Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Прыродазнаўства і гуманітарыстыка




Такім чынам, у гісторыі чалавецтва назіраецца няспыннае развіццё тэхнікі як складанай, разгалінаванай сістэмы, у якой увасабляецца інструментальны кампанент чалавечай дзейнасці, і няўхільна павышаецца яе роля. Грунтоўнае значэнне для інтэнсіфікацыі тэхнічнага прагрэсу ў Новы і Найноўшы час мае сталае ўзаемадзеянне тэхнікі і навукі, перадумовы для якога былі створаныя рэнесансавай духоўнай рэвалюцыяй і сацыяльнымі рэвалюцыямі XVII-XVIII cтст. Згаданае ўзаемадзеянне грунтуецца на тым, што навука сучаснага тыпу – матэматызаваная, эксперыментальная – змяшчае ў самой сваёй існасці неад’емны, грунтоўны тэхнічны аспект, а сучасная тэхніка мае патрэбу ў навуцы, бо яе развіццё не можа быць ужо забяспечана бессістэмнай вынаходніцкай дзейнасцю. Аднак ні тэхнізацыя навукі, ні сапраўднае прасякненне ёю тэхнікі не могуць разглядацца выключна ў станоўчым святле. Вострыя супярэчнасці і праблемы, што характарызуюць сучасны стан узаемадачыненняў чалавека і прыроды, яскрава сведчаць пра неабходнасць надання гуманістычнага вымярэння ўзаемадзеянню навуковага і тэхнічнага сегментаў культуры.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Сучасны нямецкі філосаф Х.Заксэ вылучае ў працэсе паступальнага гістарычнага развіцця тэхнікі тры асноўныя этапы: этап спажывальнай тэхнікі, характэрнай для дагістарычнай эпохі, этап прадуктыўнай тэхнікі, уласцівай аграрнаму грамадству, і тэхніку, якую выклікала да жыцця індустрыяльная цывілізацыя [40, c.360]. Ахарактарызуйце ў агульным плане і ў плане ўзаемадзеяння навукі і тэхнікі кожны з гэтых этапаў. Як Вы мяркуеце, ці не слушна было б вылучыць у згаданым працэсе таксама этап постіндустрыяльнай тэхнікі? Калі так, дык паспрабуйце выявіць яго адметныя рысы.

2. Наколькі ўдалым Вам падаецца тэрмін “тэхнанавука”? Магчыма, Вы прапанавалі б іншы, які больш адэкватна перадаваў бы спецыфіку ўзаемадачыненняў навукі і тэхнікі ў сучасных умовах?

3. Як суадносяцца паміж сабой, на Вашу думку, тэрміны “тэхнанавука” і “тэхнічныя навукі”?

4. Якімі Вам бачацца шляхі гуманізацыі навукі, тэхнікі і іх узаемадзеяння?

Узнікненне і паспяховае развіццё прыродазнаўства сучаснага тыпу мела трывалы духоўны, культурны падмурак і са свайго боку надзвычай моцна паўплывала на культуру ў цэлым і асабліва на кагнітыўны (пазнавальны) яе сегмент. Першым духоўным феноменам, у якім яно арганічна і поўна ўвасобілася, была класічная механіка. Яе распрацоўка надзвычай пасавала да агульнакультурнага ландшафту ХVІІ-пач. XІХ стст., да настрою думак, ідэалаў і чаканняў, народжаных індустрыяльнай рэвалюцыяй. У такіх умовах згаданы тэарэтычны феномен зрабіўся своеасаблівым узорам навуковасці безадносна да прадметнага і праблемнага поля даследчай дзейнасці, а Н’ютан успрымаўся як новы прарок [75, c.27-28].

Дамінаванне прыродазнаўства (класічнай механікі) у сістэме навуковага пазнання ў Новы час знайшло сваё адлюстраванне і ў філасофіі. Як падкрэслівае Г.-Г.Гадамер, філасофскае асэнсаванне існасці пазнання і высвятленне пытання пра ўмовы праўдзівасці ведаў адбывалася і адбываецца найперш пад вырашальным уплывам прыродазнаўства, што паўстала як вынік навуковай рэвалюцыі XVII ст. [38, c.1]. Дадзеная сітуацыя шмат у чым была абумоўленая дзейнасцю асветнікаў (у першую чаргу Вальтэра [72, c.913]), якія надзвычай высока ацэньвалі н’ютанаўскую механіку і ўспрымалі яе як прыродазнаўчы падмурак сваіх філасофскіх канцэпцый.

Тым не менш панаванне прыродазнаўчых пазнавальных стандартаў у навуковай культуры не было татальным нават у перыяд “трыўмфальнага шэсця” н’ютанаўскай механікі. У пэўных выпадках назіралася памкненне актуалізаваць і сцвердзіць ідэал гуманітарных ведаў, што сягае сваімі каранямі ў антычную эпоху, як неабходнае дапаўненне прыродазнаўчага падыходу. Яскравым прыкладам супраціўлення дыктату ўласцівых для прыродазнаўства сучаснага тыпу прынцыпаў, арыентацый і норм пазнавальнай дзейнасці ў гэты час з’яўляецца творчасць Д.Віка (1668-1744) з характэрнай для яе артыкуляцыяй “памяці”, “фантазіі”, “усеагульнага здаровага сэнсу” як неабходных у пэўным сегменце культурнага жыцця і пазнання альтэрнатыў угрунтаванаму ў прыродазнаўчых навуках тыпу рацыянальнасці [45, c.184].

Увогуле, як мяркуюць гісторыкі навукі, у ХVIII ст. былі зробленыя вырашальныя крокі ў падрыхтоўцы вылучэння гуманітарыстыкі ў адносна самастойны элемент навуковага пазнання. Напачатку ХІХ ст. працэс згаданага вылучэння сталее, разгортваецца, набірае моц: узнікаюць самастойныя гуманітарныя даследчыя кірункі і традыцыі [40, c.416]. У сувязі з гэтым цалкам натуральна паўстала патрэба ў вывучэнні і раскрыцці існасці ўзаемадачыненняў гуманітарных навук і прыродазнаўства. Разам з ёй выразна акрэслілася – надзвычай важная ў кантэксце разумення характару як гуманітарнага, так і прыродазнаўчага пазнання – задача высвятлення іх узаемнай спецыфікі, іх адметнасці.

Адпаведная праблематыка была ўспрынятая як грунтоўная і ў найвышэйшай ступені перспектыўная найперш нямецкім філосафам В.Дзільтэем (1833-1911). В.Дзільтэй імкнуўся разглядаць яе менавіта з пункту гледжання гуманітарыстыкі, кіруючыся ідэалам чалавека як цэласнай у сваёй рознабаковасці істоты – адоранай не толькі розумам з яго лагічнымі аперацыямі і схемамі, але і жаданнямі, воляй, пачуццямі [45, c.361-362]. Філосаф быў перакананы, што праявы і вынікі творчай дзейнасці людзей, разгортвання іх узаемных стасункаў, іх гістарычнага развіцця могуць плённа вывучацца толькі на аснове адмысловай пазнавальнай стратэгіі.

В.Дзільтэй таксама ні на ёту не сумняваўся ў тым, што згаданая стратэгія павінна адрознівацца кардынальным чынам ад сістэмы характэрных для прыродазнаўства метадалагічных ідэалаў, арыенціраў і прынцыпаў. Прыродазнаўчыя навукі выяўляюць уласцівыя прыроднай рэчаіснасці каўзальныя сувязі, фармулююць законы, на якіх яны грунтуюцца і, значыцца, тлумачаць яе. Пагрунтаванае на тэарэтычным валоданні законамі рэчаіснага свету тлумачэнне не можа быць, аднак, плённым у абсягу гуманітарыстыкі, бо гістарычныя падзеі, мастацкія творы ці чалавечыя ўчынкі не могуць быць зведзеныя да законаў, да ўсеагульных і неабходных прычынна-выніковых сувязяў. Таму іх нельга растлумачыць, іх можна толькі зразумець. У якасці гістарычнага падмурку для такога падыходу фігуравала герменеўтычная духоўная традыцыя, кагнітыўныя працэдуры ў рамках якой грунтуюцца менавіта на прынцыпах, ідэалах і мэтах інтэрпрэтацыі і разумення.

Паводле Дзільтэя, разуменне як эфектыўная пазнавальная стратэгія магчымая таму, што ў духоўнай рэчаіснасці, у яе фактах выяўляюцца пэўныя працэсы, аспекты, нюансы ўнутранага духоўнага жыцця індывідаў, пэўныя іх перажыванні. Пры гэтым надзвычай важна, што паміж згаданымі фактамі і іх унутранай духоўнай падставай захоўваецца жывая сувязь. Дзякуючы ёй кожны, хто імкнецца зразумець іх, можа дасягнуць такога разумення праз паўтарэнне звязанага з імі перажывання. Для яго, аднак, дадзенае перажыванне выступае як новае, здольнае пашырыць ягоны духоўны далягляд, што абумоўлівае грунтоўны пазнавальны патэнцыял адпаведных практык.

Гэта з усёй відавочнасцю паказвае, што ў гуманітарным пазнанні ўнутраны свет яго суб’екта павінен быць задзейнічаны напоўніцу, што суб’ектыўная зацікаўленасць, суб’ектыўны ўдзел у прадмеце пазнання выступае як у найвышэйшай ступені запатрабаваны. Іншая рэч – прыродазнаўства, дзе суб’ектыўнае разглядаецца як persona non grata у кагнітыўным працэсе. На навуковым узроўні, у абсягу розных гуманітарных дысцыплін задзейнічаныя, безумоўна, больш складаныя, чым разгледжаная вышэй, герменеўтычныя працэдуры. Дзільтэй меркаваў, аднак, што больш складаныя тыпы разумення грунтуюцца на гэтай простай яго форме і ў канчатковым выніку зводзяцца да яе [41, c.103-104].

Праблема спецыфікі гуманітарнага пазнання і яго размежавання з прыродазнаўчымі навукамі хвалявала ў гэты час таксама філосафаў, якія належалі да т. зв. паўднёва-заходняй (бадэнскай) школы неакантыянства. У выніку адпаведных даследаванняў найбольш вядомы з яе прадстаўнікоў В.Віндэльбанд (1848-1915) прыйшоў да высновы, згодна з якой гуманітарныя навукі маюць ідыяграфічны [17] (ад старажытнагр. ἴδιος – уласны, своеасаблівы і γράφειν – пісаць, апісваць) характар: яны засярджваюцца на непаўторным, індывідуальным, адмысловым. А вось прыродазнаўства характарызуецца як наматэтычны [18] (ад старажытнагр. νομοθέτειν – выдаваць законы, прадпісваць) тып ведаў: яно арыентуецца на выяўленне заканамернага, усеагульнага, універсальнага. Акрамя таго, як сцвярджалі выбітныя прадстаўнікі дадзенага філасофскага кірунку, у абсягу гуманітарнага пазнання (у адрозненне ад прыродазнаўчага) грунтоўнае значэнне мае каштоўнасны аспект: індывідуальнае, асаблівае можа быць вылучана як прадмет навуковага апісання толькі на аснове каштоўнаснага крытэрыю (у іншым выпадку выбар даследчыка будзе мець чыста адвольны характар) [41, c.489].

Неабходна адзначыць, што на грунце выказанай найперш В.Дзільтэем ідэі метадалагічнай самастойнасці гуманітарных навук паўстала надзвычай уплывовая філасофская традыцыя. Разам з тым на яе адрас гучала і гучыць сур’ёзная крытыка: пазітывісцкі ідэал адзінства навуковых стандартаў, пагрунтаванага на нормах і прынцыпах матэматычнага прыродазнаўства, таксама захоўвае сваю прыцягальную сілу. Прыхільнікі гэтага пункту гледжання бачаць у герменеўтыцы “псеўдаметадалогію недакладнай, адсталай, аддадзенай у палон самавольству і спекуляцыі навуковасці, якая павінна быць замененая лагічна-матэматычнай фармалізацыяй, для таго каб т. зв. навукі пра дух (Geisteswissenschaften) узняліся да ўзроўню сур’ёзнай навукі” [40, c.127]. У кантэксце распрацоўкі адзінага, універсальнага ідэалу навуковасці паўстае, аднак, і супрацьлеглая тэндэнцыя – тэндэнцыя, якая характарызуецца памкненнем пагрунтаваць згаданы ідэал якраз на герменеўтычнай метадалогіі. Такая пазіцыя аргументуецца тым, што пытанні, датычныя асноў навук (у тым ліку і матэматызаванага прыродазнаўства) маюць якраз спекулятыўны, недаступны матэматычнай фармалізацыі характар [40, c.127].

Той факт, што ў сучасных умовах назіраюцца працэсы, якія сведчаць пра ўзаемнае збліжэнне гуманітарных і прыродазнаўчых навук, можа разглядацца, натуральна, як важкі аргумент на карысць ідэі адзінства навукі і яе пазнавальных стандартаў. (Гэтаму збліжэнню самым істотным чынам спрыяе, сярод іншага, адзначаная вышэй (1.3) скіраванасць сучаснага прыродазнаўства на распрацоўку сістэмнага бачання прыроды, у рамках якога паўстае новы яе вобраз, блізкі да духоўнага свету чалавека і чалавецтва. Яно абумоўліваецца таксама тым, што асаблівае значэнне ў сучаснай навуцы набывае вывучэнне звышскладаных сістэм, у якія ўключаны сам чалавек. У сувязі з гэтым “трансфармуецца ідэал каштоўнасна нейтральнага даследавання” і ў найвышэйшай ступені значнымі робяцца гуманістыныя нормы і прынцыпы [15, c.631].)

Ва ўсіх выпадках, аднак, наўрад ці правамерна і слушна інтэрпрэтаваць згаданае адзінства так, нібыта яно скасоўвае, сцірае ўсе ўнутрынавуковыя адрозненні і можа фігураваць як падстава для ўніфікацыі навуковых ведаў на той ці іншай метадалагічнай аснове. Яно павінна трактавацца хутчэй як дыялектычнае, канкрэтнае, аплодненае ўнутранай рознасцю і разнастайнасцю. У такім выпадку аддаецца належнае спецыфіцы розных тыпаў ведаў, а таму і адкрываецца магчымасць для іх узаемнага ўзбагачэння праз шчыльнае ўзаемадзеянне, праз раўнапраўны дыялог.

Такім чынам, напачатку Новага часу класічная механіка фігуравала як своеасаблівы узор навуковасці безадносна да прадметнага і праблемнага поля даследчай дзейнасці. Тым не менш панаванне прыродазнаўчых пазнавальных стандартаў у навуковай культуры не было татальным нават у перыяд “трыўмфальнага шэсця” н’ютанаўскай фізікі. У пэўных выпадках (напрыклад, у творчасці Д.Віка) назіралася памкненне актуалізаваць і сцвердзіць ідэал гуманітарных ведаў, што сягае сваімі каранямі ў антычную эпоху, як неабходнае дапаўненне прыродазнаўчага падыходу. У ХVIII ст. былі зроблены вырашальныя крокі ў падрыхтоўцы вылучэння гуманітарыстыкі ў адносна самастойны элемент навуковага пазнання, якое напачатку ХІХ ст. сталее, разгортваецца, набірае моц, так што ўзнікаюць самастойныя гуманітарныя даследчыя кірункі і традыцыі.

У сувязі з гэтым выразна акрэслілася – надзвычай важная ў кантэксце разумення існасці як гуманітарнага, так і прыродазнаўчага пазнання – задача высвятлення іх узаемнай спецыфікі, іх адметнасці. У кантэксце яе вырашэння ў якасці адметнай характарыстыкі гуманітарыстыкі прапаноўвалася разглядаць наяўнасць у ёй такой пазнавальнай стратэгіі як разуменне, што выступае як паўтарэнне перажыванняў, звязаных з чалавечым быццём у свеце, з адпаведнымі падзеямі і працэсамі. У супрацьлегласць гэтаму пазнавальная стратэгія прыродазнаўства характарызавалася як пагрунтаванае на валоданні законамі рэчаіснасці тлумачэнне. Акрамя таго, указвалася на ідыяграфічны (звязаны з апісаннем непаўторнага, адметнага) характар гуманітарных навук, у той час як прыродазнаўства падавалася як наматэтычны (звязаны з заканамерным, усеагульным) тып ведаў.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 444; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.008 сек.