Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Эмпірычны ўзровень навуковага пазнання




Эмпірычны ўзровень навукі – гэта ўзровень навуковага досведу. Што да этымалогіі тэрміна “эмпірычны”, дык за вызначальны момант тут можна прыняць семантыку прыметніка ἔµπειρος (арыстоцелеўская інтэрпрэтацыя тэрміна “эмпірыя” ўзыходзіць у канчатковым выніку менавіта да яе [46, т. 2, c. 611]). У “Клясычным грэцка-беларускім слоўніку” Яна Пятроўскага дадзены прыметнік перакладаецца як “дасьведчаны ў, абазнаны з; здольны, спрытны, навыклы ў рэчы” [12, c. 144]. Досвед, відавочна, выступае не толькі як навуковы, ён мае складаны, шматбаковы характар і можа быць усеагульным або спецыяльным, паўсядзённым або прафесійным і г.д. Яго сутнасць – у глыбокай сувязі з чалавечай дзейнасцю, з практыкай, у непасрэдных і асабістых кантактах з рэчаіснасцю наогул ці з пэўным яе сегментам, што здзяйсняюцца ў дзейнасці і праз дзейнасць. У дадзеным паняцці фіксуецца таксама вынік гэтай дзейнасці, тое, што праз яе набываецца, пэўная ступень валодання ёю і яе прадметам [34, т.1, с. 766].

У агульнапазнавальным кантэксце досвед выяўляецца як узровень адзінства, сінтэзу пачуццёвага і рацыянальнага пачаткаў: пачуццёвае пазнанне знаходзіць у ім сваё сваё першапачатковае абагульненне і разам з ім сваё адноснае завяршэнне. Што да навукі, дык тут яго асаблівасцю з’яўляецца мэтанакіраваны, упарадкаваны, метадычны характар. Упершыню дадзенае палажэнне было выказана выдатным англійскім Ф.Бэканам (1561-1626) [46, т.2, с. 612]. Асаблівая засяроджанасць на метадычным аспекце навуковага пазнання – гэта ўвогуле адметная характарыстыка XVII cтагоддзя. Праўдзівы метад разглядаўся ў той час як гарантыя пазнавальнага поспеху, хто б да яго ні звяртаўся – пачатковец ці знакаміты даследчык. Ён ставіўся вышэй, чым геній, прасвятленне, інтуіцыя і г.д., і яго распрацоўцы было аддадзена вельмі шмат духоўнай энергіі.

Як было падкрэслена вышэй, у сучасных умовах шмат хто з філосафаў і тэарэтыкаў навуказнаўства выказвае сумненні адносна адзінства навукі, у тым ліку і метадычнага адзінства. Гэта азначае, што існаванне адзінага, універсальнага метаду ставіцца пад пытанне ці ўвогуле катэгарычна адмаўляецца. Так, выбітны прадстаўнік постпазітывісцкай філасофскай традыцыі К.Попер (1902-1994), паводле яго ўласнага расповеду, пачынаў прысвечаны праблеме навуковага метаду курс лекцый з прызнання, што такога (адзінага і ўніверсальнага) метаду няма [74, c.5]. Тым не менш метадычны бок навуковага пазнання не застаецца па-за ўвагай філосафаў і навукоўцаў, бо ніхто не адмаўляў і не адмаўляе яго грунтоўнага значэння ў дадзенай сферы, якое ні ў якай ступені не губляецца праз прызнанне яго варыятыўнасці і разнастайнасці.

Слова “метад” (ад старажытнагр. выразу μέθοδοϛ, які ўзыходзіць у сваю чаргу да слоў “μετά” і “ὁδός”) азначае “шлях да пэўнай мэты”. На ўзровень філасофскага паняцця яно ўпершыню ўзнімаецца ў Платона, для якога яно сярод іншага азначае і “правільны спосаб даследавання ці навуковага запытвання” [46,т.3, с. 1305]. Сэнс і прызначэнне метаду – у тым, каб упарадкаваць і арганізаваць пэўную дзейнасць, пазбавіць яе мітуслівасці, няпэўнасці і няўпэўненасці. Метадычнымі прадпісаннямі акрэсліваецца яе пачатак, разгортванне, рэгламентуецца ўжыванне тых ці іншых працэдур і інструментаў. Метад павінен адпавядаць прадмету і мэце дадзенай дзейнасці, а таксама ўмовам, у якіх яна здзяйсняецца. Таму яго выбар нярэдка ўяўляе сабой досыць нялёгкую і творчую задачу.

