Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Касмалогія




Фізіка

Агульная характарыстыка асноўных прыродазнаўчых дысцыплін

Прыродазнаўчыя навукі ўтвараюць складаную сістэму, у чым выяўляецца надзвычайная складанасць самой прыроды. Пададзеная ў сваім найпрасцейшым выглядзе, аднак, згаданая сістэма мае двухчленную будову, у якой адлюстроўваецца фундаментальная дыхатамія натуральнага свету, яго падзел на дзве падсістэмы – свет нежывога і свет жыцця. У адпаведнасці з гэтым у сістэме навуковага пазнання можна вылучыць навукі, прысвечаныя найперш нежывой прыродзе, і навукі, у цэнтры ўвагі якіх – жыццё. Падкрэслім, што мяжа паміж імі (як і паміж іх прадметнымі сферамі) ні ў якім разе не з’яўляецца абсалютнай: яны ўзаемазвязаныя, знаходзяцца ў стане інтэнсіўнага ўзаемадзеяння і ўзаемаплыву.

У больш канкрэтным плане ў сістэме прыродазнаўчых навук неабходна адзначыць у першую чаргу фізіку і біялогію, якія самым яскравым чынам прадстаўляюць вылучаныя вышэй іх класы, а таксама хімію як своеасаблівага пасярэдніка паміж імі. Акрамя таго, у кантэксце распрацоўкі цэласнага погляду на прыродныя працэсы асаблівае значэнне мае фізічная касмалогія – навука, якая ўзнікла ў памежжы, утвораным некалькімі галінамі ведаў.

Тэрмін “фізіка” (ад старажытнагр. φύϭις – прырода) узнік у абсягу антычнай філасофскай культуры (у Арыстоцеля ён абазначаў галіну ведаў, што належала да тэарэтычных навук і разглядалася як навука, прысвечаная руху, яго істотным прычынам; пры гэтым рух інтэрпрэтаваўся надзвычай шырока – як працэс усялякага змянення прыродных аб’ектаў, асабліва арганічных). У сучасным кантэксце ён ужываецца для абазначэння навуковай дысцыпліны, што вывучае грунтоўныя, базісныя прыродныя з’явы, аб’екты і працэсы (матэрыю ў яе грунтоўных характарыстыках і найперш яе рух). У сувязі з гэтым фізіку можна вызначыць як фундаментальную навуку пра прыроду. Таму ўжо з часу свайго ўзнікнення яна прэтэндавала на статус навукі-лідара ў сістэме прыродазнаўчага пазнання (праўда, у сучасных умовах у яе з’явілася канкурэнтка: з аналагічнымі прэтэнзіямі выступіла і біялогія).

Фундаментальнае значэнне фізікі ў сістэме навуковых ведаў надзвычай энергічна падкрэслівалі філосафы-неапазітывісты. Яны разглядалі мову дадзенай дысцыпліны як аснову адзінай навуковай мовы [46, т.7, c.947], даводзілі ў сувязі з гэтым пра грунтоўнае адзінства навукі, што паслужыла падставай для распрацоўкі рэдукцыянісцкага метатэарэтычнага праекта [46, т.8, c.379]. Рэдукцыянізм – гэта звядзенне пэўных навуковых тэорый да іншых – грунтоўных у дачыненні да іх. Разам з тым як рэдукцыянісцкая характарызуецца такая інтэлектуальная пазіцыя, у рамках якой складаныя феномены вытлумачваюцца праз іх звядзенне да больш простых і на ўзроўні гэтых больш простых з’яў. Неабходна адзначыць, што дадзеная метадалагічная стратэгія, якая атрымала найперш форму фізікалізму (за ім якраз і стаіць разгляд мовы фізікі як асновы адзінай навуковай мовы), сутыкаецца са справядлівай і абгрунтаванай крытыкай прадстаўнікоў іншых эпістэмалагічных кірункаў. Аднак тэза, згодна з якой фізіка мае фундаментальны характар, зусім не абавязкова вядзе да рэдукцыянісцкай эпістэмалагічнай праграмы. Наяўнасць падмурку зусім не азначае, што ўся пабудова можа ці павінна быць зведзеная да яго. Фізіка была і застаецца падмуркам прыродазнаўства, адкуль не вынікае ні магчымасць, ні неабходнасць звядзення да яе хіміі і біялогіі.

Да праяў грунтоўнасці дадзенай навуковай дысцыпліны належыць, сярод іншага, і той момант, што шмат якія з важных і значных для яе феноменаў заўжды выклікалі вялікую цікавасць у філосафаў. Матэрыя, рух, прастора, час – паняцці, якія фіксуюць ключавыя аспекты ў праблемным полі фізікі, – прадстаўлены і на ўзроўні філасофскай тэрміналогіі, адкуль вынікае, што адпаведныя праблемы маюць філасофскае вымярэнне і значэнне. У філасофскіх развагах яны набываюць, безумоўна, іншае змястоўнае напаўненне, бо філосаф разглядае звязаную з імі праблематыку ў іншым ракурсе, з іншага – рэфлексіўнага – пункту гледжання (г. зн. філосафа хвалюе найперш пытанне, як мысліць матэрыю, рух, прастору і час, а фізік цікавіцца тым, што яны ўяўляюць сабой з аб’ектыўнага боку). Неабходна, аднак, ізноў-такі ўказаць на істотныя ўзаемасувязі паміж адпаведнымі падыходамі і на важнасць дыялогу філасофіі і фізікі ў гэтым плане. Яны могуць шмат што даць адна адной у рамках сваіх дыялагічных стасункаў. Для гэтага неабходна, аднак, каб філасофія не ставіла сябе па-над фізікай (як фанабэрыстая натурфіласофія), а фізіка не заціскала сябе ў цесныя і змрочныя лёхі аднабаковага эмпірызму.

Сфера фізічных даследаванняў звязаная, безумоўна, не толькі з філасофскімі пошукамі. Важнае значэнне для яе мае таксама ўзаемадзеянне з іншымі навуковымі дысцыплінамі. У дадзенай сувязі неабходна у першую чаргу адзначыць асабліва шчыльныя яе стасункі з матэматыкай, якія вылучаюць яе сярод іншых навук (пра што гаворка пойдзе ў наступным параграфе). Інтэнсіўна і плённа ўзаемадзейнічае фізіка і з іншымі прыродазнаўчымі дысцыплінамі, а таксама тэхнічнымі навукамі, нярэдка надаючы ім магутныя імпульсы для новых пошукаў і атрымліваючы ад іх, у сваю чаргу, істотныя імпульсы для свайго ўласнага самаразвіцця.

Касмалогія – гэта навука, якая даследуе ўзнікненне, развіццё, структуру і ўласцівасці Сусвету ў ягонай цэласнасці і ўпарадкаванасці. Упарадкаванасць выступае як надзвычай важны аспект паняцця “космас”. Ужо ў антычнай культуры было выпрацавана ўяўленне пра Сусвет як гарманічна ўладкаванае ўтварэнне, і слова “κόσμος”, якое азначала адпачаткова “загад” і “усталяваны праз загад парадак” [46, т.4, с.1176], развілося ў грунтоўнае філасофскае паняцце, у якім фіксавалася і замацоўвалася згаданае ўяўленне.

У дадзеным дапаможніку тэрміны “Сусвет,” “космас” (а таксама “ўніверсум”[8] і “метагалакыка”) ужываюцца як лагічныя сінонімы. З аднаго боку, прыродазнаўчы кантэкст апраўдвае такі падыход, бо ўсе яны, з пункту гледжання фізіка, абазначаюць ідэнтычны аб’ект. Акрамя таго, Сусвет (гэтаксама як і космас, універсум, метагалактыка) фізіка найперш спалучаецца з эпітэтамі “бачны”, “успрымальны” “даступны назіранням”[9], што фіксуе тоеснасць згаданых тэрмінаў у надзвычай важным змястоўным аспекце. З іншага боку, аднак, канцэпцыя множнасці ўніверсумаў (мультыверсуму), хоць і не цэнтральная, але прысутная і адметная як у касмалагічнай традыцыі, так і ў сучаснай навуцы, патрабуе ў дадзеным выпадку ўліку субтыльных і тонкіх катэгарыяльных адрозненняў (як гэта мае месца, напрыклад, у інтэрпрэтацыі нашай метагалактыкі як часткі Вялікага Сусвету).

Тым не менш прыродазнаўцы, як правіла, не надта схільныя да выяўлення тонкіх катэгарыяльных нюансаў. (Пра гэта сведчыць, напрыклад, факт досыць распаўсюджанага ўжывання тэрміна “ўніверсум” у множным ліку. З філасофскага пункту гледжання яно выглядае вельмі і вельмі няпэўным, улічваючы, што згодна са сваёй этымалогіяй згаданы тэрмін мае на мэце выяўленне ўсеабдымнасці, усеагульнасці, а таму і ўнікальнасці аб’екта касмалагічных доследаў і разважанняў [34, т.2, c.868; 46, т.11, c.224].) У цэнтры нашай увагі будзе знаходзіцца далей менавіта Сусвет фізіка, г. зн. уладкаваны на аснове фізічных законаў мегасвет, што выступае як аб’ект навуковага вывучэння. Таму пры далейшым ужыванні згаданых вышэй тэрмінаў будзе акцэнтавацца хутчэй іх узаемная блізкасць (што ўласціва фізікам), чым іх вытанчаныя спецыфічныя нюансы (на якія павінен зважаць філосаф).

Тэрмін “касмалогія” ўжываўся ў ХVIII i XIX для абазначэння той галіны метафізікі, якая вывучае Сусвет як натуральную сістэму фізічных субстанцый. Пры гэтым фіксавалася выразная рознасць паміж навуковай – філасофскай (cosmologia scientifica) – і эмпірычнай, эксперыментальнай касмалогіяй (cosmologia experimentalis). Апошняя з цягам часу ўсё больш выходзіла на пярэдні план, і ў дваццатым стагоддзі яна забяспечыла сабе вяршэнства (у плане духоўнага, культурнага ўплыву) над спробамі распрацоўкі філасофскіх яе версій (як гэта мела месца, напрыклад, у творчасці А.Н.Уайтхеда (1861-1947)) [46, т.4, c.1154]. Істотны ўплыў на такое разгортванне падзей мелі поспехі фізікі, якая заўжды выступала як аснова прыродазнаўчай касмалогіі. Прасоўванне наперад у разгортванні фундаментальных фізічных даследаванняў стварала і стварае тэарэтычныя рамкі для фармулёўкі і вырашэння касмалагічных праблем. Дзякуючы інтэнсіўнаму развіццю оптыкі касмолагі маюць у сваім распараджэнні эфектыўныя сродкі для вядзення назіранняў, якія ў сучасных умовах робяць магчымай эмпірычную праверку тэарэтычных пабудоў, што апісваюць гіганцкія касмічныя структуры.

Узаемныя стасункі фізікі і касмалогіі нельга, аднак, уяўляць сабе такім чынам, нібыта яны маюць аднабаковы характар і касмалогіі належыць у іх рамках толькі роля рэцыпіента. У пэўным сэнсе яна папярэднічае фізіцы і выступае як яе перадумова, выконваючы ў дачыненні да яе, значыцца, і донарскія функцыі. Справа ў тым, што “для ўсіх касмічных падсістэм, гэта значыць для адвольна абраных лакальных абсягаў касмалогія вызначае пачатковыя і дадатковыя ўмовы” даследчай дзейнасці [34, т.2, c.866]. Дадзены момант выяўляецца найперш у тым, што грунтоўна важныя для разгортвання фізічных тэорый глабальныя ўяўленні пра прастору і час маюць, фактычна, касмалагічны характар [34,.2, c.866-867].

Шчыльная і глыбокая ўзаемасувязь касмалогіі і фізікі выяўляецца ў тым, што касмалогія экстрапалюе грунтоўныя фізічныя тэорыі[10], асабліва тэорыю гравітацыі, на Сусвет у цэлым [34, т. 2, c.866]. У дадзенай сувязі паўстае пытанне пра апраўданасць і абгрунтаванасць такой экстрапаляцыі, паколькі фізічныя тэорыі абапіраюцца на эксперыменты, што здзяйсняюцца ў зямных умовах. Той момант, што яна кантралюецца назіраннямі, безумоўна, важны і значны, але дадзены кантроль зноў-такі здзяйсняецца зямным назіральнікам. (У дачыненні да гамагеннага размеркавання матэрыі ў Сусвеце, напрыклад, даводзіцца, “што эмпірычна пацверджанай з’яўляецца толькі лакальная ізатрапія, гэта значыць ізатропнае размеркаванне галактык з зямнога пункту гледжання” [40, c.169].)

Аднак калі прызнаць, што нашы зямныя ўмовы з пункту гледжання назіранняў прыродных працэсаў нічога звышасаблівага сабой не ўяўляюць (так званы каперніканскі прынцып), дык можна спадзявацца, што эмпірычны кантроль у выпадку касмалагічных тэорый не менш надзейны, чым у выпадку фізічных тэарэтычных пабудоў[11]. Разам з тым дадзенае дапушчэнне не вынікае з саміх касмалагічных мадэляў: яно мае характар дадатковай адвольнай перадумовы. Увогуле, касмалагічныя экстрапаляцыі фізічных тэорый наўрад ці магчымыя без такога кшталту дапушчэнняў: цяжка ўявіць сабе, што пераход ад распрацаваных на аснове лакальнага зямнога эксперыментавання тэарэтычных канструкцый да глабальных касмалагічных мадэляў можа мець характар непасрэднага абгрунтавання і высноўвання. Пра гэта сведчыць, зрэшты, і досвед сучаснага навуковага пазнання (гл.4.3).

Існуюць, аднак, і іншыя складанасці і цяжкасці, якія робяць касмалогію досыць праблематычнай галіной навуковага пазнання. У першую чаргу ў гэтым плане неабходна падкрэсліць унікальнасць аб’екта касмалагічных даследаванняў. Таму ягоныя ўсеагульныя вызначэнні, яго законы не могуць быць адкрытыя праз параўнальныя працэдуры і на падставе індуктыўных абагульненняў звычайнага характару [34, т.2, c.868]. У такіх умовах падаецца няпэўнай сама магчымасць ужывання паняццяў “усеагульнае” і “закон”, а таму і наяўнасць крытэрыя, які дазваляў бы адрозніваць намалагічныя (заканамерныя) і акцыдэнтальныя (выпадковыя) уласцівасці Сусвету [40, c.170]. У якасці выйсця ў дадзенай сітуацыі прапаноўваецца вылучэнне яго падсістэм і іх разгляд як розных яго ўвасабленняў [34, т.2, c.868]. Найбольш радыкальнае і поўнае рашэнне праблемы ў гэтым плане ўяўляе сабой, аднак, канцэпцыя рэальнай множнасці гэтых увасабленняў, рэпрэзентаваная як у антычнай, так і ў сучаснай філасофіі і навуцы.

Як было падкрэслена вышэй, касмалагічныя тэарэтычныя пабудовы абапіраюцца на вынікі лакальных зямных эксперыментаў: рэальнае эксперыментаванне касмічных маштабаў (прынамсі, на дадзены момант) знаходзіцца па-за межамі чалавечых магчымасцяў. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне ў абсягу касмалогіі набывае тэарэтычны ўзровень, бо ў такіх умовах толькі тэорыя “можа выявіць сувязі паміж феноменамі, што выступаюць як лакальныя носьбіты інфармацыі, і глабальнай структурай” [40, c.169]. Разам з тым тэарэтычныя мадэлі (у значна большай ступені, чым у іншых галінах навуковага пазнання) адзначаныя тут пячаткай гіпатэтычнасці і няпэўнасці. І на сучасным этапе касмалагічных даследаванняў стан спраў у дадзенай сферы ў гэтым плане кардынальным чынам не змяніўся. Нягледзячы на тое, што большасць навукоўцаў прытрымліваецца канцэпцыі Вялікага Выбуху, якая выконвае зараз ролю стандартнай касмалагічнай мадэлі, будова космасу можа быць пададзеная ў яе рамках рознымі спосабамі [18, c.77-78].

У сувязі з гэтым не толькі тэарэтычныя, але і метатэарэтычныя кампаненты навуковага пазнання набываюць у абсягу касмалогіі асаблівае значэнне: выбар на карысць пэўнай тэорыі ці мадэлі шмат у чым вызначаецца філасофскімі і метадалагічнымі прыярытэтамі таго ці іншага даследчыка. (Неабходна адзначыць, што шчыльнае ўзаемадзеянне з фізічнай касмалогіяй надзвычай важна і для філасофіі: яна не павінна ігнараваць – і не ігнаруе – вынікі касмалагічных даследаванняў, якія змяшчаюць у сабе істотны праблемны патэнцыял філасофскага ўзроўню.[12])




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 503; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.011 сек.