі князямі. Пад 1112 г. у "Аповесці мінулых гадоў" гаворыцца пра паход на яцвягаў валынскага князя Яраслава Святаполкавіча. Акрамя таго, у Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1113 г. паведамляецца наступнае: "Ходи Ярослав, сын светополч, на ятвягы и победи я".

Іпацьеўскі летапіс паведамляе пра паход валынскага князя Рамана Мсціславіча на яцвягаў у 1196 г.:" Тое же зимы ходи Роман Мстиславич на ятвягы отомьщиваться: бяхоть бо воевали волость его. И тако Роман вниде в землю их, они же не могучи стати противу силе его и бежаша во свои тверди, а Роман пожог волость их отомъстився, возвратися во свояси… ", іншых даных пра барацьбу князя Рамана з яцвягамі летапіс не дае, але сцвярджае, што ваяваў ён шмат.

Пачынаючы з княжання Рамана Мсціславіча, Галіцка-Валынская Русь з’яўляецца, па сутнасці, асноўнай сілай, якая вядзе барацьбу з Літвой і яцвягамі. Спробы кіеўскага князя Святаполка Усеваладавіча і яго наступніка Рурыка Расціславіча працягваць актыўную палітыку ў яцвяжскіх і літоўскіх землях аказаліся беспаспяховымі. Больш таго, дружыны яцвягаў і літвы ўсё часцей робяць набегі на заселеныя славянамі старажытнарускія землі. Адзін з такіх паходаў адбыўся ў 1205 г .: "Литва же и ятвезе воеваху и повоева же Турийск и около Комова, оли до Червеня и бишася у ворот Червенских". Яцвягі ў саюзе з літвой напалі тады на Валынскую зямлю, біліся ля самых Чэрвеньскіх варот. "Беда бо бе в земле Володимерстеи от воевания Литовьского и ятвяжьского", – паведамляе летапісец. Хоць у 1219 г. паміж літоўскімі князямі і Галіцка-Валынскай зямлёй было заключана мірнае пагадненне, літоўска-яцвяжскія паходы і напады не спыніліся. Рускія дружыны, у сваю чаргу, ходзяць у Яцвягію і Літву, г. зн. у беларускае Панямонне.

Асаблівага напалу барацьба дасягнула пры галіцка-валынскім князе Даніле Раманавічу. У 1227 г. ён разграміў яцвягаў, "повоевавших Берестье", у 1235 г. зноў хадзіў на яцвягаў праз Бярэсце.

У 1248 г., 1253 і 1258 гг. Даніла і Васілька Раманавічы сумесна з польскімі князямі ажыццявілі тры вялікія паходы супраць яцвягаў. Зямля іх была моцна спустошана і часткова падпарадкавана галіцка-валынскім і мазавецкім князям. Яцвягі абяцалі Даніле "работе быти" і "городы раубити в земле своеи", а таксама плаціць даніну. Такім чынам, землі Гродзеншчыны ў XIII ст. трапляюць у сферу ўплыву Галіцка-Валынскага княства. У другой палове XIII ст. узмацняецца націск на яцвягаў з боку нямецкіх крыжакоў.

Пісьмовыя крыніцы аддаюць даніну мужнасці яцвяжскіх вояў, адзначаюць доблесць іх ваяўнічых правадыроў. Здольнасць яцвягаў на працягу некалькіх стагоддзяў супрацьстаяць націску значна пераўзыходзячых па сіле праціўнікаў не магла не выклікаць павагі сучаснікаў да гэтага вольналюбівага і гордага народа.

З сярэдзіны XIII ст. звесткі пра яцвягаў у рускіх летапісах абрываюцца. З паведамленняў польскіх і нямецкіх храністаў вядома, што ў канцы XIII ст. яцвягі былі канчаткова заваяваны крыжакамі. У 1283 г. апошні незалежны яцвяжскі нобіль Скурдо, пакінуўшы радзіму, пайшоў са сваім атрадам у Літву. Яцвяжская тэрыторыя была цалкам спустошана, а насельніцтва ці знішчана, ці пераселена ў суседнія землі (Літву, Польшчу, Панямонне). У хуткім часе яцвягі знікаюць са старонак гісторыі. У Іпацьеўскім летапісе ёсць паведамленне аб пасяленні ў 1276 г. вялікім літоўскім князем Тродзенам у ваколіцах Гародні і Слоніма прусаў, што шукалі паратунку ад нямецкіх рыцараў. Польскі філолаг Я. Астржэмбскі, спасылаючыся на даследаванні гаворак літоўскага насельніцтва некаторых раёнаў Панямоння, бачыць у літоўцах Слонімшчыны не нашчадкаў прусаў, а нашчадкаў яцвяжскіх перасяленцаў.

У XIII ст. Іпацьеўскі летапіс зафіксаваў асобных князёў у Наваградку (1235 г.), Ваўкавыску (1256 г.), Свіслачы (1256 г.), магчыма, у Слоніме (1281 г.). Значыць, гэтыя гарады з’яўляліся цэнтрамі асобных удзелаў. Летапісы не зарэгістравалі ніводнага выпадку міжусобнай барацьбы іх князёў.

У 1235 г. упершыню прыгадваецца наваградскі князь Ізяслаў, а ў 1252 (1253) г. у Навагародку адбываецца каранацыя Міндоўга. У наступным годзе ў летапісе прыгадваецца "зямля Новагародская", што сведчыць пра існаванне самастойнага княства. Выгаднае геапалітычнае становішча зрабіла цэнтрам дзяржаваўтварэння на новым этапе гістарычнага развіцця Беларусі.

З сярэдзіны XIII ст. пачынаецца новы перыяд гісторыі Гродзеншчыны, звязаны з утварэннем Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Дамінуючую ролю ў жыцці Панямоння і ўсёй Беларусі пачаў адыгрываць Наваградак, які ў 40-я гады на пэўны час вырваўся з-пад палітычнага прыцягнення Валыні і стаў цэнтрам аб’яднання балта-славянскіх земляў у адзінай дзяржаве.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-01-06; Просмотров: 1868; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.026 сек.