Навуковыя метады, відавочна, маюць на мэце арганізацыю і ўпарадкаванне навукова-даследчай дзейнасці. Асноўным метадам эмпірычнага яе ўзроўню з’яўляецца (у згодзе з усеагульным меркаваннем) эксперымент. Дадзеная тэза мае моц найперш у дачыненні да навукі сучаснага тыпу (прасякнутай духам эксперыментальнасці). Эксперымент – гэта метад, сутнасць якога – у актыўным, дзейным і планамерным запытванні прыроды пра яе таямніцы, пра яе істотныя уласцівасці. Ён звязаны, такім чынам, з актыўным, мэтанакіраваным і кантраляваным уздзеяннем даследчыка на аб’ект даследавання. Калі з антысцыентысцкіх пазіцый пераасэнсаваць вядомую кантаўскую метафару [53, c.23], дык эксперымент выглядае не столькі запытваннем, як дапытваннем прыроды. Эксперыментальныя яе “допыты” звязаныя з “катаваннямі”, бо вольная, наравістая, яна не хоча адкрываць свае сакрэты. Каб гэтыя катаванні былі выніковымі, ужываюцца, як правіла, вытанчаныя інструменты – тэхнічныя прыстасаванні. Гэта дазваляе атрымаць ад прыроды сюю-тую намінку, намёк, хоць які грунт для адказу на пытанні, што задае ёй навука.

Для паспяховага правядзення эксперымента неабходна стварыць пэўныя, спецыяльныя ўмовы, у якія змяшчаецца прадмет даследавання. Пры гэтым зліквідоўваюцца ці, прынамсі, змяншаюцца і кантралююцца тыя акалічнасці, эфекты і ўплывы, што перашкаджаюць яснаму і выразнаму выяўленню істотных уласцівасцяў і дачыненняў згаданага прадмета.

Што да вынікаў эксперымента, дык яны маюць моц у навуцы толькі ў тым выпадку, калі яны атрымліваюцца пры кожным яго паўтарэнні кожным узброеным адпаведнай апаратурай і дастаткова кампетэнтным даследчыкам. У гэтым патрабаванні адлюстроўваецца, з аднаго боку, момант стабільнасці, устойлівасці самой фізічнай рэчаіснасці, а з іншага, – інтэрсуб’ектыўная натура навуковага пазнання. Інтэрпрэтацыя згаданых вынікаў адбываецца пры ўзаемадзеянні ўсіх узроўняў навукова-даследчай дзейнасці, але ў першую чаргу яна звязаная з тэарэтычным пазнаннем.

Эксперымент з’яўляецца найважнейшым, але не адзіным метадам эмпірычнага ўзроўню навукі. Ён, зрэшты, можа быць праведзены далёка не заўжды і не ва ўсіх абставінах. У галіне касмалогіі, напрыклад, дзе вывучаюцца гіганцкія сістэмы, неспрыяльная для правядзення эксперыментаў сітуацыя з’яўляецца тыпічнай. У такім выпадку даследчыкі звяртаюцца да назірання (неад’емна прысутнага ва ўсякім эксперыменце, безумоўна, больш складаным і развітым метадзе). Назіранне – гэта мэтанакіраванае пачуццёвае ўспрыманне рэчаісных аб’ектаў, выяўленне істотных характарыстык якіх і фігуруе ў якасці яго мэты. У залежнасці ад умоў, у якіх адбываецца даследчая дзейнасць, ад магчымасцяў даследчыка і ўласцівасцяў прадмета яго даследаванняў яно можа быць непасрэдным ці апасродкаваным, г. зн. здзяйсняцца пры дапамозе тэхнічных прыстасаванняў. Іх стварэнне і ўжыванне дыктуецца нярэдка рэвалюцыйнай пазнавальнай сітуацыяй і спрыяе яе далейшаму развіццю (як, напрыклад, стварэнне і задзейнічанне першага тэлескопа Г.Галілеем).

Прыродазнаўства сучаснага тыпу імкнецца да спасціжэння фізічнай рэальнасці ў адзінстве яе існасці, у яе якаснай тоеснасці. У выніку істотнае значэнне набываюць колькасныя адрозненні паміж рэчаіснымі прадметамі, працэсамі і феноменамі. Таму прыродазнаўчыя навукі не могуць абысціся без такога метаду, як вымярэнне. Сутнасць вымярэння – у вызначэнні колькасных параметраў рэальных з’яў, падзей і аб’ектаў праз іх параўнанне з пэўным эталонам. Яго немагчыма правесці пры адсутнасці вымяральных прыстасаванняў, якія, такім чынам, выступаюць як неад’емны элемент у арсенале сродкаў, неабходных для рэалізацыі плённых прыродазнаўчых даследаванняў.

Надзвычай развіты прагматычны аспект сучаснай навукі выяўляецца ў тым, што для яе асаблівае значэнне набыло пытанне пра тое, як здзяйсняецца пэўны працэс ці паводзіць сябе пэўны аб’ект. Адсюль вынікае несумненная і відавочная важнасць навуковага апісання, якое, гэтаксама як і вымярэнне, суправаджае назіранні і эксперыменты на эмпірычным узроўні навукова-даследчай дзейнасці. Апісанне – гэта здзейсненая ў пэўнай знакавай сістэме фіксацыя тых падзей, што мелі (ці маюць) месца ў рэчаіснасці.

Важнае (а ў некаторых выпадках незаменнае) месца ў метадычным арсенале эмпірычнага пазнання займае мадэляванне рэальных з’яў, працэсаў і сістэм, г. зн. стварэнне (у пэўным медыўме – матэрыяльным ці знакавым) іх аналагаў. Такія аналагі – мадэлі – могуць замяшчаць іх у навуковых даследаваннях (у гэтым плане яны вельмі падобныя да знакаў, што і абумоўлівае ў канчатковым выніку магчымасць знакавых іх формаў і разам з імі магчымасць разглядаць у якасці мадэляў тэарэтычныя ўтварэнні).

Існуюць і іншыя метады эмпірычнага пазнання. У даследчай практыцы да агульнанавуковых, г. зн. характэрных для навукі ў цэлым, метадаў (прадстаўнікі якіх якраз і разглядаліся вышэй) далучаюцца спецыяльныя, г. зн. тыя, што знаходзяць ужытак толькі ў паасобных навуках. Таму ў метадычным плане навуковае пазнанне ўяўляе сабой шматбаковы і багаты феномен. Багаццю і разнастайнасці яго метадычнага арсеналу спрыяе і тая акалічнасць, што ў навуковых даследаваннях выкарыстоўваюцца метады, сфера ўжытку якіх выходзіць за іх межы, распаўсюджваючыся на іншыя тыпы пазнання. Сярод метадаў такога кшталту, што ўжываюцца на эмпірычным узроўні навукі, у першую чаргу неабходна адзначыць і вылучыць індукцыю.

Разам з метадалагічным індукцыя выяўляе і грунтоўны лагічны аспект. З пункту гледжання логікі яна выступае як спецыфічная форма высноўвання, у якім адбываецца ўзыходжанне ад пэўнай сукупнасці сінгулярных пасылак да ўсеагульнай высновы. Сінгулярныя пасылкі перадаюцца выказваннямі, у якіх штосьці даводзіцца адносна пэўнага, паасобнага прадмета. Калі клас адпаведных прадметаў вычэрпваецца ў сукупнасці пасылак, дык выснова мае неабходны характар. У такім выпадку адпаведная развага можа разглядацца як прыклад дэдуктыўнага тыпу высноўвання, які, па сутнасці, з’яўляецца супрацьлеглым індукцыі (гэтаксама як дэдуктыўны метад пазнання выступае як супрацьлеглы ў дачыненні да індуктыўнага). Аднак сітуацыя, якая дазваляе ахапіць у зыходных выказваннях усе прадметы класа, пра які ідзе гаворка, мае месца досыць рэдка. Як правіла, у пасылках індуктыўных разваг ахопліваецца толькі іх частка, бо вычарпальны разгляд проста немагчымы –праз неабмежаванасць самога класа прадметаў, праз адкрыты характар нашага досведу: хто ведае, з чым мы можам сутыкнуцца ў будучыні. Таму індуктыўная выснова мае больш агульны характар, чым пасылкі, з’яўляецца ў гэтым сэнсе “пашыральнай”, а значыць і імавернай.

Як метад навуковага пазнання, індукцыя накіроўвае даследчую дзейнасць на выяўленне ў выніках эксперыментаў і назіранняў усеагульных момантаў. Яна ўключае ў сябе адцягненне ад пабочнага і неістотнага (абстрагаванне), вылучэнне ўсеагульных характэрных рыс аб’ектаў і працэсаў (абагульненне) і мае, такім чынам, складаны, комплексны характар. У канчатковым выніку яе ўжыванне (у пэўным сэнсе) сведчыць пра адноснае завяршэнне досведу, пра неабходнасць пераходу на іншы ўзровень даследчай дзейнасці – тэарэтычны.

Аднак наколькі важнае месца індукцыя займае ў навуковым пазнанні, настолькі сур’ёзную праблему яна ў сабе змяшчае. У сучаснай форме яе ўпершыню сфармуляваў шатландскі філосаф Д.Юм (1711-1766). Сутнасць дадзенай праблемы – у апраўданасці, абгрунтаванасці пераходу ад паасобнага да ўсеагульнага, які здзяйсняецца ў рамках метадычных і лагічных індуктыўных працэдур. Сапраўды, прычынна-выніковая сувязь паміж пэўнымі падзеямі (Д.Юм аналізаваў праблему індукцыі менавіта ў кантэксце прынцыпу каўзальнасці), зафіксаваная ва ўсім маім мінулым і актуальным досведзе, зусім не абавязкова павінна паўтарыцца ў будучым. Наяўнасць у шматлікіх успрынятых мною прадметаў пэўнага класа нейкай прыкметы не гарантуе яе наяўнасці ва ўсіх прадметах, што да яго належаць. Дадзеная праблема паспрыяла разгортванню інтэнсіўных філасофскіх пошукаў і выклікала вострыя дыскусіі ў працэсе гістарычнага развіцця філасофіі навукі. Са спроб яе вырашэння паўсталі цікавыя і арыгінальныя ідэі, якія ўзбагацілі метатэарэтычны ўзровень навуковага пазнання, пра што гаворка пойдзе ніжэй.

Эмпірычная даследчая дзейнасць здзяйсняецца дзеля пэўных мэтаў і прыносіць пэўныя вынікі. Галоўнай яе задачай і галоўным вынікам з’яўляецца ўстанаўленне фактаў, якія служаць падставай для тэарэтычных даследаванняў. У паўсядзённым жыцці словам “факт” мы абазначаем усё, што сапраўды мела ці мае месца, што адбылося ці адбываецца ў рэчаіснасці. Па вялікім рахунку паняцце навуковага факта мае блізкае значэнне – гэта падзея, устаноўленая і прызнаная навуковай супольнасцю, для якой яна фігуруе як прадмет бясспрэчнага кансэнсусу; выказванне, што фіксуе яе, мае статус праўдзівага [26, c. 411]. У сувязі з гэтым можна сцвярджаць, што ў згаданым паняцці змяшчаецца (яшчэ няяўны) момант істотнасці, устойлівасці, унутранай заканамернасці падзеі. У кантэксце навуковага пазнання на факце ляжыць пячатка невыпадковасці, праз яго праглядвае існасць і закон, якія патрабуюць свайго выразнага выяўлення і да якіх набліжаецца эмпірычнае даследаванне. Аднак, хоць яно можа выявіць і выяўляе карэляцыі (сувязі, залежнасці) паміж феноменамі, яму не дадзена спасцігнуць іх сістэматычна і глыбока (растлумачыць іх). Гэтая задача вырашаецца на тэарэтычным узроўні навуковага пазнання.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 637; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.007 сек.