Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Гістарычнае станаўленне фізікі і касмалогіі сучаснага тыпу 1 страница




Такім чынам, на працягу ўсёй сваёй гісторыі чалавецтва імкнулася спасцігнуць існасць прыродных з’яў і працэсаў. У эпоху элінізму, у Сярэднявеччы – у асяродку ісламскай цывілізацыі – спасціжэнне прыроды набліжалася да навуковага ўзроўню ў сучасным яго разуменні. Аднак адпаведным інтэлектуальным намаганням – дастатккова паспяховым і плённым – бракавала трывалага сацыяльнага падмурку, глыбокай грамадскай зацікаўленасці ў няспынным разгортванні даследаванняў, скіраваных на адкрыццё законаў, якім падпарадкоўваюцца прыродныя феномены. Такі падмурак утварыўся толькі ў Новы час, ва ўмовах дынамічнага заходняга грамадства, у якім на пярэдні план выходзіць прагматычная і дзейная асоба. У гэтых умовах і адбылося нараджэнне навукі сучаснага тыпу – у выніку складаных духоўных працэсаў, сярод якіх істотнае значэнне мела плённае ўзаемадзеянне розных пазнавальных праектаў і падыходаў, сінтэзаваных у даследчай дзейнасці Н’ютана. Вынікі гэтай дзейнасці выступаюць як найяскравейшае сведчанне згаданага нараджэння.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Якое значэнне мела (і мае) для развіцця навукі міфалагічна-касмаганічная карціна свету?

2. Правядзіце параўнальны аналіз розных этапаў гістарычнага станаўлення навукі сучаснага тыпу з пункту гледжання тых мэтаў, якімі вызначаўся на іх навуковы пошук.

3. Сучасны французскі філосаф Д.Лекур лічыць выраз “закон прыроды” няўдалым і неадэкватным сутнасці навуковага пазнання. У ім захоўваюцца тэалагічныя канатацыі, бо ён з неабходнасцю вядзе да ўяўлення пра законадаўца [26, c.592-595]. Наколькі ўдалым бачыцца гэты тэрмін Вам? Калі ён падаецца Вам цалкам прымальным, дык як адказалі б Вы на пытанне пра тое, хто ў такім выпадку з’яўляецца заканадаўцам?

4. Як бы Вы адказалі на пытанне пра прычыны таго факта, што навука сучаснага тыпу паўстала менавіта на заходнім культурным абшары?

Як адзначалася вышэй (2.2), першыя крокі ў пазнанні фізічнага Сусвету былі зроблены чалавецтвам у працэсе практычнага яго засваення. Патрэбы вытворчай практыкі стымулявалі першапачатковыя рацыянальныя пошукі, скіраваныя на выяўленне істотных у тым ці іншым кантэксце характарыстык прыродных з’яў і працэсаў. Так, “сувязь размяшчэння сузор’яў з зямным метэаралагічным цыклам выклікала ў эканамічна развітых народаў неабходнасць сістэматызаваць іх назіранні за рухам нябесных аб’ектаў у надзейных каляндарах і стымулявала развіццё сістэмаў лічэння ў розных частках зямнога шара” [34, т.3, с.713].

У папярэднім параграфе ўказвалася таксама і на тое, што ўсеагульны метатэарэтычны каркас першапачатковых навуковых пошукаў утваралі не навуковая карціна свету і не навуковая метадалогія, а міфалагічныя і магічныя ўяўленні. У сувязі з гэтым разнастайныя фізічныя працэсы і з’явы – ад узнікнення Сусвету да атмасферных ападкаў – тлумачыліся воляй і ўчынкамі звышнатуральных істотаў.

На рацыянальную аснову фізічныя даследаванні былі пастаўленыя ў рамках антычнай дасакратычнай натурфіласофіі. Пачынальнікам новага спосабу тэарэтычнага засваення фізічнага Сусвету, як і першым прадстаўніком згаданай вышэй (2.2) Мілецкай школы, з’яўляецца Фалес (каля 624 – каля 546 да н.э.). Пра яго жыццё вядома няшмат, пра яго погляды гісторыкі філасофіі і навукі могуць меркаваць толькі на аснове нешматлікіх сведчанняў іншых антычных аўтараў, найперш Арыстоцеля. Паводле гэтых сведчанняў яго вучэнне грунтавалася на прызнанні вады першапачаткам усяго існага і прынцыпам тлумачэння фізічных з’яў (землятрус, напрыклад, тлумачыўся менавіта рухам вады, на якой трымаецца Зямля, а не воляй Пасейдона). Прыняцце адзінай іманентнай свету першаасновы (калі яна нават у канчатковым выніку і абагаўлялася Фалесам) павінна разглядацца як радыкальная і надзвычай перспектыўная навацыя: была выпрацаваная аснова для тлумачэння прыродных феноменаў, прынцыпова адрознага ад міфалагічных падыходаў, бо ў яго рамках не было ўжо патрэбы ў спасылках на ўчынкі антрапаморфных багоў. Ініцыяваны такім чынам спосаб вывучэння прыроды цалкам заканамерна ўлучаў у сябе ў якасці сваёй інтэгральнай часткі ўласна навуковыя даследаванні. Антычная традыцыя падае Фалеса як вялікага матэматыка і астранома, мяркуючы па ўсім, нярэдка перабольшваючы яго дасягненні на адпаведных пазнавальных кірунках (калі ён, напрыклад, і прадказаў сонечнае зацменне 28 мая 585 г. да н.э., дык гэта была хутчэй за ўсё толькі выпадковая ўдача [43, c.22]). Такім чынам, Фалес стаіць ля вытокаў той інтэлектуальнай традыцыі, якая можа разглядацца як папярэдніца сучаснай навукі.

Працяг яе – і працяг надзвычай паслядоўны і плённы – звязаны з творчасцю Анаксімандра (каля 610 – каля 546 да н.э.). Пра вынікі ягоных даследаванняў вядома значна больш, чым пра тэорыі Фалеса, хоць з напісанага ім захаваўся ўсяго адзін фрагмент (на жаль, толькі фрагмент выказвання). У пошуках першапачатку ўсяго існага Анаксімандр прыйшоў да высновы, што ён не можа быць пэўным элементам – вадой, напрыклад, – бо ў сваёй перавазе ён знішчыў бы астатнія стыхіі. Таму за першааснову ў яго натурфіласофскай канцэпцыі прымаецца апейрон, бясконцы і няпэўны пачатак. Універсум узнік праз вылучэнне з апейрону пэўнага зародка (ці, магчыма, зародкаў, з якіх утварылася шмат універсумаў). Анаксімандр апісаў дадзены працэс у прыродазнаўчых тэрмінах, распрацаваўшы, такім чынам, касмаганічную гіпотэзу, альтэрнатыўную міфалагічным уяўленням. Вылучаны з апейрону зародак падзяліўся на гарачую і халодную часткі. Дынамічная гарачая частка імкнулася да перыферыі і ўтварыла, такім чынам, вогненны шар, які акаляўся халодна-вільготным элементам. У выніку іх узаемадзеяння ўзніклі Зямля і зоркі, якія паўсталі з першапачатковага вогненнага шара, разбітага на часткі імклівымі паветранымі масамі.

Утвораны такім чынам космас Анаксімандр таксама апісвае ў рамках паслядоўна рацыянальнай тэарэтычнай схемы. Зямля, якая мае форму ўсечанага цыліндра, знаходзіцца ў цэнтры Сусвету. Вакол яе рухаюцца па арбітах, што маюць форму акружнасці, зоркі, змушаныя да гэтага касмічным ветрам, выкліканым спароджанай сонечным цяплом вадзяной парай. Адлегласці ад Зямлі да кожнай з акружнасцяў, утвораных нябеснымі аб’ектамі, аднолькавыя, яны аднолькавыя ва ўсе бакі, таму яна застаецца нерухомай і не мае таксама ніякай патрэбы ў знешняй апоры. Анаксімандр быў перакананы таксама, што Сусвет упарадкаваны і ў матэматычным плане, што ў ім пануюць строгія колькасныя суадносіны, якія ён імкнуўся вызначыць. Хоць пры гэтым атрымаліся забаўныя з сучаснага пункту гледжання вынікі[23], сама ідэя матэматычнага падыходу да апісання фізічнага Сусвету ацэньваецца ў філасофскай і гістарычнай літаратуры надзвычай высока, як і ўся даследчая дзейнасць Анаксімандра.

Ідэнтычны дзвюм папярэднім канцэпцыям характар маюць і тэарэтычныя пабудовы трэцяга прадстаўніка мілецкай школы Анаксімена (каля 588 – каля 525 да н.э.). Першаасновай усяго існага ён лічыў паветра, праз рух якога ўтвараецца космас, а праз згушчэнне і разрэджанне – іншыя стыхіі. Як і ў ягоных папярэднікаў, пошукі іманентнага першапачатку рэчаіснасці суправаджаюцца ў яго інтэнсіўнымі прыродазнаўчымі даследаваннямі (астранамічнымі, метэаралагічнымі і інш.).

Філасофія дасакратыкаў, як і антычная філасофія ўвогуле, можа разглядацца як своеасаблівая творчая лабараторыя, у якой былі адпрацаваныя самыя розныя мадэлі і падыходы да вывучэння фізічнага Сусвету, важныя для будучага развіцця навукі і запатрабаныя ў ім. Так, перакананне піфагарэйцаў, што існасць усяго рэчаіснага складаюць лікі і, значыцца, што апошняе, найглыбейшае тлумачэнне (фізічнай) рэчаіснасці дае матэматыка, заўжды знаходзіла водгук “у сучаснай фізіцы і асабліва ў развіцці рацыянальнай механікі” [33, c.5]. Супрацьстаянне статычнай і дынамічнай мадэляў рэчаіснасці, распрацаванае адпаведна элеатамі[24] і Гераклітам (каля 540 – каля 480 да н. э.), мае істотнае значэнне для сучаснасці, бо “абодва моманты, зменлівасць і нязменнасць, яшчэ і сёння ўтвараюць аснову прыродазнаўчага спасціжэння матэрыі” [46, т.1, с.607]. Так, без моманту зменлівасці было б немагчымым правядзенне эксперыментаў, а момант нязменнасці дазваляе фармуляваць законы, у якіх падсумоўваюцца вынікі эксперыментальных даследаванняў [46, т.1, с.607-608]. Акрамя таго, супрацьстаянне дынамічнай і статычнай мадэляў Сусвету выявілася як у найвышэйшай ступені актуальнае ў кантэксце распрацоўкі сучаснай касмалогіі (дастаткова ўзгадаць, якое месца яно займала ў касмалагічных пошуках А.Эйнштэйна [18, c.78]).

Спроба пасярэднічаць паміж элеатамі і Гераклітам, прадпрынятая пачынальнікамі атамістычнага вучэння, прывяла да новай калізіі, да сутыкнення пагрунтаванага на прынцыпе дыскрэтнасці апісання фізічнай рэальнасці і яе разгляду згодна з ідэяй абсалютнай гамагеннасці, непадзельнасці, бесперапыннасці. Як вядома, падобнай калізіі было наканавана выканаць выдатную ролю ў працэсе распрацоўкі квантавай механікі, у даследаваннях фізікаў, якія ў ім удзельнічалі. Яскравы прыклад таму – пошукі Э.Шродзінгера, навуковы даробак якога можа быць абагульнена ахарактарызаваны як пэўны адказ на пытанне пра суадносіны кантынуўму (бесперапынных уласцівасцяў рэчаіснасці) і дыскатынуўму (уласцівасцяў дыскрэтных) [22, c.1109].

Ідэя гамагеннасці і бесперапыннасці Сусвету распрацоўвалася элеатамі. Згодна з уяўленнямі Парменіда (каля 540-480 да н.э.), найважнейшага прадстаўніка гэтай школы, рэчаіснасць у сапраўднасці з’яўляецца нязменнай і недыферэнцыраванай сферай. Узнікненне і разбурэнне, механічны рух, асіметрыя і наяўнасць складаных структур разглядаюцца ім як ілюзіі, неабходным чынам звязаныя з пачуццёвым досведам, адзначаным пячаткай слабасці і недастатковасці, адсунутым на другі план усемагутным розумам. Дадзенае вучэнне выглядае правакацыйным, і, магчыма, менавіта таму яно моцна паўплывала на далейшае разгортванне антычнай філасофскай думкі, у тым ліку і яе натурфіласофскага кірунку.

Прынцып дыскрэтнасці ў апісанні фізічнай рэальнасці быў прапанаваны ў рамках атамістычнай традыцыі, ля вытокаў якой стаяць Леўкіп (5 ст. да н. э.) і Дэмакрыт (470 – 360 да н.э.)[25]. Дадзенай традыцыі належыць асаблівае месца ў гісторыі філасофіі і навукі. Ідэя, паводле якой усе рэчы складаюцца з нябачных непадзельных часцінак, нешматлікімі характарыстыкамі якіх (формай, памерамі, рухомасцю, спосабам сувязі) тлумачацца ўласцівасці іх бачных кангламератаў, нясе ў сабе каласальны пазнавальны патэнцыял. Гэта выявілася ўжо ў першапачатковым натурфіласофскім атамістычным праекце, які мае дастаткова звязны, лагічны, паслядоўны характар. Праўда, не стэрыльна лагічны, як у элеатаў: атамісты дапусцілі існаванне пустой прасторы, якая разглядалася ў Антычнасці як умова магчымасці руху. Дапушчэнне, згодна з якім нішто існуе, дазваляла, такім чынам, улучыць у тэарэтычнае апісанне фізічнай рэальнасці момант зменлівасці і спасцігнуць рэальнасць у адзінстве рухомасці і стабільнасці. Уласцівасць яе стабільнасці ўвасаблялася ў вечных і нязменных атамах, безліч якіх рухаецца у бясконцай пустой прасторы. Рухам і ўзаемадзеяннем атамаў тлумачыліся ўсе фізічныя падзеі: узнікненне і разбурэнне шматлікіх універсумаў, а таксама разнастайныя працэсы, што ў іх адбываюцца. Атамісты прапанавалі, такім чынам, натурфіласофскую канцэпцыю, вытрыманую ў рэчышчы паслядоўнага дэтэрмінізму. Дэтэрміністычны падыход грунтуецца на ўяўленні пра абумоўленасць падзей, што адбываюцца ў рэчаіснасці, іншымі рэчаіснымі падзеямі. Ён мае каласальнае значэнне ў навуковым пазнанні, і таму цалкам правамерна весці гаворку пра вялікую гістарычную заслугу Леўкіпа і Дэмакрыта ў справе яго развіцця.

Строгі, механістычны атамізм Дэмакрыта не здолеў, аднак, перамагчы ў барацьбе ідэй, што адбывалася ў антычнай філасофскай культуры. Яго час яшчэ не прыйшоў, ён заставаўся надта далёкім ад досведу і не існавала яшчэ ніякай магчымасці здзейсніць яго эмпірычную праверку. Сярод прычын нязначнай папулярнасці атамістычнага вучэння ў Антычнасці гісторыкі філасофіі асаблівае значэнне надаюць таксама адсутнасці ў ім ідэі першапачатковага, грунтоўнага парадку. Дэмакрыт імкнуўся, праўда, знайсці колькаснае тлумачэнне для ўпарадкаванасці макраз’яў, але не на ўзроўні атамаў і іх руху, які ён пакідаў няўпарадкаваным [46, т.1, c.608]. Тым не менш атамізм не сышоў у нябыт, не знік з духоўнага жыцця Антычнасці: запачаткаваная Леўкіпам і Дэмакрытам традыцыя была падтрыманая Эпікурам (341 – 271 да н. э.) і Лукрэцыям Карам (каля 96 – 55 да н.э.). Яна ўзаемадзейнічала з іншымі філасофскімі традыцыямі, уплывала на іх, зведваючы іх зваротны ўплыў. У філасофскіх пошуках Сярэднявечча, аднак, назіраюцца толькі ўскосныя яе праявы, якія тым не менш паспрыялі, як будзе падкрэслена ніжэй (2.4), звароту рэнесансавай натурфіласофіі да пастаўленых атамістамі пытанняў і распрацаваных імі інтэлектуальных стратэгій іх рашэння.

Цалкам і поўнасцю свой плённы характар атамізм прадэманстраваў толькі ў Новы час, з узнікненнем навукі сучаснага тыпу. Антычнасць і Сярэднявечча аддалі перавагу больш блізкаму да досведу і адпаведнаму ўзроўню яго тагачаснага развіцця вучэнню, у якім артыкуляваліся якасныя адрозненні паміж рэчамі, – вучэнню пра чатыры стыхіі. Яно таксама ўзнікла са спробы прымірыць натурфіласофскія канцэпцыі элеатаў і Геракліта, прадпрынятай Эмпедоклам (каля 495 – каля 435 да н.э.), які даводзіў, што зямля, вада, паветра і агонь з’яўляюцца першаэлементамі ўсіх рэчаў. Ва ўзаемаадносінах паміж элементамі пануе “любоў” або “нянавісць”, чаргаваннем якіх абумоўленыя цыклічныя змены глабальнага стану фізічнай рэальнасці, а таксама ўсе тыя працэсы, што ў ёй адбываюцца.

Ідэя чатырох першаэлементаў дамінавала ў заходняй філасофіі і навуцы да пачатку Новага часу. Яна была ўспрынятая найвялікшымі філосафамі Антычнасці – Платонам (427-347 да н.э.) і Арыстоцелем (384-322 да н.э.), якія пераасэнсавалі і значна ўзбагацілі яе. У Платона яна спалучаецца з вучэннем, якое можна ахарактарызаваць як матэматызаваны (геаметрызаваны) атамізм. Кожная са стыхій складаецца, на яго думку, з элементарных шматграннікаў пэўнага тыпу (вада з тэтраэдраў, зямля з кубаў, паветра з актаэдраў, агонь з ікасаэдраў). Аснову ўласцівага макрасвету парадку філосаф шукае, такім чынам, у матэматычнай, геаметрычнай упарадкаванасці мікраўзроўню фізічнай рэчаіснасці [46, т.1, c.608]. Дадзены аспект натурфіласофскай канцэпцыі Платона, увогуле прызнанне ім наяўнасці матэматычнага парадку ў прыродзе звярнулі на сябе ўвагу філосафаў і гісторыкаў навукі. Яны падкрэсліваюць пры гэтым перспектыўны і плённы (з пазіцый сучаснай матэматыкі і матэматычнай фізікі) характар такога погляду на рэчы [33, c.10].

Што да значэння платонаўскай філасофіі і касмалогіі ў цэлым для развіцця навукі, дык яму даюцца досыць неадназначныя ацэнкі. У крытычных водгуках падкрэсліваецца, што, нягледзячы на станоўчую ролю ў гэтым плане згаданага матэматычнага аспекта натурфіласофіі Платона, у канчатковым выніку яе ўплыў на навуковае пазнанне меў хутчэй характар перашкоды, чым спрыяння [78, c.135]. Дадзеная выснова абгрунтоўваецца адсутнасцю ў яго астранамічных уяўленнях новых канцэптуальных падыходаў, новай тэорыі ўніверсуму [78, c. 134], а таксама тым, што Платон “ні на ёту не паспрыяў прагрэсу эксперыментальнай навукі; на самай справе ён зняважліва ставіўся да яе” [78, c. 135]. Ацэнкі захопленага платонаўскай філасофіяй В.Гейзенберга маюць, натуральна, супрацьлеглы характар. Выдатны фізік адводзіў ёй найважнейшае месца ў сістэме філасофскіх асноў сучаснага прыродазнаўства. Грунтуючыся на платонаўскай тэорыі ідэй як першавобразаў пачуццёвых рэчаў, напрыклад, ён зазначыў, што элементарныя часціцы ўяўляюць сабой “правобразы, ідэі матэрыі”. І следам дадаў, пашырыўшы сферу ўжывання прынцыпаў згаданай тэорыі на біялогію: “Нуклеінавая кіслата – гэта ідэя жыцця” [44, c.326].

Фізіцы і касмалогіі Арыстоцеля, які быў вучнем Платона, належыць асаблівае месца ў антычнай інтэлектуальнай спадчыне: да эпохі Адраджэння ўвасобленая ў іх карціна свету дамінавала ў заходняй культуры і вызначала духоўныя пошукі, што вяліся ў яе абсягу. Грунтоўны, прынцыповы момант арыстоцелеўскай філасофіі ўвогуле і яе натурфіласофскага сегменту ў прыватнасці – гэта прызнанне ўнутранай прысутнасці існасці (формы) рэчы ў самой рэчы.[26] Кожны рэальны прадмет узнікае з матэрыі, калі яна атрымлівае пэўную форму, магчымасць якой яна ў сабе нясе.

Пры гэтым патрэбна мець на ўвазе, што рэчаіснасць, на думку Арыстоцеля, мае іерархічнае ўладкаванне: пэўным чынам аформленыя ўтварэнні больш глыбокага ўзроўню з’яўляюцца матэрыяльнай асновай для прадметаў, што належаць да наступнай ступені дадзенай іерархіі. Найглыбейшы яе ўзровень утвараецца першаматэрыяй, якую ў сувязі з гэтым неабходна разглядаць як абсалютна неарганізаваную і бесструктурную. У якасці адпаведных формаў фігуруюць чатыры якасці: цёплае і халоднае, сырое і сухое. Праз спалучэнне першаматэрыі з гэтымі элементарнымі формамі паўстаюць чатыры стыхіі, якім Эмпедокл надаў статус першапачаткаў усяго існага. У выніку зямля ўтвараецца праз узаемадзеянне халодага і сухога, вада – халоднага і сырога, паветра – гарачага і сырога, агонь – гарачага і сухога. Чатыры стыхіі з’яўляюцца матэрыяй для аднародных утварэнняў, кшталту золата: яны аднолькавыя ва ўсіх сваіх частках. Аднародныя ўтварэнні, у сваю чаргу, выступаюць як матэрыяльная аснова неаднародных, такіх, напрыклад, як ворганы жывых арганізмаў. І аднародныя, і неаднародныя ўтварэнні фігуруюць у якасці матэрыі для адушаўлёных жывых істотаў. На кожнай новай ступені да прадмета, што выконвае функцыі матэрыі, дадаецца новая форма.

Ідэя чатырох стыхій мае грунтоўнае значэнне ў арыстоцелеўскай механіцы[27]. Асаблівасці механічнага руху розных аб’ектаў вытлумачваліся ў ёй іх матэрыяльным складам, дамінаваннем у ім той ці іншай стыхіі. Надзвычай важным у дадзенай сувязі з’яўляецца таксама палажэнне пра якасную неаднароднасць прасторы: Арыстоцель лічыў, што для рознага тыпу аб’ектаў існуюць адпаведныя іх складу прывілеяваныя кірункі руху. Гэтыя кірункі вызначаюцца наяўнасцю ў прасторы натуральных месцаў для ўсіх рэчаў. Таму адпаведна скіраваны рух характарызуецца філосафам як натуральны (неабходна, аднак, мець на ўвазе, што гэта не адзіная яго разнавіднасць). Калі ў складзе рэчаў дамінуюць цяжкія стыхіі (зямля ці вада), дык іх рух натуральным чынам скіраваны ўніз. Гэта выклікана тым, што натуральным месцам для аб’ектаў, у якіх пераважае зямны кампанент, з’яўляецца цэнтр Зямлі, а для рэчаў, што складаюцца найперш з вады, – яе паверхня. Калі, наадварот, пераважным субстратам тых ці іншых рэчаў з’яўляюцца лёгкія стыхіі (паветра ці агонь), дык яны натуральным чынам рухаюцца ўверх, бо іх натуральныя месцы размешчаны па-над Зямлёй.

Для таго каб пэўнае цела рухалася ў кірунку, адрозным ад натуральнага, на яго павінна ўздзейнічаць адпаведным чынам скіраваная сіла. Пры гэтым згаданай сіле патрэбна надаць велічыню, дастатковую для таго, каб пераадолець супраціўленне асяроддзя, у якім аб’ект знаходзіцца і прыводзіцца ў рух (згодна з яго характарам названы філосафам змушаным). Надзвычай важна, аднак, што, на думку Арыстоцеля, наяўнасць непасрэднага і бесперапыннага ўздзеяння на фізічны аб’ект з’яўляецца неабходнай умовай усякага яго руху, у тым ліку і натуральнага. Пытанне пра тое, што ўздзейнічае на пэўную стыхію ці на цела, у складзе якога яна дамінуе, у апошнім выпадку, выклікала ў філосафа сур’ёзныя цяжкасці. Сутнасць прапанаванага ім адказу – у пастуляванні іманентнай, адпачаткова ўласцівай кожнай стыхіі тэндэнцыі (ці мэты) рухацца да свайго натуральнага месца. Такім чынам, ён не знайшоў іншага выйсця ў дадзенай сітуацыі, як звярнуцца да тэлеалагічнага прынцыпу.

Тэрмін “ тэлеалогія ” (ад гр. τέλος – мэта) абазначае спосаб тэарэтычнага засваення рэчаіснасці, пры якім рэальныя з’явы і працэсы разглядаюцца з пункту гледжання ўласцівай ім мэты. Хоць ён быў уведзены ў ХVIII ст. (нямецкім філосафам К.Вольфам (1679-1754)), па сутнасці адпаведны падыход быў распрацаваны ў першую чаргу Арыстоцелем. Сярэднявечная філасофія і навука не толькі ўспрыняла яго, але і надала яму ўніверсальнае значэнне, што цалкам зразумела, бо ён самым простым і натуральным чынам атрымлівае тэалагічную інтэрпрэтацыю. Але эмансіпацыя навукі ў Новы час стварыла ўмовы для іншых інтэпрэтацыйных стратэгій. Мэта, што прыпісваецца прыродным рэчам, феноменам і працэсам, зусім не абавязкова павінна разглядацца як сапраўды прысутная ў іх. У такім выпадку тэлеалагічны прынцып набывае чыста эўрыстычны характар: у ім бачыцца спосаб стварэння тэарэтычных мадэляў рэчаісных працэсаў і не болей (падобную пазіцыю займаў І.Кант [46, т.10, с.971]).

З істотнымі цяжкасцямі Арыстоцель сутыкнуўся таксама ў працэсе аналізу свабоднага падзення і руху кінутага цела. У першым выпадку ён меркаваў, што сілай, якая рухае аб’ект, з’яўляецца яго вага і што ў залежнасці ад яе розныя аб’екты падаюць хутчэй ці павольней. Пры гэтым ён фактычна не растлумачыў феномен паскарэння, уласцівы для дадзенай разнавіднасці руху[28]. Хуткасць падзення цела залежыць, як лічыў філосаф, таксама ад характарыстык асяроддзя, у якім працэс адбываецца і якое выконвае функцыю яго стрымання, прытарможвання. А вось у выпадку змушанага руху кінутага цела асяроддзю надавалася як функцыя яго стрымання, так і падтрымання (ніякім іншым чынам Стагірыт[29] не мог растлумачыць, чаму аб’ект працягвае рухаецца пасля спынення непасрэднага ўздзеяння рукі таго, хто яго кінуў). Здзейснены Арыстоцелем аналіз дадзенай сітуацыі, не пазбавіў яе ад налёту парадаксальнасці, на якую звярнулі ўвагу некаторыя з сярэднявечных даследчыкаў яго тэарэтычнай спадчыны.

Тое значэнне, што ў арыстоцелеўскай тэорыі механічнага руху надаецца асяроддзю, у якім ён адбываецца, робіць натуральным і зразумелым непрыняцце філосафам выказанай атамістамі тэзы пра пустую прастору. Ён перакананы, што пустата ні ў якім разе не з’яўляецца неабходнай умовай магчымасці перамяшчэння матэрыяльных аб’ектаў. З адпаведнага дапушчэння вынікаюць, на яго думку, істотныя супярэчнасці. Так, уздзеянне, якое мае пэўную велічыню, не зведваючы ніякага супраціўлення, выклікала б у рэшце рэшт бясконца вялікую хуткасць. Сярод непрымальных вынікаў згаданага дапушчэння Арыстоцель указаў і феномен інерцыі: рух у пустаце мусіў бы доўжыцца бясконца, бо ў такіх умовах няма нічога, што магло б спыніць яго. Такім чынам, філосаф наблізіўся да яснага і выразнага разумення прынцыпу, які належыць да найгрунтоўнейшых у механіцы сучаснага тыпу, надаўшы яму пры гэтым статус недарэчнасці!

Прааналізаваную вышэй тэорыю механічнага руху Арыстоцель разглядаў як значную толькі ў дачыненні да зямнога (падмесячнага) свету, зямных працэсаў і аб’ектаў. Ён лічыў, што надмесячны свет адрозніваецца ад зямнога ва ўсіх адносінах: матэрыяльным субстратам і спосабам існавання адпаведных аб’ектаў, ступенню ўпарадкавання, характарам руху і фактараў, што яго спараджаюць. Дадзеная акалічнасць дае падставы для высновы пра непаслядоўнасць ягоных спробаў пераадолець дуалізм платонаўскага мыслення, які быў прадметам яго вострай крытыкі. Такая выснова выглядае тым больш апраўданай, калі ўлічыць, што ролю першарухавіка Сусвету ў арыстоцелеўскай касмалогіі выконвае Бог, які знаходзіцца па-за яго межамі, сам застаецца нерухомым і непасрэдна не ўмешваецца ў падзеі, што адбываюцца ў ім.

Космас Арыстоцеля – гэта сістэма гомацэнтрычных цвёрдых сфер, да якіх прымацаваныя нябесныя аб’екты. Дадзеная ідэя належала не яму, ён успрыняў яе ад Эўдокса з Кніда (каля 390 – каля 340 г. да н.э.) і Каліпа з Кізіка (каля 370 – каля 300 г. да н.э.). Стагірыт не толькі развіў і ўдасканаліў прапанаваныя імі матэматычныя планетарныя мадэлі, якія на ёй грунтаваліся. Ён змяніў іх характар, стварыўшы на іх аснове касмалагічную мадэль, што мела на мэце фізічнае тлумачэнне рэальнага руху касмічных аб’ектаў. Як і большасць іншых антычных філосафаў і астраномаў, Арыстоцель аддаваў перавагу геацэнтрызму. Ён сур’ёзна вывучаў, аднак, і прапанаваную піфагарэйцам Філалаем (каля 470 – каля 385 г. да н.э.) ідэю рухомай Зямлі: Зямля, як і іншыя касмічныя аб’екты рухаюцца вакол гіпатэтычнага цэнтральнага агню. Дадзеная ідэя не задаволіла яго, ён прыйшоў да высновы, што і з фізічнымі прынцыпамі, і з назіраннямі найлепш стасуецца геацэнтрычная касмалагічная мадэль. Такім чынам, у цэнтры сферычнага арыстоцелеўскага Сусвету месціцца нерухомая сферычная Зямля[30].

Арыстоцель прыняў таксама адзначанае вышэй як набытак антычнай культуры ўяўленне пра космас як гарманічнае, упарадкаванае ўтварэнне. У яго, як і ў Платона, космас жывы, дасканалы, добры і боскі, хоць і не створаны Богам. Ён вечны, і Бог толькі ўпарадкаваў яго ў найвышэйшай ступені вытанчаным спосабам [46, т.4, с.1170-1171]. Пры гэтым ні ў якім разе нельга пакінуць па-за ўвагай адзначаную вышэй акалічнасць: дасканаласць касмічнага выступае ў Арыстоцеля як татальная антытэза неўпарадкаванасці зямнога. Па-першае, утвораныя з вытанчанага, непадуладнага псаванню рэчыва (эфіру) касмічныя аб’екты вечна застаюцца нязменнымі, у той час як зямным рэчам, субстратам якіх з’яўляюцца чатыры вядомыя стыхіі, наканавана ўзнікнуць і сыйсці ў нябыт. Па-другое, калі для касмічнага руху (ён таксама разглядаецца Арыстоцелем як натуральны) характэрныя дасканалыя арбіты ў выглядзе акружнасці, дык у падмесячным свеце дамінуюць прамалінейныя, абмежаваныя ў прасторы і часе перамяшчэнні ў супрацьлеглых кірунках. Па-трэцяе, сілы, што змушаюць рухацца касмічныя аб’екты, маюць найперш духоўную прыроду, а ў падмесячным свеце яны маюць разнастайны характар, і толькі ў жывых істотаў адпаведную ролю выконвае душа.

Неабходна адзначыць, што вечны Сусвет Арыстоцеля не з’яўляецца бясконцым з пункту гледжання прасторы. Ідэя бясконцага ўніверсуму (як і ідэя касмічнай множнасці, варыятыўнасці – і ў прасторы, і ў часе) падавалася яму няўцямнай, і таму ён адхіляў яе. За апошняй нябеснай сферай няма ні рэчаў, ні прасторы; там знаходзіцца Бог.

Як было падкрэслена вышэй, фізіка і касмалогія Арыстоцеля на працягу наступных ледзь не дзвюх тысяч гадоў дамінавалі ў заходняй навуцы[31]. Разам з імі дамінавалі і зрэалізаваныя ў іх праграмныя, метадалагічныя арыенціры: прыярытэт пытання “чаму?” і другасная роля пытання “як?” у навуковых даследаннях рэчаіснасці; іх скіраванасць на выяўленне якасных адрозненняў паміж рэчамі як асновы для тлумачэння іх паводзінаў. У сучаснай навуцы, як будзе паказана ніжэй, даследчыя стратэгіі маюць супрацьлеглы характар. І, магчыма, менавіта таму, яе прадстаўнікі нярэдка бачылі і бачаць арыстоцелеўскую фізіку ў негатыўным святле. C.Хокінг і Л.Млодзінаў, напрыклад, абвінавачваюць філосафа ў прыхоўванні нязручных для яго фактаў, у тым, што ён засяроджваўся на прычынах падзей, а іх дакладнаму апісанню надаваў адносна невялікую ўвагу [43, c.27]. Падсумоўваючы свой разгляд арыстоцелеўскай фізікі, яны падкрэсліваюць таксама, што нярэдка яна была не надта здольнай рабіць абгрунтаваныя навуковыя прадказанні [43, c.28].

Разам з тым фізічныя і касмалагічныя тэорыі Арыстоцеля атрымліваюць у шмат якіх з прысвечаных ім філасофскіх і гістарычных прац высокую (нават вельмі высокую) ацэнку [78, c.146]. Сапраўды, геніяльнай вынаходлівасці Стагірыта ў тлумачэнні фізічнага ўніверсуму варта аддаць належнае, як варта пагадзіцца і з тым, што распрацаваная ім карціна свету не адпавядала практычным патрэбам і запытам сучаснага яму грамадства, а таксама руціннай практыцы антычных астраномаў.

Задача дастасавання геацэнтрычнай мадэлі Сусвету да патрабаванняў практыкі была вырашаная прадстаўнікамі вытанчанай, высокаматэматызаванай александрыйскай навукі[32], і ў першую чаргу Клаўдзіем Пталемеем (каля 87 – каля 165). Абапіраючыся на знаходкі сваіх папярэднікаў, ён стварыў “сапраўдны шэдэўр матэматычнага мастацтва” [78, c.177]. Ягоны варыянт геацэнтрычнай мадэлі, які геаметрычнай мовай апісваў рух касмічных аб’ектаў, дазваляў рабіць астранамічныя прадказанні і служыў эфектыўным сродкам для рашэння канкрэтных практычных задач. Пры гэтым – дзякуючы вытанчанаму геаметрычнаму інструментарыю, дзякуючы ўвядзенню фіктыўных цэнтраў вярчэння касмічных сфер – у ім захоўваліся грунтоўныя ўяўленні антычнай карціны свету, уяўленні пра нязменны, раўнамерны рух нябесных целаў і пра яго дасканалыя цыркулярныя траекторыі.

Нельга не адзначыць, што ў рамках эліністычнай навукі была прапанаваная і альтэрнатыўная геацэнтрычнай геліяцэнтрычная касмалагічная мадэль. Заслуга яе распрацоўкі належыць Арыстарху з Самаса (каля 310 – каля 230 да н.э.). Арыстарх імкнуўся вызначыць памеры Сонца і Месяца, а таксама адлегласці ад іх да Зямлі. Хоць вынікі, атрыманыя ім, былі далёкія ад дакладных, ён выявіў тым не менш, што Сонца мае большыя памеры, чым Зямля. Адсюль ён зрабіў выснову пра рух Зямлі вакол Сонца і пра яго цэнтральнае становішча ў Сусвеце. Сапраўды, хіба не лагічна, што меншы аб’ект рухаецца вакол большага і таму павінен саступіць яму статус касмічнага цэнтра? Арыстарх даводзіў таксама, што Зямля рухаецца не толькі вакол Сонца, але і вакол сваёй восі[33].

Прапанаваная Арыстархам геліяцэнтрычная мадэль Сусвету не здолела перамагчы ў спаборніцтве з прынцыпам геацэнтрызму. Яна сутыкнулася з пярэчаннямі і навуковага, і пазанавуковага характару. У навуковым плане яе абвінавачвалі ў неадпаведнасці назіранням: рух Зямлі вакол Сонца мусіў выклікаць у дачыненні да яе невялікае зрушэнне становішча нерухомых зорак. Дадзены эфект, аднак, не назіраўся (што Арыстарх цалкам справядліва тлумачыў каласальнай іх аддаленасцю ад нашай планеты). Пазанавуковыя падставы непрыняцця геліяцэнтрычнага прынцыпу ў антычным свеце былі звязаныя, па-першае, з укаранёнымі ў геацэнтрызме стэрэатыпамі паўсядзённага досведу, а па-другое, з геацэнтрычным светабачаннем шчыльна звязана ўяўленне пра цэнтральнае становішча ў Сусвеце назіральніка, які знаходзіцца на Зямлі, г. зн. чалавека і чалавецтва. Свет выбудоўваецца вакол яго, і гэта істотным чынам сілкуе яго веру і надзею, што ўсё адбываецца дзеля яго. Жыць у такім Сусвеце значна больш утульна ў псіхалагічных адносінах (хоць зусім не абавязкова, каб дадзенае адчуванне ўсведамлялася ў выразнай форме). Геліяцэнтрызм нясе ў сабе істотны праблемны патэнцыял у гэтым плане, і ў эпоху Антычнасці (як і Сярэднявечча) чалавецтва, магчыма, было яшчэ не ў стане справіцца з адпаведнымі праблемамі. Па-трэцяе, геліяцэнтрычная мадэль разыходзілася з рэлігійнымі ўяўленнямі грэкаў, у сувязі з чым сучаснікі Арыстарха абвінавачвалі яго ў блюзнерстве [58, c.97]. Дадзеныя абвінавачванні, аднак, не пацягнулі за сабой яго пераследу і трагічных наступстваў, як неаднаразова здаралася ў выпадку падобных калізій [26, c.480]. Са смерцю Арыстарха прапанаваная ім тэорыя ціха знікла з культурнага жыцця і была надоўга забытая.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-10-31; Просмотров: 467; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.008 сек.