КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Тэарэтычны ўзровень навуковага пазнання
Мэтай, вынікам, ядром і сэрцам тэарэтычнага ўзроўню навукі з’яўляецца феномен, праз які ён атрымаў сваю назву, – навуковая тэорыя. Тэрмін “тэорыя” ўзыходзіць да познелац. “theoria”, звязанага ў сваю чаргу са старажытнагр. “θεωρία”, якое азначала “сузіранне”, “разгляд”, а пазней – “пазнанне” [46, т. 10, c. 1128]. Як указвалася вышэй, у сучасных умовах дадзены тэрмін мае шматзначны характар. У кантэксце пазнавальнай дзейнасці ўвогуле ў ім фіксуецца момант выхаду за межы непасрэдна дадзeнага дзеля таго, каб зразумець і растлумачыць яго. Гэты момант прысутнічае ва ўсіх відах пазнання, але ў пазнанні навуковым ён выступае ў асабліва выразнай, канцэнтраванай форме [84, c.1486]. Істотнай характарыстыкай тэорыі з’яўляецца таксама яе сістэмная арганізацыя: яна выступае як упарадкаванае згодна з пэўным прынцыпам цэласнае ўтварэнне. В.С.Сцёпін даводзіць [14, с.24], што ў змястоўным плане першаэлементамі сістэматычных навуковых пабудоў з’яўляюцца тэарэтычныя канструкты, г. зн. тэарэтычныя ідэальныя аб’екты (у рэчаіснасці няма такіх аб’ектаў – у наяўнасці няма абсалютна чорнага цела, аб’екта, які абсарбуе ўсё электрамагнітнае выпраменьванне, што патрапляе на яго, але існуюць іх правобразы, пэўныя характарыстыкі якіх, напрыклад уласцівасць да моцнага паглынання электрамагнітнага выпраменьвання, яны і фіксуюць). Пэўным чынам арганізаваная сукупнасць выказванняў адносна гэтых аб’ектаў і ўтварае навуковую тэорыю. Тыпічным для навукі спосабам згаданай арганізацыі з’яўляецца аксіяматызацыя. Ролю аксіём выконваюць пры гэтым выказванні, у якіх фіксуюцца грунтоўныя законы таго сегмента рэчаіснасці, што апісваецца дадзенай тэорыяй. Яны ўжываюцца затым для апісання і тлумачэння розных яго аспектаў, падсістэм, наяўных у ім спецыфічных працэсаў і з’яў. Найбольш эфектыўным чынам аксіяматызацыя здзяйсняецца ў спалучэнні з фармалізацыяй тэарэтычных ведаў. Фармалізацыя пэўнай тэорыі – гэта прадстаўленне яе у знакавай сістэме, у якой фіксуюцца структурныя сувязі яе элементаў пры адцягненні ад змястоўных аспектаў. У такіх умовах высноўванне з аксіём, на якіх грунтуецца дадзенае тэарэтычнае ўтварэнне, адбываецца найбольш простым, адназначным і пераканаўчым чынам. З адзначанага вышэй відавочна вынікае, што для распрацоўкі цэнтральных паняццяў і палажэнняў тэорыі (якія ўтвараюць найважнейшы яе структурны элемент) фундаментальна важным з’яўляецца метад ідэалізацыі, а тасама шчыльна звязаны з ім уяўны эксперымент. А.Эйнштэйн і Л.Інфельд увогуле вядуць гаворку пра “ідэалізаваны эксперымент”, даводзячы пра яго грунтоўнае значэнне ў кантэксце ўзнікнення навукі сучаснага тыпу [30,c.8-9]. Гэта азначае, што ў якасці выніку ідэалізацыі можа фігураваць не толькі ідэальны аб’ект, але і ідэальная сітуацыя – сітуацыя, у якой ідэальныя аб’екты ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Уяўны эксперымент прыводзіць такую сітуацыю ў рух, накіроўвае згаданае ўзаемадзеянне ў пэўнае рэчышча, і ўсё гэта адбываецца ў розуме і ва ўяўленні даследчыка. Інтэнсіўнае ўжыванне метаду ідэалізацыі ў сучаснай навуцы змушае паставіць пытанне пра прычыны і наступствы такой практыкі. Сярод прычын у першую чаргу неабходна адзначыць сувязь такога кшталту пазнавальных працэдур з матэматычным апісаннем рэчаіснасці, якая істотным чынам стымулюе зварот навукоўцаў да іх. Што да наступстваў, дык шырокае ўжыванне метадаў ідэалізацыі і ўяўнага эксперымента ў навуцы сучаснага тыпу істотным чынам абвастрыла праблему ўзаемадачыненняў тэарэтычных пабудоў і рэчаіснасці, а ў яе кантэксце – праблему праверкі тэорый. У гэтым плане, аднак, неабходна падкрэсліць, што практыка навуковых даследаванняў зусім не паралізаваная наяўнасцю ў ёй шматлікіх ідэалізацый. Навукоўцы не ўхіляюцца ад эмпірычнага кантролю сваіх тэарэтычных схем на аснове таго, што яны маюць ідэалізаваны характар. Гэта не пазбаўляе іх (апасродкаванай) сувязі з рэчаіснасцю і здольнасці рабіць прадказанні адносна будучага досведу. У кантэксце аналізу тэарэтычага ўзроўню навуковага пазнання надзвычай важнае значэнне мае высвятленне суадносінаў такіх яго феноменаў, як уласна тэорыі і гіпотэзы. Пад навуковай гіпотэзай (ад старажытнагр. ὑπόθεσιϛ – здагадка, дапушчэнне) мы будзем разумець тэарэтычнае ўтварэнне, якое не пярэчыць фактам, але мае разам з тым статус недаказанага. У дадзенай сувязі паўстае, аднак, пытанне, якім чынам, на аснове якіх крытэрыяў адрозніваць яе ад тэорыі ва ўласным сэнсе? К.Попер, напрыклад, даводзіць пра “прынцыпова гіпатэтычны характар прыродазнаўчых тэорый (і, больш за тое, – метафізічных)” [73, c.ХХІV]. (Менавіта на грунце такой пазіцыі, на яго думку, мы можам вырашыць узнятыя Кантам эпістэмалагічныя праблемы [73, c.ХХІV].) Сапраўды, хіба не вучыць нас гісторыя навукі, што распрацаваныя ў яе абсягу тэорыі не вечныя, што над імі заўжды вісіць дамоклаў меч абвяржэння? У адказ на дадзенае пытанне можна заўважыць, што ва ўсіх выпадках – нават калі мы прызнаем прынцыпова гіпатэтычны статус навуковых ведаў – тэарэтычныя навуковыя пабудовы адрозніваюцца ступенню сваёй гіпатэтычнасці. Вышэй ужо ішла гаворка пра наяўнасць у навуцы працэдуры, згодна з якой на аснове тэарэтычнага ўтварэння робіцца прадказанне, што дапускае эмпірычную праверку. Тэарэтычнае ўтварэнне, якое паспяхова прайшло такое выпрабаванне, абавязкова павінна мець больш высокі статус, чым тое, што адпаведны тэст яшчэ не прайшло (ці нават няздольнае на дадзены момант яго прайсці праз няздольнасць прадказаць вынікі будучага досведу). Існуюць і іншыя моманты, якія могуць быць улічаныя пры ацэнцы ступені абгрунтаванасці ці, наадварот, гіпатэтычнасці пэўных навуковых канструкцый (практычны, тэхнічны ўжытак, сумяшчальнасць з іншымі тэорыямі і г. д.). У аперацыянальным і метадычным плане гіпотэзам належыць надзвычай важная роля ў працэсе навуковага пазнання рэчаіснасці. Яны дынамізуюць згаданы працэс, істотным чынам пашыраюць далягляд навукоўцаў і спрыяюць, такім чынам, усталяванню новых мэтаў, задач і арыенціраў у іх даследчай дзейнасці. Таму згаданы феномен займае важнае месца ў фармальна-метадычным арсенале навукі. У больш канкрэтным плане ў дадзенай сувязі варта адзначыць гіпатэтычна-дэдуктыўны метад. Згодна з яго патрабаваннямі спачатку распрацоўваецца гіпотэза, з якой робяцца высновы, што дапускаюць эмпірычную і тэарэтычную праверку (праз іх параўнанне з вынікамі эксперыментаў і назіранняў, з фактамі, з прынятымі і прызнанымі навуковай супольнасцю тэарэтычнымі палажэннямі). На аснове дадзенай праверкі вырашаецца далейшы лёс гіпотэзы (павінна яна быць адкінутая ці перапрацаваная, або можа служыць як падстава для новых пошукаў). Грунтоўны кагнітыўны патэнцыял выяўляе таксама метад матэматычнай гіпотэзы, г. зн. гіпотэзы сфармуляванай на матэматычнай мове і пры дапамозе матэматычных сродкаў. Высокая эфектыўнасць згаданага метаду абумоўленая асаблівасцямі матэматычных аб’ектаў і выказванняў, іх непараўнальнымі перавагамі ў ступені абстрагаванасці, абагульненасці, ідэалізаванасці перад аб’ектамі і тэарэтычнымі пабудовамі іншых навук. Таму і з’яўляюцца яны ў найвышэйшай ступені дзейснымі ў сітуацыях, калі адбываецца выхад па-за межы наяўных, усталяваных ведаў, іх абагульненне і г. д. Вышэй ужо ўказвалася на магчымасць пашырэння паняцця мадэлі на тэарэтычныя ўтварэнні. У самым шырокім плане тэорыі і гіпотэзы цалкам апраўдана могуць разглядацца як мадэлі тых сегментаў рэчаіснасці, што апісваюцца імі. Так, напрыклад, С.Хокінг і Л.Млодзінаў, разважаючы пра суадносіны навуковых тэорый і фізічнай рэальнасці, указваюць, што “фізічная тэорыя ці карціна свету з’яўляецца (найчасцей матэматычнай) мадэльлю і мае набор правілаў, якія звязваюць элементы мадэлі з назіраннямі” [43, c.42]. Матэматычнае мадэляванне (стварэнне матэматычных мадэляў) фігуруе, такім чынам, як грунтоўная характарыстыка і як надзвычай важны метад тэарэтычнага пазнання. Матэматычная мадэль можа разглядацца як “матэматычная структура, якая выкарыстоўваецца для рэпрэзентавання некаторых значных у фізічных адносінах структур у свеце”. Пры гэтым матэматычнай з’яўляецца структура, элементы якой ўяляюць сабой матэматычныя аб’екты (лікі, мноствы, вектары), дачыненні якіх і аперацыі з якімі таксама маюць матэматычны характар [50]. Варта адзначыць, што аўтар працытаванага азначэння (якое ўзята з прысвечанага квантавай механіцы артыкула Стэнфардскай філасофскай энцыклапедыі) гаворыць пра мадэль увогуле. Мадэль для яго, значыцца, – найперш і найістотнейшым чынам матэматычнае ўтварэнне. Гэта вельмі красамоўны факт: ён яскрава паказвае, якога ўзроўню дасягнула матэматызацыя сучаснай навукі і якая роля належыць матэматычным мадэлям у ёй. Неабходна падкрэсліць багацце, разнастайнасць і дынамізм метадычнага арсеналу тэарэтычнага пазнання. Да яго належаць, акрамя разгледжаных вышэй, шматлікія іншыя метады (у тым ліку і агульналагічныя, як, напрыклад, скарэляваная з індукцыяй і супрацьлеглая ёй дэдукцыя), і ён увесь час узбагачаецца і ўдасканальваецца. Аналіз найважнейшых, прынцыповых пытанняў, звязаных з арганізацыяй і развіццём метадычнага боку навуковага (і тэарэтычнага, і эмпірычнага) пазнання здзяйсняецца на метатэарэтычным яго ўзроўні.
Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 428; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |