КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Гістарычная дынаміка навукі: асноўныя падыходы і праблемы
ГІСТАРЫЧНАЕ СТАНАЎЛЕННЕ ПРЫРОДАЗНАЎСТВА СУЧАСНАГА ТЫПУ У сучасных умовах назіраюцца працэсы, якія сведчаць пра ўзаемнае збліжэнне гуманітарных і прыродазнаўчых навук. Яго нельга разглядаць, аднак, як здольнае скасаваць усе ўнутрынавуковыя адрозненні і выступіць у якасці падставы для ўніфікацыі навуковых ведаў на той ці іншай метадалагічнай аснове. Адзінства навукі павінна трактавацца хутчэй як дыялектычнае, канкрэтнае, аплодненае ўнутранымі адрозненнямі. ПЫТАННІ І ЗАДАННІ 1. Якой з пазіцый у пытанні пра пазнавальныя стандарты ў навуковым пазнанні Вы аддаеце перавагу? Чаму? 2. Наколькі правамерна, з Вашага пункту гледжання, строга, рэстрыктыўна абмяжоўваць сферу магчымага ўжытку тлумачэння як пазнавальнай стратэгіі прыродазнаўчымі навукамі, а разумення – гуманітарнымі? 3. Якая філасофска-метадалагічная праграма (пазітывісцкая, герменеўтычная, неакантыянская і інш.) з’яўлецца, на Ваш погляд, найбольш спрыяльнай для эфектыўнага і плённага ўзаемадзеяння гуманітарыстыкі і прыродазнаўства? 4. У тэксце параграфа гаворыцца пра ўзаемнае збліжэнне гуманітарыстыкі і прыродазнаўства ў сучасных умовах. Пастарайцеся знайсці факты, што пацвярджаюць наяўнасць такой тэндэнцыі. Падумайце пра найбольш важныя яе прычыны. 5. Як, на Вашу думку, будуць развівацца ўзаемадачыненні гуманітарных і прыродазнаўчых навук у бліжэйшай будучыні? У больш аддаленай гістарычнай перспектыве? Паспрабуйце спраектаваць найбольш эфектыўную мадэль гэтага развіцця. Стварэнне прыродазнаўства сучаснага тыпу належыць да вялікіх дасягненняў чалавечага духа, гэта вынік інтэнсіўнай творчай працы ўсяго чалавецтва (вынік, які ў сваю чаргу разгортваецца ў працэс, працэс новых і новых пошукаў). Дадзены вынік быў (і мог быць) дасягнуты толькі ў пэўных умовах – калі на арэну гістарычнай творчасці выйшла дзейная, дынамічная асоба, якая прагнула эфектыўнасці, паспяховасці кожнага свайго дзеяння і таму мела вострую патрэбу ў неабходных для гэтага ведах пра характар і сутнасць рэальных з’яў і працэсаў. Згаданая патрэба і спарадзіла навуку (і найперш прыродазнаўства), якая абапіралася на эксперыменты і назіранні і апрацоўвала назапашаны такім чынам фактычны матэрыял пры дапамозе вытанчанага матэматычнага інструментарыя. Прыведзеныя вышэй палажэнні грунтуюцца на пэўным бачанні гістарычнай дынамікі навукі, якое не з’яўляецца агульнапрынятым і бясспрэчным. Пры гэтым аспрэчваецца асноўны момант гэтага бачання – уяўленне пра гісторыю навукі як прагрэсіўнае ў канчатковым выніку развіццё, якое – дзякуючы адзінству духоўнай стыхіі, дзе яно здзяйсняецца, – мае ўнутрана звязны, кагерэнтны характар. У другой палове ХХ ст. дадзенае ўяўленне робіцца прадметам рэзкіх атак такіх філосафаў, як Т.Кун, П.Феерабенд і іх прыхільнікаў. Гэтыя тэарэтыкі ўказваюць на прынцыповую несувымеральнасць навуковых тэорый, якія змяняюць адна адну, так што ацаніць, якая з іх лепшая, якая горшая, – проста немагчыма. Каб адэкватна перадаць дыскрэтнасць, унутраную разарванасць гісторыі навукі, Т.Кун выкарыстоўвае ўспрынятае ім ад Л.Вітгенштэйна і пераасэнсаванае адпаведным чынам паняцце парадыгмы – узорнай навуковай тэорыі, вакол якой групуецца навуковая супольнасць[19]. Парадыгматычная тэорыя задае стандарты ў плане фармулявання і рашэння навуковых праблем, якія падзяляюцца, на думку Т.Куна, паводле ступені іх складанасці на цяжкавырашальныя ў межах пэўнай парадыгмы і таму небяспечныя для яе (анамаліі – anomalies) і на канформныя з яе існасцю, а таму адносна больш простыя і бяскрыўдныя ў яе кантэксце (праблемы-галаваломкі – puzzles). На першапачатковым этапе свайго існавання (згодна з тэміналогіяй Т.Куна – этап “нармальнай навукі”) парадыгма раскрывае ўласцівы ёй тлумачальны патэнцыял, гартуе і ўдасканальвае сябе праз вырашэнне адэкватных яе характару праблем. Разам з тым у працэсе навуковага пошуку ўзнікаюць і анамаліі. У выніку іх назапашвання, якое суправаджаецца з’яўленнем новых, маладых творчых сіл у навуцы, i ва ўмовах кардынальных зменаў у сацыякультурным кантэксце, складваецца сітуацыя, якая стымулюе распрацоўку альтэрнатыўных старой парадыгме тэорый. У рамках гэтай – крызіснай – пазнавальнай сітуацыі адбываецца змаганне за статус дзейнай парадыгмы паміж яго ўладальніцай і найбольш актыўнай, агрэсіўнай і жыццяздольнай сярод яе канкурэтак. Зыход дадзенага змагання вызначаецца не тым, якая з тэорый найлепш стасуецца з рэчаіснасцю, з’яўляецца больш праўдзівай, а хутчэй пазанавуковымі фактарамі (жаданнем маладых, амбітных даследчыкаў здзейсніць сябе ў навуцы, недасягальнае пры панаванні старой, усталяванай, распрацаванай у сваіх асноўных аспектах тэорыі, эстэтычнымі момантамі і да т.п.). Т.Кун лічыць, што рацыянальная дыскусія паміж прыхільнікамі розных парадыгмаў немагчымая: яны па-рознаму бачаць свет і размаўляюць на розных навуковых мовах. У тых выпадках, калі новая тэорыя перамагае, калі менавіта вакол яе пачынае групавацца навуковая супольнасць, адбываецца навуковая рэвалюцыя: навуковы пошук разгортваецца на новай аснове, ён атрымлівае новыя арыенціры, кіруецца новымі стандартамі і г. д. Неабходна адзначыць, што прапанаваная Т.Кунам канцэпцыя гістарычнай дынамікі навукі выклікала хвалю крытыкі, яго абвінавачвалі ў ірацыяналізме, у шматзначнасці, невыразнасці асноўных паняццяў, у схематызме. Разам з тым, пераасэнсаванае і перапрацаванае ім паняцце парадыгмы набыло надзвычайную папулярнасць, што па сутнасці з’яўляецца вынікам усведамлення філосафамі і дзеячамі навукі грунтоўнай важнасці метатэарэтычнага ўзроўню навуковага пазнання. Пад уплывам крытыкі, якую выклікала ягоная канцэпцыя Т.Кун зрабіў пэўныя спрбы яе мадыфікацыі. У галоўным, аднак, – у поглядзе на гісторыю навукі як на дыскрэтны па сутнасці працэс – ён настойваў на правамернасці сваёй пазіцыі. Гэтай пазіцыі трэба, безумоўна, аддаць належнае: шмат у чым правакацыйная, яна спрыяла разгортванню навуковых дыскусій па праблематыцы, звязанай з гістарычным развіццём навукі. Яна выявіла таксама істотныя праблемы, схаваныя за знешняй самавідавочнасцю навуковага прагрэсу. І сапраўды, паводле якіх крытэрыяў можна вызначыць, што новая тэорыя мае істотныя перавагі перад сваёй папярэдніцай, так што з ёй звязаны крок наперад у пазнанні свету? Акрамя таго, у канцэпцыі Т.Куна ў новым святле паўстае праблема навуковай рэвалюцыі, якая мае істотнае значэнне для разумення сутнасці і характару гістарычнай дынамікі навукі. Аднак прапанаваныя ім рашэнні тых праблем, што ён узнімае ў працэсе сваіх пошукаў, у шмат якіх выпадках падаюцца недастаткова абгрунтаванымі. Так, эмпірычны матэрыял з гісторыі навуковага пазнання сведчыць супраць наяўнай у яго поглядах абсалютызацыі моманту дыскрэтнасці, уласцівага гістарычнай дынаміцы навукі. Уважлівае вывучэнне працэсу разгортвання і дасканалення парадыгматычных тэорый паказвае, што ў яго рамках узнікае зародак ці, прынамсі, паўстаюць пэўныя нюансы, моманты, аспекты новых грунтоўных тэарэтычных утварэнняў. Прапанаваная ірландскім навукоўцам У.Гамільтанам (1805-1865) версія класічнай механікі, напрыклад, была дастасаваная да тэорыі электрычнасці і магнетызму, а таксама знайшла ўжытак (у абагульненым выглядзе) у квантавай механіцы [75, c.70]. Тэарэтычная апрацоўка гэтай апошняй Р.Фейнманам выступае як падрыхтоўка квантавай электрадынамікі [14, с.36-37], якая ў сваю чаргу паслужыла ўзорам для іншых тэорый поля (гл.4.8). Акрамя таго, у парадыгматычнай тэорыі могуць адпачаткова існаваць шанцы і магчымасці для раскрыцця глыбокіх і грунтоўных таямніц прыроды, якія застаюцца ў ёй незаўважанымі і невыкарыстанымі. У класічнай механіцы, напрыклад, невыкарыстанымі засталіся магчымасці для плённага разгортвання навуковай думкі, якія несла ў сабе выяўленае Г.Галілеем супадзенне інертнай і гравітацыйнай мас. Справа ў тым, што ў класічнай фізіцы яно разглядалася як выпадковае. А вось А.Эйнштэйн, не пагадзіўшыся з гэтым, дапусціў, што тоеснасць дзвюх мас мае істотны характар і што яна можа задаць перспектыўны кірунак навуковых пошукаў. Ён сапраўды выявіўся як надзвычай плённы і належаў да найважнейшых крыніц распрацоўкі ўсеагульнай тэорыі адноснасці [30, c.36]. Але гэтыя і падобныя да іх факты зусім не азначаюць, што гісторыя навукі выступае як паступовае і бесперапыннае прырашчэнне ведаў, іх нельга трактаваць як падставу, дастатковую для адмаўлення феномена навуковай рэвалюцыі. Яны азначаюць толькі, што дадзены феномен нельга разглядаць як незваротны скачок праз бездань, бо нават у выпадку самай радыкальнай перабудовы асноў навуковага пазнання застаецца месца для моманту ўнутранай сувязі, сувымеранасці, пераемнасці. Нельга пагадзіцца і з такім аргументам на карысць згаданага адмаўлення, паводле якога гаварыць пра навуковую рэвалюцыю бессэнсоўна, паколькі адбываецца перманентная інтэнсіфікацыя навуковага пазнання. Згаданая інтэнсіфікацыя можа мець розную магутнасць, розную ступень глыбіні і радыкальнасці. Навуковая рэвалюцыя з’яўляецца найбольш моцнай яе формай. Праўда, і ў дачыненні да яе можна выявіць у гэтым плане пэўную градацыю. Так, В.С.Сцёпін піша, што навуковая рэвалюцыя можа закранаць толькі аб’ектыўны бок навуковага пазнання, толькі навуковую карціну свету, як гэта мела месца пры пераходзе ад класічнай механікі да класічнай электрадынамікі. Разам з тым яна можа выяўляцца ў перабудове як карціны свету, так і ідэалаў навуковага даследавання, прыкладам чаго служыць узнікненне квантава-рэлятывісцкай фізікі [85, c.707-708]. Неабходна адзначыць, што канцэпцыя Т.Куна паспрыяла тэматызацыі ў навуковых даследаваннях і дыскусіях праблемы суадносінаў пазнавальных крызісаў і рэвалюцыйных пераўтварэнняў навуковых ведаў. Яго цэнтральная тэза ў дадзеным кантэксце, паводле якой крызісныя сітуацыі з’яўляюцца неабходнай перадумовай навуковых рэвалюцый і павінны папярэднічаць ім [57, c.67-68], не знаходзіць эмпірычнага пацвярджэння: гістарычныя даследаванні выяўляюць тут “занадта шмат выключэнняў” [24, c.XVI]. В.С.Сцёпін указвае ў сувязі з гэтым на магчымасць радыкальнай перабудовы асноў навуковых ведаў праз “прышчэпку” парадыгматычных палажэнняў адной навукі ў іншую, што робіць наяўнасць папярэдняй крызіснай пазнавальнай сітуацыі зусім неабавязковай [15, с.12]. З пазіцыяй Т.Куна можна, аднак, пагадзіцца ў тым плане, што пазнавальныя крызісы ствараюць надзвычай спрыяльныя ўмовы для навуковых рэвалюцый, паколькі крызісныя варункі не дазваляюць навуковай думцы заспакоіцца, стымулююць творчы навуковы пошук. Узнікненне крызісных пазнавальных сітуацый звязана з тым, што ў складзе наяўных ведаў паўстаюць парадоксы – грунтоўныя супярэчнасці, якія падаюцца невырашальнымі на аснове тых стандартаў і норм, што дамінуюць на дадзены момант у навуковым пазнанні (іх можна ідэнтыфікаваць як анамаліі, калі выкарыстоўваць слоўнік Т.Куна). В.С.Сцёпін лічыць, што такія супярэчнасці выклікаюцца з’яўленнем у полі зроку даследчыкаў новых аб’ектаў, новых іх тыпаў, якія не ўпісваюцца ў наяўныя пазнавальныя структуры і “патрабуюць новага спосабу бачання рэальнасці ў параўнанні з папярэдняй карцінай свету” [85, c.707]. У гэтым уцягненні новых, усё больш складаных аб’ектаў у сферу навуковага пошуку і ў адпаведным ускладненні навуковай праблематыкі можна таксама выявіць крытэрыяльную функцыю ў плане ідэнтыфікацыі, ацэнкі і параўнання навуковых тэорый дзеля вырашэння праблемы наяўнасці ці адсутнасці прагрэсу ў навуцы. Прагрэсіўны характар гістарычнай дынамікі навукі дэтэктуецца таксама тым момантам, што ў працэсе разгортвання навуковага пошуку мае месца перапрацоўка і асіміляцыя папярэдніх ведаў у складзе новых. У дадзенай сувязі можна спаслацца на адзначаную вышэй заканамернасць ва ўзаемадачыненнях парадыгматычных тэорый, згодна з якой дасканаленне пэўнай парадыгмы суправаджаецца ўзнікненнем элементаў і аспектаў новай грунтоўнай тэорыі. Існуюць, аднак, і іншыя шляхі згаданай асіміляцыі. Так, у рамках навукі сучаснага тыпу, якая ўзнікла ў выніку навуковай рэвалюцыі напачатку Новага часу, “увесь ансамбль ідэй і канцэптаў, што з’явіліся да гэтага ў абсягу розных сістэм і спосабаў мыслення – такіх, як сярэднявечны канцэпт “імпэтус”, – не толькі здолеў абсарбавацца ў новую структуру, але і выявіў значна большую эфектыўнасць (напрыклад, у той форме, у якой Тарычэлі трансфармаваў гэты канцэпт у нешта падобнае да канцэпту імпульсу)”[20] [58, c.85]. А вось такія дасягненні александрыйскай навуковай традыцыі, як тэорыя вагара ці тэорыя плавання целаў “былі дастаткова проста інкарпараваныя” ў склад новай сістэмы ведаў [58, c.85]. Што да развіцця сучаснага прыродазнаўства, дык яго аналіз дазволіў зрабіць выснову, згодна з якой пры ўзнікненні новых тэорый выразна акрэсліваецца сфера ўжывання для іх папярэдніц і яны атрымліваюць статус прыватнага выпадку сваіх паспяховых інавацыйных канкурэнтак (гэты момант фіксуецца ў прынцыпе адпаведнасці, сфармуляваным Н.Борам у 1923 г. у кантэксце суадносінаў квантавай і класічнай механікі). Новая тэорыя выступае ў такіх варунках як больш змястоўная і інфарматыўная, яна выяўляе большы тлумачальны патэнцыял, чым папярэдняя. У дачыненні да сучаснай навукі ў якасці дадатковага крытэрыю яе прагрэсу можа служыць таксама развіццё тэхнікі, распрацоўка ўсё больш эфектыўных тэхналогій, бо гэтыя сферы шчыльна звязаныя паміж сабой. Некаторыя філосафы аспрэчваюць, праўда, такую магчымасць, паколькі іх сувязь падаецца ім недастаткова адназначнай, каб забяспечыць крытэрыяльныя функцыі тэхнічнага прагрэсу ў дачыненні да прагрэсу навуковага [66, c. 131-132]. Мяркуючы па ўсім, ён сапраўды не можа выконваць тут ролю асноўнага і непасрэднага крытэрыю, але яго цалкам правамерна разглядаць як дадатковы сродак ідэнтыфікацыі прагрэсіўнага развіцця навукі (асабліва ў сучасных умовах, якія далі падставу для распрацоўкі ідэі тэхнанавукі). Варта адзначыць, што здольнасць навуковага пазнання да прагрэсіўнага развіцця ў немалой ступені абумоўліваецца той яго характарыстыкай, якую выразна выявіў К.Попер у сваёй крытычна-рацыяналістычнай філасофіі. Яе сутнасць – у тым, што “навуковыя тэорыі адрозніваюцца ад міфаў толькі іх даступнасцю крытыцы і адкрытасцю да мадыфікацый у святле гэтай крытыкі” [74, c.7]. Згодна з гэтым аспектам іх натуры навуковыя веды павінны ўвесь час праходзіць самую жорсткую і непрадузятую праверку на іх адпаведнасць рэальнаму стану рэчаў (а таксама крытэрыям прастаты апісання, інфарматыўнасці і г. д).
Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 395; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